зімава́ць, ‑мую, ‑муеш, ‑муе; незак.
1. Жыць дзе‑н. зімой, заставацца дзе‑н. на зіму. Зімаваць на палярнай станцыі. □ На пустых званіцах зімавалі кажаны. Чорны. Цэлае мора высокай парыжэлай травы засталося зімаваць .. [на балоце], бо сюды не зойдзе ні гавяда, ні чалавек з касой. Колас. // Быць пакінутым на зіму, у племя (пра жывёлу). Зімавала дваццаць авечак.
2. Пераносіць холад, знаходзячыся ў грунце (пра расліны). Яравыя культуры ў нашых раёнах не могуць зімаваць.
•••
Зіму зімаваць — перабываць дзе‑н. зімовы час.
Пазнаць, дзе ракі зімуюць гл. пазнаць.
Паказаць, дзе ракі зімуюць гл. паказаць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
зірну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.
1. Кінуць позірк; глянуць, паглядзець. Старыя зірнулі адзін на аднаго, паківалі галовамі. Новікаў. Куды ні зірнеш — усюды іскрыстая бель, аж слепіць вочы. Машара. // Заглянуць куды‑н. Зірнуць за вугал. □ Бондар падышоў да акна, зірнуў на двор. Навуменка. // Глянуць, каб даведацца пра што‑н. [Сашка] яшчэ не ведаў, што гэта за шум такі на вуліцы, і выбег зірнуць. Чорны.
2. перан. Аднесціся да каго‑, чаго‑н. якім‑н. чынам, ацаніць як-небудзь. Другая падзея прымусіла.. [Максіма] яшчэ больш сур’ёзна зірнуць на самога сябе. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
знадво́рку, прысл.
1. Са знешняга, надворнага боку; звонку. Знадворку Прохарава хата сапраўды мела цалкам прыстойны выгляд і нават сярод іншых вызначалася сваёй велічынёй і свежасцю. Зарэцкі. Скуратовіч замкнуў знадворку дзверы. Чорны.
2. З прасторы, размешчанай па-за межамі памяшкання; з вуліцы. Гадзіннік .. у прахадной павешаны быў на такім месцы, каб яго можна было бачыць знадворку. Корбан. Знадворку данёсся глухі тупат ног. Ваданосаў. // Па-за межамі памяшкання; на вуліцы, на дварэ. Дзецям стала зусім не страшна, хоць знадворку гулі сосны. Мележ. Знадворку ўсталёўваўся дзень. Пасвятлела ў хаце, праясніліся твары. Пташнікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
зразуме́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак., каго-што.
1. Засвоіць сэнс, змест чаго‑н.; асэнсаваць. Зразумець тлумачэнне настаўніка. □ Алеся зразумела жарт і пакрыўджана змаўчала. Шамякін.
2. Здагадацца ці даведацца аб чым‑н.; усвядоміць што‑н. Зразумець сваю памылку. □ У Ліды пахаладзела сэрца: яна адразу ўсё зразумела. Сяргей памёр. Шамякін. У хату зайшла маці. Глянула на пабітае акно і адразу ўсё зразумела. Рылько.
3. Пазнаць, распазнаць чалавека, разабрацца ў яго думках, поглядах, учынках. І не ведаў яшчэ Алёша, што ніколі не зразумее ён гэтага чалавека. Чорны.
•••
Даць зразумець гл. даць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
зраўня́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; зак., каго-што.
1. Зрабіць што‑н. роўным, аднаго ўзроўню з зямлёй. Трактар даўно зраўняў .. межы, і як кінуць вокам зелянее збажына на калгасным палетку. С. Александровіч. / у безас. ужыв. Дарогу зраўняла [снегам], поле было белае і чыстае, як абрус на стале. Пташнікаў.
2. Зрабіць аднолькавым, роўным каму‑, чаму‑н. у якіх‑н. адносінах. — Не зраўняў бог лесу, не зраўняў і людзей. Чорны. // Паставіць нароўні з кім‑, чым‑н., параўнаць. Звечара.. пачалося тое, чаго нельга зраўняць ні з якімі баямі. Кулакоўскі.
•••
Зраўняць з зямлёй — знішчыць, разбурыць дашчэнту.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
бычо́к, ‑чка, м.
1. Памянш.-ласк. да бык 1; малады бык. Быць бычку на лычку, а кароўцы на вяроўцы. Прыказка.
2. Род дробнай марской рыбы сямейства бычковых. Бычкі ў тамаце.
3. Народная назва бугая (у 2 знач.). [Язэп:] — Гэта ёсць такія маленькія птушкі — бычкі, дык яны вядуцца хто іх ведае дзе, а калі пачуюць холад — адразу з’яўляюцца каля будынкаў... Чорны.
4. Разм. Недакурак. Палашка дакурвала бычок і мармытала: — Саломы я яму не палажыла, то на голых драбінах паехаў. Лобан.
5. Старажытны беларускі народны танец.
•••
Казка пра белага бычка гл. казка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ле́кцыя, ‑і, ж.
1. Вуснае выкладанне вучэбнага прадмета выкладчыкам у вышэйшай навучальнай установе. Наведваць лекцыі. □ Сівы прафесар, адпачыўшы на сонечным ўзбярэжжы Крыма, першыя лекцыі чытаў неяк больш усхвалявана. Шахавец. // толькі мн. (ле́кцыі, ‑ый). Частка вучэбнага прадмета, якая выкладаецца ў вуснай форме. Курс лекцый. // Публічнае чытанне на якую‑н. тэму. Направа, за прычыненымі дзвярыма, ішла для сялян лекцыя. Чорны. Цяпер часта ў клубе, у брыгадах, на фермах прапагандысты чытаюць лекцыі. Дуброўскі.
2. толькі мн. (ле́кцыі, ‑ый). Аддрукаваны курс публічных чытанняў, а таксама запісы па якому‑н. прадмету выкладання. Інстытуцкія лекцыі па літаратуры.
[Ад лац. lectio — чытанне.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
лёд, лёду (ільду); мн. льды (ільды), ‑оў; м.
Вада, якая замерзла і перайшла ў цвёрды стан. Тонкі лёд на застылай лужыне праламаўся, разляцеўся мокрымі льдзінкамі. Шыцік. Сонца залаціла стрэхі і тонкія іголкі лёду. Чорны. // толькі мн. (льды́, ‑оў). Вялікая колькасць ільдзін; суцэльны лёд. Вечныя льды. Палярныя льды.
•••
Сухі лёд — цвёрдая вуглекіслата, якая прымяняецца як ахаладжальны сродак.
Біцца як рыба аб лёд гл. біцца.
Зімой лёду не дастаць у каго гл. дастаць.
Лёд крануўся — пра пачатак якога‑н. дзеяння, руху.
Разбіць лёд гл. разбіць.
Як лёду — роўна, якраз, не больш і не менш.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ло́гіка, ‑і, ДМ ‑гіцы, ж.
1. Навука аб законах і формах мыслення. Фармальная логіка. Дыялектычная логіка. Матэматычная логіка.
2. Ход разважанняў, вывадаў. У выступленні Тамары менш было запалу і рашучасці, затое логіка якая! Ермаловіч. // Правільнасць, разумнасць мыслення. [Міхал] ніколі не вызначаўся асаблівай выдатнасцю логікі ў думках. Чорны. Фронт быў ад нас яшчэ за сотні кіламетраў, але насуперак логіцы ўсім захацелася пачуць у гэтых выбухах грукат сваёй артылерыі. Карпюк.
3. Унутраная заканамернасць. Логіка рэчаў. □ Дзіўныя справы .. захапляюць мяне сваёй навізной, такім незвычайным для нашага жыцця паваротам падзей і логікай з’яў. Быкаў.
[Грэч. logikē.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
заці́хнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. заціх, ‑ла; зак.
1. Перастаць ствараць якія‑н. гукі (гаварыць, смяяцца, крычаць і пад.); змоўкнуць. Марыля крычала хрыпла і дзіка, а потым заціхла. Брыль. Уздрыгнула і памалу пачала расхінацца заслона, са сцэны павеяла халадком, зала заціхла. Карпаў. // Перастаць чуцца, раздавацца. І змоўкла радыё, ні гуку, І голас дыктара заціх. Колас. Заціх апошні водгалас грымотнага раскату. Лынькоў.
2. перан. Аслабіць або спыніць сваю дзейнасць. Лёгкая плынь ветру зноў заціхне, і дзень зноў зіхаціць сонцам. Чорны. Вёска прытаілася, заціхла, як і ў першыя дні акупацыі. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)