парабі́ць, ‑раблю, ‑робіш, ‑робіць; зак., што.

1. Зрабіць усё, многае. Сабралася жонка ў поле і кажа мужыку: — Толькі ж глядзі, каб усю работу нарабіў. Якімовіч. Мы парабілі цяпер такія галубятні, што ніхто не далезе, ніхто не дастане. Брыль.

2. і без дап. Папрацаваць некаторы час. Малады цыган трохі парабіў у калгасе і пасля падаўся ў горад. Чыгрынаў.

•••

Нічога не паробіш; што (ж) паробіш — пра неабходнасць зрабіць не так, як хочацца, змірыцца з тым, што ёсць. Турсевіч цмокнуў, журботна паківаў галавою. — Гуляў і дагуляўся!.. Эх, Андрэй!.. Ну, ды нічога не паробіш. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пашчыпа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

1. Сашчыпаць усё, многае. Пашчыпаць траву.

2. Шчыпаць некаторы час. Пугач яшчэ трохі патузаўся, пасыкаў, пашчыпаў Ігната за рукаў, а потым, нібы прымірыўшыся са сваім лёсам, падкурчыў касматыя лапы, вытрашчыў жоўтыя вочы і заціх. Ляўданскі. — Пане Лабановіч, — сказаў Язэп Глынскі, — прашу вас зайсці ў мой садок ды пашчыпаць вішань. Колас.

3. перан. Разм. Нанесці некаторыя страты. — Даўно мы не турбавалі фрыцаў на чыгунцы. Яны сталі занадта нахабнымі, пускаюць паязды амаль што па раскладу. Трэба пашчыпаць іх на лініі Мінск — Маладзечна. Новікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перагавары́ць, ‑вару, ‑верыш, ‑верыць; зак.

1. з кім. Абмяняцца думкамі аб кім‑, чым‑н., коратка пагаварыць. Перагаварыць з сябрам па тэлефоне. Перагаварыць адзін на адзін. □ Студэнты вылучылі дэлегацыю з пяці чалавек, якім даручана было перагаварыць з рэктарам універсітэта. Галавач.

2. пра што, што і без дап. Пагаварыць з кім‑н. пра ўсё, многае. І хоць шмат чаго перагаварылі яны за той вечар, аднак не ўсё расказаў Павел пра сябе. Пальчэўскі.

3. каго. Разм. Пагаварыць даўжэй, больш за іншых, прымусіць замоўкнуць іншых. Не хацелася сварыцца з Сашам .. — усё роўна, ведала, яго не перагаворыш. Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пераме́сці, ‑мяту, ‑мяцеш, ‑мяце; ‑мяцём, ‑мецяце, ‑мятуць; пр. перамёў, ‑мяла, ‑мяло; заг. перамяці; зак., што.

1. Падмесці нанава, яшчэ раз. Мама і стол заслала настольнікам, і хату разы два перамяла, і хвартух новы падвязала. Брыль.

2. Падмесці ўсё, многае. Перамесці ўсе пакоі.

3. Падмятаючы, перамясціць куды‑н., цераз што‑н. Перамесці смецце цераз парог.

4. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Замесці, засыпаць снегам упоперак (дарогу, шлях і пад.). Мяцеліца перамяла дарогу. / у безас. ужыв. Заняткі скончыліся раней, каб слухачы з іншых вёсак маглі дайсці дадому, покуль не перамяло дарог. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пераспява́ць 1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

1. што. Спець, папець усё, многае. «Прыходзьце ка мне ўсе, Каго я вучыў, каго я лячыў, Каго ратаваў з бяды, З кім я у час франтавы начаваў у хмурым слонімскім лесе, З кім я нямала пераспяваў Вясёлых і сумных песень». Панчанка. Вось яны зараз пасядуць на бярвенне, а потым дзяўчаты пераспяваюць многа песень, а хлопцы параскажуць столькі цікавага і смешнага. Сіпакоў.

2. каго. Спець лепш, прапець даўжэй за каго‑н., перамагчы ў спевах. Пераспяваць вядомага спевака.

пераспява́ць 2, ‑ае.

Незак. да пераспець.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ператраві́ць 1, ‑траўлю, ‑травіш, ‑травіць; зак., што.

Спец. Сапсаваць празмернай колькасцю едкага рэчыва пры траўленні. Ператравіць клішэ.

ператраві́ць 2, ‑траўлю, ‑травіш, ‑травіць; зак., што.

Стравіць, патравіць усё, многае. — Дык тут жа адны гусі перапалілі ўсё, ператравілі, — ледзь не закрычала ад абурэння Палікарпаўна, — што ж там парасце на пустэчы гэтакай. Кулакоўскі.

ператраві́ць 3, ‑траўлю, ‑травіш, ‑травіць; зак., што.

Засвоіць ежу ў працэсе стрававання. Мёд разагрэлі ў печы і яго елі разам з вашчынаю і пчалою, калі яна траплялася тут, выходзячы з правіла, што салдацкі жывот ператравіць шрубу, гайку і ружэйнае сала. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

успе́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

Змагчы зрабіць што‑н. своечасова, у тэрмін. За свае дваццаць шэсць год.. [Кастусь Каліноўскі] ўспеў зрабіць многае. С. Александровіч. І посуд Алеся прыбрала, І ўспела схадзіць на раку. Калачынскі. // Прыйсці ў які‑н. стан за які‑н. час. Малако ўспее за дзень скіснуць. // Прыбыць куды‑н. у час, не спазніцца. [Брадзнік:] — Няма калі чакаць, бабуля.. Дадому трэба дабірацца.. — Даедзеце шчэ, успееце. Кандрусевіч.

•••

Не ўспець (што‑н. зрабіць) як... — тое, што і не паспець (што‑н. зрабіць) як... (гл. паспець ​2). [Жанчына:] — Вы яшчэ і падняцца не ўспееце, як .. [гаспадар] можа вярнуцца. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шматзна́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае вялікае значэнне, важныя вынікі, значны ўплыў на каго‑, што‑н. Шматзначная падзея. □ Усё, што датычыла Іры, было для мяне тады шматзначнае, напоўненае незвычайным сэнсам. Марціновіч.

2. Які робіць намёк на што‑н. важнае; які пра многае гаворыць. Надзя.. не вытрымлівала шматзначнага і ў той жа час іранічнага позірку бацькі. Лынькоў. Кірэй з нейкай шматзначнай усмешкай засаджвае цыгарэту ў грудную кішэньку Антосевага пінжака. Дамашэвіч.

3. У матэматыцы — які складаецца з многіх лічбавых знакаў. Шматзначная лічба.

4. У мовазнаўстве — які мае многа значэнняў. Шматзначнае слова.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паме́раць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; заг. памерай; зак.

1. каго-што. Вызначыць пры дапамозе якой‑н. меры велічыню, колькасць чаго‑н. Буткевіч агледзеў памяшканне, памераў яго крокамі ўдоўж і ўшыркі. Чарнышэвіч. Вера прынесла халат, памерала ў салдата тэмпературу. Алешка. [Рыгор:] — Зямлю трэба памераць.. У спісах толькі дваццаць пяць дзесяцін стаіць, а тут яе шмат больш. Крапіва.

2. што. Надзець што‑н. з мэтай прымеркі. [Гаспадыня:] — Памерайце яшчэ вось гэтае паліто... Яна выцягнула з шафы новае, прыгожа зробленае цёплае паліто мужа. Новікаў. Галя хуценька зняла з вешалкі сукенку і памерала на сябе. Сабаленка.

3. што. Вымераць усё, многае.

4. і без дап. Мераць некаторы час.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

папакі́даць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што і чаго.

Разм. Кідаць доўга, неаднаразова; пакідаць многа чаго‑н. А пастой жа ў гліне, папагніся, папакідай дзень рыдлёўкай... Галавач. Пніцкі штурхануў цыгана пад локаць і сказаў яму: — І ты тут гліны папакідаў. — Цыган не зразумеў яго спачатку, дык Зыдор пастараўся растлумачыць яму: — Колькі ты тут гліны накапаў на гэтую цэглу!.. Чорны.

папакіда́ць, а́ю, ‑а́еш, ‑а́е; зак., каго-што.

Пакінуць усіх, многіх або ўсё, многае. Быў муж, ды няма яго, хіба мала параскідала людзей вайна, папакідала жанчын удовамі? Скрыган. [Брат гаспадыні:] — У лесе, дзевачка, ёсць шмат таго, што страляе, узрываецца... Шмат чаго і нашы прымакі папакідалі. Арабей.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)