План 1 ’чарцёж — памяншальны выгляд мясцовасці, прадмета на плоскасці’ (ТСБМ, Яруш., Шат.), ’прысядзібны ўчастак калгасніка, надзел, сядзіба, зямля пры хаце’ (гом., ЛА, 3; Мат. Гом.; Ян.; свісл., Сл. рэг. лекс.; ветк., рэчыц., нясвіж., слаўг., Яшк.), ’незабудаваны ўчастак зямлі ў межах вёскі, які належыць аднаму гаспадару, пляц’ (Нар. сл.), пла́нік ’тс’ (жлоб., ЛА, 3), плян ’тс’ (Яруш.), план ’агарод’ (ветк., ЛА, 2), план ’зямля былога сталыпінскага хутара’ (Яшк.). З рус. ці польск. моў, у якіх — з франц. plan ’плоскасць’ ці з ням. Plan ’паверхня’, апошнія ўзыходзяць да с.-лац. plānum ’роўнае месца, раўніна, плоскасць’ (Фасмер, 3, 273; Махэк₂, 454; Банькоўскі, 2, 597, гл. Васэрцыер, 174). Сюды ж швянч. плано́к ’узор для ткання’ (Сл. ПЗБ).

План 2 ’праграма заданняў і прац’, ’парадак, паслядоўнасць, сістэма’ (ТСБМ), ’жыццёвы парадак, спосаб грамадскага жыцця’ (ТС). Праз польск. plan ’план, расклад, праграма’ (ужо ў А. Міцкевіча), а таксама старыя plant, piania, ці рус. план ’тс’ з ням. Plan ’задума, мэта’, якое ў XVIII ст. было запазычана ў франц. мову (plan ’задума, праект, план’ для plant ’саджанец, флянс’ > ’гадавальнік’ як ’нешта задуманае, выдуманае’, гл. Васэрцыер, 174). Сюды ж жыт. планаваць з пераносным значэннем ’абмяркоўваць (пра старога, які ідзе і размаўляе сам з сабою)’ (Мат. Гом.) < польск. planować ’меркаваць, будаваць планы’ (Кюнэ, Poln., 87).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пляц ’сядзіба калгасніка’, ’зямля пад сядзібай’, ’незабудаваная тэрыторыя ў горадзе ці вёсцы’, ’частка прысядзібнага ўчастка каля хаты ці ў полі’ (ТСБМ, БРС, Нас., Сцяшк. МГ, Бір., Яруш., Выг., Шат., Касп., Сл. ПЗБ, Сл. Брэс., ТС; карэліц., Янк. Мат.; капыл., Жыв, сл.), ’месца для пасеву, плошча’ (Растарг.), ’прастора вакол царквы, цвінтар’ (стол., Яшк.), ’прысядзібны ўчастак’ (ЛА, 4), ’зямельны надзел (у мінулым)’ (ЛА, 3); плац ’участак зямлі’ (брасл., Сл. ПЗБ), ст.-бел. пляцъ ’участак зямлі пад гаспадарчымі будынкамі і агародам’, ’роўнае незабудаванае месца ў горадзе, ад якога ва ўсе бакі разыходзяцца вуліцы’, плацъ ’поле бою’ (1441 г.). З польск. plac (з 1496 г.), płac (з 1434 г.) ’месца, не забудаванае ў горадзе’, ’месца пад будынкі’, ’месца бою’, якія запазычаны з мовы нямецкамоўных мяшчан польскіх гарадоў — з н.-ням., с.-н.-ням. platz, апошняе, як і франц. place, італ. piazza, узыходзіць да лац. platea ’вуліца, двор’ < ст.-грэч. πλατεῖα ’шырокая дарога, вуліца’. Бел. пляц ’плошча для ваенных парадаў і страявых заняткаў’ (ТСБМ) — з рус. пляц, запазычанага (пры Пятры I) з ст.-бел. пляцъ ці ст.-польск. plac; а рус. плац ’тс’ — з ням. platz ’плошча’ (Брукнер, 416; Карскі, БР, 156, Кюнэ, Poln., 87, Булыка, Лекс. запазыч., 189; Банькоўскі, 2, 595; Фасмер, 3, 276). Сюды ж: пляцава́ць ’мераць на участкі’, пля́цны, пляцовы ’які адносіцца да планавай меры’ (Нас.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

мы́за Стар. Дача, хутар; сядзіба з с.-г. пабудовамі, якая стаіць асобна ад нас. п.; мястэчка, маёнтак, вёска аднаго пана.

□ мыза Марозінка каля в. Кульшычы, мыза Балотня, мыза Гайшы́н, мыза Крыштаполье Бых. пав. Маг. губ. (1854 ЦДГА БССР, ф. 2379, воп. 1, адз. зах. 17, лл. 18; 21б, 26б, 27).

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

пляц

1. Сядзіба калгасніка, (БРС); былы сталыпінскі водруб, хутар (Слаўг.).

2. Прастора вакол царквы, цвінтар (Стол.).

3. Ст.-бел. (XVII—XVIII стст.). Поле бою.

4. Пэўная частка зямлі пад домам або сенажаццю (Нас.).

5. Месца, якое займае чалавек стоячы (Нас.).

6. Пэўная частка зямлі, палоска на агародзе (Слаўг., Смален. Дабр.).

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

сялі́ба Месца пад жылым домам і с.-г. пабудовамі; двор; хутар; пасяленне; сядзіба 1 (БРС). Тое ж сялі́дзьба (Рэч., Сен. Касп., Слаўг., паўн. паветы Чарнігаўскай губ. П. А. Расторгуев. Сев.-бел. говор, 1927, 152), сялі́дба (Нас. АУ, Слаўг.), сялі́цьба (Слаўг.), сялі́бка (Слаўг.).

□ в. Сяліба Бярэз., в. Сялібка Віц. (Рам. Мат.).

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

БРА́СЛАЎСКІ РАЁН,

на ПнЗ Віцебскай вобл. Беларусі. Утвораны 15.1.1940. Пл. 2,2 тыс. км². Нас. 37,1 тыс. чал. (1996), гарадскога 38,4%. Сярэдняя шчыльн. 16,5 чал/км². Цэнтр — г. Браслаў, гар. пасёлкі Відзы і Друя, 667 сельскіх населеных пунктаў. Падзяляецца на 11 сельсаветаў: Ахрэмавіцкі, Далёкаўскі, Друйскі, Дрысвяцкі, Зарацкі, Казянскі, Мяжанскі, Опсаўскі, Плюскі, Слабодкаўскі, Цяцеркаўскі.

Большая ч. раёна занята Браслаўскай градой, на Пд — Дзісенская нізіна (частка Полацкай нізіны). Паверхня ўзгорыстая і раўнінная. Пераважаюць выш. 130—160 м, найвыш. пункт 210 м. Карысныя выкапні: торф, сапрапелі, легкаплаўкія гліны, пясчана-жвіровы матэрыял. Сярэдняя т-ра студз. -6,8 °C, ліп. 17 °C. Ападкаў 554 мм за год. Вегетац. перыяд 184 сут. Найб. рака Зах. Дзвіна і яе прытокі Дзісна (з Дрысвятай) і Друйка. Больш за 200 азёр (каля 10% пл. раёна). Вылучаюць Браслаўскую групу азёр. Пашыраны дзярнова-падзолістыя, дзярнова-падзолістыя забалочаныя і тарфяна-балотныя глебы. Пад лясамі 22,8% тэр. раёна (асобныя масівы: Богінскі, Відзаўская лясная дача, Друйская лясная дача і інш.); лясы пераважна хваёвыя, яловыя, бярозавыя. У межах раёна нац. парк Браслаўскія азёры. Помнікі прыроды: дуб-патрыярх у в. Опса, біягрупа лістоўніцы сібірскай каля в. Ахрэмаўцы, Слабодкаўская (озавая) града.

Агульная плошча с.-г. угоддзяў 98,5 тыс. га, з іх асушана 23 тыс. га. На 1.1.1995 у раёне 20 калгасаў і 4 саўгасы. Асн. галіна сельскай гаспадаркі — малочна-мясная жывёлагадоўля. Вырошчваюць збожжавыя, кармавыя культуры, бульбу, агародніну, з тэхнічных — лён. Конегадоўля. Зверагадоўля. Пчалярства. Рыбаводства. Прадпрыемствы харч. (вытв-сць малочных, мясных, рыбных кансерваў; агародніна-сушыльны з-д), лёгкай (ільновалакно, швейныя вырабы), паліўнай (тарфяны брыкет) прам-сці; вытв-сць буд. матэрыялаў (піламатэрыялы, цэгла). На тэр. раёна канцавы пункт чыг. Варапаева—Друя; аўтадарогі ад Браслава на Шаркаўшчыну, Друю, Паставы, Даўгаўпілс (Латвія). У раёне 16 сярэдніх, 19 базавых і 11 пач. школ, 2 ПТВ, 31 дашкольная ўстанова, 35 б-к, 41 клуб, 5 бальніц, 2 амбулаторыі, 31 фельчарска-амбулаторны пункт, санаторый «Браслаў», турысцка-экскурсійны комплекс «Браслаўскія азёры». Арх. помнікі: Петрапаўлаўскі касцёл (1929) і царква (1908) у в. Дрысвяты; вадзяны млын канца 18 — 1-й пал. 19 ст. ў в. Зарачча; вянковы двор (1909) і Мікалаеўская царква (1905) у в Іказнь; царква пач. 20 ст. ў в. Кірыліна; Пакроўская царква пач. 20 ст. ў в. Мінкавічы, касцёл маці Божай Анёльскай пач. 20 ст. ў в. Мяжаны; касцёл пач. 20 ст. і сядзіба (1904) у в. Опса; касцёл пач. 20 ст. ў в. Плюсы; касцёл Сэрца Ісуса (1903) у в. Слабодка. Выдаецца газ. «Браслаўская звязда».

М.​М.​Брылеўскі.

т. 3, с. 247

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯРО́ЗАЎСКІ РАЁН,

у цэнтральнай частцы Брэсцкай вобл. Беларусі. Утвораны 15.1.1940. Пл. 1,5 тыс. км². Нас. 75,4 тыс. чал. (1996), гарадскога 56%. Сярэдняя шчыльн. 57 чал. на 1 км². Цэнтр раёна — г. Бяроза, г. Белаазерск, 110 сельскіх населеных пунктаў. Падзяляецца на 15 сельсаветаў: Белаазерскі, Боркаўскі, Бярозаўскі, Высокаўскі, Здзітаўскі, Малецкі, Міжлескі, Нарутавіцкі, Першамайскі, Пескаўскі, Сакалоўскі, Сігневіцкі, Спораўскі, Стрыгінскі, Сялецкі.

Раён займае паўд.-ўсх. ч. Прыбугскай раўніны і паўн.-зах. Прыпяцкага Палесся. Паверхня — плоская забалочаная раўніна, пераважная выш. 150—160 м, найвыш. пункт 189 м (каля чыг. ст. Бронная Гара). Карысныя выкапні: торф, мел, пясчана-жвіровы матэрыял, сілікатныя і буд. пяскі, гліны. Сярэдняя т-ра студз. -5,2 С, ліп. 18,3 °C. Ападкаў 593 мм за год. Вегетац. перыяд 200 сут. Рака Ясельда з прытокамі Вінец і Жыгулянка. Азёры: Чорнае, Спораўскае, Белае, вадасх. Сялец. Пашыраны дзярнова-падзолістыя забалочаныя, тарфяна-балотныя, дзярновыя і дзярнова-падзолістыя глебы. Пад лясамі 22,3% тэр. раёна; вял. лясныя масівы (Галавіцкі, Буды, Бронная Гара); пераважаюць хваёвыя, бярозавыя, чорнаальховыя лясы. Біял. заказнік Спораўскі.

На 1.1.1996 агульная плошча с.-г. угоддзяў 69,8 тыс. га, з іх асушана 36,3 тыс. га. У раёне 14 калгасаў і 4 саўгасы. Асн. галіна сельскай гаспадаркі — мяса-малочная жывёлагадоўля (свінагадоўля, буйн. раг. жывёла, авечкагадоўля, конегадоўля). Вырошчваюць збожжавыя (жыта, пшаніцу, ячмень, авёс), цукр. буракі, бульбу, агародніну, кармавыя культуры. Прадпрыемствы энергетыкі (Бярозаўская ДРЭС), машынабудавання і металаапрацоўкі (абсталяванне для электраэнергет. прам-сці, вентылятары, рамонт камбайна-трактарных рухавікоў і інш.), лёгкай (вытв-сць спарт. абутку), харч. (сыр, масла, сухое абястлушчанае малако, цукар), дрэваапр. прам-сці; вытв-сць буд. матэрыялаў (піламатэрыялы, цэгла, керамічная плітка, жалезабетонныя канструкцыі, сілікатныя вырабы і інш.). Па тэр. раёна праходзяць чыгунка і аўтамагістраль Брэст—Мінск. У раёне 23 сярэднія, 7 базавых і 14 пач. школ, 2 СПТВ, 18 дашкольных устаноў, 42 клубы, 45 б-к, 5 бальніц, 2 амбулаторыі, 27 фельч.-ак. пунктаў. Помнікі архітэктуры: царква Маці Божай сярэдзіны 19 ст. ў в. Сакалова, Пакроўская царква (1795) у в. Сігневічы, сядзіба 2-й пал. 18 ст. — 1-й пал. 19 ст. і Троіцкая царква (1827) у в. Новыя Пескі, царква Іаана Багаслова (1817) у в. Стрыгінь, касцёл (1912) і Успенская царква (1863—70) у в. Сялец, Мікалаеўская царква (1825) у в. Чарнякава. Мемарыяльны комплекс «Здзітаўская абарона» на месцы баёў партызан з ням.-фаш. захопнікамі ў в. Здзітава. Выдаецца газ. «Маяк».

Літ.:

Память: Ист.-док. хроника Березовского р-на. Мн., 1987.

С.​І.​Сідор.

т. 3, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́МЕЛЬСКІ РАЁН,

на У Гомельскай вобл. Утвораны 8.12.1926. Пл. 2,1 тыс. км². Нас. 73,6 тыс. чал. (1996), гарадскога 3,9%. Сярэдняя шчыльн. 35 чал. на 1 км². Цэнтр — г. Гомель, рабочы пас. Бальшавік, 188 сельскіх нас. пунктаў, 25 сельсаветаў: Аздзелінскі, Бабовіцкі, Глыбоцкі, Грабаўскі, Давыдаўскі, Даўгалескі, Дзятлавіцкі, Зябраўскі, Красненскі, Маркавіцкі, Пакалюбіцкі, Прыбарскі, Прыбыткаўскі, Рудня-Марымонаўскі, Старабеліцкі, Улукаўскі, Урыцкі, Целяшоўскі, Цярухскі, Цярэніцкі, Цярэшкавіцкі, Шарпілаўскі, Чарацянскі, Чанкаўскі, Яромінскі. Раён моцна пацярпеў у выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС (1986).

Раён размешчаны ў межах Гомельскага Палесся, паўн.-зах. частка — у межах Чачорскай раўніны. Паверхня пераважна нізінная, выш. 120—140 м, найвыш. пункт 160,3 м (каля в. Зябраўка). Карысныя выкапні: торф, гліны для грубай керамікі, пясок. Сярэдняя т-ра студз. -6,9 °C, ліп. 18,6 °C. Ападкаў 590 мм за год. Вегетац. перыяд 193 сут. Асн. рака Сож з прытокамі Іпуць, Вуць, Церуха, Уза. Пашыраны дзярнова-падзолістыя, дзярнова-падзолістыя забалочаныя, дзярнова і дзярнова-карбанатныя забалочаныя глебы. Лясы займаюць 34,9% тэр. раёна, пераважаюць хваёвыя, бярозавыя і дубовыя. Пад балотамі 14,1 тыс. га, найб. масівы — Кабылянскае балота, Вадапой, Жарэбна-Конскае балота.

Агульная плошча с.-г. угоддзяў 95 тыс. га, з іх асушаных 33,9 тыс. га. На 1.1.1996 у раёне 14 калгасаў, 19 саўгасаў, 3 птушкафабрыкі, саўгас «Цяплічны», 8 дапаможных гаспадарак. Асн. галіны сельскай гаспадаркі — мяса-малочная жывёлагадоўля, агародніцтва, бульбаводства. Прадпрыемствы буд. матэрыялаў, шкляной, харч. і паліўнай прам-сці. Гомель — чыг. вузел, напрамкі на Мазыр, Жлобін, Навазыбкаў (Расія), Бахмач, Чарнігаў (Украіна); аўтадарогі на Магілёў, Бабруйск, Калінкавічы, Чарнігаў, Навазыбкаў. Суднаходства па р. Сож. У раёне (без Гомеля) 2 ПТВ, 24 сярэднія, 13 базавых і 7 пач. школ, 9 муз. школ, школа-інтэрнат, 38 дашкольных устаноў, 43 клубы і дамы культуры, 48 б-к, 7 бальніц, 38 фельч.-ак. пунктаў. Курорт Чонкі, турбаза «Сож». Помнікі архітэктуры: царква (1-й пал. 19 ст.) у в. Гадзічава; царква Раства Багародзіцы (1881) і будынак царк.-прыходскай школы (канца 19 ст.) у в. Глыбоцкае; парк (2-й пал. 19 ст.) у в. Грабаўка; сядзібны дом («паляўнічы домік», 2-й пал. 19 ст.) у в. Каралёўка; паштовая станцыя (2-й пал. 19 ст.) за 3 км на У ад в. Сеўрукі; Мікалаеўская царква (1-й пал. 18 ст.) і сядзіба (канца 18 — пач. 19 ст.) у в. Старая Беліца; Успенская царква (1865—68) у в. Чарацянка. Помнік абаронцам Гомеля ў пачатку Вял. Айч. вайны ў в. Пакалюбічы. Выдаецца газ. «Маяк».

Г.​С.​Смалякоў.

т. 5, с. 348

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЗНАНЬ (Poznań),

горад на З Польшчы, на р. Варта. Адм. ц. Велікапольскага ваяводства. 660 тыс. ж. (1999). Вузел чыгунак і аўтадарог, рачны порт. Міжнар. аэрапорт. Важны эканам. і культ. цэнтр краіны. Прам-сць: машынабудаванне (у т. л. трансп., с.-г., дакладнае, эл.-тэхн., прылада- і дызелебудаванне, вытв-сць падшыпнікаў), харч., гумавая, парфумерная, швейная, шкляная, паліграфічная. Штогадовыя міжнар. і нац. кірмашы. Ун-т, мед. акадэмія. Тэатры, у т. л. оперны. Музеі: нац., археал., муз. інструментаў і інш. Цэнтр турызму.

У 8—9 ст. П. — гарадзішча, вакол якога склаўся горад. У 10 ст. адна з гал. рэзідэнцый польскіх князёў. З 968 сядзіба першага польскага біскупства. У 1005 тут падпісаны мірны дагавор паміж каралём Баляславам I Храбрым і архібіскупам магдэбургскім Тагіно. У 1253 П. атрымала магдэбургскае права. З сярэдзіны 13 ст. адм.-паліт. цэнтр Велікапольшчы. У 15—16 ст. адзін з буйных гандл. і культ. цэнтраў краіны (у 16 ст. каля 20 тыс. жыхароў). З сярэдзіны 17 ст. занепадала ў выніку войнаў (Паўночная вайна 1655—60, Паўночная вайна 1700—21) і эпідэмій (у пач. 18 ст. — 12 тыс. жыхароў), У 1793 адышла да Прусіі. З 1807 у складзе Варшаўскага герцагства, з 1815 — Пазнанскага вялікага княства. Тут адбылося антыпрус. Пазнанскае паўстанне 1848. Пасля 1-й сусв. вайны і Пазнанскага паўстання 1918—19 у складзе адноўленай Польскай дзяржавы. У 2-ю сусв. вайну захоплена ням.-фаш. войскамі (1939). У 1945 вызвалена Сав. Арміяй. У 1956 у П. адбыўся першы ў ПНР масавы рабочы пратэст.

Гіст. ядро П. — т. зв. Тумскі востраў на правым беразе Варты. Тут знаходзяцца раманскі касцёл св. Яна (каля 1200—1512), гатычны сабор (сярэдзіна 12 — пач. 16 ст., на месцы касцёлаў 10 і 11 ст., у інтэр’еры грабніцы і надмагіллі, у т. л. 10 ст.), касцёл Дзевы Марыі (15 ст.). На левым беразе — Стары горад (развіваўся з 13 ст.) з рэгулярнай планіроўкай. На цэнтр. плошчы Рынак — ратуша (13—14 ст., перабудавана ў 1550—60 у стылі рэнесансу; жылыя дамы 16—19 ст., часта з галерэямі). Захавалася шмат кляштараў і касцёлаў у стылі барока. У 19 — пач. 20 ст. на З ад Старога горада сфарміраваўся цэнтр П. з палацамі і грамадскімі будынкамі ў стылях класіцызму, эклектыкі і сучаснай архітэктуры. У пасляваен. гады адноўлены пашкоджаныя арх. помнікі, узведзены комплекс міжнар. кірмашу, гасцініца «Меркурый», ансамбль новага цэнтра, новыя жылыя раёны абапал р. Варта.

Познань. Стары горад.

т. 12, с. 447

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

дзярэ́ўня

1. Вясковы населены пункт, дзе раней не было ні царквы, ні панскіх будынкаў; невялікі нас. п. (Ветк., Маг., Нясв., Шчуч.).

2. Стар. Паселішча ў лесе на высечаным месцы (Люб. ГР, 91).

3. Цэнтр вёскі (Маг., Нясв.).

4. Асобная сялянская сядзіба на водшыбе сяла ці ў лесе (Леант. 78).

□ Дзярэўня — старая частка в. Любаны Слаўг.

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)