сканцэнтраваныя ў банкаўскай сістэме рэсурсы, прызначаныя для выканання крэдытна-разліковых і інш. аперацый і атрымання прыбытку. Складаецца з уласнага капіталу банка (статутны, падпісны, аплачаны і рэзервовы) і чужога (найперш з укладаў). Паводле рэчавага складу ён падзяляецца на наяўныя грошы, каштоўныя паперы ў выглядзе гандл. вэксаляў і публічныя каштоўныя паперы (дзярж. аблігацыі, казначэйскія вэксалі, акцыі, іпатэкі). Наяўныя грашовыя сродкі банкі ўкладваюць у банкаўскія будынкі і іх абсталяванне, у зямельныя ўчасткі і г.д., выкарыстоўваюць на выдачу доўгатэрміновых крэдытаў, куплю каштоўных папераў, нерухомасці. Але большая частка банкаўскага капіталу — фіктыўны капітал у форме публічных каштоўных папераў, якія не маюць вартасці і толькі сведчаць аб праве іх уладальніка на атрыманне часткі нац. даходу. Іх можна прадаць на фін. рынку па больш высокай цане (курсе) і атрымаць наяўных грошай больш, чым кошт гэтых папераў. Таму маса банкаўскага капіталу павялічваецца найперш па законах фін. рынку (а не таварнага), што вядзе да адрыву руху банкаўскага капіталу ад руху прамысл. капіталу і да банкруцтва слабых банкаў.
Велічыня банкаўскага капіталу ў сучасны перыяд вымяраецца з дапамогай грашовых агрэгатаў — спецыфічных груповак ліквідных актываў. У мінулым стабільнасць банкаў вызначалася сумай наяўных грошай і чэкавых укладаў, а з пач. 1980-х г. — яшчэ і сумай укладаў на бясчэкавых рахунках і дробных тэрміновых укладаў. Вышэйшая форма канцэнтрацыі і цэнтралізацыі банкаўскага капіталу — транснац. банкаўскі капітал.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЯКСА́НДР II (29.4.1818 — 13.3.1881),
расійскі імператар [1855—81]. З дынастыі Раманавых. Сын Мікалая I. На трон сеў у час няўдалай для Расіі Крымскай вайны 1853—56. Крызіс феад.-прыгонніцкага ладу і ўздым сял. хваляванняў прымусілі яго ажыццявіць сялянскую рэформу 1861 і адмяніць прыгоннае права. У сувязі з паўстаннем 1863—64 на Беларусі і ў Літве зроблены ўступкі на карысць сялян: спынены іх часоваабавязаныя адносіны з памешчыкамі, паменшаны выкупныя плацяжы, часткова вернуты адрэзкі. У 1860—70-я г. праведзены земская, судовая, гарадская, ваенная, школьная і цэнзурная рэформы. Для барацьбы з нац.-вызв. рухам утвораны Заходні камітэт 1862—65. Падзеі 1863—64 прымусілі ўрад Аляксандра II умацоўваць сац. базу самадзяржаўя на Беларусі, у Літве і Правабярэжнай Украіне. Не прызнаючы права на самастойнае існаванне бел. народа і яго мовы, на Беларусі ён ажыццяўляў палітыку актыўнай русіфікацыі, прымусовага пераводу бел. насельніцтва каталіцкага веравызнання ў праваслаўе. У час царавання Аляксандра II завершана далучэнне да Расіі Казахстана, паўн.-зах. Каўказа, Чэчні, Горнага Дагестана, далучана большаяч. Сярэдняй Азіі, Сахалін. Пераможная руска-турэцкая вайна 1877—78 садзейнічала вызваленню балканскіх народаў ад турэцкага прыгнёту, да Расіі далучаны Паўд. Бесарабія, гарады Карс і Батум. У знешняй палітыцы змагаўся за адмену дыскрымінацыйнага Парыжскага мірнага дагавора 1856. Забіты нарадавольцам І.Я.Грынявіцкім у Пецярбургу.
Літ.:
Захарова Л.Г. Александр II // Российские самодержцы, 1801—1917. М., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́НСКІ ПАВЕ́Т,
адм.-тэр. адзінка ў 1565—1793 у Брэсцкім ваяв.ВКЛ, з 1795 у Мінскім намесніцтве, з 1796 у Мінскай губ.Рас. імперыі, з 1921 у Палескім ваяв. Польшчы, з 1939 у БССР. Цэнтр — г.Пінск. У 16—18 ст. на яго тэрыторыі размяшчаліся Пінскае староства і буйныя магнацкія вотчыны Астрожскіх, Гальшанскіх, Радзівілаў, Чартарыйскіх. У 1793 большаяч. павета адышла да Расіі. У 1795 павет утвораны паўторна: на Пн да яго далучана ч. Навагрудскага пав., усх.ч. вылучана ў Давыд-Гарадоцкі павет, паўн.ч. перададзена ў Ровенскі пав. З 1796 у Мінскай губ. У 1797 пл. павета каля 10 тыс.км². Пасля 1861 уключаў 23 воласці: Дабраслаўская, Дубайская, Жабчыцкая, Кажан-Гарадоцкая, Кухацкавольская, Лагішынская, Лемяшэвіцкая, Лунінская, Любяшоўская, Марачнянская, Пагост-Загародская, Парэцкая, Пінкавіцкая, Плотніцкая, Радчыцкая, Святавольская, Ставоцкая, Столінская, Угрыніцкая, Хатыніцкая, Хойнаўская, Целяханская, Церабяжоўская. У 1897 у П.п. 201 тыс.чал., 11 мястэчак, 75 сёл, 292 вёскі, 191 фальварак. У 1920 Святавольская і Целяханская вал. перададзены ў Косаўскі пав., Дабраслаўская, Кажан-Гарадоцкая, Лунінская, Пагосцкая, Плотніцкая, Столінская, Хатыніцкая і Церабяжоўская вол. — у Лунінецкі пав. З 18.3.1921 у складзе Палескага ваяв. Польшчы. У 1933 уключаў 13 гмін: Бродніцкая, Вітчаўская, Дабраслаўская, Жабчыцкая, Кухацкавольская, Лагішынская, Лемяшэвіцкая, Марачнянская, Пінкавіцкая, Пінская, Парэцкая, Пагост-Загародская, Хойнаўская. З 4.12.1939 пераважная частка ў складзе Пінскай вобл.БССР. 15.1.1940 павет скасаваны, на яго тэр. ўтвораны раёны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАЗМАХІ́МІЯ,
раздзел фізічнай хіміі, які вывучае хім. рэакцыі ў эл. разрадах і нізкатэмпературнай плазме. З’яўляецца навук. асновай плазмахім. тэхналогіі, апаратурную базу якой ствараюць плазматрон, камера змешвання рэагентаў, рэакцыйны аб’ём (часта сумешчаныя), сістэма выдзялення мэтавага прадукту і інш.
Асн. асаблівасць плазмахім. працэсаў — магчымасць хім. рэакцый, якія не адбываюцца ў звычайных умовах. Гэта тлумачыцца тым, што ў плазме ўтвараецца значна большая колькасць рэакцыйназдольных часціц (узбуджаных малекул, атамных і малекулярных іонаў, свабодных радыкалаў), чым пры звычайных умовах правядзення хім. рэакцый, прычым утварэнне некаторых з іх магчыма толькі ў плазме. Істотную ролю адыгрываюць свабодныя электроны, рэакцыі з удзелам якіх у большасці выпадкаў з’яўляюцца вызначальнымі. Плазмахім. тэхналогія дае магчымасць сінтэзаваць прадукты з асаблівымі ўласцівасцямі (напр., ультрадысперсныя парашкі, неарган. і арган. плёнкі), скарачае колькасць тэхнал. стадый, пашырае сыравінную базу і змяншае шкодныя выкіды ў навакольнае асяроддзе, спрашчае кіраванне працэсамі і інш. Метадамі П. можна атрымліваць вокіслы азоту з паветра, ацэтылен з вуглевадародаў, сінтэз-газ для вытв-сці вінілхларыду, каталізатары для азотнай і нафтаперапрацоўчай прам-сці, ферытавыя парашкі, вокіслы тытану і цырконію, фосфарныя злучэнні, а таксама паляпшаць і змяняць паверхневыя ўласцівасці матэрыялаў і інш.
На Беларусі тэарэт. і эксперым. даследаванні ў галіне П. вядуцца з 1967 у Ін-тах цепла- і масаабмену, фізікі Нац.АН, БДУ. Гл. таксама Плазменная тэхналогія, Фізіка плазмы.
Літ.:
Низкотемпературная плазма. Т. 3. Химия плазмы. Новосибирск, 1991;
Низкотемпературная плазма. Т. 4. Плазмохимическая технология. Новосибирск, 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКАЕ ВАЯВО́ДСТВА,
адм.-тэр адзінка ў ВКЛ у 16—18 ст. Ахоплівала тэр. ранейшай Полацкай зямлі, намеснікі якой з пач. 16 ст. называліся ваяводамі. Цэнтр — г. Полацк. Мела харугву ружовага (паводле інш. звестак — белага) колеру з выявай герба «Пагоня». Карысталася абласнымі прывілеямі, якія ўстанаўлівалі полацкае права; ваявода мог прызначацца толькі са згоды мясц. шляхты. У выніку вайны Маскоўскай дзяржавы з ВКЛ 1534—37 ад П.в. да Расіі адышлі воласці Завалочча і Себеж. У час Інфлянцкай вайны 1558—82 у 1563 амаль усё П.в. было занята рас. войскамі; у 1564 большая частка тэр. П.в. на Пд ад Зах. Дзвіны адваявана ВКЛ. З 2-й пал. 16 ст. структура кіравання ў ваяводстве прыведзена ў адпаведнасць з адм. рэформай 1565—66 і Статутам ВКЛ 1566. П.в. не падзялялася на паветы. Буйнейшымі паселішчамі былі Асвея, Бешанковічы, Глыбокае, Дзісна, Друя, Лепель, Ула, Ушачы і інш. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 у 1654—55 рас. армія цалкам заняла П.в.; большасць яго тэрыторыі вернута ў ВКЛ у 1658—60. У выніку 1-га падзелу Рэчы Паспалітай 1772 паўн. частка П.в. (да р.Зах. Дзвіна, з г. Полацк) адышла да Расіі і ўвайшла ў склад Пскоўскай губерні. Астатняя частка П.в. існавала да 2-га падзелу Рэчы Паспалітай 1793; павятовыя сеймікі ў гэты час збіраліся ва Ушачах.
2.(комплект белья и т. п.) зме́на, -ны ж.; разг. пераме́нка, -кі ж.;
3.школ. перапы́нак, -нку м.;
больша́я переме́на вялі́кі перапы́нак;
Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)
АМУ́Р (манг.Хара-Мурэн, кіт.Хэйлунцзян),
рака ва Усх. Азіі, у Расійскай Федэрацыі (большаяч.), Манголіі, КНР. Па Амуры праходзіць частка граніцы Расіі з Кітаем. Утвараецца ад зліцця рэк Шылка і Аргунь. Упадае ў Амурскі ліман Ахоцкага м.Даўж. 2824 км, ад вытоку Аргуні — 4440 км; пл.бас. 1855 тыс.км². У верхнім цячэнні (да вусця Зеі) цячэ ў вузкай даліне. Справа да ракі падыходзяць адгор’і В.Хінгана. У сярэднім цячэнні (ад вусця Зеі да Хабараўска) даліна шырокая, толькі ў месцы перасячэння хр. М.Хінган ператвараецца ў цясніну. У нізоўях Амур выходзіць на Ніжнеамурскую нізіну, мае шырокую даліну, рэчышча разгаліноўваецца на рукавы. Асн. прытокі: Зея, Бурэя, Амгунь (злева), Сунгары, Усуры (справа). Жыўленне пераважна (2/3 сцёку) ад летне-восеньскіх мусонных дажджоў. Разводдзе з ліп. да верасня, утвараецца дажджавымі паводкамі. У суткі па Амуры праходзіць 41 тыс.т наносаў. Замярзае ў ліст., крыгалом у крас.—маі. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 10 900 м³/с (макс. 40 000 м³/с). На ніжняе цячэнне ўплываюць прылівы і адлівы. У бас. Амура больш за 60 тыс. азёраў агульнай пл. каля 9,7 тыс.км². Рыбалоўства. Асн.прамысл. рыбы: кета, гарбуша, таўсталобік, калуга, амурскі сом і інш. Значныя гідраэнергетычныя рэсурсы. У сярэднім цячэнні Хінганскі, ніжэй — Камсамольскі запаведнікі. Амур — гал. водная магістраль Д. Усходу, суднаходны на ўсім працягу. Гал. гарады на Амуры: Благавешчанск, Хабараўск, Амурск, Камсамольск-на-Амуры, Нікалаеўск-на-Амуры (Расія), Айхой (Кітай).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗБЕ́СТАВАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
падгаліна прам-сці буд. матэрыялаў, аб’ядноўвае горнаабагачальныя камбінаты, якія ажыццяўляюць здабычу і вытв-сць таварнага азбесту.
Фарміраванне азбеставай прамысловасці пачалося ў канцы 19 — пач. 20 ст. (Італія, Канада), калі шырокае развіццё атрымала вытв-сць тэрмастойкіх азбеставых вырабаў і азбестацэментных буд. матэрыялаў. Сучасная азбеставая прамысловасць выпускае больш за 3 тыс. розных матэрыялаў і вырабаў. Асноўныя запасы азбесту сканцэнтраваны ў Канадзе і Расіі (па вытв-сці азбесту б.СССР займаў 1-е месца ў свеце). Агульныя запасы азбеставага валакна ацэньваюцца ў 123 млн.т (без б.сацыяліст. краін). Большая іх частка (88%) належыць прамыслова развітым краінам, пераважна Канадзе (77%, правінцыя Квебек). Вытв-сць азбеставага валакна ў свеце складае больш за 4 млн.т у год, у т. л. ў Канадзе і Рас. Федэрацыі каля 2 млн.т у кожнай. У Расіі азбеставая прамысловасць сканцэнтравана на камбінатах «Уралазбест», «Туваазбест», «Арэнбургазбест» і інш. Запасы разведаны на 28 радовішчах, пераважна на Сярэднім і Паўд. Урале і ПдУсх. Сібіры. Азбеставая прамысловасць развіта ў Казахстане, дзе пабудаваны камбінат «Кустанай-азбест» на базе Джэтыгарскага радовішча. Буйныя вытворцы азбесту таксама ПАР, Зімбабве, Італія, Аўстралія, ЗША, Кітай. Здабываюць азбест пераважна адкрытым спосабам (у кар’ерах), у невял. аб’ёмах — падземным. Абагачальныя ф-кі — высокамеханізаваныя і аўтаматызаваныя прадпрыемствы з абагачальным абсталяваннем і ўстаноўкамі ачысткі паветра сярэдняй магутнасцю 330 тыс.т азбесту за год. Буйнейшыя пастаўшчыкі азбеставага валакна на сусв. рынак — Канада, Расія, ПАР, Зімбабве. Гал. імпарцёры прадукцыі — ЗША, Японія, ФРГ, Францыя, Вялікабрытанія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЯМЛЯ́НКА,
1) заглыбленая ў зямлю жылая пабудова, прамавугольная або круглая ў плане, з перакрыццем з жэрдак ці бярвён, засыпаных зямлёй. Адзін з самых старажытных і пашыраных відаў уцепленага жылля, вядомы з эпохі верхняга палеаліту.
Сцены З. рабілі з бярвён або плялі з галля і абмазвалі глінай. Унутры звычайна знаходзілася агнішча, уздоўж сцен — нары. У эпоху неаліту З. былі невялікіх памераў, у эпоху бронзы — вялікія з некалькімі памяшканнямі і агнішчам. У неаліце, жал. веку, раннім сярэдневякоўі (6—9 ст.) і ў эпоху Кіеўскай Русі на землях славян, у т. л. ў Беларусі, вядомы таксама паўзямлянкі — З. з драўляным зрубам, большаяч. якога ўзвышалася над зямлёй (гл.Жыллё). Як жылыя пабудовы З. і паўзямлянкі зберагліся ў комі, удмуртаў і інш. да 17—18 ст., у ітэльменаў і ніўхаў да 19 ст., у каракаў, кетаў, селькупаў да 20 ст., у паўночна-амер. індзейцаў (напр., навахаў) і эскімосаў да нашых дзён.
2) З. вайсковая — дрэваземляное збудаванне для размяшчэння асабовага складу войск і штабоў у палявых умовах. Будуюцца адна- або двухсхільнымі з перакрыццем з жэрдак (накату з бярвён), глінянай праслойкі і грунтавой абсыпкі, з выхаднымі тамбурамі ў тарцах. Маюць печ для абагрэву і абсталяванне для адпачынку. У Вял.Айч. вайну сав. войскі і партызаны выкарыстоўвалі З. з драўляным зрубам і перакрыццем з бярвён у 2—3 накаты. Карысталася З. і насельніцтва вёсак, спаленых акупантамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́НДА-МАЛА́ЙСКАЯ БІЯГЕАГРАФІ́ЧНАЯ ВО́БЛАСЦЬ, Усходняя біягеаграфічная вобласць. Размешчана ў трапічным поясе. Уключае Паўд. Азію, У Аравійскага п-ва, Вялікія Зондскія а-вы (без Сулавесі), большую ч. трапічных астравоў Ціхага акіяна. Падзяляецца на 2 падвобласці: Індыйска-Індакітайскую і Малайскую.
Расліннае покрыва — трапічны дажджавы лес і часткова саванны. Эндэмічных сям. няшмат, таму што існуюць старадаўнія і цесныя кантакты гэтай вобласці з Палеарктыкай і Эфіопскай біягеаграфічнай вобласцю. У флоры 2 эндэмічныя і 2 субэндэмічныя сямействы. Найб. высокі родавы і відавы эндэмізм, асабліва на астравах (напр., на Гаваях 150 эндэмічных родаў, а відавы эндэмізм складае 90%). Фауна адносна старажытная, у ёй захаваліся некат. рысы міяцэнавай фауны (напр., алянькі, насарогі, сланы, тапіры і інш.). Млекакормячых 46 сямействаў. Эндэмічныя атр. шарстакрылыя, сям. гібонавыя, ларызіды, тупайі, роды чалавекападобных малпаў арангутанаў і індыйскіх сланоў. З птушак эндэмічныя сям. лістоўкавыя, чубатыя стрыжы, большаяч. відаў сям. рагадзюбаў. Цэнтр узнікнення і разнастайнасці форм белавочкавых, пітавых, рагадзюбых, фазанавых. У фауне паўзуноў эндэмічныя бязвухія вараны, гавіялавыя кракадзілы, шчытахвостыя і прамянёвыя змеі. Шмат эндэмічных родаў земнаводных, напр., вузкаротыя і лятаючыя жабы і інш., 4 эндэмічныя сям. рыб. Вобласць з’яўляецца цэнтрам разнастайнасці карпападобных і сомападобных рыб. Шэраг сям. і атр. родняць яе фауну з фаунай Эфіопскай вобл.: агамы, вараны, насарогі, нектарніцы, паўліны, паўмалпы, птушкі-насарогі, сланы, ткачыкавыя, хамелеоны, чалавекападобныя малпы, яшчары.