БАЛЬМО́НТ (Канстанцін Дзмітрыевіч) (16.6.1867, в. Гумнішчы Іванаўскай вобл., Расія — 23.12.1942),

рускі паэт. З дваран. У 1886 паступіў у Маскоўскі ун-т, у 1887 выключаны за ўдзел у рэв. студэнцкім руху. Першыя кнігі «Зборнік вершаў» (1890) і «Пад паўночным небам» (1894) прасякнуты матывамі меланхоліі, смутку, адчужанасці. Зб. паэзіі «У бяскрайнасці» (1895), «Цішыня» (1989), «Будзем як сонца» (1903) вылучылі Бальмонта як аднаго з прадстаўнікоў рус. сімвалізму. У цэнтры паэзіі — стыхійныя сілы прыроды і роўны ім герой з абвостранымі пачуццямі, душэўнымі памкненнямі. У 1905 нелегальна выехаў за мяжу. Зб. «Песні мсціўца» (Парыж, 1907) забаронены царскай цэнзурай. Уражаннем ад падарожжаў напоўнены зб. «Зарыва світанняў» (1912), «Край Азірыса» і «Белы дойлід. Таямніца чатырох каганцоў» (1914). Вітаў Лют. рэвалюцыю 1917, не прыняў Кастр. рэвалюцыі і ў 1920 эмігрыраваў. Выдаў зб. вершаў «Дар Зямлі» (1921), «Маё — Ёй. Вершы аб Расіі» (1923), «Паўночнае ззянне» (1931), «Блакітная падкова» (1937), аўтабіягр. раман «Пад новым сярпом» (1923); перакладаў творы П.Б.Шэлі (Поўн. зб. тв.), П.Кальдэрона, У.Уітмена, Э.По, П.Верлена, арм., груз., літоўскіх аўтараў. Аўтар літ.-крытычных кніг «Горныя вяршыні» (1904), «Белыя бліскавіцы» (1908), «Паэзія як чараўніцтва» (1915).

Тв.:

Полн. собр. стихотворений. Т. 1—10. М., 1908—13;

Избранное: Стихотворения;

Переводы;

Статьи. М., 1991.

П.П.Вашко.

К.Дз.Бальмонт.

т. 2, с. 266

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛЬЦО́Ў (Аляксей Васілевіч) (15.10.1809, г. Варонеж, Расія — 10.11.1842),

рускі паэт. Дэбютаваў ананімна ў 1830. Адзіны прыжыццёвы зб. паэзіі «Вершы» (1835). На лёс К. як паэта і на фарміраванне яго ідэйна-маст. поглядаў паўплывала знаёмства з А.Пушкіным і В.Бялінскім. У вершах 1825—30, напісаных у духу сентыментальнай і рамант. паэзіі, паявіліся і рэаліст. рысы («Падарожны», «Начлег чумакоў»). Пісаў пасланні, элегіі, рамансы, мадрыгалы, трыялеты. Вяршыня творчасці К. — песні, створаныя ў традыцыях рус. фальклору. Многія сталі нар. песнямі. Апяваў працу земляроба, красу роднай прыроды («Песня аратага», «Ураджай», «Касец»), расказваў пра цяжкі лёс беднаты («Горкая доля», «Гора», «Доля бедняка»), пра імкненне нар. мас да лепшай долі, выказваў пратэст супраць прыгонніцтва («Дума сокала», «Лес»). Паэзія К. вызначаецца рэалізмам і народнасцю, глыбокім лірызмам і шчырасцю, выразнасцю мовы, рытміка-інтанацыйным багаццем. Паасобныя вершы К. на бел. мову пераклалі Л.Дайнека, Я.Міклашэўскі, М.Мятліцкі.

Тв.:

Полн. собр. стихотворений. Л., 1958;

Соч. Т. 1—2. М., 1961;

Соч. Л., 1984;

Стихотворения. М., 1989;

Утешение. Можайск, 1994;

Бел. пер. — [Вершы] // Полымя. 1984. № 10;

У кн.: Братэрства, 88. Мн., 1988.

Літ.:

Скатов Н.Н. Кольцов. 2 изд. М., 1989;

Кузнецов В.И. Нетленные строки. Воронеж, 1984.

І.У.Саламееіч.

т. 7, с. 493

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ЎТУН (сапр. Новік) Валянціна Міхайлаўна

(н. 6.4.1946, в. Дземяхі Рэчыцкага р-на Гомельскай вобл.),

бел. паэтэса. Канд. філал. н. (1979). Скончыла БДУ (1969). Настаўнічала на Гродзеншчыне, працавала ў «Сельской газете», выд-ве «Юнацтва», у 1979—81 і з 1990 у час. «Полымя». Друкуецца з 1966. У паэт. зб-ках «Каляровыя вёслы» (1971), «На ўзлёце дня» (1977), «Метраном» (1985; Літ. прэмія імя А.Куляшова 1986), «Лісты да цябе» (1988) размова пра час і сваё пакаленне, людзей вёскі і іх праблемы. Сутнасць яе лірыкі — маральна-этычныя ўзаемаадносіны ў грамадстве, сувязь з духоўнымі традыцыямі народа. Многія творы пабудаваны на фалькл. сюжэтах. Адна з важных тэм яе творчасці — асэнсаванне значнасці асобы бел. паэтэсы Цёткі (А.Пашкевіч), якой прысвечаны паэмы «На зломе маланкі» (1979), «Суд Алаізы» (1985). Аўтар паэт. зб-каў для дзяцей «Мы робім казку» (1983), «Вясёлы заасад» (1986), кн. апавяданняў «Калінавая гронка залатая» (1988), артыкулаў па пытаннях фальклору ў сучаснай бел. паэзіі, перакладаў з рус. і ўкр. моў. Прэзідэнт Усебел. жаночага фонду св. Ефрасінні Полацкай (з 1993).

Тв.:

Святло народнага слова: Паэтычны лад бел. нар. песні. Мн., 1984;

Крыніца паэзіі: На шляхах эпізацыі: Кн. для настаўніка. Мн., 1987;

Крыж міласэрнасці: Раман. Мн., 1996.

В.М.Коўтун.

т. 8, с. 437

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕРЫ́С (Néris; сапр. Бачынскайтэ-Бучэне) Саламея

(17.11.1904, в. Кіршай Марыямпальскага пав., Літва — 7.7.1945),

літоўская паэтэса. Нар. паэтэса Літвы (1954). Скончыла Каўнаскі ун-т (1928). Друкавалася з 1923. Першы зб. «Раннім ранкам» (1927) прасякнуты рамант. сімвалізмам. У лірычных зб-ках «Сляды на пяску» (1931), «Дзямідасам зацвіту» (1938; Дзярж. прэмія Літвы 1939) і інш. зварот да сац. праблем, духоўнага свету чалавека-працаўніка. Роздум над трагізмам вайны, гіст. лёсам літ. народа ў кнігах паэзіі «Апявай, сэрца, жыццё!» (1943), «Салавей не можа не спяваць» (1945), «Мой край» (1947; Дзярж. прэмія СССР 1947). Яе паэзіі ўласцівы шчырасць і глыбіня пачуццяў, меладычнасць верша, набліжаная да народнай. Пераклала на літ. мову асобныя творы Я.Купалы. На бел. мову яе творы пераклалі Э.Агняцвет, А.Астапенка, М.Аўрамчык, Р.Барадулін, С.Грахоўскі, С.Дзяргай, В.Жуковіч, А.Звонак, М.Калачынскі, І.Калеснік, К.Камейша, Г.Каржанеўская, Е.Лось, М.Лужанін, У.Нядзведскі, П.Прыходзька, А.Разанаў, Ю.Свірка, Я.Семяжон, Н.Тарас, Х.Чэрня, У.Шахавец, В.Шымук.

Тв.:

Rastai. T. 1—3. Vilnius, 1957;

Poezija. T. 1—2. Vilnius, 1972;

Бел. пер. — Калі зямля прачынаецца...: Выбранае. Мн., 1971;

Рус. пер. — Лирика. М., 1971.

Літ.:

Мальдзіс А Творчыя ўзаемасувязі беларускай і літоўскай літаратур у савецкі час // Старонкі літаратурных сувязей. Мн., 1970;

Лапінскене А, Мальдзіс А Перазовы сяброўскіх галасоў. Мн., 1988.

С.Нерыс.

т. 11, с. 295

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТРАПАМАРФІ́ЗМ (ад антрапа... + грэч. morphē форма, від),

прыпадабненне да чалавека, надзяленне чалавечымі ўласцівасцямі прадметаў і з’яў нежывой прыроды, нябесных целаў, жывёлін, міфічных істот. Узнік як першапачатковая форма светапогляду чалавека на ранніх ступенях развіцця грамадства (гл. Анімізм). Антрапамарфізм уласцівы большасці рэліг. уяўленняў пра багоў і інш. звышнатуральных істот (багі т.зв. вышэйшых рэлігій, язычніцкія багі і інш.). Антрапаморфныя паняцці выкарыстоўваюць і ў сучаснай навук.-тэхн. л-ры (камп’ютэр «запамінае», «рашае задачу» і г.д.), для эмацыянальнай выразнасці ў выяўл. мастацтве, паэзіі, прозе («зямля спіць», «мора хвалюецца»).

т. 1, с. 392

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРАТАШВІ́ЛІ (Ніколаз Мелітонавіч) (27.12.1817, Тбілісі — 21.10.1845),

грузінскі паэт-рамантык. Літ. спадчына Бараташвілі — паэма і вершы (каля 40), пераважна філас. і інтымнай тэматыкі. У творах («Мерані», «Мая малітва», «Магіла цара Іраклія», «Роздум на беразе Куры», паэма «Лёс Грузіі» і інш.) складаны ўнутр. свет чалавека, мара пра нац. свабоду Грузіі. У асобных вершах матывы адчаю, песімізму, адзіноты («Адгукніся, душа», «Злы дух»). Паэзіі Бараташвілі ўласцівыя псіхалагізм, лірызм, экспрэсіўнасць, пластычнасць, музычнасць. На бел. мову яго творы перакладалі А.Астрэйка, А.Вялюгін, Е.Лось, Я.Семяжон і інш.

Н.М.Бараташвілі.

т. 2, с. 300

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛЕ́С,

язычніцкае бажаство ўсх. славян. Лакальныя назвы Валос, Волас. Вялеса лічылі апекуном жывёлагадоўлі (у «Аповесці мінулых гадоў» яго называлі «скоцій бог»), багацця (яго імем кляліся купцы і княжацкія дружыннікі), мастацтва, у прыватнасці паэзіі (у «Слове пра паход Ігараў» княжацкі паэт Баян называецца ўнукам Вялеса). З увядзеннем хрысціянства ў Кіеўскай Русі (канец 10 ст.) уяўленне пра Вялеса паступова знікла, а яго гал. функцыя — апекуна жывёлагадоўлі — нададзена хрысц. святому Уласу (Аўласу), у гонар якога спраўлялі конскае свята 11 лютага ст.ст.

М.Ф.Піліпенка.

т. 4, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДА́КТЫЛЬ (грэч. daktylos літар. палец),

1) у антычным вершаскладанні 4-дольная стапа з 3 складоў — першага доўгага і двух наступных кароткіх (-◡◡). Выкарыстоўвалася ў пентаметры і гекзаметры.

2) У сілаба-танічным вершаскладанні 3-складовая стапа з рытмічным націскам на 1-м складзе (--). У бел. паэзіі Д. паявіўся ў канцы 19 ст. з развіццём сілаба-танічных вершаваных формаў (верш Я.Лучыны «Роднай старонцы»). 3-стопным Д. напісаны вершы М.Танка «Шчасце», 4-стопным — М.Багдановіча «Вечар на захадзе ў попеле тушыць...», 5-стопным — Танка «Надпіс на кнізе».

А.А.Майсейчык.

т. 6, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДО́ЛЬНІК,

від верша, своеасаблівая пераходная форма ад сілаба-танічнай да танічнай сістэм вершаскладання. У ім выяўляецца чаргаванне моцных націскаў (іктаў) і міжіктавых інтэрвалаў. Колькасць іктаў у радках звычайна ўрэгулявана, міжнаціскныя ж інтэрвалы не аднолькавыя (1,2 склады), могуць быць пропускі іктаў. Калі колькасць т.зв. адступленняў ад памеру нязначная, Д. набліжаецца да сілаба-танічнага верша, калі іх колькасць павялічваецца — да танічнага. Аналагічныя віды верша існуюць у англ., ням., рус. і інш. паэзіях. У бел. паэзіі Д. карысталіся Цётка, М.Багдановіч, Я.Колас, А.Куляшоў, П.Панчанка, У.Караткевіч і інш.

т. 6, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКО́ЛАВА (Валянціна Валянцінаўна) (н. 25.7.1954, в. Мазуршчына Салігорскага р-на Мінскай вобл.),

бел. паэтэса. Скончыла Полацкае муз.-пед. вучылішча імя Ф.Скарыны (1973), БДУ (1980). Настаўнічала, працавала журналісткай. Друкуецца з 1968. Аўтар зб. паэзіі «За тым лугам зеляненькім» (1987), «Вяртанне ў заўтра» (1990), «Я люблю сваю Белую Русь...» (1990), «Случарыны» (1994), фантаст. паэмы-п’есы «Палачанка Ігрэна, альбо Вяртанне Скарыны» (1990). Лірызм, выкарыстанне фалькл. матываў, вобразаў, стылістыкі — рысы лірыкі Аколавай. Апявае славутых жанчын Беларусі. Перакладае з рус. (зб. «Дзве песні» М.Цвятаевай, 1994), укр., славацкай моў. Паасобныя вершы Аколавай пакладзены на музыку.

І.У.Саламевіч.

т. 1, с. 198

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)