«І́СКРА»,
газета рэвалюцыйна-дэмакр. кірунку ў Зах. Беларусі. Выдавалася 10—27.6.1925 (аднадзёнка — 31.5.1925) у Вільні на бел. мове. Змяшчала матэрыялы на актуальныя тэмы паліт. жыцця Польшчы, Зах. Беларусі, аналізавала знешнюю і ўнутр. палітыку польскага ўрада. Асаблівую ўвагу аддавала зямельнай рэформе і яе вырашэнню ў сейме. Апублікавала выступленні ў сейме дэпутатаў Бел. пасольскага клуба Б.Тарашкевіча, Ф.Ярэміча, сенатара А.Назарэўскага, інтэрпеляцыі бел. паслоў з выпадку злоўжыванняў польскай адміністрацыі на зах.-бел. землях, пастановы III з’езда Кампартыі Польшчы, прапановы асобных сенатараў у абарону інтарэсаў насельніцтва Зах. Беларусі. Змясціла ўрыўкі з паэмы Я.Купалы «Безназоўнае», асобныя вершы А.Гурло. Выйшла 7 нумароў, з іх 2 канфіскаваны.
А.С.Ліс.
т. 7, с. 330
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСКО́ (Алесь) (Аляксандр Канстанцінавіч; н. 10.12.1951, в. Чудзін Ганцавіцкага р-на Брэсцкай вобл.),
бел. паэт. Скончыў Брэсцкі пед. ін-т (1976). Працаваў у рэдакцыі газ. «Сельская праўда» ў г. Жабінка Брэсцкай вобл., з 1984 у Брэсце на абл. студыі тэлебачання, у абл. аддзяленні Саюза пісьменнікаў Беларусі. Друкуецца з 1968. У нізцы вершаў «Вестка» (зб. «Нашчадкі», 1979), паэт. зб-ках «Скразная лінія» (1982), «Набліжэнне» (1989); «Час прысутнасці» (1994, Літ. прэмія імя А.Куляшова 1995), «45» (1996) шчырая захопленасць роднымі краявідамі, роздум пра мінулае і аптыміст. погляд на будучыню свайго краю. Піша для дзяцей. Творчасць адметная філасафічнасцю, багатай вобразнасцю, тэхн. дасканаласцю. Перакладае з рус., укр., польскай, македонскай моў.
т. 8, с. 143
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕ́НЬКА (Міхаіл Паўлавіч) (н. 8.2.1947, в. Верацеі Пастаўскага р-на Віцебскай вобл.),
бел. літ.-знавец, перакладчык. Канд. філал. н. (1983). Скончыў Магілёўскі пед. ін-т (1969). Працаваў журналістам, настаўнікам. З 1976 у Ін-це л-ры імя Я.Купалы АН Беларусі, з 1983 нам. гал. рэдактара выд-ва «Юнацтва», з 1988 выкладчык БДУ. Друкуецца з 1974. Даследуе сучасную бел. прозу і паэзію, тэорыю і практыку маст. перакладу (кн. «Майстэрства Аркадзя Куляшова-перакладчыка», 1983), творчасць бел. пісьменнікаў. Пераклаў з польскай кн. «Крыжакі» Г.Сянкевіча, апавяданні С.Градзенскай, з чэшскай — кн. «Клапзубава каманда» Э.Баса, апавяданні І.Кліма і інш.
Тв.:
Міхась Лынькоў Летапіс жыцця і творчасці. Мн., 1987.
т. 8, с. 232
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МАЛАДА́Я ПО́ЛЬШЧА»
(«Młoda Polska»),
польская эмігранцкая дэмакр. арг-цыя, якая існавала ў 1834—36 у Швейцарыі. Засн. ў г. Берн групай польск. карбанарыяў, была звязана з арг-цыяй «Маладая Еўропа». Выступала супраць сістэмы Свяшчэннага саюза, з дапамогай сваіх эмісараў вяла прапагандысцкую дзейнасць у Польшчы пад лозунгамі незалежнасці краіны, надання паліт. правоў усім яе грамадзянам, ажыццяўлення радыкальных сац. рэформ. Пазней «М.П.» ўзначаліў І.Лялевель, сярод інш. дзеячаў Ш.Канарскі, К.Стольцман, Ф.Навасельскі, К.Залеўскі. Дзейнасцю арг-цыі ў Польшчы кіраваў створаны ў 1835 у Бруселі тайны «Саюз дзяцей польскага народа». Пасля 1836 чл. «М.П.» перайшлі ў арг-цыю «Аб’яднанне польскай эміграцыі» і ў Польскае дэмакратычнае таварыства.
Н.К.Мазоўка.
т. 9, с. 551
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАЖЫ́НСКІ ((Pierożyński) Леан) (каля 1753—1827),
польскі і бел. акцёр, рэжысёр, антрэпрэнёр. Творчую дзейнасць пачаў як акцёр у Варшаўскім Нац. т-ры (у В.Багуслаўскага). Стваральнік і кіраўнік (1783—84) прыдворнай прафес. трупы Нясвіжскага тэатра Радзівілаў (у рэпертуары, акрамя драм. спектакляў, оперы-буфа «Джаніна і Бернардоне» Д.Чымарозы, «Вясковыя сцэны рэўнасці» Дж.Сарці, оперы «Салдат-чарнакніжнік, або Д’ябальскі пачастунак» Гаэтані, «Фраскатанка» Дж.Паізіела і інш.). Вядомы як перакладчык камедый і оперных лібрэта. У 1795 выступаў у Дзярэчыне (Зэльвенскі р-н Гродзенскай вобл.) і Вільні. Узначальваў гастролі «Кампаніі артыстаў польскай камедыі», якая наведала Украіну, Польшчу. Разглядаў тэатр як сродак эстэт. выхавання, школу грамадзянскіх дабрачыннасцей.
т. 12, с. 275
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«РУБО́Н»
(«Rubon»),
альманах памяркоўна-кансерватыўнага кірунку. Выдаваўся ў 1842—49 у Вільні на польскай мове. Распаўсюджваўся пераважна на Віцебшчыне (Рубон — стараж. назва р. Зах. Дзвіна). Рэдактар-выдавец К.Буйніцкі. Асвятляў культ. жыццё Наддзвіння і паказваў мінулае краю. Змяшчаў матэрыялы па бел. этнаграфіі, фальклоры і гісторыі Беларусі. Надрукаваў творы Я.Баршчэўскага, Т.Лады-Заблоцкага, Г.Марцінкевіча, В.Рэута, братоў Ю., К. і В. Гжымалоўскіх, А.Плятэра, Я.Ходзькі, І.Храпавіцкага, Я.Чачота і інш. ураджэнцаў і жыхароў Беларусі, бел. нар. песні. Адыграў пэўную ролю ў ажыўленні культ. руху і згуртаванні літ. сіл рэгіёна. Арыентаваўся на маёмную шляхту і мясц. інтэлігенцыю. Выйшла 10 тамоў.
У.І.Мархель.
т. 13, с. 424
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Белетрысты́чны. Запазычанне ў дакастрычніцкі перыяд з польскай мовы (польск. beletrystyczny). Аб запазычанні сведчыць марфалагічны тып прыметніка (на ‑н‑, у параўнанні з рус. тыпам на ‑еск‑). Гл. Крамко, Гіст. мовы, 2, 144.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Асо́ба (БРС, Нас., Яруш.). Рус., укр., балг. особа, серб.-харв. о̀соба, польск., чэш., славац., славен. osoba, в.-луж., н.-луж. wosoba. У старабеларускай са значэннем ’форма, сукупнасць рыс, твар’ (Гіст. мовы, 1, 219). У ст.-рус., ст.-слав. толькі особь, ст.-рус. особѣ ’особна’. Літ. asabà ’асоба’ з польскай ці беларускай (Фрэнкель, 18). У польск. osoba з XV ст. Звычайна лічаць, што назоўнік утвораны з прыслоўнага выразу о собѣ ’особна’ (Фасмер, 3, 162). Гэта, аднак, незвычайны шлях утварэння назоўнікаў. Хутчэй трэба лічыць утвораным з вядомага ўжо ў стараславянскіх помніках дзеяслова особити (сѧ) ’жыць асобна’ як бяссуфіксны назоўнік. Рускае слова, вядомае з пачатку XVIII ст., Вінаградаў, Очерк, 32; Фасмер лічыць запазычаным з польскай, а Шанскі, КЭСРЯ, 315, — агульнаславянскім. Улічваючы час фіксацыі рускага слова (прыкладна на стагоддзе пазней, чым у заходнерускіх помніках), магчыма, трэба пагадзіцца з Вінаградавым і інш. Позняя фіксацыя і старабеларускія значэнні гавораць у карысць таго, што беларускае слова трэба лічыць запазычаным з польскай, дзе пашырана, магчыма, пад чэшскім уплывам. Дзеяслоў *osobiti ўтвораны непасрэдна ад прыслоўнага выразу *о sobě ці, хутчэй, ад праславянскага прыметніка *osobъ, што захаваўся ў выглядзе асобы, утворанага ад *о sobě; адсюль і асобны (*osobьnъ); ад асоба ’персона’ — асабовы, асабісты (магчыма, на польскай глебе).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ко́рак 1 ’вонкавы адмерлы слой кары’ (ТСБМ). Словаўтварэнне сведчыць аб запазычанні з польск. korek ’тс’ (Слаўскі, 2, 485). Запазычанне корак 2 (гл.) і корак 3 (гл.) адбывалася аўтаномна ў розны час.
Ко́рак 2 ’каблук’ (Мат. Гом.), ’абцас’ (Бяльк., Нас.). Укр. корок ’тс’. Запазычанне з польскай мовы (XVI ст.) (Слаўскі, 2, 484). Гл. корак 1 і корак 3.
Ко́рак 3 ’корак, затычка’ (ТСБМ, Сл. паўн.-зах., Сцяшк., ТС). Параўн. польск. korek (там жа, 503). Пазнейшае запазычанне з польскай мовы (XVIII–XIX стст.). Гл. корак 1 і корак 2.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Апавяда́нне (літар. тэрмін). Укр. оповідання, польск. opowiadanie. З польскай; замацавалася на пач. XX ст. (Гіст. мовы, 2, 147). Ст.-бел. оповеданье (з XVI ст. — Гіст. мовы, 1, 240) ’аб’ява’ ад дзеяслова апавядаць (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)