ЭКАЛОГІЯ

Асобныя экалагічныя даследаванні на Беларусі вяліся з 1920-х г. Вывучаліся лясная, лугавая і балотная расліннасць у сувязі з якасцямі глеб (У.​У.​Адамаў, І.​Г.​Васількоў, В.​С.​Палянская, Н.​М.​Савіч і інш.), дынаміка і геаграфічнае пашырэнне паляўнічай фауны (У.​У.​Стачынскі, І.​М.​Сяржанін, А.​У.​Фядзюшын). У 1930-я г. экалогія сфарміравалася ў самастойную навук. дысцыпліну.

У НДІ эксперыментальнай батанікі АН Беларусі даследавана і праведзена прыродна-гістарычнае раянаванне тэр. Беларусі (І.​С.​Лупіновіч); дадзена дэталёвая характарыстыка глеб краіны як асноўнага экалагічнага фактара (М.​П.​Булгакаў, А.​Р.​Мядзведзеў, В.​І.​Пашын, У.​М.​Пілько, П.​П.​Рагавой), тыпалагічная характарыстыка лясоў (У.​С.​Адзярыха, В.​С.​Гельтман, Дз.​С.​Голад, М.​Ф.​Лоўчы, А.​З.​Цюцюноў, І.​Д.​Юркевіч). Распрацаваны экалагічныя падыходы да інтрадукцыі дрэвавых парод і вылучаны інтрадукцыйныя рэгіёны Беларусі (А.​Ф.​Іваноў, Л.​У.​Краўчанка, Г.​І.​Маргайлік, М.​Дз.​Несцяровіч, А.​У.​Панамарова, Л.​І.​Рахцеенка і інш.). Вывучана экалогія лугавой і балотнай расліннасці (Н.​А.​Буртыс, Е.​А.​Круганава, І.​М.​Сцепановіч). Даследаваны заканамернасці ўзаемаадносін раслін у згуртаваннях (Г.​І.​Калашнікава, І.​А.​Каураў, Л.​А.​Крот, Б.​С.​Мартыновіч, І.​Ф.​Мінько, І.​Н.​Рахцеенка, Б.​І.​Якушаў і інш.), уплыў гасп. дзейнасці чалавека на дынаміку флоры і расліннасці (Н.​Ф.​Казлоўская, Г.​А.​Кім, А.​М.​Маслоўскі, В.​І.​Парфёнаў, Г.​Ф.​Рыкоўскі і інш.), асаблівасці росту і развіцця дрэвавых парод на балотах, шляхі павышэння прадукцыйнасці балотных лясоў (В.​А.​Іпацьеў, Л.​П.​Смаляк). Даследуюцца пытанні індустрыяльнай экалогіі (В.​Р.​Анціпаў, Н.​У.​Гетко, Я.​А.​Сідаровіч, М.​У.​Смольскі, С.​А.​Сяргейчык, К.​Дз.​Чубанаў і інш.).

У Ін-це заалогіі Нац. АН Беларусі даследаваны асобныя пытанні экалогіі жывёл: пашырэнне найб. важных груп жывёл у сувязі з умовамі асяроддзя, акліматызацыя каштоўных прамысловых жывёл, складаныя фауністычныя комплексы, пытанні аховы, аднаўлення і рэканструкцыі жывёльнага свету Беларусі (І.​Ц.​Арзамасаў, М.​С.​Долбік, П.​Р.​Козла, М.​Я.​Нікіфараў, М.​М.​Пікулік, А.​Я.​Пленін, Л.​М.​Сушчэня, І.​М.​Сяржанін і інш.).

Асаблівая ўвага звяртаецца на вывучэнне праблем, звязаных з радыеактыўным забруджваннем раслін і глеб прыродных фітацэнозаў у сувязі з Чарнобыльскай катастрофай. Вывучаны маштабы радыеактыўнага забруджвання, заканамернасці акумуляцыі і міграцыі радыенуклідаў; распрацаваны прагноз уздзеяння радыеактыўных выкідаў на расліннасць. Рэкамендацыі па выкарыстанні расл. рэсурсаў зон радыеактыўнага забруджвання даны ў працах А.​І.​Забалотнага, С.​А.​Дзмітрыевай, Б.​С.​Мартыновіча, В.​І.​Парфёнава, Б.​І.​Якушава і інш. (Ін-т эксперыментальнай батанікі Нац. АН Беларусі), У.​Ф.​Багінскага, І.​М.​Булавіна, В.​А.​Іпацьева (Ін-т лесу Нац. АН Беларусі) і інш. Праводзяцца даследаванні па экалогіі прыродных радыеактыўных ізатопаў калію-40 і урану-238 (Ж.​М.​Анісава, М.​М.​Карсека, Б.​І.​Якушаў).

Створаны ў 1990 Ін-т праблем выкарыстання прыродных рэсурсаў і экалогіі вырашае комплекс задач па выпрацоўцы біясферна сумяшчальнай тактыкі прыродакарыстання ў сучасных умовах. Вывучана класіфікацыя біясферных функцый балотных экасістэм (М.​М.​Бамбалаў, В.​А.​Раковіч). Праведзена ацэнка эмісіі і сцёку вуглякіслага газу ў атмасферу рознымі экасістэмамі (В.​В.​Каляда, У.​Ф.​Логінаў, Р.​І.​Сачок), уздзеяння ўстойлівых арганічных забруджвальнікаў (С.​В.​Какарэка, Т.​І.​Кухарчык). Вывучаны ўдзельныя выкіды розных вытворчасцей і трансгранічны перанос забруджвальнікаў (С.​В.​Какарэка, Т.​І.​Кухарчык, В.​С.​Хоміч), заканамернасці змянення кліматычных умоў краіны пад уплывам прыродных і антрапагенных фактараў (Г.​П.​Кузняцоў, І.​Р.​Логінаў, У.​С.​Мікуцкі). Праведзена ацэнка адаптацыі шэрагу галін эканомікі да змен параметраў клімату. Вывучаны заканамернасці размеркавання цяжкіх металаў у розных відах элементарных ландшафтных адзінак (Л.​І.​Васільева, В.​Б.​Кадацкі, І.​П.​Самсоненка). Распрацоўваюцца пытанні экалогіі гарадоў і экалагічнай сістэмы «горад—прыгарад» (М.​І.​Струк, В.​С.​Хоміч), ствараецца праектная база для развіцця новых гарадскіх комплексаў. Сумесна з ін-тамі Нац. АН Беларусі, мін-вамі прыродных рэсурсаў і эканомікі распрацаваны прагноз змен навакольнага асяроддзя ў Беларусі на 2010—2020 (У.​Ф.​Логінаў, М.​І.​Струк).

Праблемы экалогіі даследуюцца таксама ў БДУ, Бел. тэхналагічным універсітэце, запаведніках і інш.

Літ.:

Сущеня Л.М., Пикулик М.М. Совершенствование принципов и методов охраны и рационального использования животного мира. Мн., 1990;

Радиоактивное загрязнение растительности Беларуси в связи с аварией на Чернобыльской АЭС. Мн., 1995;

Ипатьев В.А., Багинский В.Ф. и др. Лес. Человек. Чернобыль. Гомель, 1999;

Логинов В.Ф., Калинин М.Ю., Иконников В.Ф. Современное антропогенное воздействие на водные ресурсы. Мн., 2000;

Природная среда Беларуси. Мн., 2002;

Какарека С.В., Кухарчик Т.И., Хомич В.С. Стойкие органические загрязнители: источники и оценка выбросов. Мн., 2003;

Изменения климата Беларуси и их последствия. Мн., 2003.

Б.​І.​Якушаў, Л.​С.​Ліс.

т. 18, кн. 2, с. 564

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСТАЦТВА 1990 — пач. 2000-х гадоў.

Пра новы якасны ўзровень бел. маст. культуры пач. 1990-х г. сведчаць выключная дынаміка выставачнай дзейнасці, вострая палеміка паміж прадстаўнікамі розных кірункаў, пашырэнне міжнар. абмену ў галіне культуры і г.д. Больш яскравай стала дыферэнцыяцыя сац. функцый мастацтва, вызваленне яго ад празмерных ідэалагічных пут. Актыўна фарміраваліся новыя атрыбуты маст. асяроддзя, арганізоўваліся міжнар. пленэры, ствараліся нефармальныя творчыя аб’яднанні. Значна пашырыўся жанрава-відавы спектр выяўл. мастацтва. Акрамя класічных відаў мастацтва, трывалае месца на культурнай сцэне займаюць фотамастацтва, арт-дызайн, мастацтва акцый і інш. У творчых мэтах як сродак выказвання, які дапаўняе традыц. формы жывапісу, графікі скульптуры, выкарыстоўваюцца і новыя віды сродкаў масавай камунікацыі. Разам з тым пачалася хваля камерцыялізацыі ў мастацтве, пераарыентацыя стратэгіі і тактыкі груп мастакоў адносна форм уласнасці. Шэраг маст. тэндэнцый 2-й пал. 1990-х г. не з’яўляецца лагічным працягам папярэдніх традыцый. Імкненне некат. мастакоў да хуткага фінансавага поспеху праз тэхналогіі камерцыйнай папулярызацыі, адсутнасць рычагоў уплыву з мастакоўскага боку і маст. крытыкі, адсутнасць стройнай навукова-абгрунтаванай праграмы развіцця новага этапу прафес. выяўл. мастацтва незалежнай краіны негатыўна ўплывалі на агульны ўзровень культуры. У 2-й пал. 1980 — пач. 1990-х г. па ініцыятыве мастакоў і мастацтвазнаўцаў на арэндных і некамерцыйных пачатках у Мінску, Гродне, Віцебску адкрыліся маст. галерэі («Верхні горад», «У Пушкіна», «А.В.», «Nova», «VILNUS», «У майстра», «6 лінія», «Медэя» і інш.), якія адыгралі важную ролю ў сцвярджэнні новых для Беларусі відаў мастацтва. У 1998 у Мінску ўтвораны Музей сучаснага выяўл. мастацтва (дырэктар В.​Шаранговіч).

У 1990-я г. новае развіццё атрымаў станковы жывапіс. Яго адрознівае паглыбленая цікавасць да падкрэслена каларыстычных якасцей. Вял. рэзананс мелі выстаўкі твораў Л.​Шчамялёва, М.​Савіцкага, У.​Стальмашонка, С.​Кірушчанкі, А.​Марачкіна, З.​Літвінавай. Творча эксперыментуюць прадстаўнікі сярэдняга і маладога пакаленняў: В.​Альшэўскі, М.​Басаў, Р.​Вашкевіч, У.​Ганчарук, У.​Зінкевіч, С.​Каткова, У.​Кожух, А.​Ксяндзоў, Ю.​Піскун, С.​Рымашэўскі, У.​Тоўсцік, Л.​Хобатаў, В.​Шкаруба, Ф.​Янушкевіч і інш. Рэдка сустракаюцца вял. манум. размалёўкі (творы У.​Крываблоцкага і інш.), вялікафарматныя сюжэтна-тэматычныя карціны са складанай кампазіцыйнай структурай. У творах стаў больш пашыраным пейзажны жывапіс, узрасло захапленне дэкар. эфектамі, ідэалістычнымі матывамі. Асн. дасягненні ў скульптуры звязаны з творчым асэнсаваннем нац. гісторыі, што абумоўлена дынамікай працэсаў пабудовы незалежнай дзяржавы. Гіст. вобразы найперш адлюстраваны ў манум. пластыцы: помнікі А.​Міцкевічу ў Навагрудку (1992), Ф.​Скарыне ў Лідзе (1993), І.​Гашкевічу ў Астраўцы (1994), М.​Доўнар-Запольскаму ў Рэчыцы (1997) В.​Янушкевіча, кн. Давыду ў Давыд-Гарадку (2000) А.​Дранца і інш. Адметнай пластычнай мовай вылучаюцца скульпт. творы В.​Борздага, І.​Засімовіча, М.​Інькова, В.​Копача, У.​Панцялеева, К.​Селіханава і інш. Г.​Буралкін, Г.​Гаравая, С.​Гарбунова, У.​Жбанаў, А.​Мятліцкі, У.​Слабодчыкаў, А.​Фінскі развіваюць традыц. кірункі сучаснай скульптуры. Захаванне традыцый акадэм. майстэрства застаецца пераважнай рысай для большасці скульптараў. Разам з тым аўтары імкнуцца пераасэнсоўваць вопыт папярэднікаў, зыходзячы з патрабаванняў новага часу. Яны эксперыментуюць з новымі матэрыяламі і тэхналогіямі. Больш увагі аддаецца пашырэнню вобразнай структуры твора праз выяўленне выразнасці сілуэта, яго знакавасці. Сярод прадстаўнікоў 2-й пал. 1980-х г., якія закладвалі падмурак графічнага мастацтва наступнага дзесяцігоддзя, — Л.​Алімаў, С.​Балянок, В.​Баранаў, М.​Барздыка, А.​Басалыга, М.​Будавей, А.​Вахрамееў, У.​Вішнеўскі, У.​Гладкевіч, У.​Лукашык, Р.​Сітніца і інш. У сярэдзіне 1990-х г. значна пашырыўся жанравы і тэхнічны спектры бел. станковай і кніжнай графікі (Ю.​Якавенка). Узмацніліся праявы сінкрэтызму выяўл. прыёмаў, узаемаўплыву відаў мастацтва і графічнага дызайну, фотаграфікі. Шырока ўжываецца калаж, змешаныя тэхнікі, пачынаюць выкарыстоўвацца магчымасці камп’ютэрнай графікі. У кніжнай графіцы праявілі сябе маладыя аўтары Ю.​Алісевіч, І.​Гардзіёнак, П.​Татарнікаў. Развіццё бел. маст. фатаграфіі 1990-х г. характарызуецца шматграннасцю жанравых форм, творчых метадаў, канцэптуальных падыходаў, тэхнічнай разнастайнасцю: творы А.​Адамчык, М.​Баразны, В.​Бараноўскага, В.​Ганчарэнкі, М.​Жылінскага, Я.​Казюлі, А.​Клешчука, В.​Лабко, Г.​Ліхтаровіча, Г.​Маскалёвай, У.​Парфянка, М.​Раманюка, Дз.​Раманюка, В.​Федарэнкі, П.​Цішкоўскага, В.​Шчукіна.

Міжнар. прызнанне атрымалі ў пач. 1990-х г. мастакі плаката С.​Войчанка, Т.​Гардашнікава, А.​Кітаева, Г.​Мацур, А.​Наважылаў, Дз.​Сурыновіч, Дз.​Сурскі, К.​Хацяноўскі, У.​Цэслер, А.​Шалюта, С.​Яўлампіеў і інш., творы якіх адлюстроўваюць трывалае майстэрства, пераканаўчасць і падкрэсленую выразнасць графікі, высокую культуру колеру і шрыфту, сувязь з традыцыямі.

У 1990-я г. сталі папулярнымі міжнар. маст. пленэры, у т. л. імя В.​К.​Бялыніцкага-Бірулі, шагалаўскі, «Малевіч. УНОВІС. Сучаснасць» і інш., праводзяцца міжнар. выстаўкі, сумесныя маст. акцыі. Працэс падсумавання развіцця сусв. маст. культуры 20 ст. знайшоў увасабленне ў «Праекце стагоддзя» (1997—98) С.​Войчанкі і У.​Цэслера, які ўключаў 12 маст. аб’ектаў.

т. 18, кн. 2, с. 661

С.​Рымашэўскі. Чаша. 2002.
У.​Тоўсцік. Сон II. 1992.
К.​Селіханаў. Двое. 1994—95.
Ю.​Якавенка. Гадзіннік. 1999.
П.​Татарнікаў. Ілюстрацыя да кнігі «Царэўна ў падземным царстве». 1999.

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДМІНІСТРАЦЫ́ЙНА-КАМА́НДНАЯ СІСТЭ́МА антыдэмакратычная іерархічна арганізаваная сістэма кіравання грамадствам, заснаваная на прынцыпах бюракратычнага цэнтралізму і адміністравання. Найчасцей пашырана ў краінах, дзе пануе практыка паліт. ўладарання, што характарызуецца рэжымам асабістай дыктатуры (гл. Аўтарытарызм) або непадзельным кантролем адной паліт. партыі, групы, ідэалогіі за ўсімі сферамі жыцця грамадства і асобы (га. Таталітарызм). Такі манапалізм найперш характэрны для сац.-эканам. сістэмы сацыялізму, якая не змагла забяспечыць свабоднае нац.-дзярж. і культ. развіццё народаў, больш высокую прадукцыйнасць працы і ўзровень жыцця людзей у параўнанні з краінамі «процілеглай» сістэмы. У Сав. Расіі, б. СССР, у т. л. на Беларусі, асн. рысы такой сістэмы пачалі складвацца ў перыяд «ваеннага камунізму» і развіліся ў 1920—30-я г. з усталяваннем сталінскага таталітарнага рэжыму. Гэта праяўлялася ва ўсеагульнай цэнтралізацыі кіравання, выкарыстанні адм.-камандных метадаў, зрошчванні парт. і дзярж. апарату, правядзенні масавых рэпрэсій і фактычнай ліквідацыі інстытутаў дэмакратыі. У эканоміцы базай адміністрацыйна-каманднай сістэмы з’яўляецца манаполія дзярж. формы ўласнасці на сродкі вытворчасці і вынікі працы. Асн. сродкі эканам. рэгулявання ў рамках адміністрацыйна-каманднай сістэмы — дырэктыўнае планаванне, цэнтралізаванае размеркаванне ўсіх відаў рэсурсаў і прадукцыі, выкарыстанне пазаэканам. формаў прымусу, іерархічная вертыкальная структура кіравання, ураўняльныя тэндэнцыі пры размеркаванні вынікаў працы ў спалучэнні з шырокай сістэмай прывілеяў для бюракратычнага апарату. Абавязковыя элементы парт.-дзярж. рэгулявання сац. працэсаў — ліквідацыя рэшткаў рыначных адносін і свабоднага прадпрымальніцтва, прымусовая калектывізацыя і раскулачванне сялянства, прымусовыя падпіскі на дзярж. пазыкі, рэзкае павелічэнне падаткаў і г.д. Сістэма, пабудаваная на насіллі і ігнараванні эканам. законаў, завяла ў тупік эканоміку краіны, стала прычынай крызісных з’яў у розных галінах нар. гаспадаркі і сац.-эканам. краху ў канцы 1980 — пач. 1990-х г. Канцэнтрацыя ўлады ў руках крайне вузкай і малакампетэнтнай групы вышэйшых чыноўнікаў, прымат паліт. волі над эканам. мэтазгоднасцю, свядомае процідзеянне працэсу нац.-культ. адраджэння спарадзілі адчужэнне грамадзян ад дзяржавы і ўласнасці, падарвалі духоўны і стваральна-творчы патэнцыял бел. грамадства. Пасля распаду СССР і ўтварэння незалежнай дзяржавы на Беларусі ўзніклі аб’ектыўныя перадумовы для ліквідацыі негатыўных вынікаў адміністрацыйна-камандная сістэма, усталявання дэмакр. сістэмы кіравання сац. працэсамі, ажыццяўлення суверэннага права народа на самавызначэнне і свабоду выбару ўласнага шляху развіцця.

Літ.:

Экономическая история: Проблемы и исследования. М., 1987;

Правда истории: память и боль. Мн., 1991;

Эканамічная гісторыя Беларусі. Мн., 1993.

В.​І.​Мянькоўскі.

т. 1, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́ЙНЭ (Heine) Генрых (13.12.1797, г. Дзюсельдорф, Германія — 17.2.1856),

нямецкі паэт, публіцыст, крытык. Сінтэзаваў дасягненні ням. рамантызму, вызначыў тэндэнцыі развіцця рэалізму. У 1819—25 вучыўся ў Бонскім, Гётынгенскім і Берлінскім ун-тах; слухаў лекцыі Г.Гегеля. У 1825 прыняў лютэранства, што дазволіла яму атрымаць ступень доктара права. З 1831 у эміграцыі ў Парыжы. З 1848 прыкаваны да ложка, паступова страчваючы зрок і слых. Друкаваўся з 1817. Найб. значныя творы ранняга перыяду (1816—31) — зб. лірычных вершаў «Кніга песень» (1827) і кн. нарысаў «Дарожныя малюнкі» (т. 1—4, 1826—31). «Кніга песень» (цыклы «Юнацкія пакуты», «Лірычнае інтэрмецца», «Вяртанне на радзіму», «Паўночнае мора») перадае асабістую драму паэта, малюе карціну духоўнага сталення маладога чалавека, праз лірычнае «я» дае шырокую панараму эпохі. Асэнсаванне трагічнага разрыву паміж ідэалам і рэальнасцю, рамантычна-ўзнёслы настрой і іронія вызначаюць змест і асаблівасці гэтага зб-ка. У «Дарожных малюнках» стварыў рэзка сатырычны вобраз феад.-манархічнай Германіі. З пач. 1830-х г. у яго творчасці пераважаюць паліт., грамадскія, філас.-эстэт. праблемы (кн. «Французскія справы», 1832; «Людвіг Бёрне», 1840; «Лютэцыя», 1840—47; «Рамантычная школа», 1833; «Да гісторыі рэлігіі і філасофіі ў Германіі», 1834). У творах паліт. і сатыр. тэматыкі (зб. «Сучасныя вершы», 1844; паэмы «Ата Троль. Сон у летнюю ноч», 1841—47; «Германія. Зімовая казка», 1844) Гейнэ выкрываў дух шавінізму і пангерманізму, з болем і любоўю разважаў пра мінулае і будучае радзімы. Трагічнаму лёсу яўр. народа, яго духоўнай спадчыне прысвяціў цыкл «Яўрэйскія мелодыі» (1849), уключаны ў зб. «Рамансера» (1851), у якім шырока выкарыстаў фальклор, апрацаваў гіст., міфалагічныя, біблейскія сюжэты. Яго паэзіі ўласцівыя эмацыянальнасць, узнёсласць і скептыцызм, песеннасць ладу, вольныя рытмы і яркая вобразнасць, паліт. надзённасць і глыбіня філас. абагульненняў. На бел. мову творы Гейнэ перакладалі М.​Багдановіч, М.​Васілеўская, А.​Вяржбоўскі, Ю.​Гаўрук, А.​Дудар, А.​Зарыцкі, С.​Ліхадзіеўскі, А.​Мардвілка, Я.​Семяжон, І.​Сіманоўскі, Ю Таўбін.

Тв.:

Бел. пер. — Выбр. творы. Мн., 1959;

Рус. пер. — Собр. соч. Т. 1—6. М., 1980—83.

Літ.:

Вольфсон С.Я. В матрацной могиле. Мн., 1940;

Дейч А.И. Поэтический мир Генриха Гейне. М., 1963;

Гиждеу С.П. Лирика Г.​Гейне. М., 1983;

Пронин В.А. «Стихи достойные запрета...»: Судьба поэмы Генриха Гейне «Германия. Зимняя сказка». М., 1986.

Г.​В.​Сініла.

Г.Гейнэ.

т. 5, с. 135

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАМА́ДСКІЯ АДНО́СІНЫ,

сістэма сувязей, што забяспечвае функцыянаванне розных сфер грамадскага жыцця (эканам., сац., паліт., прававой, культ. і інш.), а таксама ўсяго грамадства. Удзельнікамі (суб’ектамі) грамадскіх адносін выступаюць: само грамадства, яго ін-ты (дзяржава, сям’я, грамадскія арг-цыі, паліт. партыі і інш.), сац. (класы, слаі) і дэмаграфічныя групы, нац. і этн. супольнасці (нацыя, народнасць, нац. меншасць, этнас), аб’яднанні людзей па рэліг. і інш. прыкметах, а таксама індывідуумы. Асновай узнікнення, існавання і спынення грамадскіх адносін у канкрэтных выпадках з’яўляюцца агульныя (грамадскія) і спецыфічныя (прыватныя) патрэбы, інтарэсы і воля ўдзельнікаў. Падзяляюцца на віды па розных крытэрыях: у залежнасці ад сферы грамадства (гасп., паліт., сямейныя і інш.), па суб’ектах (дзярж.-паліт., класавыя, нац. і інш.), па спосабе рэгулявання грамадскага жыцця (прававыя, маральныя), па метадзе ўздзеяння на паводзіны людзей (уладарныя і заснаваныя на перакананні), па характары (стыхійныя і мэтанакіраваныя). Могуць набываць розныя формы выяўлення, адрознівацца працягласцю, ахопам грамадскіх з’яў і інш. прыкметах. Характэрная рыса грамадскіх адносін — іх супярэчлівасць, якая можа праяўляцца і ўнутры кожнага канкрэтнага віду грамадскіх адносін, і паміж іх рознымі відамі. Характар супярэчнасцей (наяўнасць або адсутнасць антаганізму) абумоўлівае спосаб іх вырашэння, і, адпаведна, шлях далейшых змен і развіцця сістэмы грамадскіх адносін ці яе асобных элементаў (эвалюцыйны ці рэвалюцыйны). Прыхільнікі матэрыялізму падзяляюць усе грамадскія адносіны на матэрыяльныя (іх лічаць вызначальнымі, першаснымі) і ідэалагічныя (іх лічаць вытворнымі, другаснымі). Такі падзел узыходзіць да вучэння К.​Маркса і Ф.​Энгельса пра базіс і надбудову, у адпаведнасці з якімі матэрыяльныя і ідэалаг. грамадскія адносіны выступаюць таксама як базісныя (вытворчыя адносіны) і надбудовачныя (паліт., прававыя, маральныя і інш.); кожнаму гістарычнаму тыпу грамадства ўласціва спецыфічная сістэма базісных і надбудовачных грамадскіх адносін. Альтэрнатыўнае матэрыялістычнаму разуменне іерархіі грамадскіх адносін кладзе ў яе аснову іх сувязь з праяўленнем разумнага пачатку ў развіцці чалавечага грамадства і, па сутнасці, здымае пытанне пра прыярытэтнае значэнне якога-н. канкрэтнага віду грамадскіх адносін.

Літ.:

Барулин В.С. Социальная жизнь общества: Вопр. методологии. М., 1987;

Попов С.К. Общественные законы: Сущность и классификация. М., 1990;

Матусевич А.В. Политическая система: Состояние и развитие. Кн. 1. Мн., 1992;

Ясперс К. Смысл и назначение истории: Пер. с нем. 2 изд. М., 1994.

В.​І.​Боўш.

т. 5, с. 399

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЕ́ННАЯ ДАКТРЫ́НА,

прынятая ў дзяржаве сістэма поглядаў на сутнасць, мэты, характар, падрыхтоўку і спосабы вядзення магчымай вайны. Выпрацоўваецца паліт. кіраўніцтвам дзяржавы. Асн. палажэнні ваеннай дактрыны найчасцей абумоўлены сац.-паліт. ладам, узроўнем эканомікі і сродкаў вядзення вайны, а таксама геагр. становішчам сваёй дзяржавы, дзяржавы верагоднага праціўніка і суседніх дзяржаў. Ваенная дактрына Рэспублікі Беларусь — гэта сістэма навукова абгрунтаваных поглядаў на прадухіленне вайны, захаванне міру, абароннае буд-ва, падрыхтоўку краіны і Узбр. Сіл да адбіцця агрэсіі, а таксама на спосабы барацьбы па абароне суверэнітэту і тэр. цэласнасці краіны. Прынята Вярх. Саветам Рэспублікі Беларусь у 1992. Мае абарончы характар і накіравана на ўмацаванне дзярж. і міждзярж. бяспекі, на ўзбр. нейтралітэт і супрацоўніцтва з інш. краінамі для вырашэння задач абароны. Мае 2 узаемаабумоўленыя аспекты — ваен.-паліт. і ваен.-тэхнічны. Першы раскрывае адносіны дзяржавы да вайны і выкарыстанне ваен. сілы; нац. інтарэсы і фактары, якія супрацьдзейнічаюць ім; характар ваен. небяспекі, яе памеры і крыніцы, магчымасць ваен. пагрозы; магчымасць і спосабы прадухілення вайны, сілы і сродкі, неабходныя для гэтага; ваен.-паліт. мэты магчымых праціўнікаў і саюзнікаў. Ваен.-паліт. Аспект ваеннай дактрыны мае канцэпцыі «прадухіленне вайны» і «спыненне агрэсіі». Першая як сістэма поглядаў на шляхі і спосабы ліквідацыі перадумоў да ўзнікнення вайны прадугледжвае вырашэнне спрэчных пытанняў праз паліт. дыялог, адмаўленне ад выкарыстання ваен. сілы і ўмацаванне ролі ААН у вырашэнні пытанняў калект. бяспекі. Канцэпцыя «спыненне агрэсіі» — сістэма поглядаў на абарону і спыненне агрэсіі спалучэннем паліт., эканам., дыпламат., уласна ваен. і інш. мер. Ваенна-тэхн. бок аспекту ваеннай дактрыны заснаваны на канцэпцыі «стрымлівання» і «актыўнай абароны» і адлюстроўвае сістэму поглядаў на характар магчымай вайны, спосабы яе вядзення і склад узбр. сіл. У канцэпцыю «актыўнай абароны» закладзены прынцыпы збалансаванага развіцця ўсіх відаў Узбр. Сіл Беларусі, рознабаковага супрацоўніцтва і гатоўнасці да вядзення мабільнай абароны. Яна прадугледжвае наяўнасць ва Узбр. Сілах невялікіх, але моцных вайсковых груповак, падрыхтаваных для паспяховага выкарыстання ў раёнах рэальнай ваен. пагрозы. Абвясціўшы сутнасць сваёй ваеннай дактрыны, Рэспубліка Беларусь гарантуе безумоўнае выкананне ўсіх яе палажэнняў і кіруецца мэтамі і прынцыпамі Статута ААН, а таксама прынятымі абавязацельствамі ў межах Нарады па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе. Беларусь у якасці бяз’ядзернай дзяржавы далучылася да Дагавора аб нераспаўсюджванні ядзернай зброі, выступіла з ініцыятывай стварэння ў Цэнтр. і Усх. Еўропе бяз’ядзернай прасторы.

В.​А.​Юшкевіч.

т. 3, с. 443

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЭ́КА-ПЕРСІ́ДСКІЯ ВО́ЙНЫ 500—449 да н.э., войны паміж Персіяй і стараж.-грэч. полісамі (гарадамі-дзяржавамі) Балканскага п-ва. Гал. прычына войнаў — захопніцкая палітыка Персіі (гл. Ахеменідаў дзяржава) у басейне ўсх. ч. Міжземнага м. Падставай для перс. ўварвання паслужыла дапамога ваен. караблёў Афін і Эрэтрыі іанійскім гарадам на чале з г. Мілет, што паўсталі супраць Персіі. Першы паход перс. войска ў Грэцыю пад камандаваннем Мардонія вясной 492 да н.э. быў няўдалы: флот разбіла бура. Перс. цар Дарый накіраваў у Грэцыю паслоў з патрабаваннем «зямлі і вады», г. зн. прызнання залежнасці ад Персіі, але самыя вял. полісы — Афіны і Спарта — яму не скарыліся. Гэта стала прычынай 2-га паходу персаў. Вясной 490 да н.э. перс. армія на чале з Датысам і Артафернам пераправілася цераз мора і, захапіўшы а-вы Родас, Наксас, Дэлас і Эўбею, высадзілася на ўзбярэжжы Атыкі. 13.9.490 да н.э. аб’яднаныя сілы афінян і платэйцаў пад камандаваннем афінскага стратэга Мільтыяда ў Марафонскай бітве разграмілі перс. армію. Пасля смерці Дарыя цар Ксеркс з вял. войскам уварваўся ў Эладу. Для барацьбы з ім быў створаны абарончы саюз 31 горада на чале са Спартай. Пад Фермапіламі персы разбілі грэч. атрад на чале са спартанскім царом Леанідам, занялі Беотыю і Атыку, захапілі Афіны. Ход вайны змяніла бітва каля в-ва Саламін (28.9.480 да н.э.), якая прынесла перамогу грэкам. У 479 да н.э. каля г. Платэі разгромлена сухапутнае войска персаў, перс. флот разбіты ў вусці р. Эўрымедонт у 469. У апошняй бітве паміж персамі і грэкамі, якая адбылася ў 449 да н.э. паблізу кіпрскага г. Саламін, персы пацярпелі паражэнне. Паводле заключанага т.зв. Каліева міру Персія адмаўлялася ад гегемоніі ў Эгейскім м., грэч. гарадах М.​Азіі і на шляхах у Прычарнамор’е. Перамога грэкаў у вайне была абумоўлена перавагай грэч. узбр. сіл, асабліва марскога флоту, і ваен. тактыкай, што было вынікам больш высокага ўзроўню сац.-эканам. развіцця грэч. полісаў у 5 ст. да н.э. Грэкі атрымалі новыя гандл. шляхі, новыя рынкі, паскорылася развіццё грэч. эканомікі і культуры.

Літ.:

Лисовый И.А., Ревяко К.А. Античный мир в терминах, именах и названиях. Мн., 1996.

Н.​А.​Дзянісава.

Да арт. Грэка-персідскія войны. Персідскія лучнікі. Барэльеф. Парыж, Луўр.

т. 5, с. 491

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАБРАЛЮ́БАЎ Мікалай Аляксандравіч (5.2.1836, г. Ніжні Ноўгарад, Расія — 29.11.1861),

рускі крытык, публіцыст і паэт, філосаф-матэрыяліст рэв.-дэмакр. кірунку. Пасля заканчэння Пецярбургскага гал. пед. ін-та (1857), дзе пасябраваў з бел. пісьменнікам і этнографам П.М.Шпілеўскім, супрацоўнік час. «Современник», з 1859 адначасова рэдактар яго сатыр. дадатку «Свисток». Абгрунтоўваў прынцыпы асветніцкага матэрыялізму, рэв. дэмакратызму і крытычнага рэалізму ў артыкулах «Арганічнае развіццё чалавека ў сувязі з яго разумовай і маральнай дзейнасцю» (1858), «Што такое абломаўшчына?» і «Цёмнае царства» (1859), «Прамень святла ў цёмным царстве» і «Калі ж прыйдзе сапраўдны дзень?» (1860). Крытыкаваў ідэаліст. і вульгарна-матэрыяліст. канцэпцыі, тэорыі «мастацтва дзеля мастацтва» і «чыстай красы», выкрываў афіц. ідэалогію царызму і бурж. абмежаванасць лібералізму. Сутнасць гіст. прагрэсу бачыў у руху чалавецтва да сацыяльна аднароднага грамадства без эксплуатацыі. Рухальнай сілаю развіцця грамадства лічыў ідэйна-этычныя матывы паводзін людзей. Быў адным з папярэднікаў рэв. народніцтва. Адзін з заснавальнікаў сацыялагічнай крытыкі, якая суадносіла з’явы мастацтва з асн. тэндэнцыямі грамадскага жыцця і сцвярджала адзінства сац. і эстэт. вартасці мастацтва. У працах пра народнасць л-ры Дабралюбаў высока ацэньваў творчасць Т.​Шаўчэнкі, прадбачыў сац. і культ. адраджэнне бел. народа, адкідаў афіцыёзную панска-ліберальную выдумку пра «забітасць» і адсталасць сялянства. У арт. «Рысы для характарыстыкі рускага простанароддзя» (1860) пісаў: «Пытанне пра характарыстыку беларусаў павінна хутка быць растлумачана працамі мясцовых пісьменнікаў. Паглядзім, што яшчэ скажуць самі беларусы». Ідэі Дабралюбава паўплывалі на станаўленне светапогляду бел. рэв. дэмакратаў (К.​Каліноўскі, Ф.​Багушэвіч, Я.​Купала, Я.​Колас), бел. крытыку і публіцыстыку пач. 20 ст. (газ. «Наша доля», «Наша ніва»). Супрацоўнікі газ. «Минский листок» апіраліся на дабралюбаўскую канцэпцыю рэалізму ў ацэнцы рус. класічнай л-ры, садзейнічалі пазнанню бел. краю, адзначалі вернасць прагрэс. інтэлігенцыі літ. запаветам Дабравольскага, падкрэслівалі ў яго дзейнасці імкненне разбудзіць працоўных да свядомага грамадскага жыцця, выхаваць у інтэлігенцыі павагу да працоўных, гуманізм светапогляду. Газ. «Северо-Западный край» прапагандавала літ.-эстэт. погляды Д. і В.​Бялінскага, называла іх пакутнікамі прагрэс. л-ры. Газ. «Полесье» ў арт. «Памяці М.​А.​Дабралюбава» (1911) адзначала яго ўклад у выхаванне прагрэс. рус. інтэлігенцыі. Спадчыну Дабралюбава прапагандавалі М.​К.​Дабрынін, Л.​Р.​Бараг, І.​М.​Лушчыцкі і інш.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—9. М.; Л., 1961—1964;

Бел. пер. — Літаратурна-крытычныя артыкулы. Мн., 1938.

Літ.:

Никоненко В.С. Н.​А.​Добролюбов. М., 1985.

У.​М.​Конан.

т. 5, с. 558

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АХО́ВА ЗДАРО́ЎЯ ДЗЯЦЕ́Й І ПАДЛЕ́ТКАЎ,

састаўная частка сістэмы аховы здароўя, галоўная задача якой — захаванне і ўмацаванне здароўя падрастаючага пакалення. Агульныя для гэтай сістэмы прынцыпы і кірункі дзейнасці спалучаюцца са спецыфікай, абумоўленай асаблівасцямі фіз., псіхічнага, разумовага, сац. развіцця дзяцей і падлеткаў, падыходам да іх здароўя як да найважнейшай каштоўнасці і абавязковай перадумовы здароўя будучых пакаленняў. У развітых краінах заканадаўства аб ахове здароўя, як правіла, уключае спец. палажэнні па ахове здароўя дзяцей і падлеткаў, забяспечвае кваліфікаваны мед. нагляд ад нараджэння дзіцяці да завяршэння падлеткавага ўзросту, узаемасувязь і пераймальнасць у дзейнасці асн. звёнаў прафілакт. і лячэбнай дапамогі.

На Беларусі аснову аховы здароўя дзяцей і падлеткаў складае разгалінаваная сетка дзярж. устаноў — спец. дзіцячых ці ў складзе ўстаноў для дарослых. На пач. 1994 яна ўключала: 380 дзіцячых паліклінік, 185 кабінетаў і 13 паліклінічных аддз. для падлеткаў; больш за 300 пунктаў аховы здароўя ў ПТВ і сярэдніх спец. навуч. установах; 13 дамоў дзіцяці, шэраг дзіцячых і для бацькоў з дзецьмі санаторыяў, кансультацыйна-дыягнастычных цэнтраў для дзяцей. У стацыянарах, паліклініках і інш. мед. установах для дарослых функцыянуюць аддз. для бальнічнай і лячэбна-прафілакт. дапамогі дзецям, мед.-сан. абслугоўвання школ, дзіцячых садоў і ясляў, летніх лагераў і гэтак далей. Незалежна ад стану здароўя прадугледжаны 16-разовы паліклінічны агляд дзяцей 1-га года жыцця, 4-разовы агляд урачамі трох спецыяльнасцяў дзяцей дашкольных устаноў, першакласнікаў — урачамі сямі, астатніх школьнікаў — урачамі пяці спецыяльнасцяў; паглыблены мед. агляд падлеткаў пры пераводзе іх з дзіцячых паліклінік у дарослыя камісіямі з сямі спецыялістаў. Работнікі сістэмы аховы здароўя дзяцей і падлеткаў удзельнічаюць у прафесійнай арыентацыі моладзі з улікам мед. проціпаказанняў, у кантролі за арганізацыяй і якасцю харчавання, узроўнем фізкультурна-аздараўленчай работы, у выкананні патрабаванняў агульнай і школьнай гігіены, выяўленні ранніх адхіленняў у фіз. развіцці, дыспансерызацыі дзяцей і падлеткаў, накіраванні іх на абследаванне і лячэнне (у т. л. санаторна-курортнае), прапагандзе здаровага ладу жыцця. Прадугледжана льготная падтрымка дзяцей і падлеткаў: бясплатнае забеспячэнне медыкаментамі дзяцей да 3-гадовага, а тых, што жывуць на забруджаных радыенуклідамі тэрыторыях, дзяцей-інвалідаў і з асабліва цяжкімі захворваннямі — да 15-гадовага ўзросту, бясплатнае харчаванне да 2-гадовага ўзросту для дзяцей з мнагадзетных і маламаёмных сем’яў, сац. пенсіі дзецям-інвалідам да 16-гадовага ўзросту, ільготныя ўмовы адпачынку і аздараўлення, шэраг абмежаванняў на працу.

Э.​А.​Вальчук.

т. 2, с. 150

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКВАРЭ́ЛЬ (франц. aguarelle ад лац. agua вада),

фарбы, разведзеныя на вадзе (звычайна з раслінным клеем) і прызначаныя для жывапісу, а таксама від жывапісу, твор, выкананы ў тэхніцы акварэлі гэтымі фарбамі. Асн. якасці акварэлі — празрыстасць, чысціня і яснасць колеру. Акварэль спалучае асаблівасці жывапісу і графікі. Спецыфічныя прыёмы — размывы і зацёкі, якія ствараюць эфект рухомасці і трапятлівасці.

Акварэль (з дамешкам бяліл, гл. Гуаш) была вядомая ў Стараж. Егіпце, Кітаі, Японіі. У 15—17 ст. служыла пераважна для расфарбоўкі гравюр, чарцяжоў, эскізаў карцін і фрэсак, выкарыстоўвалася і самастойна (пейзажы А.​Дзюрэра, галандскіх і фламандскіх мастакоў). З 18 ст. пашырылася ў пейзажным жывапісе. З’явіліся прафес. мастакі-акварэлісты. У 19 ст. распаўсюдзілася ў Англіі (У.​Тэрнер, Р.​Бонінгтан), Францыі (Э.​Дэлакруа, А.​Дам’е), Расіі (К.​Брулоў, А.​Іваноў, У.​Бяхцееў, А.​Астравумава-Лебедзева, А.​Фанвізін, М.​Урубель).

На Беларусі выкарыстоўвалася ў 15 ст. ў мініяцюрах Радзівілаўскага летапісу, у 17—18 ст. — для расфарбоўкі гравюр. У 19 — пач. 20 ст. жанравыя карціны і пейзажы ў тэхніцы акварэлі стваралі Л.​Альпяровіч, С.​Богуш-Сестранцэвіч, Я.​Дамель, К.​Кастравіцкі, М.​Кулеша, Н.​Орда, І.​Пешка, Ф.​Рушчыц; у 1920—30-я г. — А.​Астаповіч, В.​Волкаў, У.​Кудрэвіч, М.​Лебедзева, М.​Філіповіч. Пазней традыцыйная акварэль атрымала развіццё ў творчасці Л.​Лейтмана, А.​Волкава, В.​Цвіркі, І.​Сталярова. Новы этап развіцця акварэлі азначыўся на пач. 1960-х г. Арганізуюцца ўсесаюзныя (1965) і рэсп. (1966) выстаўкі, ствараюцца групы мастакоў акварэлі, фарміруюцца школы акварэлі (гл. Віцебская школа акварэлі). Пашырэнне выяўл. сродкаў, тэхн. прыёмаў, мастацкіх манер прывяло да вызначэння спецыфікі акварэльнага вобраза. Акварэль зацвердзілася як самастойны від жывапісу. Шырокую вядомасць атрымалі творы А.​Паслядовіч, У.​Стальмашонка, З.​Літвінавай, П.​Драчова, Г.​Шутава, Ф.​Гумена, І.​Пратасені, Г.​Паплаўскага, Ф.​Кісялёва, В.​Паўлаўца, Л.​Марчанкі.

Літ.:

Беспалый А. Беларуская акварэль. Мн., 1989.

У.​І.​Рынкевіч.

Да арт. Акварэль. М.​Урубель. Партрэт Т.​С.​Любатовіч у ролі Кармэн. 1890-я г.
Да арт. Акварэль. Л.​Марчанка. Бэз. 1994.
Да арт. Акварэль. І.​Пратасеня. Набат 1863. К.​Каліноўскі і Марыся. 1990.
Да арт. Акварэль. Г.​Паплаўскі. Буслы Браслаўшчыны. 1994.
Да арт. Акварэль. В.​Паўлавец. Стажкі. 1991.
Да арт. Акварэль. Э.​Дэлакруа. Стрэл (фантазія). 1832.

т. 1, с. 189

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)