Магілёўская прыдворная друкарня. Існавала ў 1774—1844 у Магілёве. Засн. біскупам С.І.Богушам-Сестранцэвічам пры рымска-каталіцкай кансісторыі. Напачатку размяшчалася ў Магілёўскім касцёле кармелітаў, потым у прыгарадным палацы Богуша-Сестранцэвіча ў Пячэрску. У 1776 М.д. атрымала дазвол на выданне кніг на рус. мове, што паклала пачатак кнігадрукаванню грамадзянскім шрыфтам на Беларусі. Паводле ўказа Кацярыны II 1780 друкарня была абавязана публікаваць афіц. матэрыялы, т.ч. яна выконвала функцыі губ. друкарні да адкрыцця ў 1833 Магілёўскай губернскай друкарні. Вядома больш за 60 назваў выданняў М.д., у т. л. 43 на польск., 12 на лац., 8 на рус., па 1 на ням. і франц. мовах. Сярод іх: «Кароткая французская граматыка» (1784, 1796); даведачная л-ра — «Каляндар беларускіх намесніцтваў на 1783» (1782), «Беларускія календары» (1784—95), «Дырэкторыумы» (царк. календары, якія змяшчалі спісы парафій і духавенства Магілёўскай рымска-каталіцкай епархіі за 1807—44); афіц. выданні — «Трактат Вечнага міру і сяброўства» (1792), «Установы для кіравання губерняй» (1774, 1777, 1795); навук. працы — «Аб Заходняй Русі» (1793) і «Аб паходжанні сарматаў і славян» (1810) Богуша-Сестранцэвіча, трактат «Тры кнігі аб паэтычным мастацтве» (1786) Ф.Пракаповіча; маст. творы — трагедыя «Гіцыя ў Таўрыдзе» (1783) Богуша-Сестранцэвіча, яго вершы і прамовы, «Вандроўны турак» (1789, польскі пераклад «Гісторыі Сіндбада-Марахода»).
Літ.:
Мальдзіс А.І. Кнігадрукаванне Беларусі ў XVIII ст. // Книга, библиотечное дело и библиография в Белоруссии. Мн., 1974.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГНЕТАХІ́МІЯ,
раздзел фізічнай хіміі, які вывучае залежнасць паміж магн. ўласцівасцямі рэчываў і іх будовай.
Асн. ўласцівасць, якая вымяраецца ў М. — магнітная ўспрыімлівасць. Звычайна яе вызначаюць па змене вагі ўзору рэчыва ў магн. полі, пры гэтым карыстаюцца метадамі, прапанаванымі англ. вучоным М.Фарадэем і швейц. хімікам Ф.Гюі. Для дыямагнітных рэчываў, пераважна арган. злучэнняў, элементы будовы малекул выводзяцца, зыходзячы з адытыўнай схемы франц. фізікахіміка П.Паскаля (1910), згодна з якой малекулярная магн. ўспрыімлівасць роўная суме ўспрыімлівасцей асобных атамаў, што ўваходзяць у састаў малекулы, з папраўкай на характар хім. сувязі паміж імі. Пры даследаванні парамагн. рэчываў (напр., комплексаў пераходных металаў, атамных кластараў) супастаўляюць эксперым. і тэарэт. значэнні магнітных момантаў ці аналізуюць іх залежнасць ад т-ры, што дазваляе меркаваць аб ступені акіслення металу, прыродзе ўзаемадзеянняў унутры комплексу і комплексу з часціцамі, якія яго акружаюць, аб прасторавай структуры і сіметрыі крышт. поля, наяўнасці фера- і антыферамагн. узаемадзеянняў у шмат’ядз. утварэннях. У М. класічныя метады даследаванняў спалучаюцца з магнітарэзананснымі метадамі (гл.Электронны парамагнітны рэзананс, Ядзерны магнітны рэзананс). Новы кірунак у М. — вывучэнне непасрэднага ўплыву магн. поля на хім. раўнавагу, кінетыку і механізм хім, рэакцый. Метады М. выкарыстоўваюцца ў аналіт. практыцы, напр., для выяўлення прымесей ферамагн. рэчываў у колькасцях, недаступных для вызначэння інш. метадамі.
Літ.:
Калинников В.Т. Ракитин Ю.В. Введение в магнетохимию. М., 1980;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАДРЫГА́Л (франц. madrigal, італьян. madrigale ад позналац. matricale песня на матчынай мове),
1) у літаратуры — невялікі інтымна-жартоўны верш, што змяшчае ў сабе камплімент, найчасцей прысвечаны жанчыне. Вытокі бярэ з нар. паэзіі, з песень італьян. пастухоў, з 14 ст. вядомы ў прафес. паэзіі (Ф.Петрарка, Дж.Бакачыо). Да 16 ст. М. прызначаліся для муз. выканання, у канцы 16 — пач. 17 ст. зблізіліся з канцэртнымі і драм. жанрамі, часам складалі аснову камедыі. У 18 — пач. 19 ст. пашыраны як жанр салоннай і альбомнай лірыкі. У бел. паэзіі адзнакі М. прыкметныя ў вершах М.Багдановіча, Ф.Багушэвіча, М.Танка.
2) У музыцы — свецкі муз.-паэтычны жанр эпохі Адраджэння. Узнік у італьян нар. творчасці як 1-галосая лірычная песня на роднай мове (у адрозненне ад песнапенняў на лац. мове). У 14 ст. пашыраны ў форме 2—3-галосай куплетнай песні (часам у інстр. суправаджэнні) з вядучым верхнім голасам. У 16—17 ст. — 4—5-галосы вак. твор a cappella, заснаваны на нормах поліфаніі «строгага стылю» (А.Віларт, Ф.Вердэло, К.Феста, Ф.Б Картэча, Я.Аркадэльт, Дж.Палестрына, А.Ласа). Пашыраны таксама ў Англіі (Т.Морлі, Т.Уілкс, Дж.Уілбі), Германіі (Г.Л.Гаслер, Г.Шуц) і інш.еўрап. краінах. У канцы 16 — пач. 17 ст. наблізіўся да канцэртных і драм жанраў і стаў асновай мадрыгальнай камедыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВАРЫ́НСКАЯ БІ́ТВА 1827,
баявыя дзеянні ў Наварынскай бухце (на ПдЗ ад п-ва Пелапанес, Грэцыя) паміж тур.егіп. флотам і аб’яднанымі эскадрамі Вялікабрытаніі, Францыі і Расіі 20 кастр. ў час Грэчаскай нацыянальна-вызваленчай рэвалюцыі 1821—29. Аб’яднаныя эскадры (злучыліся 11 кастр.) былі накіраваны ўрадамі сваіх краін для аказання націску (дэманстрацыяй ваен. караблёў) на Турцыю, якая адмовілася выканаць патрабаванні Лонданскай канвенцыі 1827. Камандуючыя эскадрамі брыт. віцэ-адм. Э.Кодрынгтан, франц. контр-адм. А.Г. дэ Рыньі і рас. контр-адм. Л.Гейдэн вырашылі ўвесці свае сілы ў Наварынскую бухту, дзе знаходзіўся тур.-егіп. флот (62 баявыя караблі, 6 брандэраў і да 126 дапаможных суднаў, каля 2,2 тыс. гармат) пад камандаваннем Ібрахіма-пашы. 20 кастр. саюзны флот (26 баявых караблёў, каля 1,3 тыс. гармат) пад агульным камандаваннем Кодрынгтана ўвайшоў у бухту. Пасля забойства туркамі 2 парламенцёраў і абстрэлу тур. берагавымі батарэямі (165 гармат) саюзных караблёў адбыўся 4-гадзінны бой, у ходзе якога тур.-егіп. флот быў амаль увесь знішчаны (загінула да 7 тыс. туркаў, саюзнікі страцілі каля 800 чал.). У бітве вызначыўся рас. флагманскі карабель «Азоў» (камандзір М.П.Лазараў), які знішчыў 5 суднаў праціўніка. Разгром тур. флоту садзейнічаў нац.-вызв. барацьбе грэкаў і перамозе Расіі ў рус.-тур. вайне 1828—29.
Літ.:
М.П.Лазарев: Док. Т. 1. М., 1952;
Русские и советские моряки на Средиземном море. М., 1976.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯМЕ́ЦКАЯ ДЗЯРЖА́ЎНАЯ О́ПЕРА (Die Deutsche Staatsoper),
адзін з буйнейшых музычных тэатраў Германіі. Адкрыты ў 1742 у Берліне як Прыдворны оперны тэатр (арх. Г.В.Кнобельсдорф) пастаноўкай оперы «Цэзар і Клеапатра» К.Г.Граўна (заснавальнік і першы кіраўнік т-ра). Да 1918 наз. Каралеўская опера. Неафіц. назва — «Тэатр на Унтэр-дэн-Ліндэн» (ад назвы вуліцы, на якой размешчаны будынак т-ра). Напачатку ставіліся пераважна італьян. і франц. оперы (спявалі італьян. спевакі), з канца 18 ст. таксама творы ням. і аўстр. кампазітараў, у т. л. В.А.Моцарта, Л.Бетховена, К.М.Вебера, Г.А.Маршнера, Дж.Меербера (у 1842—50 генерал-музік-дырэктар), Р.Вагнера, Р.Штрауса, П.Дэсаў, А.Берга, К.Орфа, Граўна і інш. З 1923 у рэпертуары оперы і балеты П.Чайкоўскага, М.Рымскага-Корсакава, М.Мусаргскага, С.Пракоф’ева, Дз.Шастаковіча, А.Хачатурана, В.Баснера, А.Пятрова і інш. У т-ры выступалі спевакі П.Віярдо-Гарсія, Л.Леман, П.Лука, Е.Лінд, Г.Мара, П.Г.Мільдэр-Гаўптман, А.Паці. У розныя гады калектыў узначальвалі дырыжоры Граўн (1742—59), Г.Спанціні (1820—42), М.Шылінгс (1919—24 і 1933), Э.Клейбер (1925—35), Ф.Канвічны (1955—62), О.Суітнер (з 1964—71 і з 1974), цяпер К.Тылеман (2000). Сярод балетмайстраў: П.Тальёні (1856—83), Г.Кролер (1919—22), Т.Гзоўская (1945—52), Л.Грубер (1955—70), Э.Бішаф (з 1972).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНА́МСКІ КАНА́Л (ісп. Canal de Panama, англ. Panama Canal),
штучны водны шлях міжнар. значэння на тэр. Панамы ў Цэнтр. Амерыцы, праз Панамскі перашыек у самай вузкай яго частцы. Злучае Атлантычны і Ціхі акіяны. Даўж. 81,6 км, у т. л. 65,2 км па сушы і 16,4 км па дне бухты Лімон Карыбскага м. і Панамскага зал., шыр. 150—305 м, глыб. па фарватэры 12,8—25,9 м; 12 шлюзаў. Штогадовы аб’ём перавозак каля 154 млн.т, доля транзіту больш за 80%. Штогод праз П.к. праходзяць больш за 14 тыс. грузавых суднаў. Каля Атлантычнага ўвахода ў П.к. порты Крыстобаль і Калон, каля ціхаакіянскага — Бальбоа і Панама.
Ідэя будаўніцтва П.к. існавала і абмяркоўвалася з пач. 16 ст. У 1879 рэалізацыю гэтага праекта пачала Францыя, якая выкарыстала супярэчнасці паміж ЗША і Вялікабрытаніяй і ўзяла канцэсію на буд-ва канала ва ўрада Калумбіі. Крах франц.акц. кампаніі (1888, гл.«Панама») і націск з боку амер. і брыт. ўрадаў прымусілі Францыю ў 1902 прадаць свае правы ЗША. У 1903, пры падтрымцы ЗША, Панама аддзялілася ад Калумбіі, і далейшыя пытанні, звязаныя з буд-вам і функцыянаваннем канала, рэгуляваліся Амерыкана-панамскімі дагаворамі 1903, 1936, 1955, 1977. Паводле дагавора 1903 ЗША атрымалі ў бестэрміновае карыстанне Панамскага канала зону, права будаваць і эксплуатаваць канал. Першае судна прайшло праз П.к. 15.8.1914, афіцыйна канал адкрыты 12.6.1920. Паводле амер.-панамскіх дагавораў 1977 П.к. з 1.1.2000 перайшоў пад кантроль Панамы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАПУЛІ́ЗМ (франц. populisme ад лац. populus народ),
арыентацыя суб’ектаў палітыкі (паліт. дзеячаў, партый) на паліт. ідэі шырокіх мас, незадаволеных сац. рэчаіснасцю. З’явіўся з развіццём капіталізму сярод «прамежкавых» паміж пралетарыятам і буржуазіяй пластоў грамадства, звычайна яго носьбіты — сяляне, фермеры, дробныя прадпрымальнікі, частка рабочых, люмпенаў і інш. Пераважна развіваецца ў эпоху сац. крызісаў. Напр., разнавіднасцю П. лічаць рас.народніцтва 19 ст. У ЗША партыя папулістаў (1891—1900) узнікла як альянс фермерскіх і рабочых арг-цый. П. пашырыўся ў многіх краінах Афрыкі і Азіі ў перыяд іх барацьбы за вызваленне ад калан. залежнасці. Папулісцкімі лідэрамі былі Сунь Ятсен у Кітаі, М.К.Гандзі ў Індыі, Сукарна ў Інданезіі і інш. У аснове П. ідэя роўнасці, роўных магчымасцей для ўсіх пластоў насельніцтва задавальняць свае жыццёвыя і грамадска-паліт. патрэбы. Адрозніваюць П. рэальны і спекуляцыйны. Рэальны П. — правядзенне правячай элітай палітыкі, накіраванай на абмежаванне пануючых сац. сіл (буйных капіталістаў і зямельных уласнікаў) на карысць шырокіх нар. мас (напр., палітыка прэзідэнта Чылі С.Альендэ Госенса ў 1970—73). Спекуляцыйны П. — паддобрыванне народа на ўзроўні лозунгаў дзеля прыходу да ўлады або яе ўтрымання, дасягнення карыслівых мэт і г.д. Гэтая форма П. асабліва характэрна для аўтарытарных, таталітарных, фаш. і інш. падобных рэжымаў. Такі П. — адзін з відаў сац. і паліт. дэмагогіі (гл.Дэмагог), маніпуліравання свядомасцю маладасведчаных людзей, галасамі выбаршчыкаў і г.д. Тэрмін П. (у спекуляцыйным значэнні) выкарыстоўваюць (часта ўзаемна) розныя паліт. партыі і плыні, каб абвінаваціць сваіх праціўнікаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСКА́ЛЬ ((Pascal) Блез) (19.6.1623, г. Клермон-Феран, Францыя — 19.8.1662),
французскі матэматык, фізік і філосаф, адзін з заснавальнікаў гідрастатыкі. Атрымаў дамашнюю адукацыю, з дзяцінства выявіў выдатныя матэм. здольнасці. Навук. працы па арыфметыцы, тэорыі лікаў, алгебры, тэорыі імавернасцей, механіцы, філасофіі. Сфармуляваў метад поўнай матэм. індукцыі, знайшоў агульную прыкмету падзельнасці цэлых лікаў. Прапанаваў спосаб вылічэння бінаміяльных каэфіцыентаў (трохвугольнік П.), сфармуляваў адну з асн. тэарэм праектыўнай геаметрыі (гл.Паскаля тэарэма). Сканструяваў першую лічыльную машыну (1641 або 1642). Адкрыў адзін з асн. законаў гідрастатыкі (гл.Паскаля закон), эксперыментальна пацвердзіў існаванне атм. ціску (1648) і даказаў, што ён памяншаецца з вышынёй, выявіў гідрастатычны парадокс. З 1655 жыў у манастыры янсеністаў у Пор-Раялі. Аўтар філас. трактатаў і сатырычных твораў. Ў філас. творах развіваў думкі аб трагічнасці і кволасці чалавека, які знаходзіцца паміж двума бяздоннямі — бясконцасцю і мізэрнасцю (чалавек — «чарацінка, якая мысліць»). Шлях спасціжэння таямніц быцця і выратавання чалавека ад адчаю бачыў у хрысціянстве. Адыграў значную ролю ў фарміраванні франц. класічнай прозы. Яго імем названа мова праграмавання — паскаль і адзінка ціску — паскаль.
Тв.:
Рус.пер. — Трактат о равновесии жидкостей // Начала гидростатики. 2 изд. М.; Л., 1933;
Из мыслей // Ларошфуко Фр. де, Паскаль Б., Лабрюйер Ж. де. Суждения и афоризмы. М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІТО́ЕВЫ, Пітаеф (Pitoēff),
французскія акцёры, тэатр. дзеячы. Нарадзіліся ў Тбілісі. Жорж П. (4.9.1884—17.9.1939), рэжысёр і акцёр; адзін з найбуйнейшых дзеячаў франц. тэатра 1920—30-х г. З 1905 вучыўся на юрыд. ф-це ў Парыжы; выступаў як акцёр у Рус.драм. гуртку. Пазней працаваў у Пецярбургу ў т-ры В.Камісаржэўскай, Першым перасоўным драм. т-ры П.Гайдабурава і Н.Скарскай; у 1912 заснаваў уласны «Наш тэатр». З 1915 у Швейцарыі, з 1922 у Парыжы, дзе ўзначальваў тэатр. трупы. Адзін з заснавальнікаў тэатр. саюза «Картэль» (1926), які імкнуўся да творчага і арганізацыйнага абнаўлення тэатра. Выступаў за стварэнне т-ра, прасякнутага паэзіяй і гуманізмам, блізкага народу, прапагандаваў драматургію А.Чэхава. Разам з тым зазнаў уплывы містыкі, сюррэалізму, фрэйдысцкіх канцэпцый. Паставіў спектаклі: «Гамлет» У.Шэкспіра (1920), «Святая Іаана» Б.Шоу (1925), «Тры сястры» Чэхава (1929) і інш. Сярод роляў: Гамлет (аднайм. п’еса Шэкспіра), Тузенбах, Трэплеў, Астраў («Тры сястры», «Чайка», «Дзядзька Ваня» Чэхава), Пратасаў («Жывы труп» Л.Талстога) і інш.
Людміла П. (25.12.1895—15.9.1951), актрыса, жонка Жоржа П. З 1916 выступала ў трупах мужа. Сярод роляў: Афелія («Гамлет» Шэкспіра), Медэя (аднайм. п’еса Сенекі), Іаанна («Святая Іаанна» Шоу), Маргарыта Гацье («Дама з камеліямі» А.Дзюма-сына), Соня, Ніна Зарэчная, Ірына («Дзядзька Ваня», «Чайка», «Тры сястры» Чэхава), Маша («Жывы труп» Талстога) і інш. З 1939 працавала ў Швейцарыі, ЗША, Канадзе, з 1945 — у Парыжы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛЕШЧАНІ́ЦЫ,
гарадскі пасёлак у Лагойскім р-не Мінскай вобл., на беразе Плешчаніцкага вадасховішча, на перасячэнні аўтамагістралей Барысаў—Вілейка і Мінск—Віцебск. За 27 км ад Лагойска, 67 км ад Мінска, 8,1 тыс.ж. (2000).
Вядомы з 16 ст. як вёска ў Мінскім пав.ВКЛ. З 1793 у Рас. імперыі, мястэчка, 50 двароў, цэнтр воласці ў Барысаўскім пав. Мінскай губ. У Айч. вайну 1812 рус. атрад ген. Я.І.Чапліца разбіў тут авангард 9-га франц. корпуса маршала К.Віктора. У 1817 іх уладальнікі Тышкевічы пабудавалі царкву, у 1825—35 працаваў прыгонны тэатр. У 19 ст. ў П. школа, царква, сінагога, бровар, 5 крам, 2 карчмы, 2 разы на год кірмашы. У 1897—1086 ж., нар. вучылішча, паштова-тэлегр. аддзяленне. З 17.7.1924 да 25.12.1962 цэнтр Плешчаніцкага раёна, потым у Лагойскім р-не Мінскай вобл. З 27.9.1938 гар. пасёлак. У Вял.Айч. вайну акупіраваны ням. фашыстамі, якія разбурылі пасёлак, у П. і раёне загубілі 2063 чал.; дзейнічала Плешчаніцкае маладзёжнае падполле, партызаны правялі Плешчаніцкую аперацыю 1943. У 1977 6,9 тыс. жыхароў.
Працуюць хлебазавод, птушкафабрыка, гандлёвае і швейнае прадпрыемствы; Плешчаніцкая геафізічная абсерваторыя. 2 сярэднія, муз., дзіцяча-юнацкая спарт. школы, ПТВ, 3 дашкольныя ўстановы, Дом дзіцячай творчасці, 2 б-кі, бальніца, камбінат быт. паслуг, Дом культуры, аддз. сувязі. Магіла ахвяр фашызму, брацкая магіла сав. воінаў і партызан, што загінулі ў Вял.Айч. вайну.