бэ́ра, ‑ы, ж.

1. Пашыраны ў Беларусі сорт позняй грушы, якая прыносіць буйныя жоўтыя салодкія плады. Ужо апранаючыся, [Коля] глянуў праз акно ў садок: ці калыша там вецер галінкі маладых бэр і антонавак? Якімовіч.

2. Плод гэтай грушы. Ранішнімі першымі замаразкамі мерзлі перад вокнамі спелыя бэры. Чорны.

•••

Лошыцкая бэра — беларускі селекцыйны сорт грушы.

Слуцкая бэра — сорт бэры, якая распаўсюджана ў Беларусі на Случчыне.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

за́саўка, ‑і, ДМ ‑саўцы; Р мн. ‑савак і (радзей) засо́ўка, ‑і, ДМ ‑соўцы; Р мн. ‑совак; ж.

Рухомая металічная або драўляная пласцінка на прабоях для запірання дзвярэй. Зачыніць дзверы на засаўку. □ Злева, ля вушака, было маленькае акенца, праз якое.. адмыкалі сені: пацягнеш за вяровачку — і адсунеш жалезную або драўляную засаўку. Дамашэвіч. // Прыстасаванне ў форме шырокай металічнай пласціны, якой закрываюць комін; юшка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зацяга́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

Разм.

1. Змучыць, стаміць, водзячы з месца на месца або прымушаючы прыходзіць куды‑н. Праз цябе яны і мяне зацягалі па допытах. Крапіва.

2. Занасіць, пашарпаць пры працяглым выкарыстанні. Зацягаць адзежу. // перан. Часта карыстаючыся, апошліць, зрабіць збітым, трывіяльным. Песня, якую не зацягала, не затаптала казарма, народная песня, якая вышэй за ўсе войны, — гучыць пераможным маршам. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

звяры́нец, ‑нца, м.

Спецыяльна абсталяванае памяшканне, прыстасаванае месца, дзе трымаюць дзікіх жывёл для паказу. І сам звярынец быў цікавы: Высокі, зложаны з бярвення, І такі моцны — на здзіўленне! Каб воўк да коз не мог дабрацца Ні праз той верх, ні падкапацца. Колас. Вясной у горад, дзе жылі нашы сябры, прывезлі ў звярынец з Маскоўскага заапарка двух маладых мядзведзяў і шэсць лебедзяў. Даніленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

маёнткавы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да маёнтка. [Алесь:] — За гэтай чарговай мерай мы адменім прыгон. Магчыма, праз год. І не так, як у праектах, а з зямлёй. Паступова падзелім усіх, не толькі сялян, а і беззямельную шляхту, раздаўшы большасць маёнткавай зямлі. Караткевіч. Прыйшлі маёнткавыя чалавек шэсць з крукамі і сякерамі і расцягнулі па бервяну хату. Чорны.

2. Які валодае маёнткам. Маёнткавая шляхта.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

даско́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; заг. даскоч; зак.

1. Скочыўшы, дасягнуць якога‑н. месца. Даскочыць да плота. □ Тут буланы конь як скокнуў з разгону, дык, можа, на які локаць усяго і не даскочыў да царэўны. Якімовіч.

2. Разм. Спяшаючыся, дабегчы, дамчацца да якога‑н. месца. Адсюль ужо разам на ўвесь ход сваіх коней паімчаліся .. [мужчыны] і праз хвілін дзесяць даскочылі да лесу. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мышы́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да мышы, належыць ёй. Мышыная нара. // Падобны чым‑н. на мыш; такі, як у мышы. Праз акуляры блішчалі маленькія, хітрыя мышыныя вочкі. Бядуля.

2. Такога колеру, як мыш; шэры. Салдаты ў мышыным адзенні атрад за атрадам пачалі знікаць у воблаках пылу і дыму, сярод руін зачасцілі аўтаматныя стрэлы, але крэпасць на іх ужо не адказвала. Лупсякоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

на́глуха, прысл.

1. Вельмі шчыльна, без адтулін. [Блецька] стараўся ўвайсці праз чорныя дзверы, але яны былі наглуха забіты цвікамі. Чорны. Вокны наглуха завешаны чорнай паперай. Алешка. // Вельмі моцна, так, што нельга перамясціць, ссунуць, адвярнуць. Рабочыя падчышчалі і падмяталі пуці, замыкалі стрэлкі і наглуха забівалі іх кастылямі. Лынькоў.

2. На ўсе гузікі, кручкі, засцежкі (зашпіліцца). Людзі ішлі па вуліцы, наглуха зашпіленыя. Васілёнак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нагрузі́ць, ‑гружу, ‑грузіш, ‑грузіць; зак., каго-што.

1. Напоўніць што‑н. грузам. Нагрузіць машыны. Нагрузіць вярблюда. □ Праз некаторы час я нагрузіў свае самалёты.. і вылецеў на Міншчыну. Казлоў. Партызаны нагрузілі вазы і пачалі выязджаць на дарогу. М. Ткачоў. // Пакласці груз на каго‑, што‑н. Нагрузіць рэчы на машыну.

2. перан. Разм. Ускласці на каго‑н. якую‑н. працу, грамадскія абавязкі. Нагрузіць грамадскай работай.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

неадо́льны, ‑ая, ‑ае.

Які цяжка, немагчыма пераадолець, перасіліць. Неадольны сон прычапіўся да хлопца. Колас. Сцёпка мог бы не ісці праз цэнтр горада, але неадольнае жаданне зірнуць на рэўком прымусіла яго павярнуць на галоўную вуліцу. Хомчанка. // Такі, якога цяжка, немагчыма адолець, перамагчы; магутны. Пошчак нарастаў і нарастаў, блізіўся. Неадольны, магутны. Зямля стагнала. Караткевіч. Правядзенне ленінскай нацыянальнай палітыкі згуртавала.. народы ў магутную неадольную сілу. «Звязда».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)