ВАЛО́ВІЧ (Міхаіл Казіміравіч) (18.6.1806, маёнтак Парэчча, Слонімскі р-н Гродзенскай вобл. — 2.8.1833),

бел. рэвалюцыянер, сацыяліст-утапіст. З бел. шляхецкага роду Валовічаў. У час вучобы ў Віленскім ун-це (1822—25) быў блізкі да тайных т-ваў філаматаў і філарэтаў. Удзельнік паўстання 1830—31 у атрадзе ген. А.​Гелгуда. Пасля задушэння паўстання эмігрыраваў у Францыю. Уваходзіў у эмігранцкія паліт. арг-цыі Нац. польск. к-т, Т-ва літ. і рус. зямель, Польскае дэмакр. т-ва; з 1833 у тайнай арг-цыі карбанарыяў. Выступаў за адмену прыгону і бязвыплатную перадачу зямлі сялянам у калект. ўласнасць, за абвяшчэнне Беларусі і Літвы дэмакр. рэспублікамі, звязанымі федэратыўнымі адносінамі з Польшчай. Сродкам дасягнення дэмакр. і справядлівага грамадскага ладу лічыў сац. рэвалюцыю агульнаеўрап. маштабу. Удзельнічаў у Заліўскага экспедыцыі 1833. У сак. 1833 у якасці паўстанцкага нач. Слонімскага і Навагрудскага пав. прыбыў на Беларусь. Стварыў у наваколлі Слоніма партыз. атрад з сялян, але шырокай падтрымкі насельніцтва не атрымаў. У маі 1833 атрад разбіты, Валовіч арыштаваны. Паводле прыгавору ваенна-палявога суда павешаны ў Гродне.

В.​Ф.​Шалькевіч.

М.К.Валовіч.

т. 3, с. 482

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАРАНЬКО́ (Платон Мікітавіч) (1.12.1913, в. Чарнеччына Ахтырскага р-на Сумскай вобл., Украіна — 10.8.1988),

украінскі паэт. У 1938—41 вучыўся ў Літ. ін-це імя М.​Горкага ў Маскве. У Вял. Айч. вайну камандзір падраздзялення ў партызанскім злучэнні С.​А.​Каўпака. У зб-ках «Карпацкі рэйд» (1944), «Слаўны мір» (1950, Дзярж. прэмія СССР 1951), «Цяпло зямлі маёй» (1959), «Разводдзе» (1970, Дзярж. прэмія Украіны імя Т.​Шаўчэнкі 1972), «Сумленне памяці» (1980), «Асеніца» (1983) і інш. — героіка партыз. барацьбы і пасляваен. адбудовы, прыгажосць прыроды і чалавечых пачуццяў, роздум пра перажытае. Пісаў для дзяцей (за зб-кі «Чытаначка», «Аблятаў журавель», «Усім па сем» і інш. літ. прэмія імя Л.​Украінкі 1976). Пераклаў на ўкр. мову творы П.​Глебкі, В.​Віткі. На бел. мову творы Варанько перакладалі А.​Астапенка («Твая кніжка», 1954), А.​Вялюгін («Хлопчык Памагай», 1958), С.​Грахоўскі і інш. («Калыска памяці», 1983), а таксама М.​Аўрамчык, Вітка, Н.​Гілевіч, М.​Калачынскі, Е.​Лось, М.​Танк, У.​Шахавец (у кн. «Украінская савецкая паэзія. Анталогія», т. 2, 1975).

Тв.:

Твори. Т. 1—2. Київ, 1973.

В.​А.​Чабаненка.

т. 4, с. 6

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАГА́ННІ,

рух (працэс), які мае пэўную ступень паўтаральнасці ў часе. Незалежна ад іх прыроды матэматычна апісваюцца аднолькавымі ўраўненнямі і вызначаюцца аднымі і тымі ж заканамернасцямі. Асн. характарыстыкі: перыяд ваганняў, амплітуда, скорасць нарастання або спадання амплітуды, спектр частот і форма ўласных ваганняў складаных сістэм. Могуць распаўсюджвацца ў асяроддзі, дзе знаходзіцца іх крыніца. Працэс распаўсюджвання ваганняў (а таксама інш. узбурэнняў) наз. хвалямі.

Паводле фіз. прыроды ваганні бываюць механічныя (напр., ваганні маятніка), электрамагнітныя (ваганні току і напружання ў вагальным контуры), электрамеханічныя (ваганні п’езаэл. датчыкаў), тэмпературныя (ваганні т-ры на Зямлі) і інш., паводле спосабу ўзбуджэння — уласныя ваганні, вымушаныя ваганні, параметрычныя ваганні і аўтаваганні. Кінематычна ваганні любой фіз. прыроды падзяляюць на перыядычныя (напр., гарманічныя ваганні, прамавугольныя, пілападобныя), амаль перыядычныя (гл. Затуханне ваганняў) і выпадковыя (белы шум). Кожны складаны вагальны працэс можна выявіць як суму гарманічных ваганняў (гл. Гарманічны аналіз). Спецыфічныя ваганні ўласцівы таксама некаторым біял. працэсам (гл., напр., Біялагічныя рытмы), гэты тэрмін у геаграфіі ўжываецца пры характарыстыцы многіх прыродных з’яў (напр., шматгадовых змяненняў клімату перыяд. характару).

П.​С.​Габец.

Віды ваганняў: а — прамавугольныя; б — пілападобныя; в — гарманічныя; г — затухальныя; д — нарастальныя.

т. 3, с. 428

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРА́НАВЫХ (сапр. Баранаў) Сымон Якаўлевіч

(1.9.1900, в. Рудкова Уздзенскага р-на Мінскай вобласці — 10.11.1942),

бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1931). У 1936 рэпрэсіраваны. Рэабілітаваны ў 1954. Друкаваўся з 1927. У апавяданнях (зб. «Злосць», 1930) узнавіў сцэны вясковага побыту, сял. працы, эпізоды барацьбы супраць польск. інтэрвентаў. У аповесцях «Чужая зямля» (друк. ў 1929 пад назвай «На абрэзках зямлі»; асобнае выд. 1930), «Межы» (1929—30) і «Новая дарога» (пад назвай «Два канцы», апубл. 1931—32; асобнае выд. 1936), адлюстраваў класавую барацьбу на вёсцы ў 1920-я г. і ў час калектывізацыі. На вострых сац. канфліктах пабудавана прыгодніцкая аповесць для дзяцей «Пастка» (1934) і раман «Калі ўзыходзіла сонца» (нап. 1935—36, выд. 1957), у якім паказана дзейнасць маладых рамантыкаў-падпольшчыкаў у бел. гарадку ў час акупацыі польск. войскамі.

Тв.:

Новая дарога: Апавяданні, аповесці, раман, лісты. Мн., 1989.

Літ.:

Пальчэўскі А. Сябар далёкіх гадоў // Пальчэўскі А. Выбр. тв. Мн., 1975. Т. 2;

Казека Я. Сымон Баранавых // Казека Я. Падарожжа ў маладосць. Мн., 1984;

Савік Л. Сымон Баранавых // Беларускія пісьменнікі і літаратурны працэс 20—30-х гадоў. Мн., 1985.

І.​У.​Саламевіч.

С.Я.Баранавых.

т. 2, с. 297

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТЫЦЫКЛО́Н (ад анты... + цыклон),

вобласць павышанага ціску ў атмасферы. Ціск з максімумам у цэнтры дасягае 1025—1070 мб на ўзр. м. У папярочніку ад соцень да 2—3 тыс. км; ахоплівае трапасферу. Вятры накіраваны ад цэнтра да перыферыі антыцыклону, пад уплывам вярчэння Зямлі адхіляюцца ў Паўн. паўшар’і па гадзіннікавай стрэлцы, у Паўд. паўшар’і — супраць. Перамяшчаюцца са скорасцю 30—40 км/гадз з З на У, адхіляючыся да нізкіх шырот; некаторыя антыцыклоны маларухомыя.

У антыцыклонах пераважаюць сыходныя токі паветра, пры якіх адбываецца адыябатычнае награванне, таму т-ра на некалькі градусаў вышэй, чым у цыклонах. Аднак у зімовых маларухомых антыцыклонах над кантынентамі ўмераных шырот адбываецца моцнае выстуджванне паветра. Для тэрыторый, занятых антыцыклонамі, характэрны яснае і сухое надвор’е, тэмпературныя інверсіі, слабыя вятры. Узнікаюць антыцыклоны штодзённа, найб. у субтропіках (Азорскі антыцыклон) і над кантынентамі (Антарктычны антыцыклон, Азіяцкі антыцыклон і інш.). Па тэр. Беларусі за год праходзіць 15—16 антыцыклонаў, якія вызначаюць надвор’е каля 150 дзён.

І.​Ю.​Куляшова.

Антыцыклон. Ізабары і прыземныя лініі плыні паветра: а — Паўночнае паўшар’е; б — Паўднёвае паўшар’е.

т. 1, с. 403

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАВЕ́ЖСКАЕ МІЖЛЕДАВІКО́ЎЕ, мучкапскае міжледавікоўе, гюнц-міндэльскае міжледавікоўе,

другая міжледавіковая эпоха ранняга плейстацэну Беларусі (каля 543—532 тыс. гадоў назад). Наступіла пасля ясельдзінскага зледзянення (гюнцкага, данскога). Вылучана Л.М.Вазнечуком у 1958. Тыповы разрэз адкладаў міжледавікоўя каля в. Боркі Пружанскага р-на Брэсцкай вобласці (сапрапеліты і мергелі на глыб. 80—87 м). Магутнасць адкладаў Белавежскага міжледавікоўя 20 і больш метраў, пераважаюць азёрныя — сапрапеліты, мергелі, дыятаміты, супескі і суглінкі. Пароды Белавежскага міжледавікоўя найб. пашыраны ў Палессі, на Беларускай градзе і прылеглых раўнінах. Залягаюць блізка ад паверхні зямлі (нярэдка ў адорвенях) і да глыб. 210 м. Раней яны разглядаліся як адклады шклоўскага міжледавікоўя.

У час кліматычнага оптымуму міжледавікоўя раслі шыракалістыя лясы з дубу, вязу, ліпы, клёну, сярод вышэйшых раслін было 28% невядомых у сучаснай флоры Беларусі, развівалася адметная флора дыятомавых водарасцяў з характэрным відам цыклятэля рэчыцкая.

Літ.:

Геология СССР. Т. 3. Белорусская ССР. М., 1971;

Материалы по стратиграфии Белоруссии. Мн., 1981;

Проблемы плейстоцена. Мн., 1985;

Плейстоцен Речицкого Приднепровья Белоруссии. Мн., 1986;

Березовский страторайон плейстоцена Белоруссии. Мн., 1993.

Г.​К.​Хурсевіч.

т. 2, с. 379

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЭ́СЦКАЯ КРЭ́ПАСЦЬ-ГЕРО́Й,

мемарыяльны комплекс у Брэсце. Створаны ў 1969—71 на тэр. Брэсцкай крэпасці на ўшанаванне подзвігу яе абаронцаў (гл. Брэсцкай крэпасці абарона 1941). Скульпт.-арх. ансамбль аб’ядноўвае ўцалелыя збудаванні, закансерваваныя руіны, крапасныя валы і творы сучаснага манум. мастацтва. Адкрыты 25.9.1971. Аўтары: скульпт. А.​Кібальнікаў (гал. маст. кіраўнік), А.​Бембель, У.​Бабыль, арх. У.​Кароль, В.​Волчак, В.​Занковіч, Ю.​Казакоў, А.​Стаховіч, Г.​Сысоеў. Комплекс размешчаны ва ўсх. частцы Цытадэлі. Уключае манум. галоўны ўваход, вырашаны ў выглядзе прарэзанай у бетоннай сцяне 5-канцовай зоркі, гал. манумент, штык-абеліск, пл. Цырыманіялаў, тэрасы-трыбуны, некропаль-калумбарый, дзе пахаваны урны з прахам абаронцаў крэпасці, пад’езды і плошчы. Кампазіцыйным цэнтрам комплексу з’яўляюцца гал. манумент «Мужнасць» — абагульнены вобраз воіна-пераможцы (бетон, выш. 33,5 м) і штык-абеліск (абліцаваны тытанам, выш. 100 м). На краі плошчы размешчана скульпт. кампазіцыя «Смага» — фігура распластанага на зямлі салдата, які цягнецца з каскай да вады. У складзе комплексу Брэсцкай крэпасці-героя музей, Святамікалаеўская правасл. царква.

Л.​Г.​Лапцэвіч.

Брэсцкая крэпасць-герой. Плошча Цырыманіялаў з галоўным манументам.
Брэсцкая крэпасць-герой. А.​Бембель. Скульптура «Смага». 1969.

т. 3, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМАЗО́НСКАЯ НІЗІ́НА, Амазонія,

найбуйнейшая на Зямлі нізіна ў Паўд. Амерыцы, у бас. р. Амазонка, пераважна ў Бразіліі, а таксама ў Калумбіі, Эквадоры, Перу. Пл. больш за 5 млн. км². Слаба заселеная. Распасціраецца з З на У на 3200 км ад Андаў да Атлантычнага ак. паміж Гвіянскім і Бразільскім пласкагор’ямі. Размешчана ў вобласці тэктанічнага прагіну (Амазонская сінекліза) Паўд.-Амерыканскай платформы, запоўненага ў асн. палеазойскімі марскімі і меза-кайназойскімі кантынент. адкладамі. Пераважае плоскі рэльеф пластавых раўнін з неглыбокімі шырокімі рачнымі далінамі. Карысныя выкапні: нафта, марганцавыя і жал. руды, золата, алмазы і інш. Клімат экватарыяльны, гарачы і вільготны, сярэднія т-ры 24—28 °C, ападкаў 1500—3000 мм за год. Рачная сетка густая, рэкі паўнаводныя. Разнастайная расліннасць вільготных экватарыяльных лясоў (сельвас) уключае 80 тыс. відаў дрэў (шмат каштоўных парод). Жывёльны свет разнастайны — 3 тыс. відаў сухапутных пазваночных (малпы, ляніўцы, малы мураўед, браняносцы, тапіры, пекары і інш.). Шмат птушак, паўзуноў, грызуноў, земнаводных, рыб (2 тыс. прэснаводных відаў), тэрмітаў, мурашак. Праз трапічныя лясы пракладзена Трансамазонская шаша (1970-я г.).

Каўчуканосы Амазонскай нізіны.

т. 1, с. 303

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАВІМЕТРЫ́ЧНАЯ РАЗВЕ́ДКА,

від разведачнай геафізікі, заснаваны на вымярэннях анамальных гравіметрычных паказчыкаў Зямлі. Выкарыстоўваецца для вывучэння будовы зямной кары, пошуку і разведкі карысных выкапняў. Дае магчымасць выяўляць разломы ў зямной кары (гл. Глыбінны разлом) і вылучаць структуры, недаступныя вывучэнню звычайнымі геал. метадамі. Уключае гравіметрычную здымку, інтэрпрэтацыю анамалій і пабудову гравіметрычнай мадэлі аб’екта. Бывае наземная, марская (надводная, падводная, донная), падземная, аэра- і касмічная. Выконваецца гравіметрамі. Імі вымяраюць адносныя значэнні сілы цяжару. Вынікі гравіметрычнай разведкі «прывязваюцца» да апорных пунктаў дзярж. гравіметрычнай сеткі. Маштаб здымкі вызначаецца яе мэтамі і ўмовамі правядзення работ: для рэгіянальных даследаванняў 1:200 000 — 1:500 000; пры пошуках нафтагазаносных структур 1:50 000; у шахтах і свідравінах 1:500 і інш. На падставе агульнай гравіметрычнай разведкі вылучаюцца раёны, перспектыўныя для пошуку карысных выкапняў, і асобныя геал. структуры, дзе магчыма размяшчэнне нафтавых, газавых і рудных радовішчаў. Па выніках агульнай гравіметрычнай разведкі праводзяцца дэталёвыя пошукі, пры якіх аналізуюцца лакальныя анамаліі сілы цяжару для атрымання адказаў аб элементах і ўмовах залягання анамаліяўтваральных аб’ектаў. Гравіметрычная разведка выконваецца звычайна ў комплексе з магніта-, электра- і сейсмаразведкай.

А.​А.​Саламонаў.

т. 5, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАВІМЕ́ТРЫЯ (ад лац. gravis цяжкі + ...метрыя),

галіна геафізікі, якая вывучае гравітацыйнае поле Зямлі. Паскарэнне свабоднага падзення і яго змяненні вымяраюць абс. і адноснымі метадамі з дапамогай гравіметраў, маятнікавых прылад, гравітацыйных варыёметраў, градыентаметраў, а таксама назіранняў за ШСЗ. Гравіметрычныя даныя выкарыстоўваюцца ў астраноміі, метралогіі, геадэзіі, геалогіі, касманаўтыцы і інш.

Паскарэнне свабоднага падзення вызначыў Г.Галілей (каля 1590). У 1673 Х.Гюйгенс выявіў залежнасць паміж паскарэннем свабоднага падзення і перыядам ваганняў маятніка. Тэарэт. асновы гравіметрыі заклаў І.Ньютан. Работамі А.К.Клеро, Дж.Стокса і інш. створана сучасная гравіметрыя. За аснову сусв. гравіметрычнай сістэмы прынята значэнне паскарэння свабоднага падзення для г. Патсдам (ФРГ) g = 9,81274 м/с2 = 981,274 Гал, атрыманае ў 1898—1904 (у 1971 15-я ген. асамблея Міжнароднага геад. і геагр. саюза зацвердзіла папраўку: -14∙10​−5 м/с2). У СССР сістэматычныя гравіметрычныя вымярэнні пачаліся ў 1932; у 1950—56 створана сетка гравіметрычных пунктаў высокай дакладнасці: геафіз. абсерваторыі «Пулкава», «Казань», «Масква», «Палтава»; на Беларусі «Плешчаніцы» і «Нарач» (абс. вымярэнні з 1997).

Літ.:

Грушинский Н.П. Основы гравиметрии. М., 1983.

Г.​І.​Каратаеў.

т. 5, с. 382

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)