АБШЫВА́НКА,

лодка, выдзеўбаная са ствала, з нашытымі для большай устойлівасці дашчанымі бартамі. На Беларусі ў некаторых мясцовасцях абшыванкай называлі лодку, цалкам збітую (сшытую) з дошак. Абшыванка была пашырана да 20 ст. пераважна на Падняпроўі. У наш час абшыванкай называюць звычайную дашчаную лодку.

т. 1, с. 54

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТЭАБЛА́СТЫ (ад астэа... + грэч. blastos зародак),

клеткі пазваночных жывёл і чалавека, якія ўдзельнічаюць ва ўтварэнні касцявой тканкі. Сінтэзуюць матэрыял яе валокнаў і асн. рэчыва. Са спыненнем росту касцей ператвараюцца ў астэацыты; у сфарміраванай тканцы сустракаюцца толькі ў месцах яе разбурэння, аднаўлення або функцыян.перабудовы.

т. 2, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЕ́Я,

закончаная частка п’есы і спектакля (драм., опернага, балетнага, музычнага). Падзел п’есы на Дз. ці акты звязаны з яе кампазіцыяй, са стылем і жанрам твора. У т-ры гэты падзел залежыць яшчэ і ад існуючых у пэўны перыяд нарматываў у дачыненні да спектакля.

т. 6, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАМАЦАВА́ННЕ ФАТАГРАФІ́ЧНАЕ, фіксаванне фатаграфічнае,

выдаленне са святлоадчувальнага слоя фатаграфічных матэрыялаў рэшткаў галоіднага серабра, не ўзноўленага ў час праяўлення фатаграфічнага. Садзейнічае працяглай захаванасці фатагр. відарысаў. Ажыццяўляецца з дапамогай раствораў (або пасты) рэчываў (найб. пашыраны тыясульфат натрыю), здольных пераўтвараць галоіднае серабро ў водна-растваральныя злучэнні.

т. 6, с. 520

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗВЯ́ЗКА,

дзеяслоў са страчаным ці аслабленым лексічным значэннем, які ўваходзіць у састаўны выказнік як службовае слова. Выражае сувязь іменнай часткі выказніка з дзейнікам, У сучаснай бел. мове ёсць З. незнамянальныя («быць», «з’яўляцца»), паўзнамянальныя («станавіцца», «рабіцца», «выглядаць», «здавацца»), знамянальныя («ісці», «хадзіць». «прачынацца», «сядзець», «спыняцца»).

т. 7, с. 43

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНГРЭСІ́ЙНЫЯ БЕРАГІ́,

марскія і азёрныя берагі са зрэзанай берагавой лініяй, якія ўтварыліся ў выніку інгрэсіі. Паводле паходжання паніжэнняў рэльефу прыбярэжнай сушы бываюць ледавіковага (фіёрдавага, шхернага), эразійнага (рыясавага, ліманнага), эолавага (аральскага), структурна-дэнудацыйнага (далмацінскага) тыпаў расчлянення. Гл. таксама Бераг, Фіёрд, Шхеры, Ліман, Ваты.

т. 7, с. 223

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́ЛАМ (араб., ад грэч. kalamos трыснёг),

трысняговае пяро. Са старажытнасці служыла для пісьма. У народаў сярэдневяковага Усходу, якія карысталіся арабскім алфавітам, для розных відаў пісьма існавалі розныя спосабы рэзкі і расшчаплення трыснягу. У сярэдневяковых усх. трактатах К. называлі таксама пэндзаль для жывапісу.

т. 7, с. 448

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРАНО́ГРАФ (ад лац. corona вянец, вянок + ...граф),

від тэлескопа для назіранняў сонечнай кароны і храмасферы ў монахраматычным святле. Пазазацьменны К. — даўгафокусная фотакамера з монахраматычным святлафільтрам, у якой Сонца заэкранавана спец. дыскам. У час поўных сонечных зацьменняў як К. выкарыстоўваюць звычайныя тэлескопы са святлафільтрамі.

т. 8, с. 54

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІ́ВЕР (ад польск. kiwior каўпак),

высокі ваен. галаўны ўбор са скуры (абцягнутай сукном) або фетру з круглым дном, 1—2 казыркамі, падбароднікам і рознымі ўпрыгожаннямі. Існаваў у арміях многіх краін у 19 — пач. 20 ст. (у расійскай у 1803—81, 1906—17).

Ківер.

т. 8, с. 246

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРУ́ПНІК,

у беларусаў рэдкая страва з ячных або прасяных круп (крупеня). Забельваюць малаком або вараць з мясам, бульбай. Часам вараць на сыроватцы, са свіной крыві і круп. К. таксама называлі хмельны мядовы напітак або гарэлку, перавараную з мёдам, журавінамі і духмянымі прыправамі.

т. 8, с. 487

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)