перагной, высокамалекулярныя цёмнаафарбаваныя арган. рэчывы глебы. Складаецца з гумусавых к-т (гумінавых і фульвакіслот), гуміну і інш. Утвараецца ў выніку гуміфікацыі прадуктаў распаду арган. рэшткаў. Мае элементы жыўлення раслін, якія пасля раскладання гумусу пераходзяць у даступную для іх форму. Глебы, багатыя гумусам, урадлівыя. З колькасцю гумусу ў глебе звязаны яе водны і цеплавы рэжым, біял. актыўнасць, міграцыя ў глебавым профілі прадуктаў глебаўтварэння і інш. Колькасць гумусу ў глебе — характэрная прыкмета пры вызначэнні яе тыпаў (напр., у чарназёмах назапашваецца да 15% гумусу, у падзолістых глебах — да 6%, у шэра-бурых пустынных — менш за 1%).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРБЕ́РА (Gerbera),
род кветкавых раслінсям. астравых. Каля 70 відаў. Пашыраны ў трапічных, радзей умераных абласцях Афрыкі і Азіі. Найб. вядомая ў кветкаводстве Г. Джэмсана (G. jamesonii), яе садовыя формы і сарты з буйнымі кошыкамі і язычковымі кветкамі, афарбаванымі ў яркія або пастэльныя тоны. Выкарыстоўваюць як вазонныя расліны або на зразанне. На Беларусі вырошчваюць як кветкава-дэкаратыўную культуру ў цяпліцах і аранжарэях, у паўд. краінах — ў адкрытым грунце.
Шматгадовыя травяністыя расліны з пакарочаным сцяблом. Прыкаранёвае лісце сабрана ў разетку. Кветкавыя кошыкі буйныя, адзіночныя, на доўгім кветаносе (стрэлцы). Плод — сямянка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІРЧО́ЎНІК (Conioselinum),
род кветкавых раслінсям. сельдэрэевых. Каля 15 відаў. Пашыраны пераважна ў лясных раёнах Еўропы, Азіі і Паўн. Амерыкі. На Беларусі вельмі рэдка ў паўн. і ўсх. раёнах трапляецца гірчоўнік татарскі, або похвенны (C. tataricum). Расце ў лісцевых лясах і хмызняках, у далінах невял. рэк. Патрабуе аховы.
Шматгадовыя голыя травяністыя расліны з прамастойным, каленчата-сагнутым у вузлах, уверсе разгалінаваным цыліндрычным сцяблом з шызым налётам, выш. да 150 см. Ніжняе лісце чаранковае, двойчы-тройчыперыстарассечанае, верхняе сядзячае, больш дробнае. Кветкі белыя, дробныя, у складаных парасоніках. Плод — голы, бліскучы віслаплоднік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫНО́СЛІВАСЦЬу біялогіі,
здольнасць жывых арганізмаў вытрымліваць экстрэмальныя ўздзеянні навакольнага асяроддзя: абіятычнага, біятычнага і антрапагеннага. Асабліва важныя засухаўстойлівасць і тэрмаўстойлівасць відаў. Па тэрмаўстойлівасці адрозніваюць стэнатэрмныя віды, якія прыстасаваліся да абмежаваных ваганняў тэмператур (напр., водныя расліны і жывёлы), мегатэрмныя — да высокіх тэмператур (напр., насенне і споры), мікратэрмныя — да нізкіх (напр., здольнасць раслін не траціць жыццядзейнасці пасля прымаразкаў) і эўрытэрмныя — да значных ваганняў тэмператур (напр., пугач, або філін). Высокая вынослівасць з’яўляецца перадумовай выжывальнасці, нізкая вынослівасць пры ўмовах заўсёднага змянення (у т. л. антрапагеннага) навакольнага асяроддзя прыводзіць да скарачэння відаў і амаль да поўнага вымірання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАСГЕ́ЙМ (Аляксандр Альфонсавіч) (6.3.1888, с. Ліхаўка Днепрапятроўскай вобл., Украіна — 4.12.1948),
савецкі батанік. Акад.АНСССР (1946; чл.-кар. 1939). Акад.Азерб. ССР (1945). Скончыў Маскоўскі ун-т (1912). У 1917—30 у Тбіліскім політэхн. ін-це, у 1927—46 у Азерб. ун-це. Арганізатар і дырэктар Бат. ін-та Азерб. ССР (1936—47), з 1947 у Бат. ін-це АНСССР і Ленінградскім ун-це. Навук. працы па даследаванні флоры, расліннасці і раслінных рэсурсаў Каўказа. Прапанаваў арыгінальную філагенетычную сістэму кветкавых раслін (1945). Дзярж. прэмія СССР 1948. Прэмія імя У.Л.КамароваАНСССР 1946.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІВА́НЧАНКА (Валянцін Мацвеевіч) (н. 7.5.1937, в. Александрыя Шклоўскага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне фізіялогіі, біяхіміі і біяфізікі раслін. Д-рбіял.н. (1977), праф. (1995). Скончыў Бел. лесатэхн. ін-т (1959). З 1960 у Ін-це біялогіі АН Беларусі, з 1977 у Ін-це эксперым. батанікі Нац.АН Беларусі. Навук. працы па праблемах фотасінтэзу (у сувязі з мінер. жыўленнем і вільгацезабеспячэннем, прадукц. працэсам), па малекулярна-мембранных механізмах рэгуляцыі.
Тв.:
Фотосинтез и структурное состояние хлоропластов. Мн., 1974;
Регуляция функций мембран растительных клеток. Мн., 1979 (разам з У.М.Юрыным, Ст.Г.Галакціёнавым).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЗАФЕРМЕ́НТЫ (ад іза... + ферменты),
ізаэнзімы, ферменты, што маюць каталітычную актыўнасць аднаго тыпу, але адрозніваюцца структурай, фізіка-хімічнымі і імуналагічнымі ўласцівасцямі. Выяўлены ў тканках жывёл, раслін, мікраарганізмаў. Бываюць у арганізмах аднаго тыпу (ці ў адной тканцы). Напр., з арганізма кураняці выдзелены 2 формы ферменту лактатдэгідрагеназы, адна з якіх характэрна для шкілетных мышцаў, другая — для сардэчнай мышцы. Усяго выяўлена 5 ізаформ гэтага ферменту. Набор І. (ізаферментны спектр) узнікае з прычыны генетычна абумоўленых адрозненняў для розных тканак і органаў, можа мяняцца ў працэсе антагенезу, пры паталаг. зменах тканак. Аналіз ізаферментнага спектра выкарыстоўваецца ў хемасістэматыцы і ў медыцыне для дыягностыкі некат. хвароб.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНДЫ́ГА (ісп. indigo ад грэч. indikos індыйскі),
арганічнае злучэнне, вытворнае індолу; кубавы фарбавальнік сіняга колеру. Крышталі цёмна-сіняга колеру з медным адценнем, плавяцца з раскладаннем, tпл 390—392 °C. Не раствараецца ў вадзе, этаноле, эфіры, раствараецца ў аніліне, нітрабензоле, ледзяной воцатнай кіслаце. Натуральны І. вядомы з глыбокай старажытнасці. Атрымлівалі з трапічных раслін роду Indigofera і інш. індыганосаў. У 16 ст. завезены ў Еўропу. У канцы 19 ст. распачалі вытв-сцьсінт. І., больш таннага і чыстага. Выкарыстоўваюць для афарбоўкі тэкст. матэрыялаў (у асн. джынсавай тканіны), у вытв-сці чарніла, фарбаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІПАМЕ́Я (Ipomoea),
род кветкавых раслінсям. бярозкавых. Каля 500 відаў, пашыраны пераважна ў тропіках. Культывуецца ў Сярэдняй Азіі, на Каўказе, Паўд. Украіне. Найб. каштоўны батат. На Беларусі вырошчваюць І. пурпуровую (I. purpurea) як дэкар. расліну.
Адна- і шматгадовыя, павойныя ці сцелістыя травы і кусты. Карэнішча клубнепадобна патоўшчанае. Парасткі некат. (I. pes-caprae) даўж. да 18 м. Лісце чаргаванае, суцэльнае, часта апушанае валаскамі, якія надаюць ім шаўкавісты бляск. І. пурпуровая — павойная расліна з буйнымі белымі, ружовымі, блакітнымі і фіялетавымі кветкамі, якія закрываюцца нанач. Цвіце з чэрв. да верасня. Ёсць махровыя формы. Плод — каробачка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІПА́ЦЬЕЎ (Аляксандр Мікалаевіч) (30.6.1911, г. Растоў, Расія — 8.8.1969),
бел. вучоны-генетык і селекцыянер. Чл.-кар.АН Беларусі (1969), д-рс.-г.н. (1959), праф. (1960). Скончыў Маскоўскую с.-г. акадэмію (1934). У 1948—61 заг. кафедры пладаводства БСГА, з 1961 заг. аддзела радыяцыйнай генетыкі Ін-та біялогіі АН Беларусі, з 1962 у Бел. ун-це. Навук. працы па селекцыі, насенняводстве садова-агародных культур, дыферэнцыйнай сістэматыцы раслін. Вывеў некалькі сартоў памідораў.
Тв.:
Частная селекция овощных культур. Мн., 1965;
Овощные растения земного шара. Мн., 1966;
Помология БССР Атлас плодов яблони. Мн., 1972 (у сааўт.).