ПУ́ШКІН (Аляксандр Сяргеевіч) (6.6.1799, Масква — 10.2.1837),
рускі пісьменнік; пачынальнік новай рус. літаратуры, заснавальнік сучаснай рус. літаратурнай мовы. Скончыў Царскасельскі ліцэй (1817). Ліцэйскія гады — перыяд інтэнсіўнага творчага развіцця П.: своеасабліва выкарыстаўшы каноны рацыяналіст. паэтыкі класіцызму, ён напісаў вершы «Успаміны ў Царскім Сяле», «Гарадок», «Ліцынію» і інш. Па заканчэнні ліцэя служыў у Калегіі замежных спраў. Уваходзіў у літ. гурткі «Зялёная лямпа», «Арзамас». У вершах гэтага часу вольналюбівыя настроі, імкненне пераадолець нарматыўнасць паэтыкі 18 — пач. 19 ст., адысці ад жанрава-стылявой рэгламентацыі, дасягнуць свабоды паэт. слова («Вольнасць», 1817, апубл. 1856, у Расіі цалкам 1906; «Да Чаадаева», 1818, часткова без ведама аўтара апубл. 1826; «Вёска», 1819, апубл. 1826 і інш.). У падобным кірунку напісана паэма «Руслан і Людміла» (1820), у якой карціны гераічнага мінулага прасякнуты рамант. патэтыкай і гумарам, умоўнасць жанру паэмы-казкі спалучаецца з жыццёвасцю характараў, стылістычным багаццем і моўнай свабодай. Вольналюбівыя і антытыранічныя матывы ранняй лірыкі, незалежнасць асабістых паводзін сталі прычынай ссылак: паўд. (1820—24, Екацярынаслаў, Каўказ, Крым, Адэса) і ў в. Міхайлаўскае (Пскоўская вобл., маёнтак маці, 1824—26). Паўд. ссылка — перыяд росквіту рамантызму П., які найб. выявіўся ў створаных тут паэмах. У творчасці П. «паўднёвыя паэмы» адыгралі вял. ролю: «Каўказскі нявольнік» (1820—21, апубл. 1822) у многім падрыхтаваў «Яўгена Анегіна»; важнае месца ў далейшым будзе адведзена тэме мяцежнай «волі» і маральнага закона, заяўленай у «Братах-разбойніках» (1821—22, апубл. 1825), супастаўленню і проціпастаўленню гармоніі і стыхіі, «анёльскага» і «дэманічнага», пачатыя ў «Бахчысарайскім фантане» (1821—23, апубл. 1824). У гэтых паэмах упершыню выразна акрэсліваецца філас. падыход П. да праблем свабоды, кахання, асобы. Шлях у Міхайлаўскае пралягаў праз бел. гарады Магілёў, Оршу, Віцебск і інш. У Міхайлаўскім стварыў шэраг паэт. шэдэўраў: «Перайманне Карана», «Да***» («Я помню дзіўнае імгненне...»), «Жаданне славы» і інш., сатыр. паэму «Граф Нулін» (1825, апубл. 1827), цэнтр. главы (3—6) рамана ў вершах «Яўген Анегін»; вывучаў гісторыю Расіі, летапісы, запісваў нар. песні і казкі.
Вырашальным момантам творчай эвалюцыі П. стала трагедыя «Барыс Гадуноў» (1824—25, апубл. 1831; паст. 1870), якая заклала асновы рэалізму, народнасці, гістарызму ў рус. л-ры. У ёй вял. колькасць рознахарактарных тыпаў, раскрыты высокі этычны сэнс «меркавання народнага», звернутага да наступных пакаленняў. Думкі пра драму, да якіх прыйшоў П. у час працы над трагедыяй (у накідах прадмовы да «Барыса Гадунова» і нататках «Пра народную драму...», 1830) маюць вял.эстэт. і філас. значэнне. Маніфест пушкінскага разумення творчасці — верш «Прарок». У вер. 1826, пасля пакарання і ссылкі дзекабрыстаў, П. атрымаў «дараванне», але за ім была ўстаноўлена асабістая царская цэнзура. У яго павялічылася цікавасць да гісторыі Расіі як дзяржавы, да дзейнасці Пятра I, да праблемы месца і ролі асобнага чалавека ў гісторыі краіны. Раман пра свайго продка «Арап Пятра Вялікага» (1827—28, не завершаны, апубл. 1837) — першая спроба працы П. ў буйных празаічных жанрах; гіст. мінулае ў ім паказана ў паўсядзённым побыце, у канкрэтных асобах і лёсах. Апафеоз дзярж. пачатку — паэма «Палтава» (1828, апубл. 1829), у якой асобы і лёсы людзей пятроўскай эпохі шмат у чым паглынаюцца гіст. працэсам. Восень 1830 П. правёў у в. Болдзіна (Ніжагародская вобл., маёнтак бацькі), дзе за 3 месяцы стварыў каля 50 твораў розных жанраў. Тут у асноўным завершаны «Яўген Анегін», у якім узноўлены вобраз жыцця і духоўны склад «тыповага» героя, уклад жыцця сталічнага і правінцыяльнага дваранства. У своеасаблівым жанры рамана ў вершах сюжэт непарыўна пераплецены з аўтарскімі роздумамі («адступленнямі»), а кожная страфа (асобай будовы «анегінская страфа»), з’яўляючыся часткай адзінага цэлага, у той жа час — завершаная маст. адзінка. Апавяданне пра эпоху і чалавечыя лёсы адначасова паўстае ў рамане як лірычная гісторыя аўтарскага духу і як філас. даследаванне жыцця грамадства і чалавечай душы. У «Казцы пра папа і пра работніка яго Балду» (1830, апубл. 1840), «Казцы пра цара Салтана...» (1831, апубл. 1832), «Казцы пра мёртвую царэўну і пра сем асілкаў» (1833, апубл. 1834), «Казцы пра рыбака і рыбку» (1833, апубл. 1835), «Казцы пра залатога пеўніка» (1834, апубл. 1835) П. упершыню выкарыстаў фальклор, у ярка нац. форме ўвасобіў шэраг агульначалавечых праблем. 1830—31 — перыяд актыўнай дзейнасці П. як журналіста і крытыка, гал.ч. у «Литературной газете», паглыблення цікавасці да тэарэт.літ. праблем.
У 1836 пачаў выдаваць час.«Современник». У паэме «Медны коннік» (1833, апубл. 1837) на велізарную вышыню абагульнення ўзнята тэма дзяржавы і асобы, гісторыі і асобнага лёсу, узаемаадносін чалавека і свету, у сімвалічным плане спрадвечна-трагедыйных калізій, якія ўзнікаюць у гэтых узаемаадносінах, глыбокі філас. сэнс набывае тэма вар’яцтва («Медны коннік»; «Пікавая дама» 1833, апубл. 1834; верш «Не дай мне божа страціць розум» і інш.). П. упершыню паставіў многія вядучыя праблемы рус. л-ры: народ як гіст. сіла і маральны крытэрый («Барыс Гадуноў»); асоба ў яе ўзаемаадносінах з асяроддзем і абставінамі («Яўген Анегін», 1823—31, цалкам апубл. 1833; «Медны коннік»); лёс «маленькага чалавека» (цыкл «Аповесці нябожчыка Івана Пятровіча Белкіна», 1830, апубл. 1831; «Стрэл», «Завея», «Трунар», «Станцыйны наглядчык», «Паненка-сялянка»); улада грошай над чалавечымі душамі («Пікавая дама») і інш. У маленькіх трагедыях («Скупы рыцар», 1830, апубл. 1836; «Моцарт і Сальеры», 1830, апубл. 1831; «Каменны госць», 1830, апубл. 1839, і інш.) на матэрыяле розных краін і гіст. эпох у гранічна лаканічнай форме даследуюцца філас. і маральныя праблемы ўсечалавечага маштабу (свабода, страсць і мараль; асоба, грамадства і гісторыя; жыццё, смерць і бессмяротнасць), дадзены глыбокія ўзоры філас.-псіхал. драмы. У філас. лірыцы 1830-х г. зварот да карэнных пытанняў быцця: кахання, творчасці, смерці. Аўтар антырэліг.сатыр. паэмы «Гаўрыліяда» (1821, апубл. 1861, Лондан; у Расіі 1908 з купюрамі), паэм «Браты-разбойнікі» (1821—22, апубл. 1825), «Домік у Каломне» (1830, апубл. 1833), «Анджэла» (1833, апубл. 1834), раманаў «Дуброўскі» (1832—33, апубл. 1841), «Капітанская дачка» (1836), аповесці «Егіпецкія ночы» (1835, не завершана, апубл. 1837), трагедыі ў вершах «Русалка» (1829—32, не завершана, апубл. 1837), нарыса «Падарожжа ў Арзрум у час паходу 1829 года» (1835, апубл. 1836), «Гісторыі Пугачова» (1834) і інш. Памёр ад раны, атрыманай на дуэлі з Ж.Дантэсам. Эстэт. асваенне кантэкстаў рус. жыцця (інтэлектуальнага, сац.-гіст., бытавога) спалучалася ў П. з жывым успрыняццем разнародных еўрап. уплываў, дарам пранікнення ў інш. культуры і эпохі. Значэнне творчасці і маштабы генія П. дазваляюць назваць яго выключнай з’явай сусв. культуры. Яго маст. дасягненні вызначылі і шмат у чым абумовілі далейшае развіццё рускай і інш. л-р. Творы П. перакладзены амаль на ўсе мовы свету, большасць з іх інсцэніравана і экранізавана.
Пэўнае месца ў творчасці П. занялі гісторыя Беларусі, лёс бел. народа. У маі 1820 і жн. 1.824 паэт праязджаў праз бел. землі. У арт. «Збор твораў Георгія Каніскага, архіепіскапа Беларускага» (1836) ён пісаў пра пакуты «народа, спрадвечна нам роднага, але адлучанага ад Расіі лёсам вайны», сцвярджаючы адзінства рус. і бел. народаў. Добра ведаў бел. фальклор. Доказ таму — мова чарняца Варлаама («Барыс Гадуноў»), насычаная прымаўкамі, якія ў той час бытавалі на Беларусі. Ведаць пра Беларусь П. мог ад кіраўніка Болдзінскага маёнтка беларуса В М.Пянькоўскага. Сучаснікі сцвярджалі, што прататыпам гал. героя рамана «Дуброўскі» быў бел. дваранін Астроўскі (як спачатку і называўся раман). Творчасць П. зрабіла велізарны ўплыў на развіццё бел. л-ры. Гэты ўплыў адчуваўся ўжо ў паэмах «Энеіда навыварат» і «Тарас на Парнасе» (абедзве нап. 4-стопным ямбам), якія ствараліся пад уплывам не толькі травестацый М.Осіпава і І.Катлярэўскага, але і вольналюбівай лірыкі П., яго парадыйных паэм «Бава» і «Гаўрыліяда». У паэме «Тарас на Парнасе» засведчана глыбокая сімпатыя да П. Мара пра вял.нац. л-ру — асн. ідэя і пафас гэтага твора, дзе імя П. пастаўлена першым сярод найвыдатных пісьменнікаў суседніх л-р. У канцы 19 ст. з’явіўся першы бел. пераклад верша П. «Рэха» (пер. А.Гурыновіч). Шырокае асваенне бел. л-рай ідэйна-маст. традыцый П. пачалося з прыходам у л-ру Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча. Творчасць Я.Купалы захавала і развівала характэрныя для пушкінскай паэт. школы традыцыі грамадзянскасці, народнасці, гуманізму. Тыпалагічна блізкія погляды П. і Я.Купалы на вырашэнне тэм «паэт і паэзія», «паэт і натоўп», ідэнтычнае асэнсаванне імі ролі паэта ў грамадстве («Чэрнь», «Помнік» П., «Я не для вас», «Блізкія і далёкія», «Песняру беларусу» Я.Купалы). У героіка-рамантычным эпасе Я.Купалы і рамант. паэмах П. выявіўся тоесны падыход да асэнсавання нар. творчасці як з’явы мастацтва, выкарыстанне фальклору ў літ. творчасці, адлюстраванне нац.-вызв. ідэалаў.
Пры стварэнні рамант. паэм «Курган», «Бандароўна», «Яна і я» і інш. Я.Купала апіраўся на пушкінскую традыцыю ўспрымання гіст. працэсу ў яго прычынна-выніковых сувязях; у спосабах адлюстравання жыцця, у імкненні да выключнага і гераічнага ён блізкі найперш да П.-рамантыка. Уплыў П. абумовіў фарміраванне рэалістычна-канкрэтнай паэтыкі ў дарэв. лірыцы Я.Коласа. Як і П., Я.Колас паэтызаваў простае слова, што памагло яму вывесці нац. лірыку на пушкінскі шлях прастаты як найбольшага маст. майстэрства. У шэрагу вершаў Я.Коласа 1920-х г., прысвечаных тэме паэта. назіралася непасрэдная пераклічка з творамі П. («Водгулле» Я.Коласа, «Рэха» П.), арыентацыя на яго маст. пафас. Многія Коласавы вершы ваен. і пасляваен. часу («Мая просьба», «Самому сабе», «У бяссонне» і інш.) сталі ўзорамі бел.філас. лірыкі, развіваюць традыцыю сцвярджэння перамогі разумнага пачатку — традыцыю. каля вытокаў якой стаяў П. У артыкулах і аўтабіягр. матэрыялах Я.Коласа нямала прызнанняў пра велізарны ўплыў на яго П. Бясспрэчная і тыпалагічная сувязь «Новай зямлі» і «Яўгена Анегіна» як энцыклапедый нар. жыцця; абедзве нап. 4-стопным ямбам. Вял. ўздзеянне паэзіі П. адчуў на сабе Багдановіч: распрацоўка тэмы «народ і гісторыя», традыцый вольналюбівай лірыкі, сцвярджэнне пафасу мастацкасці, пашырэнне тэм і форм бел. л-ры.
Творы П. на бел. мову перакладалі Багдановіч («Вязень»), Я.Купала («Медны коннік»), Я.Колас («Палтава»), К.Чорны («Капітанская дачка», «Станцыйны наглядчык», «Паненка-сялянка», «Трунар», «Дуброўскі»), К.Крапіва («Капітанская дачка»), А.Куляшоў («Цыганы», «Яўген Анегін»), П.Глебка («Барыс Гадуноў»), А.Александровіч («Руслан і Людміла»), А.Якімовіч (казкі), Р.Барадулін, А.Бачыла, П.Броўка, А.Вечар, Ю.Гаўрук, М.Лужанін, М.Паслядовіч, Ю.Свірка, М.Танк, М.Хведаровіч, У.Шахавец і інш. Творчасць П. даследавалі і даследуюць бел.літ.-знаўцы І.Замоцін, Ф.Куляшоў, М.Ларчанка, Ю.Пшыркоў, А.Лойка, М.Тычына, А Шалемава і інш.Жыццё і творчасць П. — крыніца шматлікіх твораў л-ры, музыкі, выяўл. мастацтва. П’есы паводле твораў П. пастаўлены ў т-рах Беларусі: у Нац. т-ры імя Я.Купалы — «Капітанская дачка» (1937), спектакль па творах П. (сцэны «Келля», «Карчма», «Каля фантана» з трагедыі «Барыс Гадуноў» і «Скупы рыцар», 1949); у Нац.рус. т-ры — «Паненка-сялянка» і «Каменны госць» (абодва 1938), «Баляванне ў час чумы і...» (1999); у Бел. т-ры імя Я.Коласа — «Дуброўскі» (1937); у Бел. т-ры юнага гледача — «Пушкінскія казкі» (1974), «Казка пра папа і работніка яго Балду» (1989); у Бел. т-ры лялек — «Казка пра папа і пра работніка яго Балду» (1939); у Нац. т-ры оперы — «Яўген Анегін» (1933), «Пікавая дама» (1934), «Мазепа» (паводле паэмы «Палтава») П.Чайкоўскага (1952), «Русалка» А.Даргамыжскага (1937), «Дуброўскі» Э.Напраўніка (1948), «Алека» (паводле паэмы «Цыганы») С.Рахманінава (1949), «Барыс Гадуноў» М.Мусаргскага (1954), «Залаты пеўнік» М.Рымскага-Корсакава (1972); у Нац. т-ры балета — «Бахчысарайскі фантан» Б.Асаф’ева (1939) і інш. На тэксты П. напісаны многія творы бел. кампазітараў М.Аладава, У.Алоўнікава, А.Багатырова, А.Клумава, П.Падкавырава, Р.Пукста. Ю.Семянякі, А.Туранкова. Я.Цікоцкага і інш. Кнігі П. ілюстравалі бел. мастакі М.Бельскі, Т.Беразенская, А.Волкаў, М.Гуціеў, А.Кашкурэвіч, М.Селяшчук, В.Славук і інш.; карціну «А.С.Пушкін у Міхайлаўскім» напісала Р.Кудрэвіч, «Пушкін у Магілёве» Ю.Падляскі, «Кветкі каханай» І.Пратасеня і інш. Помнікі П. пастаўлены ў Мінску і Магілёве.
Тв.:
Полн. собр. соч.Т. 1—10. М., 1974—78;
Бел.пер. — Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1993;
Выбр. творы. Мн., 1949;
Выбр. творы: Вершы. Паэмы. Мн., 1999;
Выбр. проза. Мн., 1936;
Барыс Гадуноў. Мн., 1937;
Каўказскі нявольнік. Мн., 1937;
Медны коннік. Мн., 1937;
Цыганы. Мн., 1937;
Бахчысарайскі фантан. Мн., 1937;
Аповесці нябожчыка Івана Пятровіча Белкіна. Мн., 1938;
Палтава. Мн., 1938;
Капітанская дачка. Мн., 1948; Яўгеній Анегін. Мн., 1949; Вершы. Мн., 1949; Казка аб мёртвай царэўне і аб сямі асілках. Мн., 1955; Казка пра папа і пра работніка яго Балду. Мн., 1957; Руслан і Людміла. Мн., 1978; О муза... Мн., 1999; Прарок = Пророк: Вершы і казкі. Мн., 1999; Яўгеній Анегін = Евгений Онегин: Раман у вершах. Мн., 1999.
Літ.:
Белинский В.Г. Сочинения Александра Пушкина. М., 1985;
А.С.Пушкин в воспоминаниях современников. Т. 1—2. М., 1974;
Бэлза И.Ф. Пушкин и Мицкевич в истории музыкальной культуры. М., 1988;
Ахматова А.А. О Пушкине: Ст. и заметки. 3 изд. М., 1989;
Анненков П.В. Пушкин: Материалы для биогр. А.С.Пушкина. М., 1999;
Афонин В. Религия и А.С.Пушкин. Невинномысск, 1999;
Гаспаров Б.М. Поэтический язык Пушкина как факт истории русского литературного языка. СПб., 1999;
Духовный труженик: А.С.Пушкин в контексте рус. культуры. СПб., 1999;
Кибальник С.А. Художественная философия Пушкина. СПб., 1999;
Кожинов В.В. Великое творчество. Великая Победа. М., 1999;
Лотман Ю.М. Пушкин: Биогр. писателя: Ст. и заметки, 1960-1990;
«Евгений Онегин»: Коммент. СПб., 1999;
Пушкин и поэтический язык XX в. М., 1999;
Щеголев П.Е. Дуэль и смерть Пушкина. 5 изд. СПб., 1999;
Виноградов В.В. Стиль Пушкина. М., 1999;
Кондаков И.М. Психология в зеркале пушкинской судьбы. М., 2000;
Купала Я. Любімы паэт // Купала Я. Публіцыстыка. Мн., 1972;
Колас Я. Друг человечества. Сонца нашай паэзіі // Зб. твораў. Мн., 1976. Т. 12;
Замоцін І.І. А.С.Пушкін: Нарыс жыцця і творчасці. Мн., 1937;
Пшыркоў Ю.С. Уплыў творчасці А.С.Пушкіна на развіццё беларускай літаратуры. Мн., 1949;
Барысенка В.В., Івашын В.У. Роля рускай класічнай літаратуры ў развіцці рэалізму беларускай літаратуры пачатку XX ст.Мн., 1963;
Степунин И. Прототип пушкинского Дубровского // Неман. 1968. № 8;
Лойко О. Его живые ветви // Там жа. 1974. №6;
Ларчанка М.Р. Пушкінскія традыцыі ў беларускай паэзіі // Ларчанка М.Р. Яднанне братніх літаратур. Мн., 1974;
Бярозкін Р. Звенні. Мн., 1976;
Симанович Д.Г. Подорожная Александра Пушкина. Мн., 1977;
Шалемава А.А. Пушкінскія традыцыі ў лірыцы Янкі Купалы // Песні беларускай валадар. Мн., 1981;
Букчин С. ...Народ, издревле нам родной. Мн., 1984. С. 101—116;
А.С.Пушкін і беларуская літаратура: Рэсп.навук.канф.: Матэрыялы і паведамл. Брэст, 1994;
Соломевич Я. «Нет, весь я не умру...» // Нёман. 1998. №6;
Лиокумович Т.Б. Потомки А.С.Пушкина в Беларуси. Мн., 1999;
Пушкін — беларуская культура — сучаснасць: Матэрыялы Міжнар.навук.канф.Мн., 1999;
А.С.Пушкін і Беларусь = А.С.Пушкин и Беларусь. Мн., 1999;
Тычына М.А. Аляксандр Пушкін і Якуб Колас. Мн., 1999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
адкры́ць, ‑крыю, ‑крыеш, ‑крые; зак., каго-што.
1. Тое, што і адчыніць. Адкрыць акно. Адкрыць шафу. □ Міхась адкрыў сундук і хутка знайшоў там, на дне, хімічны карандаш.Якімовіч.// Распячатаць, разарваць. Хвіліну.. [Маша] паглядала на канверт, не адважваючыся адкрыць, затым хутка разарвала яго і, нічога не гаворачы, упілася вачыма ў пісьмо.Мележ.// Адаткнуць што‑н., адкаркаваць. Адкрыць бутэльку.// Пакруціўшы, павярнуўшы кран, клапан і пад. пусціць у дзеянне што‑н. Адкрыць ваду. Адкрыць газ.// Расплюшчыць (пра вочы). — Што такое? Якое данясенне? — раптоўна адкрыў вочы Перапечкін і паспрабаваў падняць галаву.М. Ткачоў.// Агаліць, зняўшы што‑н. зверху. Стала горача, і Іван адкрыў галаву.Чарнышэвіч.
2. Даць шырокія магчымасці для развіцця чаго‑н. Ты [партыя] у людзі нас вывела, родная, Нам адкрыла прасторы жыцця.Непачаловіч.
3. Арганізаваць, стварыць што‑н. і абвясціць пра пачатак дзейнасці яго. Адкрыць завод. Адкрыць яслі.
4. Паслужыць пачаткам чаго‑н.; пачаць што‑н. Вялікая Кастрычніцкая сацыялістычная рэвалюцыя адкрыла новую эру ў гісторыі чалавецтва. Адкрыць тэатральны сезон.
5. Абвясціць пра пачатак пасяджэння, вечара і пад. Адкрыць сход. □ Усе з нецярплівасцю чакалі, калі дырэктар школы адкрые вечар і раскажа аб жыцці дзеда Ягора.Скрыпка.
6. Заўважыць, знайсці ў выніку экспедыцыі або навуковага даследавання нешта зусім новае або даўно забытае. Пры дапамозе мікраскопа былі адкрыты мікраарганізмы. □ Калі заўважыў Архімед Між з’яў цікавую прыкмету, Яе ён вывучыў як след — Адкрыў закон, вядомы свету.Непачаловіч.Калумб, караблі правёўшы Праз акіян свае, Адкрыў Амерыку, — Новым Назваўшы светам яе.Куляшоў.// Выявіць наяўнасць, існаванне чаго‑н. шляхам даследавання. Адкрыць радовішча алмазаў. □ [Дзянісаў:] — Палёт на Месяц — гэта выдатна! Ён дапаможа нашай навуцы адкрыць многа новага, пашырыць яе гарызонты.Гамолка.
7. Зрабіць вядомым тое, што доўгі час скрывалася, утойвалася, было невядомым; раскрыць. Адкрыць сакрэт. □ Адкрыла маці дачцэ сваю тайну, праўду аб тым, хто яе бацька.Колас.Вялікія справы, роўныя чалавечаму лёсу, кранулі.. [Марыну] і адкрылі перад яе маладой душой свае таямніцы.Чорны.
8. Заўважыць у кім‑, чым‑н. невядомыя да гэтага здольнасці, якасці. [Аркадзь:] — А я, брат, пад старасць раптам «адкрыў» у сабе талент.Васілевіч.Г.А. Ціхаў адкрыў здольнасць папараці выпраменьваць інфрачырвоныя прамені.Матрунёнак.
•••
Адкрыць агонь — ваенная каманда пачаць страляць.
Адкрыць лік — а) у спорце — атрымаць першае ачко ў сваю карысць; б) дамагчыся першага баявога трафея.
Адкрыць рахунак — а) пра ўкладчыка: зрабіць уклад у банк; б) пра банк: пачаць выдаваць грошы па рахунку.
Адкрыць Амерыку — сказаць, аб’явіць тое, што даўно вядома.
1. Надаць каму‑, чаму‑н. ляжачае становішча, змясціць куды‑н. у такім становішчы. Раненага асцярожна паклалі на зямлю, падаслаўшы коўдру.Якімовіч.Старшыня ўзяў з рук каваля клешчы, выхапіў распаленае жалеза з горна, паклаў на кавадла і загадаў: — Ану!Курто.Праз якіх пяць хвілін Аксану, укручаную ў коўдру і падушкі, паклалі ў сані.Скрыпка.// Улажыць спаць, адпачываць. У цішыні салдатка-маці Паклала спаць сваіх дзяцей.Танк.За тонкаю перагародкаю ў большай палавіне [хаты] скрыпнула канапа — там нанач паклалі хлопчыка.Адамчык.// Прымусіць праціўніка ўпасці на зямлю пры дужанні. Пакласці праціўніка на спіну з аднаго маху.//перан.Разм. Забіць, знішчыць. Варта было з кулямёта касануць па натоўпе на мосце, каб пакласці ўсіх [легіянераў].Грахоўскі.
2. Змясціць куды‑н., размясціць дзе‑н. Пакласці грошы ў кішэню. □ Перакусіўшы збольшага, хлопцы паклалі рэшту хлеба ў чамаданы і выйшлі на вуліцу.Якімовіч.У хату зайшоў бацька, няспешна паклаў сякеру пад лаўку, падышоў да сына, паціснуў руку.Новікаў.— Рукі ўверх! — і на курок Палец свой паклаў стралок.А. Александровіч.// Перастаць карыстацца якім‑н. інструментам, прадметам, адлажыць яго ўбок. Стары прыціскаў да .. [тачыла] іржавае жалеза. Костусь міргнуў хлопцу. Той пакінуў круціць. Стары паклаў жалеза і абцёр рукі.Чорны.// Змясціць для зберажэння, зрабіць уклад (у банк, ашчадную касу і пад.). Пакласці грошы ў ашчадную касу.// Адправіць, змясціць у клініку, шпіталь і пад. [Шаховіч:] — Ты ж, мусіць, чуў, што Захарэвіча ў бальніцу паклалі? Абмарозіўся на тваёй машыне.Мяжэвіч.
3. Тое, што і палажыць (у 2 знач.).
4. Зрабіць знак, пакінуць адбітак чаго‑н. Выбегшы з-за невялікай хмары, сонца зноў паклала на ціхую раку цені прыбярэжных вербаў.Рылько.//перан. Уздзейнічаць, зрабіць вялікі ўплыў; пакінуць след. Падаюць гнілі падпоры — Часы паклалі свой знак.Колас.Ваеннае становішча паклала на жыццё свой адбітак.Сяргейчык.
5. Налажыць ежы, корму. Круцько наліў чаркі, Ліпа паклала на талерку смажаную трусяціну.Ваданосаў.[Іван:] — Коням, мабыць, трэба пакласці нешта ў жалабы, ці можа на пашу весці?Чарнышэвіч.
6. Тое, што і палажыць (у 3 знач.).
7. Знесці (яйцы), каб вывесці патомства. Самачка паклала ў.. [гняздо] чатыры рабенькія яечкі і села іх наседжваць.Ігнаценка.
8.перан. Аддаць, патраціць. — Шмат працы паклаў Адам Васільевіч у справу аднаўлення роднага калгаса.Кавалёў.[Гарасім:] — Прыйшлі [людзі] на карчы, імшары, колькі поту, пакуты разам паклалі, пакуль разрабілі, дык дзе ты цяпер пакінеш, гэта ўжо ўсё.., як сваё.Скрыган.
9. З назоўнікамі «пачатак», «канец», «аснова» і г. д. утварае спалучэнні, якія маюць значэнне: зрабіць тое, што азначаюць гэтыя назоўнікі. Пад баявым дэвізам «Пралетарыі ўсіх краін, яднайцеся!» Маркс і Энгельс паклалі пачатак арганізаванаму камуністычнаму руху.«Звязда».Кастрычніцкая рэвалюцыя паклала канец прыгнечанню народаў старой Расіі.Пшыркоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
скарб, ‑у, м.
1.звычайнамн. (ска́рбы, ‑аў). Грошы, каштоўныя рэчы, каштоўнасці. Мне не належаць скарбы і багацце.Кляшторны.Набыткі, скарбы, аддавалі ўсё, душы і сэрца толькі не давалі.Дубоўка.// Багацці прыроды, зямных нетраў. Хацеў на цябе паглядзець, Сібір, Стоячы з думай ціхай, Скарбы пабачыць тваіх глыбінь, Паветрам тайгі падыхаць.Калачынскі.Скарб палёў — збажыну, Што ўзрасціў чалавек, Перавозяць таварнякі.Прыходзька.
2.звычайнамн. (ска́рбы, ‑аў); чаго або якія. Духоўныя і культурныя каштоўнасці. [Народныя] масы не толькі вырабляюць матэрыяльныя каштоўнасці, неабходныя для жыцця і паступальнага развіцця грамадства, але і ствараюць яшчэ вялікія скарбы духоўнай культуры.Лушчыцкі.Мовазнаўца знойдзе ў творах .. [Коласа] скарбы народнай беларускай мовы, філосаф — нямала сапраўды філасофскіх праблем.«Полымя».// Багацці розуму, сэрца і пад. Хіба не трагічна, калі вялікія сыны народа .. вымушаны былі служыць чужой культуры, якую яны, па волі гістарычнага лёсу, узбагачаюць скарбамі свайго генія, свайго таленту.Майхровіч.
3.перан. Пра таго (тое), што мае асабліва вялікую вартасць. Добрыя кадры — гэта жывы скарб.Дуброўскі.Нават просты спеў птушыны Раджае ў сэрцах пачуццё, Што лепшы скарб — краса айчыны, Яе бясконцае жыццё!Кірэенка.Майстры сівыя навучаюць моладзь, перадаюць ёй скарб сваёй навукі і дзівяцца з таго, як хутка ловяць сакрэты ўсе іх маладыя рукі.Дубоўка.Скарб, а не дзяўчына, усё з паўслова разумее.Шыцік.//іран.ужыв.[Маці:] — Што ты нешта сёння з гэтым вужышчам усхадзіўся. Такі-та скарб.Пальчэўскі.// Пра вельмі дарагое, каштоўнае для каго‑н. Маша трымала на руках свой беленькі скарб — малое ў «канверце» — і ўсміхнулася мне, кіўнуўшы галавою.Брыль.Усяго некалькі слоў, але .. [роля] здавалася мне вялікім скарбам.Сяргейчык.Пабег шчаслівы Сцяпанка ў ток са сваёй пушачкай. Цешыла яго вельмі тое, што гэтага скарбу ўжо ніхто ў яго не адбярэ.Бядуля.
4. Каштоўнасць схаваныя, закапаныя дзе‑н. І раптам камсорг-прараб Спыніўся ўсхваляваны: — Глядзіце, знайшоў я скарб, Што быў карчмаром схаваны.Нядзведскі.
5. Багацце, маёмасць. Форма скарбу ёсць проста форма грошай, якія не знаходзяцца ў абарачэнні.Маркс.[Дзед Мікалай] вартуе начамі калгасны скарб.Якімовіч.І яго доля працы ўнесена ў агульны скарб дзяржавы.Алешка./уіран.ужыв.Мужчыны адышлі ў куточак і падлічылі да капеечкі свой скарб.Пальчэўскі.
6.Разм. Пажыткі, хатнія рэчы. Снавалі дзеці і мужчыны, З сяней, з каморы скарб сцягалі І на вазы яго складалі.Колас.Увесь яго скарб умясціўся на возе: там ляжыць невялікі мех сухароў, сякія-такія транты.Сабаленка.Усюды на падлозе валяўся скарб — рэшаты, адзежа, кублы.Лупсякоў.За плячыма старой вісеў нейкі клунак, напэўна, з дамашнім скарбам.Мележ.
7.Уст. Дзяржаўная ўласнасць; казна. Былі там пасекі. Штогоду Тут сотні блізшага народу Дзялянкі лесу карчавалі І на трацяк іх засявалі — Капу да скарбу, дзве дадому...Колас.І грошы тыя начальства забрала да скарбу.Гарэцкі.
[Польск. skarb.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
страля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; незак.
1. Рабіць выстралы. [Чырвонаармеец] увесь час трымаў вінтоўку так, што ў кожны момант мог страляць.Чорны.Камендант падымаецца і страляе ў той бок, куды пабег Максім.Козел.Хлопцы ўскочылі, прабеглі колькі метраў, пасля пападалі, пачалі страляць.Новікаў.// Умець карыстацца агнястрэльнай зброяй. Партызанскае жыццё, дарогі ды сцежкі да Гомеля, хітрасці, як падмануць немцаў і паліцаяў, — вось што .. [Валя] ўведала за два гады вайны. Ды страляць навучылася. І ненавідзець.Шамякін./ Пра пуск стрэл, камянёў з лука, прашчы і пад. Алёшка так налаўчыўся страляць з .. [рагулькі], што любую шышку збіваў.Якімовіч.// Дзейнічаць (пра агнястрэльную зброю). Але як-ніяк .. [стрэльба] магла страляць, а гэта ўжо вялікая штука.Лынькоў.
2.каго. Расстрэльваць, забіваць з агнястрэльнай зброі. Была ноч, як у астрозе .. [Юра] даведаўся, што яго будуць страляць.Чорны.
3.перан. Утвараць прарэзлівыя адрывістыя гукі, падобныя на выстралы. У клубе бялелі вокны. Там дзесьці страляў рухавічок. Пыхкаў, ляскатаў, — меліся пускаць кіно.Пташнікаў.У рэдкай цішыні шумеў цягнік, а чыстай раніцаю, днём раптам пачынаў страляць матацыкл і ляскала кузавам машына, мусіць, перавальваючыся па калдобінах.Адамчык.І вось надарыцца часамі Мароз над усімі маразамі; Ідзе сярдзіта, пагражае, Па даху гонтамі страляе.Колас./ Пра агонь, касцёр і пад. У печы патрэсквалі і стралялі на хату чырвонымі вугельчыкамі дровы.Адамчык.[Вара] наладжвала вісячую лямпу, якая нешта дрэнна гарэла, страляла іскрамі і дымілася.Кулакоўскі.//чым. Ляскаць чым‑н., утвараючы адрывістыя гукі. Пастушок Сярожка ад узрушання «страляў» сваёй пляцёнкай-пугай.Краўчанка.
4.безас.Разм. Калоць (пра адчуванне вострага, пранізлівага болю). У вушах страляе.
5.Разм. Імкліва адскокваць, уцякаць. І гэты пошчак [пішучых машынак] чамусьці выклікаў у Міколавым уяўленні квяцісты сонечны луг і конікаў, што страляюць з-пад ног у розныя бакі.Гаўрылкін.
6.перан.Разм. Выпрошваць што‑н. у каго‑н. Страляць папяросы.
7.перан.Разм. Імкнуцца выклікаць прыхільнасць; заляцацца да каго‑н. [Кулік:] — Яна ж [Юзэфа] за Зарэмбам, інжынерам маслазавода, страляла .. — Ведала, што цябе не ўтрымае...Гурскі.
•••
Варон страляць — не заўважаць таго, што трэба; зяваць. [Маці:] — Ды варон не страляй, кругом прыглядайся, каб дзе пад машыну не трапіў.Якімовіч.
Страляць вачамі (вачыма) — а) кідаць хуткія позіркі на каго‑н.; выглядваць што‑н. Смык, цыбаты, даўгашыі, выходзіць да карты і пачынае плаваць туды-сюды, страляе па класе вачамі, падміргвае, каб падказалі.Сяркоў; б) какетліва паглядаць на каго‑н. Зоя з Валодзем пачалі паміж сабою горача спрачацца, перабіваць адно аднаго. Пры гэтым так шчасліва стралялі вачыма, што .. [Мая Антонаўка] ім пазайздросціла.Карпюк.
Страляць з гарматы па вераб’ях — аб залішняй траце сіл, сродкаў для дасягнення нязначнай мэты.
Хоць (у лоб) страляй — што ні рабі, што ні кажы (пра ўпартага чалавека). [Хрысціна:] — І Нічыпар колькі разоў пісаў і цяпер піша: прыязджай і прыязджай. А ты ўпёрся, як бык натурлівы, і хоць табе ў лоб страляй...Гроднеў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
стрыма́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
1. Спыніць, запыніць на хаду; затрымаць, задаволіць (рух, ход, дзеянне). Андрэй стрымаў каня і павярнуўся да паставога.М. Ткачоў.Вельмі хацелася Собічу падняцца і падысці да акна, каб паглядзець на іх, але ён стрымаў сябе.Скрыган.// Перашкодзіць чаму‑н., затрымаць (развіццё, рост і пад. чаго‑н.). Жыццё ідзе наперад, і яго нічым не стрымаеш.Арабей.// Утрымаць ад якіх‑н. дзеянняў; перашкодзіць. Стрымаць няможна грамаду, Калі яна на ворага ўзнялася.Корбан.Мы аб’яднанымі сіламі ў свеце Стрымаем падпальшчыкаў новай вайны.Танк.
2. Вытрымаць які‑н. цяжар, націск. Я паварочваюся да свайго суседа, спраўнага ружовага дзядка: ён з усяе сілы ўпяўся, каб стрымаць людзей, што наваліліся яму на плечы, і цяжка дыхае.Палтаран.Шанцавала Нічыпару гэтым вечарам на рыбу .. Спраўляйся толькі падымаць з асцярогаю вудзіл[ьна]; глядзі, каб стрымала вуда, пакуль скончыць плотка свой танец.Баранавых.//перан. Перанесці, выцерпець. Не стрымала сэрца ўздыму У грудзях гартаваных, мужычых. Каб вякамі струхлелае з дымам Распаліць ад мяжы да мяжы.Трус.
3. Процістаяць напору, націску каго‑, чаго‑н. А ці хопіць у партызан сілы выстаяць, стрымаць блакаду, разбіць карнікаў?Няхай.І як ні спяшаліся гітлераўцы будаваць лініі абароны, яны не маглі стрымаць націск Савецкай Арміі.Васілеўская.// Стаць перашкодай на шляху чаго‑н. Праз завешанае коўдраю акно прабіваліся першыя промні сонца. Коўдра не магла стрымаць іх, яны ўрываліся ў палату праз невялікія шчыліны.Арабей.
4. Не даць чаму‑н. праявіцца на поўную сілу, выявіцца поўнасцю. Апошні раз мы не стрымалі слёзы У студзені, калі гулі сірэны.Грахоўскі.Нягледзячы на ўсю значнасць моманту, Андрэй не стрымаў усмешкі.Шыцік.[Пальчык] толькі стараўся стрымаць дыханне, а сэрца ў яго грудзях малаціла.Дамашэвіч.//перан. Утрымаць пры сабе (пра думкі, пачуцці і пад.). Думы, думы! Я вас не стрымаю. Ды ці можна, скажыце, стрымаць, Калі ў сэрцы растала зіма Пад кіпучыя росквіты мая?!Багун.Не пясняр я, а песні складаю, Бо стрымаць іх мне сіл не стае: Дзе ні гляну — ад краю да краю Зарунела зямля маладая, — І таму маё сэрца пяе.Непачаловіч.
5. Абмежаваць, зменшыць велічыню, ступень, сілу праяўлення чаго‑н. Стрымай свой запал. □ [Сцёпа] стрымаў усхваляваны тон голасу, праказаў невінавата, наіўна: — На дварэ вунь ідзе снег.Баранавых.// і без дап. Утрымаць сябе ад праяўлення якіх‑н. пачуццяў, ад здзяйснення якіх‑н. намераў. І ўсё ж Вячаслаў не стрымаў. Паціху пачаў насеістваць знаёмую мелодыю.Шыловіч.Гауптман не стрымаў — выявіў сваё нутро: — Дурань! Растлумачце яму [вахтмайстру], обер-лейтэнант.Мікуліч.
•••
Стрымаць слова (абяцанне, клятву) — выканаць абяцанае. Важаты Сяргей Ляўцоў стрымаў сваё слова.Беразняк.Колькі ўжо год ведае Змітрок Іну, а не памятае выпадку, каб яна ашукала, не стрымала слова.Ваданосаў.
Стрымаць сябе — тое, што і стрымацца.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ГІСТО́РЫЯ ФІЛАСО́ФІІ,
навука пра станаўленне, развіццё і барацьбу філас. ідэй, канцэпцый і сістэм, светапогляд мысліцеляў, пісьменнікаў, мастакоў, грамадскіх і паліт. дзеячаў.
Элементы гісторыка-філас. ведаў узніклі ў Стараж. Грэцыі ў 4—3 ст. да н.э. — 2—3 ст.н.э. (творы Арыстоцеля, Дыягена Лаэрцкага, Секста Эмпірыка). У эпоху позняга элінізму яны развіваліся айцамі хрысц. царквы (Яўсевій Кесарыйскі, Аўгусцін Блажэнны). Араб. філосаф Шахрастані (12 ст.) упершыню паспрабаваў сістэматызаваць філасофію стараж. грэкаў, персаў, яўрэяў, арабаў у кн. «Рэлігійныя секты і філасофскія школы». Першым хрысц. гісторыка-філас. даследаваннем сярэдневяковай Еўропы была праца У.Бёрклі (1275—1357) «Кніга пра жыццё і смерць старажытных філосафаў і паэтаў». У эпоху Адраджэння гісторыю філасофіі даследавалі пераважна ў рамках гісторыі культуры. Самаст. навукай стала ў сярэдзіне 17 ст., калі выйшлі даследаванні «Гісторыя філасофіі» (1655—61) Т.Стэнлі, «Гісторыя філасофіі ў сямі кнігах» (1658) Г.Хорна, «Пра філасофію і філасофскія школы» (1658) Г.Фоса. Погляд на развіццё філасофіі як рух да спасціжэння хрысц. мудрасці падсумаваны ў кн. Я.Брукера «Крытычная гісторыя філасофіі ад стварэння сусвету да нашага часу» (1742—47). Пад уплывам ідэй Асветніцтва ўзнікла крытычная плынь у гісторыі філасофіі, якая ўключала гісторыю пазнання, логіку, псіхалогію, развіццё прыродазнаўства. Ідэю гістарызму ў філас. пазнанні развівалі Дж.Віка, Ш.Мантэск’ё, І.Гердэр, І.Кант, І.Фіхтэ, Ф.Шэлінг. Гісторыю еўрап. думкі і навукі з дыялектычных пазіцый падсумаваў Г.Гегель у кн. «Лекцыі па гісторыі філасофіі», «Энцыклапедыя філасофскіх навук» (1817). У 19 ст. пачаліся сістэматычныя даследаванні гісторыі філасофіі Рас. імперыі. У 1920-я г. ўзрасла цікавасць да ранейшай гісторыі філасофіі. Па гэтай праблеме апублікаваны кн. «Нарыс гісторыі рускай філасофіі» (2-е выд., 1920) Э.Радлава, «Шляхі развіцця філасофіі ў Расіі» (1922) М.Яршова, «Нарыс развіцця рускай філасофіі» (ч. 1, 1922) Г.Шпета. У эмігранцкім рас. асяроддзі з’явіліся арыгінальныя манаграфіі «Руская ідэя: Асноўныя праблемы рускай думкі XIX і пачатку XX ст.» (1946) М.Бярдзяева, «Гісторыя рускай філасофіі» (т. 1—2, 1948—50) В.Зянькоўскага, «Гісторыя рускай філасофіі» (1951) М.Лоскага, у Маскве выдадзена 5-томная «Гісторыя філасофіі ў СССР» (1985—88).
Гісторыя філас. думкі Беларусі даследавалася ў адзінстве з развіццём грамадска-паліт., эстэт. і сацыялагічнай думкі. У эпоху сярэдневякоўя (10—15 ст.) важнай крыніцай тэарэт. і практычнай мудрасці былі біблейскія кнігі філасофска-этычнага зместу, вусная нар. творчасць. Філас. раздзелы «Крыніцы ведаў» візант. пісьменніка Іаана Дамаскіна (каля 675—754), напісаныя паводле прац Арыстоцеля і яго хрысц. каментарыяў, былі перакладзены на стараслав. мову. Біблейская філасофія светастварэння пераказана ў «Аповесці мінулых гадоў» (12 ст.), якая выкарыстоўвалася на Беларусі як адна з крыніц мясц. летапісу. Пачынальнікам самабытнай сінкрэтычнай мудрасці (адзінства тэалогіі, філасофіі, аратарскага і паэт. мастацтва) у старадаўняй Беларусі быў Кірыла Тураўскі. У 10—15 ст. на Русі адукаваныя людзі знаёміліся з ант. і сярэдневяковай філасофіяй, л-рай, этыкай і эстэтыкай па энцыклапедычным зб. «Пчала» (13 ст.). Нар. пантэістычна-маст. светапогляд выявіўся ў паэме «Слова аб палку Ігаравым» (канец 12 ст.), у фабулу якой увайшлі фрагменты з гісторыі Полаччыны, мясц. песні, легенды. У 16—17 ст. склалася рэгіянальная самабытная гуманіст. ідэалогія, філасофія, этыка і эстэтыка (творчасць і асветніцкая дзейнасць Ф.Скарыны, М.Гусоўскага, С.Буднага, В.Цяпінскага, А.Волана, заканадаўчая дзейнасць Л.Сапегі, Статуты ВКЛ 1529, 1566, 1588, палемічныя творы А.Філіповіча, М.Сматрыцкага, братоў Л. і С.Зізаніяў і інш.). З пазіцый хрысц. філасофіі і этыкі сутнасць чалавека, грамадства і сусвету тлумачыў Сімяон Полацкі. Асаблівасць развіцця філас. думкі ў Беларусі і Літве канца 16 — 1-й пал. 18 ст. — засваенне ант., сярэдневяковай і новаеўрап. філасофіі, гуманіт. навукі, прыродазнаўства, маст. культуры праз Віленскі ун-т, мясц. калегіумы, базыльянскія і піярскія школы, якія існавалі ў большасці бел. гарадоў і мястэчак. Асветніцкую філасофію 18 — 1-й пал. 19 ст. прадстаўлялі А.Доўгірд, паслядоўнікі філасофска-эканам. тэорыі фізіякратаў І.Храптовіч, І.Страйноўскі, К.Багуслаўскі, тэарэтыкі рыторыкі і паэзіі Ф.Галянскі, Э.Славацкі, Л.Бароўскі і інш. Філасофія, этыка і эстэтыка бел.нац. Адраджэння — духоўнага і грамадска-паліт. руху да стварэння самабытнай бел. культуры і нац. дзяржаўнасці — сфарміраваліся ў творчасці К.Каліноўскага, В.Дуніна-Марцінкевіча, Ф.Багушэвіча, А.Гурыновіча, Цёткі (А.Пашкевіч), Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча, З.Бядулі, М.Гарэцкага, дзеячаў Бел.сацыяліст. грамады і газ. «Наша ніва» А.Луцкевіча, В.Ластоўскага, публіцыстаў Л.Гмырака (М.Бабровіча), С.Ясяновіча (С.Палуяна), гісторыка М.В.Доўнар-Запольскага і інш. У 1920-я г. ў БССР былі апублікаваны арыгінальныя падручнікі С.Вальфсона «Дыялектычны матэрыялізм» (1922), Б.Быхоўскага «Нарыс філасофіі дыялектычнага матэрыялізму» (1930), інш. даследаванні па метадалогіі, сацыялогіі, псіхалогіі, у т. л. У.Іваноўскага, С.Кацэнбогена. У 2-й пал. 1950-х г. выйшлі манаграфіі М.Алексютовіча «Скарына, яго дзейнасць і светапогляд» (1958), І.Лушчыцкага «Нарысы па гісторыі грамадска-палітычнай і філасофскай думкі ў Беларусі ў другой палавіне XIX ст.» (1958), А.Смірнова «Кастусь Каліноўскі ў паўстанні 1863 г.» (1959) і інш. Сістэматычныя даследаванні па гісторыі філас. і эстэт. думкі Беларусі пачаліся ў 1950—60-я г., калі былі падрыхтаваны зб-кіарт. «З гісторыі барацьбы за распаўсюджванне марксізму на Беларусі (1883—1917 гг.)» (1958), хрэстаматыя «З гісторыі філасофскай і грамадска-палітычнай думкі Беларусі» (1962). Вяліся даследаванні філасофіі і культуры Беларусі эпохі Адраджэння (С.Падокшын, В.Пузікаў, Я.Парэцкі), пераходнага перыяду ад сярэдневякоўя да Новага часу (У.Дуброўскі, К.Пракошына), эпохі Асветніцтва (А.Бірала, Э.Дарашэвіч, У.Пратасевіч і інш.), ідэйна-філас. дыскусій у 1820—40-я г. (Н.Махнач), матэрыяліст. традыцый у гісторыі прыродазнаўства (М.Купчын), рэв.-дэмакр. думкі, сац.-філас. і этычных праблем у творчасці Ф.Багушэвіча, Я.Купалы, Я.Коласа (А.Майхровіч), гісторыі бел.эстэт. думкі і маст. культуры (У.Конан). Выдадзены калект. праца «Развіццё марксісцка-ленінскай філасофіі ў БССР (20—70-я гады)» (1984), зб. «Помнікі філасофскай думкі Беларусі XVII — першай паловы XVIII ст.» (1991). З пач. 1990-х г. даследчыкі засяродзіліся на вывучэнні гісторыі нац. культуры, дзеячаў сярэдневяковай і рэнесансавай культуры (Кірылы Тураўскага, Скарыны, Сімяона Полацкага і інш.), нац. самабытнасці бел.філас. думкі. Дасягненнем гісторыка-філас. думкі бел. замежжа было, поруч з даследаваннем літ.-маст., гіст. і навук. спадчыны Беларусі, уключэнне ў кантэкст нац. культуры ант. філасофіі. У 1960—80-я г. Я.Пятроўскі (ЗША) апублікаваў у сваім перакладзе на бел. мову з каментарыямі «Дыялогі» Платона (у 6 кн.), анталогію «Лепшыя думкі чалавека» (у 3 т.), «Разважанні» Марка Аўрэлія», «Старажытную грэцкую класіку», шматтомны «Класічны грэцка-беларускі слоўнік» і інш.
Літ.:
Очерки истории философской и социологической мысли Белоруссии (до 1917 г.). Мн., 1973;
Богомолов А.С., Ойзерман Т.И. Основы теории историко-философского процесса. М., 1983;
Гулыга А.В. Немецкая классическая философия. М., 1986;
Виндельбанд В. История древней философии: Пер. с нем. Киев, 1995;
Эрш Ж. Філасофскае здумленне: Гісторыя заходняе філасофіі: Пер. з фр.Мн., 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСКУЛА́ЧВАННЕ,
адзін са спосабаў ліквідацыі кулацтва ў СССР. Праводзілася парт.-сав. ўладамі ў 1920-я — пач. 1950-х г. Мела на мэце унітарнасць сац.-эканам. жыцця на вёсцы дзеля канцэнтрацыі ўлады ў руках кіруючага апарата; цесна звязана з правядзеннем у жыццё бальшавіцкіх уяўленняў пра сацыялізм. Змест, характар, сродкі і метады Р. залежалі ад сац.-эканам. і паліт. умоў часу. Адзіным у ім было выкарыстанне прамой ці гвалтоўнай экспрапрыяцыі ў адносна самастойнага селяніна сродкаў вытв-сці, вынікаў вытв. дзейнасці, грашовых накапленняў і абмежаванне яго ў палітычных правах, а таксама ў правах на месцы працы, формы або віды навучання. Поўная экспрапрыяцыя гаспадарак часта спалучалася з бязлітаснымі пакараннямі (расстрэлы, зняволенне ў канцлагерах, ссылка ў аддаленыя раёны і інш.) іх уладальнікаў за сапраўдныя або ўяўныя контррэв. дзеянні. Часткова Р. выкарыстоўвалася як сродак ажыццяўлення ўраўняльных ідэалаў сялянства. На Беларусі Р. набывала асабліва масавы характар у 1929—31 (усх. і цэнтр. раёны) і 1949—52 (Заходняя Беларусь). Фундамент Р. закладзены сав. заканадаўствам 1917—20, скіраваным на шырокамаштабнае прымусовае ўраўноўванне земляробаў. Важкі ўклад у рэалізацыю гэтай палітыкі, якая ва ўмовах грамадз. вайны набывала часам вельмі жорсткія формы, зрабілі камітэты беднаты і харчатрады. Падставай для Р. многіх гаспадарак і пакарання іх уладальнікаў станавілася іх адмова да выканання харчразвёрсткі. У перыяд новай эканамічнай палітыкі (з сак. 1921) гал. кірункам Р. стала эканам. абмежаванне і гасп.-прававы ўціск заможных сял. гаспадарак (у БССР іх колькасць да 1927 складала 4,1% ад агульнай колькасці сял. гаспадарак). У 1926 сума падаткаў і збораў на адну заможную гаспадарку ў БССР прыкладна ў 3,8 разу перавышала сярэдні паказчык у разліку на адну сял. гаспадарку. У 1925—27 перададзена беднаце больш за 200 тыс.га зямлі, адрэзанай ад кулацкіх двароў. Пасля XV з’езда ВКП(б) (снеж. 1927), які абвясціў курс на правядзенне калектывізацыі сельскай гаспадаркі, эканам. захады супраць кулацтва ўсё часцей спалучаліся з адм., з прамой канфіскацыяй прадуктаў уласнай працы і зямельных лішкаў, новымі абмежаваннямі на атрыманне крэдытаў, забеспячэнне складанымі машынамі і прыладамі. Пры выкананні напружаных хлебанарыхтоўчых заданняў падатак для найб. моцных сял. гаспадарак часта падымаўся ў 2—6 разоў, што разарала іх. У 1929 спынена выдзяленне сял. гаспадарак на хутары і водрубы, надзвычайныя меры пачалі перарастаць у ліквідацыю заможных, у т. л. серадняцкіх гаспадарак у выніку ўзмацнення індывід. абкладання с.-г. падаткам і ўвядзення т.зв. цвёрдых заданняў па тэрмінах іх выканання. У сувязі з масавай калектывізацыяй асн. метадам Р. стала гвалтоўная экспрапрыяцыя-ліквідацыя кулацкіх гаспадарак з прымяненнем рэпрэсій да гаспадароў і членаў іх сем’яў.
У адпаведнасці з дырэктывамі органаў кіравання СССР (студз.—лют. 1930) па асобна ўзятых раёнах БССР планавалася раскулачыць ад 3 да 5% сял. двароў, а ў цэлым па рэспубліцы 4,2% (34 тыс.), што значна перавышала рэальную колькасць сапр. кулацкіх гаспадарак. Мясц. ўлады ў раёнах суцэльнай калектывізацыі атрымалі права ўжываць супраць кулакоў ўсе захады аж да поўнай канфіскацыі іх маёмасці і высылкі разам з сем’ямі па-за межы раёна або акругі. Згодна з парт.-дзярж. дырэктывамі 1930 да 20% раскулачаных па рашэннях «троек» (1-ы сакратар райкома партыі, старшыня выканкома райсавета і нач. раённага аддзела Дзярж.паліт. ўпраўлення) без следства і суда адпраўляліся на Пн і УСССР у якасці вязняў канцлагераў і спецпасяленняў. Астатнія 80% рассяляліся на спец. землях па-за межамі калгасаў раёна. Канфіскаваная маёмасць і землі перадаваліся пераважна калгасам як уступны ўзнос беднаты. Выяўленне і высяленне кулакоў праводзілі органы дзярж. бяспекі, мясц. органы ўлады, якім дапамагалі групы беднаты, рабочыя брыгады, спец. накіраваныя рабочыя-«дваццаціпяцітысячнікі», работнікі палітаддзелаў МТС і саўгасаў. На Беларусі найб. шырокая кампанія па Р. адбывалася зімой 1929—30: да мая 1930 раскулачана 15,6 тыс. сямей (1,9% ад усёй іх колькасці на вёсцы), з якіх 6 тыс. сем’яў (0,74% усіх сял. гаспадарак) абвінавачаны ў контррэв. дзейнасці і высланы ў паўн.-ўсх. рэгіёны СССР. Гвалтоўныя метады калектывізацыі і Р. выклікалі масавыя выступленні сялян: падпалы, забойствы калгасных актывістаў і парт.-сав. работнікаў, разгромы памяшканняў органаў улады і інш, (у студз. — 1-й пал.крас. 1930—520 выпадкаў). Усяго да кастр. 1930 было раскулачана 20,5 тыс. гаспадарак (сярод іх 73 серадняцкіх). Прыкладна 10 тыс. гаспадарак «самараскулачыліся» (распрадалі ці кінулі маёмасць). У далейшым Р. праводзілася пераважна як мера пакарання сялян-аднаасобнікаў за невыкананне або адмову ад выканання высокіх індывід. падатковых заданняў. Колькасць індывід. абкладзеных гаспадарак павялічвалася за кошт зноў выяўленых або выключаных з калгасаў (паводле пастановы ЦВК і СНКСССР ад 13.11.1930) «кулацкіх» гаспадарак. Усяго ў БССР на 15.1.1931 у індывід. парадку было абкладзена 2974 гаспадаркі. Калі за 1930 было раскулачана больш за палавіну кулацкіх гаспадарак, то за 1931 у выніку жорсткіх захадаў па спагнанні падаткаў (адабранне маёмасці і інш.) і Р. былых кулакоў у новых раёнах калектывізацыі іх колькасць скарацілася яшчэ на 47%. У адказ на гэтыя захады толькі за 1-ю пал. 1931 адбылося не менш за 1169 сял. выступленняў, у т. л. 247 нападаў на актыў калгасаў. У наступныя гады, хаця кулацтва як сац. сілы ўжо не было, палітыка Р., барацьба з міфічнымі кулакамі не спынялася. Працягвалася частковае высяленне кулацкіх сем’яў на падставе асобных разнарадак зверху. З мая 1932 да мая 1933 у БССР экспрапрыіравана і саслана 35 тыс. сем’яў сялян. У выніку рэпрэсій адкрытае супраціўленне сялян самавольству і гвалту з боку ўлады паступова было зламана. Заключным актам барацьбы з кулацтвам стала кампанія па ліквідацыі хутароў у БССР у 2-й пал. 1930-х г. Пасля ўз’яднання Зах. Беларусі з БССР (вер. 1939) у 1939—41 асн. кірункам Р. была канфіскацыя «лішкаў» зямлі ў заможных сял. гаспадарак (плошчай больш за 50 га). Толькі вясной 1940 у прыкладна 28 тыс. гаспадарак было адрэзана 240 тыс.га зямлі. Аднак рашаючае наступленне на кулацтва ў зах. абласцях разгарнулася разам з масавай калектывізацыяй у канцы 1940 — пач. 50-х г. Яго формы і метады (запалохванне, адм. націск, ігнараванне волі і інтарэсаў сялян) асабліва не адрозніваліся ад практыкі 1930-х г. У 1951 дырэктыўныя органы СССР прынялі 2 пастановы аб высяленні кулакоў з зах.-бел. вёсак. У 1952 па-за межы Беларусі выслана больш за 4,4 тыс. кулацкіх сем’яў. Паводле некат. ацэнак талькі ў перыяд суцэльнай калектывізацыі раскулачана, г.зн. знішчана, 6—8% сял. гаспадарак СССР, з якіх толькі каля палавіны былі кулацкімі. На Беларусі за гэты час ліквідавана прыблізна 48—64 тыс. гаспадарак (297,8—397,8 тыс.чал.). У выніку Р. ў бел. вёсцы ў канцы 1920-х — 1941 і ў пасляваен. гады пацярпелі каля 8% сял. гаспадарак, была разгромлена сял. эліта і моцна падарваны прадукц. сілы вёскі.
Літ.:
Сорокин А.Н. Совхозы Белорусской ССР (1917—1941 гг.). Мн., 1979;
Яго ж. Эксперимент: Человек и Земля. Мн., 1994;
Трагедия советской деревни: Коллективизация и раскулачивание, 1927—1939: Док. и материалы: В 5 т. Т. 1—2, М., 1999—2000;
Зеленин И.Е. Осуществление политики «ликвидации кулачества как класса» (осень 1930—1932 гг.) // История СССР. 1990. № 6;
Конквест Р. Жатва скорби: Пер. с англ. // Вопр. истории. 1990. № 1, 4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
пусты́, ‑ая, ‑ое.
1. Нічым не запоўнены, не заняты (пра тое, што можа змяшчаць у сабе што‑н.). Пусты карабок. Пустая бутэлька. □ Пастаіць гаспадыня ля свае каровы, пачакае, пакуль тая паранку з’есць, і назад пусты цэбар нясе.Чорны.Па пустым рукаве можна было меркаваць, што чалавек гэты не мае адной рукі.Лынькоў.// Не заняты нікім, нічым; свабодны, вольны. [Ярохін] дастаў чамадан, на пустым сядзенні разаслаў газету, паклаў хлеб, кансервы.Шамякін.К вакзалу падышоў пусты аўтобус. Людзі з рэчамі сталі гуртавацца каля яго дзвярэй.Ермаловіч.// Бязлюдны; нежылы. Двор быў пусты і азызлы, з халодным глянцам размешанай гразі.Скрыган.Сышоў з хаты і Пархвен. Калі праз пэўны час ён тайком з’явіўся ў Галасках, яго спаткала пустая вёска.Кудраўцаў.// Вольны ад работы, ад заняткаў. Пустыя дні бяздзейнасці, асабліва на першым пачатку, мучылі Маю.Дуброўскі.// Без пладоў або з недаспелым плодам. Пусты колас. Пусты арэх. □ Яравыя гарэлі на корані, а жыта, пасмяглае, нізкарослае, было пустое.Чыгрынаў.// Прыгатаваны без тлушчу, мяса. Пусты боршч. □ У стральца дым густы, ды абед пусты.Прыказка.// Нятлусты, неўрадлівы (пра зямлю). Верная зямля ў малінаўцаў была напалову слуцкая — тлустая і ўраджайная, напалову палеская — пустая і пясчаная.Чарнышэвіч.
2. Які мае ўсярэдзіне пустату. Пусты шар. Пустыя сцены.
3. Які нічога не мае, нічога не прыдбаў; без здабычы. Лісічкі, рабіна, баравікі — гэта добра: пойдзеш у лес — пусты не вернешся.Ракітны.На возе — нічога: сена толькі для вачэй, але Апейка паручыцца мог бы — не пусты едзе, вязе нешта.Мележ.
4.перан. Неглыбокі, бяссэнсавы; не сур’ёзны. Пустая гаворка. □ Перакідаючы пустыя словы, .. [Валя і Сашка] апынуліся каля вялікага сквера і ўвайшлі ў яго.Чорны.Міхалка пустых фраз не любіць гаварыць. Яго прамовы цяпер кароткія і моцныя.Бядуля.Пустым становіцца жыццё ў чалавека, калі ў яго адбіраюць любімую працу.Шахавец.
5.перан. Які не мае сур’ёзнага значэння; беспадстаўны. Пустая пахвальба. Пусты страх. Пусты смех. □ Знікалі турботы, хваляванні, а калі і абуджаліся на хвілінку, дык выглядалі ўжо як нікчэмныя, пустыя.Карпаў.Не гарэў ён [народ] пустым летуценнем. За дармовым не гнаўся рублём.Куляшоў.// Бескарысны, бясплодны, беспаспяховы. [Мікалай Іванавіч] быў расчараваны пустой работай — сваім выступленнем перад выключаным мікрафонам.Шахавец.Дзед Талаш .. ужо хацеў рушыць і ісці хоць куды, абы не стаяць тут у пустым і бясплодным чаканні.Колас.
6.перан. Які не мае сур’ёзных інтарэсаў; духоўна абмежаваны, бедны. [Чыжыку] ўжо вельмі падабаўся Саўчанка, які даў гэтую гранату і які не так даўно здаваўся пустым чалавекам.Лупсякоў.
7.узнач.наз.пусто́е, ‑ога, н. Тое, што не заслугоўвае ўвагі; што‑н. нязначнае. — Ніхто цябе не вінаваціць. Не люблю толькі, калі людзі пустое мелюць.Машара.[Ціхон] не церпіць усяго пустога, легкадумнага — ні ў словах, ні ў справах.Ракітны.
•••
Затычка ад пустой бочкігл. затычка.
Біцца за пусты мехгл. біцца.
З пустымі рукамігл. рука.
Пераліваць з пустога ў парожняегл. пераліваць.
Пустая гаворкагл. гаворка.
Пустое месцагл. месца.
Пусты кашалёкгл. кашалёк.
Пустыя кішэніукагогл. кішэнь.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
трапяткі́, ‑ая, ‑ое.
1. Які пастаянна варушыцца, дрыжыць; дрыгатлівы. Трапяткая асіна. □ Бяроза лісцем трапяткім Мне не ківае пад акном.Астрэйка.Самастойнае жыццё пачыналася на голым месцы, пад трапяткім дахам палаткі, пры святле зыркага кастра, у нялёгкай рабоце.Грахоўскі.Лёгкі ветрык пасеяў з поўдня, скалыхнуў трапяткое лісце, і зашумела яно ціхімі галасамі, зліваючыся са звонам хвалі.Шахавец.// Які гойдаецца, трапеча (пра хвалі, ваду і пад.). На трапяткой плыні ракі, да самага Аксенімага ганка, месяц высцілаў роўную малочную дарожку.Ракітны.// Мігатлівы, няроўны (пра полымя, святло). Падсвечнік стаяў на слупку ля печы, таму кволае трапяткое святло амаль што раўнамерна расплывалася па ўсёй хаце.Кулакоўскі.Агонь з печы кідаў на .. твар [маці] трапяткое святло, і маці ад гэтага здавалася нейкай пастарэлай і няшчаснай.Хомчанка./ Пра зоркі. Месяц-маладзік яшчэ не ўзыходзіў, і цёмнае неба, усеянае безліччу трапяткіх зорак, здавалася бяздонна глыбокім.Сіўцоў.На спакойнай сіні нябёсаў загарэліся першыя трапяткія зоркі.Бяганская.// Які бесперапынна ўздрыгвае, рухаецца. [Мятлік] быў блізка ўжо зусім, .. [Стэфка] бачыла нават сінія крайчыкі яго трапяткіх крыльцаў.Савіцкі.// Які ўзмоцнена, часта пульсуе, б’ецца (пра сэрца); часты, напружаны (пра дыханне, пульс і пад.). Не ведаў Стась, што мама ішла ўслед за ім і з трапяткім сэрцам сачыла за кожным яго самастойным крокам.Гарбук.З трапяткім сэрцам .. [Барташэвіч] падышоў да генеральскай брамкі.Карпюк.// Перарывісты, няроўны, дрыжачы (пра голас, гук). — Саша! Саша! — крычаў над ім Юткевіч трапяткім устурбаваным і разам з тым радасным шэптам. — Мы выратаваны, Саша.Мікуліч.
2. Ахоплены моцным хваляваннем пад уздзеяннем якога‑н. пачуцця; усхваляваны. А я нёс .. [Мальвіну], лёгкую і трапяткую, жадаючы аднаго: каб гэта канава цягнулася да самай вёскі...Сачанка.А .. [Вера], гнуткая і трапяткая, уздрыгнула ўсім целам, рукамі абвіла .. шыю [Смірына].Алешка.Пятро Гаўрылавіч строга нахмурыўся — і .. [Міхаліна] змоўкла, трапяткая, узбуджаная, спалоханая, што знікае апошняя надзея.Шамякін.// Які выражае хваляванне. Хацелася [Івану] растварыцца, знікнуць у трапяткіх абдымках [дзяўчыны], сплыць у вечнасць з патокам, увабраць з зямлі ўсю яе моц і самому стаць зямною магутнасцю — шчодрай, ціхай, пяшчотнай.Быкаў.Потым моцна сціснуў [Артур] пад сталом .. трапяткую гарачую руку [Іны].Ваданосаў.// Поўны душэўнага хвалявання. Мірыцца з палонам дубовым не хочуць Палкі навальнічныя слоў. Патрэбны ім шчырыя сэрцы і вочы, Людзей трапяткая любоў.Панчанка.З пачуццём трапяткім, нібы ўслед за юнацтвам сваім, Крок у крок я за імі [камсамольцамі] ішоў, падпяваючы ім.Куляшоў.//перан. Прасякнуты шчырасцю, сардэчнасцю. Каб соль не страціла Ўласцівую ёй солкасць, А песня — гукаў трапяткіх і кволых, .. На свеце існуе Мастацтва.Дзяргай.[Захар Крымянец] хадзіў і думаў: «Дзе ж вы, людзі, пераступаўшыя праз гэты парог? Дзе ты, чалавеча, чыя рука вывела гэтыя трапяткія словы: «Памру, але не здамся ненавіснікам чалавечага роду!»Лынькоў.
3.Разм. Жвавы, бадзёры, рухавы. Анікея ў вёсцы ўсур’ёз не прымаў ніхто. Быў ён вераб’інага росту, трапяткі, непаседлівы.Навуменка./ Пра птушак, жывёл і пад. Купаюцца ў прасторах блакітнага неба, спяваючы радасную песню жыцця, трапяткія жаваранкі.Сяргейчык.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)