вышэйшы орган ням.-фаш. цывільнага кіравання часткай акупіраванай тэр. Беларусі ў Вял.Айч. вайну. Створаны ў адпаведнасці з загадам А.Гітлера ад 17.7.1941, паводле якога кіраванне захопленымі сав. абласцямі пасля «спынення ваенных дзеянняў пераходзіць ад ваеннай адміністрацыі да цывільных улад». Ген. камісар — гаўляйтар В.Кубэ (1.9.1941 — 22.9.1943), в.а. ген. камісара — ген.-лейт. паліцыі групэнфюрэр К. фон Готберг (вер. 1943 — чэрв. 1944). Генеральны камісарыят Беларусі складаўся з 5 гал. аддзелаў: палітыкі (уключаў аддзелы палітыкі, прапаганды, культуры і моладзі); кіравання (кадраў, права, фінансавы, мед. абслугоўвання, ашчадных кас і інш.); гаспадаркі (гаспадарчы, сельскай гаспадаркі, харчовы, леса- і дрэваапрацоўкі, рабочай і сац. палітыкі, прам-сці і рамяства); тэхнікі (буд-ва дарог, воднай гаспадаркі, рэк); працы (з 1944). Склад апарата Генеральнага камісарыята Беларусі камплектаваўся з асоб ням. нацыянальнасці. Генеральнаму камісарыяту Беларусі непасрэдна падпарадкоўваліся абл. камісарыяты, гар. камісарыят Мінска, сілы паліцыі бяспекі і СД. Апарат Генеральнага камісарыята Беларусі ажыццяўляў ням.-фаш. палітыку на тэр. генеральнай акругі Беларусь, скіраваную на найб. эфектыўнае выкарыстанне эканам. патэнцыялу, людскіх і матэрыяльных рэсурсаў Беларусі ў інтарэсах Германіі, правядзенне паліт. і ідэалаг. мерапрыемстваў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫЛЛЁВА-БУДАЎНІ́ЧЫ КААПЕРАТЫ́Ў,
добраахвотнае аб’яднанне грамадзян з мэтай буд-ва жылых памяшканняў на ўласныя сродкі або з дапамогай крэдытаў, субсідый і інш. форм дзярж. падтрымкі. Кааператыў як юрыд. асоба — уласнік жылых памяшканняў у будынках Ж.-б.к. Яго члены маюць права ўласнасці толькі на паенакапленні ў кааператыве адпаведна ўнесеных сродкаў і кошту іх жылых памяшканняў, а права ўласнасці на жылое памяшканне — пасля аплаты яго поўнай вартасці і юрыд. афармлення гэтага права. Дзейнасць і кіраванне Ж.-б.к. рэгулююцца статутам, які прымаецца на ўстаноўчым сходзе. Вышэйшы орган кіравання — агульны сход, які выбірае праўленне, старшыню, рэвіз. камісію. Першыя Ж.-б.к. ўзніклі ў 19 ст. ў Зах. Еўропе. У БССР пачалі стварацца з 1921. У 1937 ліквідаваны, а іх дамы перададзены ў фонд мясц. органаў улады. Для паскарэння тэмпаў буд-ва ў адпаведнасці з рашэннем урада СССР у 1958 стварэнне Ж.-б.к. адноўлена. У канцы 1980 — пач. 1990-х г. развіццё набыло новы ўзровень (могуць стварацца ў нарматыўна-явачным парадку, больш дэмакратычна праводзіць сваю дзейнасць і інш.). Развіццё Ж.-б.к. (пры ўмове дзярж.фін. падтрымкі) — адна з перспектыўных форм вырашэння жыллёвага пытання. Гл. таксама Жыллёвы фонд. У.А.Вітушка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАЦАЎЛАДКАВА́ННЕ,
сістэма арганізацыйных, эканам. і прававых мер, накіраваных на забеспячэнне прац.занятасці насельніцтва У шырокім сэнсе П. аб’ядноўвае ўсе формы прац. дзейнасці, у т. л. прадпрымальніцтва, індывід.прац. дзейнасць і да т.п. У вузкім сэнсе пад П. разумеецца працэс пошуку адпаведнай работы і ўладкаванне на ёй, а таксама працэс прафес. падрыхтоўкі і перападрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі грамадзян для атрымання наяўных прац. месцаў. У забеспячэнні занятасці насельніцтва ўдзельнічаюць агульныя і спец.дзярж. органы. Агульнае кіраванне П. у Рэспубліцы Беларусь ускладзена на Мін-ва працы, якое нясе адказнасць за распрацоўку і рэалізацыю дзярж. палітыкі ў галіне працы і занятасці. Спец. органам П. з’яўляецца дзярж. служба занятасці, у якую ўваходзяць Гал. ўпраўленне дзярж. службы Мін-ва працы, абл. ўпраўленні службаў занятасці, гар. і раённыя цэнтры занятасці, інфарм. цэнтры, цэнтры па прафес. падрыхтоўцы, павышэнні кваліфікацыі і перападрыхтоўцы беспрацоўных (гл.Беспрацоўе), іх філіялы і аддзяленні. Дзярж. служба занятасці з’яўляецца пасрэднікам паміж беспрацоўнымі і наймальнікамі. Падставай ўзнікнення праваадносін паміж імі з’яўляецца рашэнне службы занятасці аб прызнанні грамадзяніна беспрацоўным. Прававое рэгуляванне адносін, звязаных з П., ажыццяўляецца законам «Аб занятасці насельніцтва Рэспублікі Беларусь» ад 30.12.1991 і інш. нарматыўнымі актамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕТЭРАПЕРАХО́Д,
кантакт паміж двума рознымі паводле хім. саставу ці (і) фазавага стану паўправаднікамі (ПП). Па тыпе праводнасці спалучаных ПП адрозніваюць гетэрапераходы анізатыпныя — кантактуюць ПП з электроннай (n) і дзірачнай (p) эл.-праводнасцямі (p-n-гетэрапераход; гл.Электронна-дзірачны пераход), і ізатыпныя — кантактуюць ПП з адным тыпам праводнасці (n-n-гетэрапераход ці p-p-гетэрапераход). Камбінацыі некалькіх гетэрапераходаў утвараюць гетэраструктуры.
Для атрымання гетэрапераходу выкарыстоўваюцца кантакты паміж германіем Ge, крэмніем Si, ПП злучэннямі тыпу AIIIBV, дзе AIII — элемент III групы перыяд. сістэмы элементаў (алюміній Al, галій Ga, індый In), BV — элемент V групы (фосфар P, мыш’як As, сурма Sb), і іх цвёрдымі растворамі: Ge—Si, Ga Al As — Ga As, Ga Al—Ge, In Ga As — In P. Гетэрапераход атрымліваюць эпітаксіяй. Галоўная асаблівасць гетэрапераходу — скачкападобнае змяненне ўласцівасцей на мяжы падзелу ПП (шырыні забароненай зоны, энергіі роднасці да электрона, рухомасці носьбітаў зараду, іх эфектыўнай масы і інш.). Кіраванне імі шляхам падбору спалучаных ПП матэрыялаў дае магчымасць ствараць арыгінальныя ПП прылады. Гетэрапераходы выкарыстоўваюцца ў пераключальніках хуткадзейных лагічных схем для ЭВМ, ПП лазерах, святлодыёдах і інш.
Літ.:
Милис А., Фойхт Д. Гетеропереходы и переходы металл — полупроводник: Пер. с англ.М., 1975;
Шарма Б.Л., Пурохит Р.К. Полупроводниковые гетеропереходы: Пер. с англ.М., 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЯМЕ́ЛЬНАЕ ПРА́ВА,
комплексная галіна права, якая рэгулюе адносіны па ўладанні, карыстанні і распараджэнні зямельнымі рэсурсамі, а таксама па іх ахове і рацыянальным выкарыстанні. Асн. крыніцамі З.п. ў Рэспубліцы Беларусь з’яўляюцца Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб зямлі, Закон «Аб праве ўласнасці на зямлю» ад 16.6.1993, Закон «Аб плацяжах за зямлю» ад 18.12.1991, інш. законы і нарматыўныя прававыя акты, што выдаюцца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь, урадам, мін-вамі і ведамствамі, мясц. органамі дзярж. кіравання ў межах іх кампетэнцыі. Нормы З.п. рэгламентуюць: права дзярж. і прыватнай ўласнасці на зямлю, землеўладанне, землекарыстанне, у т. л.арэнду зямлі; парадак прадастаўлення і адабрання зямельных участкаў, спагнання зямельнага падатку або арэнднай платы, ажыццяўлення здзелак з зямлёй, пакрыцця страт; вядзенне дзярж.зямельнага кадастру, землеўпарадкаванне, дзярж. кантроль і маніторынг зямель, ахову зямель, а таксама вырашэнне зямельных спрэчак і адказнасць за парушэнне зямельнага заканадаўства. З.п. складаецца з агульнай і асаблівай частак. Да агульнай часткі адносяцца правы ўласнасці на зямлю, землеўладання і землекарыстання, дзярж.кіраванне ў галіне выкарыстання і аховы зямель, адказнасць за парушэнне зямельнага заканадаўства. У асаблівай частцы вызначаецца прававы рэжым асобных катэгорый зямель: зямель с.-г. прызначэння, населеных пунктаў, прам-сці, транспарту, сувязі, абароны, зямель прыродаахоўнага, аздараўленчага, рэкрэацыйнага, гісторыка-культ. і інш. прызначэння, зямель ляснога і воднага фондаў, а таксама запасу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНВЕ́РТАР (ад лац. inverto пераварочваю, пераўтвараю),
1) у радыётэхніцы — электронная прылада (ці эл. ланцуг), на выхадзе якой змены амплітуды, фазы або палярнасці сігналаў процілеглыя ўваходным. Ва ўзмацняльнай апаратуры выкарыстоўваюцца для атрымання 2 аднолькавых па амплітудзе і процілеглых па фазе сігналаў (фазаінвертары).
2) У электратэхніцы — прылада для пераўтварэння пастаяннага току ў пераменны з дапамогай кіроўных вентыляў. Выконваецца на газаразрадных (ігнітроны, тыратроны) ці паўправадніковых (тырыстары) прыладах. Бываюць залежныя (кіраванне ад эл. сеткі; выкарыстоўваюцца ў высакавольтных лініях электраперадач, сістэмах электрапрывода) і незалежныя, або аўтаномныя (выкарыстоўваюцца як пераўтваральнікі частаты ў сістэмах электрапрывода, для індукцыйнага нагрэву, люмінесцэнтнага асвятлення і інш.).
3) У вылічальнай тэхніцы — электронная прылада з адным уваходам і адным выхадам, у якой выхадны сігнал выяўляецца пры адсутнасці ўваходнага. Выкарыстоўваецца для рэалізацыі лагічнага адмаўлення (лагічнай аперацыі «НЕ»).
Бываюць патэнцыяльныя (найб. пашыраныя) і імпульсныя. Патэнцыяльныя І. забяспечваюць нізкі ўзровень выхаднога напружання пры высокім узроўні ўваходнага і наадварот (у аналагавых выліч. машынах — выхадны сігнал процілеглы па палярнасці ўваходнаму). Імпульсны змяняе палярнасць уваходнага імпульсу на процілеглую або фарміруе імпульс пры адсутнасці ўваходнага сігналу.
П.С.Габец.
Схемы інвертараў: 1 — самаўзбуджальнага аўтаномнага (Д — дросель, С — кандэнсатар, L — шпуля індуктыўнасці, В — вентыль, Т — трансфарматар, Rн — нагрузка); 2 — патэнцыяльнага на транзістары p—n—p (A — уваходны сігнал, P — выхадны сігнал, R — амічнае супраціўленне, E — крыніца пастаяннага току); 3 — імпульснага на імпульсным трансфарматары (A — уваходны сігнал, P — выхадны сігнал).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛОК ((Locke) Джон) (29.8.1632, Рынгтан, Вялікабрытанія — 28.10.1704),
англійскі філосаф і паліт. мысліцель, заснавальнік лібералізму, асацыятыўнай псіхалогіі. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1668). Скончыў Оксфардскі каледж. У 1667—69 жыў у Францыі і Галандыі. У цэнтры філасофіі Л. — тэорыя пазнання, заснаваная на адмаўленні існавання прыроджаных ідэй і прынцыпаў. Паводле Л., усе чалавечыя веды зыходзяць з вопыту; вопыт складаецца з простых ідэй — пачуццёвых уражанняў і назіранняў, якому розум падпарадкоўвае сваю дзейнасць («Вопыт пра чалавечы розум», 1690). Развіў вучэнне пра першасныя і другасныя якасці і тэорыю ўтварэння агульных ідэй (абстракцый). Яго сац.-паліт. канцэпцыя абапіраецца на звычаёвае права і тэорыю грамадскага дагавору («Два трактаты пра кіраванне», 1690). Распрацоўваў праблемы фарміравання грамадзянскай супольнасці і ўзнікнення дзяржавы, тэорыі раздзялення ўлад, як гал. элемента прававой дзяржавы. Абгрунтаваў палажэнне аб прыватнай уласнасці як неад’емным атрыбуце чалавека, узаемасувязі прыватнай уласнасці з працай чалавека і яго дабрабытам. У педагогіцы зыходзіў з вырашальнага ўплыву асяроддзя на выхаванне («Некаторыя думкі аб педагогіцы», 1693). Яго творы ў 18—19 ст. паўплывалі на развіццё тэорыі натуральнага права, канцэпцый грамадзянскай супольнасці і прававой дзяржавы ў Беларусі, Літве і Польшчы (Б.Дабшэвіч, А.Доўгірд, К.Нарбут, А.Скарульскі, Я.Снядэцкі, І.Страйноўскі і інш.).
Тв.:
Рус.пер. — Избр. филос. произв. Т. 1—2. М., 1960.
Літ.:
Нарский И.С. Философия Джона Локка. М. 1960;
Соколов В.В. Европейская философия XV—XVII вв. М., 1984. С. 402—427.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВІГАЦЫ́ЙНЫ КО́МПЛЕКС,
сукупнасць бартавых навігацыйных прылад і апаратуры прыёму сігналаў ад навігацыйных сістэм, прызначаных для судна- і самалётаваджэння, эфектыўнага выкарыстання зброі ваен. лятальных апаратаў (ЛА) і караблёў. Аб’яднанне навігацыйных сістэм і прылад рознага прызначэння ў адзіны Н.к. робіцца з дапамогай ЭВМ, што павышае дакладнасць і надзейнасць іх работы, аўтаматызуе рашэнне навігацыйных задач. Н.к. — асн.тэхн. сродак навігацыі паветранай і марской навігацыі.
Выкарыстоўваюцца з канца 1950-х г. у сувязі са з’яўленнем ракетна-ядз. зброі. У 1970-я г. атрымалі пашырэнне аўтаматызаваныя Н.к., у склад якіх уваходзяць: інерцыяльная навігацыйная апаратура, інфармацыйна-вымяральныя прылады, спец.ЭВМ з выліч. і праграмнымі прыстасаваннямі, сродкі карэкцыі работы апаратуры, органы кіравання, прыстасаванні індыкацыі, трансляцыі і кантролю. Інфармацыйна-вымяральныя прылады даюць значэнні курсу, скорасці, пройдзенай адлегласці, вугла зносу (адхілення), вышыні палёту (глыбіні), вуглы крэну і тангажу (бартавой і кілевай гайданкі) і інш.; выліч. прыстасаванне аўтаматычна вызначае каардынаты аб’екта, робіць іх карэкцыю, улічвае уплыў ветру і цячэння, вызначае параметры манеўра і даныя для выкарыстання зброі; праграмнае прыстасаванне захоўвае навігацыйную інфармацыю, напр., каардынаты наземных станцый радыёнавігацыйных сістэм. У якасці сродкаў карэкцыі Н.к. выкарыстоўваюцца радыёнавігацыйныя сістэмы, бартавыя радыёлакацыйныя станцыі, астр., астранавігацыйныя і гідраакустычныя сістэмы. Спалучэнне Н.к. з аўтапілотам (пуцявым аўтаматам, аўтарулявым) забяспечвае паўаўтам. або аўтам.кіраванне ЛА (караблём) па зададзеным шляху, выкананне манеўраў і інш. У ваен. авіяцыі для навігацыі і выкарыстання зброі выкарыстоўваюць прыцэльна-навігацыйныя сістэмы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАЗМАХІ́МІЯ,
раздзел фізічнай хіміі, які вывучае хім. рэакцыі ў эл. разрадах і нізкатэмпературнай плазме. З’яўляецца навук. асновай плазмахім. тэхналогіі, апаратурную базу якой ствараюць плазматрон, камера змешвання рэагентаў, рэакцыйны аб’ём (часта сумешчаныя), сістэма выдзялення мэтавага прадукту і інш.
Асн. асаблівасць плазмахім. працэсаў — магчымасць хім. рэакцый, якія не адбываюцца ў звычайных умовах. Гэта тлумачыцца тым, што ў плазме ўтвараецца значна большая колькасць рэакцыйназдольных часціц (узбуджаных малекул, атамных і малекулярных іонаў, свабодных радыкалаў), чым пры звычайных умовах правядзення хім. рэакцый, прычым утварэнне некаторых з іх магчыма толькі ў плазме. Істотную ролю адыгрываюць свабодныя электроны, рэакцыі з удзелам якіх у большасці выпадкаў з’яўляюцца вызначальнымі. Плазмахім. тэхналогія дае магчымасць сінтэзаваць прадукты з асаблівымі ўласцівасцямі (напр., ультрадысперсныя парашкі, неарган. і арган. плёнкі), скарачае колькасць тэхнал. стадый, пашырае сыравінную базу і змяншае шкодныя выкіды ў навакольнае асяроддзе, спрашчае кіраванне працэсамі і інш. Метадамі П. можна атрымліваць вокіслы азоту з паветра, ацэтылен з вуглевадародаў, сінтэз-газ для вытв-сці вінілхларыду, каталізатары для азотнай і нафтаперапрацоўчай прам-сці, ферытавыя парашкі, вокіслы тытану і цырконію, фосфарныя злучэнні, а таксама паляпшаць і змяняць паверхневыя ўласцівасці матэрыялаў і інш.
На Беларусі тэарэт. і эксперым. даследаванні ў галіне П. вядуцца з 1967 у Ін-тах цепла- і масаабмену, фізікі Нац.АН, БДУ. Гл. таксама Плазменная тэхналогія, Фізіка плазмы.
Літ.:
Низкотемпературная плазма. Т. 3. Химия плазмы. Новосибирск, 1991;
Низкотемпературная плазма. Т. 4. Плазмохимическая технология. Новосибирск, 1991.