КАКУ́РЫН Мікалай Яўгенавіч (16.9.1883, г. Арол, Расія — 29.7.1936),
савецкі ваен. дзеяч, ваен. гісторык. Скончыў Міхайлаўскае артыл. вучылішча (1904) і Акадэмію Генштаба (1910). Удзельнік 1-йсусв. вайны. Са снеж. 1918 ва ўзбр. фарміраваннях (галіцыйская армія) Зах.-Укр.нар. рэспублікі. З лют. 1920 у Чырв. Арміі. Удзельнік сав.-польск. вайны 1920 (у т. л. на пасадзе пам. камандуючага Зах. фронтам), задушэння Антонава паўстання (1921), баёў з басмацтвам (1922). У 1921—22 старшы кіраўнік па тактыцы ў Ваен. акадэміі РСЧА, з 1923 нач. аддзела па гісторыі грамадз. вайны пры Штабе РСЧА. Аўтар прац па пытаннях вайск. тактыкі, гісторыі грамадз. і сав.-польск. войнаў, у т. л. «Як змагалася рэвалюцыя» (т. 1—2, 1925—26, 2-е выд., 1990; ёсць нямала звестак пра падзеі 1917—20 на Беларусі). У чэрв. 1930 арыштаваны, 19.2.1932 па непраўдзівым абвінавачанні прыгавораны да 10 гадоў зняволення, дзе і памёр. Рэабілітаваны ў 1957.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЯ́Д ВО́СТРАЎ, Крыстмас востраў (Cristmas Island),
востраў на У Індыйскага ак.; пад кіраваннем Аўстраліі. Пл. 135 км². Нас. 813 чал. (1996), пераважна малайцы і кітайцы. Востраў з’яўляецца прыўзнятым вапняковым атолам са стараж. вулканічным ядром. Найб.выш. 361 м. Клімат трапічны. Сярэдняя т-ра паветра на працягу года каля 27 °C. Ападкаў каля 2000 мм за год. Пераважае трапічная расліннасць. Асн. галіна гаспадаркі — здабыча фасфарытаў, якія вывозяцца ў Аўстралію, Новую Зеландыю, Малайзію. Вырошчваюць какосавую пальму, трапічную садавіну, агародніну. Жывёлагадоўля і рыбалоўства. Марскія і авіяц. сувязі ў асноўным з Аўстраліяй.
Адкрыты ў 1615. Названы ў 1643 каштанам галандскага судна. У 1688 на востраве высадзіўся У.Дампір. Пасля адкрыцця радовішча фасфарытаў захоплены Вялікабрытаніяй (1888), з 1900 у складзе брыт. калоніі Сінгапур. У час 2-йсусв. вайны акупіраваны Японіяй. У 1958 перададзены Аўстраліі, з’яўляецца яе заморскай тэрыторыяй. Кіруецца адміністратарам, якога прызначае міністр па справах тэрыторый. Пры адміністратары ёсць Дарадчы савет.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПЦЭ́ВІЧЫ,
пасёлак у Петрыкаўскім р-не Гомельскай вобл.; чыг. станцыя на лініі Калінкавічы — Лунінец. Цэнтр сельсавета. За 17 км на ПнЗ ад г. Петрыкаў, 191 км ад Гомеля. 1378 ж., 602 двары (1997).
У 16 ст. сяло ў Мінскім ваяв.ВКЛ. У 1886 у Ляскавіцкай вол. Мазырскага пав., 292 ж., 37 двароў, царква, вінакурня. З 1884 чыг. ст. У 1888 адкрыта царк.-прыходская школа. У 1904 прадпрымальнікі браты І. і А. Кеневічы заснавалі лесапільны з-д. Напярэдадні 1-йсусв. вайны адкрыта чыг.нар. вучылішча. З 1924 у Петрыкаўскім р-не. З 15.7.1935 рабочы пасёлак. У 1942 і 1943 ням. фашысты загубілі ў К. 63 жыхары. З 24.8.1951 вёска, пазней пасёлак. У 1971 у К. 1915 жыхароў.
Агароднінасушыльны з-д, дрэваапр. цэх, акц.т-ва «Жыткавічлес». Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЎПА́К Сідар Арцёмавіч (25.5.1887, г.п. Кацяльва Палтаўскай вобл., Украіна — 11.12.1967),
украінскі дзярж. дзеяч і военачальнік, адзін з арганізатараў партыз. руху на Украіне ў Вял.Айч. вайну. Двойчы Герой Сав. Саюза (1942, 1944). Ген.-маёр (1943). Удзельнік 1-йсусв. і грамадз. войнаў. У 1937—41 старшыня Пуціўльскага гарсавета Сумскай вобл. У Вял.Айч. вайну камандзір Пуціўльскага партыз. атрада, злучэння партыз. атрадаў Сумскай вобл. (са студз. 1944—1-я Укр.партыз. дывізія імя Каўпака), чл. падпольнага ЦК КП(б)У. Узначальваў 5 рэйдаў партызан па ням.-фаш. тылах, у т. л. ў 1942—43 — з бранскіх лясоў па тэр. Гомельскай, Палескай, Пінскай, Валынскай, Ровенскай і Жытомірскай абласцей. У студз. 1943 на воз. Чырвонае (Жыткавіцкі р-н) партызаны К. разам з бел. партызанамі стварылі аэрадром. З 1947 нам. старшыні, з 1967 чл. Прэзідыума Вярх. Савета Украіны. Дэпутат Вярх. Савета СССР у 1946—67. Аўтар успамінаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛЕ́ЦКІ ФА́РНЫ ТРО́ІЦКІ КАСЦЁЛ Існаваў у 16—1-йпал. 20 ст. ў г. Клецк Мінскай вобл. Пабудаваны ў сярэдзіне 16 ст. У 1560-я г. М.Радзівіл Чорны перадаў храм кальвіністам. Тут з пратэстанцкімі пропаведзямі выступаў бел. гуманіст С.Будны. Пры Альбрыхце II Радзівіле (маршалак ВКЛ і ўладальнік Клецка) зноў перададзены католікам. У 1607 асвячоны біскупам віленскім Ю.Радзівілам. Узведзены ў тэхніцы гатычнай муроўкі. Аднанефавы прамавугольны ў плане асн. аб’ём і 5-гранная апсіда завяршаліся агульным дахам. Да паўн. сцяны прэсбітэрыя прылягала невял. 2-павярховая сакрысція, на 2-м паверсе якой была скарбніца. Да гал. фасада была прыбудавана 3-ярусная вежа-званіца (ніжні ярус чацверыковы, астатнія васьмерыковыя) з арачнымі аконнымі праёмамі, упрыгожаная нішамі і філёнгамі, завершаная купалам. У інтэр’еры разныя алтары, скульптура. Пашкоджаны ў Вял.Айч. вайну, узарваны ў 1950-я г. (захавалася ч.зах. сцяны).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КО́ВЕНТ-ГА́РДЭН»
(«Covent Garden»),
оперны тэатр у Лондане. Засн. ў 1732 тэатр. дзеячам і акцёрам Дж.Рычам як драматычны. З 1847 оперны, з 1890-х г. «Каралеўскі оперны т-р «Ковент-Гардэн», з 1949 дзяржаўны. У 18—1-йпал. 19 ст. ў т-ры працавалі некалькі самаст. труп; ставіліся драм., оперныя і балетныя спектаклі, цыркавыя праграмы. Сучасны рэпертуар складаюць творы англ. кампазітараў і сусв. класіка. З канца 19 ст. спектаклі ідуць на мове арыгінала. У іх удзельнічаюць буйнейшыя спевакі свету. У розны час спектаклямі т-ра дырыжыравалі Р.Вагнер, Ф.Вейнгартнер, О.Клемперэр, А.Коўтс, Г.Малер, Ф.Мотль, Г.Рыхтэр, Б.Хайтынк, А.Мелік-Пашаеў, Г.Раждзественскі, Я.Святланаў і інш. Сярод муз. кіраўнікоў т-ра Т.Бічэм, К.Ранкль, Р.Кубелік, К.Дэйвіс, Г.Шолці і інш. З 1946 на сцэне «К.-Г.» выступае Каралеўскі балет Вялікабрытаніі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ЙДАНАЎСКІ БОЙ 1812 Адбыўся каля мястэчка Койданава (цяпер г. Дзяржынск Мінскай вобл.) на дарозе Нясвіж—Мінск паміж рус. корпусам К.В.Ламберта і франц.-польск. атрадам Ф.К.Касецкага 15 ліст. ў вайну 1812. Пад націскам намнога большых рус. сіл франц.-польск. войскі пачалі адступаць у напрамку Мінска, але былі акружаны і прымушаны здацца. Касецкі страціў пад Койданавам каля 3 тыс.чал. палоннымі, а за 2 дні (13 ліст. каля Нова-Свержаня і 15 ліст. каля Койданава) больш за 1 тыс.чал. забітымі, 65 афіцэраў і 3870 чал. ніжніх чыноў палоннымі. Разам з Касецкім у Мінск прарваліся паводле адных звестак 500 чал., паводле другіх — каля 100 чал. У выніку К.б. быў адкрыты шлях 3-йЗах. арміі П.В.Чычагова на Мінск і Барысаў. Пасля страты 16 ліст. Мінска, Напалеон вымушаны быў адступаць па разбуранай раней дарозе на Вільню.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́НСУЛ (ад лац. consul саветнік),
1) у Стараж. Рыме ў эпоху рэспублікі (з 6 ст. да н. э.), назва пасад 2 службовых асоб, якія валодалі вышэйшай ваен. і цывільнай уладай. Выбіраліся на адзін год з патрыцыяў, а з 4 ст. да н. э. таксама і з плебеяў. Праводзілі набор у войска і камандавалі ім у час вайны, склікалі сенат і нар. сход, па-за межамі г. Рым мелі права караць грамадзян смерцю. У перыяд імперыі званне К. захавалася толькі як ганаровы тытул.
2) Назва пасады члена вышэйшага органа (калегіі К.) па кіраванні гар. рэспублікай у гарадах Паўн. і Сярэдняй Італіі ў канцы 11—1-йпал. 13 ст. Выбіраліся на 1 год у колькасці 4—20 чал. 3) У Францыі ў перыяд Консульства (1799—1804) тытул 3 асоб, фармальна надзеленых усёй паўнатой выканаўчай улады, якая фактычна належала толькі 1 -му К. (Напалеону Банапарту).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАВЕ́ЦТВА,
бел. традыцыйнае рамяство па пашыве верхняга адзення з палатна, сукна, футра (пераважна аўчын). Вядома з даўніх часоў. З 16 ст. ў буйных гарадах існавалі кравецкія цэхі (у 1634 Магілёўскі цэх атрымаў каралеўскі прывілей), у маёнтках працавалі прыгонныя рамеснікі-краўцы, якія абшывалі гаспадароў і дворню. У 2-йпал. 19 ст. К. на Беларусі было пашырана ў форме адыходніцтва: краўцы-саматужнікі (звычайна сяляне) у свабодны ад земляробчай працы час (з восені да вясны) хадзілі па вёсках у межах сваёй воласці або павета і працавалі ў хаце заказчыка. Шылі суконныя світы, палатняныя насовы, аўчынныя кажухі і паўкажушкі. У мястэчках і гарадах краўцы стала займаліся К. і шылі на заказ. Часам яны наймалі работнікаў або вучняў. Заказ на пашыў адзення афармляўся з дапамогай спец. драўляных бірак з насечкамі, якія абазначалі колькасць аўчын і знак краўца. З развіццём фабрычнага пашыву адзення К. амаль знікла.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КРУП»
(Krupp, Fried. Krupp Gmb Η),
буйнейшы металургічны і машынабудаўнічы канцэрн ФРГ. Засн. ў 1968 у г. Эсен. Яго вытворчая камбінаваная праграма ахоплівае горназдабыўную, сталеліцейную, металаапрацоўчую прам-сць, агульнае машынабудаванне, аўта-, судна- і авіябудаванне, вытв-сць электраэнергіі, праектаванне і буд-ва камплектных прадпрыемстваў, гандаль і інш. Бярэ пачатак з заснаванага ў 1811 Ф.Крупам сталеліцейнага прадпрыемства, якое больш за паўтара стагоддзя (да 1967) належала гэтай сям’і. Канцэрн актыўна ўдзельнічаў у стварэнні ваен. патэнцыялу Германіі да і ў час 1-йсусв. вайны. У 2-ю сусв. вайну фірма Крупаў была адным з вядучых пастаўшчыкоў узбраення фаш. Германіі. У 1960-я г. канцэрн аднавіў выпуск ваен. прадукцыі для бундэсвера. У 1968 «К.» апынуўся на мяжы фін. краху і звярнуўся за крэдытамі да дзяржавы і вядучых банкаў краіны. У кіруючыя органы канцэрна былі ўведзены прадстаўнікі інш.фін. і прамысл. груп, у выніку чаго ён страціў статус сямейнага прадпрыемства.