Кано́н кану́н, кану́на ’сыта, куцця, абрадавая салодкая страва, якая гатуецца к памінкам’ (Нас., ТС, Вешт.; калінк., Мат. Гом.; бярэз., рагач., круп., чэрв., пух., калінк. Сл. паўн.-зах.); ’узаконенае правіла вышэйшай царкоўнай іерархіі’, ’спіс рэлігійных кніг’, ’царкоўнае песнапенне ў пахвалу святога або свята’ (ТСБМ). Укр. канун ’салодкая страва к фэсту’, канон; рус. смал. канон ’куцця з мёдам’, кастр. ’салодкае піва на ўсяночнай’, рус. канун ’маленне’, ’паніхіда’, ’дзяды’, ’першая гадавіна смерці’, ’памінкі’, ’куцця’, ’піва’, ’асвячоны мёд’, смал. кануна ’паніхіда’ і інш. Ст.-рус. канонъ (XII ст.), канунъ. Апошняя форма — народная. Запазычана з грэч. κανών ’палка, шнур, лінейка’. Разгляд літ-ры гл. Фасмер, 2, 180–181.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Като́лік. Параўн. рус. като́лик, укр. като́лик. У помніках ст.-бел. мовы католикъ ’католік’ адзначаецца з канца XVI ст. Паводле Булыкі, Запазыч., 143, яно папала ў ст.-бел. мову непасрэдна з польск. (параўн. польск. katolik ’тс’); польск. слова запазычана (таксама ў XVI ст.) з царкоўнага лац. catholicus ’католік’ (а гэта апошняе з грэч. καθολικός ’агульны’. З лац. мовы непасрэдна запазычаны і ням. Katholik, франц. catholique ’тс’. Гл. Слаўскі, 2, 102–103. Паводле Слаўскага, там жа, з польск. мовы непасрэдна ўзяты (акрамя бел.) таксама рус. като́лик, укр. като́лик. Гл. яшчэ Фасмер, 2, 210; падрабязна Шанскі, 2, К, 96–96.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Бало́нь ’абалонь, верхнія слаі драўніны’ (Бяльк.), боло́на (Нас.), болона́ ’абза, верхні слой дрэва’ (Мядзв.), болонь ’не смалістая частка сасны’ (палес.). Рус. болона́ ’нарасць на дрэве’, бо́лонь ’верхні слой, мяккая кара дрэва’. У іншых слав. мовах формы з іншай семантыкай. Параўн. бало́на 1, бало́на 2, бало́нкі ’перапонкі’ (там і формы). Да прасл. bolna, bolnь, якое мае шмат значэнняў — ’перапонка, плеўка, верхні слой, мяккая кара, скурка і г. д.’ і, мабыць, ідэнтычнае з *bolna ’паляна, луг’. Адпавядае літ. bálnas ’белы’, грэч. φολίς ’луска’. Гл. Бернекер, 69; Фасмер, 1, 189; Траўтман, 25; Слаўскі, 1, 37; Шанскі, 1, Б, 157. Гл. абалонь.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ма́нія 1 ’псіхічны стан’, ’незвычайная цяга, слабасць да чаго-небудзь’ (ТСБМ). З польск. mania ’тс’ або з рус. мания (Крукоўскі, Уплыў, 88), якія з лац. mania < ст.-грэч. μανία ’шаленства’, ’захапленне, цяга’ < μαίνομαι ’шалею, вар’яцею’ (Брукнер, 322; Фасмер, 2, 569). Сюды ж манья́к, ст.-бел. маньякъ ’шалёны’, якое з с.-лац. maniacus ’тс’.
Ма́нія 2 ’здань, прывід’ (Ян.). Укр. манія́ ’тс’, рус. паўн., усх., перм. манья́ ’прывід (звычайна ў выглядзе старой кволай жанчыны)’, варон., паўд., зах. манья́к ’прывід, які з’яўляецца перад жнеямі’, тул. ’злы дух у выглядзе знічкі’. У выніку кантамінацыі мана́ (< мані́ць) і ма́нія 1. Гл. таксама маняя́.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ма́рыва ’трымцячы слой цёплага паветра каля паверхні зямлі ў гарачае надвор’е, смуга’ (ТСБМ). Укр. ма́рево, рус. мар, арханг. ма́рево, маск. мара́ ’тс’, арханг., перм. ма́ра ’туман на моры’; перм. марева ’туман, шкодны для збажыны, садавіны’, уладз. ’гарачы, сонечны дзень’. Усх.-слав. утварэнне з суф. ‑ivo/‑evo ад дзеяслова mariti. Параўн. таксама в.-луж. womara ’напаўсон, непрытомнасць’, серб.-харв. о̏‑мара ’духоцце, духата’, балг. мараня́ ’марыва’. Да прасл. marъ або marь, якія з’яўляюцца роднаснымі да ст.-інд. marīciṣ, marīcī ’прамень’, marīcīkā ’міраж’, ст.-грэч. άμαρύσσω ’ззяю’, ἀμαρυγή ’бляск’, μαῖρα < ’Сірыус’ (Бернекер, 2, 21; Фасмер, 2, 571; Скок, 2, 407, БЕР, 3, 662–663).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ма́са ’колькасць матэрыі, якая складае цела’, ’вялікая колькасць, мноства, шмат чаго-небудзь’, ’мноства рэчыва без пэўнай формы’, ’народ, шырокія колы насельніцтва’ (ТСБМ, Яруш., ТС). Еўрапейскае слова. У бел. мову запазычана з польск. і, магчыма, паўторна з рус. мовы, у якіх з новав.-ням. Masse (XVI ст.) або з франц. masse > лац. massa ’злітак’, ’ком, глыба, кавалак’, ’хаос’ < ст.-грэч. μᾶζα ’цеста’, ’ячменны хлеб’ < μάσσω ’мяшаю, размешваю’. Сюды ж масаві́к ’той, хто вядзе работу ў масах’, ’арганізатар масавых гульняў’ (ТСБМ), ма́савыя ’летняе свята саўгаснікаў’ (віл., Нар. сл.), масо́ўка ’масавая сцэна ў спектаклі, фільме’, ’масавая прагулка’, ’тайны рэвалюцыйны сход’ (ТСБМ) — усе з рус. мовы.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Машы́на ’сукупнасць механізмаў, якія выконваюць карысную работу’, ’транспартны сродак з рухавіком, аўтамашына’, ’поезд’, ’веласіпед’, ’чалавек-аўтамат’, ’сячкарня’, ’паравоз’ (ТСБМ, Сцяшк., Шат., Бяльк., Сл. ПЗБ). Відавочна, з польск. maszyna, якое з франц. machinę ’тс’. Апошняе праз лац. machina ўзыходзіць да ст.-грэч. дар. μαχανά ’прыстасаванне’. Гл. таксама махі́на. Дапускаецца ў якасці мовы-пасрэдніцы і руская. Сюды ж машыні́ст(ы), машыні́стка, машыніза́цыя; машы́нка ’частка лямпы на магазіне’; ’пішучая машынка’, ’прылада для стрыжкі валасоў’, ’запальнічка’, ’пліта з фаеркамі’, маладз., маст. ’кнопкі’, драг. машэ́нка ’маланка ў вопратцы’ і ’каварства, падман’ (ТСБМ, Жд. 1, Сцяшк., Сцяц., В. В., Мат. Гом., Нар. сл., Сл. ПЗБ, КЭС).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Мая́чыць 1, ’выступаць на фоне чаго-небудзь, узвышацца над наваколлем’ (ТСБМ). Відавочна, з рус. мая́чить ’тс’, якое да маяк (гл.).
Мая́чыць 2 ’рабіць паволі, з гультайствам, абы-як’ (Нас.), рус. валаг., разан. мая́чить ’рабіць праз сілу, ледзь-ледзь’, усх. ’марудзіць’, ма́ять ’мучыць’, балг. ма́я ’забаўляць, затрымліваць’, мая се ’бадзяцца без мэты’, ’здзіўляцца’. Роднасныя з лац. mōlēs ’цяжкасць, вага’, ст.-грэч. μώλυς, ст.-в.-ням. muoen ’працаваць, старацца’, muodi, гоц. afmauiþs ’стомлены’, muohî ’праца’, с.-в.-ням. müen, muowen ’працаваць’, і.-е. *mō‑ (Шмідт, KZ, 26, 5; Бернекер, 2, 7; Фасмер, 2, 587; БЕР, 3, 701–702).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Мігаце́ць 1 ’паказвацца на кароткі час і знікаць з поля зроку’, ’свяціць няроўным бляскам’ (ТСБМ, Яруш., Шат., Растарг.), ’ярка блішчэць’ (Шат.), ’пералівацца колерамі’ (КЭС, лаг.), мігце́ць ’тс’, ’ледзь свяціць’ (ТСБМ, Яруш.). Да прасл. migъtěti ’бліскацець, міргаць’ (Мяркулава, Этимология–1973, 58–59), і.-е. аснова *meig‑, якая ў балт. групе моў лае значэнні ’спаць’ (гл. міг) і ’туман’ (літ. miglà, лат. migla), як і ў ст.-грэч. (ὀμίχλη), алб. (mjegull), ст.-інд. (mēgha), авест. (māeɣa) мовах (Скок, 2, 420).
Мігаце́ць 2 ’імжыць’ (рэч., Нар. сл.). Семантычны балтызм. Параўн. літ. miglà, лат. migla ’туман’, літ. miglóti(s) ’засцілацца туманам’. Да мігаце́ць 1, міг (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Кры́нка ’гладыш’ (Мат. Маг., Ян., Мат. Гом.). Рус. кринка ’тс’, ст.-рус. крина ’мерка збожжа’, балг. крина ’тс’, серб.-харв. крина ’тс’, славен. krínja ’чан’, в.-луж. krina ’карыта’. Астатнія славянскія паралелі маюць памяншальную суфіксацыю. Развадоўскі (Wybór, 2, 174–175) аддзяляў слова са значэннем ’крыніца’ ад слова са значэннем ’пасудзіна’. Першае ён выводзіў са ст.-грэч. κρήνη ’крыніца’, другое — з невядомай нам таксама грэчаскай формы. Калі браць пад увагу значэнне ’драўлянае начынне’, то не выключана сувязь з лац. scrinium ’скрынка’ (Бернекер, 1, 617). Прыняць генетычную сувязь паміж славянскімі і лацінскай лексемамі нельга. Хутчэй тут старое лексічнае пранікненне.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)