Прыкако́шыць ’прыбіць, забіць’ (карэліц., Нар. сл.; ваўк., Сл. ПЗБ). Да незафіксаванага *како́шыць, якое ўзыходзіць да прасл. *kokošiti (< *kokošь ’курыца; певень’) з шэрагам значэнняў, сярод якіх, аднак, семантыка, звязаная з ’біць’, адзначаецца толькі ў рускіх дыялектах, параўн. уладз. прикоко́шить ’пабіць, набіць’, калуж. ’забіць на мяса, зарэзаць’. Верагодна, сюды ж прыкуко́шыцца ’прыладзіцца’ (шальч., Сл. ПЗБ) з дысімілятыўнай варыятыўнасцю першага пераднаціскнога кораня і таксама да дзеясл. *како́шыць < *kokošiti, але з семантыкай (далейшым яе пашырэннем), якая адлюстравалася ў балг. коко́ша се ’ўсаджвацца, як квактуха’, славац. kokosiť sa ’надзьмуцца, натапырыцца’, што можа разглядацца як беларуска-славацка-балгарская ізалекса.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прыча́сце, прыча́сць ’абрад прычашчэння; віно з кавалачкамі просвіры, якое ўжываецца для прычашчэння’ (ТСБМ, Мік., Нас., Ласт., Др.-Падб.), параўн. таксама ў прыча́стку ’ўпрыкуску’ (ТС), ст.-бел. причастие, причастье (XVI ст.), рус. прича́стие, укр. прича́стя, балг. причастие, серб.-харв. при́чест ’прычасце’, макед. причест, ст.-слав. причѧстиѥ. Паводле Крукоўскага (Уплыў, 74), з рус. причастие, аднак можа быць працягам ў старабеларускай мове царкоўнаславянскага слова, дзе, на думку аўтараў БЕР (5, 744), з’яўляецца аддзеяслоўным дэрыватам ад причастити, якое калькуе с.-грэч. κοτνώνω = лац. communicare ’аб’ядноўваць’. Гл. таксама ЕСУМ, 4, 583 (украінскае слова лічыцца непасрэдным запазычаннем са стараславянскай).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пунто́вы ’акуратны, пунктуальны’ (Цых.), ’прынцыповы, упарты’ (Адамчык, ЛіМ, 1970, 11 снеж.), сюды ж пунтбвік ’дурнаваты чалавек’ (шчуч., З нар. сл.). Да пунш, пункт (гл.), параўн. польск. punkt ’дакладна, пунктуальна’, што з ням. Punkt (у аднясенні да часу, першапачаткова punkt w punkt, гл. Банькоўскі, 2, 965); значэнне ’ўпарты’ адлюстроўвае далейшае развіццё значэння ’павышаная пунктуальнасць’, што можа трактавацца і як ’дурасць’. Відаць, незалежна развілося значэнне ’ўпартасць, супраціў’ у славен. punt, якое Сной (515) выводзіць з с.-в.-ням. punt/bunt, ням. Bund ’звязка; суполка’, пазней ’змова, бунт’, гл. бунт, параўн. таксама Бязлай, ’3, 137.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пустапа́сам ’без пастуха (пра жывёлу), без нагляду старэйшых (пра дзяцей і моладзь)’ (ТСБМ, Гарэц., Шат., Варл.; карэліц., Жыв. сл.), сюды ж пустопа́сть ’самапасам’ (кам., Жыв. сл.), у пусто́паш ’на самапас, у распусту (пусціць)’ (ТС), у пу́стапаш ’тс’: пусцілі быдло і коні ў пустапаш (слонім., Арх. Бяльк.), пусто́паш ’абложная зямля’ (ДАБМ, камент., 858), ’пусташ’ (бяроз., ЛА, 2), пу́стопась ’тс’ (маляр., ЛА, 2), укр. пусто́паш ’без пастуха’; серб.-харв. пу̏стопа̑ш ’дзе кожны можа пасвіць’. Ад пусты́ ’бязлюдны’ і пасці ’пасвіць’; у адносінах зямлі, якая “гуляе”, магчымы ўплыў дзеяслова паха́ць ’абрабляць, даглядаць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Рамі́знік ’фурман наёмнага экіпажу’ (ТСБМ), ’лёгкая фурманка для перавозкі пасажыраў’ (Варл.). Відаць, ад ням. Remise, якое можа азначаць ’сховішча для пэўнага транспарту’, што з франц. remise ’тс’ < re‑mettre ’адкладаць, захоўваць’, звязанае з лац. mitto/mittere ’кідаць’ і ’пасылаць’. Хутчэй за ўсё праз польск. remiza ’вазоўня’, параўн. чэш. remiz ’карэтня’, ’месца, дзе стаяць вазы’. Адсюль рамізнік — ’той, хто працаваў у вазоўні, абслугоўваў экіпажы’. Больш позняе ўтварэнне рамі́знік ’чалавек, які званіў у час пажару’ ад польск. remiza ’пажарнае дэпо’: былі такія рамізы… рамізнік быў напагатове і званіў (чэрв., Жд. 3).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Рано́м выкл. у віншавальнай песні: “Da, czyjaż swecza jaśniej horyt? Ranom, ranom!” (пін., Кольб.). Паводле Р. Зянкевіча, які запісваў песню, “выклічнік гэты… з апошняй доўгай галоснай, паўтараюць і ў іншых вясельных і паслявясельных песнях, але не могуць растлумачыць”; ён спрабуе звязаць яго з назвай бажка Porenutis’а ў старажытных славянскіх жыхароў Ругіі (цяпер востраў Руген) ці з племянной назвай Ranów, што сумніўна. Хутчэй за ўсё, ад *рало́м ’тс’, параўн. ралешнікі (гл.), якое можа паходзіць ад песеннага рэфрэну тыпу каш. rolol, што ўзыходзяць да першасных інтэр’екцый, параўн. SEK, 4, 202.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Рэ́ўцянь 1 ’расліна каля рэчкі з тоўстым пустым у сярэдзіне ствалом’ (Бір. Дзярж.). Па апісанні падобна, што гаворка ідзе пра баршчэўнік Сасноўскага (Heracleum sosnowskyi). Паколькі сок расліны можа выклікаць апёкі скуры чалавека, можна дапусціць паходжанне назвы ад раўці (гл.), параўн. яшчэ рэвоцень ’плакса’. Семантычная паралель у рускай мове: крикун, крыкун ’расліна Cicuta virosa L.’, гэтай раслінай часта атручваюцца буйныя рагатыя жывёлы, беларуская назва шалей (гл. шал).

Рэ́ўцянь 2 ’бадзяга’ (Сцяшк. Сл.). Высушаная расліна — народны сродак ад рэўматычных і іншых боляў. Відавочна, ад раўці (гл.), таксама гл. рэўцянь 1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тырысава́ць (търъсъва́ць) ‘таптаць’, тырысава́цца (търъсъва́цца) ‘таптацца’ (мёрск., Нар. сл.). Няясна; зыходная фанетычная форма, магчыма, тарасава́ць, тарасава́цца ‘тс’, гл. Аніч., Вопыт, 414. Апошняе можа ўзыходзіць да ст.-бел. тарасъ ‘падкатны зруб пры асадзе горада’ (1568 г.): тарасы оные передъ собою катячи, перекопъ деревомъ наполнили, параўн. укр. тарасува́ти ‘масціць дарогу хмызамі’, серб. тара̀цати ‘масціць’; або да запазычанага польск. tarasować ‘узмацняць, запіраць’ ці дыял. tarasić ‘таптаць, таўчы, прыгнятаць’, што выводзяць з с.-в.-ням. tarraz ‘земляны насып’ ад лац. terra ‘земля’ (Брукнер, 565; Трубачоў, Дополн. у Фасмер, 4, 23; ЕСУМ, 5, 521).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

БІЯЦЭНО́З (ад бія... + цэноз),

прыродная або штучна ўтвораная сукупнасць жывёл, раслін, грыбоў і мікраарганізмаў, якія сумесна насяляюць участак сушы або вадаёма, удзельнічаюць у кругавароце рэчываў і аб’яднаныя пэўнымі адносінамі паміж сабой і з абіятычным асяроддзем; састаўная ч. біягеацэнозу. Напр., сукупнасць усіх жывых арганізмаў участка лесу, возера, поля.

Тэрмін «біяцэноз» прапанаваў ням. заолаг і гідрабіёлаг К.​Мёбіус (1877). Ён падкрэсліваў узаемасувязь усіх кампанентаў біяцэнозу, іх залежнасць ад адных і тых жа абіятычных фактараў, уласцівых дадзенаму месцажыхарству, і ролю натуральнага адбору ў фарміраванні складу біяцэнозу. Адрозніваюць першасныя біяцэнозы, якія склаліся без удзелу чалавека (цалінны стэп, некрануты лес), і другасныя, што зменены дзейнасцю чалавека (лясы, якія выраслі на месцы знішчаных). Асаблівую катэгорыю складаюць згуртаванні, якія ствараюцца і рэгулююцца чалавекам (гл. Аграбіяцэноз). Паводле сістэматычных адзнак вылучаюць фітацэноз (сукупнасць раслін), зоацэноз (сукупнасць жывёл) і мікробацэноз (сукупнасць мікраарганізмаў); функцыянальна паводле ступеняў экалагічнай піраміды падзяляюць на групы арганізмаў: прадуцэнты, кансументы і рэдуцэнты, аб’яднаныя трафічнымі сувязямі; структурна адрозніваюць гарызонты, слаі, ярусы, полагі, мератопы. Па сезонах года разглядаюць аспекты біяцэнозаў, утвораных больш дробнымі групоўкамі — кансорцыямі, сінузіямі і марфал. часткамі — парцэламі, можа складацца з нешматлікіх (алігацэноз) і шматлікіх (поліцэноз) відаў. Біяцэноз характарызуецца пэўнай біямасай і біялагічнай прадукцыйнасцю. Найб. складаныя біяцэнозы трапічных лясоў. Біяцэнозы ўмеранага пояса, асабліва лясныя, таксама багатыя паводле складу відаў, напр. біяцэнозы дубровы складзены больш як са 100 відаў раслін, некалькіх тысяч відаў жывёл і сотняў грыбоў і мікраарганізмаў, якія даюць у сукупнасці шчыльнасць насельніцтва ў дзесяткі і сотні тысяч асобін на 1 м². Біяцэнозы вывучае біяцэналогія.

І.​К.​Лапацін.

т. 3, с. 182

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛАКА́ДА (англ. blockade),

1) у міжнародных адносінах сістэма мер эканам., паліт. ці ваен. характару супраць якой-небудзь дзяржавы з мэтаю перапыніць яе сувязі са знешнім светам і прымусіць выконваць пэўныя патрабаванні. Паліт. блакада можа ажыццяўляцца скасаваннем дыпламат. адносін, пазбаўленнем краіны членства ў пэўнай арг-цыі і інш. Эканам. блакада ажыццяўляецца спыненнем (забаронай) знешнегандл., фін., крэдытных і інш. эканам. сувязяў з мэтаю прычыніць шкоду эканоміцы блакіруемай дзяржавы, пазбавіць яе крыніц сыравіны і рынкаў збыту тавараў. Ваен. (марская) блакада выкарыстоўваецца ў мірны час супраць краіны — парушальніцы нормаў міжнар. права. Статут ААН дапускае ўвядзенне блакады як калект. меры для падтрымання ўсеагульнага міру толькі па рашэнні Савета Бяспекі.

2) Блакада ваенная ў час вайны — форма вядзення ваен. дзеянняў, накіраваных на ізаляванне варожага аб’екта (групоўкі войскаў, горада, дзяржавы і інш.) праз парушэнне яго знешніх сувязяў на сушы, у паветры і на моры; яе мэта — падарваць ваенна-эканам. магутнасць дзяржавы, аслабіць яе ўзбр. сілы, прымусіць праціўніка да капітуляцыі або разграміць і захапіць аб’ект блакады. На Беларусі блакада ваенная выкарыстоўвалася агрэсарам для авалодання ўмацаванымі крэпасцямі (блакада Бабруйскай крэпасці франц. войскамі ў 1812). Самымі вялікімі блакадамі былі кантынентальная блакада, якую праводзіў Напалеон I супраць Англіі на пач. 19 ст., марская блакада Вялікабрытаніі Германіяй і блакада Германіі яе праціўнікамі ў 1-ю сусв. вайну. У 2-ю сусв. вайну пераважалі блакады змешаныя (блакада Ленінграда ням.-фаш. войскамі ў 1941—43, блакада сав. войскамі ням.-фаш. групоўкі пад Сталінградам у 1942—43 і інш.). Тэарэтыкі не выключаюць выкарыстання блакады і ў сучасных умовах.

т. 3, с. 185

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)