РА́КАЦЫ ФЕ́РЭНЦА II РУХ 1703—11, аўстра-венгерская вайна,
вызваленчая вайна ў Венг. каралеўстве пад кіраўніцтвам Ракацы Ферэнца II супраць панавання ў краіне аўстр.Габсбургаў. Пачаўся ў маі 1703 як працяг паўстання сялян на ПнУ Венгрыі (з 1697). Паўстанцы (куруцы; пераважна сяляне, збеглыя і дэмабілізаваныя салдаты, а таксама гараджане, дваране і асобныя прадстаўнікі родавай знаці; паводле нац. прыналежнасці — венгры, славакі, закарпацкія ўкраінцы, валахі) у пач. 1704 вызвалілі ад габсбургскіх войск амаль усе славацкія землі, у ліп. 1704 — Трансільванію, у снеж. 1705 — Задунайскі край. Ракацы выдаў дэкрэт аб вызваленні прыгонных сялян-паўстанцаў і членаў іх сем’яў ад феад. павіннасцей, стварыў структуры самаст.венг. дзяржавы (прыдворны савет, канцылярыя, рэгулярная армія і інш.), абапіраўся на фін., дыпламат. і ваен. дапамогу франц. караля Людовіка XIV. Пасля паражэнняў венг. войск у 1708 і 1710 у крас. 1711 у г. Сатмар (цяпер Сату-Марэ, Румынія) падпісаны мірны дагавор (куруцы канчаткова капітулявалі ў маі—чэрв. 1711), Венгрыя зноў страціла незалежнасць.
Літ.:
Краткая история Венгрии: С древнейших времен до наших дней. М., 1991. С. 135—141.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛА́ХІЯ (Valahia),
гістарычная вобласць у Паўд. Румыніі, паміж Карпатамі і р. Дунай; падзяляецца р. Олт на Мунтэнію і Алтэнію. У 106—271 Валахія, якую насялялі гета-дакійскія плямёны, у складзе Рымскай імперыі. У канцы 3 ст. заваявана готамі і гепідамі, у 4—6 — гунамі і аварамі, у 6 ст. — слав. плямёнамі. У канцы 8—10 ст. значная частка Валахіі ў складзе 1-га Балгарскага царства. З 14 ст.самаст.феад. дзяржава. У 15 ст. ў залежнасці ад Турцыі, з 16 ст. пад яе прыгнётам. Пры Міхаю Храбрым на непрацяглы час аб’ядналася з Малдовай і Трансільваніяй у адну дзяржаву (распалася на залежныя ад Турцыі княствы). У канцы 16 ст. ўзмацніліся паліт. сувязі з Расіяй, у канцы 17 — пач. 18 ст. ўстаноўлены дыпламат. адносіны. З 18 ст. Турцыя назначала гаспадарамі ў Валахіі пераважна грэкаў-фанарыётаў. У 1820—50 разгарнуўся нац.-вызв. рух. Валашскае паўстанне 1821 на чале з Т.Уладзімірэску паклала канец фанарыёцкаму рэжыму. Паводле Акерманскай канвенцыі 1826 Валахія атрымала самакіраванне, паводле Адрыянопальскага мірнага дагавора 1829 — аўтаномію (пад пратэктаратам Расіі да 1856). У 1829—34 пад кіраўніцтвам Расіі. У 1859—61 аб’ядналася з Малдовай у адзіную дзяржаву (з 1862 Румынскае княства).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́ЦЮШКАЎ (Канстанцін Мікалаевіч) (29.5.1787, г. Волагда, Расія — 19.7.1855),
рускі паэт; прадстаўнік анакрэантычнага кірунку ў рус. лірыцы. Адукацыю атрымаў у прыватных пансіёнах у Пецярбургу. Быў на чыноўніцкай і ваеннай службе, пазней — у рус.дыпламат. місіі ў Італіі. Удзельнік літ. гуртка «Арзамас». У вершах «Вясёлы час», «Вакханка», «Мае Пенаты» і інш. услаўляў радасць быцця, сяброўства, каханне, духоўную свабоду асобы. У аснове элегій «На руінах замка ў Швецыі», «Пераход праз Рэйн» уражанні вайны 1812. Ідэйны і душэўны крызіс абумовіў змрочна-меланхалічны тон лірыкі, узмацненне рэліг. настрояў, матывы нераздзеленага кахання, абвастрыў тэму трагічнага лёсу паэта (элегіі «Да сябра», «Надзея», «Мой геній», «Разлука», «Паміраючы Тас» і інш.). У вершаванай казцы «Вандроўнік і дамасед» (1815) стварыў карціну дысгармоніі жыцця. Аўтар цыклаў анталагічных вершаў, нарысаў і артыкулаў пра л-ру і мастацтва. У 1917 выйшаў зб. «Спробы ў вершах і прозе» (ч. 1—2).
Тв.:
Соч.Т. 1—2. М., 1989.
Літ.:
Фридман Н.В. Проза Батюшкова. М., 1965;
Яго ж. Поэзия Батюшкова. М., 1971;
Коровин В.И. «И жил так точно, как писал...» (К.Н.Батюшков: К 200-летию со дня рождения). М., 1987;
Кошелев В.А. Константин Батюшков: Странствия и страсти. М., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖЭ́ФЕРСАН ((Jefferson) Томас) (11.4.1741, Шадвел, штат Віргінія, ЗША — 4.7.1826),
дзеяч амерыканскага нац.-вызв. руху, адзін з заснавальнікаў ЗША, паліт. філосаф, асветнік. Адвакат, плантатар. Член заканад. сходу брыт. калоніі Віргінія (1769—74), выступаў за вызваленне неграў-рабоў. У вайну за незалежнасць у Паўночнай Амерыцы 1775—83дэп. 2-га Кантынент. кангрэса (1775—76, 1783), распрацаваў праект Дэкларацыі незалежнасці 1776 (у ёй значнае месца адвёў канцэпцыі правоў чалавека); член заканад. сходу (1776—79) і губернатар штата Віргінія (1779—82), падрыхтаваў «Статут аб рэлігійнай свабодзе». Пасланнік ЗША у Францыі (1785—89). Лідэр (разам з П.Генры) антыфедэралістаў. Ініцыіраваў прыняцце кангрэсам ЗША закону аб забароне рабства на ПнЗ краіны (1787). Дзярж. сакратар ЗША у 1-м урадзе Дж.Вашынгтона (1790—93). Віцэ-прэзідэнт (1797—1801) і прэзідэнт ЗША (1801—09). У часы прэзідэнцтва Дж. скасаваны антыдэмакр. законы папярэдняга ўрада Дж.Адамса аб іншаземцах і здрадзе, скарочаны ўзбр. сілы і дзярж. апарат, набыта Луізіяна (1803), устаноўлены дыпламат. адносіны з Расіяй (1808—09) і інш. Садзейнічаў развіццю архітэктуры і сістэмы адукацыі ў ЗША, у т. л. буд-ву Віргінскага ун-та ў г. Шарлатсвіл (1817—26).
Літ.:
Печатнов В.О. Гамильтон и Джефферсон. М., 1984;
Согрин В.В. Джефферсон: Человек. мыслитель, политик. М., 1989.
Т.Джэферсан.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́РЫНГ ((Göring) Герман) (12.1.1893, г. Розенгайм, Германія — 15.10.1946),
адзін з кіраўнікоў фаш. Германіі. Рэйхсмаршал (1940). Прафесійны ваенны. Удзельнік 1-й сусв. вайны, лётчык. Чл. нацыянал-сацыялісцкай партыі з 1922. Кіраўнік штурмавых атрадаў (1922—23). У час нацысцкага путчу 1923 у Мюнхене цяжка паранены. Дэп. (з 1928) і старшыня (1932—45) рэйхстага, садзейнічаў прызначэнню А.Гітлера рэйхсканцлерам. Міністр унутр. спраў Прусіі (1933—34), прэм’ер-міністр (1933—45); ініцыятар стварэння гестапа і канцлагераў, гал. сведка абвінавачвання на Лейпцыгскім працэсе 1933. Рэйхсміністр авіяцыі (з 1933) і галоўнакаманд. ВПС (з 1935). Кіраваў (з 1936) рэалізацыяй 4-гадовага плана (1934—38) падрыхтоўкі Германіі да вайны і ажыццяўленнем аншлюса (сак. 1938). Наведваў з дыпламат. візітамі Італію, Венгрыю, Югаславію, Польшчу. У 2-ю сусв. вайну прызначаны пераемнікам Гітлера, адказваў за дзеянні ВПС; падпісаў 30.7.1941 загад аб знішчэнні 11 млн.еўрап. яўрэяў; рабаваў музеі і калекцыі твораў мастацтва і інш. 7.5.1945 здаўся ў палон амерыканцам. На Нюрнбергскім працэсе як адзін з гал. нацысцкіх ваен. злачынцаў прыгавораны да пакарання смерцю; скончыў самагубствам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАБЛІ́ ((Mably) Габрыэль Бано дэ) (14.3.1709, г. Грэнобль, Францыя — 23.4.1785),
французскі паліт. мысліцель і гісторык. Брат Э.Кандыльяка. Вучыўся ў езуіцкім каледжы і семінарыі, пазней адмовіўся ад духоўнай кар’еры. З 1742 на дыпламат. службе, з 1746 прысвяціў сябе навук. заняткам. Асн. ідэі М. выкладзены ў працах «Сумненні, якія прапануюцца філосафам-эканамістам адносна прыроднага і неабходнага парадку палітычных грамадстваў» (1768) і «Аб заканадаўстве, або Прынцыпы законаў» (1776). У сац.-філас. разважаннях М. зыходзіў з уласнага паняцця аб чалавечай прыродзе, лічыў, што менавіта добрыя пачаткі (спачуванне, удзячнасць) аб’ядноўваюць людзей у грамадства, а розум дыктуе пэўныя законы дзеля агульнага дабрабыту і стрымання чалавечага эгаізму. Адзінай крыніцай і носьбітам усялякай улады лічыў народ; яму належыць права змены тыранічнай улады з дапамогай любых сродкаў, у т. л. рэвалюцыі. Як прыхільнік эгалітарызму патрабаваў адпаведных законаў з мэтай устанаўлення сістэмы кіравання, якая б абараняла грамадства ад разбурэнняў. Прапаноўваў прыняць законы супраць раскошы, дзярж. падтрымкі гандлю і купецтва; выказваўся за абмежаванне багаццяў прыватных асоб, у т. л. землеўладальнікаў, адмаўляў гіст. рэгрэс і магчымасць вяртання ў «залаты век» — да першабытнага камунізму.
Тв.:
Рус.пер. — Избр. произв.М.; Л., 1950;
Об изучении истории. О том, как писать историю. М., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́ЛЬТКЕ (Moltke) Старэйшы Гельмут Карл Бернхард
(26.10.1800, г. Пархім, Германія — 24.4.1891),
прускі і герм.ваен. дзеяч і тэарэтык. Вучань К.Клаўзевіца. Граф (1870). Ген.-фельдмаршал (1871), ген.-фельдмаршал рас. войск (1872). Скончыў кадэцкі корпус у Капенгагене (1818), Берлінскую ваен. акадэмію (1826). З 1819 у дацкай, з 1822 у прускай арміі. З 1833 у Генштабе. У 1836—39 ваен. саветнік у тур. арміі. У 1855 з дыпламат. місіяй наведаў Расію. У 1858—88 нач. прускага (з 1871 імперскага) Генштаба, які пад кіраўніцтвам М. ператварыўся у гал. орган падрыхтоўкі краіны і ўзбр. сіл да вайны. Ажыццявіў шэраг мерапрыемстваў па рэарганізацыі арміі. У час пераможных войнаў Прусіі з Даніяй (1864), Аўстрыяй (1866) і Францыяй (1870—71) нач. палявога штаба (фактычна галоўнакамандуючы герм.ўзбр. сіламі). Кіраваў стварэннем афіц. гісторыі франка-прускай вайны 1870—71 і займаўся распрацоўкай планаў адначасовых кампаній супраць Францыі і Расіі. У 1867—91 чл. рэйхстага ад партыі кансерватараў. Адзін з ідэолагаў герм. мілітарызму. У сваіх працах праводзіў думку пра непазбежнасць вайны і яе «цывілізуючую» ролю; прыхільнік тэорыі «маланкавай вайны».
Тв. : Рус.пер. — История германо-французской войны 1870—1871. М., 1937; Военные поучения: Оперативная подготовка к сражению. М., 1938.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́ЛДРЫДЖ ((Aldridge) Джэймс) (н. 10.7.1918, г. Уайт-Хілс, Аўстралія),
англійскі пісьменнік. Вучыўся ў Лонданскім ун-це. У 2-ю сусв. вайну ваен. журналіст. У 1944—45 наведаў СССР. Літ. дзейнасць пачаў з нарысаў і замалёвак. Аўтар раманаў антыфаш. «Справа гонару» (1942), «Марскі арол» (1944), філас.-прыгодніцкага «Паляўнічы» (1950), антыкалан. «Героі пустынных гарызонтаў» (1954), «Не хачу, каб ён паміраў» (1957), «Апошні выгнаннік» (1961), сац.-псіхал. «Мой брат Том. Гісторыя аднаго кахання» (1966), дылогій «Дыпламат» (1949, Залаты медаль міру 1953) і «Горы і зброя» (1974), «Вязень чужой краіны» (1962) і «Небяспечная гульня» (1966), п’есы «Сорак дзевяты штат» (1946, створана ў традыцыі Б.Шоу), аповесці «Апошні позірк» (1977, пра Э.Хемінгуэя і Ф.С.Фіцджэральда), рамана-памфлета «Бывай, Антыамерыка!» (1979) і інш. Яго творы адметныя актуальнасцю праблематыкі, сюжэтнай адкрытасцю, спалучэннем дакумент. пачатку з лірызмам і філасафічнасцю. На бел. мову раман О. «Паляўнічы» пераклаў М.Валошка. Міжнар. Ленінская прэмія «За ўмацаванне міру паміж народамі» 1973.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯМІ́ДАВЫ,
дынастыя рас. горнапрамыслоўцаў, землеўладальнікаў, мецэнатаў у канцы 17 — пач. 20 ст. Паходзілі з заможных сялян-кавалёў Тульскай губ. Родапачынальнік — Мікіта Дзямідавіч Антуф’еў, празваны паводле імя па бацьку Дзямідаў (5.4.1656, Тула — 28.11.1725). Вылучыўся пры Пятру I, пабудаваў першы чыгунаплавільны з-д у Туле (1696), пазней — шэраг металургічных з-даў на Урале. У 1720 атрымаў спадчыннае дваранства. Найб. значныя прадстаўнікі: Акінфій Мікітавіч (1678, Тула — 16.8.1745). Сын Мікіты Дзямідавіча. У 1725 на яго Ніжнетагільскім з-дзе пушчана першая домна — найб. ў тагачасным свеце. Да 1745 валодаў 25 чыгунаплавільнымі, жалезаапр. і меднымі з-дамі. Павел Рыгоравіч (9.1.1739—13.7.1821). Вучыўся ў Гётынгенскім ун-це і Фрайбергскай горнай акадэміі (Германія). Заснаваў Дзямідаўскі ліцэй у Яраслаўлі. Мікалай Мікітавіч (20.11.1773, с. Чыркавіцы Воласаўскага р-на Ленінградскай вобл. — 2.1.1829), ваен. дзеяч, дыпламат. Садзейнічаў пашырэнню вытв-сці фамільных з-даў. Павел Мікалаевіч (17.8.1798, Масква — 6.4.1840). Ганаровы чл.Пецярб.АН. Скончыў Парыжскі ліцэй Напалеона. У 1831 заснаваў Дзямідаўскія прэміі пры Пецярб.АН. Валодаў сіб. чыгунаплавільнымі з-дамі. Павел Паўлавіч (21.10.1839, г. Веймар, Германія — 29.1.1885). Скончыў Пецярб.ун-т (1860). Заснаваў першую на Урале ф-ку бесемеравання сталі. Усяго Дз. заснавалі больш за 50 з-даў, якія давалі 40% чыгуну ў Расіі.
Літ.:
Старков В.В. Демидовы: Их жизнь и деятельность. М., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЕКТЫ́ЎНАЯ БЯСПЕ́КА,
супрацоўніцтва дзяржаў па падтрыманні міжнар. міру, прадухіленні ўзбр. канфліктаў, а ў выпадку неабходнасці — ліквідацыі актаў агрэсіі і аказанні калект. дапамогі, у т. л.ваен., яе ахвярам. У наш час сістэма К.б. ажыццяўляецца ў рамках міжнар. арг-цый, напр., Арганізацыі Аб’яднаных Нацый і яе спец. органаў (Савет Бяспекі ААН і інш.) і на рэгіянальнай аснове. Паводле Статута ААН рэгіянальныя арг-цыі не могуць распачынаць прымусовыя дзеянні без рашэння і агульнага кіраўніцтва Савета Бяспекі (толькі ён мае на гэта права). Для забеспячэння міру і К.б. выкарыстоўваюцца розныя сродкі: скарачэнне ўзбр. сіл, узбраенняў і іх асобных кампанентаў (ядз., хім. і інш.), вырашэнне міжнар. спрэчак і канфліктаў мірным шляхам, у т. л.дыпламат. і пасрэдніцкімі намаганнямі, стварэнне калект. міратворчых сіл, прыняцце прымусовых (у т. л. ваенных) захадаў супраць агрэсара і інш. Рэспубліка Беларусь у сістэме К.б. аддае перавагу заключэнню міждзярж. дагавораў у рамках СНД, Саюза Беларусі і Расіі, а таксама ў рамках рэгіянальных арг-цый (у т. л.Еўрап. Саюза, Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе і яе Мінскай групы), рэгіянальным пагадненням (праграма «Партнёрства дзеля міру», 27 дзяржаў, 1996) і інш.
Літ.:
Ивашов Л.Г., Булыгин А.Н. Коллективная безопасность в рамках Содружества Независимых Государств: состояние и перспективы обеспечения // Воен. мысль, 1998. №3.