аргані́зм, ‑а, м.

1. Усякая жывая істота, расліна. Прасцейшыя арганізмы. Жывёльны арганізм. Раслінны арганізм.

2. Сукупнасць фізічных і душэўных якасцей якога‑н. чалавека. Толькі моцны, загартаваны арганізм мог вытрымаць такія жорсткія выпрабаванні. Паслядовіч.

3. перан. Тое, што нагадвае сабой складанае арганізаванае адзінства. Грамадскі арганізм. Партыйны арганізм. Тэатр нагадвае сабой грандыёзны мастацкі арганізм. □ Моладзь вучылася ў дарослых, а гімназія нагадвала маладую клетачку ў складаным арганізме рэвалюцыйна-вызваленчага руху. У. Калеснік. Магутных артэрыяў свежую кроў Па ўсім арганізме краіны Няспынна нясе цягніковы строй Скрозь буры, завеі і стыні! Лявонны.

[Лац. organismus.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

анаэро́бы

(ад ан- + аэробы)

арганізмы, здольныя жыць у асяроддзі, дзе няма атмасфернага кіслароду, напр. некаторыя бактэрыі, ніжэйшыя расліны (параўн. аэробы).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

полісапро́бы

(ад полі- + гр. sapros = гнілы + bios = жыццё)

раслінныя і жывёльныя арганізмы, якія жывуць у вадаёмах, моцна забруджаных арганічнымі рэчывамі.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

рэдуцэ́нты

(лац. reducens, -ntis = які вяртае, узнаўляе)

арганізмы, якія жывяцца мёртвым арганічным рэчывам і мінералізуюць яго да простых неарганічных злучэнняў.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

фотабіяло́гія

(ад фота- + біялогія)

раздзел біялогіі, які вывучае ўздзеянне святла на жывыя арганізмы, уключаючы працэс фотасінтэзу, фотатаксісу, фотатрапізму і інш.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

АДЛЮСТРАВА́ННЕ,

уласцівасць матэрыі, якая заключаецца ў перадачы асаблівасцяў аб’екта або працэсу, якія адлюстроўваюцца. Выяўляецца ў здольнасці любой рэчы ў неарган. прыродзе ўзнаўляць такія змены, адбіткі, рэакцыі, якія знаходзяцца ў адпаведнасці (або падабенстве) з рэччу, якая на яе ўздзейнічае. Жывыя арганізмы выкарыстоўваюць уласцівасць адлюстраванне як сродак самазахавання і самапрыстасавання да навакольнага асяроддзя, пачынаючы ад раздражняльнасці раслін і прасцейшых арганізмаў. У ходзе эвалюцыі раздражняльнасць як агульная ўласцівасць арганізма прасцейшых ператвараецца ў элементарную адчувальнасць нервовай тканкі, а потым — у непасрэдную псіхічную дзейнасць жывёл у працэсе развіцця органаў пачуццяў і галаўнога мозга. У выніку працяглага працэсу антрапагенезу ўзнікаюць і развіваюцца свядомае псіхічнае адлюстраванне і дзейнасць людзей. Вышэйшая, спецыфічная чалавечая форма адлюстравання — свядомасць.

Літ.:

Тюхтин В.С. Отражение. Системы. Кибернетика. М., 1972;

Петушкова Е.В. Отражение в живой природе: Динамика теорет. моделей. Мн., 1983;

Губанов Н.И. Чувственное отражение. М., 1986.

Я.​В.​Петушкова.

т. 1, с. 112

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНФУЗО́РЫІ (Infusoria, або Ciliophora),

тып высокаарганізаваных прасцейшых. 2 класы: раснічныя і сысучыя, больш за 1100 родаў, каля 7000 відаў. Пашыраны ўсюды ў морах і прэсных вадаёмах, некат. віды — у глебе і імхах.

Памеры ад 10 мкм да 3 мм. Форма цела разнастайная. Бываюць рухомыя і прымацаваныя, адзінкавыя і каланіяльныя арганізмы. Цела ўкрыта радамі раснічак, ёсць клетачны рот (цытастом). Размнажэнне пераважна бясполае (дзяленне на дзве часткі, адначасовае множнае дзяленне, пачкаванне) і полавае (кан’югацыя). Кормяцца бактэрыямі, водарасцямі і прасцейшымі. У неспрыяльных умовах утвараюць цысты. Многія І. — каменсалы (гл. Каменсалізм) і паразіты інш. жывёл. Некат. І. выклікаюць захворванні рыб (іхтыяфтырыусы, трыхадзіны), чалавека і жывёл (балантыдый колі). Водныя І. ўдзельнічаюць у біял. ачышчэнні сцёкавых вод, многія — корм для рыб.

Э.​Р.​Самусенка.

Інфузорыі; 1 — туфелька; 2 — іхтыяфтырыус; 3 — сувойка; 4 — кампанела (участак калоніі); 5 — трыхадзіна; 6 — балантыдый.

т. 7, с. 295

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАКАРЫЁТЫ (ад лац. pro перад, раней, замест + грэч. karyon ядро),

мікраскапічныя арганізмы, клеткі якіх не маюць абмежаванага мембранай ядра. Каля 6 тыс. відаў. Да П. адносяцца ўсе бактэрыі, у т. л. архебактэрыі і цыянабактэрыі. Клеткі П. паводле будовы проціпастаўлены эўкарыётам (ядзерным арганізмам) і разам з іх продкамі (уркарыётамі) лічацца найб. стараж. даядзернымі арганізмамі. Асн. структурны кампанент клетачнай сценкі — глікапептыд мурэін, які не выяўлены ў інш. групах арганізмаў. Аналаг ядра — структура, якая мае ДНК, бялкі і РНК. Генет. сістэма П. замацавана на клетачнай мембране і адпавядае прымітыўнай храмасоме. Размнажаюцца П. дзяленнем без выяўленага палавога працэсу. У адрозненне ад эўкарыётаў не маюць хларапластаў, мітахондрый, апарата Гольджы, цэнтрыёлей. Адрозненні паміж П. і эўкарыётамі больш істотныя, чым паміж вышэйшымі жывёламі і вышэйшымі раслінамі, таму ў сістэме арганізмаў П. вылучаны ў надцарствы. Адыгрываюць важную ролю ў кругавароце рэчываў у прыродзе.

С.​С.​Ермакова.

т. 12, с. 545

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

крыптаге́нны

(ад крыпта- + -генны);

к-ая фауна — выкапнёвыя арганізмы (прадстаўнікі фауны) пэўнай тоўшчы зямной кары, продкі якіх невядомыя з ніжэйшых слаёў.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

мезасапро́бы

(ад меза- + гр. sapros = гнілы + bios = жыццё)

раслінныя і жывёльныя арганізмы, якія жывуць у водах, што ўмерана забруджаны арганічным рэчывам.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)