Валовая скура ’шмат, багата’ (КЭС). Магчыма, валовая скура мела калісьці больш канкрэтнае значэнне меры, чым проста ’шмат’. Бясспрэчна, аднак, што такі выраз мог ужывацца ў значэнні меры, як і іншыя назвы частак цела жывёлін, параўн. туша, вепръ (гл. Скурат, Меры, 142 і наст.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Водзыў ’ацэнка чаго-небудзь’; ’адазванне’ (БРС, КТС). Запазычанне з рус. отзыв, таму што дзеяслову адазвацца ў бел. мове не ўласцівы значэнні ’адазвацца аб кім-небудзь, чым-небудзь’. Сфера ўжывання (навуковая і публіцыстычная літаратура) сведчыць аб пашырэнні гэтага слова толькі ў апошнія часы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Парасо́н ’прыстасаванне для засцярогі ад дажджу і сонца ў выглядзе замацаванага на палцы складнога каркаса, абцягнутага матэрыяламі; стрэшка над чым-небудзь’ (ТСБМ). Праз польск. parasol ’тс’ з італ. parasole ’тс’ (para‑ ’абараняць’, sole ’сонца’) (Брукнер, 395). Канечнае ‑н, відаць, пад уплывам сонца.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прыва́да ’тое, чым прынаджваюць птушак, рыб, жывёл; тое, што прыцягвае, прываблівае’ (Нік. Очерки). Субстантыў ад прыва́дзіць ’прынаджваць птушак, рыб, жывёл; прыцягваць, прывабліваць’, параўн. прыва́діть ’прывучыць’ (Растарг.), якое ад ва́дзіць 2 (гл.), аналагічныя укр. пріва́да ’прынада’, рус. дыял. прива́да ’звычка, патуранне; цяга, прыхільнасць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ту́шчма ‘дармо, дарма, марна’ (Ласт.). Відаць, прыслоўе па ўзоры лежма (ляжаць), бегма (бегчы) ад дзеяслова тушчэць (гл. тушчы). На аснове прыслоўя ўтвораны прыметнік тушчы́мны ‘посны’ (Сцяшк. Сл.), які паслужыў, магчыма, узорам для нішчы́мны ‘посны, пусты’ (ад спалучэння ні з чым ‘без нічога’, гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

БЛЕНАРЭ́Я (ад грэч. blennos слізь + rheō цяку),

вострае гнойнае запаленне слізістай абалонкі (кан’юнктывы) вока інфекц. паходжання. Адрозніваюць бленарэю нованароджаных, дзіцячую і дарослых.

Заражэнне бленарэяй нованароджаных адбываецца пры родах, калі галоўка плода праходзіць праз родавыя шляхі хворай на ганарэю маці. Хвароба праяўляецца на 2—3-і дзень ацёкам і зацвярдзеннем павекаў абодвух вокаў, гіперэміяй кан’юнктывы, серозна-крывяністымі выдзяленнямі. Праз 3—4 дні з’яўляюцца густыя гнойныя выдзяленні (найб. небяспечны перыяд, цягнецца 2—3 дні). У цяжкіх выпадках пашкоджваецца рагавіца. Пры заражэнні дзяцей бленарэяй ад маці (дзіцячая бленарэя) хвароба прымае больш цяжкую форму, чым у нованароджаных. Працэс звычайна аднабаковы. Бленарэя ў дарослых пачынаецца звычайна з аднаго павека пры занясенні ў яго інфекцыі самім хворым на ганарэю мочапалавых шляхоў. Клінічна падобная на бленарэю нованароджаных, але з больш цяжкім цячэннем і частым пашкоджаннем урэтры. Лячэнне тэрапеўтычнае.

т. 3, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТАНЕ́НКА-ДАВІДО́ВІЧ (Барыс Дзмітрыевіч) (5.8.1899, г. Рамны Сумскай вобл., Украіна — 9.5.1984),

украінскі пісьменнік. Скончыў Кіеўскі ін-т нар. асветы (1923). Падзеі рэвалюцыі 1917, грамадз. вайны, аднаўленчы перыяд адлюстраваў у зб-ках апавяданняў, нарысаў і аповесцяў «Зацярушаныя сілуэты» (1925), «Сіняя валошка» (1927), «Смерць» (1928), «Сапраўдны муж» (1929), «Людзі і вугаль» (1932). Маральна-этычная тэматыка ў рамане «За шырмай» (1957), зб. апавяданняў і аповесцяў «Слова маці» (1960). Аўтар публіцыст., літ.- і мовазнаўчых артыкулаў (зб-кі «Аб чым і як», 1962; «У літаратуры і каля літаратуры», 1964; «Як мы гаворым», 1970). Рэпрэсіраваны ў 1935, рэабілітаваны ў 1956. Дзярж. прэмія Украіны імя Т.​Шаўчэнкі 1992 (за зб-кі прозы розных гадоў «Смерць», «Сібірскія навелы», «Завышаныя ацэнкі», публ. 1991).

Тв.:

Твори Т. 1—2. Київ, 1991.

В.​А.​Чабаненка.

т. 1, с. 380

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯРЦІ́НСКІ (Аляксандр Мікалаевіч) (21.3.1889, Кіеў — 21.5.1957),

рускі артыст эстрады, паэт, кампазітар. Выступаў з 1915 як аўтар і выканаўца ўласных песень, створаных у вытанчана-інтымным жанры муз. навелы (да 1940-х г. у грыме і касцюме П’еро). Манера яго выканання вызначалася багатай нюансіроўкай інтанацый і жэстаў. У 1919 эмігрыраваў з Расіі, канцэртаваў у ЗША, Кітаі, краінах Еўропы. У 1943 вярнуўся ў СССР. Аўтар лірычных песень на ўласныя словы, а таксама на вершы Г.​Ахматавай, А.​Блока, С.​Ясеніна, В.​Інбер і інш. Здымаўся ў кіно: «Чым людзі жывыя» (1912), «Змова асуджаных» (1950), «Ганна на шыі» (1954) і інш. Аўтар кн. «Чвэрць стагоддзя без радзімы. Старонкі мінулага» (1989), «Дарогай доўгай...» (1991). Дзярж. прэмія СССР 1951.

Літ.:

Бабенко В.Г. Артист Александр Вертинский: Материалы к биографии;

Размышления. Свердловск, 1989.

т. 4, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАМІНА́НТНАСЦЬ, дамінаванне,

пераважнае дзеянне аднаго з пары бацькоўскіх генаў у гібрыдным арганізме. Выяўляецца ў тым, што дамінантны алель (адзін з пары гамалагічных, альтэрнатыўных генаў) больш моцна ўплывае на развіццё адпаведнай прыкметы асобіны, чым другі, рэцэсіўны алель. Ступень праяўлення Д. любой прыкметы ў фенатыпе залежыць ад генатыпу арганізма, г.зн. ад дзеяння многіх генаў у пэўных умовах асяроддзя. Адрозніваюць поўную Д., звышдамінантнасць і паўдамінантнасць, ці прамежкавую Д. Поўная Д., як і поўная рэцэсіўнасць, з’ява рэдкая. У выпадку поўнай Д. арганізм можа несці ў рэцэсіўным стане шкодныя алелі. Для аналізу гэтых з’яў у жывёлагадоўлі выкарыстоўваюць метад выпрабавання вытворнікаў па патомстве. Наяўнасцю Д. часткова тлумачыцца тое, што патомак можа быць больш падобны да аднаго з бацькоў, нягледзячы на аднолькавы ўклад абодвух у яго генетычную канстытуцыю (гл. Мендэля законы).

т. 6, с. 32

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАКО́НЫ І ЗВЫ́ЧАІ ВАЙНЫ́,

сукупнасць прынцыпаў і норм міжнар. права, якія рэгулююць адносіны паміж дзяржавамі па пытаннях, звязаных з вядзеннем вайны. Абмяжоўваюць выбар сродкаў і метадаў узбр. барацьбы, забараняюць выкарыстанне найб. жорсткіх з іх, устанаўліваюць крымін. адказнасць за ваенныя злачынствы, чым аб’ектыўна садзейнічаюць абмежаванню маштабаў узбр. канфліктаў. Пачалі складвацца даўно. У 19 ст. прыняты першыя міжнар. акты аб правілах вядзення вайны. Агульнапрызнаныя З. і з.в. ўвасоблены ў Гаагскіх канвенцыях 1899, 1907, 1954, Жэнеўскім пратаколе 1925 аб забароне выкарыстання на вайне ўдушлівых, ядавітых і інш. падобных газаў і бактэрыял. сродкаў, Жэнеўскіх канвенцыях 1949 аб абароне ахвяр вайны, Канвенцыі 1980 аб забароне або абмежаванні некат. відаў звычайнай зброі, якія лічацца празмерна жорсткімі або маюць невыбіральнае дзеянне, у статутах і прыгаворах Нюрнбергскага і Такійскага Міжнароднага ваен. трыбуналаў.

т. 6, с. 506

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)