палітычнае аб’яднанне стараж.-грэч. полісаў Пелапанеса. Створаны каля 280 да нашай эры для барацьбы з Македоніяй і Эталійскім саюзам за гегемонію ў Грэцыі. У 2-й пал. 3 ст. да нашай эры ў саюз уваходзіла каля 60 полісаў. У Ахейскім саюзе было агульнасаюзнае грамадзянства, ён чаканіў сваю манету, меў адзіную сістэму мер і вагі. Вышэйшым органам улады быў сход саюзных грамадзян, які збіраўся 2 разы на год у Эгіёне. Выканаўчую ўладу ўзначальваў стратэг. У 221 да нашай эры саюз трапіў пад уплыў Македоніі. Пасля вайны Рыма з Македоніяй (200—197 да нашай эры) алігархі Ахейскага саюза сталі арыентавацца на Рым. Ахейскі саюз распаўся пасля задушэння антырым. паўстання 146 да нашай эры Яго тэрыторыя ўвайшла ў рым. правінцыю Ахая.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АШМЯ́НКА,
рака ў Беларусі, у Ашмянскім, Смаргонскім і Астравецкім р-нах Гродзенскай вобл., левы прыток Віліі. Даўж. 105 км. Пл. вадазбору 1490 км². Пачынаецца каляв. Мураваная Ашмянка Ашмянскага р-на, у вярхоўі цячэ па цэнтр. частцы Ашмянскага узв., у сярэднім і ніжнім цячэнні па Нарачанка-Вілейскай нізіне. Асн. прытокі: Гаружанка, Панарка, Сікуня, Сікунка (справа), Лоша, Кернава (злева).
Даліна выразная, трапецападобная, шыр. 1—1,5 км. Схілы стромкія і абрывістыя, слабапарэзаныя, выш. 14—18 м. Пойма роўная, перасечаная, шыр. 200—300 м. Рэчышча звілістае, месцамі моцназвілістае. Берагі стромкія, абрывістыя, у ніжнім цячэнні зараслі хмызняком. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 13,4 м³/с. Замярзае ў сярэдзіне снеж., крыгалом у канцы сакавіка. На рацэ Рачунскае вадасх., каляв. Харанжышкі сажалка. У пойме меліярац. каналы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БААЛЬБЕ́К (стараж.Геліопаль),
горад у Ліване, у даліне Бекаа. Упершыню ўпамінаецца ў 14 ст. да нашай эры
Захаваліся руіны грандыёзнага храмавага ансамбля рым. часу (1—3 ст.). Велічныя прапілеі з 12-калонным порцікам і 2-павярховымі квадратнымі вежамі па баках вялі ў шасцівугольны двор, за якім размяшчаўся вял. прамавугольны двор (раскопкамі адкрыты рэшткі вял. будынка алтара). Манументальныя ўсходы вялі ў Вял. храм, ці т.зв. храм Юпітэра, каля яго добра захаваны Малы храм, ці т.зв. храм Вакха або Меркурыя; каля прапілеяў стаяў т.зв. храм Венеры. У 13 ст.тэр. ансамбля была ператворана ў крэпасць (рэшткі сцен, вежаў). На У ад прапілеяў — руіны Вял. мячэці і мінарэта.
Літ.:
Jidejian N. Baalbek: Heliopolis, city of the sun. Beirut, 1975.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛАДУ́Н, грыжная трава (Herniaria),
род кветкавых раслін сям. гваздзіковых. Каля 30 відаў. Пашыраны ў Еўропе, Паўн. і Паўд. Афрыцы, Зах. Азіі, пераважна ў Міжземнамор’і. У Беларусі ўсюды трапляецца гладун гладкі (H. glabra) і зрэдку, пераважна ў паўд. раёнах, гладун мнагашлюбны (H. polygama). Растуць на сухіх грунтавых, пераважна пясчаных агаленнях, на пустках, папарах, каля дарог.
Адна-, двух- і шматгадовыя травяністыя расліны з кароткім галінастым распасцёртым сцяблом даўж. 5—20 см, прыціснутым да зямлі накшталт разеткі. Лісце прадаўгавата-эліптычнае. Кветкі дробныя, непрыкметныя, двух- ці аднаполыя, жаўтавата-зялёныя або белыя ў пазухах верхняга лісця. Плод — шарападобны аднанасенны арэшак. Лек. (мачагонны і вяжучы сродак), дэкар., кармавыя і інсектыцыдныя расліны. Маюць пахучае рэчыва кумарын, сапаніны. Ядавітыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАМФАЦЫМБЕ́ЛА (Gomphocymbella),
род дыятомавых водарасцейсям. гамфацымбелавых. 2 віды. Гамфацымбела выгнутая (G. ancyli) — рэліктавы від, пашыраны ў вадаёмах Цэнтр. Альпаў, Германіі, Даніі, Ірландыі. На Беларусі трапляецца ў воз. Нарач, знойдзена ў дыятомавых адкладах муравінскага ўзросту (агаленні на Нёмане і каля Гродна), позналедавіковых і галацэнавых адкладах і асадках (азёры Нарач, Глубелька, Мястра ў Мядзельскім р-не). Гамфацымбела міяцэнавая (G. miocenica) — вымерлы від. На Беларусі адзначана ў азёрна-старычных пародах верхняга міяцэну (каляв. Бурносы ў Лідскім р-не).
Аднаклетачныя прэснаводныя водарасці. Клеткі даўж. 30—45 мкм, шыр. 7—8 мкм, прымацаваны да субстрату студзяністымі ножкамі. Створкі лінейна-ланцэтныя, слабаасіметрычныя, серпападобна выгнутыя і злёгку клінападобныя. Базальны канец больш звужаны. Восевае поле вузкае, сярэдняе — маленькае з ізаляванай кропкай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАХІМІ́ЧНЫ ЦЫКЛ,
шэраг паслядоўных геахімічных працэсаў, у якіх хім. элементы мігрыруюць, удзельнічаюць у розных фіз.-хім. працэсах з утварэннем мінералаў і вяртаюцца ў зыходнае становішча ў выніку кругавароту. Геахімічны цыкл абгрунтаваў У.І.Вярнадскі (1922). Вылучаюць геахімічныя цыклы: малы, калі хім. элементы пераўтвараюцца ў паслядоўных працэсах выветрывання — зносу — асадкаўтварэння — выветрывання, і вялікі, калі яны праходзяць праз выветрыванне — асадкаўтварэнне — метамарфізм — магматызм — выветрыванне. Кожны хім. элемент мае свой геахімічны цыкл. Напр., сярэдні час, калі вуглярод знаходзіцца ў жывым рэчыве, — 7—8 гадоў, свабодны кісларод у атмасферы — 3800 гадоў, вуглякіслы газ у атмасферы — 6 гадоў, у акіяне — каля 330 гадоў, у асадкавых горных пародах — каля 400 млн. гадоў. Вучэнне аб геахімічным цыкле дазваляе звязваць геахім. працэсы, вывучаць міграцыю і размеркаванне хім. элементаў у зямной кары і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАЭНЕРГЕТЫ́ЧНЫЯ РЭСУ́РСЫ,
запасы энергіі рачных патокаў і вадаёмаў сушы. Адносяцца да катэгорыі аднаўляльных энергарэсурсаў. Вызначаюцца ў кілаватах сярэднегадавой эл. магутнасці або ў кілават-гадзінах эл. энергіі за год. Адрозніваюць патэнцыяльныя гідраэнергетычныя рэсурсы (колькасць воднай энергіі, якую можна атрымаць, выкарыстаўшы цалкам сцёк рэк на ўсім іх працягу) і тэхн. рэсурсы (магчымыя для выкарыстання па тэхн. умовах, частка патэнцыяльных рэсурсаў). Па некат. ацэнках патэнцыяльныя гідраэнергетычныя рэсурсы зямнога шара складаюць 3750 млн.кВт (32 900 млрд.кВт∙гадз) электраэнергіі за год, з іх каля 12 300 (37%) — тэхн. рэсурсы. Энергет. рэсурсы рэк Беларусі: патэнцыяльныя каля 1 млн.кВт (7,5 млрд.кВт∙гадз) выпрацоўкі электраэнергіі за год, тэхн. рэсурсы вызначаюцца ў 2,5—3 млрд.кВт∙гадз за год (30—40% ад патэнцыяльных).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІЕ́НЬ І ГАСКО́НЬ, Гюен і Гасконь (Guyenne et Gascogne),
гістарычная вобласць на ПдЗ Францыі. Яе тэр. падзяляецца на 19 сучасных дэпартаментаў. Пл.каля 67 тыс.км². Нас.каля 4 млн.чал. (1994). Гал. горад — Бардо. Займае Гаронскую нізіну і прыбярэжную нізіну Ланды, на Пд — Пірэнеі, на ПнУ — ч. Цэнтральнага масіву. Клімат умераны, вільготны. Здабыча нафты (дэпартамент Ланды) і газу (дэпартамент Гарона Верхняя). Развіты машынабудаванне (у т. л. судна- і авіябудаванне), нафтаперапрацоўка, электраметалургія, хім., тэкст., абутковая, лесаапр. і лесахім., харч. (у т. л. вінаробчая і мукамольная), папяровая прам-сць. Гал. цэнтры Бардо, Тулуза, Тарб. Вырошчваюць пшаніцу, кукурузу. Садоўніцтва, вінаградарства, агародніцтва. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней, авечак. Рыбалоўства, вустрычны промысел. Горныя і прыморскія курорты. Пірэнеі — раён турызму і зімовага спорту. Горад Лурд — цэнтр рэліг. паломніцтва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУРАЧО́К (Alyssum),
алісум, каменнік, род кветкавых раслін сям. капуставых. Каля 150 відаў. Пашыраны пераважна ў Міжземнамор’і, Сярэдняй Еўропе і Сярэдняй Азіі. На Беларусі 3 дзікарослыя віды: бурачок Гмеліна (A. gmelinii), рэдкі від, трапляецца ў зах. раёнах на ўзлесках хваёвых лясоў і адкрытых пясчаных мясцінах; пустэльны (A. desertorum) і чашачны (A. alyssoides) — занесеныя віды, растуць каля чыгунак і дарог; 3 інтрадукаваныя: бурачок марскі (A. maritimum), серабрысты (A. argenteum) і скальны (A. saxatile) выкарыстоўваецца ў кветкаводстве.
Шэрыя або шэра-зялёныя адна-, двух- ці шматгадовыя травяністыя расліны і паўкусты з узыходнымі або распасцёртымі сцёбламі, апушаныя зоркавымі валаскамі. Лісце чаргаванае, падоўжанае адваротнаяйцападобнае, суцэльнае. Кветкі дробныя, жоўтыя, жоўта-белыя, белыя або фіялетавыя, сабраны ў канцавыя гронкі. Плод — авальны, эліпсоідны або круглаваты стручок. Меданосныя і дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУЖ ЗВЫЧА́ЙНЫ (Natrix natrix),
паўзун сям. вужовых атр. лускаватых. Пашыраны ў Еўропе, Паўн. Афрыцы, Азіі (да цэнтр. Манголіі). Жыве пераважна ў вільготных месцах, каля жылля чалавека, зрэдку ў стэпах і гарах. На Беларусі трапляецца ўсюды.
Даўж. да 1,5 м. Цела зверху ад цёмна-шэрага да чорнага колеру, знізу белае з чорнымі плямамі ў выглядзе няроўнай чорнай паласы. Па баках галавы 2 вял., добра прыкметныя светлыя плямы (жоўтыя, аранжавыя, брудна-белыя). Перыядычна ліняе. Кладзе 6—35 яец, вужаняты даўж.каля 15 см. Актыўны днём, ноччу хаваецца. Корміцца жабамі, рапухамі, апалонікамі, мышамі. Неядавіты, бясшкодны. Добра плавае. Для абароны выкарыстоўвае выдзяленні з клаакі з непрыемным пахам. Добра пераносіць няволю. Колькасць вужоў звычайных на Беларусі памяншаецца ў сувязі з меліярацыяй.