ДА́КІЯ (Dacia),

у старажытнасці вобласць, населеная дакамі. Займала тэр. паміж Дунаем, Цісай, Карпатамі і Днястром — тэр. сучаснай Румыніі. Пасля заваявання Траянам (106 н.э.) — рым. правінцыя. У 118—119 падзелена на Верхнюю і Ніжнюю Д., у 158—159 — на 3 правінцыі, якія да пач. вайны з маркаманамі (166) аб’ядналіся пад назвай «правінцыі 3 Д.». Аўрэліян пад націскам готаў (з 236) і карпаў (з 248) пакінуў Д. У 270—275 ч. карэннага насельніцтва перасялілася на правы бераг Дуная, дзе былі створаны 2 правінцыі — Д.​Прыбярэжная і Д.​Унутраная; левабярэжную Д. занялі готы, вандалы і інш.

т. 6, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІСТАРЫ́ЗМ,

слова, што абазначае прадмет, з’яву ці паняцце, якія выйшлі з ужытку (напр.: «аршын», «гарнец», «грыўня», «дзіда», «кальчуга», «магнат», «піка», «саха», «соцкі», «стралец» і інш.). Асобную групу гістарызмаў складаюць словы, якія хоць і ўзніклі ў наш час, але не належаць да актыўнай лексікі, бо паняцці, што яны абазначаюць, сталі гісторыяй (напр.: «валвыканком», «камбед», «лікбез», «нарком», «нэп», «рэўком», «БелАПП» і інш.). У адрозненне ад архаізмаў гістарызмы не маюць сінонімаў у сучаснай бел. мове; выкарыстоўваюцца для стварэння каларыту пэўнай эпохі, узнаўлення рэальных гіст. абставін і мовы герояў у творах навук. і маст. л-ры.

М.​Р.​Прыгодзіч.

т. 5, с. 266

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЕЎГЕ́НІКА (ад грэч. eugenēs добрага роду),

вучэнне аб спадчынным здароўі чалавека, шляхах яго захавання і паляпшэння. Прынцыпы Е. сфармуляваў англ. вучоны Ф.​Гальтан (1869), які прапанаваў вывучаць тыя фактары, што могуць палепшыць спадчынныя якасці (генет. перадумовы фіз. і псіхічнага здароўя, разумовых здольнасцей, адоранасць) будучых пакаленняў. Ідэі Е. нярэдка выкарыстоўвалі для апраўдання расізму і генацыду. У сучаснай навуцы многія праблемы Е., асабліва барацьба са спадчыннымі захворваннямі, вырашаюцца ў рамках генетыкі чалавека, яго экалогіі, у т. л. мед. генетыкі. Ад ідэі паляпшэння генет. здароўя людзей Е. перайшла пераважна да задач яго захоўвання. Гл. Медыка-генетычнае кансультаванне.

т. 6, с. 396

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Ё,

сёмая літара бел. і некаторых інш. слав. алфавітаў. Утворана шляхам спалучэння літары «е» з дыякрытычнымі знакамі. Запазычана з рус. графікі, дзе ўпершыню з’явілася ў 1797. У старабел. пісьменстве гук «о» пасля мяккіх зычных абазначаўся літарай «е» («медъ»), спалучэннем «іо» («ліосъ») і нават літарай «о» («всо»), У сучаснай бел. мове абазначае лабіялізаваны галосны «о» задняга раду сярэдняга пад’ёму і мяккасць папярэдняга зычнага («вёска» — в’оска»), а ў пач. слова, пасля галосных, «ў», «ь» і апострафа — 2 гукі («й» і «о»): «ёд» («йод»), «тваё» («твайо»), «пугаўё» («пугаўйо»), «мільён» («міл’йон»), «аб’ём» («абйом»).

А.​М.​Булыка.

т. 6, с. 407

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Ж,

восьмая літара бел. і некат. інш. слав. алфавітаў. Паходзіць з кірыліцкай ж («жывеце»), што была ўтворана шляхам далучэння цэнтр. вертыкальнай рыскі да літары («хер») або падваення літары Ꙁ («зямля»). У старабел. пісьменстве абазначала гукі «ж», «ж’» (вежа», «жити»). Не мела лічбавага значэння. У 16 ст. акрамя рукапіснай набыла друкаваную форму. У сучаснай бел. мове абазначае шумны звонкі зацвярдзелы шчыльны пярэднеязычны зычны гук «ж» (жыта»), а перад глухімі зычнымі і на канцы слоў парны да яго па звонкасці і глухасці гук «ш» («нож—нош»). Уваходзіць у склад дыграфа «дж» («дажджы»).

А.​М.​Булыка.

т. 6, с. 409

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЫРКЕ́ВІЧ (Міхаіл Іванавіч) (13.10.1899, в. Залесавічы Крычаўскага р-на Магілёўскай вобл. — 13.8.1984),

бел. мовазнавец. Канд. пед. н. (1944). Засл. дз. нав. Беларусі (1951). Скончыў БДУ (1927). Працаваў настаўнікам, выкладчыкам у Магілёўскім пед. ін-це (1933—41), БДУ (1943—69). Аўтар падручнікаў па бел. мове для сямігадовай і сярэдняй школ, артыкулаў па пытаннях сучаснай бел. літ. мовы, у т. л. пра моватворчасць Я.​Купалы («Аб народнасці мовы паэмы Я.​Купалы «Над ракою Арэсай», 1954, «Аб мове камедыі Я.​Купалы «Паўлінка», 1958, «Аб мове паэмы Я.​Купалы «Бандароўна», 1960, і інш.).

І.​К.​Германовіч.

т. 6, с. 470

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗДЗІ́ТАЎ,

старажытны горад. Упершыню згадваецца ў Іпацьеўскім летапісе пад 1252. Найб. верагодна, што першапачаткова горад размяшчаўся за 4 км на Пд ад сучаснай в. Здзітава Бярозаўскага р-на, каля в. Старамлыны, дзе на правым беразе р. Ясельда захаваліся рэшткі гарадзішча 11—13 ст. Гарадзішча займала ізаляваны ўзгорак пл. больш за 1 га ў нізіннай, месцамі забалочанай пойме ракі. З усх. і зах. бакоў да яго прымыкае стараж. селішча пл. каля 3 га. У выніку археал. раскопак (1971, Я.​Г.​Звяруга) на гарадзішчы выяўлены прадметы, блізкія да матэрыяльнай культуры гарадоў Тураўскай зямлі і Бел. Панямоння.

Я.​Г.​Звяруга.

т. 7, с. 48

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЕМГА́ЛЫ, земігола,

старажытнае балцкае племя, якое жыло ў сярэдняй ч. сучаснай Латвіі ў бас. р. Ліелупе. Густынскі летапіс называў іх жэмайтамі. Займаліся земляробствам, жывёлагадоўляй, гандлявалі з суседнімі плямёнамі. У 11—13 ст. былі на стадыі распаду племяннога ладу і ўтварэння феад. адносін. Паводле Лаўрэнцьеўскага летапісу ў 1106 полацкія князі Усяславічы ўчынілі паход на З., але пацярпелі паражэнне. У 13 ст. З. вялі ўпартую барацьбу з крыжакамі, у 1290 канчаткова заваяваны Лівонскім ордэнам. Пазней разам з інш. плямёнамі ўвайшлі ў склад лат. народнасці.

Літ.:

Ермаловіч М. Старажытная Беларусь: Полацкі і новагародскі перыяды. Мн., 1990.

Г.​В.​Штыхаў.

т. 7, с. 54

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЗАКО́Ў (Юрый Іванавіч) (н. 24.12.1924, г. Архангельск, Расія),

рускі баяніст-віртуоз. Засл. арт. Расіі (1963), ’нар. арт. СССР (1985). Скончыў муз.-пед. ін-т імя Гнесіных (1939). У 1939—42 і з 1946 артыст Архангельскай, з 1954 — Маскоўскай абл. філармоній, з 1958 Масканцэрта. У рэпертуары творы класічнай і сучаснай музыкі. Яго канцэртная дзейнасць зрабіла значны ўплыў на развіццё сольнага выканальніцтва на баяне, зацвердзіла яго як канцэртны інструмент. Першы рас. баяніст, які пачаў выступаць у ансамблі з інш. інструментамі, з аркестрам. Ініцыятар шырокага распаўсюджвання шматтэмбравага гатова-выбарнага баяна з пераключальнікам (назва прапанавана К. у 1951).

т. 7, с. 413

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРАЛЬЧУ́К (Уладзімір Мікалаевіч) (н. 8.7.1958, Мінск),

бел. кампазітар. Скончыў Бел. кансерваторыю па класах баяна (1982) і кампазіцыі (1992, клас Дз. Смольскага). Працуе ў розных жанрах.

Муз. мова твораў абапіраецца на асаблівасці стылю сучаснай музыкі. Сярод твораў: кантата «Успамін» (1991); сімфоніі (1994, 1997, для сімф. арк. і саліруючага трамбона); «Сумны канцэрт» для флейты з сімф. арк. (1992); канцэрты для кантрабаса (1990), для альта (1996), для баяна і віяланчэлі (1998) і камернага арк.; камерна-інстр. ( у т. л. саната для трамбона і фп., 1991) і вак. (у т. л. «Musica Doloroso» для барытона і камернага ансамбля, 1993) творы.

т. 8, с. 52

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)