Слімаза́рны, слімазу́рны ‘запэцканы слінай; малы, хілы’, ‘марудлівы, дробязны (аб працы)’ (Нас.), слімаза́рны ‘няўдалы, нязграбны’ (Сцяшк. Сл.), ‘плюгавы’ (Янк. 2), ‘мізэрны’ (Сержп.; кам., ЖНС), слемаза́рны ‘ўбогі, варты жалю, слёз’ (Нар. Гом.), слямаза́рный ‘дробны’ (Сл. Брэс.), слімаза́рнік, слімазу́рнік ‘гадкае запэцканае дзіця’, ‘благі працаўнік, рамеснік’ (Нас.), слімаза́рнік ‘неахайны, апушчаны чалавек’ (Чач., Касп., Федар. 4), слімазу́рыць ‘пэцкаць’, ‘марудліва займацца нечым’ (Нас.), слімаза́ ‘плакса’ (КСП). Параўн. укр. арг. шлямаза́рник ‘вучань, што нестаранна піша’, польск. ślamazarny, szlamazarny, ślimazarny ‘павольны; расхлябаны, бездапаможны; вялы’, ślamazara ‘няўклюда, няздара, недарэка’, каш. slamaza ‘марудны, пазбаўлены энергіі чалавек’. Сцяцко (Афікс. наз., 41) слімаза́ разглядае як назоўнік агульнага роду, утвораны пры дапамозе непрадуктыўнага суф. ‑з‑(а), што характарызуе асобу па негатыўнай працэсуальнай прыкмеце, ад слі́маць ‘плакаць’ (КСП) па тыпу раўцірэўза. Да падобнай версіі паходжання каш. slamaza схіляецца Борысь (SEK, 4, 308), мяркуючы пра зыходныя формы *ślimaza, ślimaga, якія пазней зблізіліся з запазычаным ślam < ням. Schlamm ‘глей, мул, гразь’, ад якіх выводзіць польскія словы Брукнер (530). У якасці словаўтваральнай асновы прымаецца *slim‑ ‘слізь, сліна’ < прасл. *slimъ або *slima, гл. SEK, 4, 311; Бязлай, 3, 260; параўн. слім, слімень (гл.). Аднак аргатычнае ўжыванне дапускае і іншую версію паходжання слова ці, ва ўсякім выпадку, уплыў на семантыку славянскага слова з боку яўр.-ням. (ідыш) schlimasel ‘злы лёс’, як гэта меркаваў Карскі (Белорусы, 173). Шульман (Полымя, 1926, 8, 216) лічыць крыніцай беларускага сьлімазальнік ‘пэцкаль, мурза, няўдачнік’ ід. Schlimesalnik ‘тс’. Гл. таксама Альтбаўэр, JP, 17, 49 і наст. Горбач (Арго школярів, 35) украінскі аргатызм выводзіць ад ма́зати, гл. мазаць, і яўр. šlim‑mazzalnik ‘няўдачнік, бедалага’ з ням. schlimm ‘дрэнны’ і яўр. mazzal ‘доля, шчасце’. Сучасны аргатызм шлемазл ‘няўдачнік’ (гл. Евреи Гродно, Гродно, 2000, 118) < ід. Schlafnassel ‘цяжкая, заблытаная сітуацыя, пры якой індывід церпіць прыкрую няўдачу’, што з біблейскага яўр. Schla > Schlau + ід. Massel ‘шчасце’, для якога дапускаецца кантамінацыя з ням. Schlimm ‘дрэнны, паганы’ (Штэрн, Wörterbuch, 189).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ВІННІЧЭ́НКА Уладзімір Кірылавіч [7.8.1880, с. Грыгарыіўка (паводле інш. звестак — Вялікі Кут) Херсонскай губ., Украіна — 6.3.1951], украінскі паліт. дзеяч, пісьменнік, публіцыст. Чл. Рэв. укр. партыі (РУП). У снеж. 1905 удзельнічаў ва ўстаноўчым з’ездзе Укр. с.-д. рабочай партыі, выступаў за аўтаномію Украіны. У 1907—14 у эміграцыі. У брашуры «Пра мараль паноў і мараль прыгнечаных» (1911) выклаў сваё этычнае і паліт. крэда. У 1917 адзін з лідэраў Укр. с.-д. рабочай партыі, старшыня Ген. сакратарыята — урада Цэнтр. Рады. У 1918 — лют. — кіраўнік Дырэкторыі Украінскай народнай рэспублікі (гл. таксама Украінскай Дырэкторыі ўрад). У 1920 у Вене арганізаваў замежную групу Укр. камуніст. партыі, выдаваў газ. «Нова доба» («Новая эпоха»). У маі 1920 у Маскве вёў перагаворы пра ўваходжанне ў склад урада Сав. Украіны, прызначаны нам. старшыні Саўнаркома і наркома замежных спраў Украіны. Расчараваўшыся ў сац. і нац. палітыцы, выехаў за мяжу. Апошнія гады жыцця правёў у Францыі; у 1941 за адмову супрацоўнічаць з фашыстамі зняволены ў канцлагер. Аўтар аповесцей, апавяданняў (1902—06) пра жыццё сял. беднаты, глухой правінцыі. Сац.-псіхал. раманы «Запаветы бацькоў» (1914), «Хачу» (1916), «Запіскі кірпаносага Мефістофеля» (1917) пра ідэйны і духоўны крызіс, крайні індывідуалізм і скепсіс у рэв. асяроддзі. У эміграцыі апублікаваў уласную версію гісторыі ўкр. рэвалюцыі («Адраджэнне нацыі», т. 1—3, 1920). Аўтар фантаст. рамана-утопіі «Сонечная машына» (1928), рамана-антыутопіі «Лепразорый» (1938), паліт. рамана «Слова за табой, Сталін!» (нап. 1950); на працягу 40 гадоў (1911—51) вёў дзённік. Стварыў больш як 70 жывапісных палотнаў.

Тв.:

Рус. пер.: — Собр. соч. Т. 1—9. М., 1911—17;

Из истории украинской революции // Революция на Украине по мемуарам белых. М.; Л., 1930 (репр. Киен, 1990);

Честность с собой;

Записки курносого Мефистофеля. М., 1991;

Золотые россыпи Чекисты в Париже. Мн.;

М., 1991.

т. 4, с. 185

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

хлеб, ‑а, м.

1. толькі адз. Прадукт харчавання, які выпякаецца з мукі. Пшанічны хлеб. Кілаграм хлеба. □ У хаце прыемна пахла цёплым хлебам і напаленай печкай. Мележ. Як пернік смачны, У руцэ Трымаў я хлеб жытні калісьці — Спадыспаду не ў муцэ, А на кляновым лісці. Аўрамчык. Ідзеш на дзень — хлеба бяры на два. Прыказка. Ядуць на свеце хлеб траякі: чорны, белы і ніякі. Прыказка. // Такі прадукт у выглядзе вырабаў пэўнай формы. Круглы хлеб. Бохан хлеба. // Цеста, прыгатаванае для выпечкі хлебных вырабаў. Хлеб падышоў. □ [Жонка:] — Дык намялі мукі ў жорнах, замясі цеста, а як падыдзе, пасадзі хлеб у печ. Якімовіч. // а таксама мн. (хлябы́, о́ў). Выпечка. У дзежцы стаяла яшчэ крыху мукі. Гэтай мукі можа яшчэ хопіць на два скупыя хлябы. Чорны.

2. Зерне, якое мелецца на муку для выпякання хлеба. Абмалочаны хлеб. □ Большасць сабранага хлеба калгаснікі.. падзялілі паміж сабой на працадні. Шамякін.

3. Зерневыя расліны (жыта, пшаніца і пад.) на корані. — Цёзка, ці не бачыш, што ў нас у гэтым годзе хлеб радкаваты? — запытаў яго, сеўшы побач, калгасны брыгадзір Кузьма Стрыж. Дуброўскі. Хлеб па хлебу сеяць — ні малаціць, ні веяць. Прыказка. / мн. хлябы́, о́ў. Разм. Жыта там родзіцца на дзіва: Як едзеш між хлябоў вясною, У іх конь хаваецца з дугою. Колас.

4. толькі адз.; перан. Разм. Сродкі для існавання, заробак. Дырэктару было ўжо сумна. Пісаць артыкулы яму не ставала часу і, да таго ж, ён не хацеў адбіраць у газетчыкаў іх законны хлеб. М. Стральцоў. У сенцах сустрэліся з гаспадыняй — баба што печ, на ўсе дзверы. Клім спыніўся і з усмешкаю кіўнуў Шэмету на жонку: — На старшынёўскіх хлябах. Лобан. / Пра жыццё, долю. Ох, дачушка, хлеб твой горкі, горка твая доля! Колас.

•••

Барадзінскі хлеб — асобы гатунак паштучнага заварнога хлеба, які выпякаецца з шатраванай жытняй і пшанічнай мукі і мае прыемны саладкаваты прысмак.

Мінскі хлеб — хлеб з жытняй пытляванай мукі з кменам.

Украінскі хлеб — хлеб з жытняй шатраванай мукі з дабаўленнем пшанічнай мукі другога гатунку.

Аб сухім хлебе — без вадкай стравы (жыць).

Без хлеба сядзець — быць незабяспечаным сродкамі для існавання.

Гэта мой (твой, яго, яе, наш, ваш, іх) хлеб — пра чый‑н. занятак.

Дарэмна хлеб есці гл. есці.

Даць салдацкага хлеба (груб.) — даць выспятка; даць каленам пад зад.

Есці чужы хлеб гл. есці.

Зайцаў хлеб — рэшткі яды, прывезенай дадому з лесу, лугу і пад., якую прапануюць з’есці дзецям.

З хлеба крошак шукаць гл. шукаць.

Ісці на свой хлеб гл. ісці.

І то (гэта) хлеб — ёсць нейкая карысць каму‑н.

І хлеб і да хлеба — усяго многа, дастаткова (прадуктаў харчавання).

Карміць хлебам гл. карміць.

Кусок (кавалак) хлеба гл. кусок.

Лёгкі хлеб — пра лёгкую працу, без клопатаў, турбот, без напружання сіл.

Надзённы хлеб — тое, што патрэбна для жыцця.

На ласкавым хлебе — быць нахлебнікам, жыць на ўтрыманні, з чыёй‑н. ласкі.

Не вялікі хлеб — а) не вельмі добра; б) невысокая аплата працы, не зусім забяспечаныя ўмовы жыцця.

Пасадзіць на хлеб і ваду — пакараць голадам, абмежаваць каго‑н. у ядзе.

Перабівацца з вады на хлеб (з хлеба на квас) гл. перабівацца.

Свой акраец хлеба гл. акраец.

Сесці на хлеб чый гл. сесці.

Стаць на свой хлеб гл. стаць.

Сядзець на чужым хлебе гл. сядзець.

Хлебам не кармі гл. карміць.

Хлеб ды соль! — прыемнага, добрага апетыту (пажаданне таму, каго засталі за ядой).

Хлеб есці з чаго гл. есці.

Хлеб-соль — пачастунак. — Гэта ж во госцік дарагі, Алёша Іванавіч, з мае роднае вёскі.. Заехаў.. укусіць хлеба-солі!.. Брыль.

Цераз хлеб ды хлеба шукаць гл. шукаць.

Цяжкі хлеб — праца, якая патрабуе вялікіх намаганняў, цяжкая фізічная праца.

Шукаць лёгкага хлеба гл. шукаць.

Шукаць як хлеба гл. шукаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)