ДЫПЛАМА́ТЫКА (франц. diplomatique ад грэч. diploma ліст, дакумент, складзены ў дзве столкі),
спецыяльная гіст. дысцыпліна, якая вывучае паходжанне, форму і змест актавых крыніц (пераважна эпохі феадалізму) для вызначэння іх сапраўднасці. Праверка сапраўднасці актаў (практычная Д.), выкліканая барацьбой за зямлю і феад. прывілеі, вялася ўжо ў сярэдневякоўі. У 14—15 ст. пачала развівацца навук. Д. Падыходы і крытэрыі праверкі сапраўднасці дакументаў распрацаваў франц. даследчык Ж.Мабільён. Сучасная Д. з’яўляецца часткай агульнага крыніцазнаўства, у задачы якой уваходзіць даследаванне форм і зместу дакументаў. На Беларусі ў 16—19 ст. мела месца фальсіфікацыя дакументаў, выкрыццё якой прывяло да зараджэння практычнай Д. Напр., вядома, што ў 1721—43 князі Радзівілы зрабілі фальшывы дакумент ад імя караля польскага і вял.князяліт. Жыгімонта II Аўгуста з датай 3.11.1551, паводле якога атрымалі права захоўваць дзярж. дакументы ВКЛ у сваім прыватным архіве ў Нясвіжы. Так Нясвіжскі архіў Радзівілаў станавіўся роўным з дзярж. архівам ВКЛ. У 1-й пал. 19 ст. распаўсюдзіліся падробкі дакументаў аб прыналежнасці да шляхецкага саслоўя ў сувязі з праверкай правоў на дваранства ў зах. губернях Рас. імперыі пасля падаўлення паўстання 1830—31 у Польшчы, Літве і Беларусі. Фабрыкацыя фальшывых дакументаў пра шляхецкае паходжанне асабліва пашырылася ў 1830-я г. ў Мінску, дзе спецыялісты па-майстэрску скарыстоўвалі даўнюю мову, падраблялі почырк і пячаткі каралёў, ужываючы паперу са стараж. актавых кніг.
Літ.:
Лихачев Н.П. Дипломатика. СПб., 1901;
Зимин А.А. Методика издания древнерусских актов. М., 1959;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАШТО́ЛЬДЫ, Гастаўты, Гастоўты, Гоштаўтасы,
магнацкі (з 1529 графскі) род герба «Габданк» у ВКЛ. Найб. вядомыя прадстаўнікі роду:
Гаштольд (? — 1364), ад вял.князяВКЛАльгерда атрымаў у валоданне Камянец Падольскі. Адзін з першых у Літве прыняў каталіцтва і ўзяў імя Пётр. Кашталян замка Вялена на р. Нёман, загінуў пры яго абароне ад крыжакоў. Андрэй (? — каля 1410), сын Гаштольда, намеснік віленскі (1386) і крэўскі (1390). Ян (? — 1458), староста дарсунскі (1422), маршалак надворны вял. князёў Вітаўта і Свідрыгайлы (1426—35), намеснік смаленскі (1436), ваявода трокскі (1440) і віленскі (1443). На Гарадзельскім сейме 1413 прыняў герб «Габданк». Удзельнічаў у заключэнні Мельнскага дагавора 1422. Падтрымліваў Свідрыгайлу ў яго барацьбе супраць Ягайлы, а ў 1432 — Жыгімонта Кейстутавіча ў барацьбе супраць Свідрыгайлы. У 1440 узначаліў групоўку магнатаў, якая дамаглася абрання вял.кн.ВКЛКазіміра IV Ягелончыка, стаў яго выхавальнікам і фактычным правіцелем ВКЛ. Пасля абрання ў 1446 Казіміра і каралём Польшчы перайшоў у апазіцыю да яго. Валодаў Геранёнамі (пазней Мураваныя Геранёны — рэзідэнцыя роду), Меднікамі пад Вільняй, Тыкоцінам на Падляшшы, Дарагабужам у Смаленскай зямлі і інш.Марцін (? — 1483), староста новагародскі (1464), ваявода кіеўскі (1471), ваявода трокскі (1480), маршалак земскі (1481). Альбрэхт (? — 1539), гл.Гаштольд А. Станіслаў (каля 1507 — 18.12.1542), ваявода новагародскі (1530) і трокскі (1542). З яго смерцю род Гаштольдаў згас. Быў жанаты з Барбарай Радзівіл, якая, аўдавеўшы, стала другой жонкай караля Польшчы і вял.кн.ВКЛЖыгімонта II Аўгуста, маёнткі Гаштольдаў перайшлі да вял. князёў ВКЛ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЙНЕ́КА (Леанід Мартынавіч) (н. 28.1.1940, в. Змітраўка 2-я Клічаўскага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1967). Працаваў на будоўлях, на Ніжнетагільскім металургічным камбінаце, на Віцебскай студыі тэлебачання, Бел. тэлебачанні. У 1972—89 адказны сакратар час. «Маладосць». З 1989 у выд-ве «Мастацкая літаратура». Друкуецца з 1961. Аўтар зб-каў вершаў, у якіх услаўленне роднай зямлі і чалавека працы, роздум над гадамі вайны, маленства, жыццём вёскі («Галасы», 1969, «Бераг чакання», 1972, «Мая вясна саракавая», 1979, «Вечнае імгненне», 1985), зб. апавяданняў «Бацькава крыніца» (1976). Раманная дылогія «Людзі і маланкі» (1977) і «Запомнім сябе маладымі» (1979) раскрывае складаныя падзеі рэвалюцыі, грамадз. вайны, барацьбы з акупантамі, станаўлення бел. дзяржаўнасці ў 1917—19. Тэму горада асэнсоўвае ў рамане «Футбол на замініраваным полі» (1987).
Барацьбу народа з крыжакамі ў 12 ст. паказаў у гіст. рамане «Меч князя Вячкі» (1987, Літ. прэмія СП Беларусі імя І.Мележа 1987). Славуты полацкі князь Усяслаў Чарадзей — герой гіст. рамана «След ваўкалака» (1988, разам з папярэднім раманам Дзярж. прэмія Беларусі імя К.Каліноўскага 1990). Ранні этап станаўлення стараж.бел.-літ. дзяржавы — ВКЛ — адлюстраваў у гіст. рамане «Жалезныя жалуды» (1990). Аўтар фантаст. рамана «Чалавек з брыльянтавым сэрцам» (1992). Некат. вершы Д. пакладзены на музыку.
Тв.:
Начныя тэлеграмы: Вершы і паэмы. Мн., 1974;
Сняжынкі над агнём: Вершы і паэмы. Мн., 1989.
Літ.:
Гілевіч Н. На свабодным дыханні // Гілевіч Н. У гэта веру. Мн., 1978;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕДРО́ЙЦЫ,
княжацкі род гербаў «Кітаўрас» і «Ружа» ў ВКЛ. Паводле генеалагічнай легенды, род Гедройцаў паходзіў ад князя Гедруса, прадстаўніка дынастыі Кітаўрасаў, што панавала ў Літве перад Гедзімінавічамі. У гіст. крыніцах Гедройцы ўпершыню ўпамінаюцца ў 1399, калі яны вялі судовую спрэчку з віленскім біскупам. У 1431—33 шэраг дзярж. актаў быў замацаваны подпісамі Гедройцаў поруч з подпісамі інш. прадстаўнікоў літ. знаці і князёў Войнуса, Гагуліса і Ягайлы. Родавай вотчынай Гедройцаў быў маёнтак Гедройцы ў Віленскім пав. У 15 ст. род Гедройцаў разгалінаваўся, а ў 16 ст. налічваў некалькі дзесяткаў прадстаўнікоў, якія выходзілі на вайну асобнай харугвай. Многія Гедройцы ўпамінаюцца ў крыніцах без княжацкага тытула, што сведчыць пра здрабненне роду. Найб. вядомыя прадстаўнікі роду:
Матэвуш (Мацвей; каля 1500—63), сын Балтарамея (?—1524), у сярэдзіне 16 ст. дзяржаўца кернаўскі і мейшагольскі, намеснік віленскі. З 1562 у складзе Рады ВКЛ у якасці гаспадарскага маршалка. У 1528 разам з братам Крыштофам ставіў у войска 8 коннікаў. Мельхіёр (1536?—1609), сын Матэвуша, кусташ віленскага капітула, біскуп жамойцкі з 1574. Марцін (каля 1550—1621), сын Матэвуша, староста абельскі з 1586, вількамірскі з 1589, бельскі з 1616, ваявода мсціслаўскі з 1617. Юрый (?—1619), сын Пятра, падсудак вількамірскі з 1589 і суддзя земскі вількамірскі з 1607. Марцыян (?—1649), сын Уладзіслава, падстолі полацкі з 1613, падсудак віленскі з 1624 і суддзя земскі віленскі з 1647. Арнольф (? — пасля 1656), сын Януша, мечнік пінскі з 1641, чашнік пінскі ў 1650 і войскі пінскі ў 1656. Рамуальд Тадэвуш, гл. Р.Т.Гедройц.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́ТМАН (польск. hetman ад ням. Hauptmann начальнік),
галоўны начальнік над узбр. сіламі ў некат. еўрап. Краінах. 1) У Чэхіі ў 15 ст. камандуючы войскамі табарытаў.
2) У Польшчы з 15 ст. да 1795 пасада камандуючага войскамі (вял. каронны гетман), з пач. 16 ст. сталая, з 1581 пажыццёвая. Прызначаўся каралём. Меў шырокія паўнамоцтвы, у т. л. права набіраць войска, прызначаць афіцэраў, вяршыць суд са смяротным пакараннем. Меў памочніка і намесніка — польнага гетмана.
3) У ВКЛ пасада найвышэйшага (з сярэдзіны 16 ст. — вялікага) гетмана створана ў канцы 15 ст. на ўзор польскай. Прызначаўся вял. князем, з 2-й пал. 16 ст. пажыццёва. У пач. 16 ст. ўведзена пасада дворнага гетмана, які камандаваў прыдворнымі ротамі (гвардыяй) вял.князя. З 2-й пал. 16 ст. ўзначальваў таксама наёмныя атрады, пачаў наз. польным гетманам, з 1680-х г. падначалены вял. гетман.
4) На Украіне ў 2-й пал. 16 ст. — 1-й пал. 17 ст. — камандуючы рэестравымі казакамі, што знаходзіліся на дзярж. службе. У час народна-вызваленчай вайны 1648—54 гетман Б.Хмяльніцкі стаў кіраўніком Украіны і галоўнакамандуючым казацкім войскам. Пасля Андросаўскага перамір’я 1667 гетманы Правабярэжнай Украіны па-ранейшаму прызначаліся польск. каралямі; у 1704 пасада скасавана. На Левабярэжнай Украіне (у складзе Расіі) гетманы, якія мелі адм. і вайсковую ўладу, выбіраліся ген. вайсковай радай (фактычна казацкай старшынай са згоды царскага ўрада), з 1708 прызначаліся царскім урадам; у 1764 пасада скасавана. У 1917—18 былі спробы аднавіць пасаду гетмана.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДА́ННЕ,
жанр фальклору розных народаў; вуснае апавяданне, у якім з элементамі большай ці меншай фактычнай сапраўднасці тлумачыліся рэальныя з’явы жыцця, расказвалася пра значныя падзеі роднага краю, пра нар. герояў. П., як і легенды, блізкія да казак, але вызначаюцца не толькі займальнасцю; у своеасаблівай форме яны неслі веды пра навакольны свет і гісторыю краю. Бел. П. вядомы з 12 ст. (пра Рагнеду, Усяслава Чарадзея). Захаваліся летапісныя апавяданні, у аснову якіх пакладзены нар. П. пра воінскія подзвігі герояў («Паданне пра Кажамяку»), Паэтычныя П. пра гіст. мінулае ёсць у бел. хроніках 16 ст., напр., у Хроніцы Быхаўца (пра паходы Гедзіміна на Украіну і Альгерда на Маскву, пра заснаванне Вільні і інш.). Бел. П. тэматычна падзяляюцца на гістарычныя — пра войны, барацьбу з іншаземнымі захопнікамі, пра эпідэміі, пра гіст. асоб і герояў («Пра князя Яраслава», «Платон казак»); тапанімічныя — пра паходжанне гарадоў, мястэчак, вёсак, урочышчаў, гарадзішчаў і інш. («Пра заснаванне Магілёва», «Адкуль Нясвіж»), П. і легенды перадаваліся з пакалення ў пакаленне і былі своеасаблівай гіст. памяццю народа. Сюжэт пра нар. героя разбойніка Машэку выкарыстаў Я.Купала ў паэме «Магіла льва». Паводле гэтай паэмы і п’есы Е.Міровіча «Машэка» Р.Пукст напісаў оперу «Машэка».
Публ.:
Легенды і паданні. Мн., 1983;
Малорусские народные предания и рассказы: Свод Михаила Драгоманова. Киев, 1876.
Літ.:
Азбелев С.Н. Проблемы международной систематизации преданий и легенд // Русский фольклор. М.; Л., 1966. Т. 10;
Соколова В.К. Русские исторические предания. М., 1970.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́НА СФО́РЦА (Bona Sforza; 2.2.1494, г. Віджэвана, Італія — 19.11.1557),
каралева польская і вял. княгіня літоўская, 2-я жонка Жыгімонта І Старога (з 1518), маці Жыгімонта II Аўгуста. Імкнучыся ўзмацніць паліт. ўладу караля і вял.князя шляхам умацавання яе эканам. асновы, значна павялічыла зямельную ўласнасць дынастыі Ягелонаў, абараняла дзярж. землі ад незаконнага прысваення іх феадаламі, асабліва магнатамі. У выніку пажалаванняў, падараванняў і купляў толькі на Беларусі сканцэнтравала ў сваіх руках Аболецкую, Езярышчанскую, Клецкую, Кобрынскую, Шарашоўскую, Пінскую, Рагачоўскую і інш. воласці; выкупіла многія дзярж. ўладанні, што былі ў закладзе ў магнатаў; у судовым парадку вярнула ў склад гаспадарскіх (велікакняжацкіх) уладанняў многія захопленыя феадаламі дзярж. землі (Гродзенскае староства і інш.). Каб павялічыць даходы, у некаторых сваіх маёнтках (найперш у Клецкім і Пінскім староствах) рэарганізавала ў 1552—55 сістэму эксплуатацыі сялянства на аснове ўвядзення новых формаў землекарыстання і абкладання сялян павіннасцямі. Садзейнічала асваенню сялянамі лясоў і пустак з мэтаю ператварэння іх у с.-г. ўгоддзі, і ўтварэння новых нас. пунктаў. Яе мерапрыемствы для павелічэння даходаў з маёнткаў праз узмацненне эксплуатацыі сялян выкарыстаны пры ажыццяўленні агр. рэформы ў ВКЛ (гл.Валочная памера, Устава на валокі 1557). Садзейнічала перасяленню польскіх шляхціцаў у ВКЛ, умацоўвала пазіцыі каталіцкага касцёла. У 1556 выехала на радзіму ў Італію, вывезла з сабой шмат каштоўнасцяў. Яе маёнткі перайшлі да Жыгімонта II Аўгуста.
Літ.:
Пичета В.И. Белоруссия и Литва XV—XVII вв. Мн., 1961;
Pociecha W. Królowa Bona (1494—1557): Czasy i ludzie Odrodzenia. T. 1—4. Poznań, 1949—58;
рэлігійнае вучэнне апошняй трэці 15 — пач. 16 ст. ў Ноўгарадзе (потым і Маскве), прыхільнікі якога былі абвінавачаны правасл. духавенствам у далучэнні да іудаізму (адсюль назва). Узнікла ва ўмовах барацьбы ВКЛ і Вял. княства Маскоўскага за ўплыў на Ноўгарад у апошні перыяд яго самастойнасці. У 1470—71 намеснікам вял.князяВКЛ у Ноўгарадзе быў М.А.Алелькавіч (гл. ў арт.Алелькавічы), у свіце якога былі вучоныя яўрэі: лейб-медык Схарыя, Майсей Хануш і Іосіф Шмойла Скарабей. Прынесеныя імі ідэі ахапілі частку мясц. духавенства і гараджан прамаскоўскай арыентацыі (пратапопы Дзяніс і Аляксей. пратапоп Сафійскага сабора Гаўрыіл). Створаная секта мела тайны характар. У 1479 вял.кн. маскоўскі Іван III перавёў у Маскву ў прыдворныя цэрквы Дзяніса і Аляксея, якія распаўсюдзілі ерась сярод баярства і пры двары. Сярод ерэтыкоў былі дзяк Пасольскага прыказа Ф.Курыцын, нявестка Івана III Алена, баяры І.Патрыкееў, С.Рапалоўскі і інш. «Жыдоўствуючыя» крытыкавалі царк. іерархію, падвяргалі сумненню боскасць Хрыста, траістасць Бога, існаванне замагільнага жыцця, адмаўлялі ўсе прадметы рэліг. культу, ін-т манаства і інш. Ерась была выкрыта ў 1487 і асуджана царк. саборамі 1488, 1490, 1503 і 1504. Наўгародскі архіепіскап Генадзь і настаяцель Валакаламскага манастыра Іосіф Валоцкі абвінавацілі ерэтыкоў у схіленні ў іудаізм (што аспрэчваецца шэрагам гісторыкаў) і дамагліся ад Івана III санкцыянавання ў 1504 смяротных прысудаў іх кіраўнікам. Пасля гэтага ерась заняпала, некат. «жыдоўствуючыя» ўцяклі ў ВКЛ. Крыніцамі вывучэння «Ж.» е. з’яўляюцца пасланні Генадзя, праца Іосіфа Валоцкага «Асветнік», матэрыялы царк. сабора 1490, літ. помнікі саміх «жыдоўствуючых» (пераклады кніг Старога Запавету на царк.-слав. мову рус. рэдакцыі з дамешкам беларусізмаў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЭ́ВА,
вёска ў Смаргонскім р-не Гродзенскай вобл., на р. Краўлянка, каля аўтадарогі Ашмяны—Мінск. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 22 км на Пд ад горада і 20 км ад чыг. ст. Смаргонь, 222 км ад Гродна. 812 ж., 357 двароў (1998).
Упершыню згадваецца ў ням. хроніках (13 ст. як сталіца Нальшчанаў. З 1260-х г. (пасля ўцёкаў мясц.князяДаўмонта) у складзе ВКЛ. У 14 ст. цэнтр Крэўскага княства, пабудаваны Крэўскі замак. У К. падпісана Крэўская унія 1385, у 1387 заснаваны адзін з першых у ВКЛ касцёл. Пасля 1391 К. ў Ашмянскім пав. Да 17 ст. неаднаразова было месцам барацьбы ў час усобіц і войнаў. У 17—18 ст. мястэчка. мела магдэбургскае права. У 19—1-й пал. 20 ст. адзін з буйнейшых цэнтраў керамічнай вытв-сці (гл.Крэўская кераміка). У 1897 у К. 1380 ж., 217 двароў. 2 царквы, сінагога, вучылішча, школа, 2 магазіны, 5 кірмашоў штогод. У 1921—39 у складзе Польшчы, у Ашмянскім пав. Віленскага ваяв. З 1939 у БССР. З 1940 цэнтр сельсавета ў Смаргонскім р-не. У 1972—1155 ж. У 1998 створаны міжнар. фонд «Крэва» — грамадская недзярж. арг-цыя з мэтай садзейнічання захаванню і адраджэнню Крэўскага замка.
Лясніцтва. Дрэваапр. цэх. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, аддз. сувязі. Касцёл Праабражэння Гасподняга (1997). Брацкія могілкі салдат рус. арміі, што загінулі ў 1-ю сусв. вайну. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. Помнік архітэктуры — царква Аляксандра Неўскага (1854). На зах. ускраіне вёскі захаваліся руіны Крэўскага замка і гарадзішча.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫВІЛЕ́Й 1447, Казіміраў прывілей,
агульнадзяржаўны заканадаўчы акт ВКЛ, выдадзены вял.кн.Казімірам IV Ягелончыкам у Вільні 2.5.1447. Адзін з асн.дзярж. актаў, які замацаваў шырокія правы баяр ВКЛ у паліт., сац. і эканам. жыцці дзяржавы. Складаецца з 14 артыкулаў. Пацвярджаў асабістую свабоду і недатыкальнасць баяр, гарантаваў, што за правіннасць павінен адказваць толькі сам вінаваты, а не яго жонка, бацька, слуга або інш. баярын. Баярам дазволены выезд за межы дзяржавы «для лепшага набыцця шчасця або ўчынкаў рыцарскіх», але не ў «непрыяцельскую краіну». Пацверджаны прывілеі баярам на маёнткі, выдадзеныя папярэднімі вял. князямі, права на продаж і абмен маёнткаў. П. гарантаваў баярам, што іх маёнткі не будуць канфіскаваны, а пасля смерці баярына яго сыны і дочкі «ад сваёй вотчыны не маюць аддалены быць». У П. зафіксаваны дагавор вял.князя з феадаламі, што ён, як і яны, не будзе прымаць у свае маёнткі збеглых сялян, а вяртаць уцекачоў назад да свайго пана. Адным з гал. палажэнняў П. была перадача вял. князем свайго права судзіць сялян і інш. падданых самім баярам (права судовага імунітэту). З гэтага часу феадал станавіўся адзіным суддзёю сваіх падданых, што вяло да яшчэ большай іх залежнасці і ўрэшце дало магчымасць іх запрыгоніць. П. гарантаваў баярам, што землі і дзярж. пасады ў ВКЛ будуць атрымліваць толькі ўраджэнцы ВКЛ. Такім чынам, П. забараняў пранікненне польскай шляхты ў ВКЛ. Вял. князь таксама ўрачыста абяцаў бараніць незалежнасць дзяржавы і яе тэр. цэласнасць. Напісаны на лац. мове. Меў вял. значэнне ў далейшым юрыд. афармленні правоў феадалаў, некаторыя яго нормы ўвайшлі ў Статуты ВКЛ 1529, 1566 і 1588.