патраві́ць, ‑траўлю, ‑травіш, ‑травіць; зак., што.

Знішчыць, папсаваць траву, пасевы і пад.; зрабіць патраву. А застануцца там два шнуркі дзядзькавай сенажаці, дык іх патравяць, патопчуць коні. Колас. Не прайшло двух тыдняў, як Ліпніцкі прыляцеў у Сячанку сварыцца, што вясковыя коні атаву патравілі ля рэчкі. Чарот. За тыя дні я патравіў каровамі многа пасеваў, нарабіў не раз шкоды. Дамашэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пераплы́сці і пераплы́ць, ‑плыву, ‑плывеш, ‑плыве; ‑плывём, ‑плывяце; пр. пераплыў, ‑плыла, ‑ло; зак., што, цераз што і без дап.

Пераадолець водную прастору ўплаў або плывучы на чым‑н. Пераплысці раку на лодцы. Пераплысці на другі бераг. □ Доўга Гэлька змагалася з бурлівымі хвалямі, стараючыся пераплысці вір... Чарот. Разведчык .. ледзь-ледзь пераплыў цераз Нёман на раненым кані. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

раздзе́ты, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад раздзець.

2. у знач. прым. Без адзення; адзеты не па сезону. І я з паўгадзіны гойсала раздзетая па колкім сакавіцкім снезе, ледзь ногі не памарозіла. Лось. // Які адчувае патрэбу ў адзежы. Былі мы босы і раздзеты, Смерць вораг кры[ламі] прасцёр. Мы за Рэспубліку Саветаў Пайшлі аддаць сваё жыццё. Чарот.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

улады́ка, ‑і, м.

1. Архірэй, мітрапаліт. Духоўныя ўладыкі з’яўляліся не толькі буйнейшымі феадаламі-прыгоннікамі, але і пастаянна займаліся гандлёвай і ліхвярскай дзейнасцю. Алексютовіч.

2. Тое, што і уладар. І чуем песні, крык: «Уладыка свету — Праца. Хай згіне капітал, вайна яму! пажар!» Чарот. — Хто закон тут? Я закон! Я ўсяму ўладыка... — Хоча вымавіць Ціхон, Ды не вяжа лыка. Бялевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ЗАСЛА́ЎСКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА, Мінскае мора,

Ганалес. У Мінскім р-не, за 10 км на ПнЗ ад Мінска. Створана ў 1956. Рэканструявана і добраўпарадкавана ў 1977. Уваходзіць у Вілейска-Мінскую водную сістэму. Пл. 25,6 км², даўж. 12 км, найб. шыр. 4,7 км, найб. глыб. 9,1 м. Аб’ём вады 86,1 млн. м³, Чаша — затопленыя рэчышчы і поймы рэк Свіслач, Вяча, Ратамка, Чарняўка. Месцамі ад вадасховішча дамбамі адсечаны мелкаводдзі, дзе створаны польдэры. Ёсць 3 глыбокаўрэзаныя залівы (самы вял. Ратамскі), 11 астравоў (агульная пл. каля 0,29 км²). Дно да глыб. 8 м выслана ілам, уздоўж былых рэчышчаў Свіслачы і Вячы — торфам. Берагі спадзістыя, з Пд і З парослыя лесам (з пасадкамі таполі, вярбы, акацыі). Месцамі створаны штучныя пясчаныя пляжы шыр. 20—50 м.

Замярзае ў пач. снеж., лёд (таўшчыня 60—70 см) трымаецца да канца сак. — пач. красавіка. Летам вада праграваецца да 21 °C (у паверхневым слоі). Сярэднегадавая амплітуда вагання ўзроўню перавышае 1 м. Са стварэннем Вілейска-Мінскай воднай сістэмы праточнасць З.в. павялічылася ў 3 разы. Ёсць асобныя ўчасткі, дзе абмен вады вельмі запаволены (на У у Спартакаўскім зал.). Пераважаюць вятры паўн.-зах. напрамку, якія могуць утвараць хвалі выш. 0,7—1,2 м. У выніку хвалевай эрозіі інтэнсіўна размываюцца паўд.-зах. і паўд.-ўсх. берагі. Уздоўж берагоў зарастае, расліннасць (чарот азёрны, трыснёг і аер звычайныя, трапляюцца рдзесты, драсён земнаводны) найб. пашырана ў залівах і вярхоўі. Водзяцца акунь, плотка, шчупак, верхаводка. Выкарыстоўваецца для сезоннага рэгулявання сцёку, абваднення Свіслачы, забеспячэння вадой Мінска. З.в. ўваходзіць у зону адпачынку Мінскага м., на берагах размешчаны міжнар. маладзёжны цэнтр «Юнацтва», прафілакторыі, базы для аматараў-рыбаловаў, спартбазы, дзіцячыя аздараўленчыя лагеры і інш.

Г.​С.​Жукоўская.

Заслаўскае вадасховішча.
Краявід на Заслаўскім вадасховішчы.

т. 6, с. 545

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Мячэўнік ’трыснёг звычайны, Phragmites communis Trin.’ (паўн.-усх., Кіс.), ’чарот, Scirpus L.’ (смарг., Сцяшк. Сл.), ’сіт, Juncus L.’ (віл., Сл. ПЗБ), ’касач, Iris pseudacorus L. (круп., Нар. сл.), ’зараснік касачоў’ (Бяльк.), ’пухоўка, рагоз шыракалісты, Typha latifolia L.’ (маг., чэрв., Сл. ПЗБ; расон., Шатал.; Касп., Мат. Маг., Мат. Гом.), слаўг. мёчаўнік ’тс’ (Яшк.). Усе да меч (гл.). Аб суфіксе ‑оунік гл. Сцяцко, Афікс. наз., 171. Параўн. аналагічна ст.-рус. мечевник ’трыснёг’ (XV ст.), польск. mieczyk ’касач’, ’гладыёлус’, чэш. mećik ’тс’, харв. mącić, тайнае ’тс’ — ад теіь — пераклад лац. gladiolus. Названы паводле падабенства па форме лістоў раслін да мяча.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Траста́ ‘прамая салома’ (Лекс. Бел. Палесся), ‘сцябло льну, канапель пасля мачэння, ляжання на лугах ці на льнішчы, з якога атрымліваюць валакно для пражы’ (ТСБМ, БелСЭ, 10), троста́ ‘саломка льну’: јак он нетʼорты (Уладз.); ‘кастрыца’ (Горбач, Зах.-пол. гов.); сюды ж траста́ ‘дранка’ (Сл. ПЗБ), ‘галлё’: масты памашчу з тонкае трасты (лоеў., Песні нар. свят, 28); трыста́ ‘водмель на возеры, парослая трыснягом або чаротам’ (Нік., Оч.), трасцё ‘трыснёг, чарот’ (Тур., Сл. ПЗБ), ст.-бел. тростье, тростие ‘трысцё’ (ГСБМ). Параўн. укр. треста́ ‘апрацаваная саломка льну, канопляў’ (паводле ЕСУМ, 5, 631 — з рускай мовы), рус. треста́ ‘сцябло каноплі ці льну пасля высушвання’, ‘чарот’, рус. пск. троста́, триста́ — зборная назва для балотных каленчатых раслін, трестье́, тростье́ ‘тс’, стараж.-рус. тростіе ‘зараснік трыснягу’: Игоръ‑князъ поскочи горностаемъ къ тростію (Слова аб паходзе Ігаравым); сюды ж, відаць, і ўкр. дыял. трі́ще ‘хмыз, дубцы’, а таксама балг. дыял. тр́с̥та ‘высякаць хмызняк і маладняк у высокім лесе’ (БД, 4, 146). Прасл. *trьsta Трубачоў (Ремесл. терм., 85) прапануе звязаць з *treskati (гл. трэск) з магчымым чаргаваннем, ‑sk‑/‑st‑, як у ​пускать — ​пустить (гл. пускаць, пусціць), параўн. траска́ 2, у такім выпадку рэалізуецца мадэль ‘раздзіраць’ — ‘плясці’ > ‘назва расліны, што ўжываецца для пляцення’ (Мяркулава, Очерки, 57), у тым ліку і назва іншых матэрыялаў для тых жа мэт. Сюды ж трасца́ ‘траста’ (ТС), якое з памяншальнай формы ⁺трастьца́ > трасцьца́ > трастца́.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

гуча́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне і стан паводле дзеясл. гучаць (у 1 знач.), а таксама гукі гэтага дзеяння. Пераможнаю радасцю гучаць жалезныя колы вагонаў, і гэта гучанне падхоплівае зарэчны чарот, ператвараючы яго ў цэлую мяцеліцу адрывістага смеху. Колас.

2. перан. Кніжн. Значэнне, характар. Я. Купала і Я. Колас яшчэ больш узмацнілі грамадскае гучанне нашай сатыры, падалі ёй выразную рэвалюцыйную накіраванасць. Казека.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гайда́, выкл. у знач. вык.

Разм. Ужываецца як загад або заклік ісці куды‑н.: пойдзем, ідзі(це). — Можна было б пабыць тут і болей, каб не экзамены, — сказаў Лабановіч. — Гайда, хлопцы, у дарогу! Колас. // Ужываецца для абазначэння хуткага руху, дзеяння: паспяшаўся, паехаў, пайшоў і пад. Аканом пабачыў, што [з сялянамі] ні аб чым не дагаворышся, сеў на каня ды гайда да маёнтка. Чарот.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гаро́тнік, ‑а, м.

Разм. Чалавек, які пастаянна жыве ў горы, нястачы; гарапашнік, бядняк. Сэрца супакойвала вера, што будзе час, калі сонца засвеціць і ў вузенькіх вулачках кварталаў неапалітанскіх гаротнікаў, засвеціць не на кароткі час, а надоўга, назаўсёды. Мележ. — Нічога, — адказаў адзін з сялян, — вайна спаліць усе яго [Ліпніцкага] палацы... Толькі шкада, што гэта праца такіх жа самых гаротнікаў, як і мы... Чарот.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)