СІМАНАСЕ́КСКІ ДАГАВО́Р 1895 Заключаны паміж Японіяй і Кітаем 17 крас. ў г.Сіманасекі (Японія) у выніку паражэння Кітая ў япона-кітайскай вайне 1894—95. Паводле яго Кітай адмовіўся ад свайго сюзерэнітэту над Карэяй, перадаў Японіі а-вы Тайвань і Пэнхуледао, Ляадунскі п-аў, выплаціў Японіі кантрыбуцыю, адкрыў для яп. гандлю шэраг кіт. партоў, абавязаўся заключыць з Японіяй гандлёвы дагавор (падпісаны ў 1896, даў Японіі тыя ж прывілеі, што і еўрап. краінам). 23.4.1895 Расія, Германія і Францыя запатрабавалі ад Японіі адмовіцца ад анексіі Ляадунскага п-ва. Японія прыняла гэта патрабаванне ў абмен на павышэнне Кітаем кантрыбуцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СМАРЖО́К (Morchella),
род сумчатых грыбоў сям. смаржковых. 15 відаў. Пашыраны ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я і ў Аўстраліі. На Беларусі найчасцей трапляюцца С. канічны (M. conica) і ядомы, або звычайны (M. esculenta). Веснавыя грыбы. Растуць на глебе ў лясах, на высечках, палянах, вогнішчах і інш. з крас. па май.
Пладовае цела — шапка на ножцы выш. 6—15 см. Шапка канічная, сеткава-ячэістая, прырослая да ножкі, унутры полая. Колер ячэек ад шэра-вохрыстага да шакаладна-карычневага. Ножка цыліндрычная, таўшчынёй 2—3 см, белая ці жаўтаватая. Сумкі ў ячэйках, споры эліпсоідныя, гладкія, бясколерныя. Ядомыя.
дацкі паліт. і дзярж. дзеяч. З 1896 чл., у 1910—42 старшыня Сацыял-дэмакратычнай партыі Даніі (СДПД). У 1905—42 дэп. рыксдага, у 1910—29 (акрамя 1924—26) старшыня фракцыі СДПД у рыксдагу. У 1913, 1916—18, 1920 уваходзіў ва ўрад. У 1924—26 і 1929—42 прэм’ер-міністр Даніі. Урад С. ўстанавіў дыпламат. адносіны Даніі з СССР (1924), прытрымліваўся знешнепаліт. нейтралітэту, правёў шэраг сац. рэформ (1930-я г.). У 2-ю сусв. вайну пасля акупацыі Даніі герм. войскамі (крас. 1940) С. намагаўся абараняць дзярж. інтарэсы краіны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ТРЫ́ЦЦАЦЬ ТЫРА́НАЎ»,
алігархічны ўрад, які кіраваў Афінамі ў крас.—снеж. 404 да н.э. Выбраны нар. сходам пад націскам Спарты пасля паражэння Афін у Пелапанескай вайне. У склад урада ўвайшлі зацятыя праціўнікі дэмакратыі на чале з Крытыем і больш памяркоўныя алігархі на чале з Фераменам. На аснове высокага маёмаснага цэнзу «Т.т.» абмежавалі колькасць паўнапраўных грамадзян да 3 тыс.чал., са сваіх стаўленікаў прызначылі «Раду 500», праводзілі рэпрэсіі ў адносінах да прыхільнікаў дэмакратыі (знішчана не менш як 1500 чал.). У выніку паўстання Крытый быў забіты, рэжым «Т.т.» скінуты; у Афінах адноўлена дэмакр. праўленне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХАДЖЫ́-МУРА́Т (1790-я г., Хунзах, Дагестан, Расія — 5.5.1852),
адзін з кіраўнікоў каўказскіх горцаў у час Каўказскай вайны 1817—64. У 1834 захапіў уладу ў васальным Расіі Аварскім ханстве. У 1836 арыштаваны рас. ўладамі па абвінавачанні ў сувязях з Шамілем, уцёк з турмы і стаў адным з яго бліжэйшых паплечнікаў. Пасля далучэння ў 1843 Аварыі да імамата Шаміля, прызначаны яе намеснікам (наібам). У снеж. 1851 Х.-М. парваў з Шамілем і перайшоў на бок Расіі. У крас. 1852 уцёк у горы, загінуў у сутычцы з рас. войскамі. Папулярны герой горскага фальклору. Яму прысвечана аповесць Л.М.Талстога «Хаджы-Мурат».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЯПЛІ́ЦА,
збудаванне ахаванага грунту са святлопразрыстым пакрыццём са шкла, плёнкі, пластыку для вырошчвання расады, агароднінных, пладовых і дэкар. культур. Паводле ўнутр. будовы і прызначэння адрозніваюць Ц. стэлажныя, або разводачныя (для расады агародніны і кветак) і грунтавыя (для агароднінных і кветкавых культур). Паводле канструкцыі бываюць адназвенныя (ангарныя) і шматзвенныя (блочныя), 1- і 2-схільныя; паводле тэрміну выкарыстання — зімовыя (круглы год) і веснавыя (з лют.—крас. па кастр.); паводле спосабу вырошчвання — глебавыя і гідрапонныя. Абаграванне вадзяное, газавае, эл., біял. (біяпаліва). У якасці пажыўнага асяроддзя выкарыстоўваюць гноева-земляныя, тарфагнойныя і торфаперагнойныя кампосты, таксама субстраты арган. і мінер. паходжання, забяспечаныя макра- і мікраўгнаеннямі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧАРНО́БЫЛЬ,
горад у Кіеўскай вобл. Украіны, на р. Прыпяць, пры яе ўпадзенні ў Кіеўскае вадасховішча.
У пісьмовых крыніцах упамінаецца з 1193. З 1362 у складзе ВКЛ. Пасля Люблінскай уніі 1569 належаў Кароне (Польшча). Першапачаткова каралеўскі горад, потым уладанне Ф.Кміты-Чарнабыльскага (з 1566), Сапегаў, Хадкевічаў. Насельніцтва Ч. ўдзельнічала ў вызв. вайне ўкр. і бел. народаў 1648—54, казацка-сял. паўстанні 1702—04 пад кіраўніцтвам С.П.Палія, пасля чаго горад заняпаў. У выніку 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) далучаны да Рас. імперыі. З 1941 горад. У сувязі з аварыяй (крас. 1986) на Чарнобыльскай АЭС насельніцтва Ч. эвакуіравана (гл.Чарнобыльская катастрофа 1986).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШАЙКО́ЎСКІ Лазар Рыгоравіч (9.5.1901, г. Гродна — 3.1.1982),
дзеяч рэв. руху ў Зах. Беларусі. Вучыўся ў аспірантуры Камуніст. ун-та нац. меншасцей Захаду ў Маскве (1933—35). З 1924 на падп. рабоце ў Зах. Беларусі: сакратар Гродзенскага, Брэсцкага гаркомаў КПЗБ. У 1926—28 чл.ЦККПЗБ, кіраўнік ваен. і арганізац. аддзелаў ЦККПЗБ. За рэв. дзейнасць у 1923 і 1927 арыштаваны польск. ўладамі, на палітычным працэсе 35-і (крас. 1929, Беласток) засуджаны на 15 гадоў зняволення. Дэп.Нар. сходу Зах. Беларусі (кастр. 1939, Беласток). Удзельнік Вял.Айч. вайны. У 1945—57 на сав. рабоце ў Гродне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАПА́ЛЬСКІ ДАГАВО́Р 1922, савецка-германскі дагавор 1922,
падпісаны паміж РСФСР (Г.В.Чычэрын) і Германіяй (К.І.Вірт і В.Ратэнаў) у г. Рапала (Італія) 16 крас. ў час Генуэзскай канферэнцыі 1922. Заключэнню дагавора папярэднічалі двухбаковыя перагаворы ў Маскве ў 1921 і ў Берліне ў крас. 1922. Паводле дагавора аднаўляліся дыпламат. і консульскія адносіны паміж абедзвюма дзяржавамі (былі разарваны пасля Ліст. рэвалюцыі 1918 у Германіі), бакі адмаўляліся ад узаемных фін. прэтэнзій (Сав. Расія — ад кампенсацыі ваен. і неваен. страт, нанесеных 1-й сусв. вайной, Германія — ад выплаты ёй даўгоў царскага ўрада і пакрыцця кошту нацыяналізаваных сав. ўладамі герм. прадпрыемстваў), надаваўся статус найб. спрыяння двухбаковым гандл.-эканам. адносінам. Дадатковае сакрэтнае пагадненне да дагавора прадугледжвала супрацоўніцтва герм.узбр. сіл (рэйхсвера) з Чырв. Арміяй (у т. л.вытв-сць і выпрабаванне ў Сав. Расіі ням. зброі), што парушала ўмовы Версальскага мірнага дагавора 1919. Дагавор ратыфікаваны ВЦВК РСФСР 16 мая, герм. рэйхстагам — 4 ліп.; 5.11.1922 яго дзеянне пашырана на інш.сав. рэспублікі, у т. л.БССР. Р.д. стварыў дагаворна-прававую аснову для развіцця паліт., эканам. і культ. сувязей паміж Сав. Расіяй і Германіяй, значна ўмацаваў міжнар. становішча бакоў, у т. л. прарваў іх знешнепаліт. ізаляцыю. Страціў сілу пасля нападу нацысцкай Германіі на СССР (чэрв. 1941).
Публ.: Советско-германские отношения от переговоров в Брест-Литовске до подписания Рапалльского договора. Т. 2. (1919—1922). М., 1971.
Літ.:
Трухнов Г.М. Поучительные уроки истории: Три сов.-герм. договора (1922—1926 гг.). Мн., 1979;
Космач В.А., Романовский Д.В. Советская Беларусь и Германия в 1917—1932 гг.: кампании солидарности, торговля, культурный обмен (уроки истории для современности). Витебск, 2001.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛАЙ (Bligh) Уільям (9.9.1754, г. Плімут, Вялікабрытанія — 7.12.1817),
брытанскі мараплавец, удзельнік другога кругасветнага падарожжа пад камандаваннем Джэймса Кука (1772—74). Контр-адмірал (1811), віцэ-адмірал (1814). У 1787 быў пасланы як камандзір шлюпа «Баўнці» на Таіці па саджанцы хлебнага дрэва. На зваротным шляху ў крас. 1789 экіпаж падняў мяцеж супраць жорсткага абыходжання і высадзіў Блая разам з 18 прыхільнікамі ў лодку без картаў. У чэрв. пасля цяжкага плавання Блай дасягнуў в-ва Тымор, праплыўшы 3618 міль. У 1805 прызначаны губернатарам Новага Паўд. Уэльса ў Аўстраліі, дзе яго жорсткае праўленне ў 1808 прывяло да мяцяжу і турэмнага зняволення. Вызвалены праз 2 гады, выйшаў у адстаўку.