традыцыйнае гульнявое прадстаўленне «вяселля для ўсіх», прымеркаванае да Каляд. Паводле характару адпавядае карнавалізавана-гульнявым звычаям (з абрадавым травесці), уласцівым культуры многіх еўрап. народаў. Пашырана на Бел. Паазер’і. Адлюстроўвае настрой калядных святкаванняў як «крывых вечароў» (з амбівалентнасцю дзеянняў «шыварат-навыварат»). Уключае некалькі этапаў: выбар са старэйшых удзельнікаў «бацькі» і «маці», якія потым «дабіраюць» і «жэняць» пары, «прыпяваюць» іх адзін да аднаго («Ай, роўная парачка — ім гарэлкі чарачка») і «скручваюць» у танцы (часцей «Лявоніха»); пачарговае «пералоўліванне» «маладых», агульнае застолле з песнямі і танцамі. Скразным элементам, які цэментуе ўсю гульню, з’яўляюцца рытуальныя «цярэшкінскія песні» з адметнай тыповай рытмаформулай. Разнастайныя тэксты «Ж.Ц.» амбівалентна пераафарбоўваюць драматызм сапраўднага вяселля ў гумарыстычным (часам гратэскавым) плане («Дзед бабу — чабок на дно, а мне, дзед, і тут ладно»). Умоўнасць «несапраўднага» гульнявога вяселля адзначана і ў «цярэшкінскіх песнях» («Мне з табой не век векаваць — адну ночаньку пагуляць»).
рэліктавая кветкавая расліна роду панакс сям. араліевых. Трапляецца ў цяністых шыракаліста-хвойных лясах Паўн.-Усх. Кітая, Паўн. Карэі і на Д. Усходзе (Прыморскі і Хабараўскі краі).
Занесены ў Чырвоную кнігу СССР (1984). На Беларусі вырошчваецца ў культуры ў некат. гаспадарках і аматарамі.
Шматгадовая травяністая расліна з адзіночным прамастойным сцяблом выш. каля 0,5 м і кальчаком з 3—5 доўгачаранковых пальчата-складаных лістоў у яго верхняй частцы. Корань масай да 400 г стрыжнёвы, слабагалінасты, мясісты, белавата-шэры або жаўтаваты, расце марудна (да 100 і больш гадоў). Кветкі дробныя, зеленавата-белыя, сабраныя ў просты парасонік. Плод — ярка-чырвоная сакаўная касцянка. Вільгацелюбівая, адносна цеплалюбівая расліна, размнажаецца насеннем. Каштоўная лек. расліна (мае ў каранях і карэнішчы трытэрпенавыя кліказіды гліказіды з танізуючым дзеяннем). Прэпараты Ж. выкарыстоўваюць пры сардэчных і нерв. захворваннях, малакроўі, гіпатаніі, рэўматызме, цукр. дыябеце і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗА́БАЛАЦЬ,
вёска ў Воранаўскім р-не Гродзенскай вобл., на аўтадарозе Радунь—Астрына. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 52 км на ПдЗ ад г.п. Воранава, 80 км ад Гродна, 46 км ад чыг. ст. Бастуны. 1137 ж., 448 двароў (1997).
Вядома з канца 14 ст. З канца 15 ст. да пач. 20 ст. належала Глінскім, Нарбутовічам, Сапегам, Палубенскім, Габаям, Тышкевічам, Волянам, Плямяннікавым і інш. З 1536 мястэчка. З 1795 у Рас. імперыі. У пач. 19 ст. цэнтр воласці Лідскага пав. Віленскай губ. У 1880-я г. 75 ж. З 1921 у Польшчы, цэнтр гміны Лідскага пав. Навагрудскага ваяв. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета Радунскага р-на. З 1962 у Воранаўскім р-не. У 1971—892 ж., 321 двор.
Сельгасхімія. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — Петрапаўлаўскі касцёл (1803—12).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗА́НАРАЧ,
вёска ў Мядзельскім р-не Мінскай вобл., на паўд. беразе воз. Нарач, на аўтадарозе пас. Нарач—в. Брусы. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 28 км на ПдЗ ад г.п. Мядзел, 150 км ад Мінска, 47 км ад чыг. ст. Княгінін. 692 ж., 246 двароў (1997).
Вядома з 16 ст., мястэчка ў Ашмянскім пав. Віленскага ваяв.ВКЛ. З 1740 уласнасць Сташкевічаў, з 1781 — Даброўскіх. З 1795 у Рас. імперыі. У 1868 сяло Свянцянскага пав. Віленскай губ., 208 ж. У 1897—354 ж. З 1921 у складзе Польшчы, у Пастаўскім пав. Віленскага ваяв. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета Мядзельскага р-на. У Вял.Айч. вайну ў вер. 1942 ням.-фаш. захопнікі спалілі вёску, загубілі 41 чал. У 1971—379 ж., 140 двароў.
Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аддз. сувязі. Царква. У цэнтры вёскі курганны могільнік (3-я чвэрць 1-га тыс.н.э.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
З’Е́ЗДЫ САВЕ́ТАЎ,
мясцовыя і цэнтр. органы ўлады сав. дзяржавы ў 1917—36. Склікаліся раённыя (пав.), абл. (губ.), краявыя, рэсп. (аўт. і саюзных рэспублік) і Усесаюзны з’езд Саветаў. Фарміраваліся шляхам выбараў, адкрытым галасаваннем. У гар. і сельскія Саветы дэпутатаў выбіралі на сходах, якія склікаліся паводле вытв. і тэр. прынцыпаў. У раённыя (пав.) Саветы ўваходзілі прадстаўнікі сельскіх і гар. Саветаў дадзенага раёна (пав.). Абл. (губ.), рэсп. і Усесаюзны З.С. фарміраваліся з прадстаўнікоў ніжэйшых Саветаў. З.С. саюзных рэспублік складалі прадстаўнікі абл. (губ.), краявых З.С. Разглядалі і вырашалі пытанні дзярж., гасп. і культурнага буд-ва. Усесаюзны і рэсп. З.С. прымалі найважн. пастановы па дакладах урада, канстытуцыйных пытаннях, праблемах развіцця гаспадаркі і культуры, абароны і знешняй палітыкі. Паводле Канстытуцыі СССР 1936 сталі дзейнічаць Саветы дэпутатаў працоўных. У БССР З.С. — вышэйшы орган дзярж. улады ў 1919—38. Адбылося 12 Усебел. з’ездаў Саветаў (гл.арт. пра кожны з’езд).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІБЕ́РЫ,
1) старажытныя плямёны, якія першапачаткова насялялі тэр.Усх. і Паўд. Іспаніі і потым рассяліліся на значнай частцы Пірэнейскага п-ва (адсюль стараж. назва п-ва Іберыя). Упершыню згадваюцца ў крыніцах 6 ст. да н.э. Важнейшым цэнтрам іх культуры была паўд.ч. Іспаніі (сучасныя Андалусія і Мурсія), дзе, паводле звестак стараж. аўтараў, знаходзілася дзяржава Тартэс, заснаваная да 1100 да н.э. У выніку змяшэння І. з кельтамі (уварваліся ў Іспанію ў 6—3 ст. да н.э.) узнікла група плямён — кельтыбераў. І. мелі сваю пісьменнасць. Да 8 ст. да н.э. склалася мастацтва І., якое ў 5—4 ст. да н.э. дасягнула росквіту. У 5—3 ст. да н.э. заваяваны карфагенянамі, у 3—2 ст. да н.э. — рымлянамі. Паступова раманізаваны.
2) Этнічная назва ў ант. крыніцах усх.-груз. (картлійскіх) плямён, якія жылі на тэр.Іберыі (Іверыі); адыгралі гал. ролю ў працэсе кансалідацыі груз. плямён і фарміраванні адзінага груз. этнасу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛАКО́ЎСКІ ((Kołakowski) Лешак) (н. 23.10.1927, г. Радам, Польшча),
польскі філосаф. Чл. Польскай АН з 1991. Праф. Варшаўскага ун-та (1964—68). У 1966 выключаны з Польск. аб’яднанай рабочай партыі. У 1968 (пасля сакавіцкіх студэнцкіх дэманстрацый) пазбаўлены кафедры, эмігрыраваў. З 1970 праф. Оксфардскага ун-та. У сваіх поглядах першапачаткова прыхільнік марксізму-ленінізму, пазней яго крытык. Даследуе праблемы гісторыі, філасофіі, філасофіі культуры (асабліва рэлігіі), аксіялогіі і гнасеалогіі. Аўтар фундаментальнай працы «Галоўныя плыні марксізму. Узнікненне—развіццё—распад» (т. 1—3, 1976—78), прысвечанай гісторыі марксізму. Сярод інш. прац: «Светапогляд і штодзённае жыццё» (1957), «Пазітывісцкая філасофія» (1966), «Культура і фетышы» (1967), «Прысутнасць міфа» (1972). «Гусерль і пошукі пэўнасці» (1975), «Рэлігія: калі Бога няма» (1982), «Honor metaphysicus» (1988), «Цывілізацыя на лаве падсудных» (1990).
Літ.:
Flis M. Leszek Kołakowski—teoretyk kultury europejskiej. Kraków, 1992;
Kłoczowski J.A. Więcej nit mit. Leszka Kołakowskiego spory o religię. Kraków, 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЕ́КЦЫЯ (ад лац. collectio збіранне, збор),
сістэматызаваны збор якіх-н. прадметаў ці твораў мастацтва (аднародных або аб’яднаных агульнай тэмай), якія ўяўляюць навук., маст. і інш. цікавасць. Паводле заканадаўства Рэспублікі Беларусь, уласнікам К. можа быць фіз. або юрыд. асоба. Іх асн. правы рэгулююцца законам аб уласнасці, адпаведнымі нормамі цывільнага заканадаўства і Законам «Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны» ад 13.11.1992. Усе рухомыя прадметы, што складаюць К. і з’яўляюцца каштоўнымі ў гіст. або культ. сэнсе, падлягаюць дзярж. ўліку, які ажыццяўляецца Дзярж. інспекцыяй Рэспублікі Беларусь па ахове гісторыка-культ. спадчыны (ДзінАС). Продаж, дарэнне або інш. адчужэнне дазваляецца толькі з абавязковым папярэднім паведамленнем у адпаведныя органы культуры. Пераважнае права набыцця К. ў выпадку яе продажу належыць дзяржаве. Вываз за межы краіны па пастаяннае захоўванне забараняецца. Часовы вываз К. з мэтай міжнар.культ. абмену праводзіцца ў адпаведнасці з патрабаваннямі заканадаўства. Гл. таксама Калекцыяніраванне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́МЕРНАЯ СІМФО́НІЯ,
разнавіднасць сімфоніі. Склалася ў пач. 20 ст. з развіццём неакласіцызму як своеасаблівая рэакцыя на вял. цыклічную сімфонію 19 ст. і вял. аркестравы апарат. Характэрныя рысы: невял. часавая працягласць пры нестабільнай колькасці частак, абмежаваны інстр. склад, індывідуальны для кожнага твора; перавага поліфанічнай фактуры; спалучэнне стылявых мадэлей музыкі 18 ст. з прыёмамі сучаснай кампазітарскай тэхнікі. У адносінах зместу можа быць абвострана псіхалагічная (А.Шонберг), лірыка-драм. (А.Анегер, К.Караеў), апаэтызаваная (Б.Чайкоўскі). Развіццю К.с. ў бел. музыцы садзейнічала стварэнне Дзяржаўнага камернага аркестра Рэспублікі Беларусь (1968). Сталыя ўзоры жанру прадстаўлены ў творчасці Г.Вагнера, В.Войціка, У.Дарохіна, А.Залётнева, В.Капыцько, В.Кузняцова, К.Цесакова і інш.
Сцепуро Л.А. Камерно-оркестровые жанры в творчестве белорусских композиторов 60—70-х гг. // Вопросы культуры и искусства Белоруссии. Мн., 1985. Вып. 4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПЦЭ́ВІЧЫ,
пасёлак у Петрыкаўскім р-не Гомельскай вобл.; чыг. станцыя на лініі Калінкавічы — Лунінец. Цэнтр сельсавета. За 17 км на ПнЗ ад г. Петрыкаў, 191 км ад Гомеля. 1378 ж., 602 двары (1997).
У 16 ст. сяло ў Мінскім ваяв.ВКЛ. У 1886 у Ляскавіцкай вол. Мазырскага пав., 292 ж., 37 двароў, царква, вінакурня. З 1884 чыг. ст. У 1888 адкрыта царк.-прыходская школа. У 1904 прадпрымальнікі браты І. і А. Кеневічы заснавалі лесапільны з-д. Напярэдадні 1-й сусв. вайны адкрыта чыг.нар. вучылішча. З 1924 у Петрыкаўскім р-не. З 15.7.1935 рабочы пасёлак. У 1942 і 1943 ням. фашысты загубілі ў К. 63 жыхары. З 24.8.1951 вёска, пазней пасёлак. У 1971 у К. 1915 жыхароў.
Агароднінасушыльны з-д, дрэваапр. цэх, акц.т-ва «Жыткавічлес». Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў.