КАМО́РНІК,

1) у Польшчы ў 12—13 ст. слуга або дваранін пры дварах князёў, каралёў. Кіраваў хатняй маёмасцю, прадстаўляў інтарэсы і замяшчаў гаспадара пры выкананні малазначных спраў.

2) У ВКЛ у 16—17 ст. геадэзіст-землеўпарадчык, член падкаморскага суда. Прызначаўся падкаморым і замяшчаў яго пры вырашэнні спрэчак на месцы. Займаўся вымярэннем і здымкай мясцовасці (межаў, маёнткаў і г.д.) у якасці судовага выканаўцы, а таксама асабіста за кошт зацікаўленага боку. Пасля далучэння Беларусі да Рас. імперыі заменены інстытутам землямераў, канчаткова знік у 1840 пасля скасавання межавых судоў і спынення дзейнасці Статута ВКЛ 1588.

3) У бытавым ужытку ў 19 — пач. 20 ст. — землямер.

Я.​К.​Анішчанка.

т. 7, с. 532

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУНІ́ЦКІ (Kunicki) Станіслаў (6.6.1861, Тбілісі — 28.1.1886),

дзеяч польскага і рас. рэв. руху. Вучыўся ў Пецярбургскім ін-це шляхоў зносін. З 1881 чл. арг-цыі «Народная воля», удзельнічаў у стварэнні ў Пецярбургу Польска-літ. сацыяльна-рэв. партыі. З 1882 чл. партыі «Пралетарыят» 1-ы, у 1883—84 яе кіраўнік. Па ініцыятыве К. ў пач. 1884 заключаны дагавор пра супрацоўніцтва паміж «Народнай воляй» і «Пралетарыятам». Адзін з заснавальнікаў тэарэт. органа партыі час. «Walka klas» («Класавая барацьба», выд. ў Жэневе). Арыштаваны ў ліп. 1884. Паводле прыгавору ваен. суда на працэсе 29-ці чл. партыі «Пралетарыят» пакараны смерцю ў Варшаўскай цытадэлі.

Н.​К.​Мазоўка.

т. 9, с. 22

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯЧЭ́БНА-ПРАЦО́ЎНЫЯ ЎСТАНО́ВЫ,

прафілакторыі, установы закрытага тыпу, якія ў Рэспубліцы Беларусь ажыццяўляюць прымусовае ўздзеянне ў адносінах да хранічных алкаголікаў і наркаманаў, што ў сувязі са злоўжываннем алкаголем і ўжываннем наркатычных сродкаў сістэматычна парушаюць грамадскі парадак і правы інш. асоб. Паводле рашэння раённага (гар.) суда такія парушальнікі могуць быць ізаляваны на тэрмін 1—1,5 года ў Л.-п., для іх мед.-сац. рэадаптацыі з абавязковым прыцягненнем да працы. Рашэнне аб прызнанні асобы хранічным алкаголікам або наркаманам прымаецца камісійна ўрачамі-спецыялістамі ўстаноў органаў аховы здароўя. Л.-п.ў. знаходзяцца ў падпарадкаванні МУС Рэспублікі Беларусь. Пытанні, звязаныя з Л.-п.ў. рэгулююцца заканадаўствам.

Э.​І.​Кузьмянкова.

т. 9, с. 438

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЮБО́ЎНЫ СУД, кампрамісарскі суд,

часовы трацейскі суд у BKJI у 16—18 ст. Разглядаў усе справы, акрамя крымінальных, звязаных з інтарэсамі грамадскага скарбу, і спраў паміж трымальнікамі каралеўскіх маёнткаў. Дзейнасць суда рэгламентавалася Статутамі ВКЛ 1566 і 1588. Складаўся з некалькіх суддзяў-камісараў, якія выбіраліся бакамі з асоб аднолькавага з імі саслоўя і звання. Выракі П.с. мелі моц рашэнняў дзярж. судоў і апеляцыі не падлягалі, аднак у выпадку нязгоды паміж суддзямі пакрыўджаны бок мог падаць апеляцыю ў Трыбунал ВКЛ. Пры нязгодзе аднаго з бакоў выконваць рашэнне П.с. іншы бок прад’яўляў вырак земскаму суду, які забяспечваў яго выкананне. Скасаваны Мікалаем I 7.7.1840.

т. 12, с. 22

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАПРА́ЎЧЫЯ ЎСТАНО́ВЫ,

дзяржаўныя ўстановы, дзе адбываюць пакаранне асуджаныя да пазбаўлення волі. Заканадаўства Рэспублікі Беларусь прадугледжвае сістэму П.у., якая ўключае папраўчыя калоніі, турмы (для дарослых), выхаваўчыя калоніі (для непаўналетніх), лячэбныя П.ў. Следчыя ізалятары выконваюць функцыі П.у. у адносінах да асуджаных да пазбаўлення волі, якія пакінуты там для выканання работ па гасп. абслугоўванні. Від П.у., у якіх асуджаны павінен адбываць пакаранне, вызначаецца ў прыгаворы суда з улікам характару цяжкасці злачынства, ступені грамадскай небяспекі і асобы злачынца. Наяўнасць розных П.у., якія адрозніваюцца рэжымам і ўмовамі ўтрымання, дазваляе дыферэнцыравана падыходзіць да выканання прыгавору аб асуджэнні да пазбаўлення волі і перавыхавання кожнай катэгорыі асуджаных.

Э.​І.​Кузьмянкова.

т. 12, с. 70

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКАПЦЫ́,

адна са старых рускіх сектаў, якая вылучылася з хрыставер’я (хлыстоў). У 1760—70-я г. пашырылася сярод аброчных сялян у шэрагу цэнтр. губерняў Расіі. Заснавальнікам і найб. аўтарытэтам С. лічыўся К.​Селіванаў. Аскетызм у С. прыняў крайнюю форму: патрабаваў ад вернікаў «вогненнага хрышчэння» — кастрацыі. Лічылася, што менавіта С. (са спасылкай на Евангелле, дзе ідзе размова пра С., якія самі спаклалі сябе для царства нябеснага) будуць тымі выбраннікамі, «ангелападобнымі людзьмі», якія застануцца пасля страшнага суда. Царскія ўлады жорстка праследавалі С., неаднаразова ссылалі. У пачатку 20 ст. налічвалася прыблізна 5—6 тыс. С. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 у Расіі абшчыны С. распаліся.

т. 14, с. 437

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТАНКЕ́ВІЧ Антон Уладзіміравіч (7.7.1862, маёнтак, цяпер в. Губіна Пастаўскага р-на Віцебскай вобл. — кастр. 1919),

расійскі военачальнік. Ген.-маёр (1917). Скончыў Віленскае пях. вучылішча (1880). У 1-ю сусв. вайну камандаваў палком, брыгадай, дывізіяй. З 1918 у Чырв. Арміі. У грамадз. вайну ў 1919 на Паўд. фронце: камандаваў атрадам, дывізіямі, групай войск, пам. камандуючага 13-й арміяй (чэрв.—кастр. 1919). У час баёў пад Арлом 13.10.1919 трапіў у палон да дзянікінцаў. Адмовіўся супрацоўнічаць з белагвардзейцамі і паводле прыгавору ваенна-палявога суда пакараны смерцю. Пасля разгрому белых пад Арлом цела С. перавезена ў Маскву і пахавана на Краснай плошчы каля Крамлёўскай сцяны.

А.У.Станкевіч.

т. 15, с. 149

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТАРАМЯ́ДЗЕЛЬСКІ КЛЯ́ШТАР КАРМЕЛІ́ТАЎ БО́СЫХ.

Засн. старостам зарэцкім Антоніем Кошчыцам 24.4.1754 у мяст. Стары Мядзел Мінскай вобл. Жылы корпус і касцёл Маці Божай з гары Кармель пабудаваны А.​Кошыцам у 1752—54 (асвячоны 15.8.1754). Касцёл — помнік архітэктуры барока, быў багата аздоблены скульптурай і размалёўкамі на тэмы Апошняга суда. Пад алтаром знаходзіліся мошчы св. Юстына, прывезеныя фундатарам з Рыма. Кляштар скасаваны ў 1840, у 1840—60 заняты пад правасл. жаночы манастыр. Касцёл у 1866 перароблены на правасл. царкву. У 1920 вернуты католікам, пасля Вял. Айч. вайны зачынены. У 1990 адноўлена місія кармелітаў, касцёл рэстаўрыраваны. Гл. таксама Мядзельскі Станіславаўскі касцёл кармелітаў.

А.​А.​Ярашэвіч.

т. 15, с. 158

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦІШКЕ́ВІ́Ч Іван Станіслававіч (1.1.1919, г. Хойнікі Гомельскай вобл. — 2001),

бел. правазнавец. Д-р юрыд. н. (1970), праф. (1971). Засл. юрыст Беларусі (1971). Скончыў Мінскі юрыд. ін-т (1948). З 1949 у БДУ, у 1963—88 заг. кафедры. Працы па пытаннях крымінальнага права. Адзін з аўтараў і рэдактар «Крымінальнага права БССР» (т. 1—2, 1978).

Тв.:

Приготовление и покушение по советскому уголовному праву. М., 1958;

Условия и пределы необходимой обороны. М., 1969;

Вопросы уголовного права в практике Верховного Суда БССР. [Т. 1—2]. Мн., 1973—76 (разам з І.​І.​Гарэлікам);

Применение уголовного законодательства в судебной практике БССР. Мн., 1982 (з ім жа).

т. 17, с. 131

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ША́ХЦІНСКІ ПРАЦЭ́С, Шахцінская справа,

судовы працэс у Маскве 18.5—6.7.1928 над групай інжынераў і тэхнікаў з дарэв. стажам работы, беспадстаўна абвінавачаных у стварэнні контррэв. шкодніцкай арг-цыі, якая нібыта дзейнічала на прадпрыемствах вугальнай прам-сці Шахцінскага і інш. раёнаў Данбаса. Паводле прыгавору Вярх. суда СССР 5 чал. расстраляны, 40 зняволены на розныя тэрміны (1—10 гадоў), 4 пакараны ўмоўна, 4 апраўданы. Ш.п. паклаў пачатак масавым ганенням на старую тэхн. інтэлігенцыю, якую сав. ўлады імкнуліся замяніць выхаванымі ў сав. час спецыялістамі. У канцы 1980-х г. усе асуджаныя па Шахцінскай справе рэабілітаваны.

Літ.:

Ковалев В.А. Распятие духа: Судебные процессы сталинской эпохи. М., 1997.

т. 17, с. 396

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)