ПУЗАНКО́Ў (Алег Пятровіч) (н. 16.4.1932, в. Сазаны Касцюковіцкага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне земляробства. Канд.с.-г.н. (1967). Скончыў Гродзенскі с.-г.ін-т (1956). У 1956—94 у Бел.НДІ бульбаводства (з 1974 заг. аддзела). Навук. працы па метадах паляпшэння насеннай якасці бульбы, выкарыстанні культуры мерыстэмнай тканкі для атрымання бязвірусных клонаў раслін. Сааўтар 21 сорта бульбы, ў т. л. Тэмп, Лошыцкі, Агеньчык, Ласунак, Явар, Альтаір і інш.Дзярж. прэмія СССР 1974.
Тв.:
Выращивание картофеля на оздоровленной основе. Мн., 1990 (разам з А.А.Грышановічам);
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЫЛу атмасферы,
сукупнасць завіслых у паветры дробных (10−2—10−4см) цвёрдых часцінак. Паступае ў атмасферу пры выветрыванні горных парод (асабліва ў пустынных абласцях), вулканічных вывяржэннях, ветравой эрозіі ворных зямель, дзейнасці прамысл. прадпрыемстваў і транспарту. У паветры знаходзяцца таксама цвёрдыя часцінкі касм. і біял. (пылок раслін, споры, мікраарганізмы і інш.) паходжання. Асн. колькасць П. засяроджана ў слоі паветра да выш. 500 м. Зменьвае празрыстасць і цеплавыя ўласцівасці атмасферы, у вял. канцэнтрацыях можа садзейнічаць утварэнню смогу. Барацьба з вытворчым П. (пераважна ў гарадах і прамысл. раёнах) — важная ч. аховы навакольнага асяроддзя ад забруджвання (гл. таксама Забруджванне атмасферы).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЫЛКАЕ́ДЫ (Alleculidae),
сямейства жукоў падатр. разнаедных. Больш за 1300 відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды. Дарослыя жывуць пад карой дрэў, лічынкі — у гнілой драўніне, глебе, лясным подсціле. На Беларусі 8 відаў. Найб. трапляюцца П.: бярозавы (Omophlus betulae), цёмны (Prionychus ater), шэры (Isomira murina).
Даўж. да 25 мм. Цела авальнае, чорнае, бурае або жоўтае. Вусікі ніткападобныя. Галава ўцягнута ў пярэднягрудзі. Лапкі ног з грабеньчатымі кіпцюркамі. Лічынкі жоўта-бурыя, тонкія, цыліндрычныя, з вял. галавой, развітымі нагамі; падобныя да драцянікаў (адрозніваюцца больш доўгімі пярэднімі нагамі), таму іх наз.ілжэдрацянікамі. Дарослыя кормяцца пылком кветак (адсюль назва), часам лісцем, лічынкі — расліннымі рэшткамі, каранямі травяністых раслін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЫЛЮ́ШНІК (Thalictrum),
род кветкавых раслінсям. казяльцовых. Каля 120 відаў. Пашыраны ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я, гарах Паўд. Афрыкі і ў тропіках Паўд. Амерыкі. На Беларусі 5 відаў. Найб. вядомыя П.: ворлікалісты (Th. aquilegifolium), жоўты (Th. flavum), светлы (Th. lucidum). Трапляюцца сярод хмызнякоў, па берагах рэк, на вільготных лугах.
Шматгадовыя травяністыя карэнішчавыя расліны выш. 40—120 см. Лісце чаргаванае, перыстарассечанае. Кветкі дробныя, белыя, жоўтыя, ліловыя, сабраныя ў мяцёлчатыя. гронкападобныя або шчыткападобныя суквецці. Плод — шматарэшак. Усе віды П. ядавітыя. Лек., інсектыцыдныя, фарбавальныя, меданосныя, дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯРЭ́СТУП, брыёнія (Bryonia),
род кветкавых раслінсям. гарбузовых. Каля 10 відаў. Пашыраны ў Міжземнамор’і, Зах. і Сярэдняй Азіі, на Каўказе.
На Беларусі 2 віды П.: белы (B. alba) і двухдомны (B. dioica). Вырошчваюцца ў садах, агародах; часта дзічэюць.
Шматгадовыя травы з клубнепадобнымі каранямі і пераважна лазячымі (да апоры прымацоўваюцца вусікамі) сцёбламі. Лісце 5-лопасцевае або глыбокараздзельнае, часам суцэльнае. Кветкі аднаполыя, дыяметрам да 1,5 см, правільныя, зеленавата-жоўтыя, у пазушных суквеццях. Плод — шарападобная ягада. П. белы і двухдомны — ядавітыя, карані выкарыстоўваюцца як лек. сродак. Інсектыцыдныя, фарбавальныя, меданосныя і дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАБА́ТКА (ад ням. Rabatte градка),
кветнік у выглядзе паласы шырынёю 0,5—3 м, акаймаванай дэкар. раслінамі. Выкарыстоўваецца ў дэкар. мэтах пры азеляненні (асабліва партэрным) населеных месцаў. Звычайна Р. размяшчаюць уздоўж дарог, фасадаў будынкаў і інш. або робяць ч. больш складанага кветніка. Пры вял. працягласці яе падзяляюць праходамі на часткі даўж. па 20—25 м. Ствараецца Р. з аднаго ці некалькіх відаў раслін адначасовага тэрміну цвіцення, пасаджаных радамі ці малюнкам. Бываюць адна- і шматколерныя, створаныя ў некалькі ярусаў, адна- і 2-баковыя. Р. пашыраны ў афармленні плошчаў, вуліц, паркаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДКЕ́ВІЧ (Усевалад Анатолевіч) (6.6.1926, г. Віцебск — 5.8.1999),
бел. вучоны ў галіне энтамалогіі і экалогіі. Сын Радкевіча А.І. Д-рбіял.н. (1971), праф. (1976). Засл. дз. нав. Беларусі (1978). Скончыў Віцебскі пед.ін-т (1954) і працаваў у ім (у 1962—68 дэкан, у 1970—74 прарэктар, у 1973—86 заг. кафедры і праблемнай н.-д. лабараторыі). Навук. працы па энтамалогіі, ахове раслін ад шкоднікаў, агульнай экалогіі, ахове прыроды, акліматызацыі і селекцыі дубовага шаўкапрада ў Беларусі, методыцы выкладання біялогіі.
Тв.:
Кольчатый шелкопряд. Мн., 1970 (разам з Т.М.Раменка);
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЕАДЧУВА́ЛЬНАСЦЬ (ад радые... + адчувальнасць),
адчувальнасць біял. аб’ектаў да іанізавальнага выпрамянення. Мера Р. — велічыня дозы апрамянення, якая выклікае гібель 50% апрамененых аб’ектаў (DL50). Розныя віды жывёл і раслін маюць неаднолькавую (відавую) Р. Індывід. (унутрывідавая) Р. залежыць ад полу, узросту, стану фізіял. сістэм і інш. фактараў. Індывід. адрозненні Р. маюць арганізм, яго тканкі, органы, клеткі і нават малекулы. Напр., марфал. змены ў крывятворнай тканцы выяўляюцца пры параўнальна меншых дозах, чым у мышачнай або касцявой. Маладыя клеткі, якія хутка размнажаюцца, валодаюць большай Р., чым спелыя. Адрозненні ў тканкавай Р. ўлічваюцца пры прамянёвай тэрапіі хворых на злаякасныя новаўтварэнні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУ́ТА (Ruta),
род кветкавых раслінсям. рутавых. 7 відаў (па інш. звестках каля 70 разам з родам Haplophyllum). Пашыраны пераважна ў Міжземнамор’і і ўмераным поясе Азіі. Здаўна ў Еўропе культывуецца Р. духмяная (R. graveolens) як прыпраўная і лек. расліна. Інтрадукавана ў Цэнтр.бат. садзе Нац.АН Беларусі.
Шматгадовыя пахучыя травы або паўкусты. Лісце чаргаванае, перыстарассечанае. Кветкі дробныя, зеленавата-жоўтыя, сабраныя ў шчыткападобную мяцёлку на верхавінцы сцябла. Плод — каробачка. Р. духмяная — ядавітая, мае ў сабе эфірны алей, які аказвае моцнае мясцовае раздражненне. Лісце і кветкі ўжываюцца як прыправа. Лек., тэхн., харч., дэкар. і інсектыцыдныя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́ТАЎ (Міхаіл Васілевіч) (16.1.1846, г. Наваміргарад Кіраваградскай вобл., Украіна — 17.4.1920),
бел. вучоны-аграном, адзін з заснавальнікаў навук. агародніцтва і пладаводства на Беларусі. Скончыў Маскоўскі ун-т (1878). З 1879 у Горы-Горацкай земляробчай школе, з 1919 праф. Горы-Горацкага земляробчага ін-та. Навук. працы па біялогіі агароднінных і пладовых раслін. Паказаў магчымасць вегетатыўнай гібрыдызацыі і стварэння новых сартоў спосабам адбору іх пры вырошчванні ў адпаведных умовах, прапанаваў насеннае размнажэнне яблыні, вывучаў уплыў прышчэпы на прышчэпак. Арганізаваў першы пладовы гадавальнік, памалагічны сад і доследнае поле для вывучэння агароднінных культур.