ПО́ЛЬСКАЯ РАБО́ЧАЯ ПА́РТЫЯ (ППР; Polska Partia Robotnicza),
створана 5.1.1942 на падпольным сходзе членамі б.Камуністычнай партыі Польшчы. Кіраўнікі ППР — М.Навотка (1942), П.Фіндэр (1942—43). У.Гамулка (з 1943). Актыўна ўдзельнічала ва ўзбр. барацьбе супраць герм. акупацыі Польшчы, вясной 1942 стварыла ўзбр. арг-цыю — Гвардыю Людову (з 1.1.1944 — Армія Людова). Сумесна з інш. левымі партыямі стварыла Краёву Раду Нарадову, як орган улады ў Польшчы, які не падпарадкоўваўся Польскаму ўраду ў эміграцыі. Прадстаўнікі ППР займалі ключавыя пасады ў Польскім камітэце нацыянальнага вызвалення (1944), часовым урадзе Польскай Рэспублікі (1945) і Урадзе нац. адзінства (1945—47). У снеж. 1945 адбыўся 1-ы з’езд ППР, на якім была ўхвалена праграма, якая прадугледжвала радыкальную аграрную рэформу, нацыяналізацыю асн. сродкаў вытворчасці, транспарту і банкаў. Пасля перамогі на выбарах у сейм у снеж. 1947 узяла курс на поўнае падпарадкаванне сабе інш. левых партый і прымусовую ліквідацыю апазіцыі. У снеж. 1948 у выніку аб’яднання ППР з Польскай сацыялістычнай партыяй створана Польская аб’яднаная рабочая партыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
шыро́кі, -ая, -ае.
1. Вялікі ў папярочніку.
Шырокая вуліца.
Шырока (прысл.) раскрыць вочы (таксама перан.: здзівіцца).
2. Пра адзенне: прасторны.
Куртка шырокая ў плячах.
3. Які займае сабой вялікую прастору, мае вялікую працягласць.
Шырокія стэпы.
Наступаць шырокім фронтам.
4. Размашысты, свабодны.
Ш. крок.
Ш. жэст (перан.: пра высакародны ўчынак са знешняга боку).
5.перан. Вялікі па колькасці, ступені, ахопу, размаху і пад., масавы.
Шырокая сетка школ.
Шырокія паўнамоцтвы.
Тавары шырокага ўжытку.
6.перан. Вялікі, неабмежаваны, разнастайны на выбар.
Шырокая начытанасць.
Шырокая праграма навуковых даследаванняў.
У шырокім сэнсе слова (у самым агульным разуменні).
7.перан. Не абмежаваны ў праяўленні, выяўленні чаго-н., з размахам.
◊
Жыць на шырокую нагу — багата, раскошна.
Шырокая натура — пра шчодрага, адкрытага, таварыскага чалавека.
|| наз.шырыня́, -і, ж. (да 3—7 знач.) ішыро́касць, -і, ж. (да 7 знач.).
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
rozrywkowy
rozrywkow|y
забаўны; забаўляльны; пацешны; пацяшальны;
muzyka ~a — лёгкая музыка;
lokal ~y — кабарэ; начны клуб; забаўляльная ўстанова;
program ~y — забаўляльная праграма;
przemysł ~y — забаўляльная індустрыя; шоў-бізнес
Польска-беларускі слоўнік (Я. Волкава, В. Авілава, 2004, правапіс да 2008 г.)
платфо́рма
(фр. plate-forme = плоская форма)
1) роўная пляцоўка на чыгуначнай станцыі для пасадкі людзей у вагоны, пагрузкі;
2) таварны вагон без даху з нізкімі бартамі;
3) геал. адна з глыбінных структур зямной кары, якой уласціва малая інтэнсіўнасць тэктанічных рухаў (параўн.геасінклінальў;
4) праграма дзеянняў якой-н. партыі, групы, арганізацыі.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
БЛАВА́ЦКАЯ (Алена Пятроўна) (псеўд.Рада-Бай; 30.8.1831, г. Днепрапятроўск, Украіна — 8.5.1891),
пісьменніца, заснавальніца тэасофіі. Шмат вандравала па краінах Еўропы, Амерыкі, Азіі. У 1873 прыняла грамадзянства ЗША. У 1875 стварыла ў Нью-Йорку тэасофскае т-ва, праграма якога ўключала арганізацыю агульначалавечага брацтва без адрознення нацыянальнасці і рэлігіі, вывучэнне таямнічых невытлумачальных з’яў прыроды і развіццё звышадчувальнасці ў чалавеку. Выдавала газ. «The theosophist» («Тэасафіст», Індыя), час. «La revue théosophique» («Тэасафічны агляд») і «Lotus bleu» («Блакітны лотас»), абодва ў Парыжы, «Lucifer» («Люцыфер», Лондан). У цэнтры вучэння Блавацкай ляжыць ідэя пра існаванне эзатэрычных ведаў, якія складаюць адзіную патаемную сутнасць усіх язычніцкіх культаў, сусв. рэлігій і найб. глыбокіх філас.сістэм. Гэтыя веды, на яе думку, маюць універсальна-касм. характар, усебакова раскрываюць духоўную сутнасць і прызначэнне чалавека, тлумачаць логіку і змест існавання чалавечай цывілізацыі. Яны зашыфраваны ў міфалагічных сімвалах і сюжэтах, ант. містэрыях, акультных тэкстах. Блавацкая — аўтар манаграфій «Сакрэтная дактрына», (1888), «Ключ да тэасофіі» (1889) і інш.
Тв.:
Рус.пер. — Тайная доктрина: Синтез науки, религии и философии. Т. 1—2, [кн. 1—4]. Мн., 1993—94;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКЦЯБРЫ́СТЫ, «Саюз 17 кастрычніка»,
праваліберальная партыя чыноўнікаў, памешчыкаў і буйной гандлёва-прамысл. буржуазіі ў Рас. імперыі ў 1905—17. Створана пасля апублікавання Маніфеста 17 кастрычніка 1905 (октября — адсюль назва). Лідэры — А.І.Гучкоў, П.Л.Корф, М.У.Радзянка, Дз.М.Шыпаў і інш.Праграма партыі прадугледжвала спадкаемную канстытуцыйную манархію, захаванне «адзінай і непадзельнай Расіі» (з правам на аўтаномію толькі для Фінляндыі), дэмакр. свабоды, зямельную рэформу (ліквідацыя абшчыны, падтрымка заможных сялян) і інш. Акцябрысты падтрымлівалі ўнутр. і знешнюю палітыку царскага ўрада, выступалі супраць рэв. руху. Друкаваныя органы газ. «Слово» (1905—06), «Голос Москвы» (1906—15) і інш. (усяго больш за 50). Агульная колькасць чл. каля 80 тыс.чал. Самая шматлікая фракцыя ў 3-й Дзярж. думе, папераменна блакіравалася з умерана-правымі і кадэтамі. У 1915 акцябрысты ўступілі ў апазіцыйны «Прагрэсіўны блок». Вясной 1917 на базе партыі акцябрыстаў утварылася Ліберальная рэсп. партыя на чале з Гучковым і Радзянкам.
На Беларусі аддзелы акцябрыстаў дзейнічалі ў Віцебску, Гродне (158 чал.), Магілёве, Мінску (100 чал.), некаторых пав. гарадах; выдаваліся газ. «Минская речь», «Минское слово», «Витебский голос».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫЛІЧА́ЛЬНАЯ МАШЫ́НА,
інструментальны сродак (або сукупнасць сродкаў) для апрацоўкі інфармацыі, у т. л. вылічэнняў, кіравання, рашэння задач. Бываюць мех., эл., электронныя, гідраўл., пнеўматычныя, аптычныя і камбінаваныя; у залежнасці ад формы выяўлення інфармацыі адрозніваюць аналагавыя вылічальныя машыны, лічбавыя вылічальныя машыны і гібрыдныя вылічальныя сістэмы.
Першы праект універсальнай «аналітычнай машыны» (гіганцкага арыфмометра з праграмным кіраваннем, арыфм. і запамінальным блокам), які, аднак, не быў поўнасцю рэалізаваны, распрацаваў англ. вынаходца і матэматык Ч.Бэбідж у 1883. Асн. ідэі праекта закладзены ў аснову работы сучаснай вылічальнай машыны: праграма вылічэнняў захоўваецца ў памяці машыны і выконваецца аўтаматычна. Развіццё электратэхнікі і радыёэлектронікі прывяло да стварэння ў 1930-я г. спецыялізаваных аналагавых вылічальных машын. Першыя электронныя вылічальныя машыны, заснаваныя на выяўленні інфармацыі ў лічбавай двайковай форме, распрацаваны ў 1940-я г. на аснове развіцця эл. пераключальных схем у аўтам.тэлеф. сувязі, электроннай кантрольна-вымяральнай апаратуры, радыёлакацыі. Гл. таксама Вылічальная машына «Мінск», Вылічальная тэхніка, Вылічальны цэнтр, Вылічальная сістэма.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАДЖЭ́ЎСКІ-ФРЫЧ ((Modrzewski Frycz) Анджэй) (каля 1503, в. Вольбуж Лодзінскага ваяв., Польшча — восень 1572),
польскі публіцыст, асветнік-гуманіст, грамадска-паліт. дзеяч. У 1517—22 вучыўся ў Ягелонскім ун-це (Кракаў). Доўгі час жыў у Германіі, дзе сустракаўся з М.Лютэрам і Ф.Меланхтанам. З 1547 сакратар караля Жыгімонта II Аўгуста, з 1553 войт у Вольбужы. Асн. праца — грамадска-паліт. трактат на лац. мове «Аб удасканаленні Рэчы Паспалітай» (Кракаў, 1551; Базель, 1554), у якім абгрунтавана праграма антыфеад., дэмакр. развіцця краіны. М.-Ф. выступаў супраць падпарадкавання дзяржавы інтарэсам прывілеяваных саслоўяў, у абарону чалавечай годнасці асобы, за цярпімасць і свабоду мыслення, развіццё навукі і секулярызацыю асветы, стварэнне нац. царквы і інш. На польск. мову ўпершыню перакладзены Ц.Базылікам і выдадзены Я.Карцанам у 1577 у Лоскай друкарні з прадмовай А.Волана. У канцы жыцця М.-Ф. пісаў творы, прысвечаныя тэалагічнай тэматыцы, хрысц. этыцы і рэформе царквы. Яго погляды зрабілі ўплыў на развіццё польск. і еўрап. грамадска-паліт. і філас. думкі.
Тв.:
Wybór pism. Warszawa, 1977.
Літ.:
Польские мыслители эпохи Возрождения. М., 1960;
Starnawski J. Andrzej Frycz Modrzewski: Żywot, dzieło, sława. Łódź, 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МА́РЫНЕР»
(англ. mariner літар. марак),
серыя амер.аўтаматычных міжпланетных станцый для даследавання планет Сонечнай сістэмы і касм. прасторы, а таксама праграма іх распрацоўкі і запускаў. Створаны для пралёту планет і вываду на планетацэнтрычныя арбіты.
У 1962—73 адбыліся запускі 10 «М.», што дало магчымасць атрымаць звесткі пра каляпланетную прастору, атмасферу і паверхню Венеры («М.-2», «М.-5», «М.-10»), Марса («М.-4», «М.-6», «М.-7», «М.-9»), Меркурыя («М.-10»). Запускі «М.-1» (для даследавання Венеры), «М.-З» і «М.-8» (для даследавання Марса) няўдалыя. «М.-9» стаў першы.м штучным спадарожнікам Марса (14.11.1971); зроблена больш як 7,3 тыс. фотаздымкаў планеты і яе спадарожнікаў — Дэймаса і Фобаса. «М.-10» (запуск 3.11.1973) прызначаўся для вывучэння Венеры і Меркурыя з пралётных траекторый. 5.2.1974 «М.-10» здзейсніў пралёт каля Венеры (на Зямлю перададзена каля 3,7 тыс. здымкаў). Ажыццявіўшы змену траекторыі палёту ў полі прыцягнення Венеры, «М.-10» 29.3.1974 перайшоў на геліяцэнтрычную арбіту. Зроблена каля 3 тыс. здымкаў паверхні Меркурыя. Спыніў работу 23.3.1975.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСТА́ЦКАЯ ГІМНА́СТЫКА,
від спорту; спаборніцтвы жанчын у выкананні пад музыку камбінацый розных пластычных і дынамічных гімнастычных і танцавальных практыкаванняў з прадметам (абруч, булава, мяч, скакалка, стужка) і без яго. Праграмаміжнар. спаборніцтваў уключае мнагабор’е (1 абавязковае і 3 адвольныя практыкаванні з прадметам) і групавое адвольнае практыкаванне з прадметам. Пераможцы вызначаюцца ў мнагаборстве, у асобных і групавым практыкаваннях. Выступленні ацэньваюцца па 10-бальнай шкале.
Як від спорту М.г. ўзнікла ў СССР у 1940-я г. 1-ы чэмпіянат СССР адбыўся ў 1949. У пач. 1960-х г. прызнана Міжнар. федэрацыяй гімнастыкі. Чэмпіянаты свету праводзяцца з 1964 па няцотных гадах.
На Беларусі 1-ы чэмпіянат адбыўся ў 1951. Сярод бел. гімнастак — чэмпіёнка Алімп. гульняў М.Лобач, пераможцы і прызёры чэмпіянатаў свету і Еўропы ў розныя гады — Г.Крыленка, Л.Лук’яненка, Т.Агрызка, В.Ваткіна, В.Гантар, І.Лісоўская, В.Рабіновіч, Ю.Раскіна і інш. З 1993 на міжнар. спаборніцтвах выступае нац. зборная каманда М.г. У 1994 бел. каманда (Гантар, Лук’яненка, В.Перапяліца) — чэмпіён клубнага чэмпіянату свету, на чэмпіянаце Еўропы заняла 2-е месца (Агрызка, Гантар, Лук’яненка).