бо́язна, прысл.

1. у знач. вык. Разм. Страшна. З гулам і свістам каменне ляцела ў адзін і другі бок. Боязна было трапіць пад камень, але затое і цікава, як на сапраўднай вайне. Лобан. Вярнуўшыся ад печы, Захарыха глянула зноў так строга, што Хадосьцы стала боязна. Мележ.

2. Са страхам, баючыся. Жанчыны боязна падышлі бліжэй. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бу́хнуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак. і аднакр.

Разм. Грузна з шумам упасці; грымнуцца, кінуцца. Раздзеўшыся, Косця бухнуўся, як нежывы, у пасцель, але заснуць не мог. Адамчык. Маці, як стаяла, каменем бухнулася ў ногі [жаўнеру]. Якімовіч. З гнязда пад дахам птушаня малое, Няўседлівае, выйшла на карніз, Слабыя крылы. Ледзьве ўзняло іх, І — от прыгода! — бухнулася ўніз. Калачынскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

за́ткала, ‑а, н.

Разм. Тое, чым затыкаюць якую‑н. адтуліну; затычка. Побач ляжала Шпурава біклага.., але без заткала. Чыгрынаў. Хата новая, аканіцы фарбаваныя, а замест шыбы — заткала. Рылько. // Уст. Скрутак з ануч, пакулля, якім затыкалі комін, пячную трубу (калі не было яшчэ юшак). Бегучы да дзвярэй, [Мікола] вырваў з коміна заткала і выскачыў на двор. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зглумі́ць, зглумлю, зглуміш, зглуміць; зак., што.

Разм.

1. Страціць без карысці; папсаваць, перавесці. Зглуміць дабро. □ Колькі за вайну зглумілі сталі! Ты прыкінь, таварыш, як і я: Тысячу мастоў пабудавалі б Праз любы вялікі акіян. Панчанка. Есці яму ўжо не хочацца, але і пакідаць чуць не палавіну мазанага бліна нядобра, будуць сварыцца, што зглуміў. Крапіва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

жа́ласлівы, ‑ая, ‑ае.

1. Схільны да жаласці, спачування; спагадлівы, чуллівы. [Ліза] засталася такою ж ласкавай і жаласліваю, як і была, але ў вонкавым выглядзе яе адбыліся перамены і зусім нечаканыя. Арабей.

2. Які выклікае жаласць, спачуванне; няшчасны. — Ты не крыўдуеш на мяне, Пеця? — запыталася .. [Люба] і сама здзівілася, да чаго голас яе слабы і жаласлівы. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мя́ккасць, ‑і, ж.

Уласцівасць і якасць мяккага. Мяккасць шэрсці. Мяккасць клімату. Мяккасць зычных. □ Карціны роднага беларускага пейзажу мільгалі адна за другой, песцячы погляд мяккасцю і разнастайнасцю фарбаў. Васілевіч. // перан. Адсутнасць рэзкасці; уступчывасць, спагадлівасць. Голас у.. [брыгадзіра] пагучнеў, але ў ім адчувалася мяккасць, ласкавасць. Хадкевіч. Пры ўсёй мяккасці свае натуры, панна Ядвіга была гордая дзяўчына. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

намудрава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак.

Разм.

1. Прыдумаць шмат чаго‑н. новага. Яно што праўда, то праўда: гуртам рабіць ямчэй.. Буйная гаспадарка — пэўна што: машыны, угнаенне, севазварот, адным словам — тэхніка. Тут табе такога можна намудраваць, што ого-го! Зарэцкі.

2. Вельмі ўскладніць якую‑н. справу, зрабіць, сказаць што‑н. вельмі замыславата, але не заўсёды зразумела.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

насто́йлівы, ‑ая, ‑ае.

1. Рашучы ў дасягненні сваёй мэты, свайго жадання. Настойлівы чалавек. □ Мы пабудзем тут шахцёрскі гарт Вопытных, настойлівых майстроў. Аўрамчык. Рос. [Нічыпар] упартым і настойлівым. Мележ.

2. Які выражае рашучасць. І зноў стукат, але ўжо інакшы — глухі і настойлівы. Лупсякоў. [Ніна] пачырванела пад настойлівым поглядам таварышкі. Васілевіч. // Які ажыццяўляецца з рашучасцю, упартасцю. Настойлівыя пошукі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

няско́раны і нескаро́ны, ‑ая, ‑ае.

Які не скарыўся сіле, уладзе каго‑, чаго‑н. Мы зноў у шчасці будзем жыць — Вайной няскораныя людзі. Астрэйка. Недзе там, за лініяй фронту, ляжаў распластаны ворагам, знявечаны, але няскораны родны горад. Новікаў. Усім раскажу я пра мужнасць Тваёй нескаронай душы, Як ты непахісна, мой дружа, Стаяў на сваім рубяжы. Прыходзька.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пагры́зціся, ‑зуся, ‑зешся, ‑зецца; ‑земся, ‑зяцеся; пр. пагрызся, ‑лася; зак.

1. Грызціся, кусацца некаторы час. Калі [Андрэй] запрог.. [кабылу] ў плуг разам з Гнядым, то яны спачатку абнюхаліся, потым пагрызліся, але хутка памірыліся. Чарнышэвіч.

2. перан. Разм. Пасварыцца. — Ну, вось што! — моцным фальцэтам перабіў размову Панця. — Пагрызціся вы яшчэ ўспееце! А мне трэба на службу! Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)