ядзерная геалогія, навука, якая вывучае радыеактыўныя працэсы (радыеактыўны распад, рэакцыі актывацыі, дзялення і сінтэзу ядзер) у прыродзе і адлюстраванне эвалюцыі атамных ядзер у развіцці Зямлі і касм. цел. Тэрмін «Р.» увёў У.І.Вярнадскі ў 1937. Садзейнічае вырашэнню праблем глыбіннай будовы Зямлі, вулканізму і тэктагенезу, эвалюцыі зямных абалонак, развіцця жывога рэчыва, сувязі касм. і геахім. працэсаў. З дапамогай радыеметрычных метадаў разведкі вядуцца пошукі карысных выкапняў. Цесна звязана з радыегеахіміяй, радыегідрагеалогіяй, ядзернай геафізікай, ядзернай геатэрмікай, касмахіміяй. Падзяляецца на ўласна Р., ізатопную геалогію і абсалютную геахраналогію. Даследуе прыродныя радыеізатопы (напр., урану 238U, 235U, торыю232Th, калію 40K, кальцыю 48Ca, рубідыю 87Rb і інш.), касмагенныя (метэарытаў, першаснага касм. выпрамянення і інш.), радыеізатопы, якія распаліся ў геал. мінулым, стабільныя ізатопы — канчатковыя прадукты распаду (напр., гелій 4He, ксенон 136Xe, свінец 204, 206, 208Pb, вісмут 210Bi і інш.), таксама абс. ўзрост горных парод (уран-свінцовы, калій-аргонавы, радыевугляродны і інш. метады), крыніцы і патокі цеплавой энергіі, радыяцыйна-хім. з’явы (радыёліз вады, ізатопны абмен і інш.). На Беларусі праблемамі Р. займаюцца ў Ін-це геал. навук Нац.АН.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЯЦЫ́ЙНАЙ МЕДЫЦЫ́НЫ І ЭНДАКРЫНАЛО́ГІІ НАВУКОВА-ДАСЛЕ́ДЧЫ КЛІНІ́ЧНЫ ІНСТЫТУ́ТМіністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь.
Засн. 17.12.1996 у Мінску на базе НДІ радыяцыйнай медыцыны (з 1988). Праводзіць н.-д., клінічную, пед. і арганізацыйна-метадычную дзейнасць, мед. рэабілітацыю. Аспірантура з 1998. Асн. кірункі даследаванняў: ацэнка ўплыву экалагічных, антрапа- і тэхнагенных фактараў на стан здароўя людзей; навукова-прыкладныя даследаванні па вывучэнні патагенезу, дыягностыкі, лячэння, прафілактыкі, мед. і медыка-прафесійнай рэабілітацыі хворых, стан якіх выкліканы рознымі антрапа- і тэхнагеннымі фактарамі навакольнага асяроддзя і прафес. дзейнасцю (прыярытэтныя кірункі: распрацоўка прафілактычных і лячэбных метадаў на аснове прынцыпаў доказнай тэрапіі; у распрацоўцы дыягнастычных метадаў — не- або малаінвазіўнасць даследаванняў і іх даназалагічны ўзровень); правядзенне работ па радыяцыйнай бяспецы і ахове насельніцтва Беларусі ад уздзеяння іанізавальнага выпрамянення; аналіз і ўкараненне ў практыку аховы здароўя дасягненняў сусв. навукі; арганізацыя і выкананне праектаў па міжнар. супрацоўніцтве і інш.
У складзе ін-та 5 аддзелаў, 12 н.-д. лабараторый, клініка, Віцебскі і Гомельскі філіялы. Выдае зб.навук.прац. У ін-це працуе акад.Нац.АН Беларусі Я.П.Дзямідчык.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСКЛА́ДАЎ ТЭО́РЫЯ,
раздзел аперацый даследавання, дзе будуюцца і аналізуюцца матэм. мадэлі каляндарнага планавання (упарадкавання і ўзгаднення ў часе пэўнай сукупнасці дзеянняў, падзей, аперацый, работ і інш.). Асн. мэта Р.т. — распрацоўка метадаў рашэння аптымізацыйных задач, што ўзніклі пры гэтым (гл.Аптымізацыі задачы і метады).
У задачах Р.т. зыходныя даныя звычайна дэтэрмінаваныя, у адрозненне ад задач масавага абслугоўвання тэорыі. Таму разглядаецца клас задач абслугоўвання канечнага мноства патрабаванняў адной ці некалькімі прыладамі ў дэтэрмінаванай абслуговай сістэме. Вывучаюцца таксама выліч. складанасць задач, магчымасці пабудавання набліжаных алгарытмаў рашэння, устойлівасць рашэнняў, многакрытэрыяльныя задачы. Выкарыстоўваецца ў кіраванні вытв-сцю, распрацоўцы графікаў руху транспарту, праграмна-мэтавым планаванні і кіраванні буйнымі праектамі, пабудаванні раскладаў заняткаў у навуч. установах, дыспетчарызацыі інфармацыйна-выліч працэсаў і інш.
На Беларусі даследаванні па праблемах Р.т. вядуцца з 1960-х г. у Ін-це матэматыкі і Ін-це тэхн. кібернетыкі Нац.АН, БДУ і інш.
Літ.:
Танаев В.С., Гордон В.С., Шафранский Я.М. Теория расписаний: Одностадийные системы. М., 1984;
Танаев В.С., Сотсков Ю.Н., Струсевич В.А. Теория расписаний: Многостадийные системы. М., 1989;
іх жа. Математические модели и методы календарного планирования. Мн., 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АВІЯ́ЦЫЯ (франц. aviation ад лац. avis птушка),
тэорыя і практыка палётаў у каляземнай паветр. прасторы на апаратах, цяжэйшых за паветра; арганізацыя (служба), якая выкарыстоўвае для палётаў такія апараты. Адрозніваюць грамадзянскую авіяцыю (трансп., сан., спарт., спец. прызначэння і інш.) і ваенную (ваенна-паветраныя сілы, марская авіяцыя, ППА). Для забеспячэння руху па авіялініях грамадз. авіяцыя мае: парк самалётаў і верталётаў, аэрадромы і аэрапорты; службы кіравання палётамі. Асн. абсталяванне лятальных апаратаў: авіяцыйныя рухавікі і паветраныя вінты; электрамех., гідраўл. і пнеўматычныя прыстасаванні для забеспячэння ўзлёту, пасадкі, кіравання; авіяц. прыборы і сістэмы (паветранай скорасці ўказальнік, вышынямер, авіягарызонт, аўтапілот, авіякомпас, гіраскапічныя прыстасаванні і інш.); сродкі навігацыі паветранай, электронікі, выліч. тэхнікі і г.д.Самалётаваджэнне забяспечваюць таксама наземныя сродкі: радыёстанцыі, радыёмаякі, радыёлакацыйныя станцыі, святломех. кодавыя і сігнальныя агні. Авіяцыя развіваецца дзякуючы навук. даследаванням у галінах аэрадынамікі, газавай дынамікі, балістыкі, тэорыі рухавікоў і інш.
Развіццё авіяцыі пачалося з паветраплавання. Франц. марак Ле Бры ў 1857—67 ажыццявіў палёты на пабудаваным ім планёры, ням. інжынер О.Ліліенталь у 1891—96 пабудаваў і выпрабаваў некалькі планёраў. Рус. вынаходнік А.Ф.Мажайскі ў 1881 атрымаў першы патэнт на самалёт, абсталяваны парасілавой устаноўкай. Упершыню ў 1890 адарваўся ад зямлі самалёт з паравым рухавіком франц. інжынера К.Адэра. У 1903 падняліся ў паветра на самалёце з рухавіком унутр. згарання амер. вынаходнікі браты У. і О.Райт. З 1906 будаваў самалёты франц. інжынер Л.Блерыё, які ўпершыню (1909) пераляцеў Ла-Манш. У 1909—14 у Расіі распрацаваны самалёты канструкцыі Я.М.Гакеля, Дз.П.Грыгаровіча і інш. Палёт на біплане ўласнай канструкцыі ў 1910 ажыццявіў А.С.Кудашаў (Кіеў). Прыярытэт у канструяванні верталёта (1909) належыць І.І.Сікорскаму, па яго праекце ў 1913 пабудаваны самалёт-біплан «Рускі віцязь» з 4 рухавікамі па 100 к.с. (удасканаленай канструкцыяй гэтага самалёта быў «Ілья Мурамец»). Тэорыю верталёта ў 1910—12 распрацаваў рус. інжынер Б.М.Юр’еў. Вялікі ўплыў на развіццё авіяцыі зрабілі працы М.Я.Жукоўскага і С.А.Чаплыгіна. Папулярызацыі і развіццю авіяцыі садзейнічалі палёты рус. лётчыкаў М.Яфімава, М.Папова, Р.Аляхновіча, Б.Расінскага, С.Утачкіна, А.Васільева, Л.Андрэадзі, Л.Маціевіча і інш. У 1910 Папоў дасягнуў рэкорднага ўзлёту на вышыню 600 м, Аляхновіч у 1911 зрабіў 100-кіламетровы пералёт з рэкорднай скорасцю 92 км/гадз. Далейшае развіццё авіяцыя атрымала ў гады 1-й сусв. вайны: скорасць самалётаў вырасла да 220 км/гадз, вышыня палётаў — да 7 тыс.м.Рус. лётчык П.М.Несцераў распрацаваў асновы тэхнікі пілатажу і здзейсніў палёт (1913) па пятлі ў верт. плоскасці (гл.Несцерава пятля). У 1916 першым увёў самалёт у штопар, каб прадэманстраваць спосаб выхаду з яго, рус. лётчык К.Арцаулаў. У час вайны выкарыстоўваліся цяжкія самалёты-бамбардзіроўшчыкі тыпу «Ілья Мурамец», якія мелі экіпаж да 8 чал., падымалі да 500 кг бомбаў, былі ўзброены 3—7 кулямётамі (камандзірам такога бамбардзіроўшчыка быў А.М.Касценчык з Гродна). Развіццю авіяцыі садзейнічалі працы У.П.Вятчынкіна, А.А.Мікуліна, Б.С.Сцечкіна ў галіне тэорыі рухавікоў. У 1922 разгарнулі дзейнасць авіяц. канструктарскія бюро Грыгаровіча, М.М.Палікарпава, А.М.Тупалева, А.Дз.Швяцова і інш., на самалётах якіх былі атрыманы рэкордныя вынікі. Экіпаж лётчыка М.М.Громава на самалёце «Пралетарый» канструкцыі Тупалева ў 1926 ажыццявіў пералёт па Еўропе. На самалёце «Краіна Саветаў» (таго ж канструктара) экіпаж лётчыка С.А.Шастакова ў 1929 пераляцеў з Масквы ў Нью-Йорк праз Сібір і Камчатку. У 1937 экіпажы В.П.Чкалава і Громава зрабілі беспасадачныя пералёты ад Масквы да Амерыкі праз Паўн. полюс. З 1932 канструктары працавалі над развіццём знішчальнай авіяцыі і стварылі першыя скарасныя знішчальнікі-манапланы, якія дасягалі скорасці 450 км/гадз і вышыні палёту 10 км.
У гады 2-й сусв. вайны значную ролю адыграў самалёт-штурмавік Іл-2 канструкцыі С.У.Ільюшына. Знішчальнікі Як-3, Як-9 канструкцыі А.С.Якаўлева сталі асн. самалётамі знішчальнай авіяцыі. Знішчальнікі МіГ-3 (А.І.Мікаяна і М.І.Гурэвіча), Ла-5, Ла-7, Ла-9 (С.А.Лавачкіна), бамбардзіроўшчыкі Ту-2 (Тупалева), Пе-2, Пе-8 (У.М.Петлякова) не саступалі нямецкім (напр., Ме-109 М), а па асн. паказчыках пераўзыходзілі іх. Пад канец вайны скорасць знішчальнікаў дасягала 700 км/гадз, далёкасць палёту 3 тыс.км, вышыня палёту 13,5 км; скорасць бамбардзіроўшчыкаў — 600 км/гадз, бомбавая нагрузка 5—6 т, вышыня палёту 10,5 км.
Вял. дасягненне авіяцыі — выкарыстанне рэактыўных рухавікоў. Скорасць гуку была дасягнула на самалёце МіГ-17 з такім рухавіком (1948), звышгукавая скорасць на самалёце МіГ-19. Далейшае развіццё авіяцыі было звязана з распрацоўкай магутных і лёгкіх газатурбінных рухавікоў. Створаны самалёты верт. ўзлёту і пасадкі, са зменнай у палёце геаметрыяй крыла. П.В.Сухім распрацаваны рэактыўныя самалёты Су-9, Су-15 і інш. звышгукавыя знішчальнікі са стрэлападобным і трохвугольным крылом. У 1965 пабудаваны трансп. самалёт Ан-22 («Антэй») з найб. у свеце грузападымальнасцю (канструкцыя А.К.Антонава), у 1977 — самалёт кароткага ўзлёту і пасадкі Ан-72. Да канца 1970-х г. скорасць самалётаў дасягнула 3500 км/гадз, найб. вышыня да 30 км, далёкасць палёту больш за 10 тыс.км. Шырокае развіццё атрымалі верталёты. У 1968 пабудаваны верталёт В-12 (канструкцыі М.Л.Міля) рэкорднай грузападымальнасці (12 т). Створаны верталёты разнастайнага прызначэння канструкцыі М.І.Камава. Скорасць верталётаў дасягнула 355 км/гадз, грузападымальнасць 40 т, далёкасць палёту 3400 км, найб. вышыня 12,5 км. У 1980—90-я г. высокімі лётна-тэхн. паказчыкамі вылучаюцца самалёты МіГ-29, МіГ-31, Су-25, Су-27, Ту-160, Ту-154М, аэробус Іл-86, Ан-124 «Руслан», Як-42, Як-96, Ту-204; верталёты Мі-26, Мі-10К (верталёт-кран), Ка-32, вінтакрыл Ка-22, аэрасані Ка-30 і інш. У краінах Зах. Еўропы і Амерыкі ў пасляваен. перыяд на ўзбраенні былі самалёты розных тыпаў і прызначэння, напр. знішчальнікі F-4 «Фантом» і F-104 «Старфайтэр» (ЗША), «Міраж» F.1C і «Міраж-2000» (Францыя), «Тарнада» GR.1 (Вялікабрытанія), знішчальнік-перахопнік F-15 «Ігл», стратэгічныя бамбардзіроўшчыкі B-52 і B-1B, ваенна-транспартны C-5B «Гелаксі» (грузападымальнасць да 118 т), ваенна-камандны пункт E-4B і самалёт радыёэлектроннай барацьбы EF—111A, сістэмы далёкага радыёлакацыйнага выяўлення АВАКС (на базе «Боінга-707», усе ЗША); эксплуатуюцца пасаж. самалёты: амер. «Боінгі» розных тыпаў, франка-герм. шырокафюзеляжны A-320 (на 331 месца), англа-франц. звышгукавы «Канкорд» і інш. У 1944 створана Міжнар.арг-цыяграмадз. авіяцыі (ІКАО), якая распрацоўвае рэкамендацыі і стандарты па правах палётаў, эксплуатацыі самалётаў, забеспячэння бяспекі палётаў і інш. Значны ўплыў зрабіла авіяцыя на касманаўтыку.
На Беларусі авіялініі звязваюць паміж сабой многія гарады, а таксама рэспубліку з замежнымі краінамі (гл. ў арт.Паветраны транспарт). Статус міжнар. атрымалі абл. аэрапорты Брэста, Гомеля, Гродна, а Мінск-2 пацвердзіў II катэгорыю ІКАО. Працуюць 5 авіякампаній, у т. л. «Белавія» (эксплуатуюцца самалёты: на магістральных трасах Ту-154Б, Ту-154М, Ту-134А, Ан-26, на мясцовых Ан-24, Як-40, Ан-2; верталёты Ка-26, Мі-2 і інш.), Мінскі авіярамонтны з-д (рамантуе самалёты Ту-134, Як-40, Як-42), авіярамонтныя з-ды ў Баранавічах і пад Оршай, Мінскі дзярж.авіяц. каледж (рыхтуе спецыялістаў для грамадз. і ваен. авіяцыі). Сан. авіяцыя забяспечана сан. самалётамі і верталётамі. Авіяцыя спец. прызначэння абслугоўвае сувязь, геал. экспедыцыі, сельскую гаспадарку, пажарную ахову і інш.Гл. таксама Авіяцыйная прамысловасць, Авіяцыйны спорт.
Літ.:
Пономарёв А.Н. Авиация настоящего и будущего. М., 1984;
Яковлев А.С. Советские самолёты. 4 изд. М., 1982;
Андреев И. Боевые самолёты. М., 1981.
Да арт.Авіяцыя. Самалёты: 1 — А.Ф.Мажайскага; 2 — братоў Райт; 3 — «Ілья Мурамец».Да арт.Авіяцыя. Самалёты перыяду 2-й сусветнай вайны: 4 — Іл-2; 5 — Як-3; 6 — МіГ-З; 7 — Ла-7; 8 — Пе-8; 9 — Ме-109 (Германія).Да арт.Авіяцыя. Самалёты і верталёты пасляваенных гадоў: 10 — МіГ-19; 11 — самалёт вертыкальнага ўзлёту і пасадкі Як-38; 12 — самалёт са зменнай геаметрыяй крыла МіГ-23; 13 — Ту-154 Іл-76; 14 — Іл-76 Ту-154; 15 — верталёт Мі-10К.Да арт.Авіяцыя. Самалёты і верталёты пасляваенных гадоў: 16 — Як-42; 17 — верталёт Ка-26; 18 — F-15 «Ігл» (ЗША); 19 — A-320 (Францыя —Германія).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІЗАНЦІНАЗНА́ЎСТВА, візанціністыка,
галіна гістарыяграфіі сярэдніх вякоў; комплекс Навук. якія займаюцца вывучэннем гісторыі, права, мовы і культуры Візантыі. Як асобная галіна аформілася ў 2-й пал. 19 ст., калі ў навуцы ўсталяваўся і сам тэрмін «Візантыя». Цікавасць да Візантыі выявілася яшчэ ў раннім сярэднявеччы ў Арменіі, Грузіі, паўд.-слав. краінах і Стараж. Русі, гіст. лёсы якіх былі цесна звязаны з імперыяй. Ужо ў 10—11 ст. ў паўд. і зах. славян з’явіліся пераклады візант. хронік. У Зах. Еўропе сістэм. вывучэнне гісторыі Візантыі пачалося ў эпоху Адраджэння. У Францыі з сярэдзіны 17 да пач. 18 ст. выдадзены т.зв. Парыжскі шматтомны корпус візант. апавядальных помнікаў. Заснавальнікам навук. візанціназнаўства ў Вялікабрытаніі быў Э.Гібан. У Германіі з 1828 стаў выходзіць т.зв. Бонскі корпус — «Збор аўтараў па візантыйскай гісторыі» (у 1897 — 50-ы том). У 1892 ням. філолаг і літаратуразнавец К.Крумбахер заснаваў спец.час.-штогоднік «Byzantinische Zeitschrift» («Візантыйскі часопіс»), які стаў важнейшым арганізуючым цэнтрам міжнар. візанціназнаўства. У Рас. імперыі станаўленне візанціназнаўства завяршылася ў 2-й пал. 19 ст.Асн. ролю ў ім адыграў В.Р.Васільеўскі. Ён у 1894 заснаваў час.-штогоднік «Византийский временник», які таксама стаў арганізуючым цэнтрам міжнар. візанціназнаўства. Значны ўклад у развіццё візанціназнаўства зрабілі Ф.І.Успенскі, М.А.Скабалановіч, Б.А.Панчанка, К.М.Успенскі і інш.Вял. ролю адыгралі працы Н.П.Кандакова па мастацтве Візантыі. Асабліва значнага развіцця дасягнула візанціназнаўства ў перыяд паміж 1-й і 2-й сусв. войнамі і пасля 1945. Узніклі новыя навук. цэнтры і школы візанціназнаўства, у Францыі, ЗША, Аўстрыі і інш. выйшлі новыя спец. выданні [час. А.Грэгуара, «Byzantion» («Візантыя») у Бельгіі і інш.]. Буйны цэнтр візанціназнаўства склаўся ў ЗША, у ФРГ створана філолага-крыніцазнаўчая школа Ф.Дзёльгера, Г.А.Астрагорскі ў Югаславіі напісаў першы поўны курс візант. гісторыі. У СССР у 1930-я г. буйны арганізац.навук. цэнтр візанціназнаўства пад кіраўніцтвам М.В.Леўчанкі створаны ў Ленінградзе, а пасля вайны і ў Маскве (у Ін-це гісторыі АНСССР група візанціназнаўства пад кіраўніцтвам Я.А.Касмінскага). Значны ўклад у развіццё візанціназнаўства зрабілі сав. вучоныя З.В.Удальцова, Г.Л.Курбатаў, Г.Г.Літаўрын, В.М.Лазараў, В.Дз.Ліхачова і інш. Важнейшыя навук. цэнтры сучаснага візанціназнаўства дзейнічаюць пры ун-тах і АН Аўстрыі, Балгарыі, Вялікабрытаніі, Германіі, Грэцыі, ЗША, Італіі, Расіі, Францыі і інш. На Беларусі пытанні візанціназнаўства распрацоўваюцца ў БДУ.
Літ.:
История Византии. Т. 1—3. М., 1967;
Удальцова З.В. Советское византиноведение за 50 лет. М., 1969.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАМАРФАЛО́ГІЯ (ад геа... + марфалогія),
навука, якая вывучае вонкавую будову, паходжанне, гісторыю развіцця рэльефу зямной паверхні, а таксама рэльеф паверхні Месяца і планет Сонечнай сістэмы. Падзяляецца на агульную (разглядае агульныя заканамернасці геамарфалагічных працэсаў), рэгіянальную (вывучае рэльеф асобных участкаў), планетарную (даследуе рэльеф Зямлі ў цэлым ці найб.вял. яго формы, а таксама паверхні планет зямной групы), прыкладную (кірункі выкарыстання геамарфалагічных даных у розных галінах гасп. дзейнасці). У агульных раздзелах геамарфалогіі вылучаюць больш вузкія яе кірункі: геамарфалогія сушы і марскую (знешні выгляд рэльефу сушы і марскога дна), структурную (асаблівасці ў рэльефе структуры зямной кары і формаў рэльефу, што ўтвораны тэктанічнымі рухамі), кліматычную (даследуе рэльеф, які ўтварыўся ў выніку дзейнасці экзагенных фактараў); палеагеамарфалогію (вывучае будову зямной паверхні ў асобныя этапы геал. мінулага); марфалогію і марфаметрыю, гляцыянальную, дэнудацыйную, антрапагенную (тэхнагенную), інжынерную і інш. Выкарыстоўвае геамарфалагічныя, геал., геагр., геафіз., біял. і матэм. метады даследавання, матэрыялы дыстанцыйных здымак.
Геамарфалогія як навука ўзнікла ў канцы 19 — пач. 20 ст. Яе асновы заклалі У. М.Дэйвіс (ЗША), Ф.Рыхтгофен, А.Пенк, В.Пенк (Германія), П.А.Крапоткін, І.В.Мушкетаў (Расія).
На Беларусі навук. даследаванні пачаліся ў 1-й пал. 19 ст. Агульнагеагр. і геал. даследаванні, апісанне асобных раёнаў, характарыстыку рачных далін зрабілі В.М.Севяргін, Е.П.Зяблоўскі, Р.П.Гельмерсен і інш. У 2-й пал. 19 ст. — пач. 20 ст. новыя даныя па генезісе і эвалюцыі рэльефу атрымалі Я.У.Апокаў, А.Э.Гедройц, В.В.Дакучаеў і інш. Значны ўклад у пазнанне асаблівасцей будовы зямной паверхні зрабілі работы па асушэнні балот пад кіраўніцтвам І.І.Жылінскага. Новы этап пачаўся з утварэннем Геал. ін-та ў складзе Ін-та бел. культуры, пазней — у АН. У пасляваенны час на базе геал.-здымачных работ складаліся геамарфалагічныя карты, абгрунтаваны шэраг стратыграфічных схем антрапагену і дэталізаваны палеагеамарфалагічныя тэр. Беларусі (Ф.Ю.Велічкевіч, Л.М.Вазнячук, Г.І.Гарэцкі, Б.М.Гурскі, Э.А.Ляўкоў, А.В.Мацвееў, Н.Л.Махнач, М.М.Цапенка і інш.), створаны новы кірунак — вучэнне аб стараж. рачных далінах і ледавіковых лагчынах (палеапатамалогія; Гарэцкі), удакладнены генезіс і гісторыя развіцця многіх тыпаў рэльефу (В.К.Лукашоў, В.П.Якушка і інш). Шырокае развіццё атрымалі структурна-геамарфалагічныя даследаванні і вывучэнне колькасных характарыстык рэльефу (З.А.Гарэлік, В.М.Губін, Ляўкоў і інш.), створана новая генетычная класіфікацыя рэльефу і схемы геамарфалагічнага раянавання (В.А.Дзяменцьеў, Вазнячук, Мацвееў і інш.), складзены і выдадзены серыі геамарфалагічных картаў. Даследаванні рэльефу Беларусі з 1979 каардынуе Геамарфалагічная камісія АН Беларусі.
Літ.:
Матвеев А.В. История формирования рельефа Белоруссии. Мн., 1990;
Энцыклапедыя прыроды Беларусі. Т. 1—5. Мн., 1983—86.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Кі́пець ’пазногаць, кіпцюр, ногаць’ (ТСБМ, Янк. 1, Мат. Гом., Некр., ТС, КЭС, лаг., Мал., Сл. паўн.-зах., Грыг., Мат. АС, Касп., Яруш.). Верагоднае запазычанне з балтыйскіх моў. Параўн. літ.kìbčius ’задзіра’, kė́pčiotis ’задзірацца’ (Сл. паўн.-зах., 463). Арашонкава і інш. (Весці АН БССР, 1971, 1, 93) сцвярджалі сувязь з літ.kìbti ’чапляцца’, kìbčius ’той, хто чапляецца’ без кваліфікацыі характару гэтай сувязі. Упершыню беларускія словы разглядаліся як запазычаныя з балтыйскіх моў у Лаўчутэ (Балтизмы, 114).
Кіпе́ць ’бурліць, клекатаць ад пары, якая ўтвараецца пры награванні вадкасці’ (ТСБМ, Сл. паўн.-зах.), ’варыцца’ (Сл. паўн.-зах.), ’гніць, псавацца’ (Янк.), кіпець на сэрцы ’моцна злавацца, крыўдзіцца, знешне не выказваючы пачуццяў’ (Юрч. Фраз. 2), укр.кипіти, рус.кипеть ’тс’, балг.кипя, макед.кипи, серб.-харв.ки́пети, славен.kipéti, польск.kipieć, чэш.kypěti, славац.kypieť, н.-луж.kipieś ’тс’, ст.-слав.кыпѣти і в.-луж.kipić маюць значэнне ’выцякаць’. Яшчэ балта-славянская інавацыя: параўн. літ.kūpė́ti ’кіпець’, ’выцякаць’. Іншыя балтыйскія паралелі маюць больш далёкую семантыку. Параўн. лат.kûpêt ’дыміцца’ і ст.-прус.kupsins ’імгла’ (Тапароў, K–L, 296–300). Астатнія індаеўрапейскія паралелі яшчэ больш далёкія па сваёй семантыцы: ст.-інд.kúpyati ’гневацца’, лац.cupio ’жадаю’ і інш. (Фрэнкель, 325). Як відаць з гэтага, балта-славянскія значэнні больш старажытныя. Далейшы семантычны аналіз вядзе да прасторавых паняццяў «выпукласці» і «ўвагнутасці», якія ляжаць у аснове кіпення. Параўн. ст.-іран.kaufа ’гара’ і ст.-інд.kū́pa ’яма’ (Тапароў, там жа, 298).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
ВАЛЯР’Я́Н, маун (Valeriana),
род кветкавых раслін сям. валяр’янавых. Больш за 200 відаў. Пашыраны пераважна ў Паўд. Амерыцы, таксама ў Еўропе, Азіі і Паўн. Амерыцы. На Беларусі пашыраны валяр’ян лекавы (V. officinalis), у межах якога вылучаюць больш дробныя віды. Расце на сырых лугах, балотах, па берагах рэк, азёр і канаў, у забалочаных лясах і хмызняках, культывуецца як лек. расліна. Таксама трапляецца вельмі рэдкі рэліктавы від — валяр’ян двухдомны (V. dioica), занесены ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь. У Цэнтр.бат. садзе АН як дэкар. і лек. (заменнік валяр’яну лекавага) расліна інтрадукаваны валяр’ян ліпалісты (V. tiliifolia).
Адна-, двух- і шматгадовыя травяністыя расліны з прамастойным, у верхняй ч. галінастым сцяблом выш. 5—100 см і тоўстым карэнішчам з мноствам каранёў, таксама паўкусты, кусты і ліяны. Сцябловае лісце супраціўнае, цэласнае, трайчастае або няпарнаперыстарассечанае. Кветкі дробныя, духмяныя, ружаватыя, бэзаватыя, радзей белыя, у складаных шчыткападобна-мяцёлчатых або галоўчатых суквеццях. Плод — дробная сямянка з лятучкай. Лек. (заспакаяльны, процісутаргавы, проціспазмалітычны і проціглісны сродак, карані і прэпараты з іх выкарыстоўваюць у медыцыне), дэкар. і меданосныя расліны. Маюць эфірны алей, арган. к-ты, алкалоіды (валярын, хацінін), гліказіды, смолы, дубільнікі, цукры і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕСЯЛО́ЎСКІ (Аляксандр Мікалаевіч) (16.2.1838, Масква — 23.10.1906),
рускі філолаг. Акад.Пецярб.АН (1880). Скончыў Маскоўскі ун-т (1858). Праф.Пецярб. ун-та (1872). Пачынальнік параўнальна-гіст. метаду ў літаратуразнаўстве. Заснавальнік т.зв. школы запазычанняў у рус.філал. навуцы. Перагледзеў прынцыпы міфалагічнай школы («Славянскія сказанні пра Саламона і Кітаўраса і заходнія легенды пра Марольфа і Мерліна», 1872). У «Даследаваннях у галіне рускага духоўнага верша» (вып. 1—6, 1879—91) упершыню раскрыў ролю апокрыфаў. Распрацаваў прынцыпы гіст. вывучэння міфалогіі («Параўнальная міфалогія і яе метад», 1873), нар. эпасу («Паўднёва-рускія быліны», 1881—84), літ. жанраў («Тэорыя паэтычных родаў у іх гістарычным развіцці», ч. 1—3, 1883—86). Даследаваў пытанні бел. культуры: пашырэнне былін на Беларусі [арт. «Рускія і вільціны ў сазе пра Тыдрэка Бернскага (Веронскага)», 1906], творчую гісторыю перакладаў аповесцей на бел. мову з сербскай (арт. «Беларускія аповесці пра Трышчана, Баву і Атылу ў Пазнанскім рукапісе канца XVI стагоддзя», 1887 і 1888), упершыню апублікаваў тэксты гэтых помнікаў. Вывучаў бел. фальклор (арт. «Гетэрызм, пабрацімства і кумаўство ў купальскай абраднасці», 1894).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАГДАНО́ВІЧ (Адам Ягоравіч) (1 ці 6.4.1862, г.п. Халопенічы Крупскага р-на Мінскай вобласці — 16.4.1940),
бел. этнограф, гісторык культуры, фалькларыст, мовазнавец. Бацька М.Багдановіча. Скончыў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю (1882). Настаўнічаў, удзельнічаў у рэв. руху мінскіх нарадавольцаў. З 1885 заг. гарадскога пач. вучылішча ў Мінску. З 1892 у сял. зямельным банку ў Гродне. З 1896 у Ніжнім Ноўгарадзе, з 1907 у Яраслаўлі. Збіраў фалькл.-этнагр. матэрыялы, дасылаў іх П.Шэйну. Апублікаваў гіст. нарыс «Пра паншчыну» (1894), даследаванне «Перажыткі старажытнага светасузірання ў беларусаў» (1895), у якім аналізаваў перажыткі анімізму, фетышызму, культу сонца, нячыстай сілы і інш. У 1923 перадаў у Інбелкульт рукапісы М.Багдановіча. Аўтар успамінаў пра сына. Рукапісы прац Бадановіча «Мова зямлі. Утварэнне водарачных імёнаў і што ад іх паходзяць», «Этнічны склад народаў славянскіх і рускіх», «Этнічны склад беларускага народа», «Рэвалюцыйны рух у г. Мінску і губерні ў 80 і пачатку 90-х гг.», «Да гісторыі партыі «Народнай волі» ў Мінску і Беларусі, 1880—1892 г.» у Ін-це л-ры АН Беларусі.