род кветкавых раслін сям. бярозавых. Каля 40 відаў. Пашырана пераважна ва ўмераных абласцях Еўропы, Азіі, Паўн. Амерыкі, таксама ў гарах Паўд. Амерыкі (Анды). Ва ўмераных шыротах утварае альховыя лясы. На Беларусі па ўсёй тэр. трапляецца вольха чорная, або клейкая (Alnus glutinosa), утварае чорнаальховыя лясы; у паўн.ч. — вольха шэрая, або белая (Alnus incana), якая мае ў цэнтр.ч. рэспублікі паўд. мяжу суцэльнага пашырэння, утварае другасныя (вытворныя пасля яловых) шэраальховыя лясы. Зрэдку трапляецца гібрыд паміж гэтымі відамі — вольха апушаная (Alnus pubescens). У Цэнтр.бат. садзе АН Беларусі інтрадукаваны 14 відаў і формаў вольхі (барадатая, пушыстая, сібірская, японская, цвёрдая, чырвоная, камчацкая і інш.).
Аднадомныя лістападныя ветраапыляльныя дрэвы і кусты. Лісце круглаватае, эліптычнае або адваротнаяйцападобнае, цэласнае (у садовых формаў бывае рассечанае). Тычынкавыя кветкі падоўжаныя, звіслыя, у каташках; песцікавыя — у «шышачках», летам зялёных, шчыльных, пры выспяванні чорна-бурых, дравяністых, якія ператвараюцца ў суплоддзі. Плады — аднанасенныя арэшкі з 2 перапончатымі крылцамі. На каранях часта ўтвараюцца клубеньчыкі з азотфіксавальнымі бактэрыямі. Тэхн. (драўніна выкарыстоўваецца ў вытв-сці мэблі, фанеры, тары, як буд. матэрыял), лек. (суплоддзі і кара вяжучы, кроваспыняльны і процізапаленчы сродак), дубільныя, фарбавальныя, дэкар., меліярацыйныя (глебапаляпшальныя) расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЗ,
лём (Ulmus), род кветкавых раслін сям. вязавых. Каля 45 відаў. Многія віды вяза вядомы пад назвамі бераст, карагач, лём і інш. Пашыраны пераважна ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я. На Беларусі 4 віды: вяз гладкі, або звычайны (Ulmus laevis); голы, або горны (Ulmus glabra); малы, або грабалісты, бераст, карагач (Ulmus minor); шурпаты (Ulmus scabra). Растуць як дамешак у падросце і другім ярусе пераважна ў шыракалістых лясах на глебах з праслойкамі карбанатаў, асабліва ў далінах рэк. У паўд. раёнах трапляецца разнавіднасць вяза малога з коркавымі нарасцямі на ствалах і галінках, якую іншы раз разглядаюць як асобны від — вяз коркавы (Ulmus suberosa). У Цэнтр.бат. садзе АН Беларусі інтрадукаваны 10 відаў, з іх у зялёным будаўніцтве выкарыстоўваюцца вяз амерыканскі (Ulmus americana), прысадзісты (Ulmus pumila) і чырвоны (Ulmus rubra).
Лістападныя, рэдка шматгадовазялёныя аднадомныя ветраапыляльныя дрэвы і кусты з шырокацыліндрычнай густой кронай. Лісце суцэльнае, чаргаванае, двухзубчастае з ланцэтнымі прылісткамі. Кветкі двухполыя, дробныя, непрыкметныя, у пучках або галоўках. Цвітуць ранняй вясной да распускання лісця. Плод — сухі сціснуты крылападобны арэшак (крылатка). Выкарыстоўваюцца для азелянення і ў дэкар. садоўніцтве, добра пераносяць падстрыганне, перасадку, маюць шмат садовых формаў. Драўніна ідзе на сталярныя вырабы, вытв-сць мэблі і інш. Добрыя дубільнікі, меданосы і перганосы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗВАНО́ЧАК
(Campanula),
род кветкавых раслін сям. званочкавых. Каля 400 відаў. Пашыраны ва ўмераных і халодных абласцях Паўн. паўшар’я. На Беларусі 12 дзікарослых: З. балонскі (C. bononiensis), жорсткавалосы, або аленевы (C. cervicaria), крапівалісты (C. trachelium), круглалісты (C. rotundifolia), мучністы (C. farinosa), персікалісты (C. persicifolia), раскідзісты (C. patula), рэпчатападобны, або рапунцэлепадобны (C. rapunculoides), рэпчаты, або рапунцэль (C. rapunculus), сібірскі (С. sibirica) скучаны, або зборны (C. glomecata), шыракалісты (C. latifolia) і 10 інтрадукаваных: бледна-вохрысты (C. ochroleuca), карлацкі (C. carpatica), кропкавы (C. punctata), сармацкі (C. Sarmatica), сярэдні (C. media), узгоркавы (C. collina), часночніцалісты (C. alliarifolium) і інш. відаў. З. рэпчаты, сібірскі і шыракалісты занесены ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь.
Адна-, двух- і шматгадовыя травяністыя расліны з прамастойным простым ці галінастым сцяблом выш. да 120 см. Лісце амаль сядзячае або на кароткіх чаранках, чаргаванае, суцэльнае, іншы раз у прыкаранёвай разетцы. Кветкі званочкавыя, лейкападобныя. адкрытыя да колападобных, рознага колеру (найчасцей сінія, блакітныя, фіялетавыя, белыя), адзіночныя або ў галінастых суквеццях. Чашачка 5-зубчастая, часта з прыдаткамі паміж зубцамі. Плод — каробачка. Лек., меданосныя і дэкар. расліны. Карані і лісце некат. відаў (напр., З. рэпчатага) ядомыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЯР’Я́Н, маун (Valeriana),
род кветкавых раслін сям. валяр’янавых. Больш за 200 відаў. Пашыраны пераважна ў Паўд. Амерыцы, таксама ў Еўропе, Азіі і Паўн. Амерыцы. На Беларусі пашыраны валяр’ян лекавы (V. officinalis), у межах якога вылучаюць больш дробныя віды. Расце на сырых лугах, балотах, па берагах рэк, азёр і канаў, у забалочаных лясах і хмызняках, культывуецца як лек. расліна. Таксама трапляецца вельмі рэдкі рэліктавы від — валяр’ян двухдомны (V. dioica), занесены ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь. У Цэнтр.бат. садзе АН як дэкар. і лек. (заменнік валяр’яну лекавага) расліна інтрадукаваны валяр’ян ліпалісты (V. tiliifolia).
Адна-, двух- і шматгадовыя травяністыя расліны з прамастойным, у верхняй ч. галінастым сцяблом выш. 5—100 см і тоўстым карэнішчам з мноствам каранёў, таксама паўкусты, кусты і ліяны. Сцябловае лісце супраціўнае, цэласнае, трайчастае або няпарнаперыстарассечанае. Кветкі дробныя, духмяныя, ружаватыя, бэзаватыя, радзей белыя, у складаных шчыткападобна-мяцёлчатых або галоўчатых суквеццях. Плод — дробная сямянка з лятучкай. Лек. (заспакаяльны, процісутаргавы, проціспазмалітычны і проціглісны сродак, карані і прэпараты з іх выкарыстоўваюць у медыцыне), дэкар. і меданосныя расліны. Маюць эфірны алей, арган. к-ты, алкалоіды (валярын, хацінін), гліказіды, смолы, дубільнікі, цукры і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУЙНА́Я РАГА́ТАЯ ЖЫВЁЛА,
парнакапытная жвачная жывёла сям. пустарогіх. Належыць да жвачных (ператраўляе корм, багаты клятчаткай, — сена, салому, зялёны корм, караняплоды і інш.). Уключае свойскія формы (быкі і каровы), якія належаць да роду сапраўдных быкоў, а таксама якаў, гаялаў, бізонаў, зуброў. Свойская буйная рагатая жывёла (паходзіць ад тура, прыручанага каля 8 тыс.г. назад) дае малако і мяса, сыравіну для лёгкай прам-сці, угнаенні для сельскай гаспадаркі. Асаблівасці экстэр’еру буйнай рагатай жывёлы звязаны з кірункам прадукцыйнасці (малочным або мясным), кліматычнымі зонамі і тэхналогіяй гадоўлі. На Беларусі асн. планавая парода — чорна-пярэстая парода малочнага кірунку (98% пагалоўя). Гадуюць таксама жывёл малочных і малочна-мясных парод: чырвоную беларускую, сіментальскую, швіцкую, кастрамскую, галандскую, з мясных — шаралезскую, лімузінскую, мен-анжу і герафордскую.
Каровы жывуць каля 20 гадоў, рэдка 35, быкі 15—20 гадоў. Палавая спеласць у цялушак настае ў 9—10, у быкоў у 9—11 месяцаў. Першы ацёл ва ўзросце 26—30 месяцаў. Працягласць цельнасці 280—290 сутак. Тэрмін гасп. выкарыстання малочных кароў 5—10, племянных жывёл для ўзнаўлення статка 8—10 гадоў. Маладняк на мяса забіваюць пасля адкорму або нагулу ў 16—20 месяцаў. Гл. таксама Буйной рагатай жывёлы гадоўля.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАНА́Т
(Punica),
род кветкавых раслін сям. гранатавых. 2 віды. Пашыраны ў Пярэдняй, Сярэдняй і Малой Азіі. Растуць у гарах на сухіх скалістых, друзаватых і гліністых схілах, у далінах рэк. Найб. вядомы гранат звычайны (Р. granatum). На Беларусі яго вырошчваюць у аранжарэях.
Лістападныя галінастыя кусты або невял. дрэвы выш. да 5—10 м з шарападобнай кронай і калючымі парасткамі. Лісце скурыстае, вясной афарбавана ў чырв. колер. Кветкі адзіночныя або сабраныя ў пучкі па 3—5 на канцах галінак, ярка-пурпуровыя, аранжава-чырвоныя (зрэдку белыя ці жаўтаватыя, ёсць дэкар. формы з махрыстымі кветкамі). Плод несапраўдны ягадападобны (гранаціна), са скурыстым покрывам (каляплоднікам) і 6—12 гнёздамі, якія напоўнены насеннем з сакавітым вонкавым слоем насеннай лупіны; маса да 800 г (у культ. сартоў) і болей. Размнажаецца вегетатыўна, рэдка насеннем. З даўніх часоў гранат культывуюць у субтрапічных краінах як пладовыя і дэкар. расліны. Вядома больш за 100 сартоў. Плады спажываюць, перапрацоўваюць. Сакаўная абалонка насення мае да 75% соку, багатага вітамінам С. У кары ёсць дубільныя рэчывы (да 32%), алкалоіды і інш., у скурцы пладоў — дубільнікі і фарбавальнікі, выкарыстоўваецца ў медыцыне як процігліставы і проціцынготны сродак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУ́БАВЫЯ ГРЫБЫ́,
група сям.базідыяльных грыбоў парадку афілафаральных. Вядома больш за 1 тыс. відаў, пашыраных па ўсім зямным шары. На Беларусі больш за 200 відаў і формаў з 62 родаў: карыёл, летыпор, грыфала, гіменахета, шчыліналіснік, фомес, дэдалея, аксіпор і інш. Губавыя грыбы — актыўныя разбуральнікі драўніны. Пераважна сапратрофы, растуць на адмерлай драўніне, пнях, радзей на глебе, пашкоджваюць драўляныя збудаванні (дамавыя грыбы). Некат. паразіты, пасяляюцца на жывых дрэвах (напр., фелінус, інанотус, фамітопсіс), зніжаюць выхад дзелавой драўніны. Драўніна з пач. стадыяй пашкоджання некат. губавымі грыбамі (напр., сапраўдным, кляновым) мае прывабны ўзорысты малюнак і ідзе на выраб муз. інструментаў, сувеніраў. Губавыя грыбы мінералізуюць арган. рэчывы, садзейнічаюць аднаўленню ўрадлівасці глебы. Некат. маюць антыбіятычныя і інш. ўласцівасці, выкарыстоўваюцца ў медыцыне (чага, сапраўдная губа, лістоўнічная губка, ганадэрма), ёсць ядомыя (бяляк, пячоначніца звычайная, серна-жоўтая губа).
Міцэлій шматгадовы, гіфы тонкія, разгалінаваныя. Пладовыя целы адна-, двух- і шматгадовыя, масай да 10 кг, распасцёртыя (да 1,5 м), распасцёрта-адагнутыя, сядзячыя, некат. дыферэнцыраваны на ножку і шляпку; кансістэнцыя мясістая, скурыстая або дравяністая; колер ад белага, жаўтаватага і шэрага да чырвонага, бурага і чорнага. Пры адміранні высыхаюць. Гіменафор звычайна трубчасты, радзей лабірынтападобны або пласціністы. Споры цыліндрычныя, эліпса- ці шарападобныя, разносяцца ветрам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
батрака́рыум
(н.-лац. bothrocaryum)
дрэвавая або кустовая расліна сям. кізілавых, часта з гарызантальна распасцёртымі галінамі, пашыраная ва Усх. Азіі, на востраве Тайвань і ў Паўн. Амерыцы; вырошчваецца як дэкаратыўная на Чарнаморскім узбярэжжы Каўказа.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
бяго́нія
[н.-лац. begonia, ад фр. Bègon = прозвішча фр. аматара батанікі (1638—1710)]
травяністая расліна сям. бягоніевых з пярэстым лісцем і яркімі кветкамі, пашыраная ў тропіках і субтропіках; на Беларусі вырошчваецца як дэкаратыўная.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
валяр’я́н
(н.-лац. valeriana)
травяністая расліна сям. валяр’янавых з падоўжаным лісцем і дробнымі ружаватымі кветкамі ў суквеццях, пашыраная ва ўмераных і халодных зонах; шырока культывуецца як лекавая (народныя назвы: аўрыян, дуброўка, капроўнік, грудоўка).
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)