апра́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Разм. Тое, што і вопратка. А маладзенькія ялінкі Пад белым пухам чуць заметны; Яны так мілы, так прыветны, Бы тыя красачкі-дзяўчаткі, Надзеўшы гожыя апраткі. Колас. Стала холадна адразу ўсяму, і здавалася, што цела толькі пад адным кажухом, што на ім няма больш ніякай апраткі. Пташнікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

аўдые́нцыя, ‑і, ж.

Высок. і іран. Афіцыйны прыём у высокапастаўленай асобы. — Ну добра.., — урачыста абвясціў Вейс, узняўшыся ў крэсле, каб паказаць, што аўдыенцыя канчаецца. Лынькоў. — Прыходзь жа сюды не пазней трох дзён, раскажаш нам, што здабудзеш за гэты час. Апознішся, то можа мяне не застанеш тут. — На гэтым і скончыў дзед Талаш сваю аўдыенцыю. Колас.

[Лац. audientia — слуханне, выслухванне.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ахіну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., каго-што.

1. Атуліць, ахутаць. Касынкай ахінуўшы плечы, Ідзе па вуліцы яна! Гаўрусёў.

2. перан. Агарнуць, авеяць. Новыя думкі і настроі ахінулі маладога настаўніка. Колас. Не ўспомніць нельга грозных дзён мінулых З партызанскіх вогнішчаў, і тых, Чые курганы слава ахінула. Танк. // Стварыць абставіны; агарнуць, акружыць. Ахінуць ласкай.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ве́шальнік, ‑а, м.

1. Той, хто вешае людзей. А чаму ж той ваш вешальнік не пускаў слязы, калі вешаў Івася Казімерчыка? Чорны.

2. У спалучэнні з назоўнікам — правіцель, які вызначаецца сваёй жорсткасцю і дэспатызмам. У камеру ўваходзіў дзяжурны памочнік начальніка астрога, старшы наглядчык Дожджык, які здаўся Лабановічу з першага погляду падобным да Мураўёва-вешальніка. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

відо́вішча, ‑а, н.

1. Тое, што паўстае, адкрываецца перад вачамі, з’яўляецца прадметам агляду. Было ў дарозе шмат відовішч, Малюнкаў розных, гора, слёз, Што тлум людскі з сабою нёс. Колас. Каровы, устрывожаныя відовішчам агню, збіліся ў гурт і наперабой рыкалі. Навуменка.

2. Паказ, прадстаўленне (тэатральнае, цыркавое і пад.). Рыхтавалася цудоўнае відовішча. Выступалі лёгкаатлеты Беларускай чыгункі. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

во́хкаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Усклікваць «вох», глыбока ўздыхаць, выказваючы пачуццё прыкрасці, непрыемнасці, жалю, болю і пад. Халуста пачаў бегаць па млыне, хапацца рукамі за галаву, вохкаць, айкаць, стагнаць, стукаць кулакамі ў грудзі. Чарнышэвіч. // Адзывацца гукамі, падобнымі на вохканне. Дзесь далёка-далёка вохкала зямля. Колас. Усю зіму вохкаў лес. Кіпела ў ім жыццё. Бядуля.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

алма́з, ‑а і ‑у, м.

1. ‑у. Празрысты, звычайна бясколерны, каштоўны камень, які сваім бляскам і цвёрдасцю перавышае ўсе іншыя мінералы і самацветы; агранены ў пэўную форму, называецца брыльянтам. У снежнай завеі гарэлі алмазам Старыя крамлёўскія вежы. Колас.

2. ‑а. Тонкі асколак гэтага каменя, устаўлены ў аправу з дзяржаннем, прыстасаваны для рэзання шкла; шкларэз.

[Цюрк.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абла́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

Разм.

1. Улада, уплыў. Свежы сустрэчны вецер асвяжыў мяне, на нейкую хвіліну адагнаў сон, які браў мяне ў сваю абладу. С. Александровіч.

2. Уладанне, прыналежнасць, здабытак. У сяле ўсялякія чуткі, усякая гутарка, што вядзецца патайна, без усякіх сведак, скора робіцца агульнай абладай. Колас.

3. Аправа (у 1 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кватэ́рка ​1, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

Памянш.-ласк. да кватэра; невялікая кватэра.

кватэ́рка ​2, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

Даўнейшая мера вадкіх або сыпкіх рэчываў, роўная чацвёртай частцы кварты (у 1 знач.). [Піліп] пры кожным зручным выпадку зводзіў гутарку на «кватэрку» гарэлкі. Колас. // Бутэлька або кубак гэтага аб’ёму.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

іро́нія, ‑і, ж.

1. Тонкая, скрытая насмешка. Ноткі іроніі. Горкая іронія. Злая іронія. □ Увесь час на .. твары [Івана Пракопавіча] адбіваюцца: то яхідны смех, то злосць, то іронія, то сарказм. Колас.

2. Стылістычны зварот, фраза, слова, у якіх прытворна, з мэтай насмешкі сцвярджаецца супроцьлеглае таму, што думаюць аб асобе або прадмеце.

•••

Іронія лёсу (кніжн.) — аб недарэчнай выпадковасці.

[Грэч. eirōneia.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)