КРЭ́МНІЮ ДЫАКСІ́Д, крэменязём,

хімічнае злучэнне крэмнію з кіслародам, SiO2. У крышт. форме бясколернае цвёрдае рэчыва, існуе ў некалькіх паліморфных мадыфікацыях (у прыродзе сустракаюцца ў выглядзе мінералаў): кварц (tпл 1610 °C), трыдыміт (tпл 1680 °C), крыстабаліт (tпл 1723 °C); пры высокім ціску ўтвараюцца кітыт, каэсіт і сцішавіт (шчыльн. 4350 кг/м³, β-кварц мае шчыльн. 2530 кг/м³). Акрамя крышталічнага характэрныя і інш. формы існавання прыроднага крэменязёму: скрытакрышт. (халцэдон), аморфная (апал), тонкадысперсная (трэпел). Расплаўлены SiO2 пры астыванні пераходзіць у шклопадобны стан (гл. Кварцавае шкло).

К.д. не раствараецца ў вадзе, к-тах (акрамя плавікавай), арган. растваральніках. Хімічна ўстойлівы: узаемадзейнічае з фторам і фторыстым вадародам пры награванні (250—400 °C), са шчолачамі і многімі аксідамі пры сплаўленні ўтварае сілікаты. Прыродны К.д. выкарыстоўваюць у вытв-сці сілікатнага шкла, керамікі, абразіваў, бетону, для атрымання крэмнію; сінт. (т. зв. «белая сажа») — як напаўняльнік для гумы; монакрышталі кварца — у радыётэхніцы, акустаоптыцы і акустаэлектроніцы, ювелірнай справе (паўкаштоўныя камяні). Працяглае ўдыханне крэменязёмнага пылу выклікае сілікоз лёгкіх.

т. 8, с. 539

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕАРГАНІ́ЧНЫЯ ПАЛІМЕ́РЫ,

палімеры, макрамалекулы якіх маюць неарган. галоўны ланцуг і не маюць арган. бакавых радыкалаў. Вядомы прыродныя і сінтэтычныя. Структурная класіфікацыя (паводле будовы макрамалекулы) адпавядае класіфікацыі арган. і элементаарган. палімераў (гл. Высокамалекулярныя злучэнні). У прыродзе найб. пашыраны сеткавыя Н.п., якія ў выглядзе мінералаў уваходзяць у склад зямной кары (напр., кварц). Такія Н.п. ў адрозненне ад арган. палімераў не могуць існаваць у высокаэластычным стане.

Найб. падобныя да арган. палімераў (паводле ўласцівасцей) лінейныя гетэраланцуговыя Н.п. (з атамаў розных элементаў), да якіх адносяцца поліфасфазэны (напр., поліфосфанітрылхларыд [—Cl2PN—]n — неарган. каўчук), палімерныя аксіды серы, фасфаты, сілікаты. Гомаапамныя ланцугі (з атамаў аднаго элемента) са ступенню полімерызацыі n≥100 утвараюць толькі вуглярод (лінейныя палімеры — кумулены =C=C=C=C... і карбін —C≡C—C≡C—..., а таксама кавалентныя крышталі: двухмерныя — графіт, трохмерныя — алмаз) і элементы VI групы — сера, селен, тэлур. Расплавы прыродных Н.п. у прысутнасці спец. дабавак для стабілізацыі сярэднеразгалінаваных структур перапрацоўваюць у шкло, валокны, сіталы, кераміку і інш.

А.​П.​Чарнякова.

т. 11, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕМЕТАЛІ́ЧНЫЯ КАРЫ́СНЫЯ ВЫ́КАПНІ, нярудныя карысныя выкапні,

група горных парод і мінералаў, якія пераважна не з’яўляюцца рудамі металаў і гаручымі карыснымі выкапнямі. Выкарыстоўваюцца непасрэдна як прыродны мінер. агрэгат (напр., буд. і сілікатныя пяскі) ці ў перапрацаваным выглядзе (паўгідраты, цэмент, кандыцыйны жвір і інш.), для здабычы мінералаў (алмазаў, глаўканіту, каалінігу і інш.) і хім. злучэнняў, што выдаляюць з пароды (калійныя і кухонная солі). Вядома больш за 90 горных парод і больш за 60 мінералаў. Мінер. састаў Н.к.в. — сілікаты, аксіды, галоіды, карбанаты, сульфаты, фасфаты, нітраты, бараты, фтарыды і самародныя элементы (вуглярод, сера), а таксама складаныя арган. рэчывы (напр., бурштын). Якасць сыравіны ацэньваецца паводле фіз.-хім. уласцівасцей, мінер. саставу, асаблівасцей перапрацоўкі і інш. Радовішчы Н.к.в. прымеркаваны пераважна да асадкавых парод, радзей да вывергнутых і метамарфічных. На Беларусі Н.к.в. трапляюцца ў пародах крышт. фундамента (буд. і абліцованы камень на выступах і каалін у корах выветрывання) і платформавага чахла. Багатыя Н.к.в. адклады верхнедэвонскія ў Прыпяцкім прагіне (калійныя і каменныя солі, гіпсы) і на ПнУ рэгіёна (даламіт), ніжнекарбонавыя ў Прыпяцкім прагіне (даўсаніт), верхнемелавыя (мел, мергель, фасфарыты) на З і У, палеагенавыя (глаўканіт, бурштын і інш.) на Пд і З, неагенавыя (монтмарыланітавыя гліны і кварцавыя пяскі) на Пд рэспублікі, антрапагенавыя Беларускай грады (пясчана-жвіровая сумесь, буд. пяскі і інш.) і Беларускага Паазер’я (стужачныя гідраслюдзістыя гліны, жвір; пяскі), у т. л. галацэнавыя (балотныя руды, лугавыя мергелі, сапрапель). Здабыча Н.К.В. вядзецца пераважна ў механізаваных кар’ерах, радзей шахтавым спосабам (калійныя солі) і вышчалочваннем у свідравінах (кухонная соль).

Паводле горна-прамысл. класіфікацыі Н.К.В. адрозніваюць горна-хім. і горна-тэхн. сыравіну, буд. матэрыялы, новыя і малыя віды неметал. выкапняў. Горна-хімічная сыравіна: фасфарыты (радовішчы Лабковіцкае і Мсціслаўскае); калійныя солі (Старобінскае, Петрыкаўскае), кухонная соль (Мазырскае, Старобінскае, Давыдаўскае); даўсаніт — содавая сыравіна (праяўленні); даламіт (радовішча Руба і шэраг праяўленняў з запасамі больш за 6,7 млрд. т). Горна-тэхнічная сыравіна: каалін (радовішча Скрыпіцкае і інш. з запасамі больш за 30 млн. т); тугаплаўкія гліны (Гарадок, Гарадная, Глінка, Столінскія хутары і інш. з запасамі да 60 млн. т); бентаніт (радовішча Астражанскае з запасамі 12,3 млн. т у Лельчыцкім р-не Гомельскай вобл.); кварцавыя пяскі (Гарадная, Чэцверня і інш. з запасамі больш за 100 млн. т); трэпел (Стальное і інш. з запасамі больш за 180 млн. т); гіпс (праяўленні з вял. рэсурсамі); мергель і мел (Камунарскае, Калядзіцкае, Каменкаўскае, Пагараны, Туры, Сожскае, Хаціслаўскае і інш. з запасамі 1,4 млрд. т); лугавыя мергелі (больш за 300 дробных радовішчаў і праяўленняў з запасамі каля 200 млн. м³). Будаўнічыя матэрыялы: буд. камень — дыярыт, гранадыярыт, граніт (радовішчы Глушкавіцкае, Мікашэвіцкае, Сітніцкае з запасамі больш за 1 млрд. м³); абліцовачны камень (радовішча Кар’ер Надзеі); пясчана-жвіровыя сумесі (больш за 120 радовішчаў з запасамі больш за 1 млрд. м³); пяскі буд. і сілікатныя (больш за 100 радовішчаў з запасамі больш за 800 млн. м³); гліны для грубай керамікі, цэменту і лёгкіх запаўняльнікаў (больш за 240 радовішчаў, запасы да 700 млн. м³); прыродныя пігменты (фарбы мінер.): вохра і вохрыстыя гліны (радовішча Ляхава Гара з запасамі больш за 140 тыс. т у Лоеўскім р-не Гомельскай вобл.), балотныя жалезныя руды (каля 150 праяўленняў), глаўканіт (праяўленні з вял. рэсурсамі). Новыя і малыя віды неметалічных выкапняў: цэалітаносныя (мінералы гейландыт, клінаптылаліт) гліны, палыгарскітавыя гліны, гранатавыя пяскі, крэмень, бурштын, ледавіковыя валуны, вівіяніт (праяўленні). Гл. таксама Карысныя выкапні, Мінеральныя будаўнічыя матэрыялы, Мінеральная сыравіна і арт. пра адпаведныя радовішчы.

Я.​А.​Ільін.

т. 11, с. 282

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Анцімо́нія ’доўгая пустая гутарка’ (Бяльк.). Рус. антимо́ния (у выразе «разводить антимонию» — весці доўгую непатрэбную гутарку), фіксуецца з сярэдзіны XIX ст., смален. антимония ’хітрыкі’ (Дабр.). Форма анцімонія ўказвае на рус. паходжанне (Шанскі, 1, А, 115). Антымонія, магчыма, узнікла ў выніку метатэзы з антыномія або ў жаргоне семінарыстаў (Фасмер, 1, 79), або пад уплывам назвы нямецкай секты антыномаў, якія не лічылі патрэбным выкананне рэлігійных загадаў (слова antynom у гэтым значэнні вядома польскай мове XVI ст. — Sł. XVI w.). Аб магчымасці польск. пасрэдніцтва для бел. слова (пры метатэзе) БМ, 48. Менш верагодна Зяленін, РФВ, 54, 113: семінарская пераробка слова антифоны ’царкоўныя спевы з частымі паўторамі’, а тым больш Міхельсон (Рус. мысль, 1, 21) ад антымоній — хім. элемент, які, паводле падання, паволі атручваў манахаў нейкага манастыра. Параўн. назву сурмы: Antymon у польск. і шэрагу еўрапейскіх моў (с.-лац. antimonium, магчыма, з араб. *ithmid), адкуль і ўсх.-слав. назвы мінералаў антыманіт (БелСЭ) і інш.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

АЛЮ́ВІЙ, алювіяльныя адклады (ад лац. alluvio нанос, намыў),

адклады водных патокаў (рэк, ручаёў), якія намножыліся ў рэчышчах, на поймах і тэрасах рачных далін. Складаюцца з абломкавага матэрыялу рознай велічыні, ступені сартавання і абкатанасці (галечнік, жвір, пяскі, супескі, суглінкі, гліны), нярэдка з лінзамі торфу. Утварае поймы (паплавы), алювіяльныя тэрасы ўсіх рэк, алювіяльныя раўніны, займае больш за 5% тэр. Беларусі. Звычайна слаісты. Характэрна косая слаістасць, што абумоўлена напрамкамі руху водных патокаў. Вылучаюць рэчышчавую, поймавую і старычную разнавіднасці (фацыі). Фарміраванне алювію ў рэчышчы адбываецца ў выніку папярочнага цыркуляцыйнага руху вады, якая падмывае ўвагнуты бераг, наслойваючы сегменты грубага матэрыялу (галечнік, жвір, пяскі) каля выпуклага берага. Поймавы алювій адкладваецца пры шырокіх разлівах у поймах рэк і складзены з найб. тонкага пясчана-гліністага матэрыялу. Старычны фарміруецца ў азёрападобных старых рэчышчах і складзены з багатых арган. рэчывамі супескаў, суглінкаў, ілу, торфу. З валунова-галечным алювіем горных рэк звязаны россыпы золата, плаціны, волава і інш. цяжкіх мінералаў; са жвірова-пясчаным рэчышчавым алювіем рэк нізкагор’яў і раўнін — радовішчы буд. пяскоў і жвіру. Алювій — субстрат алювіяльных глебаў (гл. Поймавыя глебы).

М.​Я.​Зусь.

т. 1, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІПЕРГЕ́ННЫЯ РАДО́ВІШЧЫ, седыментагенныя радовішчы, экзагенныя радовішчы,

паклады карысных выкапняў, звязаныя са стараж. і сучаснымі геахім. працэсамі на паверхні Зямлі. Утвараюцца ў выніку мех. і біяхім. пераўтварэння і дыферэнцыяцыі мінер. рэчываў эндагеннага паходжання ў верхняй ч. зямной кары, якая ўключае грунтавыя і часткова пластавыя падземныя воды, на дне балот, азёр, рэк, мораў і акіянаў. Вылучаюць 4 гал. генетычныя групы гіпергенных радовішчаў: астаткавыя (утвараюцца ў выніку вынасу растваральных мінер. рэчываў з зоны выветрывання і назапашвання цяжкарастваральнага мінер. астатку — карыснага кампанента; руды жалеза, нікелю, марганцу, алюмінію і інш.),

інфільтрацыйныя (узнікаюць шляхам асаджэння з падземных вод паверхневага паходжання раствораных у іх мінер. злучэнняў з утварэннем пакладаў урану, медзі, золата, серабра, самароднай серы), россыпныя (утвараюцца пры намнажэнні ў рыхлых адкладах на дне рэк, азёр, марскіх узбярэжжаў цяжкіх каштоўных мінералаў, якія маюць тытан, вальфрам, волава), асадкавыя (узнікаюць у працэсе асадканамнажэння на дне марскіх і кантынентальных вадаёмаў, у выніку фарміруюцца паклады вугалю, гаручых сланцаў, нафты, гаручага газу, солей, многіх рудных і нярудных карысных выкапняў). Гіпергенныя радовішчы карысных выкапняў маюць прамысл. значэнне.

У.​Я.​Бардон.

т. 5, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́ЛЬЦЫЙ (лац. Calcium),

Ca, хімічны элемент II групы перыяд. сістэмы, ат. н. 20, ат. м. 40,08, адносіцца да шчолачназямельных металаў. Прыродны складаецца з 6 стабільных ізатопаў, найб. пашыраны ​40Ca (96,94%). У зямной кары 3,38% па масе. Трапляецца толькі ў выглядзе злучэнняў (каля 400 мінералаў); вапняк, мармур, мел, апатыт і інш. Метал атрыманы ў 1808 англ. хімікам Г.​Дэві, назва ад лац. calx (calcix) — вапна.

Серабрыста-белы метал, tm 842 °C, шчыльн. 1540 кг/м³. Хімічна вельмі актыўны, аднаўляльнік. На паветры пакрываецца плёнкай з кальцыю аксіду і кальцыю гідраксіду. Узаемадзейнічае з вылучэннем вадароду з вадой і к-тамі (акрамя канцэнтраваных сернай і азотнай), 3 галагенамі, пры награванні — з вадародам, азотам, фосфарам, халькагенамі, вугляродам (гл. Кальцыю карбід). У прам-сці атрымліваюць электролізам расплаву сумесі хларыдаў CaCaCl2 (75—85%) і KCl ці алюматэрмічным аднаўленнем К. аксіду. Выкарыстоўваюць для аднаўлення урану, торыю, цэзію, рубідыю, тытану, цырконію і некат. лантаноідаў з іх злучэнняў, як кампанент антыфрыкцыйных сплаваў са свінцом для вытв-сці падшыпнікаў, кальцыю злучэнні — у буд-ве (вапна, цэмент), медыцыне і інш.

т. 7, с. 493

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́ГНІЮ ЗЛУЧЭ́ННІ,

хімічныя злучэнні, у састаў якіх уваходзіць магній. Найб. пашыраныя М.з. — магнію аксід, солі магнію і магнійарганічныя злучэнні.

Солі магнію ў асн. крышт. рэчывы, многія добра раствараюцца ў вадзе, бязводныя вельмі гіграскапічныя, утвараюць крышталегідраты. Магнію карбанат MgCO3 у прыродзе мінерал магнезіт. Магнезіт і даламіт (змешаны карбанат CaCO3∙MgCO3) выкарыстоўваюць для атрымання магнезіі, магнію і яго злучэнняў, як магніевыя ўгнаенні (напр., даламітавая мука). Магнію перхларат Mg(ClO4)2 — вельмі гіграскапічнае рэчыва. Гідрат саставу Mg(ClO4)2∙2H2O вырабляюць пад назвай ангідрон, выкарыстоўваюць як асушальнік газаў. Магнію сульфат MgSO4 раскладаецца пры т-ры 1100—1200 °C. У прыродзе сустракаюцца мінералы кізерыт MgSO4∙H2O, эпсаміт MgSO4∙7H2O, каініт Ka∙MgSO4∙3H2O і інш. Выкарыстоўваюць як сыравіну для атрымання аксіду магнію, пратраву пры фарбаванні тканін, напаўняльнік паперы, у медыцыне (горкая соль). Магнію хларыд MgCl2 трапляецца ў выглядзе мінералаў бішафіту MgCl2∙6H2O, карналіту KCl∙MgCl2∙6H2O. Выкарыстоўваюць для атрымання магнію, у вытв-сці магнезіяльнага цэменту — сумесь напаленага MgO, MgCl2 і вады; водны раствор — як холадагент, антыфрыз, сродак супраць абледзянення лётных палёў, чыг. рэек, як антыпірэн для драўніны, дэфаліянт і інш.

А.​П.​Чарнякова.

т. 9, с. 485

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛІБДА́ТЫ,

солі малібдэнавых кіслот. Найб. пашыраны солі монамалібдэнавай (малібдэнавай) к-ты H2MoO4 — монамалібдаты. У прыродзе трапляюцца ў выглядзе мінералаў (напр., павеліт — М. кальцыю CaMoO4, вульфеніт — М. свінцу PbMoO4). Вядомыя М. не вылучаных у свабодным стане мезамалібдэнавай H4MoO5 (мезамалібдаты), ортамалібдэнавай H6MoO6 (ортамалібдаты) і полімалібдэнавых кіслот (напр., парамалібдату амонію тэтрагідрат (NH4)6Mo7O24∙4H2O).

Монамалібдаты, ці нармальныя М., шчолачных металаў, амонію і магнію добра раствараюцца ў вадзе, інш. металаў — дрэнна. Нармальныя водарастваральныя М. атрымліваюць узаемадзеяннем трыаксіду MoO3 ці яго гідратаў з растворамі адпаведных гідраксідаў, інш. сінтэзуюць шляхам абменных рэакцый з М. шчолачных металаў ці спяканнем MoO3 з аксідамі металаў (гл. Малібдэн). Пры ўздзеянні аднаўляльнікаў (напр., дыаксіду серы, цынку, алюмінію) на растворы М. утвараюцца малібдэнавыя сіні — ярка-сінія рэчывы пераменнага саставу, напр. Mo8O23∙8H2O, Mo2O5∙H2O. У падкісленай вадзе (pH каля 4) яны ўтвараюць калоідныя растворы, якія выкарыстоўваюць для фарбавання шоўку, футра і валасоў. Выкарыстоўваюць CaMoO4 для выплаўкі ферамалібдэну; Na2MoO4 — у вытв-сці пігментаў, палівы, як інгібітар карозіі металаў; (NH4)2MoO4 — як малібдэнавае ўгнаенне; PbMoO4 — як пігмент; М. шчолачназямельных металаў і рэдказямельных элементаў — як лазерныя матэрыялы, сегнетаэл. матэрыялы ў мікраэлектроніцы.

т. 10, с. 31

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКАЕ ТАВАРЫ́СТВА АМА́ТАРАЎ ПРЫРОДАЗНА́ЎСТВА, ЭТНАГРА́ФІІ І АРХЕАЛО́ГІІ.

Існавала ў 1912—15 у Мінску. Яго праграма прадугледжвала навук. вывучэнне прыроды краю, гісторыка-археал. даследаванні, ахову помнікаў прыроды, пашырэнне прыродазнаўча-гіст. і геагр. ведаў на тэр. Мінскай губ. Размяшчалася ў памяшканні Мінскай губ. земскай управы і гімназіі К.​В.​Фальковіча, з 1913 — у Мінскім гарадскім музеі. Кіравалася радай з 6 чал. 1-ы старшыня — дырэктар Мінскай балотнай доследнай станцыі А.​Ф.​Флёраў, члены: урачы А.​П.​Грацыянскі і С.​М.​Урванцоў, інж.-тэхнолаг, чл. гар. управы Ф.​Цывінскі, кіраўнік Упраўлення земляробства і дзярж. маёмасцей Мінскай губ. І.​М.​Шэмігонаў, старшыня губ. казённай палаты Ф.​М.​Ястрэмскі і інш. Члены т-ва займаліся навук. работай, чыталі даклады па медыцыне, геалогіі, глебазнаўстве, флоры і фауне Беларусі, праблемах зберажэння нар. багаццяў. Т-ва падтрымлівала сувязі з шэрагам ун-таў і т-ваў. У 1914 выдала навук. зб. «Весці». Сабрала калекцыі стараж. кніг, манет, мінералаў, бел. нац. адзення, гербарыі, якія захоўваліся ў створаным т-вам гар. музеі. Спыніла дзейнасць у сувязі з падзеямі 1-й сусв. вайны.

З.​В.​Шыбека.

т. 10, с. 416

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)