КАПТА́Ж (франц. captage ад лац. capto лаўлю, хапаю),
інжынерна-тэхнічныя збудаванні і мерапрыемствы, што забяспечваюць забор паверхневых вод, ускрыццё падземных вод, нафты, газу і вывад іх на паверхню, ізаляцыю эксплуатацыйных гарызонтаў і магчымасць іх эксплуатацыі. Пры гэтым захоўваюцца зададзеныя паказчыкі хім. саставу, дэбіту, т-ры і інш. К. крыніц — паверхневае збудаванне з адвядзеннем вады для карыстання або проста замацаванне крыніцы. К. паверхневых вод можа быць у выглядзе вадазборнай перфараванай трубы або галерэі, заглыбленай у прыбярэжнай ч. або ў рэчышчы ніжэй узроўню вады ў рацэ; у горных раёнах — плаціны, з замацаваным у ёй трубаправодам. Найб. пашыраны К. падземных вод у выглядзе калодзежа і буравой свідравіны. На радовішчах мінер. падземных вод над свідравінамі будуюць бюветы, павільёны, галерэі. К. нафты і газу вядзецца таксама буравымі свідравінамі. У залежнасці ад спосабу эксплуатацыі адрозніваюць К. фантанных, кампрэсарных, газліфтных і помпавых свідравін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСТРЫ́ЧНІК (назва ад кастрыцы — адраўнелай часткі лёну),
10-ы месяц каляндарнага года (31 дзень), апошні месяц вегетацыі большасці раслін. 15 К. працягласць дня ў Мінску 10 гадз 38 мін, выш. Сонца над гарызонтам у поўдзень 27,6°. Сярэдняя сума сонечнай радыяцыі за месяц 154 МДж/м², радыяцыйны баланс дадатны 45 МДж/м². На тэр. Беларусі сярэдняя т-ра паветра 5,3—7,7 °C. У 1-й пал. К. амаль штогод назіраецца прыток цёплага паветра з Пд — «бабіна лета». Частыя замаразкі. У К. адносная вільготнасць складае 82—86%, ападкаў 42—54 мм. Колькасць дзён з ападкамі 12—16. На рэках бываюць паводкі. У К. заканчваецца ўборка садавіны і позніх гатункаў капусты, падрыхтоўка саду да зімы. З дрэў і кустоў ападае лісце. Адбываецца пералёт і адлёт птушак, канчаецца лінька пушных звяроў, у рэках і азёрах у глыбокія месцы збіраецца рыба.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСТЭ́НКА (Ліна Васілеўна) (н. 19.3.1930, г.п. Ржышчаў Кагарлыцкага р-на Кіеўскай вобл.),
украінская паэтэса. Скончыла Літ.ін-т імя Горкага ў Маскве (1956). Друкуецца з 1946. Аўтар паэтычных кніг «Промні зямлі» (1957), «Ветразі» (1958), «Вандроўкі сэрца» (1961), «Над берагамі вечнай ракі» (1977), «Непаўторнасць» (1980), «Сад нятаючых скульптур» (1987), гіст. рамана ў вершах «Маруся Чурай» (1979), драм. паэмы «Снег у Фларэнцыі» (1985) і інш. Паэзіі К. ўласцівы філас. роздум пра лёс чалавека на скрыжаваннях нац. і сусв. гісторыі, унутр. драматызм, інтэлектуальнае напружанне, гіст.-культуралагічная асацыятыўнасць. На бел. мову асобныя яе творы пераклалі В.Аколава, Д.Бічэль-Загнетава, В.Вітка, У.Карызна, В.Коўтун, Н.Мацяш, Р.Семашкевіч, Я.Сіпакоў, Я.Янішчыц. Дзярж. прэмія Украіны імя Т.Шаўчэнкі 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕЛО́ІД (ад грэч. kēlē пухліна + eidos выгляд),
пухлінападобнае разрастанне злучальнай тканкі скуры. Прычыны ўзнікнення хваробы невядомыя. Мяркуюць, што ў аснове развіцця К. прыроджаная генет. абумоўленая ўласцівасць злучальнай тканкі рэагаваць на траўмы. У некат. хворых выяўляюць абменныя і эндакрынныя парушэнні, хранічныя інфекц. хваробы (напр., туберкулёз лёгкіх), ачагі хранічнай інфекцыі (карыес, танзіліт і інш.). Найчасцей бывае ў юнакоў на грудзях, шыі, у вушных ракавінах, радзей — на твары і канечнасцях. К. сапраўдны — цвёрдае, белаватае ці ружовае, гладкае разрастанне на 5—8 ммнад паверхняй скуры, з’яўляецца раптоўна, расце некалькі тыдняў, іншы раз месяцаў, ад бакавой паверхні адыходзяць адросткі ў выглядзе клюшняў рака, потым памеры яго не мяняюцца да канца жыцця. К. несапраўдны ўзнікае пры парэзах, апёках, на месцы рубцовых змен, гнайнічковых хвароб скуры і інш.; асобная форма такога К. — акне келоід. Лячэнне тэрапеўтычнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́БРЫНСКІ ПАРК,
помнік садова-паркавага мастацтва. Засн. ў 1768 на паўд. ускраіне г. Кобрын Брэсцкай вобл. пры сядзібе, якая з 1795 належала А.В.Сувораву (уваходзіла ў маёнтак Кобрынскі Ключ), з 1808 — маёру Гельвігу, з сярэдзіны 19 ст. — Аляксандру Міцкевічу (брат Адама Міцкевіча).
У 18 ст.пл. парку 3—4 га, цяпер — 60 га. Парк быў абкружаны валам і ровам, у цэнтры размяшчаўся пладовы сад і сажалка. У плане амаль квадратны, з рэгулярнай сістэмай алей, злучаных маляўнічымі дарожкамі. Кампазіцыйная вось — цэнтр. алея, завершаная невял. сажалкай, над якой стаяў драўляны дом Суворава (разабраны ў 1894). На яго месцы ў 1950 устаноўлены бюст палкаводца (скульпт. І.М.Рукавішнікаў). Створаны штучны вадаём з абводным каналам. У парку да 70 парод дрэў і дэкар. кустоў (ліпа, клён, явар, пірамідальныя таполі, туя і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́ПЕНЬ (ад слова ліпа),
сёмы месяц каляндарнага года (31 дзень), сярэдзіна лета. 15 Л. працягласць дня ў Мінску 16 гадз 39 мін, сярэдняя выш. Сонца над гарызонтам у поўдзень 57,7°. Сярэдняя сума сонечнай радыяцыі за месяц 590 МДж/м², радыяцыйны баланс дадатны (317 МДж/м²). На тэр. Беларусі сярэдняя месячная т-ра паветра 17,8 °C (17,4 °C на ПнУ, 18,5 °C на ПдУ). Л. — самы дажджлівы месяц года (14—15 дзён з дажджамі), ападкаў ад 77 ммПдЗ да 95 мм на ПнУ. Характэрным для Л. з’яўляецца цвіценне ліпы драбналістай. На паверхні непраточных вадаёмаў паяўляецца мноства водарасцей і маленькіх плывучых раслін — расак, жабніку звычайнага. У пач. Л. цвіце бульба, грэчка, лён-даўгунец, агародніна. Даспяваюць суніцы, маліны, чарніцы, чырвоная і чорная парэчкі, наліваецца і спее яравая збажына. У канцы месяца пачынаецца жніво. Ліняюць дзікія прамысл. птушкі. Пачынаецца грыбны сезон.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯЎЧУ́К (Цімафей Васілевіч) (19.1.1912, с. Быстроўка Ружынскага р-на Жытомірскай вобл., Украіна — 14.12.1998),
украінскі кінарэжысёр, педагог. Нар. артыст Украіны (1969). Нар.арт.СССР (1972). Скончыў Кіеўскі кінаінстытут (1935). Працаваў на Кіеўскай кінастудыі маст. фільмаў імя Даўжэнкі. У 1962—85 выкладаў у Кіеўскім ін-це тэатр. мастацтва імя І.Карпенкі-Карага (з 1974 праф.). Дэбютаваў навукова-папулярным фільмам «Зара над Карпатамі» (1949). Зняў дакумент. фільмы «Кіеў» (1950), «М.В.Гогаль» (1951), фільмы-спектаклі па п’есах А.Карнейчука «У стэпах Украіны» (1952) і «Калінавы гай» (1953), першы ўкр. шырокафарматны фільм «Закон Антарктыды» (1963). Яго работам уласціва імкненне да маштабных тэм, эпічных форм апавядання. Сярод фільмаў: «Кіяўлянка» (3 серыі, 1958—60), «Сям’я Кацюбінскіх» (1970, Дзярж. прэмія Украіны імя Т.Шаўчэнкі 1971), трылогія «Дума пра Каўпака» (1973—76), «Калі вораг не здаецца...» (1982), «Мы абвінавачваем» (1985) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЗАРЫ́НІ (італьян. Mazarini, франц. Mazarin) Джуліо (14.7.1602, Пешына, Італія — 9.3.1661), французскі дзярж. дзеяч. Д-р права (1622). Скончыў ун-т у Алькала-дэ-Энарэс (Іспанія, 1622). З 1630 на дыпламат. службе ў папы рымскага. З 1640 на франц.дыпламат. службе. З 1641 кардынал. У 1643—61 першы міністр Францыі, фактычны кіраўнік знешняй і ўнутр. палітыкі маладога Людовіка XIV і яго маці (рэгенткі ў 1643—51) каралевы Ганны Аўстрыйскай, з якой уступіў у тайны шлюб. Працягваў курс А.Э.Рышэльё на ўмацаванне франц.абсалютызму: задушана змова знаці (1643), шматлікія нар. паўстанні, выкліканыя павелічэннем падаткаў, атрымана перамога надФрондай (1653). У знешняй палітыцы дамогся значных поспехаў (Вестфальскі мір 1648; мірны і гандл. дагаворы з Англіяй у 1655, ваен. саюз з ёй у 1657; мірны дагавор з Іспаніяй у 1659 і інш.), замацаваў паліт. гегемонію Францыі ў Еўропе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАХ ((Mach) Вільгельм) (1.1.1917, в. Камёнка Падкарпацкага ваяв., Польшча — 2.7.1965),
польскі пісьменнік. Скончыў Ягелонскі. ун-т у Кракаве (1947). Друкаваўся з 1947. Будні правінцыяльнага гарадка ў гады ням.-фаш. акупацыі, яе маральныя і псіхал. наступствы адлюстраваны ў аповесці «Іржа» (1950). Рэчаіснасць польск. вёскі 1940-х г. у цэнтры рамана «Явараў дом» (1954, Дзярж. прэмія Польшчы 1955). Свет дзіцячых перажыванняў узнавіў у рэфлексіўна-лірычным рамане «Жыццё вялікае і малое» (1959). Эксперым. раман «Горы над чорным морам» (1961) адметны аўтабіяграфізмам і дакументальнасцю, філас. заглыбленасцю. Раман «Агнешка, дачка Калумба» (1964, Дзярж. прэмія Польшчы 1964) пра жыццё пасляваен. вёскі, лёс польск. інтэлігенцыі. Аўтар апавяданняў, рэпартажаў, «Літаратурных нарысаў» (т. 1—2, 1971).
Тв.:
Рус пер. — Дом Явора. М., 1956;
Агнешка, дочь «Колумба» // Мах В. Агнешка, дочь «Колумба»;
Конвицкий Т. Современный сонник. М., 1973.
Літ.:
Poradecki J. Pisarstwo Wilhelma Macha. Łódź, 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́РСКАЯ КАПЛІ́ЦА,
помнік архітэктуры стылю мадэрн у г.п. Мір Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл. Пабудавана ў 1904 (арх. Р.Марфельд) як фамільная пахавальня князёў Святаполк-Мірскіх — уладальнікаў Мірскага замкава-паркавага комплексу. Будынак — кампактны верт. аб’ём, асіметрычны ў плане, завершаны ў паўн. частцы 5-граннай апсідай, у паўд. — бабінцам. Над бакавым уваходам, вылучаным спец. прыбудовай, узвышаецца 3-ярусная 4-гранная вежа-званіца з купалам. Гал. фасад раскрапаваны рызалітамі і аздоблены вял. паліхромным мазаічным пано «Хрыстос Уседзяржыцель» і аб’ёмным чаканным гербам-картушам князёў Мірскіх. Глыбокі партал увахода размешчаны ў нізкім бабінцы з вуглавымі контрфорсамі. Насычанае каларыстычнае вырашэнне фасадаў ствараецца спалучэннем чырвонай цэглы, белых дэталей арх. дэкору (паўкалонкі, ізумрудна руставаныя ліштвы акон, карніз з сухарыкамі і інш.), шэрага бетону, паліхромнай бутавай муроўкі цокаля, паліхромнай мазаікі. Зала перакрыта самкнутым 4-гранным скляпеннем з арнаментальнай фрэскавай размалёўкай.