рыба сям. вугровых атр. вугрападобных. Пашыраны ў вадаёмах Еўропы ад Белага да Чорнага мораў (у Міжземным м. — па афр. і азіяцкім узбярэжжах). Прахадная рыба. У рэкі і азёры Беларусі (бас. Нёмана, Зах. Дзвіны і Зах. Буга) заходзіў з Балтыйскага м. З пабудовай плацін на рэках міграцыі спыніліся, азёры (пераважна Пн Беларусі) зарыбляюцца штучна. Нар. назвы вугар, вангор.
Даўж. да 2 м, маса да 6 кг (звычайна 30—70 см, 500—800 г). Цела амаль цыліндрычнае, змеепадобнае, спіна цёмна-зялёная або бура-чорная, бакі жоўтыя, бруха жаўтаватае ці белае. Луска дробная, паглыбленая ў скуру з тоўстым слоем слізі. Корміцца дробнай рыбай, ікрой, жабамі і беспазваночнымі. Большую ч.жыцця праводзіць у прэснай вадзе (ад 6 да 25 гадоў). Для размнажэння мігрыруе ў Саргасава м. Атлантычнага ак. У моры не корміцца. Пасля нерасту дарослая рыба гіне. Лічынкі (т.зв. лептацэфалы) з Гальфстрымам і Паўн.-Атлантычным марскім цячэннем дрэйфуюць 2,5—3 гады да берагоў Еўропы. Калі ператвараюцца ў малявак (т.зв. шклопадобных вугроў), рассяляюцца па вадаёмах.
Шклопадобныя вугры імпартуюцца на Беларусь пераважна з Францыі і Вялікабрытаніі. Больш за 40 млн. малявак вугра еўрапейскага запушчана ў больш як 70 вадаёмаў (па 1980-я г.). Каштоўны аб’ект промыслу і развядзення.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛІВУ́Д, Халівуд (Hollywood),
прыгарад г.Лос-Анджэлес, на ПдЗ ЗША, штат Каліфорнія. Знаходзіцца за 30 км ад узбярэжжа Ціхага ак., у раёне з разнастайнымі ландшафтамі (горы, паўпустынныя раўнінныя ўчасткі, лясныя масівы).
Цэнтр амер. кінамастацтва. Першая студыя засн. ў 1911. Расшырэнне вытв-сці абумовіла фарміраванне ў Галівудзе на аснове паўсаматужных груп буйных кампаній, частка якіх існуе і цяпер. У 1920-я г. ў Галівудзе была створана самая перадавая на той час матэрыяльна-тэхн. база кінавытворчасці, якая пастаянна ўдасканальвалася, падрыхтаваны прафесійныя кадры. Тады зарадзілася сістэма «зорак» — акцёраў, адно імя якіх збірала ў кінатэатры натоўпы гледачоў. Была наладжана паточная вытв-сць сцэнарыяў і фільмаў у рамках устойлівай сістэмы жанраў. Галівуд як «фабрыка мрояў» прыцягваў да сябе пільную ўвагу масавай аўдыторыі не толькі фільмамі, але і самім ладам жыцця, які шырока рэкламаваўся сродкамі інфармацыі. У 1927 у Галівудзе засн.Амерыканская акадэмія кінематаграфічных мастацтваў і навук. У 2-й пал. 1930-х г. аб’ём кінавытворчасці 8 найб. фірмаў Галівуда («Метро-Голдвін-Маер», «20 стагоддзе-Фокс», «Уорнер бразерс», «РКО-Радыё», «Парамаўнт», «Юнайтэд артыстс», «Каламбія Пікчэрс», «Юніверсал інтэрнэшанал») складаў больш чым 500 фільмаў за год. У 1950—60-я г. Галівуд перажываў эканам. цяжкасці, але выстаяў у канкурэнцыі з тэлебачаннем і незалежнымі прадзюсерамі. Галівуд — своеасаблівы міф, сімвал амер. кіно.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́МСУН (Hamsun; сапр.Педэрсен; Pedersen) Кнут
(4.8.1859, г. Лом, Нарвегія — 19.2.1952),
нарвежскі пісьменнік. Вёў вандроўніцкае жыццё, змяніў шмат прафесій. З 1911 жыў у Нарвегіі. У 1934 публічна выказаў сваю падтрымку нацыстам. У 1945 арыштаваны, у 1947 асуджаны за пасобніцтва ворагу. У ранніх раманах і аповесцях «Голад» (1890), «Містэрыі» (1892), «Новая зямля» (1893), «Пан» (1894), «Вікторыя» (1898), зб. навел «Сіеста» (1898), напісаных у традыцыях неарамантызму, адчуваецца ўплыў філас. ідэй Ф.Ніцшэ, Э.Сведэнбарга, А.Шапенгаўэра, С.К’еркегора, эстэтыкі А.Стрындберга, Ф.Дастаеўскага. У раманах «Пад восеньскай зоркай» (1906), «Бенані», «Роза» (абодва 1908), «Вандроўнік грае пад сурдзінку» (1909) дамінуюць матывы самотнага вандроўніцтва, беспрытульніцтва, пошуку шляхоў да зліцця з прыродай. Раманы «Апошняя ўцеха» (1912), «Дзеці свайго часу» (1913), «Мястэчка Сегельфос» (1915), «Плён зямлі» (1917; Нобелеўская прэмія 1920) вызначаюцца непрыняццем тагачаснай зах. цывілізацыі (за выключэннем нямецкай). Ідэі зліцця з прыродай і зямлёй развіваюцца ў раманах «Жанчыны каля студні» (1920), «Аўгуст» (1930), «А жыццё ідзе» (1933), «Кальцо замыкаецца» (1936). Аўтар драм. твораў «Каля брамы царства» (1895), «Гульня жыцця» (1896), «Вечаровая зара» (1898), «Манах Вэнт» (1902), зб-каў вершаў «Дзікі хор» (1904), мемуараў «На зарослых сцяжынках» (1949) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́РЫД (Язэп Міхайлавіч) (27.7.1896, г. Адэса, Украіна — 1.9.1939),
бел. графік і жывапісец. Вучыўся ў Віленскім ун-це (1923—25) і Парыжы (1928). Вядучы мастак гумарыстычна-сатыр.зах.-бел.час.«Маланка» (1926—28). Яго палітычна завостраныя карыкатуры былі скіраваны супраць сац. і нац. ўціску ў Зах. Беларусі і Польшчы, а таксама закраналі тэмы міжнар.жыцця. Аформіў паэт.зб. «Вянок» (2-е выд., 1927) М.Багдановіча, «Шум баравы» М.Васілька, «Веснапесні» Хв.Ільяшэвіча (абодва 1929), «Журавінавы цвет» (1937) М.Танка, кн. «Беларускі дзіцячы спеўнік» (1925) А.Грыневіча, «Беларускія народныя песні» Р.Шырмы, «Беларускія (крывіцкія) казкі» (абедзве 1929), падручнік «Пішы самадзейна» (1929) С.Паўловіча і інш., змяшчаў свае малюнкі ў час. «Родныя гоні» (1927), «Заранка» (1927—31), газ.Бел.сял.-рабочай грамады «Народны звон» (1926). Стварыў серыю гравюр для «Беларускага календара на 1927 год» (серыя «Дванаццаць месяцаў» выкарыстоўвалася і ў інш. календарах канца 1920 — пач. 30-х г.). Аўтар літаграфічных партрэтаў Я.Купалы (1923) і Я.Коласа (1931). Апошнія гады працаваў як партрэтыст (жывапісны партрэт скульптара Р.Яхімовіча), пейзажыст («Віды Вільні і ваколіцаў») і дэкаратар (сграфіта на фасадзе будынка букіністычнай кнігарні ў Вільні).
Літ.:
Ліс А.С. Пякучай маланкі след. Мн., 1981.
А.С.Ліс.
Я.Горыд. Ілюстрацыя да казкі «Змей». 1929.Я.Горыд. Вокладка кн. «Беларускія (крывіцкія) казкі». № 1. 1929.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖО́ТА ДЫ БАНДО́НЕ [Giotto di Bondone; 1266 або 1267, Коле-ды-Веспіньяна (?), Італія — 8.1.1337],
італьянскі жывапісец, прадстаўнік Протарэнесансу. Вучыўся, верагодна, у майстэрні Чымабуэ. Працаваў пераважна ў Падуі і Фларэнцыі. З імем Дж. ды Б. звязаны паварот у развіцці італьян. жывапісу, яго разрыў з сярэдневяковымі канонамі і традыцыямі італа-візант. мастацтва 13 ст. Знаёмства з познаант. жывапісам і творамі П.Каваліні вызначыла далейшае развіццё творчасці Дж. ды Б. У 1304—06 ён стварыў вядомыя размалёўкі капэлы дэль Арэна (Скравеньі) у Падуі. Размешчаныя на сценах капэлы ў 3 ярусы размалёўкі перадаюць гісторыю жыцця Марыі і Хрыста ў выглядзе шэрагу драм. эпізодаў. Захаванне ў кожнай кампазіцыі адзінства часу і месца, энергічная пабудова аб’ёмаў і прасторы, прастата сітуацый і пластычная выразнасць жэстаў, светлы, святочны каларыт робяць размалёўкі выдатным творам протарэнесансавага жывапісу Італіі. У пач. 14 ст. Дж. ды Б. выканаў размалёўкі ў царкве Бадзія (1300—02, Фларэнцыя), а таксама некалькі алтарных абразоў, сярод якіх найб. вядомы «Мадонна Аньісанці» (1310—20, Фларэнцыя). У размалёўках капэл Перуцы (каля 1320) і Бардзі (1320—25) у фларэнційскай царкве Санта-Крочэ дасягнуў арган. сувязі з архітэктурай, стрыманасці каларыту і манументальнасці вобразаў. Аўтар праекта кампанілы (званіцы) фларэнційскага сабора Санта-Марыя дэль Ф’ёрэ (буд-ва пачата ў 1334).
Літ.:
Данилова И. Джотто: [Альбом]. М., 1970.
Джота ды Бандоне.Джота ды Бандоне. Фрэска «Уезд Хрыста ў Іерусалім» у капэле дэль Арэна ў Падуі. 1304—06.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЁННІК,
штодзённыя або перыядычныя запісы (звычайна датаваныя), якія адлюстроўваюць падзеі жыцця аўтара на фоне рэчаіснасці; літаратурна-бытавы жанр. Запісы часта вызначаюцца па гарачых слядах падзей. Дз. найчасцей пішацца для сябе і не разлічаны на публічнае прачытанне (за выключэннем літ. Дз.).
З’яўляюцца своеасаблівымі гісторыка-культ. дакументамі (Дз. мараплаўца Дж.Кука, ліцэйскі Дз. дзекабрыста В.К.Кюхельбекера, публіцыста АС.Суворына, пісьменнікаў В.Скота, Стэндаля, Т.Шаўчэнкі, Ф.Дастаеўскага, Л.Талстога, А.Чэхава і інш.). Пэўнымі дзённікавымі асаблівасцямі вызначаюцца некаторыя творы стараж.бел. л-ры: «Дзённік» Фёдара Еўлашоўскага (канец 16 — пач. 17 ст.), дыярыушы А.Філіповіча, С. і Б.Маскевічаў, якія грунтаваліся на папярэдніх дзённікавых запісах. Элементы Дз. часта маюць падарожныя запісы і лісты, што тлумачыцца іх хранікальнасцю: мемуары А.Абуховіча (канец 19 ст.), «Лісты з дарогі» Ядвігіна Ш. (1910), «Успаміны з паездкі ў Фінляндыю» Цёткі (1914). Пісьменніцкія Дз., нават калі не становяцца літ. творамі, маюць літ.-гіст. значэнне і з’яўляюцца каштоўным матэрыялам для даследавання жыццёвага і творчага шляху пісьменніка, вытокаў і псіхалогіі яго творчасці (дзённікавыя запісы 1902—03, «На схіле дзён», 1945—51, Я.Коласа; «Лісткі календара», 1932—39, М.Танка; ваен. Дз. 1941—43 І.Мележа і інш.). Часта Дз. выступае як жанравая разнавіднасць дакумент. і маст. прозы, можа быць блізкі да твораў аўтабіяграфічнага жанру.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗІ́КЕНС ((Dickens) Чарлз) (7.2.1812, г. Портсмут, Вялікабрытанія — 9.6.1870),
англійскі пісьменнік. Вучыўся ў прыватнай школе, працаваў клеркам, парламенцкім стэнографам. рэпарцёрам. Шырокую вядомасць прынёс яму першы твор «Нарысы Боза» (1833—36). Серыя спарт. нарысаў пра дзівака і няўдачніка містэра Піквіка ператварылася ў камічную эпапею — раман «Пасмяротныя запіскі Піквікскага клуба» (1837). У раманах «Прыгоды Олівера Твіста» (1838), «Жыццё і прыгоды Нікаласа Нікльбі» (1839) адлюстраваў заняпад духоўнасці і маралі ў віктарыянскай Англіі; сац. праблемы разглядаліся ў іх сувязі з маральна-этычнымі, праз крытэрыі дабра і зла. Традыцыі «рамана выхавання», рэаліст. асэнсаванне рэчаіснасці, увага да вечных маральных праблем характэрны для раманаў «Домбі і сын» (1848) і «Дэвід Коперфілд» (аўтабіяграфічны, 1849—50). Паглыбленне ў сутнасць жыцця адбывалася разам з узмацненнем сімволікі і сатыр. трактоўкі вобразаў у раманах «Халодны дом» (1853), «Цяжкія часы» (1854), «Крошка Дорыт» (1857). Аўтар гіст. рамана «Барнабі Радж» (1841), сац.-псіхал. раманаў з элементамі дэтэктыва «Вялікія спадзяванні» (1861), «Наш агульны сябар» (1865), «Таямніца Эдвіна Друда» (1870, незакончаны). На бел. мове выдадзены раманы Дз. «Домбі і сын» (1938) і «Вялікія спадзяванні» (1940). Паводле яго твораў т-р імя Я.Коласа паставіў спектакль «Жорсткі свет» (1953).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫСПЕПСІ́Я (ад дыс... + грэч. pepsis страваванне),
парушэнні стрававання. Тэрмін «Д.» захаваўся пераважна для вызначэння сіндромаў парушэння функцыі кішэчніка — гніласная Д. і брадзільная Д. У аснове брадзільнай Д. ляжыць павышаная маторыка тонкага кішэчніка. У выніку частка вугляводаў ежы не ператраўляецца і не засвойваецца. Праяўляецца ўздуццем і распіраннем жывата, бурчаннем і пераліваннем, колікападобнымі болямі, газамі, вадкім ці кашкападобным стулам. Гніласная Д. — вынік гніення ў тоўстым і часткова тонкім кішэчніку. Праяўляецца паносамі (вадкія, цёмнага колеру, непрыемнага паху). Д. дзіцячая — вострая хвароба стрававальна-кішачнага тракту з расстройствам стрававання ў дзяцей першага года жыцця (8—9 месяцаў). Найчасцей бывае пры штучным і мяшаным кармленні. Пры простай Д. стул вадкі, часты, зялёнага колеру з камячкамі (6—8 разоў за суткі), уздуцце жывата, колікападобныя болі. Таксічная Д. — цяжкая форма захворвання з глыбокім парушэннем усіх відаў абмену рэчываў і функцый многіх органаў і сістэм. Праяўляецца рвотай і вадзяністым (да 15 разоў за суткі) стулам. Ад вял. страты вады змяншаецца маса цела, развіваецца эксікоз (абязводжванне), назапашваюцца таксічныя прадукты абмену, што пашкоджвае цэнтр.нерв., вегетатыўную, сардэчна-сасудзістую сістэмы, парушае кровазварот, дыханне, функцыі печані і нырак. Бывае ў аслабленых, хворых на дыятэз і дыстрафію дзяцей. Лячэнне: водна-чайная дыета, дазіраванае харчаванне, ферменты, вітаміны, антыбіётыкі, сімптаматычныя сродкі.
французскі мастак. Вучыўся ў Школе прыгожых мастацтваў у Парыжы (1855—56). У Італіі вывучаў мастацтва ранняга Адраджэння (1854—59). Зазнаў уплыў Ж.А.Д.Энгра. Пачаў са строгіх па кампазіцыі гіст. карцін і партрэтаў («Сям’я Белелі», каля 1858—60). У 1870-я г. наблізіўся да імпрэсіянізму. Захоплены шматвобразнасцю і рухомасцю гар.жыцця, маляваў сучасны яму Парыж (вуліцы, тэатр, кавярні, скачкі) у непарыўна-зменлівых аспектах («Плошча Згоды», каля 1875, «Абсент», 1876, і інш.); адлюстроўваў бытавыя сцэны («Жанчыны на тэрасе кавярні», 1877, «Жанчына расчэсвае валасы», каля 1883, «Прасавальшчыцы», каля 1884, і інш.), у іх выяўляў пластычную прыгажосць чалавека. Маляўнічасцю вылучаюцца пастэльныя творы са сцэнамі балета («Танцоўшчыца ў фатографа», каля 1877—78, «Зорка», 1878, «Экзамен танца», 1880, і інш.). Напружаны характар набываюць творы Д. 1880—90-х г. (выкананы гал. чынам пастэллю), больш інтэнсіўныя і багатыя па колеры з павялічанымі і амаль плоскаснымі формамі, цеснай прасторай («Блакітныя танцоўшчыцы», каля 1879, і інш.). З канца 1880-х г. шмат займаўся скульптурай. У фігурках балерын, купальшчыц, коней (часта эцюдных па лепцы) дамагаўся пластычна-выразнай перадачы імгненнага руху, вастрыні і нечаканасці позы, захоўваючы цэласнасць і канструктыўнасць фігуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАХАРЭ́ВІЧ (Марыя Георгіеўна) (н. 28.11.1936, в. Навасёлкі Мядзельскага р-на Мінскай вобл.),
бел. актрыса. Нар.арт. Беларусі (1977). Скончыла Бел.тэатр.-маст.ін-т (1957, курс К.Саннікава). Працуе ў Нац. т-ры імя Я. Купалы. Актрыса яркаакрэсленага лірыка-драм. плана. Створаныя ёю вобразы вызначаюцца логікай унутр.жыцця, душэўнай прыгажосцю, шчодрасцю, чысцінёй. Па-мастацку пераканаўча з творчым асэнсаваннем драматургічнага матэрыялу выканала ролі ў нац. рэпертуары: Ганны («Людзі на балоце» паводле І.Мележа), Зосі Савіч («Сэрца на далоні» паводле І.Шамякіна), Наталлі Фадзееўны («І змоўклі птушкі» І.Шамякіна), Ганны («Плач перапёлкі» паводле І.Чыгрынава), Паліны Іванаўны («Апошні шанц» В.Быкава), Галі Жураўкі («Пакуль вы маладыя» І.Мележа), Ганулі Зношчыхі, Альжбеты («Тутэйшыя», «Паўлінка» Я.Купалы); а таксама ў творах сав., рас., замежнай драматургіі: Камісара («Аптымістычная трагедыя» У.Вішнеўскага), Браент («Праўду! Нічога, акрамя праўды!!!» Д. Аля), Танкабіке («У ноч зацьмення месяца» М. Карыма), Варвары, Гурмыжскай («Навальніца», «Лес» А.Астроўскага), Незнаёмай («Безыменная зорка» М.Себасцьяна), Алены («Дзеці сонца» М.Горкага), Марыі («Закон вечнасці» Н.Думбадзе). Знялася ў кінафільмах «Чужая бацькаўшчына», «Я, Францыск Скрына», «Людзі на балоце», «Нядзельная ноч», тэлефільмах «Руіны страляюць», «Тартак», «Ясь і Яніна», «Хам» і інш. Удзельнічае ў тэлепастаноўках і радыёспектаклях («Рыбакова хата» паводле Я.Коласа і «Хамуціус» А.Куляшова), Дзярж. прэмія Беларусі 1984.