ГАМУ́ЛКА (Gomułka) Уладзіслаў (6.2.1905, г. Кросна, Польшча — 1.9.1982),
польскі дзярж. і паліт. дзеяч. У 1922—32 удзельнік прафс. руху. З 1926 чл.камуніст. партыі Польшчы. У 1934—35 вучыўся ў Міжнар. Ленінскай школе ў Маскве, пасля на парт. рабоце ў Польшчы. У 1936 арыштаваны і зняволены ў турму. Пасля акупацыі Польшчы ням.-фаш. войскамі з 1939 у Львове. У 1942 вярнуўся ў Польшчу, прымаў удзел у стварэнні Польскай рабочай партыі (ПРП), быў сакратаром Варшаўскага к-та ПРП. У 1943—48 ген. сакратар ЦК ПРП, ініцыятар стварэння Краёвай рады нарадовай. З 1945 віцэ-прэм’ер, адначасова міністр вернутых зямель. У 1948 абвінавачаны ў «праванацыяналістычным ухіле», зняты з усіх пасад, у 1951 арыштаваны. У 1956 рэабілітаваны, абраны першым сакратаром ЦК ПАРП. Першапачаткова карыстаўся значнай падтрымкай у грамадстве; праводзіў палітыку памяркоўных паліт. і эканам. рэформаў, паступова іх абмяжоўваючы. Апошнія гады яго кіраўніцтва партыяй характарызаваліся абвастрэннем сац., эканам. і паліт. сітуацыі ў краіне (у сак. 1968 у Варшаве і Кракаве разагнаны студэнцкія дэманстрацыі, у жн. 1968 часці Войска Польскага ў складзе краін — удзельніц Варшаўскага дагавора ўступілі ў Чэхаславакію, у снеж. 1970 сілай падаўлены рабочыя выступленні на Балт. узбярэжжы і інш.). У снеж. 1970 падаў у адстаўку і адышоў ад паліт. дзейнасці. Аўтар «Дзённікаў» (т. 1—2, 1994).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САВЕ́Т БЯСПЕ́КІ РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,
вышэйшы калегіяльны каардынацыйна-паліт. орган, які фарміруецца з мэтай рэалізацыі паўнамоцтваў прэзідэнта ў галіне забеспячэння нац. бяспекі краіны. Утвораны паводле пастановы Вярх. Савета Рэспублікі Беларусь ад 15.11.1991. У адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь Савет бяспекі фарміруе і ўзначальвае прэзідэнт. Савет бяспекі разглядае пытанні ўнутр. і знешняй палітыкі краіны, якія закранаюць інтарэсы яе нац. бяспекі і абароны, прымае рашэнні па забеспячэнні паліт., эканам., ваен., гуманітарнай, экалаг. і інш. відаў бяспекі дзяржавы і яе грамадзян. У яго склад уваходзяць прэзідэнт, пастаянныя члены Савета (прэм’ер-міністр, старшыні Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі Нац. сходу, кіраўнік адміністрацыі прэзідэнта, дзярж. сакратар — памочнік прэзідэнта па нац. бяспецы), члены Савета (міністры абароны, унутр. спраў, замежных спраў, фінансаў, старшыні к-таў дзярж. бяспекі і дзярж. кантролю, ген. пракурор, а таксама інш. асобы, якіх прызначае прэзідэнт). Рашэнні Савета бяспекі афармляюцца ў выглядзе пастаноў, якія набываюць сілу пасля іх падпісання прэзідэнтам. Дзейнасць забяспечвае сакратарыят (да 1997 — апарат) Савета бяспекі. У 1992—94 Савет бяспекі ўзначальвалі старшыні Вярх.
Савета Рэспублікі Беларусь С.С.Шушкевіч, потым М.І.Грыб. З 1994 палажэнне аб Савеце бяспекі і яго складзе зацвярджаюцца ўказамі прэзідэнта. Дзярж. сакратары Савета бяспекі: з 1994 В.В.Шэйман, з 2000 У.Р.Латыпаў, з 2001 Г.М.Нявыглас.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУСАЛІ́НІ (Mussolini) Беніта Амількар Андрэа (29.7.1883, г. Прэдапіо, Італія — 28.4.1945),
заснавальнік і кіраўнік (дучэ) фаш. партыі і дзяржавы ў Італіі, журналіст. З 1900 чл.Італьян.сацыяліст. партыі (ІСП). У 1902—04 у Швейцарыі. З 1909 выдаваў штотыднёвую газ. «Lotta di Classe» («Класавая барацьба»), з 1912 гал. рэдактар цэнтр. органа ІСП газ. «Avanti!» («Наперад!»). У ліст. 1914 за заклікі да ўступлення Італіі ў 1-ю сусв. вайну выключаны з ІСП, заснаваў газ. «Popolo d’Italia» («Італьянскі народ»). У сак. 1919 заснаваў фаш. рух (з ліст. 1921 Нац.фаш. партыя). Пасля паходу на Рым 1922прэм’ер-міністр (фактычна дыктатар) Італіі (1922—43). Падпісаў Латэранскія дагаворы 1929 з Ватыканам. Свае паліт. погляды выклаў у кн. «Дактрына фашызму» (1932). Праводзіў экспансіянісцкую знешнюю палітыку, у т. л. ініцыіраваў італа-эфіопскую вайну 1935—36, заключыў саюз з нацысцкай Германіяй, але ў 1934 спыніў спробу аншлюсу Аўстрыі. Пад націскам А.Гітлера ўцягнуў Італію ў 2-ю сусв. вайну (чэрв. 1940) на баку Германіі. Ва ўмовах паражэнняў італьян. войск (у т. л. на сав.-герм. фронце) і ўзмацнення антыфаш. руху ў краіне 25.7.1943 адхілены ад улады саветам фаш. партыі і зняволены паводле загаду караля Віктара Эмануіла III. Пасля вызвалення 12.9.1943 герм. парашутыстамі прэзідэнт (да 1945) «Італьян. сацыяльнай рэспублікі» (Рэспублікі Сало) на акупіраванай ням.-фаш. войскамі Пн Італіі. Пры спробе ўцёкаў у Швейцарыю захоплены італьян. партызанамі і расстраляны.
Літ.:
Белоусов Л.С. Муссолини: диктатура и демагогия. М., 1993;
Смит Д.М. Муссолини: Пер. с англ. [Калининград], 1995;
Хибберт К. Бенито Муссолини: Пер. с англ.М., 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРУДАВІКІ́,
«Працоўная група», фракцыя дэпутатаў-сялян і народніцкай інтэлігенцыі ў 1—4-й Дзяржаўных думах Расіі (1906—17). У 1-й Думе паводле розных звестак было 107 або 127 дэпутатаў з 478. Ад бел. губерняў у іх лік уваходзілі К.К.Александровіч, М.С.Гатавецкі (Віленская губ.), Ф.Я.Буслаў (Магілёўская губ.), М.М.Жукоўскі, С.П.Кандрашук, У.Р.Якубсон (Гродзенская губ.), Ф.С.Трасун, Р.П.Філіпаў (Віцебская губ.). Праграма: увядзенне дэмакр. свабод, нацыяналізацыя мірным шляхам зямлі (акрамя сял. надзелаў) і яе ўраўняльнае размеркаванне паводле прац. норм (адсюль назва «Т.»), адмена саслоўных і нац. абмежаванняў. Друкаваны орган — газ. «Трудовой народ». Па асобных пытаннях Т. блакіраваліся з кадэтамі і сацыял-дэмакратамі. 5.6.1906 яны выступілі ў Думе з «Праектам асн. палажэння» аб агр. рэформе, у якім патрабавалі адчужэння на карысць сялян памешчыцкіх і інш. прыватных зямель, што перавышалі «прац. норму». Т. адмовіліся падтрымаць сталыпінскую аграрную рэформу 1906—17, а ў 2-й Дзярж. думе (сак.—чэрв. 1907, 104 дэп. з 518) зноў унеслі свой агр. законапраект. З усталяваннем «трэцячэрвеньскай манархіі» і ўвядзеннем рэакц. выбарчага закона (1907) колькасны склад (14 дэп. у 3-й Думе 1907—12 і 10 дэп. у 4-й 1912—17) і ўплыў Т. рэзка скараціліся. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 яны падтрымлівалі Часовы ўрад, куды з сак. 1917 уваходзіў іх кіраўнік А.Ф.Керанскі (з ліп. 1917 прэм’ер-міністр). У ліп. 1917 Т. аб’ядналіся з народнымі сацыялістамі ў Прац. народна-сацыяліст. партыю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІНІСТЭ́РСТВА (ад лац. ministro служу, кірую),
родавая назва найб. важных цэнтр. органаў дзярж. кіравання, якія ўваходзяць у структуру ўрада. Упершыню створаны ў Зах. Еўропе ў 16—17 ст. У Расіі ўведзены ў 1802, у СССР — у 1946 (адпаведна і ў Беларусі), да гэтага — наркаматы. Кіраўнік М. (міністр) — звычайна дзеяч, што ўваходзіць у склад урада. У некат. краінах М. ствараюцца на аснове актаў вышэйшых заканад. органаў (напр., ЗША) ці кіраўніка дзяржавы (напр., у Францыі) або на аснове законаў (актаў) урада. Колькасць М., іх структура і размеркаванне кампетэнцыі паміж імі вызначаюцца кіраўніком урада або выканаўчай улады (прэм’ер-міністрам, у Рэспубліцы Беларусь — прэзідэнтам). Для выканання ўскладзеных на іх задач М. надзяляюцца паўнамоцтвамі дзярж.-ўладнага характару і маюць права выдаваць юрыд. акты, абавязковыя для выканання падведамнымі арг-цыямі. Унутраная структура М. разнастайная (нават у межах адной краіны) і залежыць ад памераў М., аб’ёму і характару яго дзейнасці. М. маюць цэнтр. апарат, часам таксама рэгіянальныя і мясц. органы. Пры М. існуюць розныя дапаможныя органы. У М. Рэспублікі Беларусь утвараецца калегія ў складзе міністра (старшыні, які назначаецца Прэзідэнтам), яго намеснікаў, інш. кіраўнікоў. Члены калегіі зацвярджаюцца ўрадам. У 1999 у Рэспубліцы Беларусь існавалі М.: архітэктуры і будаўніцтва; унутраных спраў; жыллёва-камунальнай гаспадаркі; аховы здароўя; замежных спраў; культуры; лясной гаспадаркі; абароны; адукацыі; па кіраванні дзярж. маёмасцю і прыватызацыі; па надзвычайных сітуацыях; прадпрымальніцтва і інвестыцый; прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя; прамысловасці; сувязі; сельскай гаспадаркі і харчавання; сац. абароны, спорту і турызму; статыстыкі і аналізу; паліва і энергетыкі; гандлю; транспарту і камунікацый; працы; фінансаў; эканомікі; юстыцыі. Гл. таксама Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРТУГА́ЛЬСКАЯ РЭВАЛЮ́ЦЫЯ 1974,
«рэвалюцыя гваздзікоў», ваенны пераварот, які заклаў асновы для стварэння сучаснага грамадска-паліт. ладу Партугаліі. Выклікана незадаволенасцю насельніцтва сац.-эканам. і паліт. наступствамі дыктатуры А.Салазара (прэм’ер-міністр да 1968), якія не пераадолеў і ўрад яго пераемніка М.Каэтану: 20—30% гадавая інфляцыя, беднасць, агр. перанаселенасць, непісьменнасць каля 40% дарослых, выдаткаванне 40—50% дзярж. бюджэту на ўзбр. сілы і калан. войны ў Афрыцы—Анголе (з 1961), Гвінеі-Бісау (з 1963) і Мазамбіку (з 1964), самавольства ўлад, цэнзура і інш. Падрыхтавана Рухам капітанаў (з сак. 1974 Рух узброеных сіл; РУС). 25.4.1974 часці РУС занялі гарады Порту і Лісабон. У цэнтры Лісабона яны акружылі казармы Нац. гвардыі, дзе схаваліся Каэтану і яго міністры. У канцы дня яны здаліся і перадалі ўладу ген. А. ды Спіналу (з 15 мая прэзідэнт Партугаліі), які ўзначаліў Ваен. савет (7 чал.) і Савет нац. выратавання (СНВ). 25—26 крас. супраціўляліся толькі работнікі службы бяспекі. У першыя дні рэвалюцыі амнісціраваны паліт. вязні, ліквідаваны паліцэйскія органы ранейшай улады. У ходзе паліт. барацьбы, у т. л. няўдалых путчаў прыхільнікаў Спіналы, прэзідэнтам краіны 30 вер. стаў ген. Ф. да Кошта Гомеш. З мая 1974 да вер. 1975 змяніліся 6 часовых урадаў; у лют. 1975 абвешчана, што Партугалія зрабіла «сацыяліст. выбар», былі нацыяналізаваны банкі, палавіна прам-сці. На дэмакр. выбарах ва Устаноўчы сход 25.4.1975 перамаглі Партуг.сацыяліст. партыя і Нар.-дэмакр. партыя, у ліп. праведзена агр. рэформа. З ліп. 1974 Партугалія спыніла і сваю калан. палітыку ў Афрыцы.
Літ.:
Цоппи В.А. Португальская революция: пути и пробл. М., 1979;
Суханов В.И. «Революция гвоздик» в Португалии: Страницы истории. М., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРМУ́ДСКІЯ АСТРАВЫ́ (Bermuda),
уладанне Вялікабрытаніі на аднайм. астравах у Атлантычным ак. (900 км на У ад Паўн. Амерыкі). Пл. 53,3 км². Нас. 60,7 тыс.чал. (1993), каля 60% — негры, астатнія пераважна англічане і амерыканцы. Адм. ц. і порт — г.Гамільтан (на найб. в-ве Бермуда). Афіц. мова англійская. Большасць вернікаў англікане і метадысты. Астравы каралавыя, складзены з вапнякоў, размешчаны на вяршыні патухлага падводнага вулкана. Выш. да 79 м. Клімат трапічны, умерана вільготны. Сярэдняя т-ра самага халоднага месяца (сак.) 16,7 °C, самага цёплага (жн.) 26,7 °C. Ападкаў да 1350 мм за год. Аснова гаспадаркі (занята палавіна самадзейнага насельніцтва) — курортная справа і абслугоўванне турыстаў (больш за 500 тыс.чал. за год). Вырошчванне кветак (вывозяцца ў ЗША), агародніцтва (ранняя агародніна і бульба) і пладаводства (бананы, цытрусавыя). Прам-сць: нафтаперапр., фармацэўтычная, хім., харч., у т. л. рыбаперапрацоўчая; суднабудаванне (спарт. судны, яхты) і суднарамонт; здабыча і перапрацоўка вапняку. Транспарт аўтамаб. (7 астравоў злучаны дамбамі і мастамі). Міжнар. аэрапорт (в-аў Бермуда). Гандл. сувязі пераважна з ЗША, Вялікабрытаніяй, Канадай. Грашовая адзінка — бермудскі долар.
Гісторыя. Адкрыты ў 1522 ісп. мараходам Х.Бермудасам. У 1609 тут з’явіліся першыя англ. пасяленцы, з 1684 Бермудскія астравы — калонія Вялікабрытаніі. Да 1862 важны ваенна-марскі порт і месца ссылкі. У час 2-й сусв. вайны мелі стратэг. значэнне як брыт. марская авіябаза. З 1941 арандаваны ЗША (ваен. базы).
З 1968 унутр. самакіраванне (у 1973 пашырана). Дзеянні брыт. і мясц. адміністрацыі з мэтай атрымання Бермудскімі астравамі незалежнасці (канец 1970-х г.) не падтрыманы насельніцтвам. Дзейнічае канстытуцыя 1968 (са зменамі 1973 і 1979). Брыт. манарх прадстаўлены ген.-губернатарам. Заканадаўчы орган — двухпалатны парламент. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе прэм’ер-міністр. Паліт. партыі: Аб’яднаная бермудская партыя, Прагрэс. лейбарысцкая партыя, Нац. ліберальная партыя. Прафсаюзы: Бермудскі саюз прамысл. працоўных, Бермудская асацыяцыя дзярж. служачых.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІТАЛЬЯ́НСКАЯ САЦЫЯЛІСТЫ́ЧНАЯ ПА́РТЫЯ (ІСП; Partito Socialista Italiano — PSI),
палітычная арг-цыя левага кірунку ў Італіі. Засн. ў 1892 на ўстаноўчым з’ездзе ў г. Генуя пад назвай Партыя італьян. працоўных у выніку аб’яднання анархісцкай Рэв.сацыяліст. партыі і Рабочай партыі (абедзве засн. ў 1881). Паводле праграмы, прынятай на 2-м з’ездзе (1893; у 1919, 1934, 1956, 1976 уносіліся змены), мэтамі партыі абвешчаны кааперацыя з бурж. ін-тамі, аграмаджванне сродкаў вытв-сці і інш. У 1893—95 наз.Сацыяліст. партыя італьян. працоўных, у 1930—47 — Італьян.сацыяліст. партыя пралетарскага адзінства, з 1966 Аб’яднаная італьян.сацыяліст. партыя — Італьян.с.-д. партыя, з 1968 — Італьян.сацыяліст. партыя — секцыя Сацыяліст. інтэрнацыянала. У 1894 — пач. 20 ст. забаронена ўладамі, у 1920 стала масавай партыяй (216 тыс.чл.). У 1921 ад партыі аддзялілася яе рэв. крыло, якое ўтварыла Італьян.камуніст. партыю (ІКП). У 1926—43 забаронена разам з інш. антыфаш. партыямі. У 1934 заключыла пагадненне аб супрацоўніцтве з камуністамі. У 1944—47 удзельнічала ў фарміраванні ўрадаў. У 1947 правае крыло на чале з Дж.Сарагатам утварыла Італьян.с.-д. партыю. У час «халоднай вайны» выступала з нейтральных і пацыфісцкіх пазіцый. Пасля XX з’езда КПСС і венг. падзей 1956 разарвала супрацоўніцтва з ІКП. З 1963 удзельнічала ў левацэнтрысцкіх кааліцыях, што прывяло да расколу (у 1964 створана Італьян.сацыяліст. партыя пралет. адзінства, распушчана ў 1972, увайшла ў ІКП). Пасля паражэння на выбарах 1968 страціла папулярнасць, вярнула яе ў 1978, выступіўшы з праграмай шырокага саюзу дэмакр. сіл. У 1983—87 суправячая партыя (прэм’ер-міністр Б.Краксі, ген. сакратар ІСП у 1976—93). Выяўленне ў 1993 карупцыйнай аферы з удзелам вядучых палітыкаў ІСП выклікала ў партыі ўнутр. крызіс. Пасля выбараў 1994 увайшла ў парламенцкую кааліцыю левых сіл. Друкаваны орган — газ. «Avanti!» («Наперад!», з 1896). Кіруючы орган — з’езд.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕ́ЕДЛЫ (Nejedly) Здэнак (10.2.1878, г. Літамішль, Чэхія — 9.3.1962),
чэхаславацкі гісторык культуры, грамадскі дзеяч. Чл.Чэш. акадэміі навук і мастацтваў (1907). Замежны чл.-кар.АНСССР (1947), шэрагу інш. замежных АН. Скончыў Карлаў ун-т у Празе (1899), выкладаў у ім (у 1909—39, з 1945 праф.). Ініцыятар заснавання (1925) і старшыня «Т-вакульт. і эканам. збліжэння з Новай Расіяй». Адзін з кіраўнікоў створанай у 1930 арг-цыі сав.чэхаславацкай дружбы «Саюз сяброў СССР». Змагаўся супраць пагрозы фашызму і вайны. У 1939 эмігрыраваў у СССР. У 1939—45 праф. Маскоўскага ун-та і навук. супрацоўнік Ін-та гісторыі АНСССР. У 1945—53 на міністэрскіх пасадах, у 1953 нам.прэм’ер-міністра, потым чл. урада (міністр без партфеля) Чэхаславакіі. Заснавальнік і прэзідэнт (з 1952) Чэхаславацкай АН. Старшыня Саюза чэхаславацка-сав. дружбы, Славянскага к-та Чэхаславакіі (з 1945). Аўтар манаграфій пра Б.Сметану, З.Фібіха, даследаванняў па гісторыі чэш. гусіцкіх песень, прац па гісторыі чэш. і інш.слав. народаў, чэхаславацкай культуры, гісторыі музыкі, па эстэтыцы, выяўл. і тэатр. мастацтве. У 1920-я г. ў Празе выступаў на літ. вечарах, прысвечаных Я.Купалу, Я.Коласу, Ц.Гартнаму, з лекцыямі і дакладамі пра Беларусь, бел.нар. песню. У 1925 сустракаўся ў Празе з Я.Купалам і М.Чаротам, у 1927 прыязджаў у Мінск. Нам. старшыні Усеславянскага к-та (з 1939), працаваў разам з Я.Купалам, Я.Коласам, К.Крапівой, М.Лыньковым. Аўтар артыкулаў пра Беларусь, яе гісторыю і культуру: «Беларусы» (1927), «БССР» (1929), «Нашы блізкія сябры», «Прывітанне беларусам» (абодва 1944). Падпісаў «Пратэст чэхаславацкіх інтэлігентаў» (1927) супраць расправы над Беларускай сялянска-работніцкай грамадой. Дзярж. прэмія Чэхаславакіі 1951.
Тв.: Рус.пер. — История чешского народа. Т. І. М., 1952; Избр. труды. М., 1960; Статьи об искусстве. Л.; М., 1960.
Літ.:
Зденек Неедлы — выдающийся общественный деятель и ученый. М., 1964;
Мажэйка А. Здэнек Неедлы пра Беларусь // Беларусь. 1962. №12;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХО ШЫ МІН [Hô Chi Minh (сапр. імя Нгуен Тат Тхань) 19.5.1890, в. Кімліен, правінцыя Нгеан, В’етнам — 3.9.1969],
дзяржаўны і паліт. дзеяч В’етнама. Скончыў Нац. каледж у г. Хюэ. Выкладаў у навуч. установах г. Сайгон. У 1916—23 жыў у Вялікабрытаніі, ЗША і Францыі. З 1917 чл.Франц.сац. партыі, з 1920 чл.Франц.камуніст. партыі. У 1923—24 у СССР, працаваў у Камуністычным інтэрнацыянале. У 1924 накіраваны Камінтэрнам у Кітай (у 1925 стварыў у г. Гуанчжоў Таварыства рэв. моладзі В’етнама). Пасля разрыву Камуніст. партыі Кітая з Гаміньданам (1927) вярнуўся ў СССР. У 1928—30 прадстаўнік Камінтэрна ў Сіяме (Тайланд). У 1930 арганізаваў у Сянгане (Ганконгу) устаноўчы з’езд Камуніст. партыі Індакітая (КПІК). За рэв. дзейнасць прыгавораны завочна франц. судом да смяротнага пакарання. У 1934—38 вучыўся ў Камуніст. ун-це працоўных Усходу ў Маскве. З 1938 у Яньані — сталіцы камуніст. раёнаў Кітая. У 1941 вярнуўся ў В’етнам і ўзначаліў патрыят. арг-цыю В’етмінь. У 1942—43 зняволены ў гамінданаўскай турме. Пасля абвяшчэння 2.9.1945 Дэмакр. Рэспублікі В’етнам (ДРВ) старшыня яе Часовага ўрада. З сак. 1946 прэзідэнт ДРВ, адначасова ў 1946—55 прэм’ер-міністр. у 1946—51 ген. сакратар ЦК КПІК. У 1951—60 ген. сакратар ЦК Партыі працоўных В’етнама, створанай на базе КПІК, у 1951—69 таксама старшыня ЦК ППВ. У 1950—54 узначальваў узбр. барацьбу супраць франц. каланізатараў, у 1960-я г. — барацьбу за аб’яднанне краіны. Пахаваны ў маўзалеі.
Тв.:
Рус.пер. — Избранное. М., 1979.
Літ.:
Афонин С.Н., Кобелев Е.В. Товарищ Хо Ши Мин. М., 1980;
Кобелев Е.В. Хо Ши Мин. 2 изд. М., 1983;
Хонг Ха. Хо Ши Мин в Стране Советов: Пер. с вьет. М., 1986;