старажытнагрэчаскі філосаф, прадстаўнік іанійскай школы, заснавальнік дыялектыкі. Захавалася каля 130 фрагментаў яго твора «Аб прыродзе». Цэнтр. паняцце яго філасофіі — логас (розум); тое, што адпавядае яму ў рэальнасці, вечнае і абумоўлівае сапраўдны стан рэчаў. Кожная з’ява, паводле Геракліта, — тоеснасць супрацьлегласцей. Для выяўлення гэтага адзінства патрэбны псіхал. ўстаноўка на пазнанне і апора на сведчанні органаў пачуццяў, а таксама арыентацыя на светапоглядныя ўяўленні аб зменлівасці (цякучасці) усяго існага, аб вечна жывым агні, які «мерна ўзгараецца і мерна патухае», як яго аснове, аб фундаментальнай ролі ўсеагульнага. Пазнанне ўсеагульнага логаса Геракліт прыпадабняў да вырошчвання чалавечай душой уласнага логаса. Сац.-паліт. погляды Геракліта вызначаліся антыдэмакратызмам, супрацьпастаўленнем «герояў» і «натоўпу» ў спалучэнні з прызнаннем неабходнасці развіцця грамадства і прыярытэтнасці вызначаных дзяржавай законаў перад інш. сродкамі рэгулявання грамадскага жыцця.
Тв.:
Рус.пер. — у кн.: Материалисты Древней Греции. М., 1955.
французскі філосаф. Паводле Гельвецыя, сусвет існуе як матэрыяльнае ўтварэнне, ён аб’ектыўны, бясконцы ў часе і прасторы, знаходзіцца ў пастаянным руху; пачуцці і мысленне з’яўляюцца якасцямі матэрыі, што ўзніклі як яе найб. складаныя ўтварэнні. Быў праціўнікам агнастыцызму і лічыў, што матэрыя, якая існуе ў рэчаіснасці, пазнаецца пры дапамозе пачуццяў і памяці. Крытыкуючы ідэю існавання Бога, стварэння свету, бессмяротнасці душы, абсалютызаваў значэнне законаў механікі і таму не выйшаў за межы метафізічнага мыслення, у прыватнасці, у пытаннях грамадазнаўства. Падкрэсліваў ролю грамадскага асяроддзя ў выхаванні чалавека і разам з тым лічыў, што вырашальнае значэнне ў грамадскім развіцці маюць чалавечая свядомасць і моцныя пачуцці. Ідэі Гельвецыя аб ролі грамадскага асяроддзя ў выхаванні чалавека, роўнасці разумовых здольнасцей людзей, гарманічным спалучэнні асабістых і агульных інтарэсаў паўплывалі на фарміраванне утапічнага сацыялізму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАСІЯ́Н-І-МАРА́ЛЕС ((Gracián y Morales) Бальтасар) (8.1.1601, Бельмонтэ, каля г. Калатаюд, Іспанія — 6.12.1658),
іспанскі пісьменнік, філосаф-мараліст. Вывучаў філасофію і тэалогію ў Сарагоскім ун-це. Уступіў у ордэн езуітаў, аднак у апошнія гады жыцця падвяргаўся ўціску за літ. дзейнасць; быў выгнаны. Аўтар паліт. і філас.-этычных трактатаў «Герой» (1637), «Палітык Фердынанд-Католік» (1640), «Разважлівы» (1646), «Штодзённы аракул, або Мастацтва разважлівасці» (1647), прысвечаных праблеме якасцей ідэальнага чалавека і на вяршыні ўлады, і ў штодзённым жыцці. Тэарэтык кансептызму, прынцыпы якога абгрунтаваў ў эстэт. трактаце «Востры розум, або Мастацтва вытанчанага розуму» (1648). У алегарычным рамане «Крытыкон» (ч. 1—3, 1651—57) стварыў усеабдымную песімістычную карціну свету, дзе пануе зло на ўсіх узроўнях грамадства — ад сям’і да дзяржавы.
Тв.:
Рус.пер. — Карманный оракул, или Наука благоразумия. Мн., 1991.
Літ.:
Пинский Л.Е. Жизнь и творчество Бальтасара Грасиана // Пинский Л.Е. Магистральный сюжет. М., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛАКО́ЎСКІ ((Kołakowski) Лешак) (н. 23.10.1927, г. Радам, Польшча),
польскі філосаф. Чл. Польскай АН з 1991. Праф. Варшаўскага ун-та (1964—68). У 1966 выключаны з Польск. аб’яднанай рабочай партыі. У 1968 (пасля сакавіцкіх студэнцкіх дэманстрацый) пазбаўлены кафедры, эмігрыраваў. З 1970 праф. Оксфардскага ун-та. У сваіх поглядах першапачаткова прыхільнік марксізму-ленінізму, пазней яго крытык. Даследуе праблемы гісторыі, філасофіі, філасофіі культуры (асабліва рэлігіі), аксіялогіі і гнасеалогіі. Аўтар фундаментальнай працы «Галоўныя плыні марксізму. Узнікненне—развіццё—распад» (т. 1—3, 1976—78), прысвечанай гісторыі марксізму. Сярод інш. прац: «Светапогляд і штодзённае жыццё» (1957), «Пазітывісцкая філасофія» (1966), «Культура і фетышы» (1967), «Прысутнасць міфа» (1972). «Гусерль і пошукі пэўнасці» (1975), «Рэлігія: калі Бога няма» (1982), «Honor metaphysicus» (1988), «Цывілізацыя на лаве падсудных» (1990).
Літ.:
Flis M. Leszek Kołakowski—teoretyk kultury europejskiej. Kraków, 1992;
Kłoczowski J.A. Więcej nit mit. Leszka Kołakowskiego spory o religię. Kraków, 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́СТВАЛЬД ((Ostwald) Вільгельм Фрыдрых) (2.9.1853, Рыга —4.4.1932),
нямецкі фізікахімік і філосаф, адзін з заснавальнікаў фізічнай хіміі. Замежны чл.-кар. Пецярбургскай АН (1896). Скончыў Дэрпцкі (Тартускі) ун-т (1875), дзе і працаваў. З 1881 праф. Рыжскага політэхн. вучылішча, з 1887 Лейпцыгскага ун-та, адначасова ў 1898—1905 дырэктар заснаванага ім Фіз.-хім. ін-та. З 1906 праводзіў даследаванні ва ўласнай хім. лабараторыі. Навук. працы па хім. кінетыцы і каталізе, тэорыі электралітычнай дысацыяцыі, вучэнні аб колерах, гісторыі хіміі. Вывеў суадносіны паміж электраправоднасцю разбаўленых раствораў бінарных слабых электралітаў і іх канцэнтрацыяй (закон разбаўлення О.; 1888). Распрацаваў спосаб каталітычнага акіслення аміяку да азотнай к-ты (1902). У 1889 распачаў выданне серыі «Класікі дакладных навук». Стваральнік філас. тэорыі энергетызму, паводле якой адзінай субстанцыяй сусвету з’яўляецца энергія. Нобелеўская прэмія 1909.
Літ.:
Родный Н.И., Соловьев Ю.И. Вильгельм Оствальд, 1853—1932. М., 1969;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЙХРО́ВІЧ (Альфрэд Сцяпанавіч) (н. 2.6.1937, Мінск),
бел.філосаф. Чл.-кар.Нац.АН Беларусі (1996). Д-рфілас.н. (1984), праф. (1994). Сын С.К.Майхровіча. Скончыў БДУ (1959). З 1969 у Ін-це філасофіі і права Нац.АН Беларусі (з 1994 дырэктар). Навуковыя працы па праблемах філасофіі, этыкі, эстэтыкі, фарміравання нац. свядомасці, пра светапогляд і асветніцкую дзейнасць Ф.Багушэвіча, К.Каліноўскага, Я.Коласа, Я.Купалы і інш.Дзярж. прэмія Беларусі 1984 за цыкл работ па гісторыі філас. і грамадскай думкі Беларусі (апубл. ў 1973—80).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІД ((Mead) Джордж Герберт) (27.2.1863, г. Саўт-Хадлі, ЗША — 26.4.1931),
амерыканскі філосаф, сацыёлаг і сац. псіхолаг; прадстаўнік прагматызму і натуралізму. Скончыў Гарвардскі ун-т, вывучаў філасофію і псіхалогію ў Германіі. З 1894 праф. Чыкагскага ун-та. Стварыў тэорыю «сімвалічнага інтэракцыянізму», асн. ідэі якой выкладзены ў кн. «Розум, я і грамадства» (выд. 1934). Распрацаваў канцэпцыю «міжіндывідуальнага ўзаемадзеяння». Паводле М., паводзіны чалавека і станаўленне яго сац. якасцей абумоўлены структурай асобы, яго роляй і ўспрыманнем установак «абагульненага іншага» — усёй супольнасці. Дзейнасць індывіда ўяўляў сабе як сукупнасць сац. роляў, што выяўляюцца пры дапамозе сродкаў-сімвалаў (жэст, мова), міжасобасныя адносіны — як працэс «пераманьвання роляў», капіравання дзеянняў інш.сац. партнёраў, у выніку чаго адбываецца перадача канкрэтнай сацыяльна значнай інфармацыі ад аднаго чалавека да другога, пазнанне індывідам мноства роляў, значэнняў і каштоўнасцей, якімі валодаюць інш. людзі. Ідэі М. атрымалі пашырэнне ў педагогіцы, псіхалогіі, сац. этыцы, сац. фенаменалогіі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́ЛІНГБРОК ((Bolingbroke) Генры Сент-Джон) (16.9.1678, Лондан — 12.12.1751),
англійскі дзярж. дзеяч, філосаф, публіцыст. Віконт (1712). Ганаровы д-р Оксфардскага ун-та (1702). Чл. парламента з 1701, адзін з лідэраў торы. Ваен. міністр (1704—08), дзярж. сакратар (1710—14). Садзейнічаў заключэнню Утрэхцкага міру 1713. Прыхільнік канстытуцыйнай манархіі. У 1715 выехаў у Францыю пасля абвінавачванняў у змове на карысць Сцюартаў. Вярнуўся ў 1725 і ўзначаліў пазапарламенцкую апазіцыю ўрада вігаў.
Паводле філас. поглядаў (сфарміраваліся пад уплывам эмпірызму і сенсуалізму Дж.Лока) Болінгброк прадстаўнік радыкальнага антыхрысц. кірунку ў англ. дэізме. Лічыцца першым англ. тэарэтыкам гіст. навукі. У працы «Пісьмы аб вывучэнні і карысці гісторыі» (1736—38: рус.пер. 1978) Болінгброк выкладаў філасофію гісторыі як навукі не як тэорыю гіст. працэсу, а як галіну ведаў, сферы духоўнай дзейнасці чалавека, з уключэннем у вобласць гістарычнага элементаў палітыкі, сацыялогіі, этыкі, права, этналогіі, рацыянальнай крытыкі біблейскай традыцыі. Прыроду ўлады прааналізаваў у творы «Ідэя пра Караля-Патрыёта» (1749).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́НДЭЛЬБАНД ((Windelband) Вільгельм) (11.5.1848, г. Патсдам, Германія — 22.10.1915),
нямецкі філосаф, заснавальнік бадэнскай школы неакантыянства. Праф. у Цюрыху, Фрайбургу, Страсбуры, Гайдэльбергу. Даследаванні ў галіне гісторыі філасофіі, логікі, этыкі і тэорыі каштоўнасцей (аксіялогіі). Крытычна пераасэнсоўваў некаторыя філас. азначэнні І.Канта, асабліва «рэч у сабе». Філасофію лічыў «вучэннем пра агульназначныя каштоўнасці». На яго думку, філасофія не можа канчаткова вырашыць пытанне аб адносінах паміж законамі прыроды і каштоўнасцямі культуры, як не можа знайсці і агульны метад пазнання прыроды і гісторыі. Канчатковай мэтай гіст. прагрэсу лічыў самавызначэнне чалавецтва ў адпаведнасці этычным ідэалам, таму сац. праблемы зводзіў да этычных. Вышэй за этычныя каштоўнасці ставіў эстэтычныя як незалежныя ад чалавечай волі. Дуалізм каштоўнасці і рэчаіснасці Віндэльбанд тлумачыў як неабходную ўмову чалавечай дзейнасці.
Тв.:
Рус.пер. — История древней философии. СПб., 1893;
История новой философии... Т. 1—2. СПб., 1902—05;
Прелюдии. СПб., 1904;
О свободе воли. М., 1905;
Платон. 4 изд. СПб., 1909;
Философия в немецкой духовной жизни XIX столетия. М., 1910.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЫ́ХАЎЦЫ,
шляхецкі род герба «Магіла» ў ВКЛ. Паходзяць ад смаленскага баярына Міцькі Быхаўца, сыны якога ў пач. 16 ст. замест страчаных зямель на Смаленшчыне атрымалі ад вял.кн. Жыгімонта I Старога маёнткі ў Дарсунішскай вол. і Трокскім пав.Найб. вядомыя Быхаўцы:
Людвік, ксёндз-бернардзінец, аўтар твораў рэліг.-павучальнага характару. Сакратар Літоўскай правінцыі бернардзінцаў, да 1747 прэзідэнт у Нясвіжскім канвенце ордэна, назіральнік ордэна францысканцаў у Віцебскім ваяв. (1760). Юзаф Уладзіслаў (1778—5.7.1845), філосаф. Скончыў Гал. школу ВКЛ у 1794, вучыўся ва ун-тах Франкфурта-на-Одэры, Гётынгена, Кёнігсберга. Вучань і перакладчык І.Канта. Удзельнік напалеонаўскіх войнаў на баку Францыі. Ян (каля 1732—?), дэп. Трыбунала ВКЛ (1797—1802), у 1802—32 суддзя слонімскіх земскага і межавога судоў. Юзаф, падстолі ваўкавыскі (1780), крайчы ВКЛ (1793). Адам Ян Віктар (23.12.1796—?), чл. ваўкавыскага апеляцыйнага суда. За ўдзел у паўстанні 1863—64 сасланы. Аляксандр, старшыня ваўкавыскага апеляцыйнага суда. У 1820-я г. ў яго б-цы захоўвалася Хроніка Быхаўца.