О́СТГО́ТЫ, астраготы, грэйтунгі,
германскае племя, усх. галіна готаў. У 3 ст. насялялі Паўн. Прычарнамор’е і часткова Крым. У 375 племянны саюз О. разгромлены і падпарадкаваны гунамі. Асн. маса О. перасялілася ў Панонію. У сярэдзіне 5 ст. яны вызваліліся з-пад улады гунаў і ў 493 заснавалі ўласнае каралеўства ў Італіі са сталіцай у Равене. Сутыкнуўшыся з рым. цывілізацыяй, О. ўспрынялі значную частку яе дзярж.-прававых і сац. ін-таў. У выніку пачаўся працэс збліжэння рым. і остгоцкай знаці, якому спрыяла палітыка караля О.Тэадорыха [493—526], Пасля смерці Тэадорыха трон заняла яго дачка Амаласунта [526—534], забойства якой антырым. апазіцыяй стала падставай для Візантыйскай імперыі ў 535 пачаць з О. вайну. У 540 візант. палкаводзец Велісарый заняў Равену і захапіў у палон караля Віцігіса [536—540]. Кароль Тоціла [541—552] працягваў вайну з пераменным поспехам да 552, але быў разбіты візант. палкаводцам Нарсесам. Да 555 супраціўленне спынілі апошнія гарнізоны О. Каралеўства О. было падпарадкавана Візантыйскай імперыі і спыніла існаванне.
Літ.:
Буданова В.П. К вопросу о формировании вестготов и остготов (по данным письменных источников) // Взаимосвязь социальных отношений и идеологии в средневековой Европе. М., 1983;
Яе ж. Готы в эпоху Великого переселения народов. М., 1990.
Дз.М.Чаркасаў.
т. 11, с. 455
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЕ́ННЫ ГУБЕРНА́ТАР,
вышэйшая службовая асоба ў губернях Расійскай імперыі ў канцы 18 — пач. 20 ст. ў час ваеннага становішча. Прызначаўся імператарам, з 1846 яго мог прызначаць галоўнакамандуючы арміяй з наступным зацвярджэннем імператарам. Падпарадкоўваўся ген.-губернатару і галоўнакамандуючаму дзеючай арміяй. Нярэдка пасада ваеннага губернатара спалучалася з пасадай ген.-губернатара. Ваенны губернатар абавязаны быў ажыццяўляць нагляд за мясц. адміністрацыяй, падтрымліваць грамадскі парадак і бяспеку, падаўляць антыўрадавыя выступленні і сял. хваляванні, каардынаваць дзейнасць ваен. і цывільнай улад.
А.У.Марыскін.
т. 3, с. 444
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЕНТЫНІЯ́Н (І Флавій) (Flavius Valentinianus, 321, Цыбалы, рым. правінцыя Панонія, цяпер г. Вінкаўцы, Харватыя — 17.11.375),
рымскі імператар з 364. Абвясціў брата Валента Аўгустам і сваім суправіцелем ва ўсх. ч. імперыі. У 366 выгнаў алеманаў з Галіі, да 374 вёў абарончыя войны з франкамі і саксамі на Рэйнскай мяжы. У 367 зрабіў суправіцелем сына Грацыяна. Пры Валентыніяну адбыліся буйныя антырым. выступленні ў правінцыях: паўстанні Пракопія ў М. Азіі і Фракіі (365—366), Фірма ў Афрыцы (372—373).
т. 3, с. 479
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТАНІ́НАЎ ВАЛ (англ. Antonine Wall),
старажытнарымскае абарончае збудаванне паміж нізоўямі р. Клайд і залівам Ферт-оф-Форт у Шатландыі. Пабудаваны ў 145 н.э. Лоліем Урбікам у час праўлення імператара Антаніна Пія для абароны паўн. межаў Рымскай імперыі ад варвараў. Мае 19 асн. і шэраг дадатковых фортаў па-за межамі вала для абароны флангаў. Выш. 3 м, шыр. каля 4,5 м, з паўн. боку ўмацаваны ровам. У 155 Антанінаў вал часова пакінуты, у канцы 2 ст. закінуты канчаткова.
т. 1, с. 380
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГРЫ́ПА (Марк Віпсаній) (Marcus Vipsanius Agrippa; каля 63, Далмацыя — 12 да н.э.),
рымскі палкаводзец і паліт. дзеяч, паплечнік Аўгуста. Консул у 37, 28 і 27. Атрымаў перамогі каля Перузіі ў 40 да н.э., у марскіх бітвах каля Мілаў у 36 над Секстам Пампеем, каля мыса Акцый 2.9.31 над Клеапатрай і Антоніем. Фінансаваў буд-ва ў Рыме Пантэона, водаправода, тэрмаў і інш. Пад яго кіраўніцтвам праведзена геад. здымка ўсёй Рым. імперыі, на аснове якой складзена карта свету.
т. 1, с. 86
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕСАРА́БІЯ,
гістарычная вобласць паміж рэкамі Днестр і Прут. У 10—11 ст. у Кіеўскай Русі, потым у Галіцка-Валынскім княстве. З 14 ст. ў Малдаўскім княстве, з 16 ст. пад уладай Турцыі. З 1812 у складзе Расійскай імперыі, з 1918 — Румыніі. У 1940 паводле «Пакта Рыбентропа—Молатава» 1939 уключана ў СССР. У 1941 захоплена войскамі Германіі і Румыніі, перададзена пад кантроль рум. улад. У 1944 вызвалена Чырв. Арміяй. Асн. частка Бесарабіі — тэр. Малдовы, паўд. частка — у Адэскай вобл. Украіны.
т. 3, с. 126
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУБЕРНА́ТАР (ад лац. gubernator правіцель),
1) у некаторых сучасных дзяржавах вышэйшая службовая асоба тэрытарыяльнай адзінкі. Напр., у ЗША губернатар — кіраўнік выканаўчай улады штата, у Вялікабрытаніі губернатар — службовая асоба, якая ўзначальвае кіраванне калоніяй, у Рас. Федэрацыі губернатар — пасада кіраўнікоў некат. абл. адміністрацый.
2) У Рас. імперыі вышэйшая службовая асоба (начальнік) губерні. Пасада ўведзена ў 1708, на Беларусі ў 1772. Прызначаўся царом па прадстаўленні міністра ўнутр. спраў з вышэйшых колаў дваранства. Пасада скасавана пасля Лют. рэв. 1917.
В.В.Швед.
т. 5, с. 516
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДО́КТАР НАВУ́К,
вучоная ступень. Упершыню стала прысуджацца ў 1130 Балонскім ун-там, потым у 1231 Парыжскім. У Рас. імперыі ступень Д.н. уведзена ва ун-тах у 1819, надавалася асобам, якія абаранілі доктарскую дысертацыю і мелі ступень магістра. У Беларусі з 1934. Прысуджаецца Вышэйшым атэстацыйным камітэтам Рэспублікі Беларусь на падставе хадайніцтваў саветаў па абароне дысертацый асобам, якія, як правіла, маюць вучоную ступень кандыдата навук або вучонае званне прафесара і абаранілі дысертацыю. На 1.1.1997 у Беларусі 2265 Д.н.
т. 6, с. 177
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДО́КШЫЦКІ ПАВЕ́Т,
адм.-тэр. адзінка ў Рас. імперыі ў 1793—97. Утвораны ў складзе Мінскай губ. з частак Ашмянскага і Мінскага пав. ВКЛ пасля іх далучэння да Расіі ў час 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793). Цэнтр — мястэчка (з 1795 горад) Докшыцы. Найб. значнымі паселішчамі Д.п. былі мястэчкі Беразіно, Гайна, Даўгінава, Ілья, Лагойск, Плешчаніцы, сёлы Бягомль, Нябышына і інш. Скасаваны ў пач. 1797, яго тэр. падзелена паміж Вілейскім і Барысаўскім пав. Мінскай губ.
В.Л.Насевіч.
т. 6, с. 178
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДОПШ ((Dopsch) Альфонс) (14.6.1868, г. Ловасіцы, Чэхія — 1.9.1953),
аўстрыйскі гісторык. Праф. Венскага ун-та (1900—38). Аўтар прац «Эканамічнае развіццё ў эпоху Каралінгаў, галоўным чынам у Германіі» (т. 1—2, 1912—13), «Эканамічныя і сацыяльныя асновы культурнага развіцця Еўропы ад часоў Цэзара да Карла Вялікага» (т. 1—2, 1918—20), «Натуральная гаспадарка і грашовая эканоміка ў сусветнай гісторыі» (1930), «Улада і селянін у часы Германскай імперыі» (1939) і інш., у якіх сцвярджаў бесперапыннасць гіст. працэсу ад антычнасці да сярэдневякоўя.
т. 6, с. 184
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)