САПРАПЕ́ЛЬ (ад грэч. sapros гнілы + pēlos глей, гразь),
глеістыя адклады прэсных вадаёмаў, якія маюць у сабе больш за 15% арган. рэчыва. Фарміруецца з рэшткаў раслін, жывёл, мінер. і арган. дамешкаў. Верхняя тоўшча С. (пелаген) паўвадкая, ніжэй масляністая. Багатыя арганікай С. студзінападобныя. Мае гумінавыя к-ты, фульвакіслоты, геміцэлюлозу, бітумы, попел (у сярэднім 20—60%). Асн. кампаненты попелу — аксіды крэмнію, магнію, жалеза, алюмінію, марганцу, фосфару, натрыю, вуглякіслы кальцый, некат. мікраэлементы. Колер попельна-шэры да цёмна-карычневага, ад мінер. дамешкаў светла-шэры. Выкарыстоўваюць у сельскай гаспадарцы (як угнаенне і дамешак у корм жывёле), медыцыне (гразелячэнне), буд-ве, хім. прам-сці. На Беларусі магутнасць адкладаў С. у азёрах 2—12 м, найб. 30 м (воз. Судабле Смалявіцкага р-на Мінскай вобл.); агульныя запасы каля 3,8 млрд.м³.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛА́ЎГАРАДСКІ ПАРК,
помнік садова-паркавага мастацтва ў г. Слаўгарад Магілёўскай вобл.Засн. ў канцы 18 ст. ў сутоку рэк Сож і Проня. Парк пейзажнага тыпу. Абмяжоўваўся лясным масівам; прарэзаны 3 ярамі, паўд. быў мяжой пладовага саду, што прымыкаў да парку. Асн. паркавыя кампазіцыі размяшчаліся абапал сярэдняга вял. яра, на дне якога плацінамі была створана сістэма вадаёмаў са штучнымі каскадамі. Па берагах і плацінах былі дарожкі, раслі групы дрэў і кустоў.
Кампазіцыю парку складалі газон, кветнікі, грот, скульптура, тэхн. збудаванні. У паўн. частцы было гарадзішча, пазней замак, на месцы якога пастаўлены палац (не захаваўся). У парку пераважаюць мясц. лісцевыя пароды дрэў, з экзотаў растуць ясень пенсільванскі (форма аўкубалістая), ясень звычайны (форма драбналістая). С.п. моцна пашкоджаны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАМЕХАНІЗА́ЦЫЯ (ад гідра... + механізацыя),
спосаб механізацыі земляных, горных і інш. работ, пры якім асн.тэхнал. працэсы выконваюцца за кошт энергіі патоку вады. Асн. сродкі гідрамеханізацыі — гідраманіторы, землясосныя снарады, землечарпальныя снарады, гідраэлеватары, эрліфты, помпы (у т. л. грунтавыя), загрузачныя апараты, трубаправоды і інш. абсталяванне для транспартавання пульпы (гл.Гідраўлічны транспарт).
Гідрамеханізацыя прадугледжвае: разбурэнне грунту (горнай пароды) струменем вады або мех. рыхліцелямі з утварэннем воднай сумесі (пульпы); транспартаванне сумесі самацёкам (па латаках, жалабах, каналах) або пад напорам (па трубах) да месца ўкладкі; укладку грунту ў цела збудавання або адвалы з выдаленнем (адводам) вады. Гідрамеханізацыя выкарыстоўваецца ў горнай прам-сці (пры здабычы карысных выкапняў адкрытым спосабам і вугалю — падземным; гл.Гідраўлічная здабыча), пры буд-ве гідратэхн. збудаванняў (плацін, дамбаў, насыпаў, перамычак), у сельскай гаспадарцы (намыў урадлівых глеяў, торфу, сапрапеляў на прылеглыя да вадаёмаў малапрадукцыйныя землі; пры меліярацыі вадаёмаў, ачыстцы сажалак і каналаў ад наносаў, рэкультывацыі, планіроўцы зямель і інш.), у рыбнай прам-сці (выгрузка рыбы з сетак і транспартаванне яе па трубах). Гідрамеханізацыя выкарыстоўваецца таксама для распрацоўкі пяску і жвіру ў кар’ерах, пры дапаможных работах (гідрапопелавыдаленне і інш.). Спосабам гідрамеханізацыі пабудаваны самая высокая (80 м) намыўная плаціна Мінгечаурскай ГЭС (Азербайджан), найб. працяглыя (55 км) намыўныя плаціны і дамбы Кіеўскай ГЭС. На Беларусі гідрамеханізацыі выкарыстоўваюцца для паглыблення рэчышчаў рэк (напр., р. Свіслач у Мінску), азёр і каналаў, павышэння гар. тэрыторый для забудовы і інш.
Літ.:
Шкундин Б.М. Гидромеханизация в энергетическом строительстве. М., 1986;
Харин А.И. Гидромеханизация в мелиоративном строительстве. М., 1982;
Глевицкий В.И. Гидромеханизация в транспортном строительстве. М., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ба́гер
(ням. Bagger, ад гал. bagger = гразь)
землясосны снарад, які выкарыстоўваецца пры паглыбленні дна вадаёмаў, капанні каналаў, здабыванні торфу з балота.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
дактылакако́псіс
(н.-лац. dactylococcopsis)
аднаклетачная або каланіяльная сіне-зялёная водарасць сям. какабактрэйных, якая пашырана ў планктоне стаячых вадаёмаў, радзей на сушы.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
ганатазіго́н
(н.-лац. gonatozygon)
ніткаватая зялёная водарасць сям. ганатазігавых, якая трапляецца ў планктоне тарфяных вадаёмаў і абрастаннях, рэках, лужынах, сфагнавых балотах.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
БУ́ЙВАЛЫ (Bubalus),
род пустарогіх млекакормячых атр. парнакапытных. З віды: буйвал азіяцкі, або індыйскі (B. arnee), буйвал афрыканскі (B. caffer) і аноа, або буйвал карлікавы (B. depressicornis). Пашыраны адпаведна ў Паўд., Паўн.-Усх. Азіі, Афрыцы на Пд ад Сахары і на в-ве Сулавесі. Жывуць у вільготных, балоцістых лясах, зарасніках па берагах вадаёмаў, буйвал афрыканскі, акрамя таго, на раўнінах і ў гарах. Буйвал азіяцкі прыручаны і выкарыстоўваецца як малочная і рабочая жывёла ў Паўд. Азіі, на Каўказе і ў Закаўказзі, Афрыцы і Паўд. Еўропе (буйвал свойскі).
Даўж. цела 1—2,9 м, хваста 15—90 см, выш. ў карку 62—180 см, маса 150—1200 кг. Тулава цяжкае, грузнае. Есць рогі (каля 2 м). Нараджаюць 1 цяля. Раслінаедныя. Буйвал азіяцкі ў Чырв. кнізе МСАП.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРА́НЫ (Varanidae),
сямейства паўзуноў падатр. яшчарак. 1 сучасны род, 24 віды. Пашыраны ў трапічных, субтрапічных і часткова ва ўмераным паясах Усх. паўшар’я (акрамя Мадагаскара). Жывуць у парослых кустамі мясцінах, многія — каля прэснаводных вадаёмаў, добра плаваюць і ныраюць. Найб. вядомы варан шэры (Varanus griseus), пашыраны ў Паўн. Афрыцы, Сярэдняй і Паўд.-Зах. Азіі.
Даўж. выкапнёвых продкаў з плейстацэну да 10 м, сучасных — ад 0,8 да 3,7 м (варан камодскі — Varanus komodoensis — самая вял. яшчарка свету масай да 150 кг). Цела падоўжанае, ногі добра развітыя, хвост у многіх відаў прыплясканы з бакоў. Галава ўкрыта дробнымі рагавымі шчыткамі. Язык доўгі, глыбока рассечаны на канцы. Драпежнікі, кормяцца яшчаркамі, змеямі, дробнымі млекакормячымі, воднымі жывёламі. Мяса варана ядомае, скура ідзе на выраб абутку. Варан камодскі ў Чырв. кнізе МСАП.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВОДААХО́ЎНАЯ ЗО́НА,
тэрыторыя, што мяжуе з акваторыямі рэк, азёр і інш. водных аб’ектаў, дзе ахоўваюцца падземныя і паверхневыя воды або наладжаны асаблівы рэжым гасп. дзейнасці. Водаахоўныя зоны могуць уключаць надпоймавыя тэрасы, берагі, а таксама лагчыны і яры, непасрэдна злучаныя з рачной далінай, лясныя насаджэнні на вадазборах, па берагах рэк і азёр (гл.Водаахоўныя лясы). У водаахоўнай зоне забараняецца выкарыстанне і захоўванне ядахімікатаў, складзіраванне мінер. угнаенняў, размяшчэнне жывёлагадоўчых комплексаў і фермаў, расшырэнне дзейных і буд-ва новых прамысл. прадпрыемстваў, стаянка і абслугоўванне аўтамотатранспарту і інш. віды гасп. дзейнасці. У межах водаахоўнай зоны па берагах вадаёмаў вылучаюцца прыбярэжныя палосы, на тэр. якіх забараняюцца таксама аранне зямлі, выпас жывёлы, выкарыстанне ўгнаенняў, стварэнне месцаў адпачынку. Напр., на Беларусі для зберажэння прыроднага комплексу воз. Нарач вылучана водаахоўная зона ў межах яго вадазборнай плошчы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЯЦЫЯЛО́ГІЯ (ад лац. glacies лёд + ...логія),
навука, якая вывучае гляцыясферу: прыродныя льды на паверхні Зямлі, у атмасферы, гідрасферы і літасферы, рэжым і дынаміку іх развіцця, узаемадзеянне з навакольным асяроддзем, месца лёду ў эвалюцыі Зямлі. Разам з геакрыялогіяй аб’ядноўваецца ў крыялогію Зямлі.
Як самаст. галіна навукі пачала фарміравацца ў канцы 18 — пач. 19 ст.Вял. ўклад зрабілі рус. вучоныя П.А.Крапоткін, У.І.Вярнадскі, А.І.Ваейкаў, С.В.Калеснік, М.У.Тронаў, П.А.Шумскі і інш. Падзяляецца на некалькі раздзелаў, аб’ектамі вывучэння якіх з’яўляюцца ледавікі, снег, лавіны, ільды вадаёмаў і вадацёкаў і інш. Вызначае ролю льдоў і снегавога покрыва ў эвалюцыі прыроднага асяроддзя, ацэнцы і рэгуляванні водных рэсурсаў, распрацоўвае шляхі штучнага ўздзеяння на снегавое покрыва і розныя віды льдоў.