зве́зці, звязу, звязеш, звязе; звязём, звезяце; пр. звёз, звезла і звязла, звезла і звязло; зак., каго-што.
1. Возячы, даставіць у адно месца (многае, многіх); пазвозіць. Звезці каменне ў кучу. Звезці сена ў стог.
2. Забраўшы, адвезці куды‑н.; перавезці. Мяшкоў не хапала, каб сабраць, звезці з поля тыя жоўтыя, сакавітыя пачаткі, якія вырасціла дружнае звяно. Бялевіч.
3. Везучы, перамясціць зверху ўніз. Звезці бярвенне з гары ў нізіну.
4. Едучы, узяць з сабою; адвезці куды‑н. «Чаму гэта мне нічога не сказалі пра ордэры? Звезлі на рыбу, каб усё прапала», — трывожачыся, падумаў Андрэй. Шахавец. — Пагранічнік Кузьма дэмабілізаваўся і, едучы працаваць у Мінск, звёз з Брэстчыны маладзенькую чарнявую настаўніцу Марыну. Корбан.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пасмалі́ць 1, ‑смалю, ‑смаліш, ‑смаліць; зак., каго-што.
1. Абпальваючы агнём, знішчыць поўсць, шчацінне і пад.; апаліць, асмаліць. Пасмаліць курыцу.
2. Асмаліць усё, многае або ўсіх, многіх.
3. і без дап. Смаліць, курыць некаторы час. [Сяргей:] А мужыкі збяруцца да каго-небудзь у хату вечарам, пашэпчуцца.. пасмаляць самасадам і зноў у свае норы. Машара.
4. Выклікаць адчуванне апёку, смылення; апячы. Пасмаліць пальцы.
пасмалі́ць 2, ‑смалю, ‑смоліш, ‑смоліць; зак., што.
Пакрыць смалой паверхню чаго‑н.; прасмаліць. Стары Банэдык згадзіўся даць ім [хлопчыкам] човен, нават заканапаціў яго і пасмаліў. Чарнышэвіч.
пасмалі́ць 3, ‑смалю, ‑смаліш, ‑смаліць; зак.
Разм. Хутка пайсці, пабегчы куды‑н. [Стралец:] — Ну, яны [козы] і пасмалілі, як шалёныя, у гушчар. Якімовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
перапалі́ць, ‑палю, ‑паліш, ‑паліць; зак., што.
1. Раздзяліць што‑н. напалам, на часткі агнём, едкім рэчывам. Перапаліць вяроўку. Перапаліць дроцік.
2. Сапсаваць празмерным абпальваннем, награваннем. Перапаліць цэглу. Перапаліць каву. // Пашкодзіць перагрузкай або кароткім замыканнем (пра электрычныя прыборы). Перапаліць электрычную лямпачку.
3. Спаліць усё, многае. Перапаліць усе дровы. □ [Палашка:] — Учора, што вы думаеце, надумаўся [дзед Аўсей] аладкі пячы: колькі мукі перапсаваў, сала перапаліў... Лынькоў.
4. і чаго. Расходаваць вельмі многа або больш, чым трэба (паліва, гаручага). Не так гэта лёгка — з дня на дзень сляпіцца над чужым шытвом (о, гэты страх ускраіннай краўчыхі, што дзяўчаты-памочніцы перапаляць газы!). Мехаў.
5. Спец. Перапрацаваць што‑н. з дапамогай агню; падвергнуць тэрмічнай апрацоўцы. Перапаліць руду. Перапаліць вапняк.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
перахава́ць 1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
1. Схаваць у іншым месцы. Перахаваць грошы ў больш надзейнае месца. □ [Рыгор:] — Твой пашпарт ляжыць у паштовай скрынцы... На вашых дзвярах... Калі бацька не перахаваў да гэтага часу... Арабей.
2. Хаваючы, зберагчы, не даць загінуць. [Іван Пракопавіч:] — Перахаваем вінтоўкі, а людзі знойдуцца. Навуменка. Некалькі разоў давалі .. [Мані] невялікія даручэнні: раскідаць лістоўкі, занесці ва ўмоўленае месца яду падпольшчыкам, перахаваць колькі дзён патрэбнага чалавека. Місько.
3. Схаваць, пахаваць усё, многае.
перахава́ць 2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго.
1. Выкапаўшы з магілы, пахаваць нябожчыка ў другім месцы. Зося ведала, што могілкі перакананы. Яны пераносяцца ў іншае месца, і людзям дазволена перахаваць сваіх блізкіх... Прокша.
2. Пахаваць усіх, многіх.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
з’е́хацца, з’едуся, з’едзешся, з’едзецца; зак.
1. Сабрацца дзе‑н., прыехаўшы з розных месц (пра многіх, многае). — Я пачала ўжо не без трывогі чакаць, калі скончацца канікулы, з’едуцца настаўнікі і я прыйду ў школу. Шамякін. З’ехалася ўся радня, якая толькі была ў шляхецкай акрузе, і вырашыла, што Казімір павінен жаніцца. Пестрак.
2. Разм. Едучы, сустрэцца з кім‑н. дзе‑н. Хочацца пакінуць гэтыя цёмныя вазы, гэтых людзей, з якімі давялося.. разам з’ехацца, калі выязджалі з вёскі ў горад. Чорны. — Якраз з Алесем Садовічам на станцыі з’ехаліся і разам дадому ішлі, — як бы апраўдваўся Лабановіч за свой «парожні» выгляд. Колас.
3. Разм. Паспець ехаць разам з кім‑, чым‑н. На веласіпедзе з машынай цяжка з’ехацца.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пагарэ́ць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак.
1. Страціць дом, маёмасць у выніку пажару. Гэта былі гады, калі ўсе будаваліся — і той, хто пагарэў, хто не меў дзе жыць, і той, у каго быў .. дах над галавой. Шамякін. // (1 і 2 ас. не ўжыв.). Згарэць — пра ўсё, многае. [Самабыліха:] — Вось калі не шанцуе, дык не шанцуе: пасадзіла ў печ булкі ды забылася.. Усе булкі пагарэлі, адны бляхі засталіся. Колас.
2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Выгараць, засохнуць ад гарачыні. Лясы пагарэлі. Трава пагарэла.
3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Гарэць некаторы час. Свечкі пагарэлі і пагаслі.
4. перан. Разм. Пацярпець няўдачу; аказацца ў цяжкім становішчы. Прамоўца выступаў на сходзе І пагарэў, як кажуць, пры народзе. Корбан.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
падастава́ць, ‑стаю, ‑стаеш, ‑стае; ‑стаем, ‑стаяце; зак., што.
1. Дастаць, выцягнуць усе, многае або вялікую колькасць чаго‑н. Падаставаць кнігі з шафы. □ Невядомы.. падаставаў цвічкі, якія трымалі шкло, выняў шыбу і, прасунуўшы руку ў сярэдзіну, адшчапіў кручок. Курто. [Антон Аўдзеевіч:] Колькі.. [лейтэнант] падаставаў мін, колькі разоў хадзіў па краю бездані... Кірэенка. // (1 і 2 ас. не ўжыв.). Выняць што‑н. схаванае — пра ўсіх, многіх. Апусцела пляцоўка: адны пайшлі абедаць у сталоўку, другія падаставалі загорнутыя ў газеты пакуначкі, паселі на шпалы і са смакам падмацоўваліся. Дадзіёмаў. Канвойнікі спыніліся пад вярбою, зараз жа падаставалі кісеты і пачалі вярцець папяросы. Колас.
2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Набыць, раздабыць што‑н. — пра ўсіх, многіх. — Нашы хлопцы немаведама скуль падаставалі стрэльбы і давай жарыць. Чарот.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пакары́ць 1, ‑кару, ‑корыш, ‑корыць; зак., каго-што.
1. Сілай, прымусам падпарадкаваць сваёй уладзе; заваяваць. Лютым ворагам не ўдасца Ланцугамі, чорнай здрадай, Пакарыць, закуць навекі Слаўных сокалаў Элады. Танк. // перан. Асвоіць што‑н., авалодаць чым‑н. Глыбіню азёр і сілу рэк, Нават сонца яснае і зоры — Пакарыў упарты чалавек. Броўка.
2. Моцна ўздзейнічаць, падпарадкаваць сабе. Зморанага, пасля душэўных пакут, .. [Пятра] вельмі расчуліла і пакарыла ласкавасць Любы і гаспадыні. Шамякін. — Вось яна, сіла праўды і ўпэўненасці, якая павінна пакарыць увесь свет, — нібы сам сабе прамовіў Карэджы. Маўр. // перан. Выклікаць сімпатыю, давер. Хлопцы і не падазравалі, што радыстка мяне пакарыла больш як каго, толькі я гэта старанна хаваў. Карпюк.
пакары́ць 2, ‑кару, ‑корыш, ‑корыць; зак., што.
Акарыць усё, многае. Пакарыць усё бярвенне.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пакасі́ць 1, ‑кашу, ‑косіш, ‑косіць; зак., што.
1. пераважна безас. Зрабіць касым, скрывіць. Дзверы пакасіла.
2. і чым. Павярнуць вочы ўбок, коса паглядзець. Я пакасіў вокам .. і напраўду, побач з месцам, дзе я толькі што ляжаў, убачыў выціснутую ад сядзення ямку, на купіне, а спераду купіны выбіты нагамі мох. Кірэенка.
пакасі́ць 2, ‑кашу, ‑косіш, ‑косіць; зак., каго-што.
1. Скасіць усё, многае. Едзе, едзе к нам падмога, Усё пакосім, убяром!.. Парахневіч.
2. перан. Забіць, загубіць усіх, многіх. Усіх фашыстаў, якія на чале з Фрыдрыхам Фенсам былі ў Макушоўскім лесе, пакасілі партызанскія кулі. Паслядовіч.
3. і без дап. Касіць некаторы час. — Пакашу да вечара, — хоць душу адвяду, — сказаў Алесь і пагнаў пракос. Сабаленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
перапыта́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
1. і без дап. Спытаць яшчэ раз; зноў звярнуцца з тым жа пытаннем. [Надзя] не паверыла адразу словам, перапытала. Галавач. Ад прыкрасці Мікола аж крактануў .. і перапытаў у Нічыпара: — Значыць, не адпусціш? Б. Стральцоў. — Як, як вы кажаце? — перапытаў.. [Ян], падступаючы бліжэй да бравага фельчара. Чорны. Бацька ў такіх выпадках.. пяць разоў перапытае, потым адкажа. Бажко. — Што ж з Якушом пасля зрабілі? — З Якушом? — перапытаў дзед. — Пакаралі. Скрыган.
2. Апытаць усіх, многіх; спытаць пра ўсё, многае. Мы.. усе хаты абышлі, усіх людзей перапыталі, ці не бачылі цябе дзе часам... Васілевіч. [Барановіч:] — Якое каму дзела, хто з кім жаніцца ці за каго замуж ідзе. Дык не, усё перагавораць, усё перапытаюць, да ўсяго дакапаюцца. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)