ІОНААБМЕ́ННЫЯ СМО́ЛЫ, іонаабменныя палімеры,
сінтэтычныя арган. іаніты.
Цвёрдыя, нерастваральныя палімеры, здольныя да іоннага абмену, абмежавана набракаюць у растворах электралітаў і арган. растваральніках. Матрыца І.с. — сеткаваты палімер, на якім замацаваны іанагенныя групы (напр., сульфагрупа SO3H, карбаксільная група COOH, амінагрупа NH2), якія дысацыіруюць на фіксаваныя (палімерныя) іоны і эквівалентную колькасць рухомых процііонаў (напр., П-SO3Н↔П-SO−3+H+; П-CH2NR3OH↔П-CH2N+R3+OH−, дзе П — матрыца), што пры іонным абмене могуць заменьвацца на іоны знешняга асяроддзя. Па знаку зарада процііонаў адрозніваюць катыёнаабменныя, аніёнаабменныя і амфатэрныя (маюць адначасова кіслотныя і асн. групы), спецыфічную групу складаюць акісляльна-аднаўленчыя І.с., здольныя да змянення зарада іонаў. У І.с. іанагенныя групы могуць быць аднаго тыпу (монафункцыянальныя смолы) ці рознага (поліфункцыянальныя смолы). Атрымліваюць: полімерызацыяй ці полікандэнсацыяй манамераў, якія маюць іанагенныя групы; палімераналагічнымі пераўтварэннямі — увядзеннем актыўных функцыян. груп у інертныя супалімеры (у асноўным полімерызацыйнага тыпу). Найб. пашыраны І.с. на аснове супалімераў стыролу і дывінілбензолу, акрылавай к-ты і яе вытворных.
У.С.Салдатаў.
т. 7, с. 297
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КААПЕРА́ЦЫЯ ПРА́ЦЫ,
форма арганізацыі працы, пры якой многія работнікі прымаюць удзел у адным або ў розных, але звязаных паміж сабой працэсах працы. Абумоўліваецца падзелам працы і неабходнасцю злучэння асобных аперацый у адзіны вытв паток. Існуюць простыя К.п., калі ўсе работнікі выконваюць аднародную работу, і складаныя, заснаваныя на падзеле працы і выкарыстанні машын. Простая К.п. выкарыстоўваецца там, дзе работа можа быць падзелена на якасна аднародныя часткі, выкананне якіх даручаецца асобным работнікам, або там, дзе выкананне работы патрабуе злучэння аднародных сіл (напр., падыманне цяжараў). Складаная К.п. выкарыстоўваецца, калі ўвесь прац. працэс падзяляецца на разнастайныя аперацыі, якія выконваюцца работнікамі розных спецыяльнасцей. К.п. спрыяе павышэнню яе эфектыўнасці, бо пры складанні сіл яе ўдзельнікаў узнікае новая вытв. сіла, забяспечваецца рацыянальнае выкарыстанне рабочага часу і нараджаецца дух саперніцтва. Разнавіднасцю К.п. з’яўляюцца калект. формы арганізацыі працы, якія маюць на мэце выкананне прац. працэсу калектывам работнікаў, звязаных агульнасцю рабочай зоны, прадметамі і сродкамі працы. Калект. формы арганізацыі працы грунтуюцца на стварэнні брыгад.
М.Ю.Пасюк.
т. 7, с. 377
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЕКТЫ́ЎНАЯ ЎЛА́СНАСЦЬ,
форма ўласнасці, пры якой маёмасць належыць калектывам грамадзян. Паводле Закону «Аб уласнасці ў Рэспубліцы Беларусь» ад 11.12.1990 К.ў. маюць арэндныя і калект. прадпрыемствы, кааператывы, акц. і гасп. т-вы, асацыяцыі, грамадскія, рэліг. і інш. арг-цыі і аб’яднанні.
Ва ўласнасці арэнднага прадпрыемства знаходзяцца прадукцыя і даходы, атрыманыя ў выніку выкарыстання арандаванай маёмасці, а таксама інш. маёмасць, набытая на законных падставах. Уласнасць калект. прадпрыемстваў узнікае, калі прац. калектыў поўнасцю набудзе маёмасць адпаведнага прадпрыемства. Уласнасцю акц т-ва з’яўляюцца маёмасць і грашовыя ўзносы яго ўдзельнікаў, вырабленая ім прадукцыя, атрыманыя даходы і інш. Удзельнікамі гасп. т-ва могуць быць прадпрыемствы, установы, арг-цыі, дзярж. органы і грамадзяне, іх уласнасць складаецца з укладаў і маёмасці ад гасп. дзейнасці. Грамадскія арг-цыі маюць права мець ва ўласнасці будынкі, жыллёвы фонд, грашовыя сродкі і інш. Ва ўласнасці рэліг. арг-цый закон прадугледжвае знаходжанне будынкаў, культавых рэчаў, грашовых сродкаў і інш. Уласнікамі маёмасці, якая адносіцца да К.ў., з’яўляюцца толькі прадпрыемствы, арг-цыі і аб’яднанні са статусам юрыд. асобы.
т. 7, с. 460
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛІ́ЗІЯ (ад лац. collisio сутыкненне),
сутыкненне, супярэчнасць, разыходжанне інтарэсаў, поглядаў, імкненняў. К. мастацкая — супярэчнасць, сутыкненне, барацьба дзеючых сіл у маст. творы. Тэрмін уведзены ў эстэтыку Г.Гегелем. Ужываецца і як сінонім тэрміна «канфлікт» (гл. Канфлікт мастацкі), у значэнні глабальнасць, універсальнасць выказваемых супярэчнасцей або ў якасці вызначэння супярэчнасці як моманту ўнутр. структуры, як спосаб, а не як прадмет маст. адлюстравання. К. ў праве — разыходжанне паміж асобнымі законамі адной дзяржавы або супярэчнасць законаў, суд. рашэнняў розных дзяржаў. К. ўнутр. законаў вырашаецца шляхам выбару таго нарматыўнага акта, які павінен быць дастасаваны да выпадку, што разглядаецца. Калі ёсць разыходжанне паміж актамі, выдадзенымі адным і тым жа праватворчым органам, то ўжываецца акт, выдадзены пазней. Пры разыходжанні паміж агульным і спец. актамі перавага аддаецца спецыяльнаму; калі супярэчныя нормы знаходзяцца ў актах, прынятых рознымі органамі, то выкарыстоўваецца норма, прынятая вышэйстаячым органам. Пытанне пра ўжыванне права сваёй або замежнай дзяржавы вырашаецца на аснове калізійнай нормы, якая змешчана ва ўнутр., нац. заканадаўстве або ў міжнар. дагаворы (гл. Калізійнае права).
т. 7, с. 464
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСЦІ́СТЫЯ РЫ́БЫ (Teleostei),
надатрад прамянёвапёрых рыб. Каля 40 атр., 420 сям., каля 20 тыс. сучасных відаў. Жывуць амаль ва ўсіх марскіх і прэсных вадаёмах. Вядомы з сярэдняга трыясу (каля 215 млн. гадоў назад), з верхняга мелу (каля 80 млн. гадоў назад), дамінуюць сярод рыб (больш за 90% усіх відаў).
Даўж. ад 7 мм (некат. бычкі) да 5 м (меч-рыба, тунцы, самы). Шкілет касцявы, пазванкі амфіцэльныя (дваякаўвагнутыя), луска касцявая—цыклоідная (гладкая) або ктэноідная (з шыпікамі), у некат. яе няма. Брушныя плаўнікі абдамінальныя (на бруху), таракальныя (на грудзях) або югулярныя (на горле). Хваставы плаўнік звычайна гомацэркальны (раўналопасцевы). У плаўніках калючкі (у вышэйшых К.р.). Плавальны пузыр (бывае недаразвіты) закрыты або праз канал можа быць звязаны са страваводам. Ёсць цыбуліна аорты, артэрыяльны конус захоўваецца толькі ў найб. стараж. форм. Раздзельнаполыя, некат. гермафрадыты (напр., марскія акуні). Апладненне звычайна вонкавае. Некат. К.р. жывародныя (напр., галамянка, гамбузія). Расліннаедныя і драпежнікі, ёсць паразіты (напр., некат. вугры, сомікі). Да К.р. належаць амаль усе асн. прамысл. рыбы.
т. 8, с. 160
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТЭГАРЫ́ЧНЫ ІМПЕРАТЫЎ (ад лац. imperativus загадны),
асноўны закон этыкі І.Канта. Сфармуляваны ў рабоце «Крытыка практычнага розуму» (1788). Зыходзячы з паняцця свабоды тэарэт. розуму, Кант сцвярджаў, што адзінай вызначальнай асновай свабоднай і добрай волі можа быць толькі неабходны і агульназначны маральны закон практычнага розуму — К.і. Усведамленне неабходнасці дзейнічаць у адпаведнасці з маральным законам ён называў маральным загадам або абавязкам у адрозненне ад пачуццёвай эмпірычнай схільнасці да выканання маральнага закона. Кант разумеў маральны закон як безумоўнае прадпісанне, таму лічыў, што катэгарычным імператывам павінны кіравацца ўсе людзі незалежна ад іх паходжання і становішча; у гэтым іх вышэйшы абавязак. У выпадку канфлікту паміж пачуццёвай схільнасцю і маральным законам Кант патрабаваў безумоўнага падпарадкавання маральнаму абавязку, што ўзвышае чалавека над сабой як часткай пачуццёвага свету; усякая асоба — самамэта і не павінна разглядацца як сродак здзяйснення розных задач, нават калі гэта задачы ўсеагульнага дабрабыту. К.і. неабходна адрозніваць ад гіпатэтычнага імператыву, які, паводле Канта, належыць да валявых дзеянняў чалавека, калі ён не цікавіцца маральнымі мэтамі сваіх дзеянняў.
Т.І.Адула.
т. 8, с. 179
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЭДЫТАЗДО́ЛЬНАСЦЬ,
гаспадарча-фінансавы стан пазычальніка, які дае ўпэўненасць у эфектыўным выкарыстанні і вяртанні ім пазыкі (крэдыту), што дае яму права на атрыманне крэдыту. Пераход да рыначных адносін прадугледжвае больш жорсткія ўмовы выдачы крэдыту. Таму пры аналізе К. вывучаюцца існуючая і перспектыўная плацежаздольнасць, узровень рэнтабельнасці і абарачальнасць абаротных сродкаў, тэмпы росту рэалізацыі, сумы і тэрміны пратэрмінаванай запазычанасці па крэдытах, дзелавая актыўнасць і інш. Пры ацэнцы К. банкі выкарыстоўваюць і каэфіцыент бягучай ліквіднасці. Лічыцца, што калі ён ніжэйшы за 1, то банк мае справу з неплацежаздольным кліентам і крэдыт можа быць выдадзены на асаблівых умовах; пры яго ўзроўні 1,0—1,5 існуе рызыка своечасовага вяртання доўгу; пры ўзроўні больш як 1,5 гарантыі забяспечанасці доўгу і яго вяртання дастатковыя. Пры аналізе К. вывучаецца і ступень рызыкі банка як крэдытора; пры высокай ступені рызыкі прадугледжваецца і больш высокая працэнтная стаўка. Здольнасць пазычаць і аддаваць грашовыя сродкі вызначаецца прыбытковасцю, стабільнасцю, сітуацыяй на крэдытным рынку, складам і структурай актываў, інш. фактарамі.
У.Р.Залатагораў.
т. 8, с. 533
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЁСАПАДО́БНЫЯ ПАРО́ДЫ,
асадкавыя горныя пароды палевага або жоўтага колеру, якія па марфалогіі і саставу нагадваюць лёс і адносяцца да пылаватых суглінкаў і супескаў. Ад лёсу адрозніваюцца неаднароднасцю будовы, наяўнасцю слаістасці і праслояў грубага пясчанага і галечнага матэрыялу, больш гліністым саставам, меншай порыстасцю і прасадачнасцю, уключэннем ракавін прэснаводных малюскаў і інш. Л.п. і лёсы аб’ядноўваюць пад назвай «лёсавыя пароды». Могуць быць рачнога, азёрнага, пралювіяльнага, дэлювіяльнага, элювіяльнага паходжання. Пераважаюць пылаватыя (0,05—0,005 мм) фракцыі (60—80%). Асн. пародаўтваральныя мінералы — кварц (70—85%), палявыя шпаты, карбанаты, слюды і інш. На Беларусі Л.п. займаюць 14% тэрыторыі. Вылучаны 7 раёнаў пашырэння Л.п.: Аршанска-Магілёўска-Гомельскі, Мінскі, Слуцкі, Навагрудска-Карэліцкі, Лёзненскі, Мазырска-Хойніцка-Брагінскі, Тураўскі. Магутнасць Л.п. 0,5—12 м. Пакатахвалістая паверхня часта ўкрыта суфазійнымі лейкападобнымі западзінамі. На Л.п. сфарміраваліся ўрадлівыя дзярнова-палева-падзолістыя глебы, на якіх парушэнне правіл агратэхнікі вядзе да ўтварэння яроў. Некаторыя Л.п. прыдатныя для вырабу цэглы, аглапарыту і інш.
Я.І.Аношка.
т. 9, с. 231
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІНГВІСТЫ́ЧНЫ СЛО́ЎНІК,
слоўнік, у якім даецца апісанне значэння, ужывання, паходжання, марфемнай будовы, вымаўлення, напісання слоў. Бываюць адна-, двух- і шматмоўныя (гл. Двухмоўны слоўнік). У аднамоўных тлумачэнне значэння слоў даецца сродкамі той самай мовы. Л.с. ўключаюць і тлумачаць усю агульнаўжывальную лексіку мовы (нарматыўныя тлумачальныя слоўнікі сучаснай літ. мовы; гл. Тлумачальны слоўнік), лексіку твораў таго ці інш. пісьменніка (гл. Слоўнік мовы пісьменніка), лексіку, абмежаваную ў выкарыстанні носьбітамі пэўнай тэрыторыі, гаворкі (гл. Дыялектны слоўнік), лексіку пісьмовых помнікаў пэўнага гіст. перыяду (гл. Гістарычны слоўнік) або словы, запазычаныя з інш. моў (гл. Іншамоўных слоў слоўнік). Л.с. могуць быць прысвечаны высвятленню паходжання слоў той ці інш. мовы або некалькіх роднасных моў адначасова (гл. Этымалагічны слоўнік), правапісу (гл. Арфаграфічны слоўнік), сінанімічным адносінам слоў у лексічнай сістэме мовы (гл. Сінонімаў слоўнік), сістэматызацыі і апісанню ўстойлівых зваротаў мовы (гл. Фразеалагічны слоўнік), марфемнай будове слоў (гл. Марфемны слоўнік). У сукупнасці ўсе Л.с. служаць мэтам апісання і нармалізацыі слоўнікавага складу мовы.
П.У.Сцяцко.
т. 9, с. 264
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́ТАРА (лац. littera),
графічны знак у складзе алфавіта для абазначэння на пісьме пэўнага гука ці спалучэння гукаў. Л. бываюць рукапісныя і друкаваныя, малыя (радковыя) і вялікія. Звычайна Л. абазначае адзін гук, зрэдку — два, напр., «ёрш» («jоpш»), «яма» («jама»), Некаторыя Л. ў розных становішчах могуць абазначаць розныя гукі («быць» — «біць», «лук» — «люк»). Часам адзін гук перадаецца спалучэннем Л., напр., бел. «дж», «дз» («дж», «дз’»), польск. sz, cz («ш», «ч»), У некаторых сістэмах пісьма ёсць Л., якія гукаў не абазначаюць (бел. і рус. «ь», рус. «ъ»). Арфаграфія ў параўнанні з гукавымі сістэмамі развіваецца павольней, таму графічнае аблічча слова часта не супадае з яго гукавым складам, напр., бел. «касьба» («каз’ба»), рус. «вода» («вада»). У стараж.-грэч., стараж.-рус. і старабел. пісьменнасцях асобныя Л. мелі лікавае значэнне.
Літ.:
Сучасная беларуская літаратурная мова: Уводзіны. Лексікалогія. Фразеалогія. Лексікаграфія. Фразеаграфія. Фанетыка. Арфаэпія. Графіка. Арфаграфія. 3 выд. Мн., 1993;
Камароўскі Я.М. Сучасная беларуская арфаграфія. Мн., 1985.
А.М.Булыка.
т. 9, с. 293
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)