АЛАЗЕ́Я,

рака на ПнУ Рэспублікі Саха (Якуція). Даўж. 1590 км, пл. бас. 64,7 тыс. км². Утвараецца ў сутоках рэк Нелькан і Кадылчан на Алазейскім пласкагор’і. Цячэ па Калымскай нізіне, упадае 2 пратокамі ва Усх.-Сібірскае мора. Найбольшы прыток Расоха (злева). Ледастаў з канца вер.пач. кастр. да канца мая — пач. чэрвеня. Сярэднегадавы расход у ніжнім цячэнні 300 м³/с. У бас. Алазеі больш за 24 тыс. азёраў.

т. 1, с. 226

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДА́Н ((Adam) Адольф Шарль) (24.7.1803, Парыж — 3.5.1856),

французскі кампазітар. Чл. Ін-та Францыі (1844). Скончыў Парыжскую кансерваторыю, з 1849 яе прафесар. У 1839—40 жыў у Пецярбургу. Сцвердзіў рамант. кірунак у франц. балеце («Жызэль, або Вілісы», 1841, «Карсар», 1856, і інш.). У Пецярбургу напісаў балет «Пірат». Аўтар больш як 40 опер, у т. л. «Паштальён з Ланжумо» (1836). Выступаў як муз. крытык. Рымская прэмія 1825.

т. 1, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АВІ́ЗМ (ад лац. ovum яйцо),

кірунак у біялогіі 17—18 ст., прадстаўнікі якога (авісты; італьян. вучоныя М.​Мальпігі і А.​Валіснеры, швейцарскія Ш.​Банэ і А.​Галер і інш.) лічылі, што ў жан. палавой клетцы (яйцы) ёсць дарослы арганізм у мікраскапічным выглядзе, развіццё яго зводзіцца толькі да павелічэння ў памерах. Быў больш пашыраны, чым анімалькулізм, і з’яўляўся адным з цячэнняў у вучэнні аб прэфармацыі (гл. Прэфармізм).

т. 1, с. 63

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРУТЧА́Н (Міхаіл) (Мікаэл) Аветавіч (29.7.1897, г. Шуша, Нагорны Карабах — 20.6.1961),

армянскі тэатральны мастак і графік. Нар. мастак Арменіі (1958). Вучыўся ў Саратаве (1920—23), у Парыжы (у акадэміі Каларосі, 1924—25). Адзін з заснавальнікаў арм. тэатральна-дэкарацыйнага мастацтва. Аформіў больш як 100 спектакляў, у т. л. «Жаніцьба Фігара» П.​А.​Бамаршэ (1933), «Атэла» У.​Шэкспіра (1940), «Пікавая дама» П.​І.​Чайкоўскага (1956) і інш.

т. 1, с. 515

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕНАРДО́С (Мікалай Мікалаевіч) (8.7.1842, с. Маставое Мікалаеўскай вобл., Украіна — 21.9.1905),

рускі вынаходнік у галіне электразваркі. Вучыўся ў Кіеўскім ун-це, у Пятроўскай земляробчай і лясной акадэміі (Масква). З 1865 больш за 100 вынаходстваў у розных галінах (сельскай гаспадарцы, транспарце і інш.). Распрацаваў спосаб эл. дугавой зваркі металаў (1881), інш. спосабы зваркі і паяння.

Літ.:

Никитин В.П. Н.​Н.​Бенардос, 1842—1905 // Люди русской науки. М., 1965.

М.М.Бенардос.

т. 3, с. 95

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́СЕМЕР ((Bessemer) Генры) (19.1.1813, Чарлтан, графства Хартфардшыр, Вялікабрытанія — 15.3.1898),

англійскі вынаходнік-металург. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (з 1879). Атрымаў больш за 100 патэнтаў на вынаходствы і ўдасканаленні ў галіне механікі і металургіі. Стварыў канвертарны спосаб пераплаўкі чыгуну ў сталь (1856, т.зв. бесемераўскі працэс). У 1860 запатэнтаваў вярчальны канвертар. Прапанаваў бяззліткавую пракатку сталі.

Літ.:

Сорокин Ю.Н. Генри Бессемер // Вопр. истории естествознания и техники. М., 1956. Вып. 1.

т. 3, с. 126

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІБЛІЯТЭ́КА НАВУКО́ВА-ТЭХНІ́ЧНАЯ РЭСПУБЛІКА́НСКАЯ пры Дзяржаўным патэнтным ведамстве Рэспублікі Беларусь.

Засн. ў 1977 у Мінску на базе навук.-тэхн. б-кі Ін-та навук.-тэхн. інфармацыі. Найб. поўны на Беларусі фонд навук.-тэхн. л-ры і дакументацыі па ўсіх галінах прам-сці — больш за 20 млн. адзінак. Рэсп. цэнтр міжбібліятэчнага абанемента па тэхн. л-ры, метадычны цэнтр навук.-тэхн. б-к Беларусі. Мае 5 абл. філіялаў.

т. 3, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́РНЫ КРЫШТА́ЛЬ,

мінерал, бясколерная празрыстая разнавіднасць нізкатэмпературнай мадыфікацыі кварцу — SiO2. Крышталізуецца ў трыганальнай сінганіі. Трапляецца ў пустотах і «крышталяносных скляпах» у пегматытах, у жылах гідратэрмальных і альпійскага тыпу ў выглядзе адзінкавых крышталёў, іншы раз друзаў. Вядомы крышталі горнага крышталю масай да 1 т і больш. Выкарыстоўваецца ў оптыцы, радыётэхніцы, вытв-сці шкла, ювелірнай справе. Радовішчы ў Расіі, на Украіне, у Кітаі, Бразіліі, М’янме, Шры-Ланцы і інш.

т. 5, с. 364

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРУНТО́ЎКІ, грунты,

матэрыялы, якія ўтвараюць ніжнія (грунтовачныя) слаі лакафарбавых пакрыццяў. Забяспечваюць больш моцнае счапленне пакрыцця з паверхняй, ахоўваюць металы ад карозіі, запаўняюць сітавіны ў драўніне, надаюць паветранепранікальнасць тканінам. Аснова грунтовак — сінт. і прыродныя плёнкаўтваральныя рэчывы (алкідныя, поліэфірныя, эпаксідныя смолы, эфіры цэлюлозы, алеі), якія выкарыстоўваюць у выглядзе раствораў (лакаў) ці дысперсіі Грунтоўкі, у састаў якіх уваходзяць пігменты (напр., антыкаразійныя), атрымліваюць тымі ж метадамі, што і фарбы.

т. 5, с. 465

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВУЛКАНІ́ЧНЫЯ ГА́ЗЫ,

газы, якія выдзяляюцца вулканамі ў час вывяржэння (эруптыўныя) і спакойнай дзейнасці (фумарольныя). У іх уваходзяць пара вады (больш за 90% аб’ёму), дыаксіды вугляроду і серы, аксід вугляроду, метан, вадарод, азот, сера, фторысты і хлорысты вадарод і інш. Эруптыўныя вулканічныя газы выходзяць з кратэра, трэшчын, паверхні магмы, фумарольныя — з паверхні фумарольных палёў і застылай лавы. Праходзячы праз падземныя воды, награюць іх, утвараюцца гарачыя крыніцы (гл. Гейзеры).

т. 4, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)