Выбарчая сістэма ў Рэспубліцы Беларусь — гэта ўстаноўлены і ўрэгуляваны прававымі і інш. нормамі парадак выбараў, а выбарчае права — сукупнасць канстытуцыйных норм, якія рэгулююць грамадскія адносіны, што ўзнікаюць пры правядзенні выбараў, а таксама сукупнасць канкрэтных правоў грамадзяніна на ўдзел у выбарах. У гэтым значэнні выбарчае права падзяляюць на актыўнае, г.зн. права выбіраць, і пасіўнае, г.зн. права выбірацца, быць выбраным. Легітымныя выбарныя органы ў сваю чаргу фарміруюць легітымныя ўладныя структуры (урад, суды і інш.). Выбары праводзяцца ў адпаведнасці з канстытуцыйнымі прынцыпамі выбарчай сістэмы на аснове ўсеагульнага, роўнага, прамога выбарчага права пры тайным галасаванні.
Выбары дэпутатаў і інш. асоб, якія выбіраюцца на дзярж. пасады народам, з’яўляюцца ўсеагульнымі: права выбіраць маюць грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якія дасягнулі 18 гадоў. Прамое або ўскоснае абмежаванне выбарчых правоў грамадзян у залежнасці ад паходжання, сац. і маёмаснага становішча, расавай і нац. прыналежнасці, полу, адукацыі, мовы, адносін да рэлігіі, часу пражывання ў дадзенай мясцовасці, роду і характару заняткаў з’яўляецца недапушчальным і караецца паводле заканадаўства. У выбарах не ўдзельнічаюць грамадзяне, прызнаныя судом недзеяздольнымі; асобы, якія ўтрымліваюцца паводле прыгавору суда ў месцах пазбаўлення волі; асобы, у адносінах да якіх выбрана такая мера, як утрыманне пад вартай. Не з’яўляюцца падставай для абмежавання права грамадзяніна на ўдзел у галасаванні адм. арышт, такія віды крымін. пакарання, як штраф, папраўчыя работы, арышт на тэрмін ад 1 да 6 мес, асобы, аб’яўленыя банкрутамі. Узроставы цэнз дэпутатаў і інш. асоб, якія выбіраюцца на дзярж. пасады (кіраўніка дзяржавы, члена Савета Рэспублікі, суддзі, нар. засядацеля), вызначаецца адпаведнымі законамі. У Беларусі адсутнічае цэнз аселасці (выключэнне — выбары Прэзідэнта і членаў Савета Рэспублікі). Выбары з’яўляюцца свабоднымі: выбаршчык сам вырашае, за каго галасаваць і ці ўдзельнічаць яму ў выбарах. Але высокая ступень ухілення ад удзелу ў выбарах зніжае аўтарытэт сфарміраванага органа і дае глебу для спрэчак пра яго легітымнасць. Падрыхтоўка і правядзенне выбараў ажыццяўляюцца адкрыта і галосна. Выбары з’яўляюцца роўнымі: выбаршчыкі маюць роўную колькасць галасоў. З гэтай мэтай забяспечваецца адзіная норма прадстаўніцтва, паводле якой ствараюцца выбарчыя акругі з прыкладна роўнай колькасцю выбаршчыкаў (адхіленне, як правіла, не можа перавышаць 10%). Кожны выбаршчык галасуе асабіста, галасаванне за інш. асоб не дапускаецца. Выбары з’яўляюцца прамымі: дэпутаты выбіраюцца грамадзянамі непасрэдна, шляхам падачы свайго голасу. Разам з прамымі выбарамі (дэпутатаў, кіраўніка дзяржавы) Канстытуцыя прадугледжвае фарміраванне Савета Рэспублікі Нац. сходу Рэспублікі Беларусь шляхам ускосных выбараў, г.зн. выбаршчык выбірае дэпутатаў Саветаў базавага ўзроўню, якія ў сваю чаргу ва ўстаноўленым парадку выбіраюць членаў Савета Рэспублікі. Галасаванне на выбарах з’яўляецца тайным, у ходзе галасавання забаронены кантроль за волевыяўленнем. Аднак гэта не выключае права выбаршчыка добраахвотна выказацца пра тое, як ён прагаласаваў.
Рэферэндумы (нар. галасаванні) з’яўляюцца адным з асн. інстытутаў непасрэднай дэмакратыі ў Рэспубліцы Беларусь. Яны могуць праводзіцца для вырашэння найважнейшых пытанняў дзярж. і грамадскага жыцця, могуць быць рэспубліканскія і мясцовыя. Рэсп. рэферэндумы прызначаюцца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь па яго ўласнай ініцыятыве ці па прапанове Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі, прынятай на іх раздзельных пасяджэннях большасцю галасоў ад поўнага складу кожнай з палат, або па прапанове не менш як 450 тыс. грамадзян, якія валодаюць выбарчым правам, у т. л. не менш як 30 тыс. грамадзян ад кожнай вобласці і г. Мінск. Указам Прэзідэнта аб прызначэнні рэферэндуму вызначаюцца дата яго правядзення (не пазней як 3 мес з дня выдання указа), юрыд. сіла прынятага ім рашэння, фармулёўка вынесенага на рэферэндум пытання (пытанняў). Калі на ўсенар. галасаванне выносіцца законапраект, то ён дадаецца да ўказа Прэзідэнта аб прызначэнні рэферэндуму. Прэзідэнт мае права адхіляць прапановы аб правядзенні рэферэндуму, калі яны не адпавядаюць патрабаванням Выбарчага кодэксу і інш.заканад. актаў. Рашэнні, прынятыя рэсп. рэферэндумам, падпісвае Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь. Мясц. рэферэндумы прызначаюцца адпаведнымі мясц. прадстаўнічымі органамі па іх ініцыятыве або па прапанове не менш як 10% грамадзян, якія валодаюць выбарчым правам і пражываюць на адпаведнай тэрыторыі. Прынятыя на рэферэндуме рашэнні могуць быць адменены або зменены толькі шляхам новага рэферэндуму, калі іншае не будзе вызначана самім рэферэндумам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ты́тул, ‑а, м.
1. Ганаровае радавое або дараванае дваранскае званне (барон, граф, князь і пад.), якое падкрэслівала прывілеяванае становішча асобы і патрабавала адпаведнага тытулавання (ваша благароддзе, ваша вялікасць, ваша яснавяльможнасць і пад.). Гаварылі, што .. [Гальвас] меў тытул не то графа, не то варона.Чорны.//Разм. Называнне асобы па роду занятку, займаемай пасадзе і пад. — Ну што ж, — сказаў Віктар. — Тытул домаўласніка — гэта якраз тое, чаго мне не хапала. Але нічога не зробіш, будзем будаваць свой дом.Палтаран.У каменданцкім загадзе, які быў расклеены па сценах дамоў гарадка, Паўлік значыўся поўным сваім тытулам: грамадзянін Арэшка Павел Фёдаравіч.Хомчанка.Новыя свацці (жадалі яны сабе гэтых тытулаў, прысвоеных ім дзецьмі, ці не) напярэдадні сышліся абмеркаваць план дзеянняў.Васілевіч.// Якое‑н. званне, што прысвойваецца каму‑н. у гонар прызнання заслуг. Францыск Скарына, узброены доктарскімі тытуламі, зарукай і грашыма віленскага гарадскога галавы, перакладаў, каменціраваў і друкаваў у Празе кнігі бібліі.«Полымя».Паказалі каляровыя афішы з партрэтамі [артыстаў]. У кожнага тытул: лаўрэат якогасьці конкурсу.Жычка./уіран.ужыв.Акрамя выключнай схільнасці да красамоўства, уладальнік ёмістай лысіны быў надзвычай прагны да славы, да гучных тытулаў і чыноў.Лынькоў.
2. Загаловак кнігі. // Першая старонка кнігі, на якой надрукаваны загаловак, імя аўтара, год і месца выдання; тытульны ліст. Тытул набіраецца буйным шрыфтам. □ Устаючы, Алесь з нейкім дзіўным пачуццём пагладзіў пальцамі ліст тытула. Гэты сумны, нікому непатрэбны ліст з доўгім надпісам.Караткевіч.
3. У буржуазнай юрыспрудэнцыі — аснова якога‑н. права. Тытул уласнасці.
4.Спец. Назва каштарысаў капітальнага будаўніцтва ў СССР па аб’ектах, якія ўключаны ў тытульныя спісы.
[Лац. titulus — надпіс, ганаровае званне.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ГЕАДЭЗІЯ
Навукова абгрунтаваныя геадэзічныя работы на Беларусі пачаліся ў 1753, калі была створана Віленская астранамічная абсерваторыя. Пасля далучэння да Рас. імперыі (канец 18 ст.) на тэр. Гродзенскай (1825—29) і Мінскай (1830—39) губерняў праведзены першыя трыянгуляцыйныя работы пад кіраўніцтвам К.І.Тэнера (вызначаны 31 трыянгуляцыйны пункт «Дугі Струвэ»), у якіх прыняў удзел бел. геадэзіст І.І.Ходзька. У 1863—73 праведзены градусныя вымярэнні ўздоўж 52°паўн. шыраты пад кіраўніцтвам І.І.Жылінскага. У 1928—32 праведзены геадэзічныя абгрунтаванні і здымкі Бабруйска, Гомеля, Мінска, Оршы, Рэчыцы, Слуцка і інш. гарадоў і Любанскага, Рагачоўскага, Койданаўскага, Горацкага, Дубровенскага раёнаў.
Адукацыя ў галіне геадэзіі на Беларусі пачалася з утварэннем у 1919 адпаведнай кафедры ў Горацкім с.-г. ін-це (з 1925 Бел.с.-г. акадэмія). У 1931 створана кафедра геадэзіі ў Мінскім тарфяным ін-це, у 1933 — у БПІ; у пасляваенны перыяд да іх далучыліся кафедры геадэзіі Бел. лесатэхн. ін-та, Бел. ін-та інжынераў чыг. транспарту (Гомель, 1953), Брэсцкага інж.-буд. ін-та (1966). З 1974 інжынераў-геадэзістаў рыхтуе Полацкі ун-т. У наш час геадэзію вывучаюць у навуч. установах пры падрыхтоўцы спецыялістаў па землеўпарадкаванні, будаўніцтве, лясной гаспадарцы, лесаінжынернай справе і інш. Уклад у геадэзічную навуку зрабілі бел. навукоўцы В.В.Папоў (стварыў тэорыю ўраўноўвання геадэзічных палігонаў, тэорыю ломаных базісаў, распрацаваў метады дакладнай паліганаметрыі), І.В.Зубрыцкі (распрацаваў тэорыю геадэзічных чатырохвугольнікаў без дыяганалей для пабудовы геадэзічных апорных сетак), І.І.Купчынаў (развіў тэорыю ўраўноўвання геадэзічных сетак трыянгуляцыі і паліганаметрыі, іх аўтаматызацыю, распрацаваў метады ўласных лікаў матрыц у геадэзіі, рацыяналізацыі работ у інж. геадэзіі), А.А.Саламонаў (распрацаваў тэорыю пабудовы і ўраўноўвання геадэзічных сетак агульнага віду), А.А.Дражнюк, В.Ю.Мінько (навук. распрацоўка і ўкараненне прагрэсіўных тэхналогій у геадэзічную вытв-сць). Вядомы працы бел. геадэзістаў: па спосабах адначасовага вызначэння азімута, шыраты і папраўкі хранометра (П.А.Хадаровіч), па аэрафотаздымцы і геадэзіі (С.М.Лебедзеў), па спосабе найменшых квадратаў (К.В.Папова), па складанні карт землеўпарадкавання (Ф.К.Курапаценка), па тэхніцы вылічэння і механізацыі вылічальных работ у геадэзіі (Я.Г.Ларчанка), па лікавых метадах спосабу найменшых квадратаў (Г.С.Таразевіч), па выкарыстанні аэракасмічных метадаў у геадэзіі, стварэнні дзярж. геадэзічных сетак з выкарыстаннем GPS (джы-пі-эс) абсталявання (У.В.Мкрытычан), па тэхналогіі падрыхтоўкі карт да выдання метадам гравіравання на пластыках (В.Ф.Маркаў), па тэхналогіі стэрыятапаграфічнай здымкі ў буйных маштабах (В.Ф.Маркаў, Я.С.Асіпук і інш.), па новай тэхналогіі стварэння фотапланаў — аптычным мантажы зон на фотатрансфарматары (А.Я.Галкін, В.Ф.Маркаў, В.Ю.Мінько, Б.І.Сяргееў), па стварэнні лічбавых карт мясцовасці (Б.А.Фурман), па аўтаматычнай сістэме картаграфавання (А.С.Назараў, І.Г.Нейфельд). У наш час тапографа-геадэзічныя работы на Беларусі выконваюць РУП «Белгеадэзія», РУП «Белаэракосмагеадэзія» Камітэта па зямельных рэсурсах, геадэзіі і картаграфіі пры Савеце Міністраў Рэсп. Беларусь. Вядуцца работы па аднаўленні высокадакладнай геадэзічнай сеткі, аэрафотаздымцы тэр. краіны і абнаўленні тапаграфічных карт, па пераходзе на сістэму каардынат 1995 і стварэнні гравіметрычнай сеткі Беларусі, вывучаюцца пытанні розных тэхн. аспектаў геадэзіі. За 56 гадоў прадпрыемствам «Белгеадэзія» выкананы вялікі аб’ём геадэзічных, тапаграфічных і картаграфічных работ: на ўсёй тэр. Беларусі пабудавана дзярж. планавая геадэзічная сетка (трыянгуляцыя 1, 2, 3, 4 класаў); створана дзярж. вышынная апорная геадэзічная сетка (нівеліраванне 1, 2, 3 і 4 класаў); уся тэр. Беларусі пакрыта здымкай маштабу 1:10 000, падрыхтаваны да друку тапаграфічныя карты такога маштабу; выкананы тапаграфічныя здымкі, падрыхтаваны да друку і надрукаваны тапаграфічныя планы ўсіх гарадоў і планы гар. пасёлкаў краіны маштабу 1:2000 і 1:5000; выкананы тапаграфічныя здымкі маштабу 1:2000 шэрагу рэгіёнаў, перспектыўных у адносінах развіцця народнай гаспадаркі, на плошчы больш за 20 тыс.км²; створаны тапаграфічныя карты і планы ўсіх буйных вадаёмаў і вадасховішчаў Беларусі; складзены лічбавыя карты рэспублікі маштабу 1:50 000—1 000 000 і буйнамаштабныя планы гарадоў; складзены і выдадзены карты і планы шырокага кірунку для забеспячэння патрэб прадпрыемстваў, арганізацый і насельніцтва краіны. Выкананы таксама тапографа-геадэзічныя работы і на тэр. Расіі, Літвы, Латвіі, Кубы, Алжыра, Сірыі, Манголіі, Кітая, Лаоса, Самалі, Мазамбіка, Ірана, Афганістана і інш. краін.
Літ.:
Купчинов И.И. Советская геодезия в Белоруссии за 50 лет // Материалы к 9 научно-техн. конф. кафедр ин-та и секций Дор НТО Бел. ж.-д., ... Гомель, 1969;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАГУШЭ́ВІЧ Францішак Бенядзікт Казіміравіч (21.3.1840, б. фальварак Свіраны, Вільнюскі р-н, Літва — 28.4.1900),
бел. паэт, празаік, публіцыст, перакладчык. Вучыўся ў Віленскай гімназіі. У 1861 паступіў на фіз.-матэм.ф-тПецярб. ун-та; выключаны з 1-га курса за адмаўленне прыняць новыя універсітэцкія правілы. Працаваў настаўнікам у Доцішках (Воранаўскі р-н). Удзельнік паўстання 1863—64, у баях у Аўгустоўскіх лясах паранены. З-за пагрозы рэпрэсій тайна жыў пад Беластокам, у Вільні, пасля перабраўся на Украіну. Пры дапамозе Я.Карловіча паступіў у Нежынскі юрыд. ліцэй, які скончыў у 1868. Працаваў судовым следчым на Украіне і ў Расіі. З 1884 у Вільні, адвакат судовай палаты; вёў пераважна справы сялян і гарадской беднаты. З 1898 жыў у Кушлянах (Смаргонскі р-н), пахаваны ў Жупранах (Ашмянскі р-н). Багушэвіч — рэв. дэмакрат, пачынальнік крытычнага рэалізму ў бел. л-ры. Вытокі яго творчасці ў грамадскім жыцці Беларусі, цесна звязаны з фальклорам, а таксама з лепшымі эстэт. традыцыямі слав. паэзіі. У зб-ках «Дудка беларуская» (пад псеўд. Мацей Бурачок; Кракаў, 1891) і «Смык беларускі» (пад псеўд. Сымон Рэўка з-пад Барысава; Познань?, 1894) паказаў селяніна, якога абдзялілі пры скасаванні прыгону, абдзірае казна, крыўдзяць суд і царскія чыноўнікі. У ім Багушэвіч бачыў не проста пагарджанага доляй, прыгнечанага мужыка, а чалавека, які крытычна ўспрымае свет, не баіцца «з’ехаць урадніку тройчы меж вушоў». Жывымі і яркімі паўсталі ў яго творах вобразы сялян Аліндаркі («Кепска будзе!»), Петрука Пантурка («У судзе»), Ануфрыя Скірдзеля («Балада»), Мацея («Хрэсьбіны Мацюка») і інш.Сац. пытанні востра ставяцца ў вершах «Бог не роўна дзеле», «Не цурайся», «Ахвяра». Цыкл «Песні» (зб. «Смык беларускі») — узор выкарыстання бел.нар. песні і насычэння яе сац. і філас. зместам. З болем чуючы, як «звякаюць ланцугі на людцах», са смуткам гледзячы «на зямельку, слязьмі залітую», паэт верыў у часіну, калі «перастанем плакаць мы над сваёй доляй». У яго творчасці на ўвесь голас загучалі і матывы нац. адраджэння. У прадмове да зб. «Дудка беларуская» ён абгрунтоўваў права бел. народа на развіццё сваёй мовы і заклікаў: «Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі». Шмат рабіў Багушэвіч для фарміравання бел.літ. мовы, узбагачэння і ўдасканалення бел. паэтыкі. Ён узнімаў некранутыя моўныя пласты, карыстаўся сілабікай, каб надаць вершу гутарковае гучанне, смела ўводзіў сілаба-танічны памер, народна-песенныя прыёмы. Багатая і разнастайная яго спадчына ў жанравых адносінах: паэма («Кепска будзе!»), вершаванае апавяданне, блізкае формай да гутарак («У астрозе», «Быў у чысцы», «Свая зямля»), публіцыст. маналог («Мая дудка», «Дурны мужык, як варона»), філас. роздум («Праўда», «Думка»), верш-прысвячэнне («Яснавяльможнай пані Арэшчысе»), байка («Воўк і авечка»), сатыра («Праўдзівая гісторыя аб замучаным дукаце»), апрацоўка нар. казкі («Хцівец і скарб на святога Яна») і інш. Багушэвічу належаць і першыя ў бел. л-ры празаічныя творы. Апавяданні «Сведка», «Палясоўшчык», «Дзядзіна» (усе апубл. 1907) зместам і формай цесна звязаны з нар. гумарэскай, быт. анекдотам. Апавяданне «Тралялёначка» (Кракаў, 1892) бліжэй да літ. традыцыі; у ім яскрава ўвасоблены расслаенне бел. вёскі, вясковыя багацеі, што прыйшлі на змену радавітым панам. У 1886—91 пад псеўд. Demos, B.Huszicz, Ten і інш. друкаваў у польскім пецярбургскім час. «Kraj» («Край») допісы і артыкулы, у якіх пісаў пра цяжкае жыццё працоўнага люду, крызіс сельскай гаспадаркі, нізкія ўраджаі, цемнату і непісьменнасць народа. Лісты Багушэвіча да Я.Карловіча і Э.Ажэшкі (датуюцца 1868—97) — важныя дакумент. сведчанні светапогляду паэта, гісторыі напісання паасобных твораў і выдання «Дудкі беларускай», матэрыяльных умоў і абставін яго жыцця. Не ўсе творы Багушэвіча дайшлі да нас. Няма пэўных звестак пра змест зб. «Скрыпка беларуская», які меўся выйсці пасля смерці аўтара, не знойдзены ў архівах зб. «Беларускія апавяданні Бурачка», падрыхтаваны ў 1899 і не прапушчаны цэнзурай, не збярогся слоўнік бел. мовы, які Багушэвіч складаў па прапанове Карловіча. Яму прыпісваецца пракламацыя без назвы (пачынаецца словамі «Гаспадары, для вас пішу гэта апавяданне»), выдадзеная па-беларуску ў Кракаве і прысвечаная падзеям у літоўскім мястэчку Крожы ў 1894. Імя Багушэвіча прысвоена Ашмянскаму краязнаўчаму музею, у Кушлянах створаны Багушэвіча Ф.К. літаратурна-мемарыяльны музей-сядзіба. Помнікі паэту ў в. Жупраны і на яго магіле.
Тв.:
Творы. Мн., 1967;
Вершы. Мн., 1976;
Творы. Мн., 1991.
Літ.:
Гарэцкі М. Гісторыя беларускае літаратуры. Мн., 1992;
Барысенка В. Францішак Багушэвіч і праблема рэалізму ў беларускай літаратуры XIX стагоддзя. Мн., 1957;
Александровіч С. Старонкі братняй дружбы. Мн., 1969;
Яго ж. Гісторыя і сучаснасць. Мн., 1968;
Кісялёў Г. Сейбіты вечнага. Мн., 1963;
Яго ж. З думай пра Беларусь. Мн., 1966;
Яго ж. Ад Чачота да Багушэвіча. Мн., 1993;
Навуменка І. Пісьменнікі-дэмакраты. Мн., 1967;
Дорошевич Э., Конон В. Очерк истории эстетической мысли Белоруссии. М., 1972;
Майхрович А. Белорусские революционные демократы. Мн., 1977;
Лойка А.А. Гісторыя беларускай літаратуры. Дакастрычніцкі перыяд. Ч. 1. 2 выд.Мн., 1989;
Янушкевіч Я. «Чалавек, які нарадзіўся не ў сваю эпоху...»: Новае з перапіскі Францішка Багушэвіча з Янам Карловічам // Шляхам гадоў. Мн., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІБЛІЯТЭ́КА НАЦЫЯНА́ЛЬНАЯ БЕЛАРУ́СІ,
галоўная універсальная навук.б-ка Рэспублікі Беларусь; цэнтр. кнігасховішча; даследчы, метадычны і каардынацыйны цэнтр у галіне бібліятэказнаўства, бібліяграфіі і кнігазнаўства. Засн. ў 1921 як б-каБДУ (гл.Бібліятэка фундаментальная БДУ). У 1922 пераўтворана ў аб’яднаную Бел.дзярж. і універсітэцкую б-ку з Бел. кніжнай палатай; пры б-цы арганізаваны аддзел бел. л-ры і бібліяграфіі, пачалася работа ў галіне рэтраспектыўнай нац. і краязнаўчай бібліяграфіі. 14.5.1926 вылучана ў самастойную Бел.дзярж. б-ку. 10.8.1932 рэарганізавана ў Дзярж. б-ку і бібліяграфічны ін-тБССР, ёй прысвоена імя Леніна. У 1932 кніжны фонд б-кі налічваў больш за 1 млн. адзінак захоўвання. Б-ка стала грунтоўнай базай для абслугоўвання навукоўцаў, спецыялістаў розных галін навукі і нар. гаспадаркі; працавалі даведачна-бібліягр. аддзел, абанемент, міжбібліятэчны абанемент, кабінет бібліятэказнаўства. Б-ка адкрыла філіялы ў Віцебску (1925), Гомелі (1933), Магілёве (1938), у Мінску пры Доме ўрада; потым на базе гэтых філіялаў створаны Урадавая б-ка (гл.Бібліятэка прэзідэнцкая) і ў 1938 абласныя б-кі (гл. ў арт.Бібліятэка). На пач. 1941 б-ка стала цэнтрам метадычнай і бібліягр. работы на Беларусі, яе кніжны фонд налічваў каля 2 млн. тамоў, колькасць чытачоў 15 тыс. У Вял.Айч. вайну разрабаваны і знішчаны яе фонды і даведачны апарат. Найбольш пацярпеў фонд абавязковага экз. (засталіся толькі 33 тыс. тамоў); цалкам быў вывезены архіў друку БССР, газетны фонд, фонды аддзела бел. л-ры, рэдкіх і старадрукаваных кніг, абанемента, чытальных залаў, спалены разам з л-рай будынак рэзервовага фонду. Уцалела 321 тыс.экз. У 1944 пачалося аднаўленне б-кі. У 1948 яе фонды па колькасным складзе дасягнулі даваен. ўзроўню. З 1956 б-ка з’яўляецца дэпазітарыем матэрыялаў ААН і ЮНЕСКА, з 1975 — універсальным дэпазітарыем Рэспублікі Беларусь. 19.5.1993 перайменавана ў Нацыянальную б-ку Беларусі. Кніжны фонд (на 1.1.1996) 7,3 млн. адзінак захавання больш чым на 50 мовах свету.
Асаблівую каштоўнасць мае паўмільённы унікальны збор л-ры, выдадзенай на Беларусі з пач. 19 ст. да нашага часу, а таксама ўсіх выданняў і матэрыялаў пра Беларусь, у т. л. і замежных. Зберагаецца 56-тысячны збор рэдкіх выданняў, рукапісаў і старадрукаў. Сярод рукапісных матэрыялаў 16—20 ст. (больш за 1 тыс. адзінак захавання) на славянскіх, заходнееўрапейскіх і ўсходніх мовах вылучаюцца калекцыі: рукапісных кніг, у т. л.бел. паходжання (евангеллі, пралогі, служэбнікі, жыціі святых, зборнікі слоў і павучанняў і інш.), спеўных рукапісаў крукавай і ноталінейнай натацыі, усходніх рукапісаў па граматыцы, філасофіі, праве, мусульманскай тэалогіі і інш.; рукапісы дзеячаў навукі і культуры Беларусі (М.В.Доўнар-Запольскага, Е.Р.Раманава, А.М.Семянтоўскага, У.І.Пічэты, З.Бядулі, Ц.Гартнага, Я.Коласа і інш.). Фонд старадрукаў (больш за 26 тыс. асобнікаў) уключае калекцыю інкунабулаў (44 адз.), у т. л. «Сусветная хроніка» Х.Шэдэля (1493), выданне «Боскай камедыі» Дантэ (1481), першы ням. пераклад грэч. рамана 3 ст. «Гісторыя Апалонія, караля Цірскага» (Аўгсбург, 1471); калекцыю палеатыпаў (каля 200 асобнікаў), у т. л. 16 прыжыццёвых М.Лютэра, выданні венецыянскай друкарні Аладаў (15—16 ст.), галандскіх кнігадрукаў Эльзевіраў (16—18 ст.), друкароў Эцьенаў, Фробенаў, Плантэнаў і інш. У калекцыі кірылаўскага друку захоўваецца адзіны ў Рэспубліцы Беларусь збор выданняў бел. першадрукара Ф.Скарыны — 10 выпускаў «Бібліі» (Прага, 1517—19); выданні В.Гарабурды («Евангелле вучыцельнае», каля 1580), І.Фёдарава («Апостал», Львоў, 1574, і «Біблія», Астрог, 1581); кнігі з друкарні братоў Мамонічаў (16—17 ст.); выданні бел., рус. і ўкр. друкарняў 16—18 ст., у т. л. «Азбука» В.Ф.Бурцава (1634), «Арыфметыка» Л.Магніцкага (1703), «Граматыка...» М.Сматрыцкага (1648). У калекцыі рус. грамадзянскага друку 18 — пач. 19 ст. 10 кніг пятроўскай эпохі, прыжыццёвыя выданні М.В.Ламаносава, М.І.Навікова (у т. л. яго часопісы «Древняя российская вивлиофика», «Живописец» і «Кошелёк»); каштоўныя выданні 19 — пач. 20 ст. з прыватных калекцый П.М.Жуковіча, І.П.Карнілава, У.І.Пічэты, А.П.Сапунова. І.І.Гальдштэйна па гісторыі Беларусі, Літвы і Польшчы; Я.Ф.Карскага, М.А.Янчука па бел. л-ры, мове і этнаграфіі; першыя выданні твораў В.Дуніна-Марцінкевіча, Ф.Багушэвіча, Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча і інш.; першая нелегальная бел.газ. «Мужыцкая праўда» (выдавалася 1862—63 К.Каліноўскім), першыя легальныя бел. газеты «Наша доля» і «Наша ніва»; першыя сав. газеты на бел. мове, у т. л. «Дзянніца»; рэсп., абласныя, раённыя газеты і часопісы Беларусі ад пачатку іх выдання. Захоўваюцца дакументы і выданні перыяду франц. рэвалюцыі 1789—94; калекцыі лістовак часоў Парыжскай камуны 1871; калекцыя вольнага рус. друку (выданні, забароненыя царскай цэнзурай); першыя і прыжыццёвыя выданні К.Маркса, Ф.Энгельса, Леніна; калекцыі бальшавіцкага друку дакастр. перыяду і выданняў першых гадоў сав. улады; збор падп. і партыз. друку перыяду Вял.Айч. вайны і інш. Вялікая калекцыя кніг з аўтографамі вядомых пісьменнікаў, навукоўцаў, грамадскіх дзеячаў. Самая вялікая на Беларусі калекцыя нот (77 тыс.экз.), больш за 100 тыс. адзінак захавання выяўл. матэрыялаў (плакаты, паштоўкі, рэпрадукцыі); каля 30 тыс. аўдыёвізуальных дакументаў, у т. л. грамзапісаў класічнага рэпертуару. У газетным фондзе сабраны ўсе бел. газеты за сав. перыяд (цэнтральныя, рэсп., абласныя), асобныя газеты замежных краін. Б-ка мае амаль 15-тысячны фонд картаў, каля 650 тыс. аўтарэфератаў і мікрафіш дысертацый. З 1990 укараняецца аўтаматызаваная інфарм. сістэма б-кі, дзейнічае электронны каталог. Ствараюцца рэтраспектыўныя базы даных нац. дакумента, рэдкай і старадрукаванай кнігі, нот, выяўленчых, аўдыёвізуальных і інш. дакументаў.
Штогод б-ка абслугоўвае 500 тыс. чытачоў, агульная выдача перавышае 3 млн.экз. Працуюць 14 галіновых і спец. чытальных залаў на 1000 месцаў. Паслугамі міжбібліятэчнага і міжнар. абанемента карыстаюцца каля 1 тыс. б-к у краіне і за яе межамі. Кнігаабменам б-ка звязана з 280 партнёрамі ў 36 краінах свету. Б-ка арганізуе выстаўкі (тэматычныя, юбілейныя, прысвечаныя знамянальным і памятным датам, выстаўкі прагляды; больш за 500 штогод), вядзе н.-д. работу па гісторыі бібліятэчнай справы на Беларусі. Выдае навук.-дапаможную і рэкамендацыйную бібліяграфію, у т. л. «Кніга Беларусі. 1517—1917» (1986), «Бібліяграфія па гісторыі Беларусі: Феадалізм і капіталізм» (1969), «Беларусь у друку XVI — пач. XX ст.» ў 5 кн. (1982—85), нотафанаграфічны паказальнік «Беларуская літаратура ў музыцы (1918—1989)» (1991); з 1960 выдае штомесячны бібліягр. бюлетэнь «Новыя кнігі Беларусі» і інш. У 1929—32 узведзены спец. будынак б-кі (арх. Г.Лаўроў) у стылі канструктывізму. Б-ка мела агульную (на 400-месцаў) і для навук. работнікаў чытальныя залы. У 1961 пабудаваны дадатковы корпус, што палепшыла ўмовы работы чытачоў і захавання фондаў.
Літ.:
Нацыянальная бібліятэка Беларусі: Памятка чытачу. Мн., 1992.
Т.М.Мінчэня.
Бібліятэка нацыянальная Беларусі. У чытальнай зале.Бібліятэка нацыянальная Беларусі. Уваход у галоўны корпус.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРТАГРАФІЯ
Першыя картаграфічныя творы з пазначэннем тэр. Беларусі вядомы з 2 ст.н.э. (карты Еўрапейскай Сарматыі Пталамея). Першыя рэгіянальныя карты з адлюстраваннем бел. зямель надрукаваны ў 16—17 ст. Гарады Менск і Гродна пазначаны ў атласе «Гарады свету» (Амстэрдам, 1577), Вялікае княства Літоўскае (ВКЛ) — у атласе Г.Меркатара (1600). У пачатку 17 ст. ў Нясвіжы пры двары Радзівілаў працаваў вядомы картограф і гравёр Тадэвуш Макоўскі, які па заказе Мікалая Радзівіла выгравіраваў першую карту ВКЛ (надрукавана ў 1613 у Амстэрдаме на лац. мове), ім створаны і панарамныя гравюры Нясвіжа і Клецка. У 18 ст. Беларусь адлюстравана на многіх картах Рэчы Паспалітай: подпісы Wit Rusland на карце І.Цырыёна (1733), Russia Alba на карце Т.Маера (1750), White Russia на карце Польшчы, Літвы і Прусіі (1750). Пасля ўваходжання Беларусі ў склад Рас. імперыі ў перыяд генеральнага межавання (2-я пал. 18—1-я пал. 19 ст.) складзены першыя карты і атласы бел. губерняў, генеральныя планы паветаў. У 19 ст. праведзена картаграфаванне ўсёй тэр. Беларусі. Бел. геадэзіст І.І.Ходзька правёў трыянгуляцыйныя работы на тэр. Гродзенскай і Мінскай губ., якія паслужылі матэматычнай асновай для складання буйнамаштабных карт. Вялікая работа па стварэнні геадэзічнай асновы, тапаграфічных здымкаў і карт зроблена корпусам ваенных тапографаў, у выніку чаго ў 1865—71 складзены карты ўсёй тэр. Беларусі маштабу 1:126 000 і 1:420 000, значнай часткі яе тэрыторыі на картах маштабу 1:84 000, 1:42 000 і 1:21 000, якія паслужылі топаасновай для складання тэматычных карт. У 2-й пал. 19 ст. праводзіліся геалагічныя, глебавыя і гідралагічныя здымкі. На падставе дзейнасці Зах. экспедыцыі па асушэнні балот былі створаны агульнагеаграфічныя і тэматычныя карты Еўрап. Расіі, у т. л. і Беларусі. Падрабязнае адлюстраванне рэльефу Беларусі ўпершыню зроблена рас. картографам А.А.Ціло на гіпсаметрычнай карце Еўрап. Расіі маштабу 1:2 520 000 (1889). Характарыстыка найважнейшых кліматычных элементаў Беларусі адлюстравана ў «Кліматычным атласе Расійскай імперыі» (1900).
У савецкі час на працягу 1918—30 ва ўсх. частцы Беларусі пад кіраўніцтвам А.М.Жырмунскага, Г.Ф.Мірчынка, П.А.Туткоўскага і інш. выкананы геалагічныя і геамарфалагічныя здымкі, на падставе якіх складзены адпаведныя карты маштабу 1: 840 000. У 1936 С.С.Малярэвіч і М.М.Цапенка склалі карту чацвярцічных адкладаў усіх абласцей Беларусі маштабу 1: 1 500 000 (перапрацавана і дапоўнена М.М.Цапенка ў 1941). Выдаваліся таксама гіпсаметрычныя карты: вучэбная фіз. карта БССР маштабу 1: 500 000 (1928), Еўрап. часткі СССР маштабу 1: 1 500 000 (1939) і інш. Вяліся работы па тэматычным картаграфаванні. На аснове гідралагічных і метэаралагічных даследаванняў складзены гідралагічныя карты. А.І.Кайгарадаў склаў «Кліматычны атлас Беларусі» (1927). Даследаванні расліннасці тэр.БССР адлюстраваны на Геабатанічнай карце Еўрап. часткі СССР маштабу 1: 1 050 000 (1927—32). У 1933 складзена фізічная карта БССР маштабу 1: 600 000, якая не раз перавыдавалася. Вялікі ўплыў на развіццё тэматычнага картаграфавання зрабіла адкрыццё Навабеліцкай картаграфічнай фабрыкі (1934), якая ў 1936 пераведзена ў Мінск.
У выніку комплексных геалагічных і гідралагічных здымак у пасляваенны час складзены сярэднемаштабныя карты: геолага-літалагічныя, гідрагеалагічныя, геамарфалагічныя, карысных выкапняў, чацвярцічных адкладаў. У 1948 выдадзена глебавая карта маштабу 1: 2 000 000 і на яе аснове — карта маштабу 1: 1 200 000. У 1957 М.М.Цапенка склала карту чацвярцічных адкладаў Беларусі маштабу 1:1 000 000, В.А.Дзяменцьеў — геамарфалагічную карту маштабу 1: 2 500 000. У гэты перыяд вяліся глебавыя даследаванні гаспадарак Беларусі, адначасова складаліся буйнамаштабныя глебавыя карты і аграхім. картаграмы калгасаў і саўгасаў, на іх аснове — глебавыя карты асобных абласцей. Былі выдадзены эканам. карты прам-сці і сельскай гаспадаркі. У 1958 выдадзены комплексны «Атлас БССР», у якім адлюстравана прырода, эканоміка, адукацыя, навука, культура, ахова здароўя, гал.гіст. падзеі, серыя карт прысвечана комплекснай характарыстыцы абласцей. У 1963 Ін-т мовазнаўства АН Беларусі выдаў «Дыялектычны атлас беларускай мовы», у 1969 — атлас «Лінгвістычная геаграфія і групоўка беларускіх гаворак». У 1970-я г. выдаваліся карты для сярэдняй школы, шырокага кола чытачоў, у т. л. «Атлас аўтамабільных дарог Беларускай ССР» (першы выпуск у 1971), турысцкія карты Беларусі (1973, 1974 і інш.), «Ахоўныя аб’екты прыроды Беларускай ССР» (1973, 1975). У 1970—80 выйшла серыя карт прыроды Беларусі ў сярэдніх маштабах: у 1974 пад рэд. Р.Г.Гарэцкага выдадзена тэктанічная карта маштабу 1: 500 000, у 1979 пад рэд. Т.Н.Кулакоўскай і П.П.Рагавога — глебавая карта маштабу 1: 600 000, у 1979 пад рэд. І.Д.Юркевіча — карта расліннасці маштабу 1: 1 000 000, у 1983 — геалагічныя карты маштабу 1: 500 000 дачацвярцічных адкладаў пад рэд. А.С.Махнача і чацвярцічных адкладаў пад рэд. Г.І.Гарэцкага, у 1984 — ландшафтная карта маштабу 1: 600 000 пад рэд. Г.І.Марцінкевіч, у 1990 — геамарфалагічная карта маштабу 1: 500 000 пад рэд. Б.М.Гурскага. У 1960—70 у традыцыйную картаграфію Беларусі пры падрыхтоўцы карт да выдання пачало ўкараняцца чарчэнне і гравіраванне на пластыках, з пачатку 1980-х г. выкарыстоўваюцца новыя камп’ютэрныя тэхналогіі (нетрадыцыйная картаграфія) — карты, сумешчаныя з касм. адлюстраваннем мясцовасці.
Пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС падрыхтаваны і выдадзены карты радыяцыйнага забруджання тэр. Беларусі маштабу 1:1 000 000 і 1: 500 000 (1993, 1995) і маштабу 1:100 000 для асобных раёнаў (Валожынскі, Рагачоўскі і інш.). У 1996 выдадзены атлас Беларусі пад рэд. С.А.Польскага, у якім адлюстравана развіццё бел. этнасу, з часу перапісу насельніцтва 1897 і да 1995; у 1990 — «Атлас Рэспублікі Беларусь» (2-е выд. 1998) пад рэд. Р.А.Жмойдзяка (навуч. дапаможнік па геаграфіі для агульнаадукацыйнай школы). У 2002 выдадзены «Нацыянальны атлас Беларусі», які адлюстроўвае сукупнасць сучасных ведаў аб тэрыторыі, прыродзе, экалогіі, эканоміцы, адукацыі, навуцы, культуры, ахове здароўя, знешніх адносінах, гісторыі Беларусі. Рэспубліканскае прадпрыемства «Белкартаграфія», выд-вы «Трывіум», «Еўраферлаг», «Квадрограф» выдаюць разнастайную картаграфічную прадукцыю: навуч. карты і атласы, атласы аўтамаб. дарог, турысцка-экскурсійныя, даведачныя карты і планы абласцей, раёнаў, гарадоў Беларусі і інш.
Літ.:
Жмойдяк Р.А., Явид П.П. Развитие тематического картографирования в Беларуси // Вестн. БГУ. Сер. 2. 2002. № 1;
Атоян Л.В. Беларусь на картах разных эпох // Земля Беларуси. 2003. №1;
Развитие комплексного картографирования в Беларуси // География в XXI в.: проблемы и перспективы. Мн., 2004.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КОЛАСАЗНА́ЎСТВА,
адна з галін бел.літ. навукі, якая займаецца вывучэннем жыцця і творчасці Я.Коласа. У сваім развіцці К. прайшло некалькі этапаў, кожны з якіх вызначаецца пэўнымі асаблівасцямі, што выяўляюць ступень разумення і асэнсавання ролі і месца пісьменніка ў нац. л-ры. Першы крытычны водгук на літ. дэбют Я.Коласа — верш «Наш родны край» (газ. «Наша доля», 1.9.1906) быў змешчаны ў мінскай газ. «Голос провинции» (5.9.1906), аўтар якога Д.Бохан адзначаў, што твор «вызначаецца выдатным гучаннем і прыгажосцю». Арыгінальнасць таленту маладога пісьменніка падкрэсліваў Н.Чарноцкі («Минский курьер», 1908). Глыбінёй і трапнасцю вызначаліся ацэнкі-выказванні пра яго творчасць рус., укр. і бел. вучоных, грамадскіх і культ. дзеячаў: А.Пагодзіна, С.Русава, І.Свянціцкага, М.Янчука. Крытычныя заўвагі адносна пэўнай тэматычнай аднастайнасці зб-ка паэзіі Я.Коласа «Песні-жальбы» выказаны ў арт. М.Багдановіча «Глыбы і слаі. Агляд беларускай краснай пісьменнасці, 1910 г.» (1911). Гэта часткова тлумачылася тым, што зборнік быў падрыхтаваны без удзелу аўтара, які ў той час знаходзіўся ў турме, а многія вершы вострай паліт. накіраванасці не трапілі ў зборнік па цэнзурных меркаваннях. Пазней у арт. «За тры гады. Агляд беларускай краснай пісьменнасці, 1911—1913 гг.» (1913) Багдановіч даў больш разгорнутую характарыстыку паэзіі Я.Коласа, падкрэсліваў яе маст. вартасць, актуальнасць тэматыкі, сувязь з лёсам народа. Метадалагічнае значэнне для К. мелі выказванні М.Горкага пра Я.Купалу, Я.Коласа ў лістах да М.Кацюбінскага і А.Чарамнова ў 1910. Сістэматычнае вывучэнне творчасці Я.Коласа пачалося ў 1920-я г. У сувязі са святкаваннем 20-годдзя яго літ. дзейнасці і прысваеннем яму звання нар. паэта Беларусі (1926) з’явілася багата крытычных і літ.-знаўчых артыкулаў. Артыкул І.Замоціна «Пуціны беларускай літаратуры: (Якуб Колас «Новая зямля»)» («Полымя», 1924) і сёння адзін з лепшых сярод даследаванняў творчасці паэта. У ім паэма «Новая зямля» ацэньвалася як твор рэалістычны, глыбока народны, які прадвызначыў магістральны кірунак усяго бел. мастацтва. Грунтоўнасцю вызначаюцца назіранні даследчыка і над жанравай формай паэмы як эпічнага твора. Вядучым прадстаўніком рэаліст. кірунку, класікам бел. л-ры, адным з заснавальнікаў нац.маст. прозы назваў Я.Коласа М.Гарэцкі («Гісторыя беларускае літаратуры», 1920). У гэты час мелі месца і беспадстаўныя выпады супраць Я.Коласа, творы якога проціпастаўляліся творчасці маладых паэтаў. Найб. нігілістычныя адносіны да яго выявіліся ў арт. Н.Чарнушэвіча «Алесь Гурло як паэт і грамадзянін» («Маладняк», 1925). У канцы 1920—30-х г. нігілістычныя ацэнкі паглыбіліся. Вульгарна-сацыялагічныя крытыкі (Л.Бэндэ, А.Кучар і інш.) выказвалі ў адрас паэта нямала грубых паліт. абвінавачванняў. Вульгарызатарская крытыка беспадстаўнымі нападкамі дэзарыентавала пісьменніка, навязвала яму тэмы, далёкія ад яго творчых схільнасцей. Новую старонку ў К., асабліва ў ацэнцы паэм «Новая зямля» і «Сымон-музыка», зганьбаваных вульгарызатарамі, адкрываў рэдакцыйны арт. «Народны паэт БССР» (газ. «Літаратура і мастацтва», 5.2.1939), у якім творчасць пісьменніка разглядалася аб’ектыўна, падкрэслівалася эпічная прырода твораў, паўната і ўсебаковасць адлюстравання рэчаіснасці. Перагляд вульгарызатарскіх схем і пазіцый пачаўся ў 2-й пал. 1940-х г. (артыкулы У.Агіевіча, Ю.Пшыркова, В.Барысенкі, П.Глебкі, К.Крапівы, М.Лынькова, Н.Перкіна, Я.Усікава, В.Таўлая і інш.). Бел. К., асновы якога былі закладзены ў працах Багдановіча, Гарэцкага, Замоціна, складалася менавіта ў пасляваенны час. У 1950-я г. з’явіліся новыя кнігі, скіраваныя на абвяржэнне вульгарна-дагматычных ацэнак і выкрыццё беспадстаўных паліт. абвінавачванняў пісьменніка: «Якуб Колас. Жыццё і творчасць» (1951) і «Трылогія Якуба Коласа «На ростанях» (1956) Пшыркова, «Вобраз станоўчага героя ў творчасці Якуба Коласа» М.Барсток (1951), «Якуб Колас. Крытыка-біяграфічны нарыс» Я.Мазалькова (1952), «Творчасць Якуба Коласа» Л.Фіглоўскай (1959). Высокім грамадзянскім і сац. пафасам вызначаліся лепшыя працы таго часу, хоць у многіх з іх адсутнічаў эстэт. аналіз, спрошчана разглядаліся мова і стыль твораў. У 1961—64 выдадзена першае навукова-каменціраванае выданне спадчыны пісьменніка — Збор твораў у 12 тамах, што прыкметна актывізавала К. У 1960-я г. выйшлі даследаванні А.Адамовіча «Беларускі раман: Станаўленне жанра» (1961), дзе шматгранна раскрыта ідэйна-маст. і эстэт. значнасць паэмы «Новая зямля» і трылогіі «На ростанях»; А.Лойкі «Новая зямля» Якуба Коласа» (1961); М.Лужаніна «Колас расказвае пра сябе» (1964); М.Мушынскага «Ад задумы да здзяйснення: Творчая гісторыя «Новай зямлі» і «Сымона-музыкі» (1965); І.Навуменкі «Якуб Колас. Духоўны воблік героя» (1968) і інш. Даследаванню творчасці Я.Коласа адведзена значнае месца ў «Гісторыі беларускай савецкай літаратуры» (т. 1—2, 1965—66), «Гісторыі беларускай дакастрычніцкай літаратуры» (т. 1—2, 1968—69), у абагульняльных працах і манаграфіях Пшыркова, Перкіна, В.Івашына, С.Александровіча, В.Каваленкі, М.Грынчыка, Ф.Куляшова, Лойкі, М.Лазарука, Э.Гурэвіч, А.Семяновіча, В.Бечыка, К.Хромчанкі, М.Яроша, У.Казберука, Мазалькова, С.Пятровіча, В.Жураўлёва, В.Аграшкевіча, Я.Клімуця і інш., якія вызначалі месца Я.Коласа ў бел. прозе, паэзіі, драматургіі, у л-ры для дзяцей і юнацтва і інш. З’явіліся працы, прысвечаныя эстэт. поглядам Я.Коласа (А.Майхровіч), яго этнагр. спадчыне (Э.Сабаленка), мове (А.Каўрус), перакладчыцкай (В.Рагойша) і пед. (У.Радзіёнаў) дзейнасці. Асобныя праблемы творчасці Я.Коласа асветлены ў літ.-крытычных артыкулах і ўспамінах С.Андраюка, П.Ахрыменкі, В.Барысенкі. П.Броўкі, Я.Брыля, В.Бурносава, Б.Бур’яна, П.Глебкі, Я.Казекі, В.Казловай, У.Калесніка, У.Карпава, К.Крапівы, А.Куляшова, М.Ларчанкі, П.Панчанкі, М.Стральцова, І.Шамякіна, Р.Шкрабы і інш. У 1972—78 выдадзены Збор твораў Я.Коласа ў 14 тамах, дзе апрача маст. твораў, што адсутнічалі ў 12-томным выданні, змешчана значна больш лістоў, літ.-крытычных артыкулаў, удакладнены тэкст і датаванне многіх твораў, больш поўна пададзены варыянты і розначытанні, пашыраны каментарыі. Вопыт падрыхтоўкі і выданнямаст. спадчыны Я.Коласа стаў прадметам тэарэт. абагульнення ў зб. «Пытанні тэксталогіі беларускай літаратуры» (1980). Далейшаму развіццю К. садзейнічалі даследаванні, што з’явіліся ў сувязі са 100-годдзем з дня нараджэння паэта. У кн. Пшыркова «Летапісец свайго народа» (1982) гал. ўвага скіравана на этапныя творы, канкрэтны разгляд у ёй спалучаецца з пастаноўкай гісторыка-тэарэт. праблем. Эвалюцыя светапогляду Я.Коласа даследавалася ў кн. Майхровіча «Янка Купала і Якуб Колас: Пытанні светапогляду» і зб. «З жыццяпісу Якуба Коласа» (абодва 1982), што значна ўзбагаціла ранейшыя ўяўленні пра пісьменніка. Пытанням творчых сувязяў Я.Коласа з рус. паэтамі прысвечана праца Я.Клімуця «Жыццёвасць традыцый» (1985). Разнастайныя формы плённага творчага ўзаемадзеяння Я.Коласа з рус. л-рай разглядаюцца ў «Нарысах па гісторыі беларуска-рускіх літаратурных сувязяў» (кн. 1—4, 1993—95). У 1990-я г. з’явіліся даследаванні пра станаўленне таленту Коласа-эпіка (кн. І.Чыгрына «Рэальнае і магчымае»), пра яго ролю ва ўзбагачэнні жанрава-стылявых магчымасцей бел. прозы (манаграфія Жураўлёва «Я.Колас і паэтыка беларускага рамана», абедзве 1991). Дзейнасць Я.Коласа ў гады эвакуацыі і яго літ.-творчае акружэнне асвятляюцца ў кн. М.Жыгоцкага «У цяжкі час вайны суровай» (1995) і «Побач з Коласам» (1996). Актывізуецца вывучэнне ролі Я.Коласа ў развіцці бел.літ. мовы («Анамастычны слоўнік твораў Якуба Коласа», 1990; «Фразеалагічны слоўнік мовы твораў Я.Коласа», 1993). Маленству, юнацтву, творчай дзейнасці Я.Коласа прысвечаны дакумент.-маст. аповесці С.Александровіча «Ад роднае зямлі» (1962), «На шырокі прастор» (1972), «Крыжавыя дарогі» (1982), «Сейбіт песні і мудрасці» (1985). Дзейнасць па ўшанаванні памяці пісьменніка, прапагандзе яго творчай спадчыны, падрыхтоўцы бібліягр. дапаможнікаў, зборнікаў успамінаў, фотадакументальных альбомаў вядзе Коласа Якуба літаратурна-мемарыяльны музей. Супрацоўнікі музея — ініцыятары і арганізатары правядзення (з 1985) шматгадовых навуковых чытанняў, прысвечаных пісьменніку, паводле матэрыялаў якіх выдаецца зб. «Каласавіны» (з 1986), які сведчыць пра спробу вучоных перагледзець многія ацэнкі асобных твораў Я.Коласа («Новая зямля», «Сымон-музыка», «Адшчапенец»), у больш шырокім плане асвятляе яго ролю ў нац.-культурным адраджэнні, развіцці нац. л-ры, мастацтва, навукі, адукацыі, літ. крытыкі, публіцыстыкі, узнімае новыя аспекты вывучэння спадчыны і грамадска-паліт. дзейнасці. Намаганнямі навукоўцаў, архівістаў у шырокі ўжытак уведзены новыя гіст.літ., біягр. матэрыялы. У Ін-це л-ры імя Я.Купалы Нац.АН Беларусі распачата падрыхтоўка першага поўнага збору твораў Я.Коласа ў 18-ці тамах. Найбольш поўная бібліяграфія ў біябібліягрф. слоўніку «Беларускія пісьменнікі» (т. 3, 1994).
Літ.:
Мушынскі М. Якуб Колас: Летапіс жыцця і творчасці. Мн., 1982;
Яго ж. Якуб Колас у літаратурнай крытыцы // Полымя. 1972. № 11;
Яго ж. Беларускае коласазнаўства // Там жа. 1982. № 11;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СПЕЦЫЯЛЬНЫЯ ГІСТАРЫЧНЫЯ ДЫСЦЫПЛІНЫ
Крыніцазнаўства. Першую спробу характарыстыкі крыніц па гісторыі Беларусі зрабіў Дз.І.Даўгяла (у 1920-я г.). У 1965 кароткі агляд крыніц па гісторыі Беларусі апублікаваў А.П.Ігнаценка. Асобныя групы крыніц феад. перыяду аналізавалі А.І.Груша, А.П.Грыцкевіч, П.Р.Казлоўскі, З.Ю.Капыскі, Я.М.Карпачоў, В.Ф.Касовіч, А.М.Люты, В.І.Мялешка, М.М.Улашчык, В.У.Чапко, М.Ф.Шумейка і інш.; крыніцы 20 ст. — С.У.Жумар, У.М.Міхнюк, Р.П.Платонаў, С.З.Пачанін, В.Дз.Селяменеў, Шумейка і інш.; супрацоўнікі архіўных і інш.н.-д. устаноў у аглядах дакументаў, у даведніках пра дакументы дзярж. архіваў Беларусі. Тэарэтычныя пытанні крыніцазнаўства распрацоўвае В.П.Грыцкевіч.
Археаграфія. Камеральная археаграфія на Беларусі пачалася са складання вопісаў манастырскіх бібліятэк і архіваў. Яна ўдасканальвалася пры вопісах у 16—18 ст. дакументаў Метрыкі і Трыбунала ВКЛ, інш.дзярж., царк. і прыватных архіваў. Дакументы па гісторыі Беларусі ў 19 — пач. 20 ст. выдавалі Віленская і Кіеўская археаграфічныя камісіі, Віцебскі цэнтр. архіў стараж. актаў, І.І.Грыгаровіч, М.В.Доўнар-Запольскі і інш. Арганізаваная ў 1925 Археаграфічная камісія Інбелкульта падрыхтавала да выдання «Беларускі архіў» (т. 1—3, 1927—30), прысвечаны эпосе феадалізму. У 1920—30-х г. выдаваліся пераважна дакументы пра рэв. падзеі і грамадзянскую вайну. Выданні 1930 — пач. 1970-х г. у асноўным разлічаны на шырокае кола чытачоў, мелі прапагандысцкі характар («Дакументы і матэрыялы па гісторыі Беларусі», т. 1—4, 1936—54). Найб. значныя выданні дакументаў: «Вялікая Кастрычніцкая сацыялістычная рэвалюцыя на Беларусі» (т. 1—2, 1957), «Беларусь у эпоху феадалізму» (т. 1—4, 1959—79), «Барацьба працоўных Заходняй Беларусі за сацыяльнае і нацыянальнае вызваленне і ўз’яднанне з БССР» (т. 1—2, 1962—72), «Усенародны партызанскі рух на Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны» (т. 1—3, 1967—82), «Барацьба за Савецкую ўладу на Беларусі» (т. 1—2, 1968—71), «Беларусь у эпоху капіталізму» (т. 1—2, 1983—90), «Камуністычная партыя Беларусі ў рэзалюцыях і рашэннях з’ездаў і пленумаў ЦК» (т. 1—6, 1983—87), «Знешняя палітыка Беларусі» (т. 1—2, 1997—99), «Беларускія остарбайтэры: Угон насельніцтва Беларусі на прымусовыя работы ў Германію» (кн. 1—3, 1996—98). З 2000 у рамках міжнар. праекта ў Беларусі выдаюцца кнігі Метрыкі ВКЛ. У наш час работы па археаграфіі праводзяць Дзярж.к-т па архівах і справаводстве Рэспублікі Беларусь, Бел.НДІ дакументазнаўства і архіўнай справы і створаная пры ім у 1999 Археаграфічная камісія, архівы рэспублікі, ін-ты гісторыі і л-ры Нац.АН Беларусі, Ін-т гісторыі партыі пры ЦККПБ (да 1991), выд-ва «Беларуская Энцыклапедыя» і інш. З 2000 выходзіць «Беларускі археаграфічны штогоднік».
Дыпламатыка. Практычная дыпламатыка на Беларусі развівалася з 16 ст., што было выклікана неабходнасцю праверкі дакументаў на права валодання маёнткамі. У 19 ст. важнай мэтай дыпламатыкі была праверка дакументаў, што пацвярджалі прыналежнасць на дваранства. У 20 ст. дыпламатыка стала навук. дысцыплінай, якая вывучае гал.ч. дакументы феад. эпохі (А.І.Груша, А.І.Дзярновіч, В.С.Мянжынскі і інш.).
Палеаграфія. Пачынальнік бел.навук. палеаграфіі — Я.Ф.Карскі («Славянская кірылаўская палеаграфія», 1928, 2 выд. 1979). Помнікі пісьменнасці з палеаграфічнага боку вывучалі і вывучаюць А.К.Антановіч, А.М.Булыка, Н.Т.Вайтовіч, А.І.Груша, М.В.Нікалаеў, З.Л.Яцкевіч. Дапаможнік «Беларуская палеаграфія» (1996) выдала С.Я.Куль-Сяльверстава.
Эпіграфіка. Помнікі бел. эпіграфікі ў канцы 19 — пач. 20 ст. вывучалі А.П.Сапуноў, Е.Р.Раманаў і інш. З сярэдзіны 20 ст. актыўна даследуюцца надпісы на Барысавых камянях, дробных рэчах, знойдзеных пры археал. раскопках, графіці на сценах цэркваў (Л.В.Аляксееў, Л.У.Дучыц, П.Ф.Лысенка, А.А.Мельнікава, Б.А.Рыбакоў, С.В.Тарасаў, Г.В.Штыхаў і інш.).
Сфрагістыка. Зборы бел. пячатак у сярэдзіне 19 ст. мелі Віленскі музей старажытнасцей і Лагойскі музей К.П. і Я.П.Тышкевічаў, Мінскі царкоўна-археал. музей і Бел. музей у Вільні, заснаваныя ў пач. 20 ст.Бел. пячаткі даследавалі А.Вярыга-Дарэўскі, М.Гумоўскі, Т.Жаброўскі, Ф.Пекасінскі, У.Сямковіч, Ю.Ядкоўскі. Пячаткі з археал. раскопак вывучаюць М.Белямук, П.Ф.Лысенка, А.І.Трафімаў, Г.В.Штыхаў, В.Л.Янін і інш., пячаткі пры дакументах 14—20 ст. — Э.Рымша, Г.Л.Харашкевіч, А.К.Цітоў.
Геральдыка. Выявы гербаў ВКЛ у зах.-еўрап. гербоўніках вядомы з пач. 15 ст. У 17 ст. складзены «Гербоўнік рыцарства Вялікага княства Літоўскага» А.Каяловіча. У 18 ст. геральдыку ВКЛ вывучалі К.Нясецкі, Ю.А.Ябланоўскі і інш. У 19—20 ст. на навук. ўзровень вывучэнне бел. пячатак паставілі працы А.Малецкага, У.Сямковіча, Ф.Пекасінскага і інш. Выдадзены складзеныя ў канцы 18 ст. гербоўнікі віцебскай (1899) і аршанскай (1900) шляхты. У наш час геральдычныя даследаванні вядуць У.М.Вяроўкін-Шалюта, А.П.Грыцкевіч, С.У.Думін, С.Я.Рассадзін, А.К.Цітоў, А.І.Шаланда. і інш. З 2002 працэс стварэння новых гербаў каардынуе Геральдычны савет пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, які вядзе Дзярж. геральдычны рэгістр Рэспублікі Беларусь.
Генеалогія. Як спец.гіст. дысцыпліна генеалогія склалася ў 16—18 ст. (гербоўнікі Ш.Акольскага, А.Каяловіча, К.Нясецкага, Б.Папроцкага). На навук. узроўні генеалогію Гедзімінавічаў, значных княжацкіх і шляхецкіх родаў распрацоўвалі даследчыкі 19 — пач. 20 ст. А.Ю.Банецкі («Польскі гербоўнік», т. 1—13, 1899—1909), Ю.Вольф, С.Дзядулевіч, Т.Жыхлінскі («Залатая кніга польскай шляхты», т. 1—31), К.Стадніцкі, У.Сямковіч, М.Тышкевіч, С.Урускі і А.А.Касінскі («Сям’я: Гербоўнік польскай шляхты», т. 1—14, 1904—17) і інш. У іх працах шырока выкарыстаны матэрыялы, якія прадстаўнікі шляхецкіх родаў Беларусі збіралі для прадастаўлення ў органы дваранскага самакіравання і Герольдыю Рас. імперыі. У БССР генеалагічныя даследаванні амаль не праводзіліся. З канца 20 ст. пытанні генеалогіі родаў Беларусі распрацоўваюць супрацоўнікі Ін-та гісторыі Нац.АН Беларусі, Нац.гіст. архіва Беларусі, інш. архіваў, ВНУ, «Беларускай Энцыклапедыі» і інш. устаноў Рэспублікі Беларусь (У.М.Вяроўкін-Шалюта, Э.М.Загарульскі, Г.В.Кісялёў, В.Л.Насевіч, С.А.Рыбчонак, М.М.Ялінская, З.Л.Яцкевіч і інш.) і за мяжой (С.У.Думін, А.М.Нарбут, Я.Ціхановіч, А.А.Шумкоў і інш.). Выдадзены кн. «Малы гербоўнік наваградскай шляхты», (1997), «Гербоўнік беларускай шляхты», (т. 1, 2002). Генеалагічныя даследаванні публікуюцца ў часопісах «Герольд Litherland», «Годнасьць», «Спадчына». Пашырылася тэматыка бел. генеалогіі, распрацоўваюцца радаводы сялянскіх і мяшчанскіх родаў.
Нумізматыка. У 16—18 ст. значныя нумізматычныя калекцыі захоўваліся ў Нясвіжскім палацы Радзівілаў, у зборах інш. магнатаў, у 19 ст. — у калекцыі М.П.Румянцава ў Гомелі. Вял. нумізматычную калекцыю сабраў Я.П.Тышкевіч, які перадаў яе Віленскаму музею старажытнасцей. Улікам і зборам манетных знаходак займаліся губернскія статыстычныя камітэты і іх музеі. Да Вял.Айч. вайны нумізматычныя даследаванні на Беларусі праводзілі К.В.Харламповіч, М.М.Шчакаціхін і інш. У пасляваенны час працы па нумізматыцы выдалі Ш.І.Бекцінееў, І.Н.Колабава, Л.Д.Побаль, В.Н.Рабцэвіч, І.І.Сінчук і інш. У наш час найбольшыя манетныя калекцыі зберагаюцца ў Нац. музеі гісторыі і культуры Беларусі, абласных і раённых музеях, Нумізматычным кабінеце гіст. ф-та БДУ, музеі Нац. банка Рэспублікі Беларусь.
Метралогія гістарычная. У 18 ст. пытанні гіст. метралогіі бел. зямель разглядалі С.Богуш-Сестранцэвіч, Ф.Лойка, Т.Чацкі, у 19 — пач. 20 ст. М.І.Гарбачэўскі, М.В.Доўнар-Запольскі, І.Лялевель, Ф.Пекасінскі, У.І.Пічэта, А.Сапега, А.М.Семянтоўскі, А.Хадкевіч і інш. У пасляваенны час гіст. метралогію даследавалі і даследуюць гісторыкі Я.К.Анішчанка, А.П.Грыцкевіч, П.Р.Казлоўскі, З.Ю.Капыскі, Дз.Л.Пахілевіч, этнограф Л.А.Малчанава, мовавед К.У.Скурат і інш.
Храналогія гістарычная. Пачатак вывучэння каляндарных сістэм, што выкарыстоўваліся на тэр. Беларусі, паклалі ў 19 ст. М.І.Гарбачэўскі, А.І.Мілавідаў, М.Ф.Сумцоў і інш. Храналогію летапісання даследавалі М.Г.Беражкоў, М.С.Грушэўскі, Б.А.Рыбакоў і інш. Асобныя праблемы гіст. храналогіі Беларусі даследавалі Г.Я.Галенчанка, А.Гейштар, У.Сямковіч, Г.Л.Харашкевіч і інш.
Літ.:
Улащик Н.Н. Очерки по археографии и источниковедению истории Белоруссии феодального периода. М., 1973;
Люты А.М., Касовіч В.Ф. Гістарыяграфія і крыніцы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі ў другой палове XVIII — першай палове XIX ст.Мн., 1996;
Лютый А.М. Историография и источники по проблеме генезиса капитализма в России и ее национальных регионах. Мн., 1989;
Копысский З.Ю. Источниковедение аграрной истории Белоруссии. Мн., 1978;
Яго ж. Сборники документов по истории Белоруссии, изданные в БССР (1921—1971 гг.) // Археогр. ежегодник за 1974 г.М., 1975;
Вопросы археографии в БССР. Мн., 1980;
Беларускі навукова-даследчы інстытут дакументазнаўства і архіўнай справы. Мн., 2001, Цітоў А. Пячаткі старажытнай Беларусі: Нарысы сфрагістыкі. Мн., 1993;
Яго ж. Сфрагістыка і геральдыка Беларусі. Мн., 1999;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НОВАЯ ЛІТАРАТУРА
Бел. літаратура сярэдзіны 18—19 ст. — якасна новы этап у гісторыі бел. прыгожага пісьменства. Яе першыя прыкметы адлюстраваны ўжо ў «Прамове Мялешкі» і «Лісце да Абуховіча», у інтымнай лірыцы і грамадзянскай паэзіі, гіст.-мемуарнай прозе эпохі барока. Творы новай літаратуры мелі свецкі характар, і ідэі Асветніцтва займалі ў ёй пануючае становішча. У час інтэнсіўнага фарміравання новай бел. літаратуры шматмоўнасць маст. творчасці выяўлялася праз устойлівае выкарыстанне польскай мовы, адыход ад стараслав., старабел., лац. моў і зварот да народна-гутарковых пластоў бел. мовы. На шляху вяртання ў нацыянальна-моўнае ўлонне тагачасная літаратура прайшла праз польскамоўнае (Ф.Багамолец, А.Нарушэвіч, Ю.У.Нямцэвіч), рускамоўнае (Г.Каніскі) і лацінамоўнае (М.Карыцкі) выяўленне класіцызму, зведала сентыменталізм (Ф.Князьнін), асвоіла рамантызм (Т.Лада-Заблоцкі, А.Міцкевіч, А.Ходзька і інш.), заклала асновы рэалізму (А.Плуг, У.Сыракомля). Паралельна з гэтым узнікалі беларускамоўныя творы, якія ў 1-й пал. 19 ст. вызначаліся стылявым сінкрэтызмам, хоць адраджэнскія тэндэнцыі спрыялі рамант. светаўспрыманню і замацаванню пануючага становішча паэзіі. Калі ў даўняй літаратуры асн. месца належала прозе, то цяпер яно канчаткова перайшло да паэзіі і драматургіі. Распрацоўваліся жанры травесційнай («Энеіда навыварат», прыпісваецца В.Равінскаму) і парадыйнай («Тарас на Парнасе») паэмы, гутаркі, быліцы («Купала», «Халімон на каранацыі» В.Дуніна-Марцінкевіча), балады («Нячысцік» А.Рыпінскага), вершаванай драматург. сцэнкі («Яжовыя» Я.Чачота), лірычнага верша (П.Багрым, Ф.Багушэвіч, Я.Баршчэўскі, Я.Вуль, В.Каратынскі, Я.Лучына, У.Сыракомля і інш.); з празаічных жанраў — апавядання, заснаванага на быт. анекдоце (Ф.Багушэвіч, А.Плуг), мемуараў (А.Абуховіч). З’явіліся першыя спробы гіст. нарыса бел. літаратуры (прадмова Р.Падбярэскага да зб. Я.Баршчэўскага «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях»).
Складанасць і супярэчлівасць развіцця літаратуры Беларусі з 1740-х г. у значнай ступені абумоўлена імклівым чаргаваннем крызісных з’яў і паліт. падзей на тэр. Рэчы Паспалітай (шляхецкая анархія, дэцэнтралізацыя ўлады, каралеўскія рэформы, Барская і Таргавіцкая канфедэрацыі, падзелы Рэчы Паспалітай, Канстытуцыя 3 мая 1791, вызваленчае паўстанне пад кіраўніцтвам Т.Касцюшкі і інш.). Развівалася асветніцка-філас. думка (Б.Дабшэвіч, А.Доўгірд, М.Карповіч, К.Нарбут і інш.), распаўсюджваліся погляды Вальтэра і Ж.Ж.Русо, абнаўлялася адукац. сістэма, адбывалася судакрананне элітарнага і нар. мастацтваў, пашыралася кнігадрукаванне, выспяваў краёвы патрыятызм пры шматмоўным спосабе выяўлення думкі, шырокім бытаванні польскай мовы ў бел. грамадстве і захаванні бел. гаворак у асяроддзі сялян і шляхты. У культ. жыцці важнае месца займалі тэатр і музыка, а інтэрмедыі школьных тэатраў сталі важкім аргументам для захавання за бел. мовай статуса літаратурнай. Традыцыі школьнага тэатра, інтэрмедыі і нар. драматургіі набылі развіццё ў «Камедыі» выкладчыка Забельскага калегіума К.Марашэўскага (нап. 1787). У ёй выявілася пазітыўнае, гуманіст. стаўленне да мужыка, якое абуджала цікавасць да нар. жыцця і яго духоўнага напаўнення, выяўленага ў мове. Твор своеасабліва сінтэзаваў старыя традыцыі і новыя, асветніцкія тэндэнцыі: з аднаго боку, прасочваецца залежнасць ад барочнай драмы-маралітэ (біблейскі матыў, павучальны фінал); з другога — праўдзіва адлюстроўваюцца супярэчнасці прыгоннай вёскі, умовы жыцця бел. сялянства. Мацей Радзівіл стварыў лібрэта оперы «Агатка, або Прыезд Пана» (1784), якое выявіла бел. ментальнасць і абазначыла традыцыі нац. драматургіі, развітыя пазней у творах В.Дуніна-Марцінкевіча. Батлейкавы тэатр у 18 ст. зазнаў прынцыповыя змены: яго рэпертуар стаў больш свецкім, набыў рысы дэмакратычнасці; рэліг. па змесце застаўся толькі пралог. Наладжваліся паказы драмы «Цар Ірад», нар. камедыі «Мацей і доктар-шарлатан» і інш. Лепшыя традыцыі батлейкавага тэатра працягваліся і ў 19 ст. («Цыган і цыганка», «Антон з казой і Антоніха»).
У рознастылёвай шматмоўнай літаратуры Беларусі сцвярджаўся класіцызм (Ф.Багамолец, К.Марашэўскі, М.Цяцерскі і інш.) і сентыменталізм (Ф.Князьнін), працягваліся традыцыі барока (Ю.Бака, К.Беніслаўская) і перадрамантычныя тэндэнцыі (А.Нарушэвіч); узнікалі вершаваныя ўзоры, арыентаваныя на жывую нар. гаворку (І.Храптовіч) і стылізаваныя пад творы стараж.бел. паэзіі (вітанні каралю Станіславу Аўгусту Панятоўскаму), з’явіліся рускамоўныя творы прыезджых аўтараў (І.Сакольскі), распаўсюджвалася ананімная і агітацыйна-паўстанцкая літаратура і г.д.Бел. паэзія 2-й пал. 18 ст. адметная пашырэннем бурлескна-сатыр. твораў, якія дасціпна парадзіравалі біблейскія сюжэты («Того дня вельмі слаўного», «Уваскрэсенне Хрыстова і сашэсце яго ў пекла»).
Далучэнне Беларусі да Рас. імперыі ў выніку падзелаў Рэчы Паспалітай у канцы 18 ст. выклікала лёсавызначальнае ўскладненне грамадска-культ. жыцця і духоўных пошукаў беларусаў: у шляхецкім асяроддзі пачало нарастаць імкненне да аднаўлення Рэчы Паспалітай і ВКЛ. Нац.-вызваленчы рух, паўстанні 1830—31 і 1863—64 фарміравалі лакальна-гіст. і мясц. патрыятызм, а разам з гэтым падводзілі да беларускамоўнага адраджэння літаратуры, якое адбывалася ва ўмовах паланізацыі і русіфікацыі грамадства. Да 1820-х г.літ. жыццё Беларусі працягвала развівацца ў рэчышчы Асветніцтва. Аўтары па-ранейшаму прытрымліваліся яго гал. кірунку — класіцызму. У жанры травесціі (бурлеска) напісана парадыйна-сатыр. паэма «Энеіда навыварат» (каля 1820-х г.), што ўзнікла як дэмакр. рэакцыя на класіцызм. Твор напоўнены рэаліямі бел. жыцця часоў прыгонніцтва. Аўтар дэманструе дасканалае веданне бел. фальклору, вял. выяўленчыя магчымасці бел. мовы. У ананімнай паэме «Тарас на Парнасе» (сярэдзіна 19 ст.) упершыню ў бел. літаратуры апавяданне вядзецца ад імя простага селяніна. Твор адстойваў сапраўдную народнасць літаратуры, сцвярджаў неўміручасць народа, яго таленавітасць і жыццялюбства. Абедзве паэмы прасякнуты нар. гумарам, напісаны жывой гутарковай мовай; яны істотна паўплывалі на літ. працэс, узмацнілі яго дэмакр. плынь.
Паліт. падзеі адцягвалі грамадскую ўвагу ад літ. праблем, аднак касмапалітычная эстэтыка класіцызму супярэчыла тэндэнцыям пісьменніцкага самавыяўлення, спасціжэння нар. жыцця і маст. адлюстравання з’яў, не асвоеных літаратурай. Расла цікавасць да мясц. гісторыі і вуснай паэзіі, да славянскай даўніны. На старонках віленскіх часопісаў [«Dziennik Wileński» («Віленскі дзённік»), 1817, №34; 1818, т. 1, №5] пачалі друкавацца фалькларыстычныя працы М.Чарноўскай, К.Ляха-Шырмы і інш. Даследчыкі ставілі асветніцкія задачы ў справе назапашвання і вывучэння вусна-паэт. спадчыны. Праца З.Даленгі-Хадакоўскага «Пра славяншчыну да хрысціянства» (1818) змяніла асветніцкае стаўленне да фалькл. творчасці. Перагляд застылых эстэт. нормаў класіцызму, што не дапускалі ўзаемадзеяння літаратуры і вуснай паэзіі, асабліва ў «высокіх» жанрах, быў здзейснены ў краі філаматамі, членамі нелегальнага студэнцкага згуртавання, і найбольш таленавіта — у паэзіі А.Міцкевіча, першая кніга якога «Балады і рамансы» (1822) распачынала новы рамант. кірунак у польскамоўнай літаратуры былога ВКЛ і ва ўсёй польскай літаратуры. Бел.нар. паэзія ўвайшла ў творчасць А.Міцкевіча арганічна і натуральна. Рамант. асваенне беларускамоўнай вуснапаэт. творчасці адкрыла перад пісьменнікам магчымасці разнастайнага літаратурна-фалькл. ўзаемадзеяння, што найперш выявілася ў баладах «Свіцязь», «Свіцязянка», «Рыбка» (усе 1822). З’яўленне А.Міцкевіча ў друку з паэзіяй рамант. складу паўплывала на рост пісьменніцкай цікавасці да вусна-паэт. набытку беларусаў, выклікала да жыцця значную колькасць твораў, заснаваных на бел.фалькл. матэрыяле найперш у філамацкім асяроддзі (Т.Зан, А.Петрашкевіч, А.Ходзька, Я.Чачот), а пасля ў інш. паэтаў (А.Грот-Спасоўскі, Т.Лада-Заблоцкі і інш.). Гэта прадвызначыла збліжэнне «кніжнай» і нар. творчасці, а таксама характар узаемадзеяння літаратуры і фальклору ў наступныя дзесяцігоддзі. У 1840—50-я г. судакрананне польскамоўнай пісьмовай і беларускамоўнай вуснай сфер маст. свядомасці спрыяла з’яўленню самабытных твораў, істотна ўплывала на дэмакратызацыю літаратуры. Бел. літаратары пільней прыглядаліся да сялянства. Сустрэчны рух літаратуры і фальклору забяспечваўся і паскараўся фалькларыстыкай, развіццё якой на Беларусі перапляталася з творчасцю пісьменнікаў. Адной з цэнтр. постацей літ.-грамадскага руху быў Я.Чачот. Ён сабраў больш за 1000 бел.нар. песень і выдаў іх у перакладзе на польскую мову пад назвай «Сялянскія песні» (кн. 1—6, 1837—46), зарыентаваўшы выданне на чытача, выхаванага на кніжнай культуры. У вершаваных творах Я.Чачота, стылізаваных пад бел. фальклор, назіраецца імкненне зрабіць вусна-паэт. творчасць беларусаў здабыткам спачатку польскамоўнага, а затым і беларускамоўнага чытача. А.Рыпінскі выдаў у Парыжы кнігу фалькл.-этнагр. матэрыялаў «Беларусь» (1840) і прысвяціў яе «першаму з беларускіх мужыкоў, які спачатку навучыцца чытаць, а потым гаварыць і думаць па-польску», імкнучыся падключыць самабытную творчасць землякоў да сферы жыўлення польскага рамантызму народнасцю. Упершыню ў гісторыі беларусістыкі даследчык сістэматызаваў вусную творчасць бел. народа па жанрах і тэматыцы.
Калі раней актуальным было збліжэнне з вуснай нар. традыцыяй, то ў 2-й пал. 19 ст. важным стала размежаванне з ёю. Пачалі складвацца маст. індывідуальнасці. На стыку літ. і вуснапаэт. традыцый напісана беларускамоўная рамант. балада «Нячысцік» А.Рыпінскага (Лондан, 1853). Твор, стаўшы з’явай бел.-польскага літ.-фалькл. ўзаемадзеяння, даў пачатак бел. баладзе і завяршыў бытаванне жанру рамант. балады. Баладная традыцыя ў маст. асэнсаванні бел.фалькл. матэрыялу праявілася ў творчасці Я.Баршчэўскага (вершы «Рабункі мужыкоў», «Дзеванька», «Гарэліца»). Яго зб. «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях» (1844—46), у якім шмат беларускамоўных уставак, адыграў важную ролю ў раскрыцці розных бакоў жыцця бел. народа, гістарычна абумоўленых асаблівасцей яго светаўспрымання і маральна-псіхал. складу. Твор раскрыў шырокаму колу чытачоў багатую скарбніцу нар. фантастыкі. Творчасць В.Дуніна-Марцінкевіча, пісьменніка беларускамоўнай арыентацыі, адметная заглыбленасцю ў этнакультурную стыхію бел. народа. У.Сыракомля ў варшаўскай перыёдыцы падтрымаў яго бел. творчасць: у рэцэнзіях на п’есы «Гапон», «Вечарніцы», «Купала» ў сувязі з адраджэннем нац. літаратуры ён звярнуўся да прыкладаў з гісторыі і падкрэсліў, што бел. мова не заўсёды была пазбаўлена тых правоў, у якіх ёй адмаўлялі ў сярэдзіне 19 ст., і што хавальнікі яе — толькі сялянства і дробная шляхта. Палемізуючы з варшаўскім грамадскім дзеячам Ф.Скібіцкім адносна выдання твораў В.Дуніна-Марцінкевіча «на простанароднай гаворцы», У.Сыракомля развейваў скептыцызм у дачыненні да бел. мовы. Сам У.Сыракомля далучыўся да бел. літаратуры вершамі «Добрыя весці», «Ужо птушкі пяюць усюды» і ментальна-бел. напоўненасцю сваіх польскамоўных твораў; ён падтрымліваў таксама беларускамоўную творчасць В.Каратынскага, які ў паэме «Таміла» (1858) у масіве польскай мовы па-мастацку асвоіў бел. матэрыял, што стварала прэцэдэнт сумяшчальнага суаднясення дзвюх традыцый і ментальнасцей. Праблема ўсебаковага літ. выкарыстання бел. мовы ў сярэдзіне 19 ст. паўстала з асаблівай вастрынёй, калі ў перыёдыцы з’явіліся палемічна-публіцыстычныя матэрыялы, у якіх завастралася ўвага на магчымасці стварэння на нац. мове паўнавартасных маст. твораў. Гэтую праблему ўзнімалі тыя пісьменнікі, у творчасці якіх даволі шырока замацавалася двухмоўнасць. У 1-й пал. 19 ст. пісьменнікі карысталіся пераважна польскай і бел. мовамі, часам рус. (П.Шпілеўскі, В.Равінскі і інш.). У 18 ст. эстэтыка класіцызму дапускала выкарыстанне побач з іншымі жывой бел. мовы, але толькі ў «нізкіх» жанрах (інтэрмедыя, камедыя, пародыя). Білінгвальныя творы, а таксама ананімныя вершы і песні, напісаныя па-беларуску, сведчылі аб адыходзе бел. пісьменства ад старабел. кніжнай мовы і яго звароце да народна-гутарковых пластоў. Полілінгвальная літаратура Беларусі пакінула рэдкія (пераважна рукапісныя) прыклады выкарыстання бел. мовы ў высокіх маст. жанрах (верш-віншаванне «Всем многі век в новой хаці...» І.Храптовіча, верш «Шчоб ліха не знало дом Радзівілаў...» Станіслава Аўгуста Панятоўскага на прыезд у Дубай пад Пінскам караля Рэчы Паспалітай).
Да сярэдзіны 19 ст. ў бел. літаратуры выявілася апрабаваная раней білінгвальнасць у межах аднаго твора. Беларуска-польскімі ў моўных адносінах з’яўляюцца «Камедыя» К.Марашэўскага (1787), інтэрмедыі да школьных драм. макаранічныя вершы, змешчаныя ў кнізе А.Рыпінскага «Беларусь» («Плач пакінутага каханай», «За пекнай паненкай аж душа сумуе»), лібрэта камедыйнай оперы В.Дуніна-Марцінкевіча «Сялянка» («Ідылія», 1846) і вершаваная сатыр. мініяцюра І.Легатовіча «Скажы, вяльможны пане» (1838), якая несла ў сабе адраджэнскі патэнцыял беларускамоўнасці. Пачатак 1850-х г. адметны супярэчнасцямі паміж тэндэнцыяй да станаўлення новай нац. літаратуры як самаст. і адсутнасцю бел. друкаванай трыбуны. Верш П.Багрыма «Зайграй, зайграй, хлопча малы» быў змешчаны ў мемуарнай кнізе І.Яцкоўскага «Аповесць з майго часу, або Літоўскія прыгоды» (Лондан, 1854; Познань, 1859), а ўрывак з камедыйнага лібрэта А.Вярыгі-Дарэўскага «Грэх чацвёрты — гнеў» — на старонках варшаўскага часопіса «Ruch Muzyczny» («Музычны рух», 1859). В.Дунін-Марцінкевіч змяшчаў вершаваныя аповесці на бел. мове толькі ва ўласных двухмоўных кнігах — «Гапон», «Вечарніцы і Апантаны» (абедзве 1855), «Цікавішся? — Прачытай!» (1856), «Дудар беларускі, або Усяго патроху» (1857). Ён паэтызаваў духоўную прыгажосць і высакароднасць сялян, гіст. мінулае свайго краю, адначасова імкнуўся да праўдзівага адлюстравання рэчаіснасці, раскрыцця індывід. асаблівасцей характару чалавека ў адпаведнасці з сац. асяроддзем («Халімон на каранацыі»). Паводле ўзору кніг В.Дуніна-Марцінкевіча В.Каратынскі намерваўся скласці з вершаў на польскай і бел. мовах свой першы паэт. зборнік «Чым хата багата, тым рада» (выд. 1857), аднак У.Сыракомля, які адчуваў лёсавую патрэбу выхаду бел. друкаванага слова на самаст. шлях, схіліў яго адкласці бел. вершы дзеля выдання супольнай кнігі. Задума не здзейснілася па аб’ектыўных прычынах. Не дайшоў да чытачоў сярэдзіны 19 ст. і пераклад В.Дуніна-Марцінкевіча на бел. мову дзвюх песень паэмы А.Міцкевіча «Пан Тадэвуш». Шырока распаўсюджваліся толькі нелегальна выдадзеныя вершаваныя гутаркі («Гутарка старога дзеда», 4 выпускі «Гутаркі двух суседаў»), узнікненне якіх было абумоўлена выспяваннем новых грамадскіх з’яў і агітацыйнымі мэтамі напярэдадні паўстання 1863—64. Найб. распаўсюджаным агітацыйным антыцарскім выданнем на Беларусі перад паўстаннем была газета «Мужыцкая праўда» (№1—7, 1862—63). Публіцыстыка К.Каліноўскага на старонках гэтай газеты і яго эмацыянальны паліт. запавет «Лісты з-пад шыбеніцы» разам з прадчуваннем аптымістычнай перспектывы прынеслі ў нац. літаратуру жанравае і стылёвае ўзбагачэнне. Дзейнасць К.Каліноўскага паўплывала на тое, каб творы на бел. мове адрасаваліся ўжо не толькі мужыку, як у В.Дуніна-Марцінкевіча, а ўсяму народу (хоць і праз вобраз мужыка), як у Ф.Багушэвіча. Паўстанне 1863—64 стала мяжою, якая падзяліла літ. працэс на два перыяды: у першым беларускамоўныя творы цесна суіснавалі з іншамоўнымі (найперш з польскамоўнымі), у другім адбылася дыферэнцыяцыя ўласна бел. літаратуры і яе самаўсведамленне.
Пасля падаўлення паўстання ўлады практычна забаранілі бел. друкаванае слова, што істотна прыпыніла літ. працэс. Арыгінальныя бел.маст. творы друкаваліся пераважна за мяжой, акрамя зб. Я.Лучыны «Вязанка», які выйшаў у 1903 у Пецярбургу, паэмы «Тарас на Парнасе» (Віцебск, 1896, 1898, 1904; Гродна, 1896, 1899; Магілёў, 1900, 1902), паасобных твораў А.Ельскага, М.Косіч. Разам з гэтым развівалася грамадска-паліт. думка, якая сведчыла пра якасна новы ўзровень самаўсведамлення беларусаў: «Да беларускай моладзі» (1881), «Пісьмы пра Беларусь» Д.Баравіка (1882), «Пасланне да землякоў-беларусаў» Шчырага Беларуса (1884), два нумары гектаграфічнага часопіса «Гомон» (1884). У канцы 19 ст.маст. жыццё часта абмяжоўвалася вуснай ці рукапіснай формай. Ніводнага беларускамоўнага твора не апублікавалі пры жыцці А.Абуховіч, А.Гурыновіч, Ф.Тапчэўскі. У 1891 у Кракаве выйшаў зб. Ф.Багушэвіча «Дудка беларуская» (перавыд. 1896), які засведчыў, што адраджэнскія тэндэнцыі ператварыліся ў адраджэнскі патэнцыял бел. літаратуры, якая выйшла нарэшце на самаст. шлях. У 1892 Ф.Багушэвіч выпусціў там жа апавяд. «Тралялёначка». За мяжой быў выдадзены і другі яго вершаваны зб. «Смык беларускі» (1894).
У мясц.перыяд. друку (газ. «Минский листок», «Паўночна-Заходні каляндар на 1893 год») пачынаючы з 1891 змяшчаў беларускамоўныя вершы Я.Лучына. А.Ельскі выдаў у Пецярбургу вершаваныя і празаічныя брашуры «Сынок! Расказ з праўдзівага здарэння: Усім бацькам і дзецям для перасцярогі» (1895), «Выбіраймася ў прочкі! Скарэй у Томск!» (1896), «Слова аб праклятай гарэлцы і аб жыцці і смерці п’яніцы: Добраму беларускаму народу на пакрапленне яго душы і розуму...» (1900). У польскай перыёдыцы вершаваныя творы друкавалі Ф.Багушэвіч, А.Ельскі, Я.Лучына, З.Манькоўская, В.Савіч-Заблоцкі. Арыентаваныя на дэмакр. чытача Ф.Багушэвіч і Я.Лучына не прымалі самадзяржаўную арганізацыю жыцця ў парэформенны час. У цэнтр увагі сваіх твораў яны ставілі селяніна, але рабілі гэта па-рознаму: Ф.Багушэвіч раскрываў сац. пытанні вёскі ў проціпастаўленнях і кантрастах, Я.Лучына закранаў іх ускосна ці апасродкавана, праз унутр. перажыванні героя. Гэта ўзбагачала літаратуру, у якой пераважала паэзія апавядальна-гутарковага характару. Аднак узнікалі вершы публіцыстычнага (А.Гурыновіч) і саркастычнага складу (Ф.Тапчэўскі). У творчасці Ф.Багушэвіча, А.Гурыновіча, Я.Лучыны рэалізоўваліся рэалістычны і рамантычны пачаткі. На першы план выходзілі спробы аб’ектыўнага канкрэтна-рэаліст. паказу жыцця ў тыповых абставінах. Значную ўвагу паэты сталі аддаваць маст. перакладу (А.Гурыновіч, А.Ельскі, М.Косіч, Я.Лучына, З.Манькоўская), у якім назіралася ўсвядомленая пераемнасць традыцый (выданне перакладу 1-й кнігі «Пана Тадэвуша» А.Міцкевіча, здзейсненага А.Ельскім, як рэакцыя на канфіскацыю перакладу В.Дуніна-Марцінкевіча). Развівалася беларусазнаўства (А.Ельскі), якое ўплывала на актывізацыю бел.літ. руху. У апошняй чвэрці 19 ст. паўстала патрэба ў напісанні гісторыі літаратуры Беларусі. Дзякуючы А.Рыпінскаму, які збіраў матэрыялы і распачаў працу над біяграфіямі пісьменнікаў, што «нарадзіліся на Белай Русі, або таксама пра яе пісалі на абедзвюх мовах нашай правінцыі, як польскай, так і русінскай», захаваліся яго копіі твораў «Адвячорак» Г.Марцінкевіча і «Два д’яблы» (прыпісваецца К.Вераніцыну). У 1889 у газ. «Минский листок» упершыню апублікавана паэма «Тарас на Парнасе», якая да гэтага шырока распаўсюджвалася ў спісах і стала фактам сведчання выхаду бел. сціпласялянскай літаратуры на новы ўзровень.
Устойлівасць міфал. светаўспрымання як прыкмета бел. архетыпа была гарантыяй вяртання маст. творчасці ўраджэнцаў Беларусі ў нац. беларускамоўнае ўлонне. Бел. літаратура 19 ст. — маст. феномен на гістарычна-культ. шляху і назапашаны патэнцыял для беларускамоўнага адраджэння ў пачатку 20 ст. Рэвалюцыянізацыя грамадства была прычынай звязвання нац. ідэі з абвостранай увагай да сац. праблем, перапляценнем у літаратуры сац. крыўды і нац. самаўсведамлення, руху літаратуры ад класавага салідарызму (у 1-й пал. 19 ст.) да класавага процістаяння як нац. дыферэнцыяцыі (у канцы 19 — пач. 20 ст.).
У.І.Мархель.
Тытульны ліст паэмы «Пан Тадэвуш» А.Міцкевіча. Парыж. 1834.Тытульны ліст кнігі В.Дуніна-Марцінкевіча «Гапон». Мінск. 1855.Фрагменты артыкула К.Каліноўскага на старонках газеты «Мужыцкая праўда». 1862. №1.Аўтограф верша «Мая дудка» Ф.Багушэвіча. 1890.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУЗЫКА 16-18 ст.
У эпоху Адраджэння ўзмацнілася роля свецкага кампанента ў муз. культуры Беларусі. Гал. асяродкам развіцця прафес.муз. мастацтва заставаўся храм. На Беларусі, дзе гістарычна адбылося перакрыжаванне канфесіянальных плыней, у 16—18 ст. склалася спецыфічнае поліканфесіянальнае асяроддзе, у якім правасл. музыка суіснавала з каталіцкай, пратэстанцкай і уніяцкай, а таксама з музыкай нехрысціянскіх канфесій. З канца 16 ст. з традыц.правасл. спевамі суіснавалі супрасльскі і кіеўска-літоўскі і бел. спевы, а таксама рэгіянальныя: віцебскі, куцеінскі, магілёўскі, мірскі, нясвіжскі, слуцкі і інш. З 2-й пал. 16—17 ст. характэрны ўплывы каталіцызму. Некаторыя бел. манастыры былі перавезены ў Расію, у т. л. Куцеінскі з-пад Оршы, які стаў асновай аднаго з культурных цэнтраў Расіі — Новаіерусалімскага манастыра, дзе склалася новаіерусалімская школа стваральнікаў тэкстаў і мелодый, кантаў і псальм. Бел. распеўшчыкі (васпевакі) уваходзілі ў склад хароў патрыяршых гасударавых пеўчых дзякоў. Бел. тэарэтыкі разам з укр. і рас. пад кіраўніцтвам наўгародца І.Шайдура распрацавалі сістэму кінаварных памет, тэарэтычна замацавалі і абгрунтавалі пашыраны ў той час у пеўчай практыцы гукарад (з чатырох сугалоссяў). Значны ўклад у развіццё правасл.царк. спеву зрабілі маскоўскія Іверскі і Новадзявочы манастыры, якія цалкам складаліся з беларусаў. Імі створаны новыя рукапісы, песнапенні і бел. (літоўскія) спевы, у т. л. вяцкі, іверскі, старасіманаўскі і інш. У маскоўскіх харах спявалі бел. «васпевакі» Я.Канюхоўскі, Я.Календа, І.Дзякоўскі, І.Кокля з Полацка, дзяк Тызенгауз з Вільні, А.Беражанскі і інш. Беларусы А.Мезянец стварыў адзіную тэарэтычную працу (выконвала ролю падручніка) па знаменным спеве: «Извещение о согласнейших пометах» (1668), Ц.Макар’еўскі з-пад Оршы — «Ключ разумення» (канец 17 ст.). Бел. пеўчае мастацтва і кантавая культура паўплывалі на ўсю рас. літургічную музыку. З сярэдзіны 17 ст. ўвесь царк. спеў у Маскве знаходзіўся цалкам у руках «выхадцаў з Польшчы і Літвы», якія былі і настаўнікамі. Херувімскія бел. спевы ўвайшлі ў літургію Іаана Златавуста, розныя рэдакцыі ўкр. і рус. ірмалояў, рус. ўстаўныя пеўчыя кнігі. Мелодыя канта беларуса Е.Славінецкага «Радуйся радасць» стала асновай рас. херувімскай. Са знаёмствам бел. і ўкр. кантавай культуры ў расійскую прыйшоў шматгалосы, партэсны спеў, што садзейнічала пераходу ўсёй рас. пеўчай культуры на новы зах.-еўрап. ўзровень. У канцы 16 ст. вылучаліся бел. хары Віленскага, Нясвіжскага, Слуцкага, Мінскага, Магілёўскага, Аршанскага, Куцеінскага і інш. брацтваў, якія выконвалі духоўныя і свецкія творы на 4—6, 8 і 12 галасоў. Бел. манастыры (Супрасльскі, Благавешчанскі, Жыровіцкі, Магілёўскі і інш.) і цэрквы былі культурна-асветніцкімі цэнтрамі і апорай праваслаўя. У Супрасльскім манастыры быў запісаны ўвесь корпус правасл. песнапенняў (складальнік Б.Анісімовіч), выйшлі антыкаталіцкія і антыуніяцкія рукапісныя палемічныя артыкулы. Правасл. асновы набажэнства і спеваў захаваліся ва уніяцкіх, асабліва базыльянскіх, манастырах (у 17 ст. ў Жыровіцкім манастыры створана некалькі рукапісных ірмалояў). У канцы 18 ст. ствараліся новыя рукапісныя пеўчыя зборнікі з квадратнай лінейнай і неўменнай натацыямі, а таксама спісы з больш стараж. рукапісаў, пашыраліся гуманіст. і дэмакр. духоўныя канты, развівалася багатая бел. народнапесенная і інстр. творчасць. Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай у канцы 18 ст.бел.царк. музыка, захоўваючы свае лакальныя асаблівасці, развівалася ў рэчышчы рас. богаслужэбнага (літургічнага) спеву. У цэрквах гучалі кананічныя ўстаўныя песнапенні, зацверджаныя Сінодам.
На Беларусі з канца 14 ст. з’явілася каталіцкая музыка як неад’емны кампанент лацінскага абраду. Муз. афармленне каталіцкіх набажэнстваў складалася з стылістычна розных кампанентаў: архаічнага грыгарыянскага харала, вакальна-харавых твораў a cappella з інстр. суправаджэннем, інстр., у т. л. арганных кампазіцый, рэлігійных песень. Пранікненне каталіцызму садзейнічала культываванню на Беларусі арганнай музыкі: цыклы месы-ардынарыя, рэквіема, асобныя інтроіты, градуалы, секвенцыі, камуніо і інш., спевы афіцыя. З 16 ст. характэрны росквіт каталіцкай муз. традыцыі на Беларусі. Музыка, у т. л.інстр., была абавязковым прадметам у навук. каталіцкіх установах усіх узроўняў. Вядучая роля ў муз.-адукац. дзейнасці належала ордэну езуітаў. Каталіцкая царква на Беларусі развівалася ў цесных сувязях з еўрап. каталіцкімі ўстановамі ў рэчышчы агульнаеўрап. тэндэнцый і з’яўлялася інтэгральнай часткай еўрап.муз. традыцыі. На Беларусі суіснавалі розныя традыцыі муз. афармлення каталіцкіх набажэнстваў: высокапрафес. езуіцкая (арыентаваная на апошнія еўрап. навацыі), дамініканская (кансерватыўна-ахоўная), францысканская (разлічаная на дапасаванне да густаў простых вернікаў) і інш. Віленская езуіцкая акадэмія была цэнтрам каталіцкай музыкі, у ёй працавалі еўрап. адукаваныя кампазітары і музыканты (Я.Брант, С.Лаўксмін, М.Радаў, Ш.Берант, М.Крэчмер і інш.). У 17 ст. на Беларусі пашырылася нотадрукаванне: «Песні» Я.Бранта (1601), «Спеўнік» В.Барташэўскага (1613), «Літаніі» Ш.Беранта (1638, 1639), харальныя «Градуал» (1667, 1693, 1742) і «Антыфанарый» (1667, 1694, 1742; складзены С.Лаўксмінам). Першы ў ВКЛ падручнік па тэорыі харальных спеваў на лац. мове «Тэорыя і практыка музыкі» С.Лаўксміна (1667, 1669, 1693). Большасць твораў каталіцкай музыкі 18 ст. францысканскага паходжання. У літургічных жанрах у 2-й пал. 18 ст. працавалі манах-францысканец Шымкевіч, музыканты са Слонімскай капэлы М.К.Агінскага (Ён, Л.Грабенбаўэр).
Пратэстанцкая канфесія таксама значна паўплывала на фарміраванне муз.-прафес. мастацтва Беларусі. Яе пранікненне на бел. землі і развіццё прыйшліся на сярэдзіну 16 ст. пад уплывам ідэй Рэфармацыі, якія ахапілі значную частку тутэйшай арыстакратыі. Наймацней уплыў на муз. мастацтва выявіўся ў выдавецкай дзейнасці пратэстантаў: выданнем першага на Беларусі нотнага выдання «Берасцейскі канцыянал» (1558), «Нясвіжскага канцыянала» (1563) і інш.
У канцы 15 — пач. 16 ст. на Беларусі пачала фарміравацца уніяцкая муз. традыцыя. Яна звязана з прынцыповымі зменамі ў правасл. музыцы, з моцным уплывам зах.-еўрап.муз. культуры, прыняццем зах. сістэмы ноталінейнага запісу муз. кампазіцый, спевамі шматгалосых партэсных твораў, арыентаваных на заходнееўрап. канцэртны стыль. Муз.-літургічная практыка уніятаў, пабудаваная паводле каталіцкай мадэлі, складалася з традыц.бел.-ўкр. знаменнага спеву, шматгалосых харавых кампазіцый поліфанічнага ці гамафонна-гарманічнага складу (a cappella з інстр. суправаджэннем), простых напаўфальклорных песень у выкананні вернікаў. Мэтанакіраванае і паслядоўнае выкананне уніятамі стараж. пеўчых традыцый бел.-ўкр. знаменнага спеву захаваліся ў рукапісных ірмалоях 17—18 ст. з Супрасля, Жыровічаў, Смаленска, а таксама ў першых слав. нотных друках, прызначаных для уніяцкіх цэркваў: Львоўскія (1700, 1709) і Пачаеўскія (1766, 1793) ірмалоі, Асмагласнікі (1776, 1793). Для уніяцкай музыкі характэрна шырокае выкарыстанне аргана і інстр. капэл. Арган Жыровіцкага базыльянскага кляштара лічыўся адным з найлепшых інструментаў 17 ст. У Супраслі быў выдадзены першы збор рэліг. песень усх. славян — «Багагласнік» (1790). Сярод цэнтраў уніяцкай муз. культуры Супрасльскі, Жыровіцкі, Віленскі базыльянскія манастыры. З 16 ст. на Беларусі побач з хрысціянскімі дзейнічалі і нехрысціянскія канфесіі — іудаізм і іслам са сваімі муз. традыцыямі.
Свецкая вак. і інстр. музыка звязана з княжацкім замкавым, ваен., гар. побытам. З 16 ст. пры каралеўскіх, велікакняжацкіх і магнацкіх дварах ствараліся муз. асяродкі, у якіх працавалі таленавітыя мясц. і замежныя музыканты. У Гродне з 1543 для абслугоўвання ўрачыстасцей знаці дзейнічала «Літоўская капэла» (у складзе 15 музыкантаў, відаць, мясц. паходжання), пры двары Стафана Баторыя ў 1580-я г. існавала капэла, пры якой працавалі аўтары вак. і інстр. (пераважна лютневых) твораў Крыштоф Клабан і Войцех Длугорай. Пры дварах магнатаў і вял. князёў у 16 ст. працавалі таксама: славянскія кампазітары Цыпрыян Базылік і Вацлаў з Шамотул, Мікалай Гамулка і Ян Брант, венгерскі лютніст і кампазітар Валянцін Бакфарк, многія італьян. музыканты, у іх ліку вядомыя кампазітары Лука Марэнцыё, Джавані Баціста Качола, лютніст і кампазітар Дыямед Като, арганіст Антоній Мафон. Пры дварах мясц. арыстакратыі выконваліся аўтарскія і ананімныя творы, узоры якіх захаваліся ў «Віленскім сшытку» і Астрамечаўскім рукапісе (т.зв. «Полацкім сшытку»; абодва 17 ст.). У 16—18 ст.муз. афармленне характэрна для тэатральных пастановак навучальных устаноў розных канфесій у гарадах і мястэчках Беларусі, у т. л. Брэсце, Гродне, Жыровічах, Магілёве, Мінску, Оршы, Полацку, Слоніме. У школьных спектаклях, прымеркаваных да рэлігійных і свецкіх свят, выконвалася вак. (канты, псальмы, гімны, песні) і інстр. (муз. найгрышы, танцы) музыка, адпаведная зместу і характару п’ес. У інтэрмедыях і інтэрлюдыях, што разыгрываліся паміж асноўнымі часткамі дзеі, часам выкарыстоўвалі нар. мелодыі. Па меры развіцця школьнага т-ра роля музыкі ў пастаноўках вырасла, пачалі выконваць оперныя творы. Захавалася рукапісная партытура аднаго з іх — «Апалон-заканадаўца, або Рэфармаваны Парнас» Р.Вардоцкага і М.Цяцерскага (Забельскі дамініканскі калегіум, 1789), які арганічна яднае рысы школьнай пастаноўкі і ўласна оперы. З 2-й пал. 18 ст. пры магнацкіх дварах узнікалі і пашыраліся муз. асяродкі, якія ядналі муз. т-ры, аркестры-капэлы і муз.-тэатр. школы. Сярод найб.муз. цэнтраў: Нясвіж і Слуцк (Радзівілаў), Слонім (М.Казіміра Агінскага), Гродна (А.Тызенгаўза), Шклоў (С.Зорыча) і Дзярэчын (Сапегаў). На сцэнах магнацкіх т-раў ставіліся сусветная оперная класіка, а таксама першыя мясц. оперы, у т. л. «Агатка, або Прыезд пана» Я.Голанда і М.Радзівіла. На канцэртах гучалі сімфанічныя і камерныя творы італьян., франц., аўстра-ням. кампазітараў, а таксама кампазіцыі мясц. аўтараў. У магнацкія цэнтры запрашалі кампазітараў і выканаўцаў з розных краін. Працавалі таленавітыя мясц. музыканты Ежы Бакановіч, Лявон Сітанскі, Ян Ценціловіч, будучыя вядомыя кампазітары (В.Казлоўскі). Развівалася таксама аматарскае выканальніцтва і творчасць (М.Радзівіл, М.Казімір Агінскі). У канцы 18 ст. ў сувязі з сац.-паліт. падзеямі і разбурэннем ранейшай інфраструктуры магнацка-арыстакратычнай культуры большасць магнацкіх муз. асяродкаў спыніла сваё існаванне і саступіла месца новым формам муз. жыцця. Дзейнасць магнацкіх «музычных сядзіб» спрыяла развіццю на Беларусі розных форм муз. творчасці, выканальніцтва і адукацыі, росту муз. прафесіяналізму, станаўленню тэатр.-канцэртных жанраў, творчаму засваенню норм еўрап.муз. класіцызму.