ГУ́КЕР ((Hooker) Джозеф Долтан) (30.6.1817, Хейлсуэрт, Вялікабрытанія — 10.12.1911),
англійскі батанік. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1874). Замежны чл.-кар. Пецярбургскай АН (1859), чл. Парыжскай АН (1866). Вучыўся ва ун-це г. Глазга. З 1855 у Бат. садзе ў К’ю (Лондан), у 1865—85 дырэктар. У 1873—78 прэзідэнт Лонданскага каралеўскага т-ва. Аўтар (разам з Дж.Бентамам) працы «Роды кветкавых раслін» (т. 1—3, 1862—83), дзе прыведзена апісанне ўсіх вядомых на той час родаў кветкавых раслін. Адзін з першых прапагандыстаў дарвінізму. Апрацаваў калекцыі Ч.Дарвіна з а-воў Галапагас. Навук. працы па батаніка-геагр. і фларыстычных даследаваннях Аўстраліі, Паўн. Індыі і Непала.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУГЛІ́ ВЫКАПНЁВЫЯ,
цвёрдыя гаручыя карысныя выкапні асадкавага паходжання, прадукт пераўтварэння вышэйшых і ніжэйшых раслін. Маюць да 50% мінер. прымесей і вільгаць. Паводле ступені вуглефікацыі падзяляюцца на буры вугаль, каменны вугаль і антрацыт, у залежнасці ад зыходнага матэрыялу — на гумаліты, сапрагумаліты, гумасапрапеліты, сапрапеліты. Залягаюць звычайна ў выглядзе пластападобных пакладаў сярод асадкавых парод усіх узростаў, пачынаючы з дэвону. Складаюць 87,5% прагнозных рэсурсаў выкапнёвага паліва Зямлі; у сусв. паліўна-энергет. балансе займаюць каля 25%. Разведаныя сусв. запасы (3705 млрд.т) сканцэнтраваны пераважна ў Расіі, ЗША, КНР, Аўстраліі. Нязначныя радовішчы выяўлены ў Беларусі. Сыравіна для металург. і хім. прам-сці. Гл. таксама Вугальная прамысловасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІРЭЗІ́НЭ (Iresine),
род кветкавых раслін сям. аксамітнікавых. Каля 80 відаў. Пашыраны ў трапічнай і субтрапічнай Амерыцы, Аўстраліі, на а-вах Галапагас. У культуры 3 віды, інтрадукаваныя і на Беларусі: І. Гербста (I. herbstii) мае стракаталістыя і нізкарослыя формы з чырв. лісцем; у І. Ліндэна (I. lindenii) лісце чырв., жоўтае або карычнева-чырв.; І. Валіса (I. wallisii) нізкарослая з акруглым, карычнева-чырв. лісцем.
Шматгадовыя павойныя або з прамастойным каляровым сцяблом травяністыя, радзей кустовыя ці дрэвавыя расліны выш. да 40 см. Лісце каляровае, супраціўнае. Кветкі белаватыя або зеленаватыя, двухполыя ці раздзельнаполыя ў коласападобных або галоўчатых суквеццях. Выкарыстоўваюцца ў дэкар. мэтах як дывановыя і бардзюрныя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАНЬ, даніэль (Cervus dama),
млекакормячая жывёла сям. аленяў атр. парнакапытных. Пашырана ў Еўразіі і Паўн.-Зах. Афрыцы, акліматызавана ў Амерыцы і Аўстраліі. Жыве ў мяшаных і лісцевых лясах. 1 падвід — Л. іранская (C.d. mesopotamica) — у Чырв. кнізе МСАП.
Даўж. да 1,6 м, выш. ў карку да 1 м, маса да 120 кг, самкі драбнейшыя. Поўсць на спіне і баках летам рыжавата-бурая з белымі плямамі, зімой шаравата-бурая. Каля хваста невял. белая пляма — «люстэрка». Рогі ў самцоў лапатападобныя, самкі бязрогія. Корміцца травяністай, хмызняковай расліннасцю, лісцем, парасткамі, галінкамі, карой лісцевых парод дрэў. Палігамы. Нараджаюць 1—2 цялят. Аб’ект палявання і гадоўлі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРА́ЛАВАЕ МО́РА (Corel Sea),
паўзамкнёнае мора Ціхага ак. каля берагоў Аўстраліі, паміж а-вамі Новая Гвінея, Саламонавымі, Новыя Гебрыды, Новая Каледонія, рыфам Фрэдэрык. Пралівам Торэса звязана з Індыйскім ак.Пл. 4068 тыс.км². Найб.глыб. 9174 м. Шматлікія каралавыя астравы і рыфы, у т. л.Вял. Бар’ерны рыф. Дно моцна расчлянёнае. Цячэнні ўтвараюць цыкланальны кругаварот, на зах. ускраіне якога бярэ пачатак Усх.-Аўстралійскае цячэнне. Т-ра вады на Пд ад 19 °C у жн. да 24 °C у лют., на Пн да 28 °C. Салёнасць да 35,5‰. Прылівы няправільныя, паўсутачныя (да 7,2 м). Гал. парты: Кэрнс (Аўстралія), Порт-Морсбі (Новая Гвінея), Нумеа (Новая Каледонія).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖВА́ЧНЫЯ (Ruminantia),
падатрад млекакормячых атр.парнакапытных. 5—6 сям., 76 родаў, каля 180 відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Аўстраліі, Мадагаскара і Антыльскіх а-воў. Пераважна стадныя палігамныя жывёлы. На Беларусі 5 відаў; алень высакародны, зубр, казуля, лань, лось. Зубр занесены ў Чырв. кнігу. Да Ж. належаць свойская жывёла: авечкі, козы, буйн. раг. жывёла.
Маюць 4 пальцы (2 з іх рудыментарныя). У страўніку 4 аддзелы — рубец, сетка, кніжка (у некат. няма) і сычуг. Корм раслінны. Вял. значэнне для Ж. мае жвачка (адсюль назва). Карэнныя зубы вял., разцы і іклы толькі ў ніжняй сківіцы. У многіх добра развітыя рогі. Дзікія Ж. — аб’екты промыслу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕКТА́РНІЦЫ, нектарніцавыя,
нектаркі (Nectariniidae),
сямейства пеўчых птушак атр. вераб’інападобных. 8—11 родаў, 104—116 відаў. Пашыраны ў Паўд. Азіі, Аўстраліі і Афрыцы. Жывуць у лясах, садах, зарасніках кустоў, гарах. Робяць сезонныя міграцыі, звязаныя з масавым цвіценнем раслін, удзельнічаюць у іх апыленні. 1 від у Чырв. кнізе МСАП.
Даўж. да 25 см, маса да 20 г. Дзюба доўгая, тонкая, часта выгнутая, краі наддзюб’я злёгку зазубраныя. Афарбоўка самцоў яркая, з метал. адлівам, самак — зеленавата-шэрая. У некат. відаў самцы і самкі афарбаваны аднолькава, у цьмяныя колеры. Кормяцца насякомымі, павукамі, пладамі, нектарам кветак (адсюль назва).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЮЛЕРЫЁЗ,
інвазійная хвароба авечак, коз і некат. дзікіх жвачных жывёл (ласі, казулі, алені, лані, муфлоны, сарны і інш.), якая выклікаецца воласападобнай нематодай Мюлера, што паразітуе ў лёгкіх. Сустракаецца ў Еўропе, Азіі, Амерыцы і Аўстраліі, часцей у летне-асенні перыяд. Жывёлы заражаюцца пры заглынанні з травой інвазійных лічынак нематоды (разам з малюскамі — прамежкавымі гаспадарамі або пасля выхаду з іх), якія з цёкам лімфы і крыві заносяцца ў лёгкія, выспяваюць і адкладваюць яйцы. З яец выходзяць лічынкі, заглынаюцца з макротай і выдаляюцца з фекаліямі. Цячэнне часцей хранічнае. Развіваюцца бранхіты, бронхапнеўманія (часам з ацёкам), схудненне, маладняк адстае ў росце і развіцці. Пры значнай інвазіі жывёлы гінуць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́РГАНЦАВЫЯ РУ́ДЫ,
прыродныя мінер. ўтварэнні, якія выкарыстоўваюць для прамысл. здабычы марганцу, які прысутнічае ў рудах у выглядзе аксідных злучэнняў, карбанатаў, сілікатаў. Гал. мінералы: браўніт (62,5%), гаўсманіт (60%), манганіт (62,5%), піралюзіт (63,2%), псіламелан (45—60%) і інш. Генетычна радовішчы М.р. падзяляюцца на асадкавыя, вулканагенныя, метамарфізаваныя і кор выветрывання. Сярэдняя колькасць марганцу ў М.р.: у асадкавых радовішчах 23,4—52% (аксідныя псіламелан-піралюзітавыя і манганітавыя руды) і 11,4—25,2% (карбанатныя радахразітныя і мангана-кальцытавыя); у радовішчах кары выветрывання 40,4—57,3% (астаткавыя). Асн. запасы М.р. на Украіне, у Грузіі, Казахстане, Паўд.Афр. Рэспубліцы, Аўстраліі, Габоне, Бразіліі, Індыі, Гане, таксама на дне Ціхага, Індыйскага і Атлантычнага акіянаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́ДНЫЯ РУ́ДЫ,
прыродныя мінер. ўтварэнні (мінералы, горныя пароды), якія выкарыстоўваюцца ў прам-сці для здабычы медзі. Вядома больш за 200 медзьзмяшчальных мінералаў, але толькі каля 20 з іх утвараюць М.р. Гал. мінералы медзі ў сульфідных рудах (больш за 90% сусв. запасаў М.р.): хальказін, барніт і халькапірыт; у медна-нікелевых радовішчах — кубаніт; у акісленых рудах: купрыт, малахіт, брошантыт, азурыт, хрызакола і інш., а таксама медзь самародная. Радовішчы медзі падзяляюцца на 9 геолага-прамысл. тыпаў (медна-нікелевыя, медзістых пясчанікаў і сланцаў, медна-калчаданныя, медна-парфіравыя і інш.). Сярэдняя колькасць медзі у іх 0,3—5%. Найб. здабыча медзі ў Чылі, ЗША, Расіі, Казахстане, Канадзе, Замбіі, Аўстраліі.