мудрава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; незак.

Разм.

1. над чым і без дап. Рабіць што‑н. складанае, незвычайнае; прыдумваць што‑н. Два гады Анатоль мудраваў над разцамі, заходзіў у тупік і зноў, як апантаны, браўся за новае. Асіпенка. Трое хлапчукоў-падлеткаў мудравалі над вялікай і прыгожай мадэллю самалёта. Ракітны.

2. Залішне ўскладняць якую‑н. справу. Ганька за сталом доўга не мудруе. Раз-раз алюмініевай лыжкай .. — і неўзабаве па ўсёй поліўцы. А затым і па кашы! Васілевіч. // Хітрыць. — Мудруеш, ты Язэп, — гаворыць нарэшце [Максімка]. Не, не мудруе Язэп.. Не жыў бы ён у тым доміку фінскім. Не прывык бы. Хадановіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

праяві́ць, ‑яўлю, ‑явіш, ‑явіць; зак., што.

1. Выявіць якую‑н. якасць, уласцівасць. Праявіць смеласць. Праявіць ініцыятыву. □ Усе гэтыя дні Сузан хадзіў вясёлы і ўзрушаны. Ён праявіў нават пэўную энергію і заклапочанасць. Лынькоў. Вася нават не чакаў, што строгі, суровы на выгляд капітан праявіць такую ўвагу да яго. Краўчанка.

2. Спец. Пры дапамозе праявіцелю ператварыць нябачны адбітак на плёнцы, пласцінцы ў бачны. Калі плёнку праявілі і разгледзелі фатаграфію, то аказалася, што на ёй.. бачны таксама і белы гіпсавы дыск. Матрунёнак.

•••

Праявіць сябе — выявіць свае вартасці ці недахопы, зарэкамендаваць сябе пэўным чынам. Раман і Аляксей думалі, што нарэшце яны змогуць праявіць сябе як героі. Кавалёў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сіраце́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.

1. Станавіцца сіратой, траціць сваіх бацькоў; быць сіратой. І вось — Алеся сірацее. Таўбін.

2. перан. Жыць гаротна, цяжка, быць пазбаўленым сувязі з блізкімі. Самі вы [партызаны] гаротна сірацелі, Каб зямля не ведала сіроцтва. Лось. // Пусцець, трацячы каго‑, што‑н. Сірацее хата без гаспадара. // Быць у адзіноце, мець самотны выгляд. Восень брала сваё. За акном сірацеў маладзенькі клён. Гаўрылкін. Нарэшце Лявон дайшоў да хмызняку, за якім разбягаўся папар, шарэла бязлюдная шаша і сірацеў адзінокі грузавік. Хадановіч. Кволасць і знямога .. адчуваліся ва ўсім: у слабым зіхаценні ўжо халаднаватага марыва, у самотным іржышчы, што млява сірацела на сонцы. Б. Стральцоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

та́бар, ‑а, м.

1. Група цыганскіх сем’яў, якія качуюць разам, а таксама іх стан, абоз. За ўзгоркам знаходзіцца тавар, у лагчыне раскінуты цыганскія шатры. Каваль. Нарэшце мужчыны засталіся адны — стары Мікола і яшчэ двое цыганоў, барадатыя і злосныя з выгляду. Тавар заціхаў. Чыгрынаў.

2. У мінулым — умацаваны лагер казакаў з абозам. На Буйніцкім полі Налівайка паставіў сваё войска тылам да Дняпра, з трох іншых бакоў абгарадзіўся табарам. Шынклер.

3. Вялікая група людзей, якая размясцілася на часовую стаянку; лагер. Касіць пачыналі з дальніх лугоў і ўпершыню выязджалі туды табарам на ўсе дні сенаўборкі, прыхапіўшы з сабой палаткі і харчы. Хадкевіч.

[Цюрк.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тлум, ‑у, м.

Разм.

1. Адурэнне, замарачэнне. Нарэшце знік запал, знікла цікавасць, застаўся адзін балючы тлум у мазгах, быццам заліў нехта іх растопленым волавам. Зарэцкі.

2. Шум, гоман, сумятня. [Канстанцін Міхайлавіч:] — Але імяніннік мае права не з’явіцца. Дый .. [Фадзееў], мусіць, сумысля нідзе не паказваецца, не хоча віншавальнага тлуму. Лужанін. Аніс узняўся і, махаючы шапкай, каб суцішыць тлум, на ўвесь голас закрычаў: — Можна і раней, чым за сем год, гэтага дасягнуць. Дуброўскі. У .. пакойчыку пахла друкарскай фарбай, сюды даносіўся той шматгалосы тлум, якім кожны дзень жыла рэдакцыя. Навуменка.

3. Шумлівы натоўп людзей. З чамаданам у руках паціснуўся .. [Лабановіч] на станцыю ў густым патоку людскога тлуму. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

угадзі́ць, угаджу, угодзіш, угодзіць; зак.

1. каму. Дагадзіць каму‑н., зрабіўшы што‑н. прыемнае, патрэбнае, жаданае. — Куды ты спяшаешся, сынок? — занепакоілася маці. — Можа, чым табе не ўгадзіла? Грахоўскі.

2. Разм. Трапіць куды‑н., апынуцца дзе‑н. Потым аціраўся [здраднік] у Чыжэвічах ля царквы, пры нейкім складзе быў, нарэшце ж, за крадзеж угадзіў у турму. Кулакоўскі.

3. Разм. Кідаючы або ўдараючы чым‑н., папасці ў каго‑, што‑н. — Цаляў у галаву, а ўгадзіў у плячо. І я, пэўна, крыкнуў ад болю. Ракітны. [Пан Булыга] хацеў заехаць Валодзіку па нагах кульбаю, але з гарачкі не пацэліў і ўгадзіў пані Авяліне. Бажко.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цягу́чы, ‑ая, ‑ае.

1. Які здольны расцягвацца, падаўжацца, не абрываючыся, не ломячыся. Цягучая рызіна.

2. Густы, клёпкі, ліпкі. У дзежках брага з хмелем, Цягучы мёд з вулля. Калачынскі.

3. перан. Працяглы, запаволены, марудлівы. Песні былі ягадныя, старадаўнія, доўгіядоўгія і цягучыя-цягучыя... Сачанка.

4. перан. Стамляюча доўгі, аднастайны. Мокры цягучы дзень нарэшце схіліўся к вечару. Кулакоўскі.

5. перан. Тое, што і цягавіты. [Марцін] паехаў на будаўніцтва і працаваў там чатыры месяцы. Працаваў так, што аж сам здзівіўся, які ён цягучы і дужы. Чарнышэвіч. Капаем мы [акоп], капаем удвух. Абодва цягучыя. І выкапалі мы ўжо метры два ў глыбіню. Дубоўка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

long1 [lɒŋ] adj.

1. праця́глы, до́ўгі;

for a long time до́ўгі час;

a long memory до́брая па́мяць;

a long time ago даўно́;

How long is the fi l m ? Колькі часу доўжыцца фільм?

2. до́ўгі, даўгі́;

thelong jump скачо́к у даўжыню́

at long last нарэ́шце;

the long and short оf it са́мая су́тнасць гэ́тага, са́мае гало́ўнае;

the long and short of it is that… караце́й ка́жучы, спра́ва ў тым, што…;

be long in the tooth hum. быць ве́льмі стары́м

Англійска-беларускі слоўнік (Т. Суша, 2013, актуальны правапіс)

well5 [wel] interj.

1. ну, ну вось, ну дык што (выражае здзіўленне, згоду, сумненне, уступку і да т.п.);

Well, you do surprise me! Ну і дзіва!;

Well, here we are at last! Ну вось, нарэшце мы тут!;

Well done! Здорава! (выражае адабрэнне);

Well met! Якая прыемная сустрэча!

2. так, такі́м чы́нам (ужываецца як уступнае слова пры заўвазе або для ўзнаўлення размовы);

Well, the next day… Такім чынам, на наступны дзень…

well I never (did)! dated ну і ну! (выражае здзіўленне)

Англійска-беларускі слоўнік (Т. Суша, 2013, актуальны правапіс)

усталява́цца, ‑лююся, ‑люешся, ‑люецца; зак.

1. Надзейна ўстанавіцца, умацавацца. Міналі гады... У нас усталявалася Савецкая ўлада. Астрэйка. Палкавы камітэт разагнаў эсэраў і бундаўцаў і памог бальшавіцкай меншасці ўсталявацца ў пасялковым Савеце. Чыгрынаў. // Перастаць змяняцца, зрабіцца ўстойлівым. Зіма ўсталявалася ўжо ў лістападзе. □ Пасля непагодлівых дзён з дажджамі і сцюдзёнымі вятрамі нарэшце ўсталявалася ціхае яснае надвор’е. Шчарбатаў. / у перан. ужыв. А ў нас усталяваўся цудоўны пах перасушанага сена: відаць, ад таго раскошнага сенніка, на якім спіць маці. Каршукоў. // Стаць прыгодным для карыстання (пра дарогу і пад.). Гулі машыны, мчалі з Асіпаўскага ў Грыні і назад. Для іх усталявалася дарога, як цэмент. Пташнікаў.

2. Асесці, уладкавацца дзе‑н. Усталяваўшыся на сталай базе ў лесе, Алег з групай партызан выйшаў на заданне. «Маладосць». [Маці:] — Няхай едзе, усталюецца, напіша, з’ездзіш паглядзіш, а пасля таго — забірай дзяцей і ўсе рэчы. Дубоўка. Мы дамовіліся перапісвацца, калі ўсталюемся на рабоце. Марціновіч.

3. Наладзіцца, замацавацца. Толькі пасля вайны ўзаемаадносіны ў нашай сям’і ўсталявалася, як прыязныя: мачыха, мабыць, ужо не баялася, што я буду прэтэндаваць на нейкую часціну спадчыны. Сабаленка. У літаратурным асяроддзі ўсталявалася думка, што другая кніжка часцей за ўсё бывае слабейшая за першую. Грахоўскі. // Стаць звычаем, традыцыяй. Леанід Ляонцьеў выказаў, бадай, агульную думку ўсіх удзельнікаў семінара: — Каб нам часцей так сустракацца, каб усталявалася гэтая традыцыя — традыцыя творчых сустрэч, творчага адзінства! «Маладосць». // Разм. Устанавіцца, наступіць. Нарэшце гоман сціх. Усталявалася цішыня. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)