«НАБА́Т»,

газета. Выдавалася з сак. 1991 да крас. 1996 у Мінску на бел., рус. і англ. мовах Бел. сац.-экалагічным саюзам «Чарнобыль». Засн. як штотыднёвік, выходзіла неперыядычна. Адлюстроўвала сац.-паліт. і экалагічныя пытанні, праблемы Чарнобыля, выступала за вырашэнне нац. праблем. Карысталася падтрымкай пісьменнікаў і вучоных розных краін свету. Выйшлі 132 нумары.

В.​Ц.​Якавенка.

т. 11, с. 87

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«РА́НІЦА»,

газета для дзяцей школьнага ўзросту і падлеткаў. Выдаецца з кастр. 1929 у Мінску на бел. мове штотыднёва; наз. «Піянер Беларусі». З 1994 сучасная назва. Асвятляе пытанні гісторыі Беларусі, адраджэння нац. культуры; патрыят., працоўнага, фіз., эстэт. выхавання дзяцей і падлеткаў, расказвае пра дзейнасць дзіцячых згуртаванняў і арг-цый у школах і дзіцячых установах рэспублікі.

т. 13, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВЯНЦІ́ЦКІ (Сігізмунд Карлавіч) (20.10.1836, в. Красцінава Драгічынскага р-на Брэсцкай вобл. — 21.5.1910),

бел. ўрач, адзін з заснавальнікаў унутрыполасцевай хірургіі. Д-р медыцыны (1864). Скончыў медыка-хірург. акадэмію ў Пецярбургу (1861). З 1870 урач у Мінску; арганізаваў бясплатную амбулаторыю для бедных (1879). Навук. працы па пытаннях хірургіі. Чл. Мінскага т-ва ўрачоў (з 1870 яго прэзідэнт).

т. 14, с. 270

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ ДАБРАЧЫ́ННЫ ФОНД «ДЗЕ́ЦЯМ ЧАРНО́БЫЛЯ»,

незалежнае няўрадавае аб’яднанне. Створаны ў 1989 пры аргкамітэце БНФ, з 1990 самаст. арг-цыя. Ажыццяўляе доўгатэрміновыя праграмы і праекты сац.-гуманіт. кірунку (больш за 40). Пад яго апекай знаходзяцца многія мед. і дзіцячыя ўстановы Беларусі. З дапамогай фонду пабудаваны «SOS — дзіцячая вёска», рэабілітацыйны цэнтр у Мінску, дамы для перасяленцаў-чарнобыльцаў, дзіцячы хоспіс, цэх экалагічна чыстага харчавання, у Мінску будуецца правасл. храм «Усіх самотных радасці». На аздараўленне ў замежныя краіны накіравана больш за 80 тыс. дзяцей-чарнобыльцаў і 540 — на лячэнне і рэабілітацыю. У клініках зах. краін прайшлі стажыроўку каля 200 медработнікаў. На Беларусь з-за мяжы пастаўлена 6,5 тыс. т гуманіт. грузаў (больш як на 140 млн. ням. марак). Аказана дапамога 240 тыс. ліквідатараў, перасяленцаў, інвалідаў, мнагадзетным і маламаёмным сем’ям. Мае аддзяленні і групы падтрымкі ў 76 раёнах і гарадах Беларусі, супрацоўнічае з 386 замежнымі арг-цыямі. Праводзіць міжнар. кангрэсы «Свет пасля Чарнобыля» (1992, 1994, 1996). Заснавальнік Міжнар. асацыяцыі гуманіт. супрацоўніцтва, час. «Demos» на рус. і ням. мовах.

т. 2, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРКУНО́Ў (Генадзь Рыгоравіч) (н. 27.5.1939, Мінск),

бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1969). Працуе ў галіне пластычнай дэкар. керамікі, манум. габелена, афармлення інтэр’ераў. Арганізатар і кіраўнік габеленавага цэха (1971—73, 1976—77), гал. Мастак (1973—76) Барысаўскага камбіната прыкладнога мастацтва. Зрабіў наборы дэкар. ваз (1968). Работы ў манум. мастацтве: сграфіта «Маяк» у кінатэатры «Кіеў» (1969, з А.​Кішчанкам), габелены «Чалавек пазнае свет» у інтэр’еры гасцініцы «Турыст» (1970, з А.​Бельцюковай, Кішчанкам), «Музыка» ў муз. вучылішчы (1975, з Бельцюковай, Кішчанкам), «Напярэдадні» (1996) — усе ў Мінску, «Залаты сад» (1979, з В.​Грыгарышынай; у пасольстве СССР у Індыі), «Песня» ў кавярні «Бярозка» (1974) і габелен-заслона «Натхненне» ў гар. Палацы культуры (1982, з Грыгарышынай) у Барысаве. Аформіў экспазіцыі музеяў К.​Заслонава ў Оршы (1964) і Мінскага абл. краязнаўчага (Маладзечна, 1966), інтэр’еры гасцініцы «Турыст» (1970), рэстарана «Юбілейны» (1980; абодва ў Мінску) і інш.

У.​І.​Пракопцаў.

Г.Гаркуноў. Напярэдадні. 1996.

т. 5, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГОЛЬЦ-МІ́ЛЕР (Іван Іванавіч) (9.12.1842, г. Іанішкеліс, Літва — 17.8.1871),

удзельнік рэв.-дэмакр. руху, рус. паэт. Скончыў Мінскую гімназію (1859). У 1860 паступіў на юрыд. ф-т Маскоўскага ун-та. У 1861 арыштаваны як удзельнік рэв. гуртка П.​Р.​Заічнеўскага па справе аб друкаванні і распаўсюджванні нелегальнай л-ры. З турмы вярнуўся ў Мінск, адкуль неўзабаве высланы ў г. Карсун Сімбірскай губ. У 1867—69 жыў у Мінску, вандраваў па Расіі. Памёр і пахаваны ў Арле. Друкаваўся ў час. «Современник», «Отечественные записки». У Мінску напісаў вершы «З верай за справу», «Сум раз’ядае мне сэрца» і інш. Яго лепшы верш «Слу-хай!» (1864) пакладзены на музыку П.​Сакальскім, стаў папулярнай песняй.

Тв.:

Поэт-революционер И.​И.​Гольц-Миллер /Сост. Б.​Козьмин, Г.​Лелевич. М., 1930.

Літ.:

Бас І. «...Не памерла слова яго!» // Бас І. Падарожжа ў літаратурнае мінулае. Мн., 1971;

Кісялёў Г.В. Яго помніць Мінск // Кісялёў Г.В. Героі і музы. Мн., 1982.

Г.​В.​Кісялёў, І.​У.​Саламевіч.

т. 5, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУ́НІНА-МАРЦІНКЕ́ВІЧА ТЭА́ТР,

першы бел. тэатр. калектыў, створаны В.І.Дуніным-Марцінкевічам. Існаваў у 1840—50-я г. Наследаваў нар. традыцыі мастацтва, вызначаўся дэмакратызмам, абуджаў нац. самасвядомасць у гледачоў, пакінуў прыкметны след у гісторыі бел. сцэн. мастацтва, садзейнічаў яго станаўленню і развіццю. Выступаў пераважна ў фальварку Дуніна-Марцінкевіча Люцынка (каля Івянца), у Мінску, Бабруйску, Глуску і інш. У 1852 дзейнасць калектыву была забаронена ўладамі, і ён паказваў спектаклі фактычна нелегальна да 1856. Выступленні прымяркоўваліся да свят і ўрачыстасцей, для гэтага пісьменнік спецыяльна пісаў новую п’есу (большасць не збераглася). У спектаклях ужываліся рус., бел. і польск. мовы. У Мінску паказаны «Рэкруцкі яўрэйскі набор» (1841) і «Сялянка» («Ідылія», 9.2.1852; у ролях Іагана Бенатана і Навума Прыгаворкі раскрыўся яркі камедыйны талент Дуніна-Марцінкевіча). У трупу (больш за 20 чалавек) уваходзілі Дунін-Марцінкевіч, яго дочкі Каміла і Мальвіна, сын Міраслаў, К.​Кжыжаноўскі, Ляўданскі, Лопат, Кабылінскі, Прушынскі і інш., хор сялян з Люцынкі. Быў аркестр.

т. 6, с. 261

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАБО́РСКІ (Георгій Уладзіміравіч) (н. 11.11.1909, Мінск),

бел. архітэктар. Засл. будаўнік Беларусі (1961), нар. архітэктар СССР (1981). Акад. Рас. акадэміі архітэктуры і буд. навук (1995). Скончыў Ленінградскую АМ (1939). У 1952—64 выкладчык БПІ (дацэнт з 1954). Працаваў у ін-тах «Белдзяржпраект», «Мінскпраект», з 1964 у БелНДІдзіпрасельбудзе (у 1966—79 кіраўнік майстэрні). Асн. работы ў Мінску: корпус Лечсанупраўлення (1948), ансамбль жылых дамоў на вул. Леніна (1949—56), карпусы пед. ун-та (1951—59), гасцініца Бел. саюза мастакоў, Літ. музей Я.​Коласа (абедзве 1952), рэканструкцыя будынка сувораўскага вучылішча (1953), аэравакзал «Мінск-1» (1957), музей гісторыі Вял. Айч. вайны (1967), кінатэатр «Піянер», т-р лялек (абедзве 1964). Сааўтар генплана Полацка (1949). Сярод работ у сельскім буд-ве: сааўтар планіроўкі і забудовы вёсак Верцялішкі (Дзярж. прэмія СССР 1971), Сарачы і Рэдкавічы Любанскага р-на (1969), аўтар Палаца культуры, гандл. цэнтра з гасцініцай, жылых дамоў у в. Сноў (1970-я г.) і інш. Творы манум. мастацтва: Манумент Перамогі, помнік Я.​Коласу (1972) у Мінску, мемар. комплекс Зыслаў.

Г.У.Заборскі.

т. 6, с. 489

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАВАЛЁЎ (Іван Кірылавіч) (падп. псеўд. Іван Гаўрылавіч, Стрэльскі, Неўскі; 12.6.1906, в. Бабічы Чачэрскага р-на Гомельскай вобл. — 3.2.1943),

адзін з арганізатараў і кіраўнікоў Мінскага патрыятычнага падполля ў Вял. Айч. вайну. Скончыў Вышэйшую камуніст. с.-г. школу імя Леніна ў Мінску (1938). З 1940 сакратар Заслаўскага райкома КП(б)Б. У пач. вайны па заданні ЦК КП(б)Б пакінуты ў тыле ворага для падп. работы. Удзельнічаў у стварэнні партыз. атрада каля Асінторфа. З канца жн. — пач. вер. 1941 прыступіў да стварэння ў Мінску гар. падп. арг-цыі, з ліст. 1941 сакратар Мінскага падп. гаркома КП(б)Б, кіраваў падп. барацьбой у горадзе і разгортваннем партыз. руху ў прыгарадных раёнах. У пач. кастр. 1942 арыштаваны гітлераўцамі, падвяргаўся катаванням. Фашысцкія карныя і прапагандысцкія органы з правакацыйнымі мэтамі імкнуліся скампраметаваць падп. гарком і яго сакратара. Паводле звестак падпольшчыкаў, павешаны ў ліку дзесяці кіраўнікоў мінскага падполля на гар. стадыёне «Дынама». Быў ілжыва абвінавачаны ў здрадзе радзіме, у крас. 1990 рэабілітаваны ЦК КПБ.

К.​І.​Дамарад.

І.К.Кавалёў.

т. 7, с. 394

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЖЫ́НСКІ ((Każyński) Мацей) (1767—29.3.1823),

польскі спявак (бас), акцёр, рэжысёр і антрэпрэнёр; стваральнік першага пастаяннага т-ра ў Мінску. Працаваў у трупах В.​Багуслаўскага ў Любліне (1786, выступаў з С.Дэшнер) і Д.​Мараўскага ў Гродне (1793). Антрэпрэнёр, рэжысёр і акцёр Мінскага (1797—1805, з перапынкам) і Віленскага (1801—19, з перапынкам) т-раў. У 1801 стварыў у Гродне оперна-драм. трупу, у пач. 1802 з ёю пераехаў у Мінск. Сярод партый: Буцэфал («Сельскія спявачкі» В.​Ф’ёраванці), Бартола («Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні), Аксур («Аксур, цар Армуза» А.​Сальеры), Моргал («Уяўны цуд, або Кракавяне і горцы» Я.​Стэфані; лібрэта Багуслаўскага); камедыйныя ролі ў п’есах Мальера, Багуслаўскага, Ф.​Багамольца і інш. Сярод яго пастановак у Мінску: «Уяўны цуд...»; «Фраскатана» Дж.​Паізіела, «Вясковая радасць» Дж.​Сарці, «Чэкіна, або Добрая дачка» Н.​Пічыні, «Школа раўнівых» Сальеры, «Уяўны дурань па каханні» А.​Сакіні (выконваў і партыі баса). Аўтар п’есы «Бацьку айчыны яго ўдзячныя дзеці».

Літ.:

Музыкальный театр Белоруссии. Мн., 1990. С. 252—258.

М.Кажынскі.

т. 7, с. 410

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)