род кветкавых раслінсям. ружавых. Больш за 10 відаў. Пашыраны ў арктычных і субарктычных раёнах, таксама ў высакагор’ях на Пн умеранага пояса. Расце ў тундры, на гальцы і альпійскіх лугах. Найб. вядомыя Д. васьміпялёсткавая (D. octopetala) і кропкавая (D. punctata).
Шматгадовазялёныя кусцікі са сцелістым сцяблом. Лісце простае, скурыстае, зверху зялёнае, бліскучае, знізу бела-лямцавае. Кветкі адзіночныя, буйныя, белыя, рэдка жоўтыя, на прамастойных кветаносах Плод — шматарэшак. На каранях развіваецца эктатрофная мікарыза. Кармавыя (для аленяў), харч. (сурагат гарбаты), лек. (вяжучае) і дэкар. (выкарыстоўваюцца для стварэння альпінарыяў) расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫ́МНІЦА (Fumaria),
род кветкавых раслінсям. дымніцавых. Каля 50 відаў. Пашыраны пераважна ў Міжземнамор’і. На Беларусі 3 віды: Д. лекавая (F. officinalis), трапляецца ўсюды як пустазелле; Ваяна (F. vaillantii), вельмі рэдкі від, расце на мелавых агаленнях; казіная (F. capreolata), трапляецца зрэдку як здзічэлая.
Аднагадовыя травяністыя расліны з тонкім разгалінаваным прамастойным сцяблом і стрыжнёвым коранем. Лісце чаргаванае, тонкае, перыстарассечанае, шызае, нібы дымчатае (адсюль назва), або зялёнае. Кветкі дробныя, фіялетава-ружовыя, радзей белыя, з кароткімі шпорцамі, сабраныя ў гронкі. Плод арэшкападобны. Лек. (мачагонны, жаўцягонны, патагонны, узбуджаны і танізоўны сродак) і фарбавальныя расліны. Ядавітыя (маюць фумаравую к-ту, алкалоід фумарын).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫЦЭ́НТРА, дыклітра (Dicentia),
род кветкавых раслінсям. дымніцавых. Каля 20 відаў. Пашыраны ва Усх. Азіі і Паўн. Амерыцы. На Беларусі 2 інтрадукаваныя віды: Д. цудоўная (D. spectabilis, радзіма — Кітай, Карэя) і прыгожая, або амерыканская (D. formosa, радзіма — Паўн. Амерыка). Вырошчваюць у садах і кветніках. Размнажаюць дзяленнем кустоў і карэнішчаў.
Шматгадовыя травяністыя расліны з прамым разгалінаваным сцяблом і карэнішчам. Лісце трайчаста-раздзельнае, перыстарассечанае або складанае, зялёнае ці шызавата-зялёнае. Кветкі пляскатыя, сэрцападобныя (адсюль бытавая назва расліны — «разбітае сэрца»), пераважна ружовыя або пурпуровыя, у доўгіх аднабаковых гронках. Плод — каробачка. Дэкар. і лек. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫЯРВІ́ЛА (Diervilla),
род кветкавых раслінсям. бружмелевых. Вельмі блізкі да роду вейгела. 5 відаў. Пашыраны ў Паўн. Амерыцы і Усх. Азіі. На Беларусі 3 інтрадукаваныя віды: Д. бружмелевая (D. lonicera), сядзячалістая (D. sessilifolia) і прырэчная, або ручаёвая (D. rivularis). Вырошчваюцца пераважна ў бат. садах, дэндрарыях і парках. Размнажаюцца насеннем і вегетатыўна.
Лістападныя кусты выш. да 2 м з разгалінаванымі парасткамі і шчыльнай шарападобнай кронай. Лісце простае, супраціўнае, авальна-выцягнутае або падоўжанае, бліскучае, па краі пілаватае. Кветкі двухполыя, няправільныя, зеленавата-жоўтыя, даўж. да 1 см, у гронкападобных або мяцёлчатых суквеццях. Плод — 2-гнездавая каробачка. Дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭ ФРЫЗ, Дэ Фрыс (De Vries) Туга (16.2.1848, г. Харлем, Нідэрланды — 21.5.1935), галандскі батанік; адзін з заснавальнікаў вучэння пра зменлівасць і эвалюцыю. Замежны ганаровы чл.АНСССР (1932). Скончыў ун-т у г. Лейдэн (1870). У 1878—1918 праф. Амстэрдамскага ун-та і дырэктар бат. сада. Навук. працы па распрацоўцы мутацыйнай тэорыі. Прапанаваў тэрмін «мутацыя», ажыццявіў эксперым. вывучэнне эвалюцыйнага працэсу. Распрацаваў метад вызначэння асматычнага ціску ў раслін і вучэнне пра ізатанічныя каэфіцыенты (1877). Паўторна, незалежна ад ням. батаніка К.Э.Корэнса і аўстр. генетыка Э.Чэрмак-Зайзанега адкрыў законы Мендэля (1990).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАСЦЁР (Rhamnus),
род кветкавых раслінсям. крушынавых. Больш за 140 відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Афрыцы і Паўн. Амерыцы. На Беларусі 1 дзікарослы барэальны еўрапейскі від — Ж. слабіцельны (Rh. cathartica), расце на схілах рачных тэрас, у лясах, сярод хмызнякоў, і 18 інтрадукаваных: Ж. фарбавальны (Rh. tinctona), Ж. вальховалісты (Rh. alnifolia), Ж. дыяментавы (Rh. diamantiaca), Ж. усурыйскі (Rh. ussuriensis) і інш.
Кусты і невял. дрэвы, часта з калючымі галінкамі і пупышкамі, укрытымі лускавінкамі. Лісце супраціўнае, шчыльнае, яйцападобнае з травяністымі прылісткамі. Кветкі малапрыкметныя, жаўтавата-зялёныя вузказваночкавыя. Плод — сакаўная касцянка. Лек., дэкар., фарбавальныя, дубільныя расліны, меданосы. Выкарыстоўваюцца ў азеляненні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫТНЯ́К (Agropyron),
род кветкавых раслінсям. метлюжковых. Каля 15 відаў. Пашыраны ў Еўропе (пераважна ў Міжземнамор’і), Паўн. Афрыцы, Азіі, Аўстраліі, Новай Зеландыі. На Беларусі як занесены і натуралізаваны трапляецца Ж. грэбенепадобны (A. pectinatum). Расце каля дарог, на пустках, газонах і інш.
Шматгадовыя травяністыя расліны з прамастойным звычайна слабашурпатым сцяблом і моцнай валасніковістай каранёвай сістэмай. Лісце вузкае, лінейнае, іншы раз уздоўж згорнутае, часта з тонкімі шыпікамі. Агульнае суквецце — яйцападобны, падоўжаны ці лінейны сціснуты двухрадны колас. Каласкі адзіночныя, сядзячыя, з 3—10 кветкамі. Плод — зярняўка. Кармавыя і дэкар. расліны, замацоўваюць рухомыя пяскі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗААЗЕ́Р’Е,
гідралагічны заказнік на тэр. Бялыніцкага р-на Магілёўскай вобл. Створаны ў 1968 як заказнік рэсп. значэння для захавання ў натуральным стане балотнага масіву з тыповай для міжрэччаў стратыграфіяй тарфянікаў. Пл. 4286 га (1997). Размешчаны на Цэнтральнабярэзінскай раўніне і займае ч. Друць-Бярэзінскага міжрэчча. Размешчаны на вярховым балоце. У цэнтры пераважаюць хваёва-кусцікавыя раслінныя асацыяцыі, у паўн.ч. — градава-багнавыя комплексы расліннасці. На ўскраінах пашыраны хваёва-бярозава-пушыцава-сфагнавыя асацыяцыі. На мінер. участках пераважаюць бярозава-асінавыя лясы. У флоры заказніка каля 100 відаў раслін, у т. л. ахоўныя чубатка пустая і зубніца клубняносная.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАЛО́ЗНІЦА (Scrophularia),
род кветкавых раслінсям. залознікавых. Каля 310 відаў. Пашыраны пераважна ў нетрапічнай ч.Паўн. паўшар’я. На Беларусі трапляюцца З. вузлаватая (S. nodosa) і ценявая (S. umbrosa). Растуць па берагах рэк, вадаёмаў, у цяністых месцах, лясах, каля дарог і на пустках.
Адна-, двух- і шматгадовыя травяністыя расліны і паўкусты з прамастойным або ўзыходным сцяблом. Лісце супраціўнае, рэдка кальчаковае, цэласнае, перыстараздзельнае або перыстарассечанае. Кветкі дробныя, малапрыкметныя, звычайна зеленавата-бурыя ці жоўтыя, двухполыя, двухгубыя, сабраны па 2—10 у паўпарасонікі, што ўтвараюць канцавыя агульныя мяцёлчатыя або гронкападобныя суквецці. Плод — 2-гнездавая каробачка. Лек. і меданосныя расліны. Ядавітыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАСЛА́ЎЕ,
геалагічнае агаленне адкладаў муравінскага міжледавікоўя каля г. Заслаўе (Мінскі р-н) у пясчана-жвіровым кар’еры; помнік прыроды рэсп. значэння (з 1984). Адкрыта ў 1979. Магутнасць азёрна-балотных (торф, суглінак) адкладаў 1,5—2,5 м, якія агаляюцца на працягу больш за 100 м. Залягаюць на флювіягляцыяльных пародах дняпроўскага зледзянення і перакрыты лёсападобнымі асадкамі паазерскага зледзянення. У адкладзе выяўлены пылок, споры, плады, насенне каля 60 відаў дрэвавых і травяністых раслін (граб, ліпа, клён, ляшчына, зрэдку дуб і елка), больш за 20 відаў рэшткаў насякомых, якія існавалі ў час оптымуму муравінскага міжледавікоўя.