МЕ́ЛЬНІКАЎ Андрэй Іосіфавіч (1914, в. Колбава Кіраўскага р-на Магілёўскай вобл. — 29.10.1943),

Герой Сав. Саюза (1943). Скончыў Магілёўскі педтэхнікум (1936), Харкаўскае ваен.-паліт. вучылішча (1941). У Вял. Айч. вайну на фронце з 1941. Нам. камандзіра па палітчасці артыл. дывізіёна капітан М. вызначыўся на Украіне ў баях за г. Бахмач, дзе паспяхова кіраваў стральбой 4 гармат. 26.9.1943 з групай разведчыкаў пераправіўся цераз Дняпро на Пн ад Кіева, дзе карэкціраваў агонь дывізіёна, у выніку якога знішчаны мінамётная і процітанкавая батарэі, 4 кулямётныя кропкі, шмат жывой сілы праціўніка. М. загінуў у баі.

Андрэй І.Мельнікаў.

т. 10, с. 277

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛТА́ВА,

горад, цэнтр Палтаўскай вобл. на Украіне, на р. Ворскла (левы прыток р. Дняпро). Упершыню ўпамінаецца ў Іпацьеўскім летапісе пад 1174 як «Лтава» (назва да 1430). 320 тыс. ж. (1991). Чыг. вузел, аэрапорт. Прам-сць: маш.-буд. (з-ды аўтаагрэгатны, турбамех., «Хіммаш», газаразрадных лямпаў, штучных алмазаў і алмазнага абсталявання, мед. шкла, фарфоравы і інш.), лёгкая (баваўняная, трыкат., абутковая і інш.), харч., ф-ка муз. інструментаў. 5 ВНУ. 2 тэатры. Музеі: маст., краязн., музей-запаведнік «Поле Палтаўскай бітвы», літ.-мемар. І.​П.​Катлярэўскага, Панаса Мірнага, У.​Г.​Караленкі. Каля П. адбылася Палтаўская бітва 1709.

т. 12, с. 15

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎЛЮ́К (сапр. Бут Павел Міхнавіч; ? — 19.4.1638),

кіраўнік казацка-сял. паўстання на Украіне супраць польскіх феадалаў у 1637—38. Казак Запарожскай Сечы, у 1635 разам з І.Сулімай на чале нерэестравых (якія не былі на службе ў караля Рэчы Паспалітай) казакоў узяў польскую крэпасць Кадак. У 1637 у якасці гетмана нерэестравых казакоў узначаліў антыфеад. і нац.-вызв. паўстанне, якое ахапіла пераважна Левабярэжную Украіну. 16.12.1637 каля с. Кумяёк (цяпер Чаркаскай вобл.) казацка-сял. войска пацярпела паражэнне ад арміі Рэчы Паспалітай на чале з польным гетманам М.​Патоцкім і пазней капітулявала. П. і інш. кіраўнікі паўстанцаў пакараны смерцю ў Варшаве.

т. 12, с. 210

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРУТ,

рака на Украіне, часткова служыць мяжой паміж Малдовай і Румыніяй, левы прыток р. Дунай. Даўж. 967 км, пл. басейна 27,5 тыс. км². Пачынаецца на паўн. схілах хр. Чарнагора (Усх. Карпаты). Да г. Чарнаўцы цячэ ў глыбока ўрэзанай даліне, ніжэй даліна расшыраецца (да 10 км каля г. Леова). Рэчышча звілістае, месцамі парожыстае. Веснавое разводдзе, частыя летне-асеннія паводкі, павышаны зімовы сцёк (ад адліг і дажджоў). Сярэдні расход вады каля г. Леова 69,2 м³/с. Вадасх. Касцешць-Стынка. Суднаходны да г. Леова. На П. гарады Ярэмча, Каламыя, Снятын, Чарнаўцы, Наваселіца (Украіна), Унгень, Леова (Малдова).

т. 13, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕ́ВЕРСКІ ДАНЕ́Ц (няправільная назва Паўночны Данец),

рака ў Расіі і Украіне, правы прыток р. Дон. Даўж. 1053 км, пл. бас. 96,9 тыс. км². Вытокі на Сярэднярускім узв., каля вусця падзяляецца на 3 рукавы. Ніжнія 240 км каналізаваныя. Асн. прытокі: Аскол, Айдар, Калітва (злева). Сярэдні расход вады каля с. Кружылаўка 149 м³/с. Ледастаў ад снеж.—студз. да канца лютага — пач. красавіка. У верхнім цячэнні Печанежскае вадасх.; каля г.п. Райгарадок пачынаецца канал С.Д. — Данбас. Суднаходная на 315 км ад вусця. На С.Д. — гарады Белгарад, Каменск-Шахцінскі (Расія), Ізюм, Лісічанск (Украіна) і інш. На левабярэжжы Луганскі запаведнік.

т. 14, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕЛЬСАЮ́З, Сялянскі саюз, Украінскае сялянскае сацыялістычнае аб’яднанне,

легальная рэв.-дэмакр. сялянская арг-цыя, якая дзейнічала ў Зах. Украіне і паўд.-зах. частцы Зах. Беларусі ў 1922—26. Узнікла ў 1922 у час выбараў у польскі сейм на базе выбарчых к-таў, што ствараліся на Палессі, Валыні і Холмшчыне. Утвораны 5.8.1924 на ўстаноўчым з’ездзе ў Брэсце. Друкаваны орган — газ. «Наше життя». Меў уплыў сярод бяднейшага і сярэдняга сялянства. Ставіў за мэту далучэнне іх да рэв.-вызв. руху на аснове рэв.-дэмакр. патрабаванняў. У кастр. 1926 пасля аб’яднання з радыкальнай сял. арг-цыяй «Народная воля» ўвайшоў у склад Сельраба.

т. 14, с. 310

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТА́ЛЬКА-ГРЫНЦЭ́ВІЧ Юльян Дамінікавіч (18.8.1850, б. маёнтак Рукшаны, Каўнаскі пав., Літва — 26.4.1936),

антраполаг, этнограф. Чл. Польскай акадэміі навук у Кракаве. Скончыў Кіеўскі ун-т (1876). У 1878—91 працаваў урачом на Украіне. У 1894—1908 узначальваў музей Троіцка-Кяхцінскага аддз. Рус. геагр. т-ва. З 1908 праф. антрапалогіі Ягелонскага ун-та ў Кракаве. У 1911 арганізаваў кафедру антрапалогіі ў Віленскім ун-це. Аўтар прац па гігіене, антрапалогіі, этнаграфіі і археалогіі. Вывучаў фізічны тып стараж.-ўсх. славян, у т. л. беларусаў.

Тв.:

К антропологии народностей Литвы и Белоруссии. СПб., 1894;

К антропологии великороссов. Томск, 1898.

Л.​І.​Цягака.

т. 15, с. 409

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЫТАНІ́Т, сфен,

мінерал падкласа астраўных сілікатаў, CaTi[SiO4](O, OH, F). Змяшчае да 40,8% аксіду тытану, прымесі жалеза, марганцу, ітрыю, германію, волава, танталу, ніобію і інш. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Утварае крышталі канвертападобныя, пласціністыя, прызматычныя да ігольчатых і ніткападобных, крыжападобныя двайнікі, зярністыя, радыяльна-прамянёвыя і лямцападобныя агрэгаты. Колер мядова-жоўты, залаціста-карычневы, буры, ружовы, зялёны, сіні або бясколерны. Цв. 5—5,5. Шчыльн. 3,45—3,6 г/см³. Т. — акцэсорны мінерал кіслых, сярэдніх і шчолачных магматычных, а таксама метамарфічных парод. Сыравіна на тытан, тантал, ніобій, ітрый, вырабны камень. Радовішчы ў Расіі, Швейцарыі, Італіі, на Украіне і інш.

Тытаніт.

т. 16, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХЕРСО́Н,

горад, цэнтр Херсонскай вобл., на Украіне; на р. Дняпро, каля яго ўпадзення ў Дняпроўскі ліман Чорнага мора. Засн. ў 1778 на месцы ваен. ўмацавання, вядомага з 1743. 350 тыс. ж. (2001). Марскі і рачны порт. Чыг. вузел. Прам-сць: машынабудаванне і металаапрацоўка (суднабудаванне і суднарамонт, с.-г., эл.-тэхн. і інш.), лёгкая, у т. л. баваўняная, харч. (кансервавая, мясная, рыбная), нафтаперапр., вытв-сць буд. матэрыялаў. 3 ВНУ. 2 тэатры. Музеі: маст., краязнаўчы. Арх. помнікі: арсенал, Пецярбургскія і Ачакаўскія брамы Херсонскай крэпасці (18 ст.), Грэка-Сафіеўская царква (1780), Екацярынінскі сабор (1786).

Мікрараён Херсона.

т. 17, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЭ́НТНЕР (ням. Zentner ад лац. centenarius які змяшчае 100 адзінак),

пазасістэмная адзінка масы. Абазначаецца ц, у краінах з лац. алфавітам q (ад quintal).

Адрозніваюць Ц.: метрычны, роўны 100 кг або 0,1 т; брытанскі доўгі, роўны 112 брыт. фунтам або 50,8023 кг; брытанскі кароткі, роўны 100 брыт. фунтам або 45,3592 кг; Ц., які выкарыстоўваецца ў Германіі, Бельгіі, Даніі, Венгрыі і інш. краінах, роўны 50 кг. На Беларусі, Украіне, у Расіі, Польшчы, у ВКЛ у 15—18 ст. адзінку масы, блізкую да 1 ц, наз. корац. У сістэме англ. мер кароткі Ц. меў назву цэнтал (ад лац. centum — сто).

т. 17, с. 165

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)